nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Навуковыя веды – аснова рэалістычнага сьветагляду (частка 1: Сьветаглядны прагрэс чалавецтва)

3 чэрвеня, 2011 | Каментары (1)

Алесь Астроўскі

Пададзены ніжэй матэрыял ўяўляе сабой першае абагульненьне (і абгрунтаваньне) шэрагу прынцыпаў Сьветагляднай дактрыны. Гэтым абумоўлена яго важнасьць. Але праца над ім будзе працягвацца. Тэкст, застаючыся па сваім Е-адрасе, будзе дапаўняцца, удакладняцца (уключаючы зьяўленьне дадатковых аўтараў). Так вырашана зрабіць, і каб працягваць працу сайта і каб адначасна нашы чытачы маглі бачыць яе новыя вынікі.

Рэдакцыя.



Зачын

Ёсьць шэраг вялікіх сьветаглядных пытаньняў, якія цікавілі чалавецтва ўсю яго гісторыю, працягваюць хваляваць і сёньня.

Напрыклад:

– адкуль і як узяўся Сусьвет, уключаючы яго практычна бясконцую прастору, а таксама ўсе галактыкі, нашыя Сонца і Зямлю, іншыя касьмічныя аб’екты;

– як на Зямлі зьявіліся жывыя арганізмы і як яны набылі сучасны выгляд;

– адкуль і як на Зямлі ўзьнік чалавек-чалавецтва;

– ці ёсьць яшчэ ў Сусьвеце жыцьцё на іншых планетах й іншыя цывілізацыі разумных істот.

З улікам навуковых дасягненьняў, якія мы маем на пачатак 21-га стагодзьдзя, адказ на гэтыя ды аналагічныя пытаньні можа быць дадзены больш дакладны, чым дзесяцігоддзі, а тым больш стагоддзі таму. Аднак і сёньня ўсе гэтыя ды ім падобныя праблемы маюць адну істотную асаблівасьць: хто б ні браўся за іх асьвятленьне, той, нават не жадаючы таго, уступае ў істотнае ўзаемадзеяньне са сьветаглядамі чытачоў, слухачоў, суразмоўцаў, якія ў іх ужо маюцца ў больш ці менш сфармаваным выглядзе.

Нагадаем, сьветагляд – гэта сістэма абагуленых поглядаў на Сьвет і месца чалавека ў ім, вызначаючая стаўленьне чалавека да навакольнай рэчаіснасьці й самога сябе ў найбольш прынцыповых пытаньнях (гл. http://otvety.google.ru/otvety/thread?tid=784b87e0730125d6). Сьветагляд зьяўляецца часткай больш шырокай сістэмы ўяўленьняў, якая неабходная кожнаму чалавеку, каб арыентывацца ў самых розных  пытаньнях, якія могуць паўстаць перад ім у яго жыцьці – ад прасьцейшых побытавых да найбольш маштабных, “філасофскіх”. У гэтым шэрагу сьветагляд чалавека датычыць адказаў на найбольш маштабныя пытаньні (даную частку сьветагляда некаторыя прапануюць называць “карцінай сьвету” – http://otvety.google.ru/otvety/thread?tid=784b87e0730125d6). Адначасна ён зьяўляецца ядром сьвядомасьці чалавека – у яго ўваходзяць і зь яго вынікаюць асноўныя жыцьцёвыя пазіцыі людзей, іх перакананьні, ідэалы, арыентацыі.

Сьветагляд у розных людзей па-рознаму эмацыйна афарбаваны (сьветаадчуваньне), мае розны аб’ём і зьмест у залежнасьці ад асаблівасьцяў атрыманай чалавекам моўнай і невербальнай інфармацыі (сьветаўспрыняцьце). Пры гэтым сьветагляд кожнага асобнага чалавека фармуецца ва ўмовах узаемадзеяньня яго генетычна абумоўленых псіхічных асаблівасьцяў зь інфармацыяй, якую ён атрымлівае ў сям’і, побыце, адукацыйнай сістэме, са СМІ, у тым ці іншым рэлігійным асяроддзі, зь якім можа быць зьвязаны (пры гэтым відавочна, што генетычныя асаблівасьці чалавека – рэч індывідуальна абумоўленая, а інфармацыя, якую ён атрымлівае – рэч сітуацыйна і гістарычна абумоўленая).  Вынікі азначанага вышэй ўзаемадзеньня і вызначаюць сьпецыфічны зьмест сьветагляду кожнага канкрэтнага чалавека.

Характар ўяўленьняў пра Сьвет у сфармаваным выглядзе ў сваю чаргу вызначае фармаваньне ў чалавека адпаведных ідэалаў, жыцьцёвых мэт і спосабаў іх дасягненьня, дае пазіцыю, зь якой успрымаецца і перажываецца ўсё, што адбываецца ў Сьвеце – у выніку чалавек набывае ўпэўненасьць у праваце сваіх ідэй і ўчынкаў. У скрайніх выпадках ідэйныя перакананьні чалавека дапамагаюць яму пераадольваць нават інстынкт самазахаваньня – прымушаюць рабіць подзьвігі ў імя пэўных ідэалаў.

Паколькі ў людзей сьветагляды часта істотна розьняцца сваім аб’ёмам, праўдзівасьцю/міфічнасьцю, цэласнасьцю-сістэмнасьцю, то й іх узаемадзеяньне можа мець розныя наступствы – прычым, нярэдка вельмі драматычныя, а то і трагічныя – для лёсаў людзей, гісторыі народаў, усёй людскай цывілізацыі (пра гэта будзе больш пашыраная гаворка ніжэй). Таму кожнаму дапытліваму чалавеку варта аддаць пэўны час і ўвагу, каб набыць веды аб прычынах і механізмах фармаваньня розных сьветаглядаў у людзей.

Вышэйшая ж мэта дадзенай працы – паспрыяць афармленьню і распаўсюду ў сістэме секулярнай адукацыі, СМІ (і, натуральна, сярод чытачоў нашага сайта) таго, што тут азначана, як навукова-рэалістычны сьветагляд.



1. Сьветаглядны прагрэс чалавецтва – сьветагляды: міфалагічны, рэлігійны, філасофскі, навукова-рэалістычны

1.1. Міфалагічны сьветагляд.

Гістарычна найбольш старажытнай формай сьветагляда зьяўляецца міфалагічны сьветагляд (http://www.ckct.org.ru/study/phil/phil1.shtml). Ён узьнік на самай раньняй стадыі інтэлектуальнага і грамадскага разьвіцьця чалавецтва, дзесяткі, а можа, і сотні тысяч гадоў таму – але тады, калі людзі ўжо спрабавалі даваць адказы на такія глабальныя пытаньні як паходжаньне і пабудова Сьвету, узьнікненьне найбольш важных зьяваў прыроды і зьяў, характэрных для чалавека. Адказы на гэтыя пытаньні першапачаткова маглі быць (і былі) толькі ў форме міфаў.

Справа ў тым, што псіхіка людзей пабудаваная так, што яна ня церпіць адсутнасьці адказаў на важнейшыя пытаньні, якія паўстаюць перад чалавекам. Прынцып такі: “ніякіх “чорных дзірак” ва ўяўленьні пра Сьвет у мяне не павінна быць, калі ёсьць прынцыповае пытаньне, на яго павінен быць адказ. Лепш хоць які, чым ніякага”. Ва ўмовах прысутнасьці розуму і натуральнай адсутнасьці ведаў аб нашым Сьвеце адказы атрымліваліся ў выглядзе міфаў, зьмест якіх напаўняў розныя паданьні.

Значную частку старажытнай міфалогіі складалі касмалагічныя міфы, прысьвечаныя ўладкаваньню прыроды. Разам з тым, вялікая ўвага ў міфах надавалася розным бакам жыцьця людзей – таямніцам нараджэньня і сьмерці, розным выпрабаваньням, якія чакаюць чалавека на яго жыцьцёвым шляху. Асаблівае месца займаюць міфы пра здабыцьцё агню, вынаходніцтва рамёстваў, земляробства, прыручэньне дзікіх жывёл.

Асноўным прынцыпам рашэньня сьветаглядных пытаньняў у міфалогіі быў генетычны – тлумачэньні паходжаньня прыродных і грамадскіх зьяў, як правіла, зводзілся да апавяданьня пра тое, “хто каго спарадзіў”.

Пры гэтым міф у першабытным грамадстве быў ня столькі гісторыяй, якую апавядаюць, колькі рэчаіснасьцю, у якой жывуць (www.ckct.org.ru/study/phil/phil1.shtml). Зьмест міфаў уяўляўся першабытнаму чалавеку ў вялікай ступені рэальным, заслугоўваючым поўнага даверу. Таму міфы часта былі важкімі стабілізатарамі грамадскага жыцьця, усталёўвалі гармонію паміж Сьветам, прыродай і чалавекам, грамадствам й індывідам, забясьпечваючы ўнутраную згоду ў людскім жыцьці.  Міфы ня столькі давалі веды ці тлумачылі зьявы рэчаіснасьці, колькі служылі для апраўданьня грамадскіх установак, санкцыянавалі пэўны тып паводзін і вераваньняў (дазваляючы ці забараняючы нешта – табу), ды й у цэлым былі практычным кіраўніцтвам да дзеяньня.  Міф хутчэй быў не першапачатковай формай ведаў, а сьпецыфічнай вобразнай формай уяўленьняў аб прыроде і калектыўным жыцьці чалавека, у якой аб’ядноўваліся зародкі ведаў, рэлігійных вераваньняў, маральныя ацэнкі.

Натуральна, у розных народаў сфармаваліся свае асаблівасьці міфалогіі (як і свае асаблівасьці культуры, мовы, сімвалаў), абумоўленыя гісторыяй іх этнагенэзу і прыроднымі ўмовамі жыцьця. Па гэтых адзнаках людзі здаўна адрозьнівалі “сваіх” ад “чужых”…


1.2. Рэлігійны сьветагляд.

У вераваньнях першабытных людзей, заснаваных на міфах, ужо зьмяшчалася пэўнае ўяўленьне аб суадносінах псіхічнага і фізічнага, душы і цела. Больш паглыбленае фармуляваньне гэтых адносін станавілася магчымым дзякуючы развіцьцю абстрактнага мысленьня. Лічыцца, што гістарычна гэтая ступень інтэлектуальнага разьвіцьця супадае са зьяўленьнем істотных адрозьненьняў паміж разумовай і фізічнай працай.

Варта таксама адзначыць, што на раньніх стадыях разьвіцьця чалавецтва выказаныя ў міфах уяўленьні шчыльна перапляталіся з абрадамі, якія служылі прадметам рэлігійнай веры. У тыя часы міфалогія і рэлігія складалі адзінае цэлае.

Аднак рэлігія мае сваю сьпецыфіку… І гэтая сьпецыфіка заключаецца ня столькі ў асаблівым тыпе сьветаглядных канструкцый (у прыватнасьці такіх, у якіх ужо прысутнічае падзел Сьвету на натуральны і звышнатуральны), і ня столькі ў асаблівым стаўленьні да гэтых канструкцый (сьпецыфічныя адносіны да рэлігійнай веры), колькі ў тым, што асноўным элементам рэлігіі зьяўляецца культавая сістэма – то бок сістэма абрадавых дзеяньняў, накіраваных на “ўсталяваньне” пэўных дачыненьняў (зносінаў, стасункаў, кантактаў) са звышнатуральным. Усялякі міф станавіўся рэлігійным у такой ступені, у якой ён злучаўся зь сістэмай рэлігійнага культу, у якой міф выступаў у якасьці зьместа – так сьветаглядныя канструкцыі, уключаныя ў культавую сістэму, набывалі характар рэлігійных веравучэньняў. Яны, гэтыя канструкцыі, як і ў выпадку міфаў, станавіліся грунтам для фармальнай рэгуляцыі й рэгламентацыі грамадскага жыцьця, захаваньня і ўпарадкаваньня норм, звычаяў, традыцый.

Абагульняючы, можна сказаць, што і міфалагічны, і рэлігійны сьветагляды насілі духова-практычны, арганізуючы характар (што, натуральна, ёсьць станоўчай зьявай). Іх гістарычная асаблівасьць і часовасьць былі зьвязаныя зь першапачаткова нізкім узроўнем засваеньня чалавекам рэчаіснасьці, залежнасьцю чалавека ад незразумелых яму сілаў прыроды і грамадскага разьвіцьця; у цэлым – зь недастатковымі ведамі аб Сьвеце. Пры гэтым асноўная пазітыўная функцыя рэлігіі заключаецца ў тым, што яна дапамагае чалавеку ўладкаваць адносіны з грамадствам, пераадольваць зьменлівыя, часовыя, адносныя асьпекты быцьця і далучае яго да чагосьці абсалютнага, вечнага – таго, што надае сэнс, значэньне (хай сабе і эфемернае, уяўнае, зданевае) людскаму жыцьцю.

Але ў рэлігійным сьветаглядзе ёсьць і некалькі адмоўных бакоў, як для яго носьбітаў, так і для людскага грамадства ў цэлым.

Па-першае, грунтам любога рэлігійнага сьветагляду ўсё ж зьяўляецца міф, які аб’ектыўна ў той ці іншай ступені не адпавядае рэчаіснасьці, уводзіць людей у зман, прымушаючы падпарадкаваць сваё жыцьцё несапраўднаму, неіснуючаму. Гэта ў сваю чаргу становіцца зыходным грунтам для таго, каб “вернікі” любой рэлігіі маглі пачаць маніпулятыўна выкарыстоўвацца рэлігійнай бюракратыяй (клерыкаламі), якая абстаўляе ўсё так, што нібыта яна “бліжэй да Бога”, чым звычайныя людзі.

Для таго, каб лепш зразумець, што такое рэлігійны сьветагляд у сучаснай яго форме (і ў дадзеным выпадку, у хрысьціянскай версіі), праілюструем яго ніжэй фрагментамі двух тэкстаў (узяты адсюль: http://bogomir.ru/?Religioznoe_mirovozzrenie; http://uy.by/page/mifologicheskoe-religioznoe-mirovozzrenie). Зь іх бачна, як людзі на грунце рэлігійна-хрысьціянскага сьветагляду ўспрымаюць Сьвет, адказваюць на ключавыя пытаньні нашай рэчаіснасьці. Паколькі найбольш абсурдныя догмы ў сучасных прапагандыстаў такога сьветагляду хаваюцца, мы дазволілі сабе выцягнуць іх на паверхню і пракаментаваць непасрэдна па ходу тэкста (гл. каментары пададзены [ў квадратных дужках]):

“… Усе людзі, незалежна ад сацыяльнага становішча і этнічнай прыналежнасці, роўныя перад Богам [і створаны толькі Ім]. Чалавек – носьбіт найвялікшага, да сёньня незапатрабаванага багацця – несмяротнай душы, крыніцы  маральнай сілы, духоўнай стойкасці, брацкай салідарнасьці, бескарыслівай любові і міласэрнасці [якія ўсе ад Бога, толькі ад Яго і абавязкова прысутнічаюць у кожнага чалавека, якім бы ён ня быў]. Адкрыўся новы, невядомы людзям папярэдніх эпох космас [у тым ліку язычнікам ды мусульманам, ці толькі хрысьцянам?] – космас людскай душы, унутраная апора абяздоленага і прыніжанага чалавека [якога абяздолеў і прынізіў хто-заўгодна, толькі ня Бог, які пры гэтым, аднак, самы галоўны ды ўсемагутны]. Запытаемся: дзякуючы чаму чалавек можа знаходзіць апору, зазірнуўшы ў сваю ўласную душу? Дзякуючы таму, што яна атрымлівае ў рэлігійнай свядомасці асаблівы анталагічны статус [даведка: паняцьце “анталагізм” можа выкарыстоўвацца ў двух сітуацыях: у філасофіі яно абазначэе адзін зь ідэалістычных накірункаў, у якім прынята лічыць, што ідэі існуюць незалежна ад рэчаў й існавалі раней за рэчы (першая сітуацыя); акрамя таго, паняцьце “анталагізм” азначае перакананьне ў тым, што дасягненьне чалавекам ведаў аб Сьвеце магчымае не інакш, як дзякуючы пазнаньню Бога (другая); так, напрыклад, Самарын сцьвярджаў, што рацыяналізм – гэта лагічныя веды, аддзеленыя ад маральнага, хрысьціянскага пачатку, а таму непаўнавартасныя, у той час як сапраўдную аснову пазнаньня складае толькі анталагічнае – зыходнае “асабістае адкрыцьцё Бога”, які “асьвятляе душу кожнага чалавека”]. Душа несмяротная і падаравана нам звыш [яна незалежная ад цела – магчыма, існавала да зьяўленьня цела і абавязкова будзе існаваць пасьля сьмерці цела чалавека]. Дзякуючы гэтаму мы здольны  адчуваць наше жыццё як быццё ў Богу і праз  Яго [а да хрысьціянства, што відавочна, душы ў чалавека, а тым больш думак пра Бога, не было і не магло быць?]”.

“… Паняцце Бога – геніяльнае дасягненне розуму [бывае, што рэлігійнікі прагаворваюцца, што і яны разумеюць, што прыдуманага ім Бога на самай справе няма – ёсьць толькі яго “паняцьце”; акрамя таго, тут бачна пярэчанне з меркаваннем аўтара папярэдняй цытаты, які заяўляў пра анталагічнасьць душы чалавека – то бок пра тое, што пазнаваць Свет, а тым больш Бога рацыянальна, праз розум…  немагчыма]. Бог знаходзіцца за межамі часу і прасторы, ён глыбока схаваны [затое хрысьціянам дакладна вядома, што ён падобны на чалавека, бо стварыў апошняга па “свайму вобразу і падабенству”]. Таму знайсці і адкрыць Бога – вельмі складаная задача. Яе рашэнне азначае, што розум праявіў вышэйшую ступень геніяльнасці [таму кантактаваньне з Богам даступна ня ўсім; хаця ідэальная, высокамаральная душа, як мы даведаліся з папярэдняй цытаты, ёсьць у кожнага]. На практыцы наяўнасць гэтага паняцця ў галаве чалавека [зноў, толькі “паняцьця”!] дапамагае яму пазбегнуць двух крайнасцяў – быць дзікуном і спрабаваць стаць “звышчалавекам” [а вось гэта сапраўды так]. Рэлігія не дазваляе чалавеку быць дзікуном, дапамагае яму знаходзіцца ў цывілізаваных рамках. Чалавек на практыцы спрабуе стаць звышчалавекам, калі ставіць задачы радыкальнага пераўтварэння сябе і навакольнага свету. Па-першае, рашэнне гэтых задач немагчыма, таму што радыкальныя пераўтварэнні азначаюць разбурэнне [радыкальныя пераўтварэньні вядуць да разбурэньняў таму, што ўсе мы зьяўляемся часткамі Сьвету, цалкам залежым ад Яго, але пры гэтым любім дзейнічаць пад уплывам эгаістычных памкненьняў]. Зробленае Богам не прызначана для пераробкі [паколькі яно зроблена ідэальна і лепш стаць ня можа?]. Глыбокае ўмяшальніцтва ў таямніцы свету вядзе да разбурэння свету [пранікненьне розумам да такога выніку не вядзе; вядзе толькі неразумнае фізічнае, а таксама драпежніцка-паразітычнае, хцівае пранікненьне; больш за тое, пазнаньне – гэта ня ёсьць умяшальніцтва ў рэчаіснасьць увогуле]. Менавіта гэтым і займаецца сённяшняя навука [прычым тут навука? а, можа, больш разбуральнымі сіламі зьяўляюцца хцівыя, драпежныя глабальныя кампаніі й палітыкі з паразітычнымі, імперскімі мэтамі?], калі займаецца кланаваннем, стварэннем генетычна змененых прадуктаў (ежы д’ябла) і шматлікім іншым [кланаваньне, стварэньне генетычна мадыфікаваных прадуктаў – гэта ня ёсьць навука, а тэхналогіі, якія могуць выкарыстоўвацца ў т.л. і хцівымі, амаральнымі людзьмі; навука – гэта сьфера грамадскай дзейнасьці, накіраваная на адкрыцьцё закамернасьцяў нашай рэчаіснасьці, гэта сьферай пазнаньня]. Глыбока веруючы навуковец ня змог бы ўмешвацца ў гэтак глыбокія таямніцы [зьвярніце увагу, як рэлігійнікі накідаюць абмежаваньні на пазнаньне нашай рэчаіснасьці; дадаткова адзначым: пасьлядоўных прыхільнікаў рэлігійнага сьветагляду сярод сапраўдных навукоўцаў сапраўды няма, але не з-за амаральнасьці навукі (што некаторыя спрабуюць ёй накідаць), а таму, што адкрыцьцё аб’ектыўных законаў Сьвету разбурае рэлігійныя міфы, з-за чаго чалавек трапляе ў сітуацыю выбару: альбо перастаць быць рэлігійнікам, альбо захаваць свой рэлігійны сьветагляд і адысьці ад навукі].

(канец цытаваньня)

Каб ня быць абвінавачанымі ў прадузятасьці да хрысьціянства – бо мы ў аднолькавай ступені крытычна ставімся да любога рэлігійнага сьветагляду – падаем дадаткова прыклад тэкста, які дэманструе асаблівасьці ісламскай версіі рэлігійнага сьветагляда пры сутыкненьні з навуковымі фактамі. Зьвярніце ўвагу, як мусульманскія рэлігійнікі спрабуюць адаптаваць сучасныя дасягненьні навукі да сваіх міфічных уяўленьняў (узята адсюль: http://azannews.com/2011-01-09-umma-pub3276.php)

Упершыню ў заходнім навуковым часопісе апублікаваныя тэорыі, заснаваныя на Каране. Канцэпцыя, запрапанаваная доктарам Вахідам, дапамагае патлумачыць некаторыя адкрыцці Карана з навуковага пункту гледжаньня. Ён выкарыстоўваў каранічныя адкрыцці ў спалучэньні з навукай у распрацоўцы комплексных, цэласных ведаў, якія ён называе ісламскай навукай. З навуковага пункту гледжаньня важным вынікам зьліцьця Карана і навукі зьяўляецца дакладнае разуменьне зьяваў жыцьця і сьмерці, якія дасёньня заставаліся загадкай у біялогіі [?]. Гэтыя зьявы былі вызначаны і патлумачаны ў сьвятле адкрыццяў Карана. Прафесар Вахід паказвае на няздольнасьць патлумачыць гэтыя зьявы ў біялогіі [?]. Ён сцвярджае, што матэрыял генома – не біялагічная праграма, не прычына жыцьця [?]. У адпаведнасьці з Каранам [сутнасьць біялагічнага жыцьця] не падуладная нашаму разуменьню [непазнавальная!], а душа складаецца не з малекул, а створаная па боскай праграме [!]. На самай справе нефізічныя гены [?], якія першапачаткова запрапанаваў Вільгельм Ёхансэн у 1909 годзе [так у тэксьце; на самай справе Ёхансэн усяго толькі запрапанаваў называць “генамі” дыскрэтныя адзінкі спадчыннасьці, пра якія яшчэ ў 1865 г. пісаў заснавальнік генетыкі Грэгар Мендэль], узгадняюцца з адкрыццямі Карана, але не з малекулярнымі генамі [?]. У мадэлі доктара Вахіда ўсе часткі арганізма (уключаючы геном) уяўляюць зь сябе апаратныя біялагічныя праграмы, якія хутчэй за ўсё захоўваюцца ў храмасомах – жорсткіх дысках клетак, якія зьяўляюцца боскім бія-праграмным забесьпячэньнем [вядома, “боскім”, каго ж яшчэ?]. Душа ж арганізма-кампутара захоўваецца ў нябачным [і непазнавальным!] жорсткім дыску. Аналагічным чынам душа чалавека зьяўляецца нябачным [і непазнавальным!] праграмным забесьпячэньнем. [Такім чынам,] феномен жыцьця быў вызначаны як праява і выкананьне боскага бія-праграмнага забесьпячэньня. Каран указвае таксама (С.К. 6:93), што выдаленьне душы вядзе да сьмерці. Гэта азначае, что мёртвыя целы – гэта як кампутар без праграмнага забесьпячэньня [каб выкрыць падвох, нагадаем: “праграмнае забесьпечэньне клеткі” – гэта генетычная інфармацыя, якія прысутнічае ў выглядзе спецыфіснай пасьлядоўнасьці (!) нуклеадыдаў на ДНК; пры гэтым сама ДНК – гэта палімер, складзены з нуклеатыдаў]. Менавіта з-за адсутнасьці бія-праграманага забесьпячэньня ў клетках [?], мёртвае цела ня можа праяўляць «жыцьця», хаця яно нясе ў сабе геном у кожнай клетцы [каб выкрыць падвох, нагадаем: трупы клетак ці арганізмаў не праяўляюць жыцьця не з-за таго, што зь іх адляцела “ў іншы сьвет” “боскае нябачнае праграмнае забесьпячэньне”, а з-за таго, што ў іх па той ці іншай прычыне разбурыліся сувязі, неабходныя для “жывой” сістэмнай арганізацыі; ДНК – галоўная, але не адзіная абавязковая частка гэтай сістэмы]. Па словах прафесара Вахіда, немагчыма стварыць жыцьцё зь не-жыцьця, таму што «жыцьцё» выклікана нефізічным (г.зн. не малекулярным) бія-праграмным забесьпячэньнем [нядаўна навукоўцы паказалі, што можна сінтэзаваць ДНК з асобных нуклеатыдаў у адпаведнасьці з пэўнай генетычнай праграмай (інфармацыяй), увесьці ў прокарыятычную клетку з папярэдне выдаленай уласнай ДНК і тая пераўтворыцца ў новы жывы арганізм, які будзе мець уласьцівасьці таго арганізму, у якога была пазычана праграма для стварэньне штучнай ДНК – гл. http://forum-msk.org/material/news/3195422.html, а таксама http://www.membrana.ru/lenta/?4112; гэта яшчэ раз паказвае, што пасьлядоўнасьць нуклеатыдаў на ДНК – гэта і ёсьць генетычная праграма (інфармацыя), якая цалкам забясьпечвае жыцьцядзейнасьць кожнага канкрэтнага арганізма ў канкрэтных умовах яго экалагічнай нішы]”.

(канец цытаты)

Па-другое, паколькі ўсе рэлігіі заснаваныя на міфах, прыдумляемых людзьмі, то, як і проста міфы, рэлігіі таксама здольны множыцца. І сапраўды – рэлігій, цэркваў, канфесій на сёньня існуе шмат. Будучы накінутымі людзям, яны, бывае, штучна падзяляюць народы, а, бывае, што і супрацьпастаўляюць іх часткі паміж сабой (сербы, харваты, басьнійцы былой Югаславіі; грузіны – хрысьціяне і мусульмане; беларусы – праваслаўныя, каталікі, пратэстанты; немцы – каталікі й пратэстанты; татары – хрысьціяне і мусульмане; і г.д.).

Па-трэцяе, актыўныя прадстаўнікі той ці іншай рэлігіі могуць ня толькі на словах спрачацца паміж сабой аб тым, “у каго больш правільная вера”, а і пераходзіць да агрэсіўных фізічных дзеяньняў. Гісторыя чалавецтва ведае шмат рэлігійных войнаў: міліёны і мільёны людзей (!) загінулі ў перыяд насаджэньня хрысціянства ў сьвеце (інквізіцыя, хрышчэньне язычнікаў й г.д.), у крыжовых паходах на Блізкі Ўсход “за вызваленьне гроба Гасподня”, у час войнаў паміж каталікамі й пратэстантамі ў Заходняй Еўропе і г.д.

Так, па зьвестках некаторых дасьледчыкаў, толькі ў выніку “хрышчэньня Русі” – гэта ў асноўным тэрыторыі сучасных Украіны і Беларусі – якое на справе адбывалася агнём і мячом, з 12 мільёнаў насельніцтва было зьнішчана аж 9 мільёнаў (!), з 300 гарадоў засталося толькі 30. Пазьней большая частка гэтых жахлівых людскіх страт была сьпісана на татара-мангольскае ярмо (гл.  http://www.politforums.ru/internal/1289550560.htmlhttp://www.levashov.info/Articles/Rus_Pravo.html;  scepsis.ru/library/id_1807;  forum.j-fan.net.ru/index.php?showtopic=20492).

У якасьці ілюстрацыі да гэтых падзей гл. ніжэй фрагмент гравюры XVI ст. “Аўтадафэ ў Вальядалідзе, 1559 г.” (аўтадафэ – урачыстая публічная цэрэмонія, уключаючая ў сябе рэлігійныя працэсіі, багаслужэньні, выступы прапаведнікаў, публічныя пакаяньні асуджаных ерэцікоў, зачытваньне прысудаў, вынесеных судом інквізіцыі, і іх выкананьне – спальваньне вінаватых у “злачынствах супраць веры Хрыстовай” на вогнішчы; некаторыя навукоўцы сьцвярджаюць, што вынікам дзейнасьці інквізіцыі ў Еўропе ў сярэднія вякі сталі сотні тысяч спаленых на вогнішчы людзей, а таксама мільёны тых, хто пакутаваў у вязьніцы, быў пакалечаны, адрынуты ад грамадства, пазбаўлены маёмасці, добрага імя).


За гісторыяй распаўсюду па сьвеце многіх рэлігій, прадстаўнікі якіх любяць заяўляць аб іх выключна мірным характары, на справе цягнецца шырокі крывавы сьлед…

Пры ўсім тым варта ясна ўсьведамляць, што апошняе абумоўлена не столькі сьпецыфікай той ці іншай рэлігіі, колькі хцівымі інтарэсамі канкрэтных ўладароў і зьвязаных зь імі клерыкалаў (царкоўная бюракратыя), якія інструментальна выкарыстоўваць асаблівасьці рэлігійных сьветаглядаў людзей у сваіх палітычных (а дакладней эгаістычна-захопніцкіх) мэтах. Пры гэтым уладары-клерыкалы звычайна хаваюцца за заявамі аб неабходнасьці “навяртаньня дзікуноў да веры”, “хрышчэньня паганцаў”, “вызваленьня зямлі ад няверных”, “выкрыцця ерэцікоў” і да т.п.

У час укараненьня хрысьціянства на нашых беларускіх землях (якое пачалося тысячагоддзе таму), хрысьціянскія месіянеры, а пазьней і хрышчаныя ўладары, таксама называлі нашых продкаў-язычнікаў “паганцамі-многабожнікамі, якія моляцца каменным ідалам”. На самай справе язычніцтва было ня менш “монатэістычнай і духоўнай” рэлігіяй, чым псеўда-монатэістычнае хрысьціянства. Язычніцтва ўяўляе сабой духоўны лад жыцця, заснаваны на старажытных рэлігіях народаў сьвету, якія ў сваю чаргу грунтаваліся на законах Прыроды, адзіных для ўсяго свету (http://www.ru.paganfederation.org/aboutpaganism_ru.php). Язычнікі ўслаўлялі і ўслаўляюць святасць Прыроды, бачачы ва ўсім існым Боскі пачатак, пад якім разумеюць бясконцы і непазнавальны дух, які “распасьціраецца па ўсім Сусьвеце, ёсьць як бачны, так і ўтоены ад нас”, і які “выяўляе сябе ва ўсіх магчымых асьпектах нашай рэчаіснасьці”. У язычніцтве асабліва падкрэсьліваецца значэньне асабістага духоўнага досьведу, асабістай сувязі з Боскім Пачаткам – язычнікі ўступаюць у дачыненьні з Богам праз духоўна-эмацыйную сувязь з усімі праявамі Прыроды. Яны прызнаюць мужчынскае і жаночае як дзьве неад’емныя часткі аднаго цэлага, любяць і шануюць дзяцей, сваю грамаду. Сярод язычнікаў берагуцца і цэняцца лясы і лугі, рэкі і азёры, дзікія зьверы ды птушкі.

Таму язычніцкі сьветагляд ані трохі ня горшы за любы іншы рэлігійны сьветагляд. Яго недахоп мае выключна палітычны характар – у кожнага народа была свая язычніцкая рэлігія, а таму на грунце такой веры ім цяжэй было аб’яднацца для змаганьня з агульнымі ворагамі, якія, накідаючы “монатэістычныя рэлігі”, на справе ставілі выключна захопніцкія, імперскія мэты…


1.3. Філасофскі сьветагляд.

Па меры далейшага тэхналагічнага разьвіцьця людскага грамадства, адкрыцьця і засваеньня чалавекам пэўных ведаў аб аб’ектыўных заканамернасьцях, дасканаленьня пазнавальных механізмаў і адукацыйнай сістэмы паўстала магчымасьць для зьяўленьня і распаўсюду новай формы сьветагладу, які насіў ня толькі духоўна-практычны, але і тэарэтычны характар.

На зьмену вобразам, сімвалам, міфам прыходзіць Логас – розум. Нараджаецца філасофія. Яна робіць спробу вырашыць асноўныя сьветаглядныя праблемы сродкамі мысьленьня, абапіраючыся на паняцьці й меркаваньні, якія зьвязваюцца адно з адным па пэўных лагічных законах.

Філасофія выступіла на гістарычнай арэне як пошук сусьветнай мудрасьці (тэрмін “філасофія” ў перакладзе з грэцкай мовы і азначае “люблю мудрасць”; упершыню слова “філосаф” выкарыстаў грэцкі матэматык і мысьляр Піфагор яшчэ ў VI стагоддзі да н.э.) – спачатку паняцьце “філасофія” выкарыстоўвалася ў найбольш шырокім значэньні, азначаючы сукупнасьць тэарэтычных ведаў, назапашаных чалавецтвам.

У адрозьненьне ад рэлігійнага сьветагляду зь яго пераважнай увагай да пытаньняў адносін чалавека з міфічнымі Надсіламі-Звышістотамі, у філасофіі на першы план выносяцца інтэлектуальныя сьветаглядныя асьпекты. Гэтая перамена адлюстроўвала нарастаючую ў грамадстве патрэбу ў разуменьні Сьвета і ролі чалавека ў ім з пазіцыі Ведаў. Грунтуючыся на іх, філасофія вядзе пошук гармоніі людскага індывіда са Сьветам ды іншымі людзьмі.

Хаця філасофія спадкавала ўвесь аб’ём пазітыўных ведаў, якія назапасіла чалавецтва за тысячагоддзі свайго сьвядомага існаваньня, аднак яна таксама ўзяла ў міфалогіі ды рэлігіі іх характар погляду на рэчаіснасьць й іх сьветаглядныя сьхемы – то бок усю сукупнасьць пытаньняў пра паходжаньне Сьвету ў цэлым, пра яго пабудову, паходжаньне чалавека і да т.п. Праўда, вырашэньне сьветаглядных праблем у народжанай філасофіі ўжо адбывалася пад іншым ракурсам – а менавіта з пазіцыі рацыянальнай ацэнкі, з пазіцыі розуму. Таму можна сказаць, што філасофія – гэта тэарэтычна сфармуляваны сьветагляд ці тэарэтычна асэнсаванае сьветаўспрыняцьце.

Апошняе ў філасофіі выступае ў форме пэўных ведаў і носіць сістэматызаваны, упарадкаваны характар. Гэты момант істотна зьбліжае філасофію з навукай. Па меркаваньні нямецкага філосафа Л.Феербаха, пачатак філасофіі складаў пачатак навукі ў цэлым. “Філасофія – маці навук”. Філасофію з навукай таксама зьбліжае імкненьне абаперціся на тэарэтычныя метады дасьледваньня, выкарыстоўваць лагічны інструментар для абгрунтаваньня сваіх палажэньняў, выпрацаваць даставерныя, агульныя прынцыпы і палажэньні. Першыя дасьледчыкі-навукоўцы былі адначасна і філосафамі (дададзім: у сярэднія вякі й пазьней многія навукоўцы мелі пераважна рэлігійную адукацыю і нярэдка глыбокія рэлігійныя перакананьні).

Аднак па меры таго, як накопліваўся эмпірычны матэрыял і дасканаліліся метады навуковага дасьледваньня (што непарыўна зьвязана з прагрэсіўным разьвіцьцём чалавецтва), адбывалася дыферэнцыяцыя спосабаў пазнаньня ды стаўленьня да сапраўднасьці. Унутры філасофіі пачалі фармавацца самастойныя галіны ўжо чыста навуковых ведаў – матэматыка, фізіка, біялогія, медыцына, геаграфія і да т.п. З-за гэтага філасофія страціла сваю ролю быць адзінай формай тэарэтычнага засваеньня рэчаіснасьці. Адціснутая іншымі сьпецыялізаванымі навукамі, яна набыла новую сьпецыфіку – стала формай імкненьня да пазнаньня найбольш агульных, нават усеагульных, механізмаў быцьця. Сучасная філасофія бывае спрабуе разглядаць Сьвет за межамі людскага досьведу – то бок спрабуе адказваць на тыя пытаньні, для адказу на якія яшчэ няма навуковых фактаў ці яны вельмі няпэўныя.

Грунтуючыся на сваіх падыходах, філосафы і сёньня імкнуцца спасьцігнуць Сьвет як цэласную, бязьмежную ў прасторы і часе, бясконца мацнейшую за людскія сілы і практычна незалежную ад чалавека ды ўсяго чалавецтва аб’ектыўную рэчаіснасьць, зь якой людзі мусяць увесь час лічыцца. Універсалізм – характэрная прыкмета філасофскага спосабу засваеньня рэчаіснасьці (праўда, па гэтай рысе да філасофіі апошнім часам набліжаюцца, а то і апярэджваюць яе, такія навукі як матэматыка і кібернэтыка).

Аднак на справе многія філосафы бывае дазваляюць сабе, у адрозьненьне ад навукоўцаў, больш абапірацца ў метадалагічным плане ня столькі на аб’ектыўныя факты нашай рэчаіснасьці, колькі на ўнутраны сьвет людзей, на такія бакі рацыянальнага і псіхічнага, як “лагічнасьць, арыгінальнасьць, прыгажосьць”. Пералічаныя рысы філасофскіх канцэпцый часта падаюцца філосафам больш каштоўнымі, чым адэкватнасьць іх погладяў сапраўднасьці, якая пры гэтым можа ў той ці іншай ступені ігнаравацца.

Таму сёньня ва ўзаемаадносінах паміж філасофіяй і навукай праглядаюцца такія ж дачыненьні, як, напрыклад, у парах наступных зьяў: інтэлект – розум; суб’ектыўнасьць – аб’ектыўнасьць, віртуальнасьць – рэальнасьць, фармалізм – зьмястоўнасць, рамантызм – рэалізм, de jure – de fakto і г.д.

Чыстая логіка, занадта адарваная ад рэчаіснасьці, здольна прывесьці да абсурдаў (што ўжо казаць пра логіку, калі нават нашы пачуцьці нас мыляць: напрыклад, “інфармуюць” нас, што Сонца рухаецца вакол Зямлі; мы можам бачыць міражы і галюцынацыі, бачым рыбу ў вадзе ня там, дзе яна ёсьць і г.д.). Гэта ведалі нават філосафы старажытнай Грэцыі. Так, каб паказаць недастатковасьць адной толькі логікі для высвятленьня ісьціны, некаторыя зь іх прапаноўвалі сваім вучням адгадаць, напрыклад, загадку: “Чаму Ахіл, які ідзе ў 10 разоў хутчэй за чарапаху, па логіцы ня здольны дагнаць яе?”

Тым ня менш, ня маючы строга аб’ектыўнага крытэру на права да існаваньня, філасофскія канцэпцыі яшчэ і… бесперапынна множацца. У гэтым асьпекце ў філасофіі адбываецца тое ж, што характэрна і для міфалогій-рэлігій.


1.3.1. “Асноўнае пытаньне філасофіі”.

Такім чынам, філасофскіх канцэпцый сёньня існуе шмат. Мы ня будзем усе іх далей характарызаваць (гэта адмысловая праблема), затое нам варта прыглядзецца да некаторых падыходаў да сістэматызацыі філасофскіх сьветаглядных канцэпцый, а таксама адмыслова прааналізаваць тыя зь іх, якія аказалі найбольшы ўплыў на лёс чалавецтва.

Давайце пачнем зь першага пытаньня – сістэматызацыі філасофскіх канцэпцый на прыкладзе той, што прапанавалася (і прапагандавалася) у СССР – каб працягнуць наш далейшы аналіз.

Філасофская адукацыя на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу, як і само яго існаваньне, грунтаваліся сярод іншага на камуністычнай ідэалогіі (заўвага: ідэалогія – сьфера грамадскага жыцьця людзей, зьвязаная з фармуляваньнем і абгрунтаваньнем грамадскі значных мэт). У апошняй вялікая ўвага надавалася вызначэньню стаўленьня да г.зв. “асноўнага пытаньня філасофіі” (далей АПФ), якое выкарыстоўвалася ў т.л. і для таго, каб дапамагчы з’арыентавацца ў разнастайнасьці філасофскіх вучэньняў. АПФ інтэрпрэтавалася, як пытаньне пра “суадносіны сьвядомасьці й быцьця, адносіны духоўнага да матэрыяльнага ўвогуле” (http://bse.sci-lib.com/article085387.html). Заяўлялася, што гэтае пытаньне складае “зыходны пункт філасофскага дасьледваньня, з-за чаго той ці іншы адказ на яго (матэрыялістычны, ідэалістычны, дуалістычны) утварае грунт для кожнага філасофскага вучэньня” (там жа).

Для таго, каб пацьвердзіць слушнасьць менавіта такога падыходу да ацэнкі й класіфікацыі розных філасофскіх сьветаглядаў, савецкія філосафы рабілі тое, што сапраўдныя навукоўцы рабіць не павінны – яны спасылаліся на аўтарытэты (што характэрна больш для рэлігійнікаў). Сярод апошніх савецкімі філосафамі й ідэолагамі лічыліся “класікі марксізма-ленінізма” – Карл Маркс, Фрыдрых Энгельс, Уладзімір Ульянаў-Ленін (гл. ілюстрацыю; быў час, калі да іх дадаваўся яшчэ і Ёсіф Сталін).

Так, Ф.Энгельс, паказваючы на значэньне АПФ, сапраўды пісаў: «Філосафы падзяліліся на два вялікія лагеры па тым, як адказвалі яны на гэтае пытаньне. Тыя, хто сцьвярджаў, што дух існаваў перш прыроды…, – склалі ідэалістычны лагер. Тыя ж, якія асноўным пачаткам лічылі прыроду, далучыліся да розных школаў матэрыялізму» (Маркс К. і Энгельс Ф., Сач., 2 выд., Т. 21, с. 283). На думку Энгельса, у сярэднія вякі, калі рэлігія была пануючай формай грамадскай сьвядомасьці, АПФ ужо мела наступны выгляд: “ці створаны Сьвет Богам, ці ён існуе ад стагоддзяў?”. Пазьней дзякуючы буржуазным рэвалюцыям і ліквідацыі духоўнай дыктатуры клерыкалізму АПФ «… магло быць пастаўлена з усёй рэзкасцю, магло набыць усё сваё значэнне…» (гл. там жа).

Таму Энгельс разглядаў АПФ як зьмест і “тэарэтычны вынік інтэлектуальнай гісторыі чалавецтва“. Цытата: “У вырашэнні АПФ выяўляюцца два галоўныя філасофскіх кірункі – матэрыялізм й ідэалізм, барацьба якіх складае змест гісторыка-філасофскага працэсу” (там жа).

(У якасьці рэмаркі – каб у нашых чытачоў ня складалася скажоных ўяўленьняў – заўважым: многія дамарксісцкія і сёньняшнія немарксісцкія філосафы ня лічаць пытанне аб “адносінах духоўнага да матэрыяльнага” асноўным пытаньнем філасофіі. Напрыклад, для Ф. Бэкана АПФ – гэта праблема авалодання “стыхійнымі сіламі прыроды”. Французскі філосаф ХХ ст. А. Камю лічыў, што АПФ – гэта пытаньне аб тым, “ці варта жыць”. Некаторыя філосафы ў якасьці галоўнага пытаньня аб’яўляюць наступнае: “ці можна стаць багатым і пры гэтым захаваць сумленьне?”. А аўтары данага выданьня ў якасьці АПФ прапануюць высьветліць: ці мы – людзі, можам накінуць Сьвету свае суб’ектыўныя “законы”, ці аб’ектыўныя законы прагрэсіўнага разьвіцьця Сьвету ёсьць адзіны сэнсоўны арыентыр для нас?).

Калі б АПФ у той форме, у якой яно было запрапанавана Энгельсам, заставалася толькі ў рамкам філасофіі, вялікай бяды не было б. Аднак усьлед за камуна-савецкімі філосафамі й ідэалогі марксізму-ленінізму (г.зн. прыхільнікі ідэалогіі, сфармаванай на грунце філасофскіх уяўленьняў пералічаных вышэй класікаў) таксама паўтаралі, што пры фармуляваньні АПФ паняцьці духоўнага і матэрыяльнага, суб’ектыўнага і аб’ектыўнага (іначае, суб’ектыўнай і аб’ектыўнай рэчаіснасьці) слімае”.утвараюць дыхатамію, “якая ахоплівае ўсё існае, усё магчымае, усё мы Таму любыя грамадскія зьявы яны таксама заўсёды імкнуліся аднесьці да “духоўнага ці матэрыяльнага”.

Пры гэтым камуна-савецкія філосафы й ідэолагі самі сябе аб’яўлялі “матэрыялістамі” – г.зн. тымі, хто ва ўсім прызнаваў прыярытэт, большую важнасьць матэрыяльнага – і супрацьпастаўлялі сябе “ідэалістам” – тым, хто прызнаваў першаснасьць ідэальнага. Да апошніх яны адносілі, напрыклад, аб’ектыўных ідэалістаў Гегеля (які прымаў за першаснае нейкае “па-за чалавекам існае мысленьне, абсалютную ідэю”), А.Шапенгаўэра (які зыходзіў з уяўленьня аб “несьвядомай касьмічнай волі”),  суб’ектыўнага ідэаліста Э.Маха (які лічыў, што “ўсе рэчы складаюцца з адчуваньняў”).

Дадаткова матэрыялісты называлі сябе “атэістамі” – г.зн. тымі, хто не прызнае існаваньне Бога – і аб’яўлялі вайну рэлігійнікам.

Калі б АПФ у азначанай вышэй энгельсаўскай пастаноўцы заставалася толькі ў рамках ідэалагічных спрэчак, зноў жа вялікай бяды не было б. Аднак ідэалогі марксізму-ленінізму разам з таталітарнымі ўладарамі савецкай імперыі актыўна ўзяліся гвалтам укараняць “матэрыялізм-атэізм” у якасьці абавязковага сьветагляду ўсяму грамадству. На гэтым фоне далей ужо разгортвалася эпапея палітычнай барацьбы “самага перадавога класа”, якім аб’яўляўся пралетарыят, супраць “рэакцыйнага класа капіталістаў-эксплуататараў” (на справе, шмат у гэтай “барацьбе” ад марксістаў-ленінцаў дасталося і сялянам, сьвятарам, вайскоўцам, “праслойцы” – інтэлігенцыі, дый… тым жа рабочым).

Так ва ўмовах штучна накінутай непазьбежнасьці выбару паміж двума варыянтамі адказу на АПФ, пастаўленым бальшавікамі-камуністамі, “барацьба паміж матэрыялізмам й ідэалізмам” перацякла са сьферы філосафіі й ідэалогіі ў грамадска-палітычную рэчаіснасьць на ўсёй тэрыторыі былога СССР і… далей,  набыўшы характар вострага палітычнага супрацьстаяньня (заўвага: палітыка – сьфера грамадскага жыцьця людзей, зьвязаная з захопам, утрыманьнем і распараджэньнем уладай). У выніку, як і ў выпадку з узгаданым вышэй накіданьнем народам хрысьціянства, усё гэты прывяло да страты… дзесяткаў мільёнаў (!) людскіх жыцьцяў (найперш на тэрыторыі былой савецкай імперыі).

Пры гэтым бальшавікі-камуністы сваю звышзлачынную дзейнасьць прапагандысцкі заўсёды падавалі канструктыўна і прывабна – як барацьбу “за сьветлую камуністычную будучыню ўсяго чалавецтва”…

Аднак накіданьне марксістамі-ленінцамі народам сьвету свайго варынта вырашэньня АПФ і блізка ня мела б такіх грандыёзных негатыўных наступстваў, калі б іх філасофскі сьветагляд сапраўды забясьпечваў грамадскі прагрэс, а не ўтрымліваў нейкія прынцыповыя сьветаглядна-філасофскія “дэфекты” (магчыма, нават наўмысна закладзеныя), якія ў сваю чаргу адразу становяцца бачнымі, як толькі мы пачынаем пастлядоўна ставіць і разьвіваць прасьцейшыя пытаньні адносна таго, канкрэтна што лічыць “матэрыяльным”, а што “ідэальным, духоўным”.

Так, калі матэрыяльным лічыць усё, што мае масу, памер, структуру, тады прастора, час, рух, моц, разьвіцьцёвы патэнцыял, інфармацыя, работа, розум, каханьне, прыгажосьць, жыцьцё, культура, мараль, мова, гісторыя, сэнс і мэта жыцьця, і да т.п. – гэта што? “Матэрыяльнае” ці “ідэальнае”?

У гэтай сітуацыі “матэрыялісты” звычайна пачыналі выкручвацца, ратуючы свой АПФ, і заяўлялі, што прастора і час (як правіла, “забываючы” пра іншае) – гэта формы існаваньня матэрыі… Аднак, калі так, дык нават з пазіцыі матэрыялізму атрымліваецца, што ў Сьвеце прысутнічае яшчэ штосьці, што не ўкладаецца ў дзьве шуфлядкі, пазначаныя “матэрыялістычнамі” этыкеткамі: “Матэрыяльнае” і “Ідэальнае”…

Пытаньне ж яшчэ больш заблытвае тое, што у фармулёўцы Энгельса матэрыяльнае падаецца як сінонім аб’ектыўнай рэчаіснасьці. Аднак гэта ня верна, паколькі ў апошняй ёсьць такія ўласьцівасьці, як, напрыклад, названыя вышэй час, рух, разьвіцьцёвы патэнцыял і да т.п., якія “матэрыяльным” назваць, ну, ніяк не выпадае.

Аналагічная праблема паўстае і зь ідэальным, духоўным. Што гэта такое? Думкі, пачуцьці, жаданьні? Усе? Ці толькі самыя высокія? Толькі мае, ці ўсіх жывых істот на Зямлі? Ці толькі людзей? Усіх разам, ці кожнага паасобку? І ці раўназначна паняцьце “ідэальнае” паняцьцю “духоўнае”, а тым больш паняцьцю “суб’ектыўная рэчаіснасьць”? А што матэрыялісты, абапіраючыся на свой варыянт АПФ, здольныя сказаць ідэалістам пра Бога? Ён матэрыяльны ці ідэальны? І ўвогуле, ідэальнае – гэта тое, што існуе ці не існуе? Нашыя думкі існуюць ці не?

Уся гэтая мешаніна і неадназначнась ужо павінны выклікаць у нас падазрэньне, што тут – з энгельсаўскім АПФ – нешта ня тое… А ўся справа ў тым, што марксісцка-ленінскае АПФ – гэта проста… няверна пастаўленае, зманлівае пытаньне, якое адводзіць убок ад сапраўднасьці. Яно, як мінімум, “не працуе”, не дае ясных уяўленьняў, не стварае надзейнай апоры для аналізу нашай рэчаіснасьці, а як максімум – наадварот заблытвае.

(Каб вам, нашыя чытачы, не заставацца ў заблытаным стане, адразу адзначым: аб’ектыўная рэчаіснасьць (з усімі яе ўласьцівасьцямі, умовамі існаваньня і да т.п.) – гэта ніяк ня “ўсё матэрыальнае”, не “матэрыя”; многае з таго, што прыхільнікі энгельсаўскага варыянта АПФ называюць “ідэальным” (напрыклад, думкі іншых людзей), на самай справе ёсьць часткай аб’ектыўнай рэчаіснасьці; а прастора, час і да т.п. – гэта ня “формы”, а ўмовы існаваньня ў Сьвеце матэрыяльных аб’ектаў, меншых за Яго, бо прастора, час, рух – гэта ўласьцівасьці Сьвету).

Калі б Энгельс спыніўся на падзеле Сьвету на аб’ектыўную і суб’ектыўную рэчаіснасьць (не заяўляючы, што сінонімам гэтага зьяўляюцца паняцьці матэрыяльнага й ідэальнага), тады б у яго прапанове было б больш дарэчнасьці, але адначасна… і не было інтрыгі. Усё выглядала б простай канстатацыяй усім відавочнага. Энгельс жа вырашыў (відаць, пад уплывам К.Маркса) закруціць думку… У выніку сьветаглядны хаас у галовах людзей, які ствараў энгельсаўскі варыянт АПФ, быў тым зыходным фонам, які ствараў умовы і для масавага тэрору зь гібельлю мільёнаў, часта лепшых, і для працяглага накіданьня людзям ўтапічнага камуністычнага міфа, які ў сваю чаргу пераўтвараў у бессэнсоўшчыну жыцьці сотняў мільёнаў людзей на працягу дзесяцігоддзяў…

Наша задача супрацьлеглая – усё, што можна, праясьняць. Таму і парада ў нас наступная: калі вы жадаеце мець адэкватны сьветагляд, не трапляйце на вуду энгельскаўскага АПФ у такой жа ступені, як і на прапаганду рэлігійнікаў. Ігнаруйце іх, бо і тое, і тое – гэта небясьпечныя ментальныя тэхналогіі адцягваньня людзей убок ад сапраўднасьці

Такім чынам, галоўнае “філасофскае” зло марксістаў-ленінцаў было схавана ў іхным АПФ, але было яшчэ і дадатковае зло ў тым, як бальшавікі-камуністы разумелі й разьвівалі “матэрыялізм”.


1.3.2. “Матэрыялізм”.

Філосафы-ідэалісты, вядома – не рэлігійнікі. Але апошнія могуць выкарыстоўваць погляды такіх філосафаў для доказу “праўдзівасьці” свайго сьветагляду. Маўляў, вось і аўтарытэтныя філосафы заяўляюць аб існаваньні за межамі нашага сьвету Кагосьці звышмагутнага, недасягальнага, непазнавальнага – Таго, Хто стварыў увесь сьвет. “Хто ж гэта можа быць, як ня Бог, якому мы павінны падпарадкоўвацца?” – пытаюцца рэлігійнікі ў сваім ідэйна-слоўным круцельстве. Таму ідэалістычны філасофскі сьветагляд сёньня варта ўспрымаць як, па сутнасьці, мадэрнаваны рэлігійны сьветагляд, пазбаўлены састарэлых форм рыторыкі й культу ды ўпісаны ў метадалагічна-тэрміналагічныя рамкі філасофіі… З-за яго адноснай грамадскай бяскрыўднасьці (на фоне чыста рэлігійнага сьветагляду) мы ня будзем далей аддаваць яму нашу ўвагу, а больш падрабязна прааналізуем асаблівасьці дзейнасьці марксістаў-ленінцаў, якая мела надзвычай негатыўныя наступствы. Тым больш, што іх “рашэньне АПФ”, як й іх разуменьне “матэрыялізму” ўсё яшчэ застаецца ў галовах многіх людзей у якасьці прыярытэтнага.

Вялікая Савецкая Энцыклапедыя даволі бяскрыўдна вызначае паняцьце “Матэрыялізм” (http://bse.sci-lib.com/article074340.html): “Матэрыялізм (ад лацінскага materialis – рэчыўны) – адзін з двух галоўных філасофскіх кірункаў, які вырашае асноўнае пытаньне філасофіі на карысьць першаснасьці матэрыі, прыроды, быцьця, фізічнага, аб’ектыўнага і разглядае мысьленьне як уласьцівасьць матэрыі ў супрацьлегласьць ідэалізму, які за зыходнае прымае дух, ідэю, сьвядомасьць, псіхічнае, суб’ектыўнае. Прызнаньне першаснасьці матэрыі азначае, што яна нікім ня створана, а існуе вечна, што прастора і час – суць аб’ектыўна існуючыя формы быцьця матэрыі, што мысьленьне ёсьць неаддзяляльным ад матэрыі, якая мысьліць, што адзінства Сьвету заключаецца ў яго матэрыяльнасьці” (больш падрабязна гл. http://filosof.historic.ru/enc/item/f00/s06/a000644.shtml; тут бадай што можна паспрачацца толькі з “першаснасьцю матэрыі”. Напрыклад так: 13,7 млрд. гадоў таму наш Сьвет, які толькі што нарадзіўся, быў яшчэ няразьвітым – фактычна зародкам нашага сёньняшняга Сьвету. Але ў яго быў патэнцыял стаць тым Сьветам, якім ён ёсьць цяпер. Той вялікі разьвіцьцёвы патэнцыял у зародка Сьвета – гэта матэрыяльнае ці ідэальнае? А калі ідэальнае, дык няўжо спачатку зьявіўся зародак сёньняшняга Сьвету, а толькі затым яго разьвіцьцёвы патэнцыял? А, можа, яны зьявіліся адначасна?!).

Аднак, адносна рэчаіснасьці больш-менш удалая філасофская формула значыць вельмі мала на фоне таго, хто і як пажадае ёй пакарыстацца. Акрамя таго, адзначаная вышэй размытасьць паняцьця “матэрыяльнае” паспрыяла стварэньню шматлікіх варыяцый у разуменьні гэтага паняцьця і зьяўленьню розных матэрыялістаў. Такім чынам, нават у межах матэрыялістачнай галіны філасофіі ўзьнікала сітуацыя, якая магла быць “вырашана” не шляхам філасофскіх спрэчак, а толькі… гвалтоўным чынам.

Так яно і адбывалася. Марксісты-ленінцы ня толькі крытыкавалі апанентаў з рэлігійна-ідэалістычным сьветаглядаі, а і самастойна разьвівалі матэрыялізм, і адначасна крытыкавалі розныя версіі “немарксісцкага матэрыялізму”. У апошняй сваёй дзейнасьці яны зьвярталі ўвагу на “метафізічнасьць і механіцызм” такога матэрыяліму, на яго і яго носьбітаў “абмежаванасьць” ды “ідэалістычнае разуменне гісторыі” (гэта ўсё гаворка пра матэрыялістаў!), якія, маўляў, былі пераадолены “толькі філасофіяй марксізму”.

Пры гэтым самі марксісты-ленінцы падавалі сябе прыхільнікамі той галіны матэрыялізму, якую называлі “дыялектычным матэрыялізмам”.

Аднак, разумеючы “ідэальнае, духоўнае” толькі як “спецыфічны прадукт разьвіцьця матэрыі”, марксісты-ленінцы ў сваю чаргу механічна пераносілі сваё рашэньне АПФ на ўяўленьні ня толькі аб сутнасьці біялагічнага, а і нават індывідуальна-людскага ды грамадскага жыцьця. Яны, у прыватнасьці, заяўлялі: «Калі матэрыялізм наогул тлумачыць сьвядомасьць з быцьця, а не наадварот, то ў выкарыстаньні да грамадскага жыцьця чалавецтва матэрыялізм патрабаваў тлумачэньня грамадскай сьвядомасьці з грамадскага быцьця» (Ленін У. І., Поўны збор твораў, 5-е выд., т. 26, с. 55-56). Камуна-савецкімі філосафамі й ідэолагамі такое ўяўленьне лічылася “адпраўным пунктам матэрыялістычнага разуменьня гісторыі”.

Прынцыповую тэарэтычную памылковасьць гэтага “адпраўнога пункта” лёгка паказаць лагічна – усім жа зразумела: ня толькі быцьцё людзей вызначае іх сьвядомасьць, а і ў ня меншай ступені сьвядомасьць людзей вызначае іх быцьцё!..

Практычная ж “памылковасьць” гэтага “пункта”, а па-просту яго зло, выразна бачнае на фоне вынікаў гістарычнай практыкі (дарэчы, бальшавікі-камуністы любілі паўтараць Леніна, які недзе заявіў, што практыка – крытэр ісьціны): савецкая “матэрыялістычна-атэістычная” імперыя, заснаваная на “самым перадавым вучэньні Маркса, Энгельса, Леніна”, урэшце ня толькі развалілася, а і папярэдне загнала ў бессэнсоўшчыну і небыцьцё мільёны людскіх жыцьцяў!..

Нарэшце, зманлівасьць ды зло энгельскаўскага варыянту АПФ і “марксісцка-ленінскага дыялектычнага матэрыялізму” добра бачныя на фоне іх уплыву на працэс пазнаньня аб’ектыўных заканамернасьцяў нашай рэчаіснасьці.


1.3.3. “Дыялектычны матэрыялізм” у сьферы пазнаньня біялагічных заканамернасьцяў.

Для паўнаты апісаньня сітуацыі мусім нагадаць, што ў дадатак да пытаньня аб “суадносінах духоўнага і матэрыяльнага” марксісты-ленінцы заяўлялі, што АПФ заключае ў сабе таксама і пытаньне аб адносінах пазнавальных здольнасьцяў чалавека да рэчаіснасьці: «… Як стасуюцца нашы думкі аб сьвеце, які навокал нас, да самаго гэтага сьвету? Ці ў стане наша мысьленьне спазнаваць сапраўдны сьвет, ці можам мы ў нашых уяўленьнях і паняцьцях дакладна адлюстраваць рэчаіснасьць?”. Адмоўны адказ на гэтае пытаньне быў характэрны для прадстаўнікоў ськептыцызму, агнастыцызму. Калі ж гэтая праблема вырашалася станоўча, яе рашэньне мела рознае афармленьне ў матэрыялізме й ідэалізме. Так матэрыялісты бачаць у пазнаньні адлюстраваньне ў людскай сьвядомасьці незалежнай ад чалавека рэчаіснасьці (што, у адрозьненьне ад галоўнай інтэрпрэтацыі імі “АПФ”, можна цалкам прыняць). Ідэалісты ж выступаюць супраць тэорыі адлюстраваньня. Яны тлумачаць пазнавальную дзейнасьць як камбінаваньне пачуцьцёвых даных з канструяваньнем аб’ектаў пазнаньня пасродкам апрыёрных катэгорый і з лагічным працэсам атрыманьня новых высноў з наяўных аксіём і дапушчэнняў (у многім гэта тое самае, што і ў матэрыялістаў; толькі першыя кажуць пра зьмест пазнаньня, а другія – пра яго псіхічна-суб’ектыўныя механізмы).

Аднак зноў, як і ў папярэдніх выпадках, верныя словы ў кніжках марксістаў-ленінцаў – гэта адно, а практыка дзейнасьці апошніх – гэта нешта зусім іншае… Напрыклад, на практыцы камуністычныя матэрыялісты-дыялектыкі бяруць і ўводзяць у літаратурную творчасьць адзін з крытэраў ісьціны – прынцып “партыйнасьць у літаратуры”. Гэты прынцып  азначае, што ўсе факты і заканамернасьці нашай рэчаіснасьці павінны апісвацца ў літаратуры з пазіцыі… “інтарэсаў партыі” – г.зн. КПСС. Вось і ўсё “адлюстраваньне рэчаіснасьці” – толькі праз марксісцка-ленінскія акуляры, толькі праз інтарэсы кампартыйнай бюракратыі…

У навуцы – галоўнай сьферы пазнаньня аб’ектыўных заканамернасьцяў Сьвету – у часы СССР было нешта аналагічнае.

Напэўна, многім вядома, што бальшавікі (спачатку трацкісты-ленінцы, пазьней ленінцы-сталінцы), якія захапілі ўладу ў 1917 годзе на тэрыторыі былой Расейскай імперыі, былі не ў ладах з многімі навукамі й перадавымі навукоўцамі. Ім разам з “матэрыялістамі-дыялектыкамі” не падабалася шмат з таго, што было адкрыта ў кібернетыцы, псіхалогіі, сацыялогіі, эканоміцы, гісторыі, біялогіі. З-за гэтага яны (як раней інквізіцыя) альбо забаранялі ведаць тыя ці іншыя навуковыя факты і нават цэлыя навуковыя галіны, альбо прыдумвалі свае “новыя, перадавыя вучэньні” замест “буржуазна-рэакцыйных”. Давайце каротка прааналузуем, што ім канкрэтна не падабалася, напрыклад, у біялогіі, а затым паспрабуем адказаць на пытаньне: чаму ім гэта не падабалася? (выкладаючы гэтую частку матэрыяла, аўтары разьлічваюць, што чытачы маюць базавыя агульнабіялагічныя веды, каб бачыць у прыведзеным ніжэй  матэрыяле ўражвальнае цемрашальства – фактычна новую бальшавіцкую рэлігію).

Пачнем з найбольш вядомага факта – разгрома і наступнай шматгадовай забароны генетыкі. Гэтыя падзеі зьяўляюцца шчыльна зьвязанымі зь імёнамі прэзідэнта Ўсесаюзнай Акадэміі сельскагаспадарчых навук імя У.І.Леніна (далей, УАСГНІЛ) акадэміка Трафіма Лысенкі (гл. малюнак) і яго напарніка акадэміка Ісака Прэзента.

Апафеозам разгрому генетыкі ў СССР лічыцца сесія ЎАСГНІЛ, якая адбылася 31 ліпеня 1948 года. Выступаючы там зь вялікім праграмным дакладам, азаглаўленым “Аб становішчы ў біялагічнай навуцы”, Лысенка сярод іншага заяўляў, што “гісторыя біялогіі – гэта арэна ідэалагічнай барацьбы”, што ёсьць “два сьветы [камуністычны і капіталістычны] і дзьве ідэалогіі ў біялогіі”, выкрываў “схаластыку, бясплоднасьць і рэакцыйную сутнасьць мендэлізма-вейсманізма-марганізма”, прыпісваў заходнім навукоўцам “ідэю непазнавальнасьці” ў вучэньні аб спадчынным рэчыве, сьцьвярджаў, што толькі “мічурынскае вучэньне зьяўляецца асновай навуковай біялогіі”, што толькі яно ёсьць “творчым” і прыгодным для “падрыхтоўкі кадраў маладых савецкіх біёлагаў” (Лысенко Т.Д. О положении в биологической науке. – Москва, “Сельхозгиз”. – 1948 г. – С. 64).

Каб лепш уяўляць сітуацыю, у якой на тэрыторыі былога СССР з 1930-х па 1960-я гады знаходзіліся гінетыка і сапраўдныя генетыкі, прыводзім ніжэй ілюстрацыю з фрагментам даклада Лысенкі, зь якога бачна, за што “перадавыя савецкія генетыкі” крытыкавалі “генетыкаў рэакцыйных”, і што яны прапанавалі ў якасьць “правільнай” альтэрнатывы.

Нават з дадзенага фрагмента бачна, што “перадавыя савецкія генетыкі” на чале з Лысенкам цалкам адрыналі ўяўленьні Вейсмана аб існаваньні спадчыннага рэчыва (Вейсман, дарэчы, яшчэ і першым западозрыў, што спадчыннасьць зьвязана з храмасомамі), а таксама законы класічнай генетыкі Мендэля і Моргана. Яны крытыкавалі Дарвіна за прыхільнасьць ідэям Мальтуса (пра апошнія будзе далей) і нават за прызнаньне ўнутрывідавой канкурэнцыі. У той жа час яны актыўна падтрымлівалі памылковыя ўяўленьні Ламарка зь яго ідэяй “спадкаваньня добранабытых адзнак” і асабліва Мічурына, які сцьвярджаў тое ж ды “практычна гэта давёў”. “Савецкія генетыкі” заяўлялі, што супрацьстаяньне па гэтых пытаньнях у біялагічнай тэорыі набыло характар “непрымірымай, вострай ідэалагічнай барацьбы” і што верным ёсьць толькі мічурынскае вучэньне, бо яно “па сваёй сутнасьці зьяўляецца матэрыялістычна-дыялектычным”.

Далей у сваім выступе (гл. там жа), гаворачы ад імя “перадавых савецкіх генетыкаў”, Лысенка дазваляў сабе выказвацца пра Мендэля, Вейсмана, Моргана і пра іх паслядоўнікаў у Савецкім Саюзе (Кальцова, Дубініна, Завадоўскага, Маліноўскага, Жэбрака, Жукоўскага, іншых), як пра “ненавукоўцаў”, “схаластаў”, “ідэалістаў”, “метафізікаў”, “агностыкаў” і, ўрэшце… “рэакцыянераў”. У якасьці альтэрнатывы ім рэкламаваліся Ціміразеў і асабліва Мічурын.

Было ў дакладзе Лысенкі і цікавае вызначэньне спадчыннасьці. На думку прэзідэнта УАСГНІЛ, “спадчыннасьць – гэта эфект канцэнтраваньня ўзьдзеньняў умоў вонкавага асяроддзя, асіміляваных арганізмамі ў шэрагу папярэдніх пакаленняў”.

“Біёлаг-педагог” акадэмік І.Прэзент (гл. фота; бліжэйшыя супрацоўнікі Лысенкі ў 1938 г.; Прэзент – зьлева ўнізе, Лысенка сядзіць у цэнтры) таксама актыўна прапагандаваў ламаркісцкія погляды і метады “вывядзеньня новых гатункаў пладовых расьлін шляхам выхаваньня”, запрапанаваныя садоўнікам-самавучкай Мічурыным (які, дарэчы, перад сьмерцю пасьпеў заявіць: “Прыродазнаўства па сваёй сутнасьці матэрыялістычнае … Яно стыхійна цягнецца да дыялектыкі. Для пазьбяганьня памылаковага разуменьня … неабходна ведаць адзіна правільную філасофію – філасофію дыялектычнага матэрыялізму … Толькі на грунце вучэння Маркса, Энгельса, Леніна і Сталіна магчыма цалкам рэканструяваць навуку”. – гл. И.В.Мичурин. Соч., т. І, ст. 623).

У сваёй брашуры, прысьвечанай гэтаму садаводу-самавучцы (гл. И.И.Презент. В.И.Мичурин – основоположник советского творческого дарвинизма. – Из-во «Правда», М. 1951 г. – С.24.), Прэзент зьвязаў вядомае выказваньне К.Маркса: “Філосафы толькі розным чынам тлумачылі сьвет, але справа заключаецца ў тым, каб зьмяніць яго” (К.Маркс и Ф.Энгельс. Соч. т. IV, ст. 589,591) – з наступнай устаноўкай Мічурына: “Перарабліваць жывую прыроду адпаведна наўмысна выпрацаванаму плану”.  Затым ён па ўсёй брашуры і на ўсе лады рэкламавай метады “навуковай працы”, запрапанаваныя Мічурыным, якія нібыта вельмі хутка давалі запланаваныя вынікі. “Думка Мічурына крыштальна ясная: трэба не шукаць расьліны сярод мільёнаў гібрыдаў, а выхоўваць планамерна падабранымі сродкамі кожны сеянец і такім чынам вывадзіць гатункі асэнсаванай воляй чалавека, ня робячы стаўку на шчасьлівы выпадак”, – рэкамендаваў ва ўсё той жа брашуры савецкі біёлаг-філосаф І.Прэзент.

У тыя часы падобныя абсалютна ілжывыя ўстаноўкі, але пададзеныя з высокай трыбуны ад імя кіраўнікоў КПСС і СССР, азначалі сітуацыю жорсткага выбару для ўсіх грамадзян (але асабліва для навукоўцаў-генетыкаў): альбо ты прымаеш “дыялектыка-матэрыялістычны” сьветагляд, пачынаеш паўтараць усю гэту лухту і так-сяк жывеш, альбо не прымаеш, і табе пагражаюць самыя розныя рэпрэсіі – ад астракізма і звальненьня з працы да зьняволення, катаваньняў, сьмерці.

Напрыклад, на фота зьлева бачныя І.Мічурын і Мікалай Вавілаў. Апошні – сусьветна знакаміты генетык. Ён абраў другі шлях. І таму, нягледзячы на тое, што Вавілава ведаў увесь сьвет, ён загінуў у вязьніцы НКВД у студзені 1943 г.

Вось з-за такіх дзеяньняў у т.л. і лысенкаў-прэзентаў, “узброеных матэрыялістычна-дыялектычным сьветаглядам й ідэалогіяй марксізму-ленінізму”, “самая перадавая ў сьвеце савецкая генетыка” была адкінутая ў сваім разьвіцьці мінімум на 20-30 гадоў (дарэчы, цяжкую атмасьферу ў асяроддзі селекцыянераў у тыя часы паказвае знакаміты серыял “Белыя адзенні”, зьняты ў Беларусі па аднайменнаму раману Ул.Дудзінцава, аўтар якога ў сваю чаргу абапіраўся на рэальныя падзеі, меўшыя месца ў адным з беларускіх ВНУ ў тыя часы).

Аналагічныя падзеі пад уплывам матэрыялістаў-дылектыкаў адбываліся і ў цыталогіі, гісталогіі, эмрыялогіі.  Там быў свой Лысенка – акадэмік Вольга Лепешынская (гл. фота). Яна насуперак “рэакцыйным навукоўцам Захаду” ўнесла свой “перадавы ўклад” у разьвіцьцё гэтых навук. Галоўнае дасягненьне Лепешынскай заключалася ў тым, што яна выступала катэгарычна супраць аднаго з палажэньняў клеткавай тэорыі, запрапанаванага нямецкім патолагам Р.Вірхавым – “кожная клетка з клеткі”. Яна сьцьвярджала, што клеткі могуць утварацца з “жывога рэчыва”.

У якасьці ілюстрацыі да такога “адкрыцьця”, прывядзем некалькі цытат з адной зь яе брашур (гл. О.Б.Лепешинская. Клетка и её происхождение. – М., Сельхозгиз. – 1951 г. – С. 48). У гэтай брашуры пасьля абавязковых заклінаньняў пра тое, што “савецкія навукоўцы, пасьлядоўныя матэрыялісты-дыялектыкі, зрабілі найбуйны скачок на шляху дзейнага пазнаньня прыроды”, што “наш урад, партыя [у тыя часы гэта была толькі КПСС. – Рэд.] і асабіста таварыш Сталін стварылі ўсе неабходныя ўмовы для разьвіцьця самай прагрэсіўнай у сьвеце савецкай навукі”, Лепешынская заяўляе: “Навукоўцы матэрыялісты-біёлагі, узброеныя дыялектычным метадам, вывучаючы будову і жыццё клеткі, прыйшлі да вельмі важных адкрыццяў і высноў. На грунце навейшых даных, можна лічыць, што кожная кропелька, кожная драбнейшая часцінка бялковага рэчыва, здольная да абмену рэчываў, зьяўляецца жывой і можа, пры пэўных умовах, разьвіцца ў бачную клеткавую структуру”.

Далей у брашуры Лепешынскай можна прачытаць: “Вірхавіянцы лічылі, што ў наш час клеткі, нібыта, ніколі не ўзьнікаюць і не развіваюцца з арганічнага рэчыва … Вірхавіянскае ілжэвучэньне аб нязьменнасьці ўсяго жывога адкрыла шлях для рэлігійнага адурманьваньня народа … На грунце вірхавіянскіх ідэй вырасла буржуазнае ілжэвучэньне аб спадчыннасьці – старая, так званая фармальная, генетыка Вейсмана, Мендэля і Моргана. Гэтае вучэньне спрабавала апраўдаць эксплуатацыю чалавека чалавекам, стварыла чалавеканенавісьніцкую “расавую” тэорыю, якая апраўдвала войны і зьністажэньне людзей у інтарэсах імперыялізму … Насуперак Вірхаву, Гаранінаў, Шлейдэн і Шван спрабавалі даказаць, што новыя клеткі ў арганізме ўзнікаюць шляхам разьвіцьця з няклетачнага рэчыва”.

Дык пры якіх абставінах, па дадзеных Лепешынскай, могуць узьнікаць клеткі з жывога рэчыва і ў наш час? А, напрыклад, пры такіх:

“Мы пераканаліся, што клеткі крыві, якая выцякла ў рану, распадаюцца на зярністасьць. З гэтай зярністасьці праз шэраг стадый разьвіваюцца новыя клеткі, якія выконваюць вялікую ролю ў зажыўленьні раны, у стварэньні рубца”;

“Нашай лабараторыяй былі вывучаныя зьявы, якія адбываюцца ў бялку птушынага яйка. Аказалася, што ня толькі жаўток, але і бялок яйка курыцы, качкі, гуся, голуба, вераб’я, фазана, папугая ды іншых птушак зьяўляеца жывым рэчывам, здольным разьвівацца ў паўнавартасныя клеткі” (гл. фота зьлева, узятае з цытуемай працы Лепешынскай, на якім нібыта бачны “працэс развіцьця клетак у бялку курынага яйка”).

Заключае сваю працу акадэмік Лепешынская наступным патрабаваннем: “Клеткавая тэорыя Вірхава павінна канчаткова сысці са сцэны і саступіць месца новай дыялектыка-матэрыялістычнай тэорыі паходжаньня і развіцьця клетак з жывога рэчыва”.

Вось так выглядалі рэцэпты псеўданавуковага шарлатанства і яго абгрунтавання ў выкананьні вернага ленінца-сталінца В.Лепешынскай і яе паслядоўнікаў на падставе самай перадавой філасофіі – дыялектычнага матэрыялізму. Але зноў жа, справа ня толькі ў тым, што нехта недзе свае фальсіфікацыі ды фантазіі аб’яўляе “навукай”, а яўчэ і ў тым, што ўсе цытолагі, эмбрыёлагі, гістолагі ў СССР мусілі, ды яшчэ публічна, прызнаваць падобную “навуку” самай перадавой, цытаваць і ўслаўляць працы Лепешынскай і яе пасьлядоўнікаў на навуковых канферэнцыях і ў сваіх публікацыях. Акрамя таго, праілюстраваным вышэй чынам выкладаліся ў падручніках адпаведныя раздзелы.

Так з дапамогай “дыялектычнага матэрыялізму” на дзесяцігоддзі было затарможана развіцьцё і гэтай групы біялагічных навук.

Пасьля сьмерці Лепешынскай ў 1963 годзе яе “дасягненьні”, як і ўзгадкі пра яе саму,  паступова выветрыліся з навуковых часопісаў. Але “бялковыя цельцы” працягвалі жыць у СССР яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў у самых розных брашурах, навуковых часопісах, падручніках (у т.л. прызначаных для навучання ў школах і ВНУ).

Так, як толькі паўставала пытаньне пра сутнасьць біялагічнага жыцьця, яшчэ зусім нядаўна трэба было на памяць цытаваць фармулёўку Ф. Энгельса зь яго працы “Анты-Дзюрынг”: “Жыцьцё ёсьць спосаб існаваньня бялковых цел, істотным момантам якога зьяўляецца сталы абмен рэчываў з навакольнай прыродай, прычым са спыненьнем гэтага абмену рэчавыў спыняецца і жыцьцё, што прыводзіць да раскладаньня бялку” (http://www.atheism.ru/science/science.phtml?id=298).

У пытаньні пра самазараджэньне жыцьця на Зямлі, якое адбылося каля 4 мільярдаў гадоў таму, трэба было цытаваць Аляксандра Апарына (гл. фота), які сцьвярджаў, што жыцьцё на Зямлі ўзьнікла шляхам аб’яднаньня сінтэзаваных абіягенным чынам арганічных рэчываў (найперш бялкоў), у калоідныя гідрафільныя комплексы, названыя “каацэрватамі” [гэта, па сутнасьці, тыя ж бялковыя цельцы; гл. http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%9A%D0%BE%D0%B0%D1%86%D0%B5%D1%80%D0%B2%D0%B0%D1%82 – Рэд.], зь якіх пазьней праз адбор нібыта ўтварыліся першыя клеткі (http://www.genon.ru/GetAnswer.aspx?qid=a309debe-9536-4c25-aebc-e25e5220337d).

На самай справе на пачатак другой паловы ХХ стагоддзя ўжо даўно было вядома, што любое “бялковае цельца” ці “каацэрватная кропля”, якія не зьяўляюцца клеткамі й у якіх можна выявіць нейкі “абмен рэчывамі”, зьдзяйсьняюць апошні толькі ў кірунку проэнтрапійнага самаразбурэньня – г.зн. праяўляюць такую форму абмену, якая характэрная для целаў некалі жывых, а цяпер ужо мёртвых аб’ектаў, што распадаюцца – трупаў. Гэта ж датычыць і бялкоў, зь якіх нібыта мусілі складацца каацэрваты. А гэта ў сваю чаргу значыць, што “бялковыя цельцы і каацэрваты”, калі б і былі здольныя ўзьнікнуць нейкім чынам, дык існавалі б вельмі кароткі час. На іх аснове нішто сапраўды жывое паўстаць ніяк не магло, бо зьмястоўнай уласьцівасьцю любога жывога аб’екта (клетка, шматклеткавы арганізм) зьяўляецца якраз антыэнтрапійная накіравасьць унутранага абмену рэчываў, які ў ім адбываецца непасрэдна ці прысутнічае ў выглядзе патэнцыйнай магчымасьці (вірус, спора, цыста, насеньне, калі яны знаходзяцца ў стане анабіёзу).

Для знаходжаньня адказаў на пытаньні пра сутнасьць жыцьця, пра паходжаньне жывога ў біялагічнай навуцы быў патрэбны свабодны навуковы пошук. Але ён і па гэтых пытаньнях быў заблакаваны ў СССР “аўтарытэтам” Энгельса і Апарына, якія грунтаваліся ўсё на тым жа “дыялектычным матэрыялізме”. У выніку і тут у савецкай навуцы назіраўся застой, на фоне якога навукоўцы заходніх краін маглі вырвацца далёка наперад…

Адной зь біялагічных праблем, па якой пасьпеў выказацца непасрэдна адзін з класікаў марксізму-ленінізму (гаворка пра Ф.Энгельса), была праблема гістарычнага паходжаньня чалавека-чалавецтва – праблема антрапагенэзу.  У 1876 годзе Энгельс напісаў артыкул “Роля працы ў працэсе пераўтварэння малпы ў чалавека” (http://www.rummuseum.ru/lib_e/engels_trud.php). У ім ён ня толькі стаў на бок ідэі натуральнасьці паходжаньня чалавека (што ёсьць несумнеўным плюсам гэтай працы), але і выказаўся па пытаньні механізмаў антрапагенэзу – запрапанаваў уласную версію, якая, на яго меркаваньне, тлумачыла, што і як штурхала жывёльных продкаў чалавека эвалюцыянаваць у кірунку людзей сучаснага тыпу. На жаль, гэтыя механізмы былі пададзены Энгельсам з ламаркісцкіх (а ня дарвінскіх) пазіцый. Але паколькі ён быў “класікам марксізму-ленінізму”, гэта зноў стала вялікай праблемай як для савецкіх біёлагаў, антраполагаў, філосафаў, так і для ўсіх дапытлівых грамадзян.

Працытуем некаторыя думкі Энгельса, датычныя механізмаў антрапагенэзу:

– “Праца… – першая асноўная ўмова ўсяго людскага жыцця, і прытым у такой ступені, што мы ў пэўным сэнсе павінны сказаць: праца стварыла самаго чалавека”;

– “Нашы продкі … былі цалкам пакрытыя валасамі, мелі бароды, востраканечныя вушы і жылі статкамі на дрэвах. Пад уплывам у першую чаргу, трэба думаць, свайго вобразу жыцця, патрабуючага, каб пры лазанні рукі выконвалі іншыя функцыі, чым ногі, гэтыя малпы пачалі адвыкаць ад дапамогі рук пры хаджэньні па зямлі і сталі засвойваць усё больш і больш вертыкальную паходку. Гэтым быў зроблены вырашальны крок для пераходу ад малпы да чалавека”;

– “Рука стала свабоднай і магла цяпер засвойваць для сябе ўсё новыя і новыя снароўкі, а набытая праз гэта большая гібкасць перадавалася ў спадчыну і ўзрастала з пакалення ў пакаленне … Рука, такім чынам, ёсць ня толькі орган працы, яна таксама і яе прадукт”;

– “Развіццё працы па неабходнасці спрыяла больш шчыльнаму з’яднанню членаў грамадства, бо дзякуючы ёй сталі больш частымі выпадкі ўзаемнай падтрымкі, сумеснай дзейнасці, і стала ясьней усведамленне карысці гэтай сумеснай дзейнасці для кожнага асобна члена. Карацей кажучы, людзі, якія фармаваліся, прыйшлі да таго, што ў іх з’явілася патрэба нешта сказаць адзін аднаму. Патрэба стварыла сабе свой орган – няразвітая гартань малпы марудна, але няўхільна пераўтварылася шляхам мадуляцыі для ўсё больш развітай мадуляцыі, а органы рота паступова навучыліся вымаўляць адзін выразны гук за адным”;

– “Прыручаныя жывёлы … набывалі здольнасць да такіх пачуццяў, як пачуццё прыхільнасці да чалавека, пачуццё ўдзячнасці і да т.п., якія раней былі ім чужыя. Кожны, каму шмат даводзілася мець справу з такімі жывёламі, наўрад ці адмовіцца ад пераканання, што ёсць нямала выпадкаў, калі яны сваю няздольнасць размаўляць адчуваюць цяпер як недахоп”;

– “Спачатку праца, а затым і разам з ёй выразная гаворка з’явіліся двума самымі галоўнымі стымуламі, пад уплывам якіх мозг малпы паступова пераўтварыўся ў людскі мозг”;

– “Мясная ежа ўтрымлівала ў амаль гатовым выглядзе найбольш важныя рэчывы, у якіх меў патрэбы арганізм для свайго абмену рэчываў; яна скараціла працэс страванання … і гэтым зберагла больш часу … для актыўнага жывёльнага жыцця … Так звычка да мясной стравы … надзвычай спрыяла павелічэнню фізічнай сілы і самастойнасці чалавека, які фармаваўся”;

– “Найбольш істотны ўплыў мясная ежа аказала на мозг, які дзякуючы ёй атрымліваў у значна большай колькасці, чым раней, тыя рэчывы, якія неабходныя для яго сілкавання і развіцця, што дало яму магчымасць хутчэй і паўней дасканаліцца з пакалення ў пакаленне”.

Такім чынам, як мы бачым, уся інтэрпрэтацыя Энгельсам механізмаў антрапагенэзу цалкам упісваецца ў рамкі памылковай эвалюцыйнай тэорыі Жана Баціста Ламарка, якая грунтавалася на ўяўленьні, што прагрэсіўнае развіцьцё ў жывых арганізмаў фенатыповых адзнак (рысаў, уласцівасцяў), як й іх саміх, адбываецца пад уплывам трэніроўкі і “ўнутранага імкненьня да прэгрэсу” з наступным спадкаваньнем (!) паўсталых такім чынам “добранабытых адзнак”. Усё гэта тым больш прыкра, што ў тыя часы ўсёй Еўропе ўжо была вядома эвалюцыйная тэорыя Дарвіна, у якой былі прадэманстраваныя сапраўдныя механізмы эвалюцыйнага прагрэсу.

Прыклады, якія б паказвалі, як “дыялектыкі-матэрыялісты” ў былым СССР блакавалі разьвіцьцё біялагічных ды іншых навук, можна было б прыводзіць далей, але і апісаных дастаткова, каб усьвядоміць: варыянт філасофскага сьветагляду, які называўся матэрыялістычна-дыялектычным, на практыцы ня толькі не спрыяў працэсу атрыманьня новых ведаў, але і зьяўляўся ў час яго масавага распаўсюду істотнай перашкодай на шляху да пазнаньня сапраўднасьці. Нягледзячы на апломб, зь якім звычайна выступалі матэрыялісты-дыялектыкі, у іх сьветаглядзе былі, як мінімум, дзьве істотныя заганы:

– усе яго носібіты былі настроеныя прыніжаць значэньне ўласьцівасьцяў любых аб’ектаў нашай рэчаіснасьці, уключаючы тыя ўласьцівасьці, якія маюць чалавек, грамадства, чалавецтва, Сьвет. Яны аб’яўляліся нечым “другасным, вытворным ад першаснага матэрыльнага”, а значыць, і менш істотным, чым само “матэрыяльнае”;

– рэчаіснасьць у цэлым для іх часта мела меншае значэньне на фоне “логікі, ідэяў, задач партыі”.

Калі абмежаванасьць філасофскага сьветагляду ўсьведамлялі ўжо старажытна-грэцкія філосафы, гэтага не маглі ня ведаць перадавыя людзі ў ХХ-м стагоддзі. Чаму ж тады “марксісты-ленінцы” ў падмурак сваёй палітычнай дзейнасьці ўзялі ня проста філасофскі, а менавіта матэрыялістычны сьветагляд, дадалі сюды ўтапічную ідэалогію, а ўсе іх разам накіравалі супраць аб’ектыўнай рэчаіснасьці й грамадства?

Гэта было зроблена з мэтай альбо наўмыснага тармажэньня эканамічнага і сацыяльнага разьвіцьця народаў на тэрыторыі былой расейскай імперыі (напрыклад, для аслабленьня галоўнага “канкурэнта” ЗША), альбо пад уплывам паранаяльна хворага жаданьня, якое магло прысутнічаць у прадстаўнікоў пэўных сіл, захапіць уладу ў Расейскай імперыі, вынішчыць усю нацыянальную апазіцыю, а затым з дапамогай рэсурсаў новай імперыі захапіць і перарабіць увесь сьвет пад свае эгаістычныя памкненьні…Тое, што пасьпелі зрабіць марксісты-ленінцы ў палітычнай і сьветаглядна-ідэалагічнай сьферах, пацьвярджае абедзьве версіі. Таму спрэчкі па даным пытаньні паміж гісторыкамі, палітолагамі працягваюцца…

Завяршаючы разьдзел, яшчэ раз адзначым галоўнае: дыялектычна-матэрыялістычны сьветагляд яго найбольш тыповых носьбітаў характарызуецца прыніжэньнем функцыянальных, “духоўных” уласьцівасьцяў матэрыяльных аб’ектаў. Заяўляючы аб першаснасьці матэрыяльнага, аб тым, што ўсё “духоўнае” зьяўляецца вынікам матэрыяльнага, паўстае зь яго (а таму, маўляў, матэрыяльнае ёсьць першасным, галоўным, а ідэальнае – другасным), матэрыялісты-дыялектыкі на справе фактычна імкнуліся адмяніць аб’ектыўныя ўласьцівасьці Сьвету, накінуць жыцьцю свае штучныя, утапічныя уяўленьні. Паколькі ўсё гэта рабілася са сьветаглядамі людзей (з рэчаіснасьцю такое рабіць немагчыма), можна меркаваць, што “будаўнікі камунізму”, па сутнасьці, стваралі новую форму рэлігійнага сьветагляду. З той толькі розьніцай, што месца Бога ў галовах людзей павінны былі займаць галоўныя бальшавіцка-камуністычныя правадыры…


1.4. Пераход да рэалістычнага сьветагляду.

Многія пасьля азнаямленьня з усім папярэднім могуць задаць пытаньне: а які ж сьветагляд ёсьць правільны, калі ні рэлігійна-ідэалістычны, ні матэрыялістычны такімі не зьяўляюцца? Бо, як вынікае з энгельсаўскага варыянту АПФ, акрамя матэрыялізму і ідэалізму нічога больш у філасофіі няма і ня можа быць…

На справе, каб мець больш рэалістычны сьветагляд – то бок той, які максімальна набліжае нас да сапраўднасьці (а гэта, у сваю чаргу, і ёсьць тое, да чаго толькі і варта імкнуцца, бо ў веданьні праўды схаваны аб’ектыўны інтарэс кожнага чалавека), усё існуючае проста варта бачыць і класіфікаваць інакш.

У адпаведнасьці з сучасным узроўнем ведаў, Сьвет лепш успрымаць як  надзвычай маштабную, складаную, шматузроўневую сістэму зьвязаных і ўзаемадзеючых паміж сабой аб’ектаў, кожны зь якіх мае свае неад’емныя ўласьцівасьці. Кожны з нас – людзей, з нашымі думкамі, пачуцьцямі – адзін з такіх аб’ектаў.

Калі ж мы трапім у сітуацыю, калі нам пазарэз трэба будзе прадставіць сваё бачаньне Сьвету праз прызму якога-небудзь чарговага АПФ, тады Сусьвет лепш падзяляць на аб’ектыўную рэчаіснасьць і ўнутраны сьвет чалавека (апошняе ёсьць блізкім, часткова сінанімічным таму, што раней прапанавалася называць суб’ектыўнай рэчаіснасьцю; падзел на “матэрыяльнае” і “ідэальнае” мы адкідаем). Пры гэтым унутраны сьвет чалавека – гэта адна з уласьцівасьцяў пэўнага чалавека (таго рэальнага чалавека, пра каго ідзе гаворка, і які знаходзіцца ў пэўным месцы ў пэўны час), канкрэтна – гэта тыя думкі, уяўленьні, пачуцьці, якія напаўняюць яго “душу”. Там – ва ўнутраным сьвеце чалавека – могуць быць міфы, а могуць і ня быць, можа быць міфічны Бог і ўяўленьні аб тым, як яму дагадзіць, а можа і ня быць ні таго, ні другога, а замест іх будуць, напрыклад, навуковыя веды. Адносна думак, пачуцьцяў, уяўленьня пэўнага чалавека ўсё іншае – у т.л. яго ўласнае цела, яго дзеяньні, а таксама ўяўленьні, эмоцыі, учынкі іншых людзей – зьяўляецца аб’ектыўнай рэчаіснасьцю.

Паколькі ўнутраны сьвет кожна чалавека ў сваю чаргу зьяўляецца часткай усяго Сьвета, пададзенае можна адлюстраваць формулай:

С  = А + ў,

у якой А сімвалізуе аб’ектыўную рэчаіснасьць (гэты паказчык мяняецца ў сувязі з разьвіцьцём нашай рэчаіснасьці); ў – унутраны сьвет канкрэтнага чалавека (параметр мяняецца ў залежнасьці ад таго, пра якога канкрэтна чалавека ідзе гаворка); С – ўвесь Сьвет (параметр мяняецца ў залежнасьці ад эвалюцыі параметра А, у т.л. і ад уплыву ў на яго).

Так, выглядае наша версія “АПФ”.

Думкі чалавека, яго ідэі, памкненьні маюць значэньне для Сьвета тады, калі яны ўплываюць на рэчаіснасьць. Калі ж усё застаецца толькі ў галаве чалавека, калі ён застаецца незрэалізаваным, то яго ўнутраны сьвет, якім бы ён прагрэсіўным, патэнцыйна карысным ня быў, зьнікае са Сьвету бяссьледна. На шчасьце, у нашым жыцьці мы маем Каложу, пабудаваную старажытнымі майстрамі, ваенныя перамогі Вітаўта вялікага, Статут ВКЛ Льва Сапегі, паланэз Агінскага, нацыянальна-вызвольнае паўстаньне пад кіраўніцтвам Каліноўскага, вершы Багдановіча, паэмы Коласа, спартовыя дасягненьні Корбут, творчасьць Караткевіча і Мулявіна, матэматычныя разьлікі Кіта, аповесьці Быкава і шмат, шмат іншага… Гэта тое, што ўзбагачае, прагрэсіўна разьвівае наш сьвет, і адначасна тое, у выглядзе чаго працягваюць сваё жыцьцё… рэальныя людзі пасьля іх сьмерці.

Яшчэ адной стратэгічнай асновай рэалістычнага сьветагляду зьяўляецца адэкватнасьць нашых уяўленьняў пра Сьвет самаму гэтаму Сьвету (у т.л. уяўленьняў пра яго частку, у якой мы жывем – нашу рэчаіснасьць). Гэты прынцып чалавек мусіць прыняць як найпершую, літаральна абсалютную аксіёму. Зыходзячы зь яе, найбольш паважаным, апорным элементам рэалістычнага сьветагляду прызнаецца факт – рэальны аб’ект, сапраўдная падзея, зьява аб’ектыўнай рэчаіснасьці, зьвескі пра якія толькі й маюць права быць перанесенымі ва ўласны сьветагляд, быць прынятыя ім.

Многія факты, якія маюць вялікае сьветагляднае значэньне, далёка не заўсёды лёгка выявіць (успомніце, напрыклад, колькі ўсякага было вакол высьвятленьня, здавалася б, прасьцейшага факту, што Зямля верціцца нібы ў вальсе вакол Сонца; дарэчы, мы яшчэ пра гэта паразважаем). Выяўленьнем, аналізам, сістэматызацыяй тых фактаў, якія маюць прынцыповае сьветагляднае значэньне, зьяўляюцца істотнымі для забесьпячэньня тэхналагічнага і гуманістычнага прагрэсу, займаецца такая сьфера грамадскага быцьця, як навука.

Каб усьвядоміць тое, наколькі навука імкнецца абапірацца на факты аб’ектыўнай рэчаіснасьці,  варта ўжыцца ў вобраз рэдактара навуковага выданьня. Ён, з аднаго боку, мусіць ствараць магчымасьці для публікацыі артыкулаў, якія раскрываюць новыя важныя факты і зьявы (пры гэтым ня мае права прапусьціць, не заўважыць самыя важныя), а, з другога боку, ён ні пры якіх абставінах не павінен прапусьціць у друк матэрыялы, якія падаюць непраўдзівыя факты, неправераныя ідэі, неабгрунтаваныя “тэорыі”, карацей, лухту, міфы ці адкрыты падман…

Таму сінонімам паняцьця “рэалістычны сьветагляд” у значнай ступені зьяўляецца паняцьце “навуковы светагляд”.

Людзі з такім стаўленьнем да жыцьця ўспрымаюць рэчаіснасьць, яе заканамернасьці як тое, чаму варта падпарадкоўваць сваё мысьленьне, свой сьветагляд.

Акрамя таго, наша рэчаіснасьць на ўсіх адна (!), а таму людзі з азначанымі жыццёвымі прынцыпамі (у адрозьненьне ад рэлігійнікаў ці філосафаў) у сваім успрыняцьці Сьвету зьяўляюцца ў цэлым сьветаглядна адзінымі. І будуць заставацца такімі надалей, нягледзячы на інтэнсіўнае разьвіцьцё навукі, утварэньне ўсё новых навук, бо жорсткая арыентацыя на рэчаіснасьць, сапраўднасьць застаецца ўніверсальным прынцыпам і рэалістычнага сьветагляду, і ўсіх навук.

Варта таксама ніколі не забываць, што паколькі аўтарытэт навукі з кожным дзесяцігоддзем павялічваецца, на ім могуць спрабаваць паразітаваць розныя шарлатаны, падаючы сябе ў якасьці “навукоўцаў”. Але трэба памятаць: тое, што не адпавядае сапраўднасьці, навукай не зьяўляецца – што б там ні казалася, як ні абстаўлялася, якімі б аргументамі ні баранілася… Таму час існаваньня шарлатана ў навуцы (ці ад імя навукі) вызначаецца толькі яго вонкавай падтрымкай з боку “моцных гэтага сьвету” (прыведзеныя вышей прыклады, зьвязаныя з жыцьцём і дзейнасьцю Лысенкі, Прэзента, Мічурына, Лепешынскай, Апарына, іншых яскрава пра гэта сведчаць; на будучуню такі лёс напэўна чакае таксама надзвычай расьпіяраных у наш час Фрэйда, Эйнштэйна, некаторых іншых…).


Каментары (1)

  1. Vital кажа:

    Насамрэч, усе 4 часткі гэтага артыкулу – сапраўдная катастрофа для беларускага патрыятычнага руху. Імі сп. Астроўскі ператварыў патэнцыйна магутны нацыянальны рух у сэкту маністаў-паганцаў. Хто са сьвядомых беларусаў (большасьць зь якіх – вернікі-хрысьціяне) падтрымае такое ўтварэньне??? Амаль ніхто, бо гэта азначала б пагадзіцца з усіма тымі недарэчнымі паклёпамі на сваю веру. Такім чынам, некалькі дзясяткаў “вернікаў”-маністаў, гэта паталок, які Алесь сам выставіў для сваёй суполкі. Шкада, быў патэнцыял…
    Раіў бы сп. Астроўскаму ўважліва прыглядзецца да свайго блізкага атачэньня. (хаця,думаю, ужо позна)

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы