nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Інтэрвю з Алесем Белакозам (частка 6)

1 мая, 2011 | Каментары (1)

НАШЫЯ  ЛЮДЗІ


НН: Раскажыце яшчэ, калі можна, пра людзей, якія рабілі беларускую справу разам з Вамі і вартыя, каб іх узгадвалі. Гэта з Вашага досьведу, на Ваша меркаваньне, і найперш не пра тых, каго і так узгадвае, напрыклад, радыё «Свабода» ці іншыя СМІ.


Такі факт цікавы. Прыкладна 1986 год. Званок па тэлефоне ў школу – просяць паклікаць Алеся Мікалаевіча. Я падыходжу. Мне гавораць:

– Заўтра да вас прыедзе камісія ў складзе сакратара райкаму партыі, прадстаўніка ад абкаму партыі і Вас будуць лаяць, што ў Вас фатаграфія Сакрата Яновіча. Я падумаў: «І за што ж мяне лаяць? Што тут такога?» – і нічога не рабіў. Але назаўтра выходжу з будынка (школа была ў трох будынках, але мне пашанцавала, што я меў урок якраз там, дзе быў музей) – пад’ехала «волга» і высаджваюцца сакратар райкаму, адзін незнаёмы чалавек і Вольга Іпатава ад абкаму камсамолу. Відаць, яна і званіла. Я вярнуўся (а ў гэтым жа будынку была і музейная зала), зьняў фатаграфію Сакрата Яновіча і паклаў сабе ў кішэню, а Пысіна і Забэйду-Суміцкага рассунуў і выходжу.

А тыя ўжо каля музея. Заходзяць:

– Почему у Вас здесь так много немецких «касок»?

– Каскі ж гэтыя я павыкідаў, бо ў нас літаратурна-краязнаўчы музей, але гісторык прынёс гэтыя «каскі», дык я іх не выкідаю. Ён напэўна меў на ўвазе, што немцаў таксама многа гінула, бо яны ўсе прабітыя кулямі. Як хочаце, дык мы пакладзем савецкія каскі часоў вайны.

– Нет, не надо.

А прадстаўнік абкаму ўжо стаіць каля таго стэнда, дзе была фатаграфія Сакрата Яновіча (у абкамаўца дакладна было запісана), і кажа:

– А что у вас здесь делает фотографія Сократа Яновіча?

Кажу:

– Ніякай фатаграфіі Сакрата Яновіча там няма, – і працягваю размову з сакратаром райкаму і Вольгай Іпатавай.

– Как же нет? Вот он!

Падыходзім. Вольга Іпатава кажа:

– Гэта Аляксей Пысін.

– Так, значит, вот этот Сакрат Янович!

– Не, – кажу, – гэта Забэйда-Суміцкі.

– А почему вы Забейду-Сумицкого поместили здесь?

– Ведаеце, ён піша, што бацька быў парабкам і яны часта пераязджалі з месца на месца, а дзяцей многа і маці добра не памятае, дзе ён нарадзіўся, але хутчэй за ўсё – у Ваўкавыскім раёне. Дык ён жа наш зямляк. Як не памясьціць земляка з сусьветнай славай?…

Так адбіўся…

Пытаю ў іх:

– Чаму вы так узяліся за Сакрата Яновіча, чым ён вам не падабаецца?

Прадстаўнік абкаму кажа:

– Его исключили из ПОРП (Польская аб’яднаная рабочая партыя. – Рэд.).

Кажу:

– Яго выключылі, але тых, што яго выключалі, таксама ж павыключалі. Так што, можа, яго трэба вярнуць?

Нічога на гэта не адказалі. Але ж не было фатаграфіі Сакрата Яновіча – дык і прычапіцца няма за што. Прадстаўнік абкаму кажа:

– У вас тут всё националистическое и Вы сам националист…

– Чаму?

– Вы па-беларуску гаворыце.

– Дык я ж выкладчык беларускай мовы, і я – беларус!

Сакратар райкама кажа:

– И я белоруска.

Кажу:

– Каб Вы былі беларуска, дык Вы па-беларуску размаўлялі б.

– Нет, я белоруска!

– Дык Вы не ўмееце па-беларуску?

– Умею.

– Каб умелі, то гаварылі б.

Прадстаўнік абкаму таксама кажа, што і ён беларус, і ён умее.

Кажу:

– Не, каб вы ўмелі, то гаварылі б.

І яны… загаварылі па-беларуску.

Выходзім, а ідзе загадчык гаспадаркі. Кажу:

– Канстанцін Сяргеевіч, пабылі дзесяць хвілін у музеі – па-беларуску загаварылі!

Эх, як дзьмухнулі яны ў «волгу» і паехалі!

Дык мне надта спадабалася, што нехта парупіўся папярэдзіць, што будзе такая праверка.

Калі вельмі прыціскалі наш музей, дык Вольга Іпатава зьмясьціла добры артыкул у “Літаратуры і мастацтве” пад псеўданімам “Белязека”. І там музей бараніла. Гэта яе артыкул, бо я пазнаў па тым, што мы гаварылі пад час яе наведваньняў у музей.


НН: Відаць, гэта Вольга Іпатава Вас тады папярэдзіла, ці папрасіла кагосьці Вам пазваніць.


Напэўна. Гэта мяне вельмі на духу падняло, што я не адзін. Я меў магчымасьць падрыхтавацца. Каб ня гэта, дык прыехалі б, сказалі: “Каго вы прапагандуеце? Зачыніць музей!” А так не было да чаго прычапіцца.

Аднойчы быў З’езд беларусаў сьвету. Карэспандэнты бяруць інтэрвю – наладзілася невялікая прэсканферэнцыя. Хто з удзельнікаў з’езду хацеў, засталіся на гэтай прэсканферэнцыі. І я застаўся. Прыехалі мы пасьля прэсканферэнцыі. Што цікава, я на З’ездзе беларусаў сьвету ведаю амаль усіх людзей: у музей усе прыязджалі, усе мне знаёмыя. А тут зайшлі ў залу, дзе частуюць – нікога знаёмага. Там усе іншыя людзі: абы хто і абы скуль. І ўсе месцы занятыя. А нас прыехала аўтобусаў тры – і няма куды падзецца. Стаім на двары, чакаем. І Радзім Гарэцкі стаіць з жонкай (ён тады быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі Навук). Ён падыходзіць да мяне і кажа:

– Мы маглі б Вам ад Інстытута геалогіі АН БССР даць калекцыю карысных выкапняў Беларусі. Наша Беларусь вельмі багата карыснымі выкапнямі, і гэта ў музеі варта паказаць.

– Дзякуй Вам! А як гэта зрабіць?

– Прыедзьце калі-небудзь, толькі папярэдзьце мяне. Я падрыхтую.

Я паехаў у Менск. Вядома, папярэдзіў Гарэцкага. Завёў ён мяне да нейкага чалавека, каб той падабраў калекцыю карысных выкапняў. Аказалася, я сам ня ведаў, што Беларусь такая багатая на карысныя выкапні. І калі б мы не будавалі лядовыя палацы, а распрацоўвалі нашы карысныя выкапні, дык мы былі б багацейшай краінай сьвету.


АА: Так, гэта ўладам толькі выгадна казаць, што мы маленькая і бедная еўрапейская краіна. А калі параўнаць тэрыторыі і рэсурсы ўсіх еўрапейскх краін, дык высьветліцца, што мы ўваходзім у першую трэць самых вялікіх і багатых краінаў Еўропы. Атрымліваецца наадварот – вялікая і багатая еўрапейская краіна!


Тая самая драўніна – амаль гектар на душу насельніцтва! Цяжка знайсьці ў сьвеце другую такую краіну! Дык мы ўсё прадаем бярвеньнем, замест таго, каб зрабіць цэлулоідныя заводы, мэблевыя, папяровыя фабрыкі… Лядовыя палацы маглі б быць, але пасьля, а гэта трэба хутчэй рабіць.

Ці, напрыклад, марскія расолы – неабсяжныя запасы. Там уся табліца Мендзялеева. А толькі нядаўна пачалі здабываць ёд і бром.

У нас ёсьць руда алюмінію, а разам з ёй выходзяць добрыя соды.

У нас ёсьць паліўныя сланцы – 11 мільярдаў тон. Эстонцы зь іх робяць салярку, мазут, бензін, а мы – нічога.

У нас велізарныя запасы торфу. Немцы купляюць у нас торф і здабываюць зь яго бензін, салярку, воск, салідол, нават лекі. А мы на палі вывозім.

А той самы крэмень! Калі завезьці яго, напрыклад, у Кувейт, дзе прэсная вада даражэй за нафту, а прывазная вада псуецца. З крэмнем вада не будзе псавацца, будзе лекавая. Завезьці кантэйнер крэменю ў падарунак. Потым яны захочуць купіць. Дык няхай плацяць, даюць нафту нам. А мы пакуль што гэты крэмень выкідаем.

І так бясконца.

Дык я лічу, што Радзім Гарэцкі вельмі моцна дапамог нам у стварэньні гэтага аддзела.

Пімен Панчанка заўсёды падтрымліваў нас на духу, як патрыёт. Спачатку мы зь ім трошкі не сышліся. Ён перакладаў “Цыганы” Пушкіна на беларускую мову і некалькі рускіх зваротаў пакінуў. Вучаніца напісала яму, што гэта не беларускія звароты – ён пакрыўдзіўся. Але потым адышоў, паглядзеў, што робім добрую справу, і стаў вялікім нашым сябрам.

Яго лісты такія, што Валеры Задаля – былы рэдактар гродзенскага абласнога тэлебачаньня – узяў у загаловак радок яго верша пра настаўніц:

“Вы – мае мілыя, вы – мае родныя,

Многа было ў вас крыўды і сьлёз,

Вас пахваліў бы за мову народную

Мудры настаўнік Алесь Белакоз”.

Для мяне гэта была вялікая радасьць, што Панчанка так напісаў!

Янка Брыль таксама настолькі спачуваў мне ў гэтай працы, настолькі ён паважаў наш музей. Праўда… так ні разу і не прыехаў, хаця зьбіраўся.


Зь Нілам Гілевічам (гл. фота) адзін час не знаходзілі паразуменьня: я за тое, каб увесьці мяккі знак, а ён – каб ня ўводзіць. Ён не настаўнік – ён не разумее. Паглядзіце: давучыла настаўніца Лукашэнку, што ён ня мог вымавіць слова “Расія”, казаў “Расыя”. А чаму? Нашыя настаўніцы не вучылі мякка казаць, а, напрыклад, настаўніца суседняй школы вучыла казаць цьвёрда: “снег”, сцяг”. Пытаю ў яе:

– Чаму Вы так вучыце?

– Правіла такое, што сам чорт нагу зломіць. Нашто, каб дзіця памылкі рабіла? Яно гаворыць “снег” – і піша “снег”.

І вось прыходзяць у нашу школу вучні з іншай школы (да нас з чатырох школ прыходзілі) і я першым чынам даю ўрок літаратурнага чытаньня: чытаем верш “Ручэй” Якуба Коласа. Вучань чытае: “спевы”. Кажу:

– Чаму “спевы”? Трэба вымаўляць: “сьпевы”. Скажы: “сьнег”.

– Снег.

– Скажы: “зіма”.

– Зыма.

Адвучылі мяккія зычныя вымаўляць. А мяккасьць нашай мовы – гэта яе прыгажосьць.

Кажу:

– Вывучы гэты верш на памяць. Калі на наступным уроку ты будзеш так сама вымаўляць, я табе пяцёрку не пастаўлю, нават калі ты на “пяць” раскажаш.

І да ўсіх вучняў:

– Дзеткі, пастаўце сабе аловачкам мяккі знак у словах “сьнег”, “сьпевы”…

Выпісвалі мяккія знакі, і праходзіла месяцы два – яны ўжо нармальна адказвалі.

І мне здаецца, што ў нашай школе не знайшлося б такога здрадніка, які б беларускія школы забараніў ці беларускі друк. Хоць былі стукачы і ў нашай школе. Белакоз вёў працу ў адным напрамку, а яны вялі ў супрацьлеглым. Але я задаволены, што ўсё ж я перамагаў.

Караткевіч дапамагаў. Памятаю, у 1982 годзе я намагаўся выдаць кнігу М.Арла, а Гілевіч кажа:

– Каго ж узяць рэдактарам? Я ня маю часу.

Я кажу:

– А каб Караткевіча?

– Каб згадзіўся, дык лепшага рэдактара і ня трэба.

Тэлефаную Караткевічу. Ён кажа:

– Вы ў Менску?

– У Менску.

– Прыходзьце да мяне.

А я заўсёды думаў так, што як я пайду, то забяру ў яго час, а ён, можа, працаваў бы, можа, штосьці напісаў бы за гэты час. Таму я сказаў:

– Выбачайце, але не магу – мой цягнік хутка адходзіць.

І Караткевіч па тэлефоне даў згоду рэдагаваць кнігу М.Арла.

Потым Пяткевіч мне кажа:

– Дзівак Вы. Пісьменьнікі сілкуюцца размовамі зь людзьмі. Ён бы ад Вас многа чаго ўзяў для мастацкай літаратуры. А Вы не заходзілі.

А Караткевіч аднойчы кажа мне па тэлефоне:

– Я ведаю трох Белакозаў. Аднаго – што быў паўстанцкім начальнікам у 1863-м годзе ў Беластоку, гэта Адольф Белакоз. Другі – што са Шварцам выдаваў “Гутарку старога дзеда” на беларускай мове. І трэці – гэта настаўнік з Гудзевіч. То Вы каторы?

– Я настаўнік з Гудзевіч.

– О-о, то Вы прыходзьце да мяне, што ж Вы толькі звоніце.

Вядома, Ларыса Геніюш падтрымлівала духоўна. Часам у нас спрэчкі ўзьнікалі. Часам ёй здавалася, што яна робіць беларускую справу, а мы ня робім. Я кажу:

– Ларыса Антонаўна, выхоўваць дзяцей – гэта ня менш важна, чым пісаць творы для дзяцей ці для дарослых.

Яна і падказвала нам пэўныя рэчы. Я ёй вельмі ўдзячны. І асабліва ўдзячны за тое, што яна той мой разгромны ліст, першапачаткова дасланы да яе, усё ж такі пераслала Машэраву. Я лічыў, што з гэтага нічога добрага не атрымаецца, бо ведаў, чым канчаюцца такія пасылкі, але на гэты раз напэўна гэта дапамагло.

Семяняка Юры – у нейкай ступені наш зямляк (праўда, яго радзіма на Беласточчыне сёньня ўжо ў Польшчы апынулася) – ставіўся вельмі добра да нас. Ён напісаў музыку да верша нашай вучаніцы “Апошні школьны вальс”, за што я яму шчыра ўдзячны. Гэта ня мала.

Аляксей Марачкін і Купава – гэтыя хлопцы падтрымалі мяне з карцінамі. Купляць мы не маглі, а які ж музей, калі няма карцін, няма скульптуры. Дык гэтыя мастакі шмат дапамаглі і пісалі тое, што мы прасілі.

Алесь Ліпень вельмі многа зрабіў для нашага музея.


АА: Ліпень зь вёскі маёй маці, яны зь дзяцінства знаёмыя…


Іваноўскі Дзіма. Дзед яго, Мікалай, быў старшынём Луненскага райкаму КПЗБ, вельмі стойкі чалавек. Сядзеў у турмах: у Картуз-Бярозе, потым у Гродне. Чытаў я яго паказаньні ў архівах: ён гаварыў толькі, што нічога ня ведае, ня чуў, ня бачыў: “Ці ёсьць камуністы, ці няма – ня ведаю, пра такое я ніколі не чуў”.

Яны дамаўляліся не прызнавацца. Бо калі прызнаўся, што ты камуніст, закатуюць да сьмерці, каб выдаў астатніх.

Бацька Дзімы дапамагаў рабіць музей бясплатна. А сам Зьміцер Іваноўскі – мастак – вельмі шмат зрабіў карцін, каб увекавечыць нашы Гудзевічы, за што я яму вельмі ўдзячны.




ЯШЧЭ ПАМОЧНІКІ


А.А. Алесь Мікалаевіч, раскажыце, калі ласка, яшчэ пра тых людзей, якія Вам дапамагалі.


Такіх людзей набярэцца, па мне, дык сотні. Прыходзіць мясцовы чалавек Алёша Пронька, пытае:

– Вам у музей патрэбны кросны?

– Патрэбны.

– А снойніца патрэбна?

– Патрэбна.

– А калаўротак, сукала?

– Патрэбныя.

– А слончык? (так называюць прыладу, у якую ўстаўляюць бойкі) А вітушкі?

– Патрэбныя.

– То прыязджайце забірайце.

Я папрасіў машыну, нагрузілі і прывезлі.

Гэты чалавек часта прыходзіў у музей. Памёр ужо.

Праўда, быў адзін выпадак. Зайшоў я да людзей, якія крышку і сваякі, а жанчына мне кажа:

– Ты, Саша, мусіць, здурнеў – ужо жабраваць пайшоў.

– Не. Я ж не для сябе, я для музея.

– Усё роўна. Вось іншыя настаўнікі ня ходзяць і не жабруюць, а табе трэба?

– Ну, выбачайце, – і пайшоў я з гэтым.

Прайшло, можа, месяц-два, прыходзіць гэтая жанчына:

– Я вось дыван прынесла для музея.

– Дзякуй за дыван.

– Але, можа, дасі сьпісы, дзе напісана, якога я года нараджэньня, бо да пенсіі яшчэ працаваць трэба тры гады.

– Не, сьпісаў такіх мы ня маем і… ня трэба дывана твайго, нясі яго дахаты.

А ёй патрэбныя былі сьпісы са школы з 1940 года, калі запісвалі дзяцей у класы і пісалі, хто якога года нараджэньня. Па іх давалі пенсію. Пасылалі гэтыя сьпісы на эксьпертызу, і суд ім верыў. Праўда, я гэтых сьпісаў тады ня меў. Дык кажу ёй:

– Ніна, ты схадзі да тых, разумных, настаўнікаў, якія ня ходзяць і не жабруюць – хай яны табе памогуць…

Так што не заўсёды ўсё гладка было. Але, дзякуй Богу, неяк пражылося і абышлося…

Звычайна, у нядзелю, у выходны, я вызначаў якую-небудзь вёску і ехаў на ровары – зьбіраў экспанаты. У нядзелю звычайна то дзеці прыязджалі да людзей, то госьці. Заходзіш у хату – выпіваюць, запрашаюць. Я ўзяў сабе такое правіла: пакуль усю вёску ні прайду – ні грама.

Вельмі дапамагаў старшыня райвыканкаму Вашко Ўладзімір Іванавіч. Калі б ня ён – нічога не было б. Ён казаў да старшыні калгасу:

– Мы будзем вам памагаць. Мы дамо грошай калгасу, колькі вам патрэбна, ад райвыканкаму. Дамо рабочых дапамагаць бульбу выбіраць ці летам прышлем, колькі вы скажаце. Дамо матэрыялы, дамо лішніх (звыш плану) сто кубоў лесу, дамо сто тон цэменту зьверх плану. Толькі вы дапамагайце музею.

А старшыня калгасу быў такі, што начальства слухаў. Ён разумеў, чым пагражае няміласьць начальства.

Аднойчы старшыня райвыканкаму мне і кажа:

– Алесь Мікалаевіч, навошта нам дурыцца з гэтым Пронькам, давайце перавядзем яго ў іншае месца, а сюды назначым свайго чалавека.

Адказваю:

– Свайго ці не свайго – але каму гэта хочацца займацца музеем, выдзяляць рэсурсы.


НН: Дык Вы яго яшчэ гэтага старшыню і ратавалі?


Я яшчэ і ратаваў.

Заехаў да Домаша (тады быў старшынём аблвыканкаму), кажу:

– Дайце Проньку заслужанага работніка сельскай гаспадаркі.

– Добра, – запісаў.

Прысвоілі званьне. Заязджаем на паседжаньне апошняй рады абласнога савета – Лукашэнка прыехаў. Выступае Лукашэнка – уручыў яму пасьведчаньне, павіншаваў. Наважыліся ехаць “замочваць”. У іх рафік начальства сабралася і старшыня райвыканкаму нашага. Апалонік кажа:

– Алесь Мікалаевіч, ці ня Вы пастараліся яму “заслужанага”? Бо райвыканкам нічога ня ведае пра гэта, а зь неба яны ж не ўзялі, нехта ж прасіў за яго.

– Не.

А старшыня калгасу пасьля гэтага не дазволіў мне вады ў хату правесьці: у суседа справа – ёсьць, у суседа зьлева – ёсьць, а нам ня можна.


НН: Скажыце, а як Сямён Домаш да Вас ставіўся?


Вельмі добра. І да гэтай пары так. Яму напэўна, вельмі падабалася тое, што я рабіў, але сам ён, можа, надта моцна не хацеў засьвечвацца.

А вось старшыня калгасу чамусьці дрэнна ставіўся. Можа, тут згуляла яшчэ тое, што я сказаў яму аднойчы:

– Паглядзіш, дык усюды палякі – начальнікі. Што тут такое?

Кажа:

– Што Вы! Нават палякі пішуцца беларусамі, бо да беларусаў лепей ставіцца савецкая ўлада.

Тым часам даведваюся потым, што Пронька – паляк. І, відаць, з таго часу ён на мяне меў зуб.


А.А. Так, гэта асноўная тэхналогія перамогі любога этнасу: толькі шляхам арганізацыі і ўзаемападтрымкі – так габрэі выіграюць, палякі. Будзем і мы калісьці…


Вашко Лёнік – сын старшыні райвыканкаму – напісаў недзе ліст. Ня ведаю, куды ён напісаў, але напісаў добра. Бо прыехала старшыня сельсавета:

– Мы Вам правядзем ваду.

– А колькі гэта будзе каштаваць?

– Калгасу – тысяч трыста. МЧС будзе прабіваць пад асфальтам трубу – сто тысяч, а, можа, дзьвесьце.

Неўзабаве ўжо і падвялі ваду.

Дык вось старшыня райвыканкаму Вашко вельмі дапамагаў – дзе толькі мог. Ён не падпарадкоўваўся партыі. Ён першы выйшаў з партыі. Яго выбіралі ў бюро райкаму. Ён кажа:

– Я не хачу.

Гэта ж не было такога, каб старшыня райвыканкаму не хацеў у бюро райкаму партыі.

Яму тэлефануе сакратар райкаму:

– Ты падыдзі да мяне (а кабінеты былі ў адным будынку), абмяркуем такое і такое пытаньне.

Вашко кажа:

– Ты будзеш ісьці на абед, з чацьвёртага паверха спусьцішся на трэці – заходзь і абмяркуем. А то мне падымацца.

Так што многа людзей дапамагала ў гэтай справе. Але былі і такія, што тут ненавідзелі усё. Асабліва прыезджыя рускія. Потым палякі ўжо “раскусілі”. Спачатку яны падтрымлівалі, а потым ксёндз іх настроіў і цяпер…

Мне аднойчы калгасьнік кажа:

– Алесь Мікалаевіч, а Вас ня любяць нашы механізатары.

А за што мяне любіць? Палякі ненавідзяць, бо я выступаю супраць Польшчы. Камуністы ненавідзяць, бо я выступаю супраць камуністаў. Я выступаю супраць русіфікатара папа і кажу яму гэта ў вочы – пра гэта таксама ведаюць. Так хто ж мяне можа любіць?


АА: Я ў свой час адкрыцьцё зрабіў: калі гаворыш праўду – заўсёды будуць ворагі…


Абавязкова.

І яшчэ: калі хтосьці вам зробіць сьвінства, дык стане вашым ворагам. Хоць вы яму даравалі, але ён не даруе вам свайго сьвінства…


Каментары (1)

  1. Аляксей Кухта кажа:

    Хіба гэта не адна асоба – Адольф Белакоз, што быў паўстанцкім начальнікам і выдаваў “Гутарку старога дзеда”?

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы