nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Навуковыя веды – аснова рэалістычнага сьветагляду (частка 3: Супрацьстаяньне паміж сьветаглядамі ў наш час)

Чэрвень 3, 2011 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі

3. Супрацьстаяньне паміж сьветаглядамі ў наш час

Падчас сьветагляднай эвалюцыі, якая адбывалася ўсю гісторыю чалавецтва, будзе працягвацца і надалей, назіраецца заканамерны пераход ад адной сьветагляднай стадыі да іншай. Але гэта не азначае, што ўсе людзі разам – адначасна ды арганізавана – засвойваюць новы, больш перадавы сьветагляд. Не, мы бачым іншы працэс – паўстаюць і распаўсюджваюцца новыя сьветагляды, састарэлыя адміраюць, але ня ўсе. Некаторыя зь іх мадыфікуюцца і… застаюцца. Многае ў апошнім працэсе залежыць ад таго, якая грамадская роля адводзіцца ўладамі сацыяльным групам, зацікаўленым у тых ці іншых сьветаглядах і прапагадуючым іх. Таму і сёньня перад кожным чалавекам ёсьць шырокі выбар сьветаглядных “акуляраў” (у тым ліку ў нас у Беларусі), зь якога можна выбраць любыя зь іх, апрануць і праз гэтыя “акуляры” глядзець на Сьвет.

Найбольш распаўсюджанымі ў наш час зьяўляюцца розныя варыянты міфічна-рэлігійнага ды ідэалістычнага сьветаглядаў. Усё яшчэ захоўвае сваю прывабнасьць для многіх матэрыялістычны сьветагляд. І адначасна ўсё большую ролю адыгрывае навукова-рэалістычны сьветагляд.

Для таго, каб зьмястоўна разьбірацца ў такой разнастайнасьці, сьветагляды варта пракласіфікаваць. У аснову класіфікацыі, якая запрапанавана ніжэй, у якасьці галоўнага пакладзены наступны дыферэнцуючы падыход – высьвятляецца, у якіх суадносінах у сьветаглядзе чалавека знаходзяцца Сьвет і Бог. У адпаведнасьці з гэтым падыходам сьветагляды людзей адрозьніваюцца ня тым, ёсьць ці адсутнічае ў іх вера, прызнаюць ці не прызнаюць яны існаваньне Бога, колькі тым, на чым угрунтавана вера людзей і як яны ўяўляюць Бога (гл. сьхему, на якой пазначаны ўзаемаадносіны Сьвета і Бога, а таксама месца чалавека ў сьветаглядах розных людзей).


Дарэчы, вера прысутнічае як у людзей з міфічна-рэлігійным, так і матэрыялістычным ды навукова-рэалістычным сьветаглядамі – усе ж вераць у сваю правату, ніхто ж ня будзе верыць у тое, што лічыць лухтой. Таму падзел на “веруючых і няверуючых” зьяўляецца зманлівым, прызначаным для маніпуляваньня людзьмі (нават у матэрыялістаў-дыялектыкаў, калі аналізаваць зьмест іх сьветагляду і падсьвядомасьці, а не рыторыку, можна напаткаць нейкі сурагат Бога).

Больш за тое, галоўнай асаблівасьцю класічных рэлігійнага й аб’ектыўна-ідэалістычнага сьветаглядаў зьяўляецца ня тое, што ў іх прысутнічае Бог, Звышістота, Звышдух і г.д., а толькі тое, што ў іх Бог і Сьвет падзелены на два асобныя аб’екты-сутнасьці. Прымаючы такі сьветагляд, чалавек аўтаматычны аказваецца ментальна павернутым тварам да міфічнага Бога, а да большай часткі Сьвета – сьпіной (дасягненьне апошняга ёсьць ці не галоўнай задачай актыўных распаўсюджвальнікаў рэлігійнага сьветагляду). Аднак, чалавек заўсёды знаходзіцца ў сапраўднай рэчаіснасьці, бо больш нідзе знаходзіцца ня можа (гл. сьхему). У выніку, у чалавека з рэлігійным сьветаглядам адбываецца расшчапленьне псіхікі, з-за чаго ён лёгка трапляе ў стан падпарадкаванасьці тым людзям, якія выступаюць перад ім ад імя “Бога”, вербальна ці невербальна заяўляючы аб сваёй “асаблівай набліжанасьці” да яго (гл. сьхему). Між тым у цэрквах мы, на жаль, часта бачым бізнэсмэнаў ад рэлігіі, якія з рознай ступеньню майстэрства гандлююць міфічным “Богам”.

Цікавы варыянт рэлігійнага сьветагляду – ідэалістычна пантэістычны (http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%9F%D0%B0%D0%BD%D1%82%D0%B5%D0%B8%D0%B7%D0%BC). Пры ім людзі прымаюць, што заканамернасьці нашага рэальнага сьвету зьяўляюцца праявамі непасрэднага кіраваньня Сьветам з боку Бога. Гэты сьветагляд істотна больш набліжаны да рэалістычнага ў параўнаньні з класічным рэлігійным, але ключавая рыса любога рэлігійнага сьветагляду – прызнаньне існаваньня Бога за межамі Сьвету – у ім застаецца. Гэта і дазваляе лічыць ідэалістычна патэістычны сьветагляд варыянтам рэлігійнага сьветаўспрыняцьця (дарэчы, такая ж асаблівасьць – прыналежнасьць рэлігійнаму тыпу і адначасна істотная набліжанасьць да рэалістычнасьці – характэрныя для дуалістычнага і дэістычнага сьветаглядаў).

Пра імкненьне матэрыялістаў-дыялектыкаў замяняць Бога галоўным камуністычным правадыром-ідалам (на грунце энгельсаўскага варыянту АПФ) мы ўжо пісалі раней.

З пададзенай вышэй сьхемы бачна (зьвярніце ўвагу на сімвалічныя абазначэньні), што толькі людзі з навукова-рэалістычным (натуральна-патэістычным) сьветаглядам ня ловяцца на “вуду” патрабаваньня падзяляць адзіны Сьвет. Толькі яны ўспрымаюць Сьвет у абсалютным адзінстве з Богам – г.зн., як Сьвет-Бог. Толькі ў такім сьветаглядзе выконваюцца галоўныя ўмовы сапраўднасьці Бога: нідзе ва ўяўленьні такіх людзей Бог не выходзіць за межы Сьвету і нідзе ў Сьвеце ў адпаведнасьці зь іх разуменьнем няма нават самай маленькай часьцінкі, пазбаўленай кантролю Бога (нагадаем, што сапраўдны Бог – гэта сістэма аб’ектыўных заканамернасьцяў, якая забясьпечвае існаваньне і прагрэсіўнае разьвіцьцё Сьвета, накіроўваючая Яго на мэту ўсё больш высокага ўзроўня арганізацыі).

Мы ня лічым карэктным агітаваць, запужваць, абражаць хоць каго з тых, хто не жадае мець навукова-рэалістычны сьветагляд (гэта індывідуальная, нават інтымная сьфера чалавека, а тэхналогіі прапаганды і запужваньня належаць палітыцы, дый тое толькі таму, што палітыка ў нас усё яшчэ знаходзіцца ў прымітыўна-дэградаваным стане). Але мы лічым неабходным паказаць на стратэгічныя асаблівасьці розных варыянтаў сьветагляда, каб кожны чалавек меў шанц зрабіць самастойны ўсьвядомлены выбар, калі ў яго ўзьнікне такое жаданьне.



3.1. Галоўны фронт сьветагляднага супрацьстаяньня ў  Беларусі ў наш час.

Сёньня гэты фронт знаходзіцца паміж рэлігійным і рэалістычным сьветаглядамі.

Здабыцьцю сапраўдных ведаў аб нашай рэчаіснасьці, як ужо адначана вышэй, прысьвечана такая сьфера людскай дзейнасьці, як навука. Менавіта яе задача адкрываць аб’ектыўныя заканамернасьці Сьвету, якія мала я Сьвет,залежаць ад жаданьняў дасьледчыкаў ці каго заўгодна. Для навукі самы рэчаіснасьць, іх заканамернасьці – адзіныя арыентыры для пошуку ісьціны. Адказнасьць за перадачу аб’ектыўных ведаў людзям нясе адукацыйная сістэма.

У наш час практычна па любым пытаньні можна знайсьці шмат інфармацыі навуковага характару, існуе цэлая сістэма секулярных навуковых і адукацыйных устаноў, праз якія у Беларусі праходзіць кожны малады чалавек. Нарэшце, існуе Інтэрнэт… Але і сёньня сярод людзей шмат тых, хто па ранейшаму згаджаецца, каб яго сьветагляд фармавалі чуткі, міфы, аматарскі-павярхоўныя меркаваньні, тэлебачаньне, “сьвятыя” кнігі й выказваньні рэлігійных “аўтарытэтаў”.  У гэтым факце нашай сёньняшняй рэчаіснасьці нечага надзвычайнага таксама няма, бо па-ранейшаму ў нашым грамадстве існуюць і рэлігіі, і цэрквы, і клір, і несумленныя палітыкі ды журналісты. Калі чалавек трапіць пад іх узьдзеяньне, ён можа набыць устойлівы рэлігійны сьветагляд (гл. малюнак: чалавек перад выбарам).

Сімвалічна гэтае супрацьстаяньне ў нашай Беларусі можна адлюстраваць у тым ліку і персанальным супрацьстаяньнем паміж Анатолем Рубінавым (акадэмік НАН Беларусі, доктар фіз.-мат. навук, прафесар, які займаў шэраг вышэйшых дзяржаўных пасад, цяпер – пасаду старшыні Рады Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі) і мітрапалітам Менскім ды Слуцкім Філарэтам Рускай праваслаўнай царквы (у сьвеце Вахрамееў, прызначэнец-экзарх  Маскоўскага патрыярхату РПЦ у Беларусі; у 2009 годзе быў адным з трох кандыдатаў на Маскоўскі патрыяршы прэстол; гл. фота абодвух).

У 2006 годзе акадэмік Рубінаў выступіў у дзяржаўным друку зь вялікім праграмным артыкулам, у якім заклікаў, каб “сьветагляд людзей грунтаваўся на навуковых уяўленьнях, а не на ўсялякага роду вераваньняўх і забабонах”,  заявіў, што “спробы манапалізаваць духоўныя каштоўнасьці й духоўны сьвет з боку рэлігіі зьяўляюцца неабгрунтаванымі”, што “надзвычайны ўплыў рэлігіі зьніжае інтэлектуальны, адукацыйны і творчы патэнцыял грамадства”.  Ён таксама заклікаў прадстаўнікоў навуковай супольнасьці выйсьці са стану разгубленасьці і заняць больш актыўныя пазіцыі па гэтых пытаньнях (гл.http://www.sb.by/?area=content&articleID=55642).

Нягледзячы на гэта, Філарэт у верасьні 2009 года стаў ганаровым прафесарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы (гэта ў дадатак да ганаровых званьняў доктара багаслоўя шматлікіх духоўных акадэмій і ганаровых званьняў доктара ды прафесара… Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – 1993 г., Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта – 2001 г., Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта – 2002 г.). У час уручэньня адпаведнага атэстата рэктар ГрДУ Яўген Роўба адзначыў, што паміж універсітэтам і Беларускай праваслаўнай царквой наладжаныя ўстойлівыя сувязі. У прыватнасці, універсітэт мае дамовы аб супрацоўніцтве з Мінскай духоўнай акадэміяй і Гродзенскай япархіяй, “у рамках якіх адбываецца ўзаемадзеянне ў навуковай і адукацыйнай сьферах” (http://nn.by/?c=ar&i=29746#startcomments).

Выглядае апошняе аналагам таго, як калі б у царкве аб’явілі Чарльза Дарвіна сьвятым і павесілі яго партрэт у якасьці іконы… Толькі што адбываецца ня так, а наадварот.

Каб у чытача не склалася ўражаньне, што дзейнасьць, якая разбурае рэалістычны сьветагляд беларусаў, зьвязана толькі з Рускай праваслаўнай царквой, прывядзем некаторыя факты аналагічнай дзейнасьці й каталіцкай царквы ў Беларусі. На фота вы бачыце статую Маці Божай, якая знаходзіцца ў Гародні ў мікрараёне Дзевятоўка паміж новым вялікім касьцёлам і польскай школай (дарэчы, нагадаем, у выніку этнацыднай палітыкі цяперашніх беларусафоскіх улад у беларускай Гародні сёньня няма ніводнага беларускага тэлевізійнага канала, ніводнай беларускай школы, ніводнага беларускага класа ў школе, ніводнага беларускай групы ў дзіцячым садку…). Беларускія дзеткі, якія вучацца ў польскай школе, часта падыходзяць да гэтай “Маці Божай” і склаўшы рукі… моляцца. Калі ў іх запытацца, што гэта за статуя і пра што яны моляцца, гучаць і такія тлумачэньні: “гэта Божанька”, “мы просім у яе, каб добрыя адзнакі былі”… Атрымліваецца, што цяпер пад час адукацыі ў адной з Гродзенскіх школ разам з элементамі рэалістычнага сьветагляда беларускім дзецям закладаюцца падставы рэлігійнага сьветагляда. Пры гэтым не царква “асьвячае” адукацыю, а сьвецкая адукацыйная сістэма выкарыстоўваецца для падтрыманьня аўтарытэта царквы. Потым зь людзьмі, якія набудуць такое шызафрэнічнае бязладдзе ў галаве, можна рабіць, што заўгодна…

Актыўныя распаўсюджвальнікі рэлігійнага сьветагляду сёньня ў Беларусі на кані – атакуюць, нападаюць, явачным парадкам робяць сваю разбуральную справу, займаюцца сваім міфаслоўем далёка за сьценамі рэлігійных устаноў. Усё яшчэ разьлічваюць падмануць само жыцьцё…

Між тым, гэта – наша сёньняшняя рэчаіснасьць, у якой мы вымушаны жыць. Таму і сёньня выбар, па якім шляху і да якога сьветагляду ісьці  – гэта практычна індывідуальны выбар кожнага чалавека. Людзі мусяць самастойна вырашаць, грунтуючыся на ўласных розуме і волі, наколькі ім патрэбны адэкватнасьць ўяўленьняў пра Сьвет. Пры гэтым адказнасьць за выбар у такіх умовах аб’ектыўна знаходзіцца на… самім чалавеку.

Таму тым, хто шчыра жадае мець сьветагляд адэкватны рэчаіснасьці, раім грунтаваць сваю веру ў законы Сьвета толькі на фактах і ведах, заклікаем заўсёды цьвёрда ўсьведамляць, што Бог ня можа існаваць асобна ад сапраўднасьці, справядлівасьці, высокай маралі, гуманістычнай ды экалагічнай культуры.


Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы