nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Хто жанглюе лёсамі беларусаў у PR-аўскіх мэтах, а хто падыгрывае

7 сакавіка, 2011 | 14 каментарыяў

Рэдакцыя



Прайшло 2,5 месяцы з часу гістарычных падзей Крывавай нядзелі, а цяперцы ўсё ніяк ня могуць супакоіцца. Во як перас*лі – карацей, перапужаліся… Вось толькі некалькі цытатаў з апазіцыйных СМІ, якія адлюстроўваюць грамадскую атмасьферу ў лукашэнкаўскай РБ пачатку 2011 году:


– “Мікіта Ліхавід закончыў азнаямленьне са справай. Лідэраў «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава перавезьлі на Валадарку”;

– “Намесьніца кіраўніка «Маладога фронту» Наста Палажанка кажа, што хутка будзе прызначаны суд над Дашкевічам і Лобавым … Маладафронтаўцаў затрымалі 17 сьнежня, за два дні да прэзідэнцкіх выбараў, і абвінавацілі ў беспадстаўным зьбіцьці з хуліганскімі памкненьнямі двух выпадковых мінакоў – кулакамі й металічным цьвікадзёрам…”;

– “Зноў Дашкевіча дапытвалі з контравыведкі. На гэты раз падпалкоўнік. Адно гэта даказвае, што затрымалі яго не за хуліганства, а за… палітыку”;

– “Яшчэ да трох вязьняў «амерыканкі», якіх абвінавачваюць паводле справы 19 сьнежня, не выклікалі адвакатаў для правядзеньня ў іх прысутнасьці допытаў. Гэта Мікола Статкевіч, Сяргей Марцалеў і Аляксандр Класкоўскі. Пры гэтым … размовы са сьледчымі ў іх могуць адбывацца”.

Гэта цытаты толькі з аднаго матэрыяла Алега Грузьдзіловіча, разьмешчанага на сайце радыё “Свабода” (гл. http://www.svaboda.org/content/article/2327451.html). Падобнае цытаваньне можна працягваць і працягваць. Але ўсё гэта, як кажуць, яшчэ кветачкі.

Між тым, дасьпелі ўжо і першыя ягадкі…


Нясмачныя “ягадкі”.

17.02.2011 г. у Фрунзэнскім раённым судзе Менску закончыўся адкрыты працэс над Васілём Парфянковым, якога абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых забурэньнях на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году (гл. фота ўнізе пад лічбай 1; пад ім таксама разьмешчана фота Васіля, зробленае на месцы спаленага намёту Абаронцаў курапат 19 красавіка 2002 году; дадамо, Парфянкоў – сябра БПС, але ў час выбараў запісаўся ў “актывісты кампаніі “Гавары праўду””; гл. http://www.svaboda.org/content/article/2311977.html).

Першы вырак па падзеях Крывавай нядзелі аказаўся такі: Парфянкову “далі” 4 гады (!); таксама ён павінен кампенсаваць матэрыяльныя страты ў памеры 14 мільёнаў 700 тысяч рублёў. Некаторыя аглядальнікі лічаць, што калі б ён на судзе заявіў, што, пачуўшы лозунг Саньнікава “Час мяняць лысую гуму”, зразумеў яго як заклік да ўварваньня ў Дом ураду, ён атрымаў бы значна мякчэйшы прысуд. Але Васіль гэтага не сказаў…

Адвакат заявіў, што аспрэчыць прысуд і што для гэтага ёсьць шмат падставаў – суд не знайшоў доказаў таго, што Парфянкоў аказваў збройнае супраціўленьне міліцыі. Таксама судзьдзя залічыла нязьнятую судзімасьць і не знайшла зьмякчальных абставінаў.

Маці Васіля, Валянціна, сказала, што яе сына зрабілі ахвярным казлом, падставілі…

Нягледзячы на вялікае асуджэньне, у т.л. міжнароднае, дзеяньняў улад у справе Парфянкова, 02.03.2011 г. у тым жа судзе Фрунзенскага раёну Менска былі агучаны тры чарговыя жорсткія выракі па крымінальнай справе супраць удзельнікаў пратэстаў 19 сьнежня 2010 году, якія пратэставалі супраць фальсіфікацыі выбараў (гл. http://www.svaboda.org/content/article/2325332.html; http://nn.by/?c=ar&i=51157).

Аляксандр Атрошчанкаў атрымаў 4 гады пазбаўленьня волі (№2 на фота ўверсе; ён быў прэсавым сакратаром Саньнікава), Зьміцер Новік – 3,5 (№ 3), а Аляксандр Малчанаў – 3 гады (№4; гэта менавіта ён сарваў цяперскі сьцяг з будынка КДБ і ўсталяваў беларускі бел-чырвона-белы сьцяг на яго месцы).

Малчанаў прызнаў сваю віну цалкам, Новік — часткова, Атрошчанкаў не прызнаў сваёй віны. Адвакаты заявілі, што яны абскардзяць рашэньне суду, бо лічаць вырак несправядлівым.

Намесьнік старшыні Беларускага Хельсінскага камітэту, юрыст Гары Паганяйла таксама перакананы, што справа гэта надуманая, палітычна матываваная, бо ніякіх масавых беспарадкаў на плошчы не было – ні гвалту над асобай, ні падпалаў, ні пагромаў, ні ўзброенага супраціву прадстаўнікам ўлады, а разьбітыя шыбы аб’ектыўна цягнуць толькі на дробнае хуліганства. “Калі справа палітычна матываваная, галоўная мэта – абавязкова пакараць, тым самым напалохаць грамадства, уцягнуць яго ў стан страху перад гэтай хворай уладай. Залежныя ад выканаўчай улады і зьдзяйсьняюць так званае “правасуддзе” – пракуроры патрабуюць неадэкватна жорсткія захады, а суддзі іх агалошваюць у прысудах” – заявіў дасьведчаны юрыст.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць такія выракі тэндэнцыяй: “Адбываецца проста расправа над гэтымі людзьмі. Ніякіх доказаў масавых забурэньняў у судзе так прад’яўлена і не было – ніякіх доказаў узброенага супраціву, падпалаў і ўсяго таго, што сьледства там ім панапісвала. Нават Маўчанаву, які прызнаў, што ён штосьці дзесьці разьбіў і зьняў сьцяг – пакараньне несувымернае, і ўвогуле ня тая кваліфікацыя. А ў шэрагу выпадкаў там увогуле доказаў віны няма. Гэта проста паказальная расправа”.

Меркаваньне былога супрацоўніка КДБ, падпалкоўніка ў адстаўцы Валера Косткі: “З майго пункту гледжаньня, тое, што адбылося 19 сьнежня, увогуле ня цягне на масавыя забурэньні. Таму спроба пакараць людзей вельмі жорстка – гэта нейкая злоба, нейкая неадэкватнасьць юрыдычная. Ну, якую небясьпеку для грамадства ўяўляюць гэтыя хлопцы? Тым больш – прэс-сакратар, журналіст… Гэта ўжо нейкія палітычныя матывы, каб у грамадзтве пасеяць страх. Гэта не паддаецца нармальнай логіцы”.

Былы палітвязень Цімафей Дранчук з нагоды апошняга суду: “Пракурор выдатна ведае пра артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць адказнасьць за тое, што ён сьвядома патрабуе пасадзіць за злачынства, якое [чалавек] не зьдзяйсьняў. Такога злачынства, як масавыя забурэньні, Атрошчанкаў не зьдзяйсьняў дакладна. На даны момант тая крымінальная справа, якая заведзена па факце масавых забурэньняў, наагул не завершаная … Таму, які б прысуд абвінавачаным ня быў вынесены сёньня, які б тэрмін ня быў, я ўпэўнены, што пракурор калі-небудзь будзе несьці за гэта крымінальную адказнасьць“. На наш погляд, гэта – вельмі слушная думка…

Паколькі ўсіх чатырох хлапцоў пакаралі за “Масавыя забурэньні” (артыкул 293 КК РБ), нагадаем яго зьмест:

“1. Арганізацыя масавых забурэньняў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці, збройным супрацівам прадстаўнікам улады, – караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў.

2. Удзел у масавых забурэньнях, які выявіўся ў непасрэдным зьдзяйсьненьні дзеяньняў, названых у частцы першай данага артыкула, – караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў”.

(канец цытаваньня артыкула КК)

Паводле праваабарончага цэнтру “Вясна”, абвінавачаньні па крымінальнай справе па гэтым артыкуле на сёньня выстаўленыя 42 грамадзянам. Зь іх 32 чалавекі ўтрымліваюцца пад вартай, 2 – пад хатнім арыштам, і яшчэ 8 знаходзяцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.


Чаму ж усе “забылі” пра зьмест падзей?

Вышэй мы падалі чарговыя факты, якія сьведчаць пра стаўленьне лукашэнкаўскіх уладаў да нашых людзей. Па сутнасьці, ні за што – каму 3 гады вязьніцы, каму 3,5, а каму і ўсе 4 гады. І гэта толькі для шэрагоўцаў…

Такое абыякавае стаўленьне да лёсаў беларусаў, якое нагадвае хутчэй ігрывае жангляваньне імі, чым тое, што павінен уяўляць зь сябе незалежны, справядлівы суд, паказвае, што цяперцы цалкам страцілі сувязь з рэчаіснасьцю. Яны ўжо дайшлі да таго, што абсалютна выключаюць, што такімі сваімі дзеяньнямі легітымуюць будучыя аналагічныя паводзіны сёньняшніх апазіцыянераў у адносінах да іх саміх. І адплата можа прыйсьці нечакана хутка. Вось такую стадыю адлучанасьці ад беларускага народу, такую дэградацыю мы назіраем сёньня ў цяперцаў …

Але ў якасьці галоўнай зьявы, на якую мы хацелі б зьвярнуць адмысловую ўвагу, прапануем іншую.

У працэсе сачэньня за падзеямі, якія адбываюцца ў нашай Беларусі ўсьлед за Крывавай нядзеляй, у нас, сябраў рэдакцыі, зарадзілася і нарастае пачуцьцё, быццам мы назіраем яшчэ і за нейкай своеасаблівай палітычнай карыдай. На ёй лукашэнкаўска-цяперскія ўлады акрамя няправедных суддзяў выконваюць яшчэ і ролю тарыядора з чырвонай анучай у руках, прызначанай прыцягваць усю ўвагу быка. Пры гэтым у якасьці такой анучы выступаюць розныя падзеі, ініцыюемыя цяперцамі (у т.л. і тыя, якія апісаны вышэй), а роля быка адводзіцца… беларускаму народу. Па разьліках цяперцаў апошні павінен зачаравана сачыць за падзеямі-анучай, ня заўважаючы і ня думаючы ні пра што іншае…

Задумы лукашэнкаўскіх “тарыядораў” зразумець можна. Рэакцыю “грамадства-быка” таксама лёгка прадказаць. Усё гэта дакладна ўкладаецца ў рамкі й магчымасьці сучаснай PR-аўшчыны…

Таму ў даным месцы гаворка не пра ўлады РБ і не пра наша грамадства, а пра тых, хто павінен дэшыфраваць мэты дыктатарскай улады, схаваныя ў яе дзеяньнях, і рэагаваць не камплементарна зь імі, а хутчэй супраць іх ці хаця б упоперак…

Няўжо не зразумела, што рассьледаваньні, суды і г.д. – гэта ў планах цяперцаў найперш PR-акцыі, прызначаныя адцягнуць увагу ад іншай, нашмат больш важнай праблемы? А менавіта пытаньня пра тое, хто зьяўляецца галоўным злачынцам у Беларусі ў сувязі з падзеямі Крывавай нядзелі?!

Калі б атрымалася задаць гэтае пытаньне ў спакойнай, калегіяльнай абстаноўцы прадстаўнікам “беларускай” апазіцыі, журналістам “незалежных” СМІ, прадстаўнікам Захаду – мы перакананыя, што ў 99% выпадкаў яны б сказалі, што гэта Лукашэнка – галоўны злачынца. Бо гэта ён, не набраўшы і 40% галасоў, узурпаваў уладу ў Беларусі й стаў класічным дыктатарам. Падобныя дзеяньні зьяўляюцца злачынствам найбуйным, гістарычнага маштабу (!), на фоне якога тое, за што хлопцам даюць 3-4 гады – непараўнальная дробязь. Дый тое, што ім даюць такія тэрміны – напэўна працягнулі б казаць ва ўмовах свабоднай дыскусіі апазіцыянеры, журналісты, заходнікі – сваёй неадэкватнасьцю прызначана схаваць факт непараўнальна большага злачынства з боку зусім іншых асоб. Усе гэтыя рассьледаваньні, суды – гэта такое своеасаблівае PR-аўскае ноў-хаў цяперцаў…

Калі так усё відавочна, тады паўстае чарговае пытаньне: чым патлумачыць практычна татальную змову маўчаньня “беларускіх” апазіцыянераў, журналістаў “незалежных” СМІ, “дэмакратаў” Захаду пра толькі што адзначанае? Гэта ж галоўнае ва ўсіх падзеях апошніх месяцаў! Чаму ўсе яны ў тым, што адбываецца пасьля Крывавай нядзелі, стратэгічна гуляюць па правілах рэжыму, дабраахвотна разам з грамадствам згаджаючыся выконваць ролю карыднага быка, які за анучай ўпарта не жадае бачыць тарыядора?

Версія адказу накшталт таго, што ўсе апазіцыянеры, журналісты, заходнікі зьяўляюцца інтэлектульна і прафесійна дэфектыўнымі – “ня каціць” (а калі нават і так, то ім пра тое, пра што кажам мы, адкрыта кажуць некаторыя беларусы; напрыклад, мы чыталі каментар з такім самым зьместам да аднаго з матэрыялаў радыё “Свабода”, які напісаў Siarhiej зь Менску – спадзяемся, гэта той жа Сяргей, які нярэдка піша каментары і на нашым сайце).

Адсюль застаецца адна версія: “беларускія” апазіцыянеры, “незалежныя” СМІ, “дэмакраты” Захаду цялкам сьвядома “гуляюць у быка” на сцэне лукашэнкаўскай карыды, старанна падыгрываючы “беларускаму” дыктатару.  Калісьці многія зь іх, і небеспадстаўна, упікалі Мілінкевіча за актыўнае “адбельваньне” рэжыму Лу-кі. Цяпер усе яны разам займаюцца пасіўнай версіяй таго самага…

Што зробіш. Такая, відаць, пастаўленая перад усімі імі задача з боку даўно ўжо знаёмага нам “Захаду” –  іх гаспадара і адначасна схаванага паплечніка… беларусафоба-этнацыдчыка Лу-кі й яго цяперцаў.


Усяго лепшага, сябры.

Жыве Беларусь – Наша Зямля!


14 каментарыяў

  1. Siarhiej кажа:

    Вельмі слушнае параўнанне з карыдай!

  2. Вельмі дакладна рэдакцыяй заўважана сітуацыя. Гэта праўда, што злодзеі пры ўладзе згубілі уяўленне пра рэчаіснасць. На іх думку можна напісаць казку і за гэта пасадзіць чалавека. Але патрэбна ім напомніць, што калі чалавека неабаснавана караюць – гэта ёсць генацыд, злачынства супраць чалавецтва. Гэта вельмі сур’ёзнае злачынства. Усе тыя суддзі, пракуроры становяцца удзельнікамі злачынства, якое падпадае пад генацыд. Я не ведаю кім сябе уяўляе Лу-ка (царом, султанам, шахам, каралём), але мы, беларусы, не яго подданыя і бясконца цярпець тыранію не намераны. Ён па-людскі сысці не змог, прыйдзецца выкідываць сілай. Але бандзюгі (бандзюгі, калі не выконваюць закон па бяспецы народа) з КДБ, пракуратуры хочуць застрашыць народ, каб той навек застаўся ў рабстве. Але ёсць яшчэ і трэці варыянт – варыянт Кенадзі, пра які нядаўна агучыў сам Лу-ка.
    На 100% відавочна, што запушчаны праект, каб заглушыць цэлы клубок вострых праблем ў рамадстве:
    1. Узурпацыя улады незаконным шляхам.
    2. Генацыд беларускага народа з боку цяперскай незаконнай улады.
    3. Разбурэнне на 100% прававой сістэме ў краіне.
    4. Разбурэнне краіны эканамічна (пазбаўленне беларусаў маёмасці, наўмыснае давядзенне прадпрыемстваў да банкрутства, непамерныя крэдыты, удушэнне нацыянальнага бізнесу і г.д.)
    5. Пазбаўленне беларусаў сродкаў існавання (прадажа прадпрыемстваў, якія прыносяць даход, прымяненне інфляцыі для перакачывання грашовых сродкаў з кішэні народа ў кішэні зладзюг пры уладзе, забарона (абмежаванні ўвоза прадметаў ужытку) пакупкі больш таннага тавара за рубежом і павышэнне цэнаў (праз таможанныя пошліны) на імпартныя тавары, якія не вырабляюцца ў Беларусі на карысць народа чужой краіны.
    Як бачыце, канцэнтрацыя улады ў адных руках вядзе беларускі народ да нацыянальнай катастрофы. Цяперцам патрэбны гэтыя судовыя працэсы, каб адцянуць увагу ад вельмі важных нацыянальных праблемаў. Думаю, што гэта праект Масквы, які зноў робіцца рукамі КГБ. Яшчэ гэта даходная справа – гандаль палітычнымі. Вас проста так ўзялі і пасадзілі ў турму, каб потым гандляваць. Вось скажыце хто тады мы – людзі ці рэч, калі мы тавар для гандлю?
    З другога боку – аб чым кажуць апазыцыйныя палітыкі? Найбольшая увага надаецца грантаўскім грошам. Паглядзіце уважліва на ваяжы за мяжу. І аб чым там гавораць некаторыя асобы. Гэта ж жах. Шушкевіч дагаварыўся, што прапанаў увясці расейскія танкі. Некаторыя грантасмокі лічаць, што Беларусь павінна ісці эвалюцыйным шляхам. Вы ж падумайце якая гэта здрада беларускаму народу, бо мы ж ідзем да нацыянальнай катастрофы. Чым больш будзе цягнуцца гэтая сітуацыя, тым больш згубы будзе нанесена беларускаму народа. Такім чынам, гэта яшчэ адзін прахіндзейскі прыём парабашчэння нас. І гэта сёння на руку Расеі. Яшчэ відавочна, што вельмі жорстка падаўляецца нават думка аб абароне нацыянальных інтарэсаў пры тым з усіх бакоў. Некаторыя ўцюхіваюць нам такія думкі, што чым гэта дрэнна, калі наш завод купяць шведы, аўстрыйцы і г.д., пры тым не кажуць што купляць яны будуць па самаму нізкаму кошту. Карацей, як кажуць – аддай жонку дзядзі, а сам ідзі к ….. Гэта вельмі дрэнна, калі нехта, які сядзіць незаконна пры уладзе, прадае наша дабро. Раскулачванне зноў на нашай зямлі, толькі тады было індывідуальнае, а цяпер агульнанацыянальнае. Добра будзе тады, калі беларусы будуць купляць заводы БМВ, “Вольва” і г.д. Як бачыце сітуацыя рэзка пагаршаецца для беларускага народа і няма ні адной партыі, руха, арганізацыі, якія б змагалася з гэтым. Там-сям пракінецца нейкае слова, але гэтага вельмі недастаткова для таго, каб не апынуцца ў вечным рабстве.Мы губляем час.

  3. Ігар кажа:

    Знайшлі каго цытаваць Цімафея Дранчука. Людзям якія займаюцца палітыкай даўно вядома, што ён супрацоўнік КДБ. Пра гэта ў адкрытую шмат дзе пісалася ў СМІ.

  4. рыгор кажа:

    А ці ў самога Ігара рыльца ні ў пушку? Цімоха ведаю асабіста, хоць даўно ні сустракаліся (няма такой магчымасьці) і ні магу паверыць у такія абвінавачванні. А такі прыём, абвінавачванне ў супрацоўніцтве з КДБ, людзей небяспечных для “апазыцыйных” служак разнамасных ворагаў Беларусі, бо як іначай называць тых, з чые маўклівай згоды нішчаць усё беларускае, або пры непасрэдным удзеле.
    Шаноўная Галіна, што могуць зрабіць нішчыя Грамадзкія арганізацыі. Для ўсякай дзейнасьці патрэбныя сродкі – гэта вядома кожнаму. Толькі ні кожнаму даюць такую магчымасьць, тым больш людзям, якіх называюць паўсюдна, палітычна не папраўныя. Гэта значыць не выконваючым здрадніцкую дзейнасьць супраць свайно народу. Патрыёты Беларусі ніколі не дастануць ломанага граша. Атрымаць дапамогу можна толькі ў сне. У гэтым пераканаліся ўсе хто хоча бараніць інтарэсы Беларусі. Прахвосты, здраднікі – калі ласка!

    • Ігар кажа:

      Рыгор, мне ўсё роўна, што вы ў нешта не можаце паверыць 🙂

      • Рэдакцыя кажа:

        Ігар: “А чым гэта я вас абразіў? Фактамі? Дык вам праўда вочы коле?”

        Спадар,
        вы па ранейшаму лічыце тое, што мы “не чытаем беларускія сайты” – фактам і праўдай?

        • Ігар кажа:

          Праўда: Вы не ведалі агульнавядомы факт, пра які пісалі беларускія сайты. Якая адсюль выснова? 🙂

          • Рэдакцыя кажа:

            Ігар, выснова адсюль такая: у вас адсутнічае элементарная агульная культура зносін зь людзьмі.
            А гэта ў сваю чаргу азначае, што з такім дэфектам выхаваньня вы ня будзеце мець істотнай карысьці для беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху.
            Калі вы ўсё ж разьлічваеце станоўча ўплываць на лёс беларускага народу, вам, верагодна, варта паспрабаваць пазаймацца над агульнай культурай з рэпецітарамі, альбо там пахадзіць на семінары… Пакуль мы больш ня ведаем, чым яшчэ вам можна дапамагчы.

  5. Siarhiej кажа:

    Зноў некаторыя наведвальнікі сайту рэагуюць на чырвоную анучу, а не на “тарэадора”.

    “варыянт Кенедзі” – ? Лепш “варыянт Чаўшэску”.

  6. Ігар кажа:

    Рэдакцыя, спадзяюся, што вы хоць сабе зможаце дапамагчы 🙂

    Калі паміж сабой грызуцца вашыя чытачы вы ўвагі на гэта не звяртаеце- чым больш спрэчак, тым больш наведвальнасць сайту вядома ж 🙂 . А вось калі вас злёгку падкалолі, то вас гэта ўжо зачапляе 🙂 Выснова- вы страшэнна закамплексаваны і з такім дэфектам выхавання вам няма чаго рабіць у нацыянальна-дэмакратычным руху 🙂

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы