nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Вакол Някляева

5 сакавіка, 2011 | 8 каментарыяў

Рэдакцыя

Мы ў рэдакцыі выдатна разумеем супярэчлівае стаўленьне, якое магло скласьціся ў шчырых беларускіх патрыётаў у сувязі зь нядаўняй прэзідэнцкай кампаніяй у адносінах да асобы Ўладзімера Някляева. З аднаго боку – гэта чалавек, які ўвайшоў у выбары зь незразумелымі палітычнымі мэтамі й зь невядома адкуль узятымі вялікімі грашыма (хто іх даваў і пад якія мэты?!); які ў палітыцы практычна аматар і, па ўсім відаць, думаў, што здольны ўзяць прэзідэнцкую ўладу так сабе – “зь лёту”, “з кандачка”; які акружыў сябе людзьмі з далёка ня лепшай рэпутацыяй у вачах сапраўдных беларускіх дэмакратаў (напрыклад, тыя ж Фядута, Дзьмітрыеў); і г.д. З другога боку, Някляеў – сучасны і добры беларускі паэт – яркая, валявая асоба, на якую аддаў астатак свайго аўтарытэту хаця б той жа Зянон Пазьняк (дый Генадзя Бураўкіна з гэтай нагоды варта ўзгадаць). Урэшце Някляеў – гэта кандыдат у прэзідэнты, які па розных даных набраў галасоў выбаршчыкаў больш за іншых апазіцыянераў і павінен быў супрацьстаяць Лукашэнцы ў другім туры выбараў, калі б той ужо канчаткова ня вырашыў перайсьці ў клуб злачынцаў гістарычнага маштабу – стаць дыктатарам-узурпатарам.

У сувязі з супярэчлівасьцю паміж пералічанымі фактамі, мы ня выпрацавалі свайго канчатковага стаўленьня да спадара Някляева. Тым больш па гэтым пытаньні ня маем права даваць парады іншым (вядома, мы маглі б даць шэраг рэкамендацый асабіста Някляеву, але наўрад ці такая нагода калі-небудзь надарыцца – цяперашнія “беларускія” “дэмакраты” маюць звычку слухаць толькі тых, хто іх фінансуе…).  Таму матэрыял, які выстаўляецца ніжэй і прысьвечаны асобе Някляева, мае іншае прызначэньне: мы прапануем сачыць за падзеямі вакол гэтага беларускага паэта для таго, каб і далей працягваць выяўляць у Беларусі рэальныя палітычныя сілы (найчасьцей не беларускія і не дэмакратычныя) і спосабы іх дзеяньня.

Калі хочаш змагацца за будучыню свайго народу, на жаль, сёньня бяз гэтага аніяк…


1.

На пачатак  давайце  зафіксуем на нашым сайце і прааналізуем артыкул Андрэя Дынько – рэдактара “Нашай Нівы”, які прысьвечаны Някляеўскай кампаніі “Гавары праўду”. Артыкул Дынько пад назвай “Ікорная апазіцыя, або Некалькі пытанняў Андрэю Дзмітрыеву” быў выстаўлены на сайце “НН” 26 лютага г.г. (гл. http://nn.by/?c=ar&i=51010).

Вось яго тэкст:

“Андрэй Дзьмітрыеў [кіраўнік штабу Някляева. – Рэд.] заявіў: «Лiчу ГП найлепшай кампаніяй з таго, што было ў Беларусі» (http://www.svaboda.org/content/article/2318644.html). І зьбірае журналістаў на бутэрброды зь ікрой (http://nn.by/?c=ar&i=51008) з нагоды гадавіны кампаніі.

Кампанія «Гавары праўду» пакінула больш пытаньняў, чым адказаў.

Не падымалася рука ставіць тыя пытаньні, пакуль людзі сядзелі ў турме. Аднак бутэрброды зь ікрой не пакідаюць выбару: раз гэтыя людзі маюць намер заставацца ў палітыцы, трэба задаць ім некаторыя пытаньні.

Наконт «Гавары праўду» хадзіла шмат чутак, але былі і факты.

Галоўны факт. Кампанія «Гавары праўду» мела вялікія грошы ў сваім распараджэньні — столькі беларуская апазіцыя ніколі ня мела. Паходжаньне гэтых грошай застаецца нявысьветленым.

Някляеў па-рознаму яго тлумачыў.

Зь некаторых апублікаваных матэрыялаў можна зрабіць выснову, што ня толькі Уладзімір Някляеў (што было заўважна і да выбараў), але, магчыма, і Андрэй Дзьмітрыеў і Аляксандр Фядута (што ўражвае) ня ведалі, ад каго яны былі атрымалі тыя першыя грошы [так не бывае… – Рэд.].

Калі гэта так, тады выходзіць, што іх выкарысталі ўцёмную. Тады выходзіць, што нехта даваў гэтыя грошы, скарыстаўся хцівасьцю адных і амбіцыяй другіх з пэўнай мэтай. І гэта мог быць хто заўгодна. Нават адна з беларускіх сьпецслужб. Праводзіў жа КГБ падобныя аперацыі ў 1940-х, у іншых умовах і зь іншымі мэтамі, але структурна тоесныя, супраць нацыянальнага падпольля. Яны добра апісаныя ў мемуарах генерала Судаплатава.

Паўтаруся, гэта толькі адна з гіпотэз, якая здольна лагічна паяднаць шэраг нелагічных, на першы погляд, фактаў.

Часам можна пачуць: якая розніца, чые то былі грошы. Няпраўда ваша. Чые грошы — таго і мэта [дакладна так!!! – Рэд.].

Нагадаю, што спачатку ўсе былі думалі, што гэта грошы з Расеі. І Някляеў на тое намякаў. Але развіцьцё падзей не дало ніякіх падстаў далей меркаваць, што тыя грошы былі з Расеі.

У апублікаваных «Советской Белоруссіей» матэрыялах нехта М1 (http://sb.by/post/111079/), якога назіральнікі ідэнтыфікавалі як аднаго з кіраўнікоў «Гавары праўду», сам гадае, адкуль былі тыя грошы і выказвае гіпотэзу, што яны нямецкія. Па-мойму, гэта трызненьне. Разумею, што грунтавацца на тых матэрыялах няможна, але яны вартыя ўдумлівага аналізу.

На ўсе непрыемныя пытаньні будзе лягчэй адказаць, калі выйдуць на свабоду Някляеў і Фядута, калі скончыцца — дай бог спынены будзе — гэты паказальны працэс. Але, можа быць, адказы прагучаць і толькі тады, калі адкрыюцца архівы сьпецслужбаў.

У кожным разе, з таго, што мы ведаем, мы ня ведаем галоўнага. Ці была кампанія «Гавары праўду» вынікам чыйгосьці натуральнага грамадзянскага памкненьня? Ці, наадварот, яна была чыёйсьці спробай палітычнага інжынерынгу з мэтай узмацніць ікраныя трэнды ў апазіцыі, атрымаць апазіцыйны механізм, ключы ад якога будуць у яго ў руках?

Хачу — дам на бутэры зь ікрой, хачу — пасаджу на галодны паёк. Ці, дакладней, атрымаю ідэальную змову. Якую можна павесіць на кожнага, хто не прызна́е выбараў. Або на ўсю апазіцыю.

Нагадаем, што, сыходзячы з фактаў, рашэньне пра кампанію «Гавары праўду» прымалася ў пачатку 2010-га, а можа быць, і ў канцы 2009 года, калі было няясна, што беларуская апазіцыя будзе рабіць на выбарах і што рыхтуюць Расея і ЗША [што рыхтавалі “Расея і ЗША” на прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 2010-11 гг., няясна і сёньня. – Рэд.].

Застаюцца нявысьветленымі й многія важныя абставіны падзей 19-га і пасьля 19-га.

Ня высветліўшы іх, не адказаўшы на складаныя пытаньні, Андрэю Дзьмітрыеву і Сяргею Вазьняку ня варта працягваць рабіць выгляд, што «ўсё харашо, прекрасная маркіза».

Яшчэ не астылі тэлевізары, у якіх Андрэй Дзьмітрыеў дзякаваў міліцыі за яе дзеяньні 19 сьнежня (http://nn.by/?c=ar&i=47784). Яшчэ не стала ясна, чаму Дзьмітрыева выпусьцілі, а Фядуту і Някляева — не. Нарэшце, за месяц «найлепшая кампанія» ня зладзіла ніводнай (!) акцыі салідарнасьці пад вокнамі свайго зьняволенага кіраўніка.

У кожным разе, не відаць падставы для таго, каб есьці бутэрброды зь ікрой. Як не было іх відаць і год таму”.

(канец цытаваньня артыкула).

Зьяўленьне такога матэрыяла ў беларускай інфармацыйнай прасторы – справа неардынарная. Зь яго, адкідаючы нюансы, у вочы кідаецца галоўнае: паміж прадстаўнікамі апазіцыйных сіл, якія ў Беларусі ў час выбараў выступалі супраць дыктатуры Лу-кі, як здавалася, больш-менш адзіным фронтам, існуюць істотныя супярэчнасьці. Гэтыя супярэчнасьці настолькі вялікія, што адзін з бакоў дазволіў сабе спакусіцца на “сьвятое” – задаць пытаньне пра грошы на палітычную кампанію сяброў-апанентаў з апазіцыі й на крыніцу іх атрыманьня. Прычым, у даным канкрэтным выпадку гаворка ідзе пра супярэчнасьці, якія ў такой форме праяўляюць сябе паміж тымі, хто стаіць за спадаром Дынько, і тымі, хто стаіць за цяпер ужо кандыдатам у прэзідэнты №1 – спадаром Някляевым.

Мы ня ў курсе тонкасьцяў паддывановых інтрыг паміж гэтымі сіламі, а таму з нагоды таго, што агаворана ва ўступе да гэтага матэрыялу, заклікаем чытачоў сайта, калі яны ведаюць нешта больш істотнае для будучай беларускай дэмакратыі, чым тое, што ўжо адзначана, дапоўніць адзначанае ў сваіх каментарах.

Мы ж, у сваю чаргу, хочам зьвярнуць увагу на яшчэ адну карысьць, якая вынікае з паданага вышэй артыкула: гэтая карысьць заключаецца ў легітымацыі пастаноўкі ад імя апазіцыі пытаньня аб крыніцах фінансаваньня “беларускіх апазіцыянераў”.

Карыстаючыся сітуацыяй, мы адразу заяўляем, што хацелі б атрымаць адказ на пытаньне пра крыніцы і маштабы фінансаваньня ня толькі ад Някляева, а і ад, напрыклад, Раманчука, Саньнікава, Міхалевіча, некаторых іншых. Дый, дарэчы, і пра фінансаваньне самой “Нашай Нівы” нам таксама цікава ведаць (вось, напрыклад, радыё “Свабода” фінансуецца Кангрэсам ЗША; і адсюль адразу становіцца зразумелым, чаму ў гэтага рэсурса такая дваістая палітыка – адначасна пра- і антыбеларуская…).


2.

Прайшло ўсяго два дні, і другі апазіцыйны лагер адгукнуўся. 28 лютага г.г. радыё “Свабода” (пад аўтарствам Іны Студзінскай) падало матэрыял пад назвай “«Гавары праўду!» прызналася, адкуль грошы (гл. http://www.svaboda.org/content/article/2323588.html).

Каб ня быць абвінавачанымі ў нейкіх скажэньнях, падаем яго тэкст:

“Актывісты «Гавары праўду!» падвялі вынікі працы, распавялі пра новую кампанію «Народная салідарнасьць» і прызналіся, адкуль атрымлівалі грошы на сваю дзейнасьць. Да таго ж, па традыцыі, журналістаў пачаставалі ікрой. Гэтым разам – баклажаннай. І толькі рэдактару «Нашай нівы» перадалі бляшанку сапраўднай чырвонай ласасёвай.

«Гавары праўду!» ладзіць фуршэт з ікрой, «Ікрамётная журналістыка», «Пір падчас чумы», «Ікорная апазыцыя» — артыкуламі з такімі назвамі некаторыя інтэрнэт-сайты і выданьні адзначылі першыя ўгодкі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».

У кампаніі шмат і прыхільнікаў, і нядобразычліўцаў. На думку палітолага Ўладзімера Мацкевіча, «Гавары праўду!» выклікала спадзяваньні на сябе падчас выбараў: новая сіла, новая персона Някляева, актыўная дзейнасьць. Але якой бы яна ні была пасьпяховай — выніку, посьпеху няма: «Трэба крытычна ставіцца да таго, што было, рэфлексіўна ацэньваць падыходы, метады і вынікі. З кампаніі “Гавары праўду” ніхто гэтага не зрабіў. Някляеў і Фядута ня могуць гэтага зрабіць, але ж ёсьць, напэўна, і іншыя. Альбо ўся кампанія “Гавары праўду” зводзіцца толькі да гэтых асобаў, якія зараз сядзяць? Таму трэба прызнаваць памылкі, калі нешта не адбываецца».

На прэсавай канфэрэнцыі лідэры кампаніі публічна прааналізавалі свае памылкі, слабыя месцы. У справаздачы кампаніі ёсьць адмысловы разьдзел «Работа над памылкамі», распавяла Сьвятлана Навумава. Да прыкладу, адной зь вялікіх памылак было тое, што да фактычнага пагрому 18 траўня кампанія не надавала ўвагі бясьпецы. Былі і недарэчнасьці: «Мы ня можам не ўзгадаць знакамітую гісторыю з коцікам. Гэта не была спланаваная “піяр-акцыя”, гэта сапраўды была такая выпадковая недарэчнасьць. У той момант Някляеў адказваў як палітык, і ён раптам адказаў як паэт. Калі казаць пра сур’ёзныя недахопы, у нас не атрымалася стварыць тое, пра што мы сапраўды марылі: нейкія рухомыя альянсы з рознымі грамадскімі арганізацыямі».

Сьвятлана Навумава распавяла і пра рэсурсы, заўважыўшы, што ўкладае ў гэтае слова значна большы сэнс, чым прынята думаць. «Рэсурсы — гэта ня толькі грошы, але і бязь іх немагчыма абысьціся. Рэсурсы — гэта людзі, інтэлект і яшчэ шмат іншага. Гэтая кампанія не была грантавай кампаніяй. Вы ня знойдзеце ніводнага фонду, які б фінансаваў кампанію Гавары праўду. Кампанія існавала на грошы ахвяравальнікаў. І сёньня назваць іх імёны я проста ня маю права, прынамсі бязь іх згоды. Але я ведаю, што прыйдзе час, і мы пра гэта скажам».

Лідэр кампаніі Ўладзімер Някляеў — пад хатнім арыштам, Аляксандар Фядута — у СІЗА КДБ. Пяцёра актывістаў — абвінавачаныя па крымінальнай справе, двое – падазраваныя, аднаго ўжо асудзілі на 4 гады, 9 актывістаў мусяць хавацца ў іншай краіне. Але «Гавары праўду» працягвае дзейнічаць.

Ад сёньня абвешчана новая кампанія «Народная салідарнасьць», распавёў Андрэй Дзьмітрыеў (гл. фота: Андрэй Дзьмітрыеў, Сьвятлана Навумава, Сяргей Вазьняк): «Сёньня ў 12 гарадах Беларусі актывісты падаюць заяўкі на пікеты салідарнасьці. Яшчэ ў 12 гарадах да 4 сакавіка таксама будуць пададзеныя заяўкі — на пікеты 19 сакавіка і 25 сакавіка. Мы хочам, каб па ўсёй краіне людзі выйшлі з плакатамі і напомнілі, што сёньня ў краіне існуе сапраўды вялікая праблема — гэта праблема палітычных зьняволеных».

Шмат распавядалася пра іншыя новыя праекты, пра давядзеньне да канца кампаніі па прысваеньні вуліцам у Менску і Горадні імя Васіля Быкава.

Была і абяцаная ікра. Гэтым разам —баклажанная, украінскай і кітайскай вытворчасьці. Сьвятлана Навумава патлумачыла: «Іншыя часы, іншая і ікра. Але паколькі ікра была паабяцаная, таму я хацела б перадаць аўтару “ікрамётнай нататкі” [гаворка пра артыкул Дынька – Рэд.] ад сябе асабіста (а не ад кампаніі “Гавары праўду”) бляшанку чырвонай ікры. Так што, калі хто можа перадаць, калі ласка» (апладысменты).

Паколькі прадстаўнікоў «Нашай нівы» на пачатку прэсавай канфэрэнцыі не было, ікру вырашылі паслаць поштаю. Ужо пры канцы імпрэзы ў залі зьявілася фотакарэспандэнтка «Нашай нівы», якую і папрасілі перадаць падарунак спадару Дынько (гл. фота: фотакарэспандэнтка Юлія Дарашкевіч з ікрой для «Нашай нівы»).

І ўсё ж, чаму кампанія «Гавары праўду» выклікала столькі крытыкі, чаму ў штыкі яе прынялі некаторыя дэмакратычныя рухі, апазіцыйныя сілы? Палітолаг Уладзімер Мацкевіч выказаў такое меркаваньне:  «Мы ўсе беларусы, і ў нас ёсьць пэўныя звычкі, ужо выпрацаваныя: калі мы, скажам так, ня вельмі падтрымліваем пасьпяховых, а хутчэй задзіраем іх і перапыняем. Я думаю, гэта не дае нам магчымасьці назапашваць сацыяльны капітал, культурны капітал. На жаль, гэта наша агульная хіба. Мы трохі, так бы мовіць, раўнуем».

(канец цытаваньня матэрыяла).

З гэта матэрыяла вынікае, што радыё “Свабода” працягвае рэкламаваць засьвечанага ў падтрымцы Лукашэнкі Мацкевіча. Але гэта не галоўнае. Галоўнае – тое – і гэта выразна вынікае з кантэкста ўсёй сітуацыі – што радыё “Свабода” і “Наша Ніва” прадстаўляюць нейкія розныя палітычныя сілы, якія ўзьдзейнічаюць на беларускае грамадства. Магчыма, на самым высокім узроўні ў гэтых сіл адзіны гаспадар. Можа быць і такое (!). Але прынамсі на нізавым узроўні яны выступаюць як канкурэнты (хаця, падкрэсьлім, ня выключана, што перад намі разыграна PR-акцыя, прызначаная для таго, каб мы так меркавалі…).

Яскравым доказам апошняга зьяўляюцца паводзіны Іны Студзінскай. Загаловак яе матэрыяла абяцае даць адказ на “сьвятое пытаньне”: адкуль грошы? Але ж адказу няма. Заявы Навумай, што кампанія існавала на грошы ахвяравальнікаў, імёны якіх яна не назаве – гэта якраз адсутнасьць адказу на пытаньне…

Што ж, праглынем сьліну і будзем сачыць за падзеямі далей…


3.

Між тым, пакуль някляеўскія “памочнічкі”, якімі ён сам акружыў сябе, інтрыгуюць, з самім кандыдатам у прэзідэнты адбываюцца сур’ёзныя падзеі. Вось якая інфармацыя пададзена ў артыкуле Алеся Дашчынскага “Някляеву выклікалі хуткую дапамогу” ад 02.03.2011 г. (гл. http://www.svaboda.org/content/article/2325651.html).

“Экс-кандыдат у прэзідэнты Ўладзімер Някляеў, які знаходзіцца пад хатнім арыштам, не пайшоў сёньня на допыт у КДБ.

Адзін з ахоўнікаў КДБ, якія знаходзяцца ўвесь час у кватэры, адмовіўся пакідаць яе. Гэта абурыла Ўладзімера і Вольгу Някляевых, бо падчас мінулых допытаў, калі Някляева адвозілі да сьледчага, ахоўнікі пакідалі кватэру.

Гаспадары кватэры выказаліся катэгарычна супраць таго, каб у ёй заставаліся пабочныя асобы. Ахоўнікі адмовіліся дзяжурыць каля дзьвярэй на лесьвічнай пляцоўцы. У выніку Ўладзімер Някляеў адмовіўся ехаць на допыт. У яго падняўся ціск, і давялося выклікаць хуткую дапамогу.

“Ён вельмі разнэрваваўся, у яго падняўся высокі ціск, за 220, і давялося выклікаць хуткую”, – распавяла праваабаронца Раіса Міхайлоўская”.

(канец цытаваньня артыкула).

Вось гэта ўжо сур’ёзна.

Ціск у 220 адзінак – гэта практычна гіпертанічны крыз, які можа закончыцца інфарктам ці інсультам…

Пакіданьне ГБ-шнікаў у кватэры без гаспадароў – гэта патэнцыйная магчымасьць для атручаньня (успомнім хаця б, што адбылося з Карпенкам, Літвіненкам…).

Таму абсалютна дакладна зрабілі Някляевы, калі катэгарычна запярэчылі магчымасьці ГБ-шнікам застацца ў кватэры бязь іх. Тут ўсё, пакуль, зроблена дакладна.

Але паглядзім на другі бок медаля: няўжо цяперцы вырашылі такім жа чынам, як з Карпенкам, пазбавіцца ад, на сёньня, беларускага апазіцыянера №1 – справакаваўшы ў яго праз псіхічнае ці хімічнае ўзьдзеяньне страту здароўя ці нават сьмерць?! А чаму не? Сьветагляд лукашыстаў гэта напэўна дазвалае. Акрамя таго, мы ж такое ўжо “праходзілі”…

У нас даўно сфармулявана, што для нас паняцьце “аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу” – асноўны крытэр для дыферэнцыяцыі прадстаўнікоў “беларускай апазіцыі” па прынцыпу “свой-чужы”. Між тым, для абедзьвюх узгаданых вышэй апазіцыйных груп гэтае паняцьце калі не табу, дык пусты гук. У сувязі з гэтым нам асабліва няма чаго ўмешвацца ў інтрыгі паміж імі, няма падстаў патрабаваць ад іх сканцэтравацца на дапамозе Някляеву, Статкевічу, іншым замест таго, каб інтрыгаваць…

І ўсё ж паэта шкада…


8 каментарыяў

  1. Яўген Мурашка кажа:

    А мне не шкада.
    Для мяне спачатку – чалавек.
    А потым – паэт, прэзыдэнт, слесар,бомж ці мастак.
    Сутнасьць любой чалавечыай істоты у яго чалавечых якасьцей.
    Калі несумленны чалавек, мае магчымасьць уплываць (пасада) на іншых – гэта утрая небясьпечней, чым той які стаіць на ніжэйшай сацыяльнай ступені.
    Іншы бомж сумленней прэзыдэнта, акдэміка ці іншага чалавек пры пасадзе.

  2. Siarhiej кажа:

    “хацелі б атрымаць адказ на пытаньне пра крыніцы і маштабы фінансаваньня”

    1. Гэтага таксама хочуць гэбілы.
    2. Фінансаванне ў любым выпадку адносна мізэрнае. Толькі на “падзяку” старшыням выбарчых камісій і іншым падзельнікам Лука выдаткаваў каля 200 млн у.а.. І гэтыя вялікія грошы ўкрадзеныя ў нас. Упраўленне справамі “адаб’е” такую суму за месяц.
    3. Ацаніце агульны баланс сіл і сродкаў паміж дыктатурай і апазіцыяй усіх гатункаў, адносіны 10:1. Непрызнанне Лукі – гэта ня кепскі вынік пры такім балансе.

  3. Яўген Мурашка кажа:

    Siarhiej піша:

    “..Непрызнанне Лукі – гэта ня кепскі вынік пры такім балансе…”
    А які кошт будзе заплочаны за гэта? Колькі пакалечанных лёсаў?
    А колькі шкоды нарабілі для беларускай нацыі, гэтыя “рупліўцы”?
    А як, яны увялі у бок міжнароднаую супольнасьць ад актуяльных інтарэсаў беларускай нацыі, заасяроджваючы увагу на “правах” чалавека, пакінуўшы па-за скобкамі інтарэсы нацыі?

  4. Грошы – гэта сродак абароны чалавека, грамадста, краіны. Але пытанне чые гэта грошы, бо чужыя грошы разбураюць грамадства. Справа не ў грашах, а справа ў тым, што нясе такая апазыцыя для беларускага народа? А нічога добрага. Глядзіш на сайце радыё “Свабода” – задайце пытанне Раманчуку, Міхалевічу, Дзмітрыяву, Шушкевічу…. Вось скажыце вы мне, калі ласка, для якога чорта я буду задаваць пытанне людзям, якія ужо не аднойчы цынічна здрадзілі інтарэсам беларускага народа. Апазыцыя, якая не служыць інтарэсам свайго народа такі ж самы вораг, як і Лу-ка, Расея, Захад і ўсе астатнія хто хоча пажывіцца за кошт нас. Вось Дзмітрыяў, Фядута, Процька, Навума няхай хоць на мак рассыплюцца, але я ім не давераю. Вы ж паглядзіце які яны ствараюць шумавы эфект на пустым месцы: цеплаход, бутэрброды, ікра… і ўсякая …. Вы ж паглядзіце якое пустазвонства: “Гавары праўда” лепшае што было, задайце пытанне …здраднікам і г.д. Вось такая пустэча – гэта ёсць лахатрон. Пры тым гэтая пустэча падаецца нахабна, забівае лепшыя ініцыятывы, душыць салідарнасць, супраціў, змагарны дух.

  5. рыгор кажа:

    Вельмі складана выкахвацца пра падзеі, пра якія ведаеш ад іншых. Таму ў мяне ўзнікае некалькі пытанняў. Перш за ўсё: кампанія Гавары праўду набрала вялікі розгалас. Ці магла яна па маштабнасьці канкураваць з рухам за свабоду, а, шчыра кажучы, ці адзін лідар мог скінуць з п”едэсталу другога? Чыму менавіта Некляеў быў выключаны з мітынгаў, бо менавіта там гэта павінна было адбыцца? Можа камусьці моцна залежала каб Некляеў не змог прамаўляць да людзей? Цяпер га конт грошаў. Захоп Улады ня простая рэч. А без грошаў ні толькі Ўладу, а і лек не здабудзеш, але са здабыццём Ўлады пэўныя людзі і пэўныя структуры здабываюць і нас са ўсімі нашымі патрахамі. А як гаворыцца, хто плаціць той замаўляе і музыку, то біш робіць з намі тое, што яму падабаецца, ці выконвае свае пляны. Таму я хачу ведаць, чаму, каму і за што мяне і маіх нашчадкаў, мала што без маёй згоды, але і без майно ведама прадалі? Прыйшоў час бессорамна і безлітасна выкрываць і паказваць людзям мярзотнікаў усіх масьцей і калібраў і тых хто ўжо высока залез, і тых хtо яшчэ толькі пачынае ўспінацца. Чым хутчэй гэта зробім, тым меншую шкоду яны зробяць нам.
    Трэба быць пільнымі і ўважлівымі пры аказванні даверу, а таксама і пры крытыцы, а тым больш пры асуджэнні людзей удакладніць чаму той ці іншы зрабіў нешта. Навесьці паклёп на чалавека зусім не складана. У сотні разоў цяжэй ачысьціць чалавека, тым больш калі для гэтага ёсьць абмежаваныя магчымасьці, а часамі ўволе іх няма.
    Спадзяюся што працяг гэтае тэмы будзе на Вашых старонках.

  6. VITAL кажа:

    “кто девушку ужинает, тот её и танцует” — вядомая грузінская прымаўка 🙂 , таму пытаньне пра грошы тут ключавое.
    Вось што вядома: ніводны заходні фонд ГП не фінансаваў.
    Грошай у іх было што ў дурня фанцікаў. Падлічана, што 1 подпіс каштаваў (пры ўліку ўсіх выдаткаў) каля 25 даляраў! Гэта па абласных гарадах. Відавочна, што эфектыўнасьць тут блізкая да нуля…. Хто ж мог такія грошы выдаткаваць? — Група таварышаў з Масквы (Ціцянкоў, Антановіч і т.п.) Ці маглі яны зрабіць гэта бяз згоды Крамля? Дарэчы, хто зараз мае найбольшы зыск з сітуацыі, калі Беларусь ізалявана ад Захаду і наперадзе яшчэ і эканамічныя санкцыі? Вядома, што менавіта прамаскоўскі “лідар” пацягнуў людзей на пл. Незалежнасьці. Думаю, што такі пазл зараз вельмі лёгка складваецца.
    А Някляеў – няшчасны чалавек, які пагадзіўся “пагандляваць тварам”, бо вушы ўжо занадта крамлёўскія вылазалі з гэтай ГП… Шкада, хоць бы жывы застаўся…

    П.С. вы на твары дзмітрыева (тата ў яго генерал КДБ) і наумавай паглядзіце….

  7. Siarhiej кажа:

    Назіраю нават тут збочанне ад сутнасці праблемы. А праблема ў тым, што трэба разабрацца ў механізме крадзяжу галасоў і прапагандовым прыкрыцці гэтай спецаперацыі. Раздзмухванне праблемы фінансавання апазіцыі – адзін з прыёмаў такога прыкрыцця.

  8. Геннадий кажа:

    За те миллиарды долларов которые берёт у еврейской МВФ Лука, можно финансировать всю оппозицию. а потом её кормить в тюрьме. А бутербродов с икрой может наделать любой пенсионер за сто тысяч рублей и накормить собрание пообжираетесь. пенсионеру ешё 600 тысяч на пропитание останется. я например подписывался и за Некляева, и Санникова и за других кандидатов никто мне ни одного доллара не дал. В Беларуси строится огромное количество квартир и домов всё за свой счёт и никто не спрашивает откуда у них деньги. А за чей счёт живут Яуген Мурашка и Галина Артёменко? которые пишут про здраду, а сами намылились за границу.
    а то что в оппозиционном окружении полно шпионов говорит эта статья которую выложили в интернет.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы