МЕНСК. ПІСЬМЕНЬНІКІ
НН: Алесь Мікалаевіч, вядома, што вы шмат кантактавалі зь беларускімі пісьменьнікамі. А як паўсталі гэтыя сувязі?
У 1965 годзе мяне як кіраўніка раённай секцыі выкладчыкаў беларускай мовы накіравалі з Ваўкавыска на курсы ў Мінск.
Там хлопцы кажуць:
– Каб гэта зь пісьменьнікамі сустрэцца…
– Зараз. Во, паеду ў Саюз пісьменьнікаў.
А мы ўжо перапісваліся зь пісьменьнікамі. Я іх не баяўся…
Тут адразу да мяне падключылі старасту курса, дзяўчыну. Сядаем у аўтобус – тая дзяўчына наперадзе, я за ею. Тут аўтобус падыходзіць, яна – шмыг у першыя дзьверы, пабегла і там села, а я ўжо там не магу зайсьці, бо ўсе зайшлі, і я тут ззаду зайшоў. Гляджу за ёю: праехалі два прыпынкі – яна выйшла сьпераду. На наступным прыпынку выйшаў я, узяў таксі – і ў Саюз пісьменьнікаў.
Прыехаў у Саюз пісьменьнікаў да Броўкі. Броўка нешта шэпча Лынькову: той сядзіць у крэсьле, а Броўка стаіць у паліто. Кажа:
– Вы па якім пытаньні?
– Сабралі нас тут з кожнага раёна – кіраўнікоў раённых секцый настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Калі б мы сустрэліся зь пісьменьнікамі, то расказалі б на секцыях – і ўсе выкладчыкі беларускай мовы Беларусі ведалі б пра гэта.
– Добра.
Толькі вось Броўка, як член ЦК ВКПБ, павінен быць на сьвяточным паседжаньні ў гонар Дня Перамогі (у 1965 годзе Дзень Перамогі ўпершыню адзначалі як сьвята). Броўка кажа:
– Ідзем да Шамякіна, вы зь ім дамовіцеся, а я паеду.
Мы з Шамякіным дамовіліся, на які дзень, і калі. Прыязджае стараста, у яе пытаюцца:
– Вы па якім пытаньні?
– А я па арганізацыі сустрэчы зь пісьменьнікамі.
– Мы ўжо дамовіліся. Усё, вы можаце быць свабодныя.
Мы пайшлі разам, цікаўлюся:
– Чаму ты ўцякла?
– Я не знала, где выходзить.
– Нz ведала, то пытайся. Людзі ж едуць – запытайся, як да вуліцы Энгельса даехаць, там яшчэ прыпынкаў дзесяць было.
Я прыходжу, а тут бурліць увесь Інстытут перападрыхтоўкі настаўнікаў. І сярод гэтых нашых курсантаў дырэктар Інстытута. Усе да мяне:
– Як?
– Дамовіліся. У чацьвер, у сямнаццаць нуль-нуль у залі Саюза пісьменьнікаў сустракаемся з усімі пісьменьнікамі.
А дырэктар інстытута кажа:
– Встречи не будет. Встреча не запланирована – мы по плану должны работать.
Кажу:
– Дык вы запішыце ў план.
– План утверждён в ЦК.
– Давайце план, я схаджу ў ЦК. Раскажу, якая справа, і там яны запішуць сваёй рукой.
– Не надо. Встречи не будет…
І на гэты час нам далі лекцыю. Але завуч, відаць, была на нашым баку – яна нам дала лекцыю ў Мастацкім музеі. А мастацкі музей побач з Саюзам пісьменьнікаў. Я заехаў, прайшоў ад Мастацкага музея да Саюза пісьменьнікаў, на вуліцу Энгельса. Засёк час – тры з паловай хвіліны ходу. Прашу ў выкладчыцы, што чытала нам лекцыю:
– Ці вы можаце нам не рабіць перапынку паміж двума ўрокамі?
– Добра.
Лекцыя і так павінна была скончыцца без пяці мінут пяць, а так – без пятнаццаці. Я кажу ўсім нашым:
– Хлопцы, дзяўчаты, як толькі будзе якіхсьці без васьмі пяць, вы паціху ўставайце і выходзьце на цыпачках, і ніхто ніводнага слова. Так нам нічога не змогуць прышыць.
Выкладчыца лекцыю не канчае. Я ёй паказваю, што ўжо без васьмі мінут – не канчае. Недзе, можа, без шасьці якіх я ўстаў і пайшоў. І за мною ўсе сто чалавек…
Мы заходзім, а Панчанка кажа:
– Ну, мы думалі, што ўжо не будзе сустрэчы. Ну, такой арганізацыі мы яшчэ не бачылі: застаецца дзьве хвіліны да пачатку – усе сто чалавек на месцы!
Прайшла сустрэча выключна! Калі ўсе выступілі, я кажу:
– Дазвольце мне выступіць.
Шамякін бачыць (бо перада мной два хлопцы нашыя добра выступілі), што тут антысавецкую прапаганду вядуць. Пратэстуе:
– Не дамо слова.
Пісьменьнікі на дыбы:
– Мы сабраліся, каб настаўнікаў паслухаць, а ты не даеш. Ідзіце выступайце.
Я выходжу, кажу:
– У нас такія патрабаваньні. Першае: 80% школ у Беларусі павінны быць беларускімі, бо восемдзесят працэнтаў беларусаў. Другое: вышэйшыя навучальныя ўстановы – усе беларускія. Трэцяе: ва ўсіх дзяржаўных установах – толькі беларуская мова.
Шамякін:
– Хватит! Хватит! Гасите свет, давайце кино про Купалу.
І сьвятло патушылі, і ўжо ідзе фільм. Сеў і я…
Усё скончылася, я панёс кніжку Панчанку падпісваць. Стаіць каля мяне чалавек у шэранькім касьцюме адпрасаваным – інтэлігент такі. Ну, хто ж яго ведае – стукачы і пад інтэлігентамі хаваліся.
– Я хацеў бы з вамі пагутарыць.
– Ну, ідзем.
Думаю: «Можа, КГБіст які?».
– Тут парк блізка.
Зайшлі мы, селі на лавачку. Ён кажа:
– Вельмі разумна вы выступілі. Вы заўтра падыдзіце да мяне. Я кандыдат філалагічных навук Прашковіч Мікола. Вы падыдзіце, я жыву з сябрам, але сябра я адпраўлю на гэты час. Мы будзем адны – пагутарым.
– Добра, прыйду.
Заехаў у інтэрнат, а там сядзяць Арсень Ліс (пісьменьнік) і Мікола Прашковіч (навуковец, кандыдат філалагічных навук; пазьней спаліў сябе з-за адчайнага становішча, створанага яму КГБ). І вось мы ўтрох. Арсень Ліс пытаецца:
– Скажыце, калі ласка, як вы працуеце, якая ў вас нагрузка?
– Нагрузка ў мяне была невялікая, бо я быў завучам. Але падаў ужо трэцюю заяву, каб мяне вызваліі.
Ён гаворыць:
– Ня трэба. Наша беларуская бяда ў тым, што мы ня хочам кіраваць, і таму намі кіруюць хто хоча, толькі не беларусы. Вы абавязкова заставайцеся завучам, бо завуч можа зрабіць больш для Беларусі, чым звычайны настаўнік.
І гэта мне вельмі спадабалася і спатрэбілася (Я гэта расказаў брату стрыечнаму, які вельмі ўдзячны мне за тое, што адкрыў яму вочы. Кажа: «Я ж мог бы быць сталіністам, я ж быў сталіністам, але ты мне раскрыў вочы». І нядаўна яго сын-лекар кажа бацьку, што вось чапляюцца, каб я стаў загадчыкам аддзяленьня ў шпіталі, а я не хачу». Бацька кажа: «Як гэта – не хачу? Не станеш ты – паставяць паляка, ці жыда, ці яшчэ каго. Мусіш. Я загадваю табе!» І сын згадзіўся ўзначаліць аддзяленьне).
Мне здаецца, што моладзі трэба таксама тлумачыць усё гэта. Гэта вельмі важна!
Тады яшчэ Арсень Ліс мяне папрасіў, каб я арганізаваў настаўнікаў, каб мы пісалі групавыя заявы ў ЦК на конт таго, што мала беларускай мовы, што мала беларускіх школ, што няма ва ўстановах беларускай мовы.
Я там пагаварыў з хлопцамі, хлопцы абяцалі, што будуць такую работу праводзіць. Але думаю, што нічога ў іх не атрымалася, як і ў мяне.
Паехаў я да сваіх сяброў у Вярэйкі. Там адзін – завуч агульнаадукацыйнай сярэдняй школы Пашкевіч, другі – Мезінец Сяргей – завуч школы-інтэрната. Яны кажуць: «Напішам мы – нас вызваляць з працы. Прышлюць такіх, якія нічога не будуць рабіць. Мы ж хоць дзецям кажам, што такое Беларусь, што такое патрыятызм. А так… Нядобрая гэта думка: мы толькі сябе выявім, каб нас выгналі». Я пасварыўся зь імі, ноччу паехаў дахаты на ровары. Ноч – хоць вока выкалі. Згубіў дарогу, на нейкі хутар заблукаў. Пусьцілі – пераначаваў. Назаўтра рана – дахаты. Паехаў у Эйсманты – тое самае.
Напісаў я. Але пра гэта пазьней раскажу.
Паколькі сустрэча зь беларускімі пісьменьнікамі вельмі спадабалася ўсім настаўнікам, то яны просяць, каб гэта прадоўжыць: яшчэ не былі на сустрэчы Крапіва, Танк, Бачыла, Скрыган – можа, запрасіць і іх.
– Добра.
У сваім пакоі кажу:
– Хлопцы, можа, сходзім да Крапівы?
А ў пакоі было чалавек дзевятнаццаць, хтосьці зь іх кажа:
– Ну, табе ня тое што ў Беларусі – у Савецкім Саюзе месца ня будзе, як ты сходзіш да Крапівы.
«Ага, – думаю, – так нічога не атрымаецца». Заходжу ў іншы пакой, а там пяць чалавек усяго: невялікі пакой. Кажу:
– Хлопцы, хто хоча схадзіць у госьці да майго земляка?
– А хто твой зямляк?
– Крапіва.
– А скуль ты?
– Зь вёскі Нізок Вузьдзенскага раёна.
Адліванаў – інвалід вайны, без рукі – і Дуброўскі падтрымалі мяне: «Пойдзем». У тэлефоннай кнізе я вычытаў адрас. Зайшлі, сустрэла вельмі ветлівая жанчына, кажа:
– Вы прабачце, жывем тут мы (я жонка намесьніка міністра сельскай гаспадаркі БССР), а Крапіва атрымаў новую кватэру. Вось яго адрас.
Зайшлі мы па гэтым адрасе, пазванілі. Адкрыў чалавек, кажа, што ён сын Крапівы, а бацькі – вось у гэтыя дзьверы кватэра. Пазванілі мы, выйшла пажылая кабета і не пускае нас, стаіць на парозе (а Крапіва якраз глядзеў ушанаваньне Шолахава, бо яму было цікава, таму што хутка павінен быць ягоны юбілей). Ён кажа:
– Што ты трымаеш людзей? Заходзьце, хлопцы. Ну, што вы скажаце?
Мы кажам, што мы – кіраўнікі раённых секцыяў беларускай мовы.
– Ну, дык гэта добра, што настаўнікі, выкладчыкі літаратуры зайшлі да пісьменьніка. Пойдзем да мяне ў кабінет.
Зайшлі ў кабінет. Вельмі цікавы кабінет: доўгі пакой – метраў, можа, пяць даўжыні, метраў тры шырынёй. Стаіць вялізны дубовы стол і дубовыя крэслы такія, што не на маю сілу падняць. А Крапіве, можа, яны былі якраз па сіле – чалавек рослы. І чамусьці нажная швейная машына. І шафа кніжная. Усё, больш нічога ў кабінеце. Ён бутэльку каньяку на стол, гаспадыня прынесла закуску. Там былі, вядома, і далікатэсы, але было і парэзанае беларускае сала, што нам вельмі спадабалася…
У нас былі пытаньні. Пыталіся, ці гэта яго байка «У балеце». Ён сказаў, што яго. Мы тэкст запісалі, яна вельмі добра гучыць на вечарынах розных. Сталі крышку гаварыць пра загон беларускай мовы… Бачым, што яму гэта не падабаецца – такая размова, бо ж ніхто ня верыў, усе баяліся. Тым больш, што прыйшоў тут Брэжнеў – і што будзе? (Дарэчы, пры Хрушчове арыштоўвалі за палітыку, пры Брэжневе – я не чуў. Можа, каго і арыштоўвалі, але я не чуў). І запрасілі мы Крапіву на сустрэчу да сябе ў інтэрнат. Ён даў згоду. А хлопцы пры Крапіве кажуць:
– Вы ведаеце, мы баяліся. Крапіва – такі грозны. А тут, каб ня Ваш зямляк – мы не прыйшлі б.
Ён пытае:
– А скуль Вы?
– З Гродзенскай вобласьці. Сказаў ім, што зь вёскі Нізок, бо ведаў, што яны будуць баяцца.
Тут пасьмяяліся ўсе. Абышлося – ён даў згоду прыйсьці да нас. Гэтыя хлопцы выйшлі, кажуць:
– Саша, цяпер мы з табой у агонь і ў ваду.
Хлопцы рашучыя, таксама такіх поглядаў, як і я. Назаўтра прапануюць:
– Белакоз, давай сходзім да Танка.
– Схадзіць да Танка то мы можам, але хадзем да яго ў рэдакцыю. Бо можа пайсьці чутка па Мінску, што сабралася група п’янчужкаў, якія ходзяць да пісьменьнікаў і сабе выпіваюць там. А ў кабінеце ён не будзе фундаваць.
А Танк быў рэдактарам часопіса «Полымя». Падыходзім да кабінета: напісана «Галоўны рэдактар», а там шум. Няёмка заходзіць, калі там многа народу, дык я ў суседні пакой – да намесьніка рэдактара. Гляджу ў шчылінку, ці хто ёсьць. Адчыняюцца дзьверы, мне па лобе дзьвярамі – і Танк (высокі быў, а я яму па грудзі). Я зьбянтэжыўся, тым больш, што заглядаў у шчыліну.
– Што вы, хлопцы, хочаце сказаць?
– Малы тыраж «Полымя» (тады быў тыраж чатыры з паловай тысячы). Мы хочам, каб тыраж быў большы.
– Ну, так гэта ж выдатна! Мы тут якраз пра гэта вядзем гаворку. Вось заходзьце да мяне ў кабінет, там ужо сабраліся хлопцы – і пагутарым.
Зайшлі мы ўсе разам. Кажу:
– Вы нядобра робіце, што даеце літаратурныя навінкі звычайна пасьля таго, як праходзіцца нейкая тэма. А вы павінны ведаць праграму і ведаць, калі мы праходзім, скажам, Багдановіча. І ўсё новае пра Багдановіча – на месяц раней, чым мы будзем праходзіць. А то мы прайшлі – і ўжо да наступнага года забываецца… (я-то не забываў, бо планы пісаў манументальныя – я ўсё, дзе зьяўлялася, на аловачак браў. А другія ж не выкарыстоўвалі).
– І вось калі гэта заўважаць кіраўнікі секцыяў і скажуць настаўнікам, што можна ўрокі зрабіць цікавымі, папоўніць іх навінкамі – дык тады ж нарасхват будзе «Полымя». Калі нават на дзесяць адзін настаўнік выпіша, дык гэта на тысячу тыраж павялічыцца, а можа, і больш.
Яны, дарэчы, потым грамату мне прыслалі, што вельмі павялічыўся тыраж. І сапраўды, ён дайшоў амаль да шасьці тысяч, дзякуючы нашай прапанове. І мы запрасілі Танка на сустрэчу. Кажам, што так і так, прыйдзе Крапіва. А Крапіва – салідны чалавек, дык, значыць, тут робіцца ўсё на ўзроўні. Ніхто зь іх не разумеў, што мы падпольна іх запрашаем…
Прыйшлі мы ў інтэрнат, расказалі. Дайшло да начальства… Назаўтра з другой лекцыі нас трох выклікаюць у Міністэрства асветы і чытаюць нам такую натацыю:
– Што хадзілі да Крапівы – гэта правільна. Але вы тут займаецеся палітыкай, робіце свае планы, мяняеце планы ЦК…
А вёў размову нейкі Якімовіч, загадчык аддзела кадраў (так ён нам прадставіўся). Адразу ў нас ўзяў зьвесткі: дзе мы працуем, як, колькі гадоў, якая адукацыя – каб запалохаць, што ён можа нас выгнаць, і таму падобнае. А потым ужо давай нам чытаць мараль:
– І трэба, каб вы патэлефанавалі Крапіве, – пра Танка ён ня ведаў, – і каб адклікалі гэта спатканьне, каб ён не прыходзіў.
Мы ўзяліся за яго так даволі шчыра. Ня ведаю, як гэта здарылася, што загналі яго ў кут, у поўным сэнсе слова. Ён стаіць у кутку, а мы ўтрох нападаем. І ў гэты час тэлефонны гудок і яго выклікае міністар. Можа, міністар паспачуваў, што мы так доўга – мы тры з паловай гадзіны вялі спрэчку.
– Так, хлопцы, выклікае міністр, вы пачакайце, я прыйду.
Схадзіў да міністра, тады адчыніў дзьверы:
– Дык так – сустрэчы быць не павінна! – зачыніў дзьверы і ўцёк. Не заходзіў у кабінет. Мы пайшлі.
Назаўтра сустрэча. Што робіцца: па інтэрнаце ходзіць галоўны бухгалтар з чырвонай павязкай і загадчык гаспадаркі, які дэманстратыўна апрануў халат, абляпаны фарбай і крэйдай, шапку абляпаную і чырвоную павязку. Актавую залу на замок замкнулі – і ўсё. І сустрэчы ніякай ня будзе…
Кажам:
– Добра, хай ня будзе сустрэчы, але да тэлевізара павінны пусьціць. Выступаюць нашы футбалісты, і мы хочам паглядзець. Тэлевізар для нас пастаўлены, а не для вас. І як вы ня будзеце адчыняць – мы паб’ем дзьверы (дзьверы шкляныя) і адказныя будзеце вы.
Яны спужаліся.
А яшчэ цікава, што загадчыку аддзела кадраў міністэрства, гэтаму Якімовічу, мы кажам так:
– Скажыце, як вы думаеце, ці лепш урок пройдзе ў мяне да сустрэчы з Крапівой ці пасьля сустрэчы? Урок: біяграфія Кандрата Крапівы?
– Пасьля сустрэчы.
– То што ж вы забараняеце?
Ну, вось і адамкнулі дзьверы, мы зайшлі і ўжо не выходзілі адтуль (з тым, што адчынілі, можа, гадзін у чатыры, а сустрэча мелася быць у пяць – мы ўжо чакалі). Прыйшлі пісьменьнікі. Праўда, як выйшлі мы сустракаць (Крапіва пад’ехаў на машыне), калі выйшлі мы – толькі курсанты – ён вельмі зьдзівіўся, што ніхто з начальства яго не сустракае. Вельмі зьдзівіўся, але прыйшоў. Тут падышоў Максім Танк, бо там рэдакцыя была блізка ад нашага інтэрната. Прыйшлі Бачыла, Скрыган, потым прыбег Пястрак, хоць мы яго не запрашалі. Адбылася такая сустрэча – жанчыны плакалі… Такі патрыятычны атрымаўся вечар, асабліва добра выступалі нашы. Пісьменьнікі пабойваліся, толькі Бачыла пару слоў сказаў…
Правялі мы пісьменьнікаў. Усё. А бухгалтар, які быў дзяжурным, кажа:
– Хлопчыкі, за што яны вас так? Нам сказалі, што вы бандыты, што вы тут будзеце ўсё біць, ламаць. Мы ж такога ніколі ня бачылі. Мы толькі бачылі ваніты, бутэлькі разьбітыя, пустыя і п’яных, якія валяюцца. А вы такую справу зрабілі. Каб я быў маладзейшы – толькі паступаў бы ў інстытут на літаратурнае аддзяленьне. Толькі выкладчыкам літаратуры. Вы сьвятыя людзі. У нас яшчэ не было такога ў інстытуце.
Але нарабілася многа шуму: назаўтра прыехаў міністар асьветы, загадчык аддзела ЦК КПБ па адукацыі, іх намесьнікі – усяго разам чалавек шаснаццаць. І вось міністр асьветы пачаў выступаць – а тут гром як ляснуў… Кажам:
– Бачыце, Бог – і то на нашым баку! А вы? За што вы нас лаеце?
Адным словам, выступалі нашы, я папрасіў слова. Не далі… Як толькі я папрасіў слова, загадчык аддзела ЦК адразу кажа:
– Так, товарищи, всё это затянулось, идите в бухгалтерию – получайте проездные. Всё, встреча окончена.
Яшчэ пяць дзён да канца курсаў, а нас адпусьцілі…
Я лічыў, што мяне там адразу і забяруць. Не забралі…
Прыехаў дахаты – не забіраюць. Так і засталося…
ПРАЦЯГ ЗМАГАНЬНЯ ЗА БЕЛАРУСКУЮ СПРАВУ
Пасьля 1965-га года вырашыў: трэба інакш змагацца. Як?
Да гэтага я яшчэ і верыў, і ня верыў, але адчувалася: Міністэрства асьветы робіць такую подласьць зь беларускай мовай, што трэба па тры параграфы за адзін урок браць, каб вучыць дзяцей. А раз тры параграфы, то гэта цяжка, трэба выбіваць гэтыя веды зь дзяцей, прымушаць. Беларускую мову ведалі нашы дзеці. І паступала ад нас больш, чым з гарадскіх школ, у інстытуты. Але ж гэта цяжка давалася. Дык вось я разумеў, што гэта робіць Міністэрства асьветы, але не думаў, што так нахабна. Тады, у Менску, ужо я зразумеў, што Міністэрства асьветы, ЦК – супраць беларускай мовы.
А тут завуч школы (сама з Саратаўскай вобласьці) Асмалавец Юлія Іванаўна прапануе на прафсаюзным сходзе (а я – старшыня прафсаюзнага камітэту), каб закупіць для школы рускія падручнікі, бо ў школе дзьвюхмоўе: выкладчык тлумачыць матэрыял па-руску, вучні адказваюць па-беларуску. У нас нават такое было… Настаўнік ці завуч кажа “здравствуйте”, а вучні адказваюць “добры дзень”. Ніхто “здравствуйте” не гаварыў – прынцыпова.
Яна кажа:
– Если и учитель будет по-русски, и учебник русский – никуда не денутся, будут отвечать по-русски.
Я пярэчу:
– Прабачце, калі ласка. Ну, а каб настаўнік быў турак, няўжо ж мы з Анкары выпісвалі б турэцкія падручнікі па гісторыі?
– Что вы сравниваете!
– Як што: як рускаму хочацца па-руску гаварыць, то турку па-турэцку лепш. А гэты настаўнік скончыў сярэднюю школу ў Беларусі, тут скончыў інстытут, пятнаццаць гадоў працуе настаўнікам – то ён ня ведае беларускай мовы па той прычыне, што ня хоча яе ведаць. Ну, а калі ня хоча ведаць, то ў Луне, у Мастах рускія школы – хай ідзе і выкладае па-руску. Што ж дзяцей калечыць. Можа, ён ня можа вывучыць у сілу сваіх абмежаваных здольнасьцяў, то і настаўнікам няма як працаваць, калі ён такі абмежаваны. Чым дзеці вінаватыя?
Устае яшчэ адзін настаўнік (Шабаль прозьвішча, таксама з Саратаўскай вобласьці, зямляк яе. Яны, напэўна, ужо і згаварыліся, што трэба нешта рабіць з гэтым) і кажа (ён быў на курсах у Мінску, ведае, як там ставяцца да беларускай мовы):
– Товарищи, а чего мы здесь копья ломаем? Надо написать в Министерство просвещения, спросить у них, можно ли закупать русские учебники для белорусской школы. І нам разрешат закупить такие учебники.
Я кажу:
– Прабачце, калі ласка. Міністэрства заглядае ў рот Цэнтральнаму Камітэту (камуністычнай партыі Беларусі). Давайце напішам у Цэнтральны Камітэт БССР, – а мне цікава было, што адкажуць.
– Хорошо. Я предлагаю, чтобы написал… Белакоз Алесь Микалаевич.
Ну, я разумею, што хто піша – таго і б’юць:
– Добра.
– Ставлю на голосование: кто за то, что бы Белакоз писал в ЦК такой вопрос?
Атрымалася, што мне трэба пісаць…
Прыйшлі мы дахаты, жонка кажа: “Ведаеш што, гэта будзе зноў вялікая бяда…”. Я згодзен з гэтым, што будзе бяда. Тыдні два мучыўся, месца сабе не знаходзіў, а потым напісаў (не казаў жонцы, каб не хваляваць яе). Напісаў у ЦК КПБ, што яны – саратаўцы – хочуць тут увесьці рускую мову. Ім, саратаўцам, лягчэй па-руску размаўляць, чым па-беларуску, і да таго падобнае. Напісаў – і ціха.
Тым часам выклікаюць мяне ў Гродна на нейкую нараду на тры дні ў камандзіроўку. Я ў камандзіроўцы. У Гудзевічы прыязджае загадчык аддзела нагляднасьці і методыкі Міністэрства асьветы БССР і патрабуе сабраць такіх і такіх людзей. Дырэктар выклікае завуча, Шабаля. Як там зь імі яны гаварылі – невядома, толькі тыя далі паказаньні, што такога сходу… не было, такое пытаньне… ніколі не ставілася на прафсаюзным сходзе. І ўсё гэта… прыдумаў Алесь Мікалаевіч.
Зьбіраюць настаўнікаў і гэты прадстаўнік Міністэрства кажа:
– Вот тут Белакоз написал в ЦК КПБ такое и такое. Оказывается, ничего этого не было, такого профсоюзного собрания не было…
А фізік пісаў пратаколы сходаў. Я яго папярэдзіў, каб ён запісваў, бо гэта вельмі важна. Папрасіў яго аддаць мне пратакол. Ён казаў:
– Тут на чарнавіку, у мяне амаль нічога не напісана, я перапішу, тады аддам вам.
Назаўтра:
– Прынесьлі?
– Не, не прынёс.
Напасьлязаўтра:
– Прынесьлі?
– Не, не прынёс.
Так, можа, тыдняў тры кожны дзень я пытаўся. Нарэшце пачаў абурацца:
– Да якога часу вы будзеце дурачыць мяне?
– А я потерял эту писульку…
І вось сакратар сходу кажа, што не было такога пытаньня і што няма нідзе ў пратаколах такога пытаньня:
– І поскольку такого вопроса не было, не подымалось, то и разбирать нечего…
Вера Ігнатаўна (мая жонка, яна працавала выкладчыцай пачатковых класаў; гл. фота жонкі і дзяцей Алеся Белакоза) кажа:
– Як вам не сорамна, людзі?
Пытае ў дырэктара:
– Іосіф Ігнатавіч (а гэта ўжо быў добры чалавек – і разумны, і справядлівы), ну, няўжо Вы не памятаеце?
– Вера Ігнатаўна, мне сорамна, але я… забыўся.
– Юлія Іванаўна, вы ж прапаноўвалі, каб купіць падручнікі, спрэчка была…
– Што вы, Вера Игнатаўна! Кем вы меня считаете? Как я могла в белорусской школе предложить русские учебники?
Жонка да выкладчыка гісторыі:
– Вы ж прапаноўвалі, каб пісаў Белакоз.
– Такого вопроса не было, вопрос не подымался. Как я мог предлагать?
Вера Ігнатаўна кажа прадстаўніку Міністэрства:
– Чаго ж вы прыехалі, як няма Алеся Мікалаевіча? Вы б прыехалі, як ён ёсьць, а то тут падгаварылі ўсіх, падкупілі, прыстрашылі – і людзі гавораць хлусьню.
Ён кажа:
– Хорошо, я приеду, когда будет Алесь Микалаевич.
Прайшло тыдняў два, выклікае прыбіральшчыца мяне з урока:
– Алесь Мікалаевіч, тут нейкія прыехалі… Вас у кабінет дырэктара.
Заходжу:
– Добры дзень.
– Добрый день. Я приехал из Министерства просвещения, инспектор по наглядности и методике. Я уже приезжал по такому вопросу. Я приехал проверить вашу работу. И, поверьте мне, найду очень много плохого.
Кажу ў адказ:
– Я ўпэўнены ў гэтым.
– А как можно найти плохое, если вы работаете хорошо, как утверждает директор школы?
– Не важна, як я працую, важна – чаго вы прыехалі. Важна, які ў вас там загад ляжыць у партфелі. Ён ужо напісаны.
Ён папрасіў дырэктара школы і прадстаўніка АблАНА выйсьці з кабінета. Яны выйшлі. Ён кажа:
– Сынок, я не приехал вас проверять, я приехал вам помочь… Скажите пожалуйста, вы будете писать в Москву, в ЦК КПСС?
– Каб ЦК КПСС вам загадала падымаць беларускую мову, то сёньня гэтая хеўра тут перад вамі стаяла б, і вы іх бы пужалі, што вы да іх пойдзеце на ўрок, а не да мяне.
– Совершенно правильно. Логично. Я не приехал бы никогда, если б вы не написали такое письмо. И особенно Министерство просвещения и ЦК возмушчены, что вы написали им «саратовцы»… Это же оскорбление.
– Як мяне называюць гродзенцам, то я ганаруся гэтым. А што, Саратаўская вобласьць чым-небудзь скампраметавала сябе ў сьвеце? Ці як вы гэта разумееце?
– Ну, нет… Вы знаете, тут раздел уже по областям, по национальностям… Вы не пишите в Москву, потому что и так у вас будет очень много неприятностей…
Ён паехаў. Праз некалькі дзён прыязджае грузавая крытая машына, поўная інспектараў РАНА, работнікаў райкама партыі і райкама камсамолу, дома піянераў, дырэктараў школ…, і легкавая машына. Тры дні яны сядзелі. Ходзяць да кожнага настаўніка па тры-чатыры чалавекі і кажуць:
– Если бы не Белакоз, мы б вас проверяли совсем иначе, а так мы будем только плохое искать. Мы хорошего не заметим.
Настаўнікі паглядаюць на мяне, як на ворага. Прыбягае выкладчыца нямецкай мовы Барцэвіч Ванда Іванаўна:
– Я где работала, никогда не писала рабочих планов. Здесь рабочие планы пишу, стараюсь – всё-равно всё плохо. Это из-за вас, это вы!
Кажу:
– Ой, каб я ведаў, што вы з-за гэтага сталі пісаць рабочыя планы, дык я б ужо гадоў пару, як напісаў бы. Але ж і добра, што я напісаў. Гэта ж колькі выігрываюць нашы вучні…
Вядома, жартую, а на душы дрэнна. Нарэшце, мяркую, што заўтра ў мяне выхадны, яны прыедуць падводзіць вынікі, як мяне не будзе. А цесьць настойваў, каб калоць парсюка ў іх. Трэба ж слухаць цесьця.
Я кажу жонцы:
– Верачка, як толькі яны прыедуць і будзе там якісьці сход, ты прышлі вучня, каб я ведаў.
Толькі закалолі, селі за стол, прыбягае вучань:
– Алесь Мікалаевіч, Вера Ігнатаўна прасіла, каб Вы прыйшлі ў школу.
Я адразу пераапрануўся. Прыязджаю – ужо ў дзесятым класе загадчык РАНА. Дзесяты клас сядзіць і ён там “хрысьціць” Белакоза. Як я зайшоў, ён на паўслове змоўк:
– Можете быть свободны.
Усе пайшлі. Засталіся члены савета РАНА, Рында, я і настаўнікі нашыя. Вось ён кажа:
– Из пальца высосал Белакоз, што ему поручили писать то, чего совсем не было. Мы проверили. И оказывается, школа работает очень плохо. Все работают плохо. Мы за три дня ни у одного учителя не увидели наглядности. Будем разбирать. Сейчас выступит инспектор РайОНО Волкович Михаил.
А гэты Ваўковіч вучыўся, можа, гадоў 10 у інстытуце, потым яго выгналі – ня даў рады скончыць. Вучыўся і са мной. У яго тэма курсавой работы “Политехническое образование”, а ён піша “Политическое образование”. І ўсюды апісвае політэхнічнае, а называе “политическое”. Дык рэцэнзент адзінку яму паставіў… Вось ён пабыў на ўроку ў мяне, паглядзеў сшыткі і недзе знайшоў, што вучань не паставіў рысачку над “ў”, а я не паправіў.
Яшчэ кажа:
– У цябе вельмі малыя чырвоныя радкі – трэба шэсьць сантыметраў.
Кажу:
– Ня трэба шэсьць сантыметраў, але ты начальнік – табе відней.
А ён мне:
– Ты знаеш, ты мне падкажы, мне сказалі, каб я цябе спляжыў, а я не магу нічога дрэннага тут знайсьці.
– Скажы пра гэта “ў”, пра гэты чырвоны радок, што не пакідаюць вучні. А што ж ты больш скажаш. Як няма, то няма таго дрэннага. То дзе ж я табе яго вазьму.
Ён выступае і кажа пра гэты чырвоны радок, пра гэтае “ў”. А мне загадчак РАНА:
– Пять минут ваше выступление.
Кажу:
– Няпраўда. І падсуднаму на судзе даюць выступаць, пакуль ён усяго не скажа. А я што – арыштаваны? Я буду гаварыць, пакуль усё ні скажу. І вы ня маеце права мне затыкаць рот.
Кажу да дырэктара:
– Па-першае, скажыце Іосіф Ігнатавіч, быў такі сход, дзе прапаноўвалася закупіць падручнікі на рускай мове?
Іосіф Ігнатавіч кажа:
– Алесь Мікалаевіч, мне вельмі сорамна, але я… не памятаю.
– Юлія Іванаўна, вы прапаноўвалі закупляць рускія падручнікі?
– Нет, я такого не могла предлагать!
– Аляксандр Кузьміч, вы прапаноўвалі, каб менавіта я напісаў у ЦК?
– Што вы, Алесь Микалаевич, разве я мог такое. Разве я не понимаю, чем это заканчивается.
Я падняў усіх настаўнікаў – ніхто не памятаў, усе забыліся… Вядома ж, і сакратара сходу падняў:
– Я ж вам цэлы месяц кожны дзень нагадваў, каб далі мне пратакол. Вы ж не напісалі яго, выкінулі.
– Не, не было ніякага сходу такога.
– А цяпер давайце пагутарым пра мае недахопы ў працы. Ці ёсьць сярод дырэктараў ці работнікаў РАНА людзі, якія выкладаюць беларускую мову?
Дырэктары Першай школы і Трэцяй кажуць, што рускую мову выкладаюць і сшыткі правяраюць.
– Ці прапускаеце вы памылкі?
– Конечно, а кто же их не пропускает.
Кажу:
– Вучань семдзесят тры разы паставіў “ў” пасьля галоснай, адзін раз не паставіў. Яўна – забыўся. І я гэтага не заўважыў. Бывае – не заўважаю. А на конт чырвонага радка: разгарніце любую кнігу і гляньце – там чырвоны радок пачынаецца над чацьвёртай літарай. І калі гэта шрыфт маленькі, то будзе поўсантыметра. Так што я тут не згодзен з інспектарам.
Адным словам, нічога яны не даказалі. Тое, што мне не даручалі пісаць – гэта ясна. Няхай будзе, што я “выдумаў”. А па працы ня могуць прычапіцца. Я ў працы вельмі стараўся. І стараўся не таму, што мяне маглі злавіць, а таму, што я матэматык па здольнасьцях, а выкладаў беларускую мову. І мне каштавала вялікіх намаганьняў, каб неяк быць на ўзроўні. І супакойваўся толькі тады, калі бычыў, што ў іншых школах горш ведаюць беларускую мову, чым у нашай…
На гэтым, вядома, ня скончылася. Пасьля гэтага выклікалі дырэктара школы і мяне ў Масты. Там ужо і работнікі райкама і ўсе ізноў на мяне, што “прыдумаў, высмактаў з пальца, напісаў”. Езьдзілі страшна многа. Потым быў савет РАНА таксама па маёй працы, на які мяне не запрасілі. Я ў дырэктара школы прашу:
– Дазвольце, я паеду.
– Нельзя – у вас уроки.
Праўда, я Вользе Іпатавай пра гэта напісаў (яна ўжо была пісьменьніцай і сакратаром Гродзенскага райкама камсамола – яна старалася памагаць). Яна не паленавалася, прыехала ў РАНА і тут ім усыпала… І ўжо больш яны не праводзілі безь мяне саветаў РАНА.
І вось трэці савет РАНА, чацьвёрты савет РАНА. Памятаю, была мая былая выпускніца Лёдзя Палавеня. Скончыла БДУ, прыехала і вяла ў адным класе беларускую мову. І вось тая інспектар прыехала і да мяне на адзін урок, на другі, на трэці, на чацьвёрты, пяты. Назаўтра – ізноў. Так гэтая дзяўчынка не вытрымала і кажа:
– Вы прабачце, у вас напісана, што вы прыехалі праверыць выкладаньне беларускай мовы ў Гудзевіцкай школе. То вы напішыце, што прыехалі праверыць працу Белакоза. Я першы год працую, мне патрэбна дапамога, вы ні разу не прыйшлі, не запыталіся, што мне не зразумела. Як гэта так можна? Ідзем да мяне на ўрок.
А інспектар ужо аб’явіла, што пойдзе да мяне. Званок, Леакадзія Міхайлаўна кажа:
– Не, да мяне пойдзеце.
Пайшла яна да гэтай дзяўчынкі – вядома, ужо там дала ёй, дык дала. Наступны ўрок інспектар да мяне, а тая кажа:
– Стойце, я на адным уроку нарабіла памылак, напэўна, і на другім нараблю. Так вы ж скажыце мне.
На трэці дзень інспектар не пайшла ўжо да яе…
Мяне яшчэ што ратавала – што я спецыяльна выпісваў зборнік загадаў, бо там звычайна ў жніўні месяцы даваўся арфаграфічны рэжым: за што якая адзнака ставіцца – за дыктоўкі, сачыненьні, за вусны адказ. І я гэта ўсё ведаў на памяць. І вось, прыязджае інспектар, падабралі тэкст такі, што не напішуць вучні. Але, дзякуй богу, пайшла яна ў “А” клас. “А” клас – гэта тыя вучні, што я вучыў з чацьвёртага класа, добрыя вучні. Я дыктоўку гэтую прадыктаваў. Так, як трэба, дыктаваў, без падказак. Яна адразу забрала работы, праверыла. Не паставіла адзнак, але запісала сабе, колькі ў каго памылак, якія памылкі. А я ня ведаў, што яна правярала. Я паставіў з дваццаці двух вучняў чатыры двойкі. Тэкст цяжкі – і гэта добры вынік.
…
Вось савет РАНА ізноў па Белакозу. І здарылася так, што палюбоўніца дырэктара (яна замужняя жанчына была, але верціхвостка такая) едзе на сесію (яна завочна вучылася) і просіць мяне:
– Алесь Мікалаевіч, вы з’ездзіце з маімі вучнямі ў Брэст на экскурсію. Вам дырэктар загад выпіша. Усё будзе, я дамовілася. Грошы на экскурсію я не атрымала яшчэ, але Марыя Міхайлаўна атрымае і вам аддасьць. А ўрэшце вы можаце ўзяць грошы – 198 рублёў, што мы зарабілі: бульбу зьбіралі за бараною, зьбіралі яблыкі і грушы дзікія (таксама нешта каля 200 рублёў), за буракі, што палолі… Клас заняў першае месца – вядома, 100 рублёў прэміі. Так што грошай многа, вы ўсё гэта можаце атрымаць і расходаваць на экскурсію.
– Добра.
Яна паехала, я бяру старшыню савета атрада і старасту класа. Пайшлі да дырэктара, кажам:
– Нам, каб гэтыя грошы за яблыкі атрымаць.
– А, эти деньги расходованы ўже.
– На што расходованы?
– Не знаю, Галина Иосифовна знает.
– Ну, а за баранаваньне бульбы?
– Конечно, это вы можеце получить в колхозе.
– За буракі?
– В колхозе можеце получить.
– Сто рублёў прэміі?
– Сто рублёў прэміі я ўжо аддаў вучням.
– Дзеткі, вы атрымалі сто рублёў прэміі? – пытаюся ў дзяцей тут жа, пры дырэктары.
– Не, не атрымалі.
– Ну, дык дзе тыя сто рублёў?
– Ну, прыедзе Галіна Іосіфовна, разбярэмся.
Пайшлі мы ў бухгалтэрыю ў калгас. Аказваецца, за тое, што за бараной бульбу зьбіралі, складзена ведамасьць з подпісамі вучняў розных класаў, але падпісваўся хтосьці адзін – дзе левай рукой, дзе праваю. Тыя вучні і паняцьця ня маюць, што яны атрымлівалі грошы…
– А за буракі грошы?
– За буракі ёсьць, але трэба, каб кожны вучань распісаўся.
Мы зрабілі фальшывую ведамасьць, распісаліся, атрымалі грошы за вучняў. І склалі сапраўдную ведамасьць. Павезьлі і кожнаму вучню аддалі грошы за буракі, і кожны распісаўся. Тады я прыйшоў у бухгалтэрыю, тую фальшывую ведамасьць забраў, а гэтую сапраўдную – аддаў. Кажу:
– Бачыце, мы ж павінны былі грошы атрымаць, а вы не давалі, пакуль не было подпісаў. Вось гэта сапраўдныя подпісы…
Прыехала тая Галіна Іосіфаўна, і на дыбы:
– Вы мяне опозорили!
– Як я вас зганьбіў? Што пакралі вучнёўскія грошы? Дык, можа, не вы бралі, ці вы?
Ва ўсялякім выпадку, яна мне кажа, што не аддасьць тыя грошы, якія я расходаваў на экскурсію – свае расходаваў. Але я адразу выбраў касіра, а стараста займаўся закупкай. І на ўсё касір даваў старасьце грошы, гэты купляў і чэк здаваў. І вось такім чынам у касіра ўсё ёсьць. Дваццаць тры рублі пяцьдзесят капеек мы расходавалі за экскурсію: у Брэст, у Белавежу. Гэта ня многа. І гэтыя дваццаць тры рублі мне ня хочуць аддаваць. А для мяне гэта вялікія грошы. Заходжу да дырэктара і кажу:
– Вось я напісаў у КРУ пра ўсе вашыя махінацыі. Або аддавайце мне 23 тры рублі, або я пашлю гэты ліст.
– Пасылайце.
Я паслаў. Прыязджаюць дзьве дзяўчынкі з фінансавага аддзела. У школу вязуць мэблю, кніжкі ў бібліятэку, нагляднасьць – машына за машынай ідуць. Ім там здорава накачалі. Дзе яны бралі грошы, я ня ведаю. Тут усе настаўнікі ходзяць, зьбіраюць у вучняў, якія вучацца і што раней вучыліся: “Дай падпіску, табе калі-небудзь давалі кнігу, там, скажам, на лінейцы, на першым званку, ці якісьці падарунак (выдатнікам тады давалі). Дай распіску… ”
Прыехала бухгалтар РАНА:
– Дайце распіску, што вы для бібліятэкі купілі на сто пяць рублёў кніг беларускай літаратуры.
Кажу:
– Я аддаў накладную ў РАНА, у вас накладная ёсьць і ніякіх распісак даваць ня буду.
Адным словам, яна сядзела, мусіць, дзён два, нарэшце прасіцца стала. Я ёй даў распіску, што я атрымаў такую-та суму, на што ёсьць накладная ў аддзеле народнай адукацыі. Вядома, калі разьбіралі гэта ўсё, мяне не паклікалі. Разьбіралі – толькі дырэктар быў. Прызналі… халатнасьць. Што грошы ён нікуды не падзеў, гэтыя грошы ўсе ёсьць, але раздаваў направа і налева зь кішэні – добры вельмі чалавек, ніякіх распісак ня браў. І вось цяпер, аказваецца, і Белакоз на 105 рублёў купіў кніжак. Тое, што там ёсьць накладная – яны не казалі, а распіска ёсьць… Дырэктару школы дзьве зарплаты вылічыць – і ўсё на гэтым.
Прыязджае назаўтра сакратар райкама партыі па ідэалогіі, інструктар абкама партыі (можа, так які жулік, што прадставіўся інструктарам) і патрабуюць у мяне рабочыя планы. Кажу:
– Планы я вам дам, толькі скажыце, як тая праверка.
– Ну, факты, что вы писали, подтвердились. Только вы писали, что чернил нет. Чернила есть у уборщицы.
– Чарніла для аўтаручак – пішуць аўтаручкамі. І за свае грошы купляюць вучні і ў школу прыносяць. А школа атрымлівае грошы – складаюць фальшывыя ведамасьці і быццам бы яны купляюць…
– Планы покажите.
– Прабачце, калі ласка, як факты пацьвердзіліся, то вы ў злодзея пытайцеся рабочыя планы. Хіба вы ў адной бандзе? Хіба і вы разам зь імі кралі?
– Алесь Мікалаевич, не кидайтесь словами.
– Як вы становіцеся ў абарону злодзея, значыць, вы адна банда…
– Алесь Мікалаевич, покажите рабочие планы.
Я ім паказаў. У мяне ў восьмым класе тэма: “Кастусь Каліноўскі”. Па тэме сабраны партрэт Кастуся Каліноўскага, намаляваны Пятром Сергіевічам зь Вільні, з аўтографам самога мастака, успаміны сучасьнікаў: генерала Ратча, Гэйштара, паплечніка ў барацьбе (праўда, яны ідэалагічна разыходзіліся, але змагаліся і адзін, і другі з царскім ўрадам)… Адным словам, матэрыялаў столькі, што я толькі заўсёды гляджу, чаго не даваць, бо ўсё даць немагчыма. На такіх уроках я не праводзіў апытваньня – толькі новы матэрыял. І гэты ўрок прайшоў: як раскрылі яны раты ў пачатку ўрока, то толькі са званком закрылі. Прыходзяць, і кажа мне прадстаўнік абкаму:
– Алесь Мікалаевич, у вас нет рабочих планов.
– Я ж вам паказваў.
– А они… на машинке напечатаны.
– А дзе напісана, што на машынцы ня можна друкаваць?
– Так там даты нет.
– Даты няма, бо я карыстацца буду і наступны год гэтымі планамі. І многа год карыстаўся імі. Вось вы заўважылі – на першай старонцы (гэта машынапісны ліст) палавіна чыстага. І я пішу, што на ўроку трэба было даць, а я ня даў, і чаго ня трэба было даваць, бо матэрыялу замнога, усё роўна не пасьпяваю даць другараднае.
– Вы не пишете рабочих планов…
Прыехала інспектар, тут сядзела. І ўжо гэта быў апошні савет РАНА. Выступіў загадчык РАНА, што “Белакоз не пишет рабочих планов и работает… не по советским программам. Надо менять или советские программы, или Белакоза”. Вось – разам не можна суіснаваць. І я павінен быў рабочыя планы свае прывезьці. Я прывёз гэтыя планы. І вось па чацьвёртым класе чытае дырэктар школы-інтэрната Маскалёва. Там разбор зычных. Напрыклад, слова “ад’язджае”: а – гал., д – з. (значыць – зычны), зв. (гэта значыць – звонкі), цв. (гэта значыць – цьвёрды)… Яна чытае: “ды”, “зы”, “звы”, “цвы” – чытае ня так, як гук, ня так, як літара). Кажу:
– Прабачце, калі ласка, вы ж чытаць ня ўмееце. Вы ня ўмееце называць гукаў, літар. Давайце я прачытаю.
Рында:
– Не надо, товарищ Москалёва прочитает…
Пачытала яна гэтыя планы. І, значыць, пастанова: суровая вымова з апошнім папярэджаньнем: «Работает не по советским программам и не пишет рабочих планов”. І сталі прысылаць да мяне на ўрокі кожны тыдзень інспектара, які патрабаваў, каб я яму паказаў рабочыя планы, каб пісаў іх. Сядаю, бывала, і пішу абы што і абы як. Як, скажам, у мяне шэсьць урокаў, то я за пятнаццаць хвілін напісваю планы на ўсе шэсьць урокаў. Але вяду ўрокі па добрых планах, па сапраўдных – тых, якія ў мяне ёсьць. Інспектар РАНА мне робіць заўвагу:
– Алесь Микалаевич, у вас вот такога и такога моманту няма ў плане, а вы давали.
Кажу:
– Па-першае, ня ўсе моманты, якія настаўнікі даюць на ўроку, упісваюцца ў планы. Гэта патрабуецца толькі ад практыкантаў. Яшчэ, як дурны дырэктар, то першы год працы можа такое патрабаваць. Я, дзякуй Богу, ужо працую некалькі дзесяткаў гадоў і маю права даваць штосьці, не запісаўшы. Акрамя таго, у тым плане, што я вам даў, многа чаго не ўказана, бо я гэты план пішу для таго, каб вы мелі чаго езьдзіць. Я па ім не працую, я працую па добрым плане. Паглядзіце – у гэтым плане ўсё ёсьць.
Адным словам, абурыўся інспектар і больш не прыязджаў. На гэтым скончыўся наш канфлікт.
А тут так здарылася – гэта было ўжо ў 1979-м годзе – што Ларыса Геніюш дапамагла: напісала да Машэрава ліст. Я, ведаеце, абурыўся гэтым усім і напісаў да яе такі ліст, за які, вядома, трэба было садзіць мяне… І вось яна напісала ад сябе ліст Машэраву і паслала разам мой ліст. Яна мне хваліцца, што “я паслала ваш ліст Машэраву”. Думаю: “Ну, Божа мой, чакай ізноў непрыемнасьці”. Я ніколі ня думаў і ня ведаў, што гэта мне магло чым-небудзь дапамагчы. Яна там піша, што настаўнік вельмі вартасны, што ён арганізуе вельмі каштоўны музей, яму перашкаджаюць. Дапамажыце нам абодвум – і мне, і яму. Так яна зьвяртаецца да Машэрава.
І вось у 1979-м ці 1980-м годзе я вечарам сяджу ў музеі – этыкеткі друкую да экспанатаў. Заходзіць начальнік КГБ ваўкавыскай зоны – Данільчык. Дарэчы, я яго добра ведаў, таму што я быў стараста беларускай групы завочнікаў у Інстытуце імя Янкі Купалы, а ён – рускай. У канцы лекцыі мы павінны былі падносіць журнал, каб выкладчык падпісваўся, што ён правёў гэтыя лекцыі. А лекцыі часта бывалі агульныя – па гісторыі, педагогіцы, логіцы. Нас заводзяць у актавую залу і чытаюць лекцыі. Так што мы добра ведалі адзін аднаго. Прыходзіць Данільчык у музей і кажа:
– Алесь Николаевич, мы вас больше трогать не будем.
– Прабачце, ваша арганізацыя для таго створана, каб людзей дапытваць і сачыць за імі. То на што вы патрэбныя, як вы не будзеце “трогаць”?
– Алесь Николаич, работайте спокойно, мы больше не будем вас трогать.
Затым ён пытаецца:
– Ці можна пачытаць ваш “Праменьчык”?
А там, у музеі, таксама ўсе нумары ляжаць.
Кажу:
– Калі ласка, сядайце і чытайце.
– Нет, я хотел бы с собой взять.
– Толькі з санкцыі пракурора.
– Нет, я так вот просто по-человечески…
– Не, пакуль не будзе санкцыі пракурора, я вам не дам. А тут – калі ласка, вы можаце чытаць.
– Да, нет, мне некогда…
І больш мы зь ім ня бачыліся.
АА: І што гэта была за прычына, што яны ад вас адчапіліся?
Я думаю, што Машэраў тады даў указаньне, каб Ларысу Геніюш не чапалі. Прыязджаў інструктар ЦК да Ларысы Геніюш і таксама сказаў, што яе больш чапаць ня будуць. Я думаю, што гэта ж здарылася і са мной.
Дарэчы, у БДУ хлопцы недзе ў 1968 годзе стварылі ценевы беларускі ўрад. Нікому ж нічога… Ярац там галоўны быў і другі Разанаў. А потым іх выключылі. Яны паканчалі іншыя інстытуты, займалі даволі немалыя пасады пасьля гэтага, працавалі спакойна. Тых, што займалі пасады міністраў, наогул не чапалі… Пры Сталіне б за такое да 25 гадоў альбо і да расстрэлу… Тады гэта было страшна. Людзі яшчэ па звычцы баяліся, але ўжо такога не было, не арыштоўвалі.
АА: Але ж, Алесь Мікалаевіч, яны рабілі этнацыд тады, працягваюць і цяпер. Толькі метады памяняліся.
Так, так. Метады памяняліся, мягчэйшыя сталі, але палітыка тая самая. Гэта я разумею, што яны сталі больш вытанчанымі, езуіцкімі, крывадушнымі.