nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Навуковыя веды – аснова рэалістычнага сьветагляду (частка 4: Сьветагляднае супрацьстаяньне ў лёсах людзей)

3 чэрвеня, 2011 | 4 каментарыя

Алесь Астроўскі

4. Сьветагляднае супрацьстаяньне ў лёсах людзей

Сёньня тыя, хто бароніць рэлігійны характар свайго сьветаўспрыняцьця, часта кажуць, што і сярод навукоўцаў шмат веруючых людзей, што многія навукоўцы “прыходзяць да Бога”. Такое сапраўды сустракаецца – некаторыя навукоўцы, бывае, кажуць, што яны вераць у Бога. Але, па-першае, такія навукоўцы могуць працаваць у навуковых галінах, якія наўпрост ня зьвязаны з выхадам на прынцыповыя сьветаглядыя пытаньні. У выніку ў іх не ўзьнікае вострай супярэчнасьці паміж прафесійнымі ведамі й іх, напрыклад, закладзеным у дзяцінстве рэлігійным сьветаглядам. Па-другое, “веруючыя навукоўцы”, гаворачы пра сваю веру ў Бога, могуць мець на ўвазе не міфічнага Бога, прысутнага ў абсалютнай большасьці рэлігій, а сапраўднага Бога, які апісаны намі раней. Маністычны сьветагляд зьяўляецца сёньня даволі распаўсюджаным на Захадзе, у т.л. ў навуковым асяроддзі.


Ніжэй мы хочам пазнаёміць вас, нашы чытачы, з прыкладамі супрацьлеглых сітуацый – такімі, калі людзі зь релігійным выхаваньнем і адукацыяй рабілі навуковыя адкрыцьці, а то і кар’еры, якія ў большай ці меншай ступені зьмянялі іх рэлігійны сьветагляд у рэалістычным кірунку. Спачатку, калі яны браліся за навуковыя дасьледваньні, гэта не пярэчыла іх сьветаглядным устаноўкам, бо яны зыходзілі зь вядомага і распаўсюджанага ва ўсіх рэлігіях прынцыпу, што Бог можа быць толькі там, дзе ёсьць праўда. Таму яны шукаць праўду да пары… не баяліся. Але тое, што адбывалася потым, давайце разгледзем на прыкладах лёсаў некаторых асоб.



4.1. Капернік.

На пачатак возьмем прасьцейшы феномен – ўяўленьне аб паходжаньні й пабудове нашай Сонечнай сістэмы, без тлумачэньня якога ня можа абысьціся ні водная вялікая рэлігія. Уявім сабе, што мы крэацыяністы (то бок людзі з рэлігійным сьветаглядам, якія на ўсе пытаньні аб механізмах зьяўленьня ў нашым Сьвеце таго ці іншага вялікага аб’екту, феномену, заканамернасьці, прыцыпова істотных для сьветагляду людзей, адказваюць, што ўсе іх “стварыў Бог”). Тады для адказу на пытаньне аб пабудове і паходжаньні Сонечнай сістэмы мы павінны зьвярнуцца да “сьвятых пісаньняў”…

Глядзім, што пра гэта сказаў Бог, напрыклад, старажытным габрэям, “каб сказанае Ім слова было запісана ў Бібліі”:

1. На пачатку стварыў Бог неба і зямлю.
2. А зямля была нябачная і пустая і цемра над безданьню, і Дух Божы лунаў над вадою.
3. І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло.
4. І ўбачыў Бог сьвятло, што яно добра, і аддзяліў Бог сьвятло ад цемры.
5. І назваў Бог сьвятло днём, а цемру ноччу. І быў вечар, і была раніца: дзень адзін.
6. І сказаў Бог: хай будзе цьвердзь пасярод вады, і хай аддзяляе яна ваду ад вады.
7. І стварыў Бог цьвердзь, і аддзяліў ваду, якая пад цьвердзю, ад вады, якая над цьвердзю. І сталася так.
8. І назваў Бог цьвердзь небам. І быў вечар, і была раніца: дзень другі.
9. І сказаў Бог: хай зьбярэцца вада, якая пад небам, у адно месца, і хай явіцца суша. І сталася так.
10. І назваў Бог сушу зямлёю, а збор вады назваў морамі. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
11. І сказаў Бог: хай уродзіць зямля зеляніну, траву, каб сеяла насеньне, дрэва плоднае, каб радзіла паводле роду свайго плод, у якім насеньне яго на зямлі. І сталася так.
12. І ўтварыла зямля зеляніну, траву, што сеяла насеньне паводле роду яе, і дрэва, што радзіла плод, у якім насеньне паводле роду ягонага. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

13. І быў вечар, і была раніца: дзень трэці.
14. І сказаў Бог: хай будуць сьвяцілы на цьвердзі нябеснай дзеля аддзяленьня дня ад ночы, і на азнакі і поры, і дні і гады;
15. і хай будуць яны сьвяцільнямі на цьвердзі нябеснай, каб сьвяціць на зямлю. І сталася так.
16. І стварыў Бог два сьвяцілы вялікія: сьвяціла большае, каб кіраваць днём, і сьвяціла меншае, каб кіраваць ноччу, і зоркі;
17. і паставіў іх Бог на цьвердзі нябеснай, каб сьвяціць на зямлю,
18. і кіраваць днём і ноччу, і аддзяляць сьвятло ад цемры. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

19. І быў вечар, і была раніца: дзень чацьвёрты.” (гл. Біблія, Стары запавет, Быцьцё, РАЗЬДЗЕЛ 1 – гл. http://carkva-gazeta.org/chytanne/biblia.php).

Такім чынам, у Бібіліі своеасаблівай мовай запісана, што ў наша Сонечнай сістэме Зямля знаходзіцца ў цэнтры, вакол яе на “цьвердзі нябеснай” разьмешчаны і рухаюцца Сонца, Месяц, зоркі…

Усё, здавалася б, ладна і… цалкам адпавядае нашым адчуваньням. Мы гэта ж і самі бачым: напрыклад, што Сонца кожны дзень узыходзіць на усходзе і заходзіць на захадзе. Значыцца верціцца вакол нас…

На грунце гэтых пачуцьцяў і ўяўленьняў была распрацавана геацэнтрычная сістэма сьвету (часта называная Пталемееўскай) з цэнтральным разьмяшчэньнем Зямлі – прыкладна такая, як паказана на малюнку. Па гэтых уяўленьнях Зямля нават чыста тэарэтычна, ну, ніяк не магла круціцца вакол Сонца, бо тады б яна мусіла рэгулярна прабіваць “цьвердзі”, на якіх разьмешчаны Месяц, Меркурый, Венера і Сонца! “Гэтага не адбываецца, значыць у Бібліі ўсё апісана дакладна” – прыкладна так калісьці маглі думаць практычна ўсе людзі…

Аднак былі й тыя, хто вырашыў праверыць (!), на колькі гэтыя ўяўленьні адпавядаюць сапраўднасьці (справа ў тым, што пры больш дакладным азнаямленьні, неабходным, напрыклад, для прадказаньня астранамічных падзей, геацэнтрычная сістэма выглядала надзвычай складанай – у прыватнасьці, па ёй атрымлівалася, што многія нябесныя целы маюць складаныя арбіты, рухаюцца па іх фрагментах з рознай хуткасьцю, а то і робяць зваротны рух). Аднім зь першых, хто западозрыў тут нешта ня тое, быў Мікалай Капернік (гады жыцьця 1473 – 1543; гл. малюнак).

Капернік нарадзіўся ў Торуні ў купецкай сям’і. Гэты горад увайшоў у склад Польшчы за некалькі гадоў да яго нараджэньня і да таго называўся Торн, быў часткай Заходняй Прусіі. Пытаньне аб этнічнай прыналежнасьці Каперніка да сёньня застаецца дыскусійным. Маці яго была немкай, нацыянальнасьць бацькі не вядомая. Тым самым ён быў, як мінімум на палову немцам (гл. Вікіпедыю). Капернік усё жыцьцё пісаў па нямецку альбо лацінскай мовай – ніводнага дакумента, напісанага яго рукой па польску, ня знойдзена. Калі ён і называў сябе палякам, верагодна меў на ўвазе тэрытарыяльна-палітычную, а не этнічную прыналежнасьць (тады так магло быць, дый і сёньня бывае…).

Капернік у 9-гадовым узросьце страціў бацьку і выхоўваўся ў сям’і дзядзі па лініі маці.  Апошні быў канонікам (гэта сьвятар каталіцкай царквы, які падпарадкоўваўся пэўнаму статуту, але не даваў манаскага абету), а пазьней нават епіскапам. Капернік вучыўся ў Кракаўскім універсітэце (вывучаў матэматыку, медыцыну, багаслоўе, астраномію), а таксама ў Балонскім (багаслоўе, права, старажытныя мовы і зноў астраномія) і Падуанскім універсітэтах (медыцына). У 1503 г. ён завяршыў сваю адукацыю, атрымаўшы навуковую ступень доктара кананічнага права. З 1506 года Капернік пачаў выкладчыцкую дзейнасьць у Кракаве, адначасна працуючы лекарам, сакратаром у свайго дзядзі й… займаючыся астраноміяй.  У 1512 годзе пасьля сьмерці дзядзі ён пераехаў у Фромбарк – маленькі горад на беразе Вісьлінскай затокі, дзе за ім ужо было замацавана месца каноніка, і прыступіў да сваіх “духоўных абавязкаў”. Навуковыя дасьледваньні, аднак, ня кінуў – адна з башняў крэпасьці ў Фромбарку стала для яго абсерваторыяй.

Асноўныя ідэі аб новай астранамічнай сістэме склаліся ў Каперніка ўжо ў 1500-я гады. Ён пачаў пісаць кнігу з апісаньнем новай мадэлі сьвету і адкрыта абмяркоўваў свае ідэі зь сябрамі. Праца над галоўнай кнігай свайго жыцьця зацягнулася на 40 гадоў. Чуткі ж аб новай астранамічнай тэорыі шырока распаўсюдзіліся па ўсё Еўропе ўжо ў 1520-я гады.

Капернік ня быў сканцэнтраваны толькі на астраноміі: па яго праекце ў Польшчы была ўведзена новая манетарная сістэма; у Фромборку ён пабудаваў гідраўлічную машыну, якая забясьпечвала вадой усе дамы; асабіста, як лекар, займаўся барацьбой з эпідэміяй чумы ў 1519 годзе. У час польска-тэўтонскай вайны 1519-21 гг. Капернік арганізоўваў пасьпяховую абарону епіскапцтва ад тэўтонаў, а ў 1525 годзе прымаў удзел у мірных перамовах, якія завяршыліся стварэньнем на землях ордэна першай пратэстанцкай дзяржавы – герцагства Прусія.

У 1531 годзе старэючы Капернік вырашый адысьці ад суетных спраў і сканцэнтравацца на сваёй кнізе. Але праца шла марудна. Тады яго паплечнік Рэцік (сапраўднае імя Георг Ёахім фон Лаўхен) дапамог распаўсюдзіць Каперніку сярод сяброў кароткі кансьпект яго працы пад назвай “Малы каментар” (Commentariolus). У 1542 годзе стан здароўя навукоўца рэзка пагоршыўся – яго разьбіў параліч правай паловы цела. Капернік памёр 24 траўня 1543 года ва ўзросьце 70 гадоў ад інсульту. Легенда сьцьвярджае, што ён пасьпеў убачыць сваю галоўную кнігу De revolutionibus orbium coelestium («Аб колазвароце нябесных сьфер»), надрукаваную ў Нюрнбергу ў 1543 годзе, але некаторыя дасьледчыкі кажуць, што гэта было малаверагодна, паколькі апошнія месяцы жыцьця Капернік знаходзіўся ў… коме (http://ru.wikipedia.org/).

Між тым, кніга Каперніка De revolutionibus orbium coelestium (гл. фота ўнізе) пераўтварылася ў выдатны помнік у гонар навукова-рэалістычнай думкі чалавека. А час яе зьяўленьня лічыцца пачаткам першай навуковай рэвалюцыі.



Тытульная старонка «De revolutionibus orbium coelestium»  і старонка, дзе ў яго рукапісу Каперніка намаляваны “Нябесные сьферы” з цэнтральным разьмяшчэньнем Сонца.





Сярод галоўных палажэньняў, выкладзеных (ды абгрунтаваных) у гэтай кнізе, якія цалкам пярэчылі дамінуючай на той час геацэнтрычнай сістэме, можна назваць наступныя:

– цэнтар Зямлі – ня цэнтар Сусьвету; усе планеты рухаюцца па арбітах, цэнтрам якіх зьяўляецца Сонца, і таму Сонца зьяўляецца цэнтрам Сьвету;

– адлегласьць паміж Зямлёй і Сонцам вельмі малая ў параўнаньні з адлегласьцю паміж Зямлёй і нерухомымі зоркамі;

– сутачны рух Сонца толькі ўяўляецца, і выкліканы эфектам кручэньня Зямлі, якая за 24 гадзіны паварочваецца адзін раз вакол сваёй восі;

– Зямля круціцца вакол Сонца і таму тыя перамяшчэньні, якія, як падаецца, робіць Сонца – ня больш, чым эфект руху Зямлі.

З сучаснага ўзроўню разьвіцьця астраноміі нам вядома, што ўяўленьні Каперніка былі ня цалкам дакладнымі (так, напрыклад, Ёган Кеплер даказаў, што форма арбіт планет не дакладна нагадвае кола, а зьяўляецца трохі эліптычнай; па гэтай прычыне ў Кеплера атрымалася скласьці яшчэ больш дакладныя табліцы з прадказаньнем руху планет, чым гэта зрабіў Капернік), але і тое, што ён зрабіў, мела рэвалюцыйны эфект на сьветагляд людзей. Адкрыцьці Каперніка нанесьлі сакрушальны ўдар па архаічных аўтарытэтах, па Бібліі, падрыхтавалі глебу для будучага ньютонаўскага сумяшчэньня “зямных” і “нябесных” законаў…

Кіраўніцтва каталіцкай царквы не адразу ўбачыла ў адкрыцьцях Каперніка пагрозу для сябе. Гэта было абумоўлена шэрагам абставін. Царква мела патрэбу ў працы Каперніка, як астранома, і зьвярталася да яго па дапамогу (дарэчы, Капернік ветліва адмовіўся). У гэты ж час каталікі былі занятыя барацьбой з Рэфармацыяй, правадыры якой рэзка адмоўна паставіліся да Каперніка… Папа рымскі Клімент VII нават дабразычліва праслухаў лекцыю аб тэорыі Каперніка, падрыхтаваную адным з кардыналаў. Аднак некаторыя епіскапы адразу западозрылі небясьпеку для рэлігійнага сьветагляду людзей (а значыць і пагрозу для сябе) і выступілі з заўзятай крытыкай геліяцэнтрызму, аб’явіўшы тэорыю Каперніка… ерасьсю. У 1616 годзе каталіцкая царква афіцыйна забараніла прытрымлівацца і бараніць тэорыю Каперніка. Яго кніга «De Revolutionibus Orbium Coelestium»  была ўнесена ў рымскі Індэкс забароненых кніг з аднакай “да выпраўленьня”.

Самым вядомым наступствам гэтага рашэньня ў XVII стагоддзі стаў суд сьвятой інквізіцыі над Галілеем у 1633 годзе, які парушыў царкоўную забарону ў сваёй кнізе «Дыялогі аб дзьвюх найгалоўных сістэмах сьвету».

І яшчэ цікавы момант – лёс пахаваньня Каперніка. Доўгі час месца, у якім  знаходзіцца яго магіла, заставалася невядомым. І толькі ў час раскопак у кафедральным саборы Фромбарка ў 2005 годзе былі адкапаныя косткі чэрапа і… ног нейкага нябожчыка. Параўнаўчы ДНК-аналіз гэтых астанкаў і двух валасоў Каперніка, знойдзеных у адной зь яго кніг, паказаў, што косткі належылі… Каперніку (гэта азначае, што верагодна ў свой час “сьвятая інквізіцыя” ўсё ж пастанавіла адпомсьціць навукоўцу – нават пасьмяротна – загадаўшы, напрыклад, спаліць парэшкі Каперніка; але той, хто выконваў гэтае рашэньне, зрабіў справу… неахайна, пакінушы некаторыя часткі цела ў магіле). У траўні 2010 года адбылася цырымонія перазахаваньня. Труну з астанкамі выбітнага навукоўца спачатку правезьлі праз шэраг гарадоў Польшчы, зь якімі Капернік быў зьвязаны пры жыцьці, а потым даставілі ва ўсё той жа кафедральны сабор Фромбарка. Пасьля ўрачыстай цэрымоніі, якую правёў… сам прымас Польшчы, парэшткі вялікага навукоўца былі там жа ўрачыста і пахаваныя.



4.2. Бруна.

Пра Галілео Галілея мы ўжо ўзгадалі вышэй. Ён пад жорскім прымусам у 1633 годзе вымушаны быў публічна адмовіцца ад ідэі геліяцэнтрызму, працягваючы ведаць, што менавіта яна адпавядае сапраўднасьці… Ад сьмерці на вогнішчы яго выратавала толькі тое, што ён быў аб’яўлены не ерэтыком, а тым, хто “падазраецца ў ерасі”. Астатак жыцьця Галілей правёў пад хатнім арыштам і тэрорам з боку езуіцкай інквізіцыі  (http://ru.wikipedia.org)

Але ў гісторыі чалавецтва былі выпадкі, калі людзі не адмаўляліся ад праўды (у т.л. ад навуковай, сьветагляднай) нават перад пагрозай жахлівай сьмерці. Адным з такіх быў Філіпа (Джарда́на) Бру́на – філосаф, паэт, італьянскі манах-дамініканец (гады жыцьця 1548 – 1600; гл. малюнак; http://ru.wikipedia.org; http://www.aska-life.com.ua/people/Dzhordano_Bruno1185573.html).

Нарадзіўся Бруна ў мястэчку Нола паблізу ад Неапаля ў сям’і салдата Джавані Бруна. Пасьля нараджэньня яму далі імя Філіпа. У 11-12 гадоў Бруна прывезьлі ў Неапаль вывучаць літаратуру, логіку, дыялектыку. Тут і стаў зрэалізоўвацца яго неапанаваны запал да Ведаў  (ужо ў юнацкім узросьце Бруна нароўні з навуковымі трактатамі запоем чытае Лукрэцыя, Вергілія, іншых паэтаў, філософаў, вывучае міфалогію, драматургію, зачытваецца Макіявелі, прысутнічае на навуковых дыспутах, цікавіцца складанымі тэалагічнымі й філасофскімі пытаньнямі).

Адначасна з гэтым у 15-гадовым узросьце ён паступае у мясцовы дамініканскі манастыр, дзе ў 1565 годзе (па іншых зьвестках у 1566-м) становіцца манахам зь імем Джардана. Аднак хутка за сумненьні адносна сэнсу пераўтварэньня хлеба і віна ў цела ды кроў Хрыста падчас эўхарыстыі, сумненьні што да непарочнага зачацьця Дзевы Марыі, а таксама за тое, што павыносіў зь кельлі іконы, пакінуўшы толькі Расьпяцьце, Бруна прыцягнуў да сябе падазрэньні. Кіраўніцтва манастыра пачало рассьледваньне, але на першы раз вырашыла прабачыць маладому чалавеку.

Пытаньні пабудовы і паходжаньня Сусьвету пачалі хваляваць юнага манаха вельмі рана. У той час вучэньне Арыстоцеля аб космасе і сістэма Пталемея выкладаліся як безумоўныя ісьціны – Зямля лічылася цэнтрам Сусьвету і знаходзілася ў пакоі. Аднак Бруна, які нічога не жадаў прымаць на веру, хутка расчараваўся ў гэтых вучэньнях, бо як толькі гаворка заходзіла пра рэчы, якія складалі сутнасьць хрысьціянскай веры, ён чуў адказ: “Сіе адбываецца неспасьціжымым чынам”… Але Бруна ўжо ведаў, што яшчэ Дземакрыт (старажытная Грэцыя) вучыў, што сьветы ёсьць у бясконцай колькасьці, што яны рознай велічыні, знаходзяцца на рознай адлегласьці адзін ад аднаго і на розных стадыях свайго разьвіцьця (некаторыя квітнеюць, а некаторыя – занепадаюць). Блізкія ўяўленьні былі ў Эпікура і Лукрэцыя. Але найбольшы ўплыў на сьветагляд Бруна аказаў Мікола Кузанскі, які быў сынам рыбака, а стаў – кардыналам, выбітным матэматыкам, дыялектыкам, вытанчаным тэолагам. Кузанскі за 100 гадоў да Каперніка выказаў думку, што Зямля не зьяўляецца цэнтрам Сусьвету, што такога цэнтра няма ўвогуле, бо Сусьвет бясконцы; што Зямля верціцца вакол сваёй восі і, магчыма, праходзіць шлях вакол Сонца; што любая частка неба знаходзіцца ў руху, пры гэтым нябесныя целы ўзаемна ўплываюць адно на адно. І, нарэшце, самы вялікі пераварот у душы Бруна зрабіла кніга Каперніка, працай якога ён захапляўся.

У 1572 годзе Бруна было загадана немарудзячы выехаць у Неапаль, дзе ён быў прыняты ў студэнты Вышэйшай багаслоўскай школы. Тут ён добра вучыўся, зьдзіўляючы выкладчыкаў сваімі ведамі, але і выклікаючы сталае незадавальненьне ў начальства ды студэнтаў. Сапраўдны скандал усчаўся, калі ў школу прыехаў выбітны тэолаг – гонар ордэна. На паказальным дыспуце Бруна выкрыў яго ў няведаньні першакрыніц, у дадатак паказаўшы веданьне забароненых кніг. Атрымалася так, што юнак бароніць ерэтыкоў, а значыць і сам – ерэтык. Было распачата рассьледаваньне. Пазьней у дадатак з Тыбру выцягнулі труп дамініканца, які прыехаў у Рым зь Неапаля выкрываць ерась Джардана. Цяпер юнака маглі абвінаваціць яшчэ і ў забойстве…

Не чакаючы вынікаў рассьледаваньня, Бруна вымушаны быў уцякаць з Рыму на поўнач Італіі (скінуўшы расу і вярнуўшы сабе імя Філіпа), а пазьней пачаць бадзяцца ў адзіноце па ўсёй Еўропе, запрацоўваючы на жыцьцё ў асноўным выкладчыцкай дзейнасьцю – Жэнева, Тулуза, Парыж, Лондан, зноў Парыж, Марбург, Вітэнберг, Прага, Гельмштад, Франкфурт-на-Майне, Цюрых, Венецыя (гл. http://www.renesans.narod.ru/bruno.htm).

У Францыі на Бруна зьвярнуў увагу кароль Генрых ІІІ Валуа, які прысутнічаў на адной зь яго лекцый і на якога зрабілі вялікае ўражаньне веды і памяць лектара (сярод іншага, Бруна быў выбітным знаўцам мастацтва памяці, нават пісаў кнігі па мнематэхніцы). Кароль запрасіў Бруна да двара, падараваўшы яму некалькі гадоў спакою і бясьпекі (да 1583 г.), а пазьней даў рэкамендацыйныя лісты для паездкі ў Англію. З 35-гадовага ўзросту філосаў-паэт жыў у Оксфардзе і Лондане. Там выдаў некалькі працаў, сярод якіх адна з галоўны – “Аб бясконцасьці Сусьвету і сьветах” (1584 г.).  У гэтай ды іншых працах, разьвіваючы геліяцэнтрычную тэорыю Каперніка і філасофію Міколы Кузанскага, Джардана Бруна выказаў шэраг здагадак, якія апярэдзілі яго эпоху і былі пацьверджаны пазьнейшымі астранамічнымі адкрыцьцямі: аб існаваньні ў межах Сонечнай сістэмы невядомых у яго часы планет і аб адсутнасьці ў яе складзе матэрыяльных нябесных сьфер; пра тое, што Сусьвет бясконцы і ў Ім існуе практычна бясконцая колькасьць целаў, падобных на наша Сонца; што зоркі – гэта далёкія сонцы; выказаў гіпотэзу аб магчымасьці жыцьця на іншых планетах; насуперак распаўсюджаным у тыя часы меркаваньням, Бруна лічыў каметы нябеснымі целамі, а мі ў межах зямной атмасьферы. Пры гэтым, баронячы геліяцэнтрычнуюне пара сістэму, ён адкідаў довады, заснаваныя на “Сьвятым пісаньні”, адрынаў сярэднявечныя ўяўленьні аб тым, што Зямля і Неба маюць розныя законы свайго існаваньня.

У Англіі Бруна спрабаваў пераканаць высокапастаўленых асоб з асяроддзя каралевы Елізаветы ў сапраўднасьці ідэй Каперніка (гэта было задоўга да таго, як Галілей абагуліў дактрыну Каперніка). Аднак большасьць зь іх, нават такія інтэлектуалы, як Шэкспір і Бэкон, не паддаліся на яго высілкі й працягвалі лічыць па Арыстоцелю-Пталеемею, што Сонца – адна з планет, якая круціцца вакол Зямлі (хаця пэўны ўплыў на Шэкспіра ўсё ж быў). Только Уільям Гілберт – лекар і фізік – прыняў за ісьціну сістэму Каперніка. Нягледзячы на заступніцтва вышэйшай улады Англіі, Бруна ў 1585 годзе вымушаны быў фактычна бегчы ў Францыю, затым у Нямеччыну, дзе яму і там праз пэўны час было забаронена чытаць лекцыі…

За што яшчэ? У дадатак да ўяўленьняў пра будову Сонечнай сістэмы і Сьвета ў цэлым, якія супярэчылі Бібліі, у філасофіі Бруна прысутнічалі погляды, блізкія да антычных матэрыялістаў і пафігарыйцаў. У Міколы Кузанскага Бруна пазычыў ідэю “адмоўнай тэалогіі”, якая сцьвярджала немагчымасьць станоўчага вызначэньня Бога, а праз гэта супрацьпаставіў сваю філасофію натуралістычнага пантэізма схаластычнай філасофіі Арыстоцеля. Бруна лічыў, што мэтай філасофіі зьяўляецца не пазнаньне звышнатуральнага Бога, а – Прыроды, якая ёсьць “богам у рэчах”. Асноўнай адзінкай быцьця Бруна называў “манаду” (мы прапануем лічыць аб’ект, які непарыўна зьвязаны зь яго ўласнымі ўласьцівасьцямі ), у якой зьліваюцца “цялеснае” і “духоўнае”, аб’ект і суб’ект. Пры гэтым вышэйшай субстанцыяй Сьвету ёсьць “манада манад”, альбо Бог, які як цэлае праяўляе сябе ва ўсім адзінкавым – “усё ва ўсім” (дададзім: многія ідэі, выказаныя Бруна, пазьней распрацоўваліся Сьпінозай, Лейбніцам, Шэлінгам, Гегелем).

Натуральна, што погляды Бруна, у якіх усё яшчэ спалучаліся (не маглі не спалучацца) містычныя і натуральна-навуковыя ўяўленьні аб Сьвеце, вельмі моцна пярэчылі тагачаснай афіцыйнай сьветаглядна-рэлігійнай канцэпцыі хрысьціянскай царквы, надзвычай раздражнялі царкоўную бюракратыю, якая ўспрымала Бруна небясьпечным ідэалагічным супернікам (нагадаем, той быў каталіцкім манахам!).

У 1591 годзе Бруна прыняў запрашэньне маладога венецыянскага арыстакрата Джавані Мачаніга дапамагчы яму авалодаць майстэрствам запамінаньня і прыехаў у Венецыю. Верагодна гэта была пастка, бо вядома, што хутка стасункі паміж Бруна ды Мачаніга “сапсаваліся” і 23 траўня 1592 года апошні напісаў на Бруна данос венецыянскаму інквізітару, у якім было напісана: “Я, Джавані Мачаніга, данашу па доўгу сумленьня і па загадзе духаўніка, што шмат разоў чуў ад Джардана Бруна, калі размаўляў зь ім у сваім доме, што сьвет вечны і што існуюць бясконцыя сьветы … што Хрыстос рабіў яўныя цуды і быў магам; што Хрыстос паміраў не па ўласнай волі і, наколькі мог, імкнуўся пазьбегчы сьмерці; што адплата за грахі не існуе; што душы, створаныя прыродай, пераходзяць з адной жывой істоты ў іншую. Ён распавядаў пра свой намер стаць заснавальнікам новай секты пад назвай “Новая філасофія”. Ён казаў, што Дзева Марыя не магла нарадзіць; што манахі ганьбяць сьвет і ўсе яны – аслы; што ў нас няма доказаў таго, ці мае наша вера заслугі перад Богам”.

Праз некалькі дзён Мачаніга накіраваў чарговыя даносы на Бруна, пасьля чаго філосаф-манах быў арыштаваны і заключаны ў вязьніцу.  У лютым 1593 г. Джардана Бруна быў перавезены ў Рым, дзе ў турмах правёў яшчэ 7 гадоў, не пагаджаючыся прызнаць памылковымі свае навуковыя і рэлігійныя перакананьні (дакладна вядома, што ў час сьледства, якое праводзіла інквізіцыя, касмалагічныя пытаньні, якія прысутнічалі ў вучэньні Бруна – пра пабудову Сонечнай сістэмы, пра шматлікасьць сьветаў – абмяркоўваліся неаднаразова; нягледзячы на тое, што геліяцэнтрычная сістэма ў той час яшчэ афіцыйна не была забаронена інквізіцыяй, інквізіцыйны трыбунал упікаў Бруна тым, што яго тэорыя пабудовы Сонечнай сістэмы пярэчыць “Сьвятому пісаньню”).

Нарэшце ў студзені 1600 года Папа рымскі пастанавіў перадаць Бруна ў рукі сьвецкай улады… І ўжо 9 лютага рашэньне Папы было выканана – інквізіцыйны трыбунал сваім прысудам прызнаў Бруна “тым, хто не раскаўся, упарціцца і зьяўляецца непахісным ерэтыком”. Інквізіцыя пазбавіла яго сьвятарскага сана, адлучыла ад царквы і перадала на суд губернатару Рыма, даручыўшы падвергнуць яго “самаму міласэрнаму пакараньню і без праліцьця крыві”. Гэта азначала патрабаваньне… спаліць жыўцом на вогнішчы.

У адказ на прысуд Бруна заявіў суддзям: “Спаліць – ня значыць абвергнуць!

Вядома, што ў тэксьце прысуду над Бруна было 8 “ерэтычных палажэньняў”, але на сёньня мы дакладна ведаем толькі адно (іншыя 7 застаюцца схаванымі й сёньня). Таму пакуль не магчыма дакладна сказаць, ці ўваходзілі ў прысуд “памылковыя касмапалагічныя ўяўленьні Бруна”. Логіка, а таксама веданьне жыцьця падказваюць, што хутчэй за ўсё ўваходзілі. Але і сёньня каталіцкія клерыкалы лічаць за лепшае (для сябе) хаваць гэты асьпект лёсу вялікага чалавека і гісторыі чалавецтва…

Па рашэньні сьвецкага суду 17 лютага 1600 года Бруна быў публічна спалены ў Рыме перад вялікім натоўпам і ў прысутнасьці 50 кардыналаў на плошчы Кветак (італ. Campo dei Fiori). Каты прывялі яго на месца пакараньня зь кляпам у роце, з дапамогай жалезнага ланцуга прывязалі да слупа ў цэнтры раскладзенага вогнішча і перацягнулі мокрай вяроўкай, якая пад дзеяньнем агню сьцягвалася і ўразалася ў цела…

Усе творы Джардана Бруна ў 1603 годзе былі занесеныя ў каталіцкі Індэкс забароненых кніг і былі ў ім да апошняга выданьня 1948 года.

Прайшлі стагоддзі, і ў 1889 годзе на той самай плошчы Кветак у Рыме, на якой інквізіцыя спаліла філосафа-манаха, у яго гонар быў пастаўлены… помнік. На ім напісана: “Джардану Бруна – ад стагоддзя, якое ён прадбачыў, на тым месцы, дзе быў спалены на вогнішчы” (гл. фота).

На 400-годдзе сьмерці Бруна кардынал Анджэла Садана назваў пакараньне сьмерцю Бруна “сумным эпізодам”, але, тым ня менш, указаў на правільнасьць дзеяньняў інквізітараў, якія па яго словах “зрабілі ўсё магчымае, каб захаваць яму жыцьцё”…



4.3. Мальтус.

Томас Роберт Мальтус (гады жыцьця 1766 – 1834) – ангельскі эканаміст, заснавальнік мальтузіянства (паводле http://ru.wikipedia.org; www.encyklopedia.narod.ru/bios/nauka/malthus/malthus; http://bibliotekar.ru/100otkr/93.htm;  http://demoscope.ru/weekly/009/nauka03.php).

Нарадзіўся ў маёнтку Рукеры (англійскае графства Сурэй, паблізу ад горада Гілдфорд) у багатай дваранскай сям’і. Яго бацька Даніэль Мальтус быў гарачым прыхільнікам Жан Жака Русо і Дэвіда Юма (зь якімі быў асабіста знаёмы), выхоўваў сына ў адпаведным духу.

Томас Мальтус атрымаў пачатковую адукацыю дома, пад наглядам бацькі. У 1784 г.  паступіў у Джызас-каледж Оксфардскага ўніверсітэта, дзе пасьпяхова вывучаў матэматыку, рыторыку, латынь і грэцкую мову. Пасьля заканчэньня каледжа ў 1788 годзе пэўна час быў ад’юнкт-прафесарам і сябрам рады Джызас-каледжа. У 1796-м, будучы асьвечаны ў духоўны сан, прыняў прыход у Олберы (графства Сурэй).

У 1804 годзе Мальтус ажаніўся, у яго было трое дзяцей.

Шматлікія дыскусіі з бацькам адносна дасканаленьня арганізацыі грамадства сьхілілі Мальтуса да таго, каб выказаць свае ідэі пісьмова. У 1798 г. зьявіўся артыкул, шырока вядомая як “Аналіз папуляцый”, а затым у тым жа годзе Мальтус ананімна публікуе “Эсэ пра закон народанасельніцтва і яго ўплыў на будучае паляпшэньне грамадства” (An Essay on the Principle of Population as it affects the Future Improvement of Society, with remarks on the Speculations of Mr. Godwin, M. Condorcet, and other Writers), якое адразу ж зрабіла яго знакамітым. У 1803 выйшла другое, дапоўненае выданьне гэтай працы (апошняе, 6-е дапоўненае выданьне выйшла ў 1826 годзе).

У гэтым “Эсэ…” Мальтус даволі карэктна апісаў заканамернасьці эканоміка-дэмаграфічнай дынамікі даіндустрыяльных грамадстваў, сфармуляваўшы наступныя асноўныя тэзісы:

– у дадатак да біялагічнай здольнасьці чалавека да працягу роду яго фізічныя здольнасьці выкарыстоўваюцца для павелічэньня сваіх харчовых рэсурсаў;

– насельніцтва строга абмежавана сродкамі існаваньня; яно расьце ў геаметрычнай прагрэсіі, а сродкі існавання – у арыфметычнай;

– рост народанасельніцтва можа быць спынены толькі сустрэчнымі прычынамі – альбо сьвядомым маральным устрыманьнем, альбо няшчасцямі (войны, эпідэміі, голад).

Пасьля жаніцьбы ў 1804 годзе Мальтус заняў пасаду прафесара кафедры гісторыі й палітычнай эканоміі каледжа Ост-Індскай кампаніі ў графстве Хартфардшыр, дзе працаваў да канца жыцьця (адхіліўшы нават запрашэньне стаць вікарыем Эфінгема ў Сурэі). Гэта была адна з першых кафедр палітэканоміі ў Англіі, а Мальтус стаў першым акадэмічным эканамістам краіны.

З 1811 году пачаў сябраваць з Давідам Рыкарда. У 1815 г. апублікаваў трактаты па эканоміцы: “Дасьледаваньні прыроды і ўзрастаньня рэнты, а таксама рэгулюючых яе прынцыпаў”, “Падставы для думкі адносна забароны імпарту замежнага хлеба”.

У 1820 годзе была апублікавана яшчэ адна зь яго значных прац – “Прынцыпы палітычнай эканоміі з пункту гледжаньня іх практычнага прымяненьня”.

Нягледзячы на непрыманьне многімі яго канцэпцый аб лёсах папуляцый, Мальтус быў прызнаны выбітным мысляром свайго часу. У 1819 г. Мальтус быў абраны чальцом Каралеўскага таварыства Вялікабрытаніі, у 1826-м – ганаровым членам Пецярбургскай АН, у 1833-м – членам Французскай акадэміі навук (этыкі й палітыкі), чальцом Каралеўскай акадэміі ў Берліне. У 1831 г. ён заснаваў Клуб палітычнай эканоміі, а ў 1834-м садзейнічаў стварэнню Лонданскага статыстычнага таварыства.

Усё жыцьцё Мальтус пражыў вельмі сьціпла, пасьлядоўна адмаўляючыся ад высокіх дзяржаўных і рэлігійных пасад, лічачы галоўным сэнсам свайго жыцьця навуковую працу.

Пахаваны ў абацтве горада Бат. На надмагільным камні напісана: “Яго творы будуць вечным помнікам глыбіні й вернасьці яго разуменьня”.

Асноўныя ідэі.

У эпоху Мальтуса быў прыняты «аптымістычны» погляд на развіццё грамадства, і многія эканамісты былі перакананыя, што рост народанасельніцтва зьяўляецца спрыяльным працэсам, якія забяспечваюць моц дзяржавы. І гэтае ўяўленьне цалкам адпавядала біблейскаму: “Пладецеся і множцеся” (гл. Біблія, Быцьцё, раздзел 1, верш 28).

Мальтус запрапанаваў альтэрнатыўнае бачаньне: рост насельніцтва далёка не заўсёды пажаданы, бо рост гэты часта ідзе хутчэй, чым растуць магчымасьці забеспячэньня насельніцтва прадуктамі харчаваньня. У сваёй першапачатковай фармулёўцы Мальтус сцьвяржаў, што колькасьць насельніцтва павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі (1, 2, 4, 8, 16 і г.д.), а вытворчасьць прадуктаў харчаваньня – у арыфметычнай (1, 2, 3, 4, 5 і г.д .). Па Мальтусу, менавіта гэты разрыў і зьяўляецца прычынай шматлікіх грамадскіх бедаў – беднасьці, голаду, эпідэмій, войнаў. У далейшым Мальтус прапанаваў некалькі іншае бачаньне сітуацыі: рост насельніцтва пастаянна набліжаецца да мяжы, на якім яно ўсё ж можа існаваць, утрымліваючыся на гэтым узроўні за кошт голаду, войнаў, хваробаў.

У другім выданьні “Эсэ…” Мальтус прапанаваў практычныя меры, якія дазваляюць змагацца з наступствамі «натуральнага закона народанасельніцтва»: адмова ад ўступленьня ў шлюб малазабяспечаных людзей, захаваньне строгіх нормаў маралі да ўступленьня ў шлюб, адмова ад праграм сацыяльнай дапамогі бедным. Аднак ён выступаў супраць кантролю над нараджальнасьцю, мяркуючы, што, калі б шлюбныя пары мелі магчымасьць лёгка абмяжоўваць колькасьць дзяцей, першасны стымул да сацыяльна-эканамічнага прагрэсу апынуўся б згубленым: людзі сталі б весьці бязьдзейны лад жыцьця і ў грамадстве наступіў бы застой. Па той жа прычыне Мальтус лічыў непрымальнымі прававыя абмежаваньні на ўступленьне ў шлюб.

Неэфектыўнай ёсьць на думку Мальтуса і палітыка заахвочваньня эміграцыі, якая можа прынесьці карысьць толькі ў тым выпадку, калі людзі будуць практыкаваць ўстрыманьне. У адваротным выпадку адток насельніцтва будзе хутка кампенсаваны высокім узроўнем нараджальнасьці.

Такім чынам, цэнтральны тэзіс вучэньня Мальтуса просты: людзі размножваюцца настолькі хутка, што эканоміка за імі ўгнацца ня можа, таму рост насельніцтва варта абмяжоўваць. Абмежавальнікі могуць быць прэвентыўнымі: позьнія шлюбы і палавое ўстрыманьне (як да так і пасьля ўступленьня ў шлюб), – так і поствентыўнымі: высокая сьмяротнасьць, зьвязаная з хваробамі, войнамі або голадам. Пры гэтым найбольш прымальным спосабам памяншэньня колькасьці нараджэньняў Мальтус лічыў адкладваньне ўступленьня ў шлюб, лічачы кантрацэпцыю і аборты… грахоўнымі.

У далейшым ідэя кантролю над нараджальнасцю, як сродку барацьбы зь непрапарцыйным павелічэньнем колькасьці насельніцтва, стала граць галоўную ролю ў канцэпцыі г.зв. нэамальтузіянства, да якой Мальтус мае толькі ўскоснае дачыненьне.



4.4. Дарвін.

У межах абранага прадмета дасьледваньня мы ня можам абысьці ўвагай такога навукоўца і першапачаткова перакананага хрысьціяніна-верніка, як Чарльз Дарвін (гл. малюнак; зь яго біяграфіяй можна пазнаёміцца, напрыклад, тут: http://ru.wikipedia.org; http://www.biografia.ru/cgi-bin/search.pl?oaction=show&id=1066; http://www.tonnel.ru/?l=gzl&uid=480).

Многія ведаюць, што менавіта гэты чалавек распрацаваў эвалюцыйную тэорыю натуральнага паходжаньня ўсіх відаў жывых арганізмаў на зямлі, уключаючы і чалавека-чалавецтва.

Таму перад тым, як апісваць біяграфію Дарвіна, давайце паглядзім, што па тым жа пытаньні гаворыць Біблія (гл. Стары запавет, Быцьцё, Разьдзел 1 – гл. http://carkva-gazeta.org/chytanne/biblia.php):

“20. І сказаў Бог: хай утворыць вада паўзуноў, душу жывую; і птушкі хай паляцяць над зямлёю, па цьвердзі нябеснай.
21. І стварыў Бог рыб вялікіх і ўсякую душу жывёл паўзуноў, якіх утварыла вада, паводле роду іх, і ўсякую птушку крылатую паводле роду яе. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
22. І дабраславіў іх Бог, кажучы: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце воды ў морах, і птушкі хай множацца на зямлі.
23. І быў вечар, і была раніца: дзень пяты.
24. І сказаў Бог: хай утворыць зямля душу жывую паводле роду яе, быдла, і гадаў, і зьвяроў зямных паводле роду іх. І сталася так.
25. І стварыў Бог жывёлаў зямных паводле роду іх, і быдла паводле роду яго, і ўсіх гадаў зямных паводле роду іх. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
26. І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам, і над усёю зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі.
27. І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх.
28. І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю, і валадарце над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над усякай жывёлаю, што поўзае па зямлі.
29. І сказаў Бог: вось, Я даў вам усякую траву, што сее насеньне, якая ёсьць на ўсёй зямлі, і ўсякае дрэва, у якога плод дрэўны, што сее насеньне, – вам гэта будзе ежаю:
30. а ўсім зьвярам зямным, і ўсім птушкам нябесным, і ўсякаму, што поўзае па зямлі, у якім душа жывая, даў Я ўсю зеляніну травяную на ежу.
І сталася так.
31. І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў, і вось, добра вельмі. І быў вечар, і была раніца: дзень шосты”.

(канец цытаваньня Бібліі)

Такім чынам, тыя, хто шмат стагоддзяў верылі ў міфічнага Бога (працягваюць верыць і надалей) і ўзводзілі Біблію ў абсалют (працягваюць узводзіць), лічылі (працягваюць лічыць), што на пяты дзень сваёй працы Бог стварыў жывёл водных і паветраных, а на штосты – зьвяроў зямных, чалавека і расьлінны сьвет, каб усім папярэдне створаным жывёлам і чалавеку было што есьці…

– –

Чарльз Дарвін нарадзіўся 12 лютага 1809 года ў горадзе Шрусьберы (Вялікабрытанія). Яго бацька, Роберт Уорынг, сын вядомага ў свой час паэта і навукоўца Эразма Дарвіна, зарабляў на жыцьцё лекарскай практыкай. У Чарльза было яшчэ тры сястры і брат. Маці памерла, калі будучаму сусьветна вядомаму навукоўцу не было і 8 гадоў, і пра яе ў яго амаль не засталося ўспамінаў.

На 9-м годзе жыцьця Дарвін пачаў вучыцца ў элементарнай школе, дзе ён меў посьпехі істотна меншыя ў параўнаньні са сваёй сястрой Кацярынай. Праз год Чарльз быў аддадзены ў гімназію доктара Бетлера, дзе ён правучыўся 7 гадоў. Націск у гімназіі рабіўся на класічныя мовы, славеснасьць і да т.п. прадметы, да якіх у Дарвіна не аказалася ні жаданьня, ні здольнасьцяў. Адсутнасьць выбітных дасягненьняў юнага Дарвіна ў вучобе кампенсавалася яго вялікай цікавасьцю да прыроды і цягай да калекцыянаваньня – з 8 гадоў ён зьбірае расьліны, мінералы, ракавіны, насякомых, а таксама пячаткі, аўтографы, манеты. Акрамя таго, юны Чарльз рана заахвоціўся паляваньнем і рыбалкай, праводзячы з вудай шмат гадзін. Праўда, усе апошнія захапленьні не ўхваляліся ні бацькам, ні яго саліднымі знаёмымі…

У 1825 годзе, пераканаўшыся, што са школьных заняткаў сына ня будзе істотнай карысьці, бацька забраў Чарльза зь гімназіі й накіраваў вучыцца ў Эдзінбургскі ўніверсітэт – рыхтавацца да медычнай кар’еры. Аднак і тут заняткі падаліся маладому Дарвіну нуднымі. Тады праз два гады бацька запрапанаваў яму абраць… “духоўную ніву”. Дарвін падумаў і… пагадзіўся. У 1828 годзе ён паступае ў Кембрыджскі ўніверсітэт на багаслоўскі факультэт з намерам па заканчэньні яго стаць сьвятаром. Аднак і тут на фоне даволі пасрэдных посьпехаў па абавязковых прадметах яго дадатковыя заняткі захавалі ранейшы характар – стараннае калекцыянаваньне, паляваньні, рыбная лоўля, назіраньні за сьветам жывёл. У Кембрыджы Дарвін наладжвае асабістыя знаёмствы з навукоўцамі-натуралістамі, наведвае навуковыя таварыствы, удзельнічае ў натуралісцкіх экскурсіях. Да гэтага часу адносіцца першая навуковая праца Дарвіна (ненадрукавная) зь яго першымі навуковымі назіраньнямі. Пад канец вучобы ў Кэмбрыджы ён становіцца ўжо сапраўдным натуралістам-калекцыянерам, але… усё яшчэ ўсур’ёз не задаецца пэўнымі пытаньнямі што да сваёй кар’еры.

У 1831 годзе Дарвін закончыў універсітэт,  дзе па сваёй багаслоўскай сьпецыялізацыі ён па адных зьвестках апынуўся ў ліку “многіх” – г.зн. быў тым, хто ня меў асаблівых выбітнасьцяў, а па іншых  заняў 10-е месца ў сьпісе са 178 вучняў, якія здалі экзамены.

І тут адбыўся той шчасьлівы выпадак, які кардынальна паўплываў на лёс будучага аўтара эвалюцыйнай тэорыі. Кембрыджскі прафесар батанікі Джон Генслоў (гл. малюнак), які здолеў разглядзець здольнасьці Дарвіна, запрапанаваў яму паспрабаваць заняць месца натураліста на караблі “Бігль” (дарэчы, без аплаты), які накіроўваўся ў эксьпедыцыю ў Паўднёвую Амерыку (пазьней эксьпедыцыя аказалася кругасьветнай). Капітан “Бігля” Фіцрой (гл. малюнак), перад якім былі пастаўлены ў асноўным картаграфічныя задачы, не без ваганьняў… пагадзіўся.

Перад адплыцьцём Дарвін пазнаёміўся з працамі геолага Чарльза Лаеля, адну з кніг якога ён узяў з сабой у падарожжа (дарэчы, Лаель па духу аказаўся блізкім Дарвіну, пазьней яны сябравалі).

Эксьпедыцыя расьцягнулася амаль на 5 гадоў (1831-36 гг.). За гэты час даследчыкі наведалі сярод іншага Бразілію, Аргентыну, Чылі, Перу, Галапагоскія выспы – дзесяць скалістых астравоў у Ціхім акіяне каля ўзбярэжжа Эквадора, на кожным зь якіх былі свае асаблівасьці фаўны (гл. сьхему падарожжа). У маладога натураліста было дастаткова часу, і каб пра многае падумаць, і каб сабраць вялікія калекцыі (горныя пароды, скамянеласьці, гербарыі, пудзілы жывёл), якія потым апрацоўваліся ня толькі ім, а і некаторымі іншымі навукоўцамі. Акрамя таго, ён вёў падрабязны дзённік экспедыцыі, зь якога таксама пазьней вынікова скарыстаўся.


Малады Дарвін пачынаў удзельнічаць у экспедыцыі, як глыбока веруючы чалавек. Таму пытаньне аб паходжаньні арганічнага сьвету тады яшчэ не паўстала перад ім у дастаткова выразнай форме, але ад пачатку малады натураліст зьвяртаў асаблівую ўвагу на тыя факты, якія датычылі вялікіх праблем прыродазнаўства (напрыклад, на пытаньне аб спосабах расьсяленьня жывёл і расьлін, на пераходныя формы жывых арганізмаў, якія былі нязручнымі для сістэматыкаў і таму часта ігнараваліся імі).  У пампасах Паўднёвай Амерыкі ён сутыкнуўся з дадатковай вялікай групай фактаў, якія таксама пазьней ляглі ў падмурак эвалюцыйнай тэорыі – зь геалагічнай пераемнасьцю відаў. Яму ўдалося знайсьці шмат выкапняў-астанкаў старажытных жывёл і адкрыць сваяцтва прадстаўнікоў вымерлай фаўны з сучаснымі насельнікамі Паўднёвай Амерыкі (напрыклад, вымерлых гіганцкіх мегатэрыяў з сучаснымі ляніўцамі, выкапняў старажытных браняносцаў зь відамі, якія жывуць цяпер). Усе такія факты ня толькі не абміналі дапытлівы розум маладога Дарвіна, а наадварот прываблівалі яго…

Калі Дарвін вярнуўся з падарожжа (а яму было 27 гадоў), ён быў ужо іншым чалавекам. Пытаньне пра далейшую прафесійную дзейнасьць цяпер было вырашына само сабой – на руках апынуліся велізарныя матэрыялы, багатыя калекцыі, акрамя таго, у яго ўжо былі планы будучых дасьледаваньняў. Заставалася, не мудрагелячы хітра, прымацца за працу. Дарвін так і зрабіў. Наступныя 20 гадоў ён прысьвяціў апрацоўцы сабраных матэрыялаў.

Спачатку Дарвін некалькі месяцаў пражыў у Кембрыджы, затым – 5 гадоў у Лондане, дзе меў шырокія кантакты ў навыковым асяроддзі (асабліва блізка сышоўся з Лаелем і Гукерам), часта бываў у таварыстве, шмат працаваў, чытаў, рабіў паведамленьні ў навуковых асяродках, тры гады быў ганаровым сакратаром Геалагічнага таварыства. Але, прывыкшы жыць сярод вольнай прыроды, Дарвін у цэлым гнёўся гарадскім жыццём. Акрамя таго, яго здароўе станавілася ўсё слабейшым…

У 1839 годзе ён ажаніўся на сваёй кузіне (стрыечнай сястры) – міс Вуджвуд, і ў 1842 годзе пасяліўся ў размешчаным непадалёк ад Лондана купленым ім маёнтку Доўн. Практычна ўсе астатнія 40 гадоў жыцьня Дарвіна прайшлі ў бесперапынным замаганьні з хваробай і ў сталай працы (ён працавай практычна кожны дзень з 8 да 12 гадзін, а затым гуляў, адпачываў, займаўся бытавымі справамі). Дарвін шмат часу аддаваў сваім дзецям (іх нарадзілася 10, але трое памерлі ў раньнім дзяцінстве), і ў цэлым быў шчасьлівым у сямейным жыцьці. Ён вёў у сваім маёнтку спакойнае, аднастайнае, даволі адасобленае жыцьцё. Дарвіна наведвалі сябры – Гукер, Ляйелль, Форбес ды іншыя. Пазьней, з ростам папулярнасьці “дарвінізму”, Доун стаў прыцягваць наведвальнікаў з самых розных, у т.л. аддаленых, краін. Дарвін заўсёды ўражваў гасьцей сваёю ветлівасьцю, прастатой, глыбокай шчырасьцю і сьціпласьцю.

Грошы на такое жыцьцё Дарвін атрымаў у спадчыну ад бацькі. Акрамя таго, дастаткова вялікі прыбытак прыносіла выданьне кніг, чым знакаміты эвалюцыяніст вельмі ганарыўся. Пад канец жыцьця Дарвін стаў нават мецэнатам – нярэдка аказваў грашовую дапамогу навукоўцам, фундаваў разьвіцьцё навукі.

Цярпеньне, педантызм і ўпартасць, якія характэрызуюць працу Дарвіна, проста ўражваюць – некаторыя кнігі ён пісаў і некаторыя досьледы праводзіў дзесяцігоддзямі. Напрыклад, пытаньне аб паходжаньні відаў Дарвін распрацоўваў больш за 20 гадоў (з 1837 па 1858 гады) перш, чым адважыўся надрукаваць кнігу.

У выніку яго працы ўбачылі сьвет, напрыклад, такія выданьні, як: “Аб пабудове і размеркаваньні каралавых рыфаў” (1842), “Геалагічныя назіраньні над вулканічнымі астравамі” (1844), “Геалагічныя даследаваньні ў Паўднёвай Амерыцы” (1846). Акрамя гэтых сьпецыяльных матэрыялаў ён выдаў свой дзёньнік – “Падарожжа вакол сьвету на караблі “Бігль”“. Усе гэтыя працы (асабліва апошняя) зрабілі Дарвіна вядомым у коле вучоных, і з гэтых часоў ён ужо цалкам прысьвячае ўсе свае сілы навуцы.

Дарэчы, Дарвіна нельга назваць бліскучым стылістам, але гэтага і ня трэба для навуковых выданьняў: любоў да прыроды, вялікія веды, тонкая назіральнасьць, разнастайнасць і шырыня інтарэсаў аўтара, якія спалучаліся з прастатой і даступнасьцю выкладаньня сваіх думак, стваралі толькі перавагі для гэтай і наступных яго прац.

Яшчэ пад канец падарожжа Дарвін паставіў сабе пытаньне аб паходжаньні відаў і вырашыў прыступіць да яго распрацоўцы. У 1839 г., пасьля прачытаньня кнігі Томаса Мальтуса  (які, дарэчы, таксама быў сьвятаром), у яго выразна сфармулявалася ідэя натуральнага адбору. У 1842 г. Дарвін склаў першы накід сваёй тэорыі, а ў 1844 г. – больш падрабязны нарыс, зь якім пазнаеміў свайго сябра Дж.Гукера. Затым 12 гадоў прайшлі ў зьбіраньні й апрацоўцы матэрыялу, і толькі ў 1856 г. Дарвін, па радзе Лаеля, пачаў складаць “выманьне” са сваёй працы для друку. Невядома, калі б убачыла сьвятло гэтае “выманьне”, калі б у 1858 г. Альфрэд Уолес (гл. малюнак), які займаўся прыродазнаўча-гістарычнымі дасьледваньнямі на Малайскім архіпелагу, не даслаў Дарвіну артыкул, які ўтрымліваў у кароткай форме тую ж ідэю натуральнага адбору і… просьбу надрукаваць працу ў часопісе Лінееўскага таварыства. Дарвін параіўся зь сябрамі, якія пераканалі яго надрукаваць разам з артыкулам Уолеса кароткае выманьне са сваёй працы. Так ён і паступіў, а затым ўзяўся за складаньне больш падрабязнага нарыса, які выйшаў у сьвет у наступным, 1859 г., пад назвай “Паходжаньне відаў шляхам натуральнага адбору…” (“Origin of species by means of natural selection”;   гл. http://charles-darwin.narod.ru/origin-content.html).

У гэтай кнізе Дарвін паказаў, што пераўтварэньне парод хатніх жывёл і гатункаў культурных расьлін адбываецца на аснове зьмяненьняў у адзнаках асобных арганізмаў. Чалавек свядома выбірае арганізмы, якія валодаюць найбольш каштоўнымі з гаспадарчай пункту гледжаньня асаблівасьцямі, захоўвае іх і ад іх атрымлівае нашчадкаў, то бок праводзіць штучны адбор. Аналагічны працэс назіраецца і ў прыродзе… Дарвін зыходзіў зь існаваньня двух асноўных тыпаў зьмяняльнасьці: пэўнай, якая ўяўляе сабой прыстасавальныя рэакцыі арганізмаў на ўзьдзеяньне чыньнікаў вонкавага асяроддзя (цяпер такая зьмяняльнасьць завецца мадыфікацыйнай), і няпэўнай, што таксама ўзьнікае пад уплывам зьнешніх чыньнікаў, але найчасьцей ня мае прыстасаваўчага характару (цяпер такая зьменлівасьць завецца мутацыйнай). Пэўныя клікалі, зьнікаюць ужо ў наступнымзьмены пры зьнікненьні чыньнікаў, якія іх вы пакаленьні. Няпэўныя зьмены, наадварот, перадаюцца ў пакаленьнях. Таму галоўны матэрыял для эвалюцыі пастаўляе менавіта няпэўная зьмяняльнасьць. Аднак эвалюцыя да данага віду зьмяняльнасьці ня зводзіцца. Яшчэ ёсьць ўзаемадзеяньне арганізмаў з навакольным асяроддзем, якое выяўляецца ў “барацьбе за існаваньне”. Згодна Дарвіну, гэтая зьява абумоўлена недахопам жыцьцёвых сродкаў (ежы, сьвятла, сховішчаў, тэрыторыі й г.д.) для ўсіх асобін віду, што нарадзіліся. У працэсе барацьбы за існаваньне ў асобін, якія апынуліся менш прыстасаванымі да ўмоў асяроддзя, зьніжаецца верагоднасьць пакіданьня нашчадкаў. У выніку ўзаемадзеньня мутацыйнай зьменлівасьці й натуральнага адбору ў шэрагу пакаленьняў адбываецца паступовае прагрэсіўнае дасканаленьне віду, найперш у сэнсе лепшага прыстасаваньня да ўмоў вонкавага асяроддзя (гэта першы вынік эвалюцыйнага прагрэса), а таксама назіраецца разыходжаньне прыкмет у прадстаўнікоў віду – дывергенцыя, што ў рэшце прыводзіць да расшчапленьня зыходнага віду на разнавіднасьці, якія пазьней пераўтвараюцца ў новыя віды (гэта другі вынік біялагічнай эвалюцыі).

Кніга “Паходжаньне відаў” адразу мела вялікі посьпех і адначасна… спарадзіла шмат шуму, бо супярэчыла традыцыйна-рэлігійным уяўленьням аб узьнікненьні ўсяго жывога на Зямлі. У ёй былі сцьвярджэньні, што разьвіцьцё жывога на Зямлі адбывалася за кошт натуральных мехнізмаў і працягвалася многія мільёны гадоў. Гэта кардынальна пярэчыла Бібліі, узбуджаючы перагуды ня толькі ў асяроддзі тэолагаў, а і ў агульнай літаратуры, штодзённай прэсе. Аднак тэорыя Дарвіна была выкладзена так падрабязна і старанна, абапіралася на такі гмах фактаў, тлумачыла столькі загадкавых зьяў, паказвала столькі новых шляхоў для праверкі й пацьверджаньня, што зацьвердзілася ў навуцы вельмі хутка, нягледзячы ні на што.

Пасьля выхаду ў сьвет “Паходжаньня відаў…” Дарвін ня стаў пачываць на лаўрах. Да канца жыцьця ім было напісана яшчэ шмат кніг, большасьць зь якіх уяўляюць сабой далейшую распрацоўку тых ці іншых прыватных прынцыпаў яго тэорыі (“Прыстасаваньні архідэй да апладненьня пасродкам насякомых”, “Прыручаныя жывёлы і апрацаваныя расьліны”, “Аб выражэньні пачуцьцяў у чалавека і жывёл”, “Насякомаедныя расьліны”, “Самаапыленьне і перакрыжаванае апыленьне ў расьлінным царстве”, “Рух і лад жыцьця лазячых расьлін”, “Розныя формы кветак у расьлін аднаго і таго ж віду”, “Здольнасьць расьлін да руху”, “Утварэньне расьліннай зямлі дзякуючы чарвякам”). Пры гэтым практычна кожная новая праца Дарвіна таксама станавілася сенсацыяй у навуковым сьвеце. Аднак найбольшае значэньне для далейшага фармаваньня рэалістычнага сьветагляду людзей мела кніга “Паходжаньне чалавека і палавы падбор” (1871 г.), у якой сярод іншых разьбіраецца пытаньне аб паходжаньні чалавека ад ніжэйшай продкавай формы жывёл (http://www.fidel-kastro.ru/biology/darvin/HOMO.htm).

У гэтай кнізе Чарльз Дарвін сярод іншага адзначае: “Ва ўсіх бачных прыкметах, чалавек менш адрозніваецца ад вышэйшых малпаў, чым гэтыя апошнія ад ніжэйшых членаў таго ж атрада прыматаў … Чалавек адбыўся ад некаторай менш высока арганізаванай формы. Грунт, на якім пакоіцца гэта цьверджаньне, ніколі ня будзе разбураны: блізкае падабенства паміж чалавекам і ніжэйшымі жывёламі ў эмбрыянальным разьвіцьці, а таксама ў шматлікіх рысах будовы і целаскладу, як важных, так і самых дробных, разам з утрыманымі ім рудыментамі ды атавізмамі, якія ў яго часам узьнікаюць, – усе гэтыя факты, не падлягаюць аспрэчаньню … Чалавек і ўсе іншыя млекакормячыя аказваюцца нашчадкамі ад агульнага продка”.

Пасьля “Паходжаньня відаў…” і “Паходжаньня чалавека…” Дарвіну давялося перажыць шматлікія і жорсткія нападкі  сьветаглядных супраціўнікаў (асабліва ў Францыі), якія выкарыстоўвалі любыя сродкі, каб дыскрэдытаваць эвалюцыйную тэорыю (узоры такой агрэсіі, якія не патрабуюць дадатковых каментароў, вы бачыце зьлева).

І ўсё ж, нягледзячы ні на што, паступова да Дарвіна прыйшло прызнаньне афіцыйных улад і прадстаўнікоў навуковых колаў. Ён стаў ганаровым доктарам Бонскага, Брэслаўскага, Лейдэнскага ўніверсітэтаў, членам-карэспандэнтам Пецярбургскай, Берлінскай, Парыжскай акадэмій навук, атрымліваў медалі і ордэны ад імя ўладаў Вялікабрытаніі, Прусіі. Дарэчы, да ўсяго гэтага Дарвін ставіўся зь вялікай абыякавасьцю – будучы педантам у працы, ён губляў ганаровыя дыпломы, а калі было трэба, высьвятляў у сяброў, членам якой акадэміі ён зьяўляецца…

Памёр Дарвін 19 красавіка 1882 года на 74-м годзе жыцця. Яго розум заставаўся ясным, працаздольным да апошніх дзён. Цела Чарльза Дарвіна было перанесена ў Вестмінстэрскае абацтва і пахавана побач з магілай Ньютана.

Усё пададзенае вышэй апісвае фармальную частку біяграфіі Дарвіна. Давайце на гэтым фоне паспрабуем прасачыць зьмену яго сьветагляду ад чалавека глыбока веруючага (у міфічнага Бога) да таго, хто ў сталым веку лічыў: “… чалавек зьявіўся ў выніку эвалюцыі жывёльнага царства, а яго продкамі былі млекакормячыя … прытрымлівацца іншага погляду, значыць прымаць, што наша ўласная будова, як і будова жывёл вакол нас, ёсьць пастка, прыдуманая толькі для таго, каб зацямніць наш розум … сумнявацца ў агульным паходжаньні ўсяго жывога няма прычыны, і толькі забабоны ды фанабэрыя людзей прымушаюць іх адмаўляць відавочныя факты”.

Сям’я, у якой нарадзіўся Чарльз, і па лініі бацькі, і па лініі маці была хрысьціянскай, пратэстанцкай – яго бацькі зьяўляліся адэптамі англіканцкай царквы. Яшчэ яны прызнавалі ўнітарыянства (унітарыянства – гэта рэлігійны рух у пратэстантызьме, зьвязаны зь непрыняцьцем дагмата аб Троіцы, вучэньня аб грэхападзеньні, таінстваў).

У эдынбургскі перыяд свайго жыцьця, у 1825-27 гг., малады Дарвін далучыўся да Плініеўскага студэнцкага таварыства, дзе бывала актыўна абмяркоўваўся радыкальны матэрыялізм. Тут жа ён пазнаёміўся з эвалюцыйнымі ідэямі Ж.Б.Ламарка, як і з аналагічнымі ідэямі свайго дзеда Эразма. Усё гэта, па словах самаго Дарвіна, пасеяла ў ім сумневы што да царкоўных дагматаў. Аднак пазьней, рыхтуючыся да паступленьня ў Кембрыдж, каб стаць дыпламаваным сьвятаром-пастарам, ён старанна чытае багаслоўскія кнігі й урэшце прымае рашэньне аб… прыймальнасьці для яго ўсё тых жа царкоўных дагматаў.

У час навучаньня ў Кембрыджскім хрысьціянскім каледжы, у 1828-31 гг., Дарвін асабліва захапляўся тэолагам Вільямам Пэйлям (які, як крэацыяніст, лічыў, што “разумная” пабудова прыроды “даказвае існаваньне Бога”, але тлумачыў адаптацыю арганізмаў у пантэістычным духу – як “узьдзеяньне Бога пасяродкам законаў прыроды”). У час першай паловы падарожжа на “Біглі” Дарвін чытае Лаеля і ў цэлым яшчэ прымае пункт гледжаньня апошняга на “цэнтры стварэньня відаў”, але яго палеанталагічныя знаходкі, пра якія ішла гаворка вышэй, ужо прымушаюць сумнявацца ў ідэі  Лаеля аб “нязьменнасьці відаў”.

Карабель “Бігль” вяртаў назад трох вогнезямельцаў, якія правялі ў Вялікабрытаніі каля года і цяпер вярталіся на сваю радзіму – Вогненную зямлю. Гэтыя людзі, на погляд Дарвіна, выглядамі цывілізаванымі й сяброўскімі, у той час як іх супляменьнікі выглядалі “дзікунамі”. Для Дарвіна гэты факт добра дэманстраваў значэньне людскай культуры і пярэчыў ідэі расавай непаўнавартасьці.

На Галапагоскіх астравах Дарвін заўважыў, што некаторыя віды птушак, якія належаць да сямества перасьмешнікавых, адрозьніваюцца ад аналагічных відаў, якія жывуць у Чылі, а таксама паміж сабой на розных астравах. Ён таксама чуў, што панцыры сухапутных чарапах настолькі адрозьніваюцца на розных астравах, што па іх асаблівасьцях можна даведацца, зь якога вострава паходзіць тая ці іншая асобіна.

У Аўстраліі Дарвін пазнаёміўся з сумчатымі кенгуровымі пацукамі й качканосам. Жывёлы падаліся будучаму эвалюцыяністу настолькі дзіўнымі, што ў яго зьявілася меркаваньне “быццам два творцы адначасна працавалі над стварэньнем гэтага сьвету”.

Пад уплывам гэтых ды іншых фактаў, якія зьбіраліся пад час падарожжа на “Біглі”, рэлігійная вера Дарвіна пачала вагацца. Ён яшчэ мог спасылацца на аўтарытэі Бібліі ў пытаньнях маралі, аднак усё часьцей разглядаў гісторыю “стварэньня” ў тым выглядзе, у якім яна пададзена ў Ветхім Запавеце, як памылковую. “Ветхі Запавет … заслугоўвае ня большага даверу, чым … вераваньні якога-небудзь дзікуна”, – аднойчы запісаў ён.

Рэлігійная вера Дарвіна ўвесь час слабла і пасьля падарожжа. У 1851 годзе пасьля сьмерці дачкі Эні, якую ён вельмі любіў, Дарвін канчаткова згубіў усялякую веру ў хрысьціянства. Ён працягваў падтрымліваць мясцовую царкву, але ў нядзелю, калі ўся сям’я накіроўвалася на службу, Дарвін ішоў… на прагулку. Пазьней, калі ў яго пыталіся аб рэлігійных поглядах, Дарвін адказваў, што ён ня ёсьць атэістам у сэнсе адмаўленьня існаваньня Бога, і што ў цэлым яго сьветагляд можна апісаць хутчэй як агнастычны. Разам з тым, асобныя выказваньні Дарвіна пачалі выглядаць дэістычнымі, а то і атэістычнымі. У прыватнасьці ў “Аўтабіяграфіі” ён напісаў: “Так патроху закрадвалася ў маю душу нявер’е, і ўрэшце я стал цалкам няверуючым. Але адбывалася гэта настолькі марудна, што я не адчуваў ніякага засмучэньня і ніколі з таго часу нават на секунду не засумняваўся ў слушнасьці майго заключэньня”.

Дзеці Дарвіна заўсёды аспрэчвалі й адкідалі як ілжывыя ўсялякія чуткі, што іх бацька нібыта вярнуўся да рэлігійнай веры ў час хваробы незадоўга да сьмерці. Гэтага не было.



4.5. Мендэль.

Таксама глыбока веруючым чалавекам, дасьледваньні якога мелі вялікае значэньне для разьвіцьця науковых ведаў аб нашай рэчаіснасьці, быў Ёган (Грэгар) Мендэль (гады жыцьця: 1822 – 1884 гг.; гл.  http://ru.wikipedia.org; http://www.piplz.ru/page-id-210.html; http://to-name.ru/biography/gregor-mendel.htm).

Будучы заснавальнік класічнай генетыкі нарадзіўся 20 ліпеня 1822 года ў гарадку Хейнцэндорф (цяпер Гінчыцэ; тады гэты горад быў у складзе Аўстра-Вугорскай імперыі, цяпер належыць Чэхіі), у сялянскай сям’і зь сярэднім дастаткам (сям’я Антона і Разіны Мендэляў была этнічна мяшанай – нямецка-чэскай па паходжаньні бацькоў). У Ёгана было яшчэ дзьве сястры – старэйшая і малодшая.

Цікаўнасьць да прыроды Ёган Мендэль пачаў выяўляць рана (вядома, што яшчэ хлопчыкам ён працаваў садоўнікам). У пачатковай школе Мендэль выявіў выбітныя матэматычныя здольнасьці й па парадзе настаўнікаў працягнуў адукацыю ў гімназіі горада Тропаў (цяпер г. Апава), 6 класаў якой скончыў у 1840 годзе. Аднак для далейшай адукацыі грошаў у сям’і не хапала (зь вялікай цяжкасьцю іх удалося наскрэсьці на завяршэньне гімназічных курсаў – выручыла Мендэля малодшая сястра Тэрэза, якая для гэтага ахвяравала… сваім прыданым).

У 1841 годзе Мендэль паступіў на філасофскія курсы пры ўніверсітэце г. Ольмюце (цяпер г. Аламоўц). Аднак матэрыяльнае становішча сям’і ў гэтыя гады было ўжо такім, што малады чалавек мусіў самастойна клапаціцца аб сваім харчаваньні й пражытку. Ня маючы больш сілаў выносіць напружаньне, зьвязанае з гэтым, Мендэль выкарыстаў параду прафесара матэматыкі Франца і па сканчэньні філасофскіх курсаў ў кастрычніку 1843 годзе пастрыгся ў манахі-паслушнікі Аўгустынскага манастыра ў горадзе Брунэ (цяпер Брно, Чэхія), узяўшы манаскае імя Грэгар.

Манастыр у той час узначальваў абат Кірыл Нап, які быў чалавекам шырокіх поглядаў, заахвочваў займацца навукай. Таму ў манастыры Мендэль знайшоў заступніцтва і фінансавую падтрымку для далейшай адукацыі – у 1844-48 гг. ён вучыцца ў Брунскай багаслоўскай школе, а ў 1847 годзе становіцца сьвятаром.

У гэтым жа годзе манастыр накіроўвае свайго 25-гадовага манаха настаўнікам у сярэднюю школу бліжэйшага гарадка Цнайм, дзе Мендэль працуе настаўнікам грэцкай мовы ды матэматыкі й дадаткова самастойна вывучае розныя навукі. У 1849-51 гг. ён ужо выкладае матэматыку, фізіку, латынь і грэцкую мовы ў Цнаймскай гімназіі. Аднак у Мендэля не атрымалася здаць экзамен на званьне выкладчыка – на ім ён, як ня дзіўна, атрымаў нездавальняўчыя адзнакі па геалогіі й… біялогіі.

Бачачы запал да ведаў і высокія інтэлектуальныя здольнасьці, настаяцель манастыра пасылае Мендэля працягнуць адукацыю ў Венскі ўніверсітэт, дзе будучы заснавальнік генетыкі правучыўся ў якасьці вольнага слухача чатыры сяместры (у 1851-53 гг.). Тут ён вывучаў натуральную гісторыю, матэматыку, іншыя натуральныя навукі (у прыватнасьці, наведваў курсы вядомага фізіка К.Доплера). Менавіта тут, у Вене, Мендэль зацікавіўся гібрыдызацыяй расьлін і, у прыватнасьці, рознымі тыпамі гібрыдных нашчадкаў й іх статыстычнымі суадносінамі. Добрая матэматычная падрыхтоўка, артыманая ва ўніверсітэце, пазьней дапамагла Мендэлю пры фармуляваньні законаў спадкаваньня.

У 1854 годзе ён, так і ня стаўшы дыпламаваным сьпецыялістам, атрымаў месца выкладчыка фізікі й натуральнай гісторыі ў Вышэйшай рэальнай вучэльні ў Брно. У 1856 годзе Мендэль зноў двойчы спрабуе здаць экзамен па біялогіі, але абодва разы… правальваецца. У выніку, ён так і застаўся манахам (пазьней стаўшы абатам Аўгісьцінскага манастыра ў Брно). Усё гэта адбылося нягледзячы на тое, што педагагічную працу Мендэля, якая ў суме працягвалася 14 гадоў, высока цанілі і калегі-выкладчы, і вучні (ва ўспамінах апошніх Мендэль належыў да найбольш любімых настаўнікаў).

Натхніўшыся вывучэньнем спадкаваньня адзнак у расьлін, Мендэль паралельна са сваёй манаскай службай пачаў праводзіць эксьперыменты на гароху. Досьледы ён рабіў з 1856 па 1863 гг. у манастырскім садзіку, плошча якога была трохі большай за дзьве соткі. У выніку скрыжаваньняў розных сартоў гароха і выкарыстаньня статыстычнага аналізу атрыманых вынікаў ім былі адкрыты шэраг важнейшых заканамернасьцяў спадкаваньня манагенных спадчынных адзнак у пакаленьнях. Гэтыя заканамернасьці, вядомыя цяпер як “Законы Мендэля”, аказаліся дастаткова ўніверсальнымі (характэрнымі для спадкаваньня ў ходзе палавога размнажэньня большасьці шматклеткавых арганізмаў), яны заклалі падмурак класічнай генетыкі.

Але ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя вялікае значэньне генетычных адкрыцьцяў Мендэля ўсьвядомлена не было. 8 сакавіка 1865 г. Мендаль даклаў вынікі сваіх досьледаў брунскаму Таварыству натуралістаў, якое пад канец наступнага году апублікала кансьпект яго даклада ў чарговым томе “Працаў Таварыства…” пад назвай “Досьледы над расьліннымі гібрыдамі”.  Гэты том трапіў у бібліятэкі 120 універсітэтаў сьвету. Мендаль заказаў дадаткова 40 асобных адбіткаў яго працы, зь якіх практычна ўсе разаслаў буйным навукоўцам-батанікам. Але яго сучасьнікі амаль не зьвярнулі ўвагу на вынікі гэтых досьледаў (праца Мендэля мела толькі адзін добразычлівы водгук – ад прафесара батанікі зь Мюнхена К.Нэгелі; яна таксама 15 разоў цытавалася ў сводцы аб расьлінных гібрыдах за 1881-ы год)…

Гэта тым больш цікава, што яшчэ да Мендэля былі заўважаны і апісаны факты дамінаваньня, расшчапленьня і камбінаваньня праяў адзнак (асабліва ў досьледах французскага батаніка Ш.Надэна).  Нават Дарвін, скрыжоўваючы сарты львінага зеву, адрозныя па будове кветак, атрымаў у другім пакаленьні гібрыдаў расшчапленьне, блізкае да 3:1, але ўбачыў у гэтым толькі “капрызную гульню спадчыннасьці”. Разнастайнасьць досьледаў, праведзеных рознымі навукоўцамі, толькі павялічвала колькасьць меркаваньняў, але памяншала іх абгрунтаванасьць – механізмы спадкаваньня, а тым больш уяўленьні аб арганізацыі спадчыннасьці, заставаліся туманнымі…

Адкрыцьці ж Мендэля, сфармуляваныя ў выглядзе дакладных законаў спадкаваньня, дазвалялі сярод іншага рабіць прадказаньні вынікаў скрыжаваньня, а таксама давалі магчымасьць сфармуляваць уяўленьне аб дыскрэтнасьці спадчыннасьці й бінарнасьці спадчынных зачаткаў.

Верагодна Мендэль першапачаткова ўсьведамляў, што ў яго атрымалася зрабіць вельмі важныя адкрыцьці (найважнейшае ў іх было тое, што яны дазвалялі дадумацца да самага галоўнага прынцыпу арганізацыі спадчыннасьці – усьвядоміць яе дыскрэтны характар). Аднак пад уплывам некаторых навукоўцаў і з мэтай пацьвердзіць універсальны характар сваіх высноў Мендэль паспрабаваў дадаткова праверыць адкрытае ім на гароху на іншых біялагічных відах. Ён правёў серыю скрыжаваньняў паміж разнавіднасьцямі ястрабінкі (гэта расьліна зь сямейства астравых; гл. малюнак) і пародамі пчол. Але выбар відаў, на жаль, аказаўся няўдалым – у абодвух выпадках Мендаля чакала расчараваньне: вынікі, якія да таго былі атрыманы ім на гароху, не пацьвердзіліся… Сёньня мы ведаем, што прычына гэтага заключалася ў тым, што механізмы размнажэньня і ястрабінкі, і пчол, маюць асаблівасьці, пра якія ў той час навуцы не было вядома, а тымі сьхемамі скрыжаваньня, якімі карыстаўся Мендэль, гэтыя асаблівасьці не ўлічваліся. У выніку, вялікі навуковец паступова сам разуверыўся ў тым, што адкрыў нешта істотнае… Акрамя таго, у 1868 годзе Мендэль быў абраны настаяцелем манастыра і ў сувязі з гэтым больш біялагічнымі дасьледваньнямі не займаўся.

І толькі ў пачатку ХХ стагоддзя ў сувязі з разьвіцьцём уяўленьняў аб генах навуковай супольнасьцю была ўсьвядомлена ўся важнасьць зробленых Мендэлем адкрыцьцяў. Гэта адбылося пасьля таго, як шэраг іншых навукоўцаў (Дэ Фрыз, Корэнс, Чэрмак) незалежна адзін ад аднаго занава перааткрылі галоўныя законы спадкаваньня (якія 35 гадоў да іх вывеў Ёган Грэгар Мендэль) і ў 1900 годзе апублікавалі вынікі сваёй працы.

У манастыры, дзе працаваў Мендэль, цяпер існуе яго музей; выдаецца адмысловы навуковы часопіс “Folia Mendeliana”, а самае галоўные – базавыя законы класічнай генетыкі носяць яго імя.

І яшчэ. Годам “нараджэньня” генетыкі лічыцца 1900-ы год – час усьведамленьня навуковай супольнасьцю сутнасьці заканамернасьцяў спадкаваньня, якія былі адкрыты і апісаны Мендэлем…



4.6. Шардэн.

П’ер Тэяр дэ Шардэн (гл. фота) – сьвятар (ераманах-езуіт) і адначасна вядомы натураліст (палеантолаг, антраполаг), грамадскі дзеяч, філосаф, адзін са стваральнікаў тэорыі ноасьферы (тэрмін “ноасьфера” Вернадскі ўзяў у яго), які значную частку свайго жыцьця прысьвяціў спробам аб’яднаць каталіцкую хрысьціянскую традыцыю з запрапанаванай ім гіпотэзай касьмічнай эвалюцыі (гл. http://ru.wikipedia.org; http://www.krugosvet.ru/enc/gumanitarnye_nauki/filosofiya/TEYAR_DE_SHARDEN_PER.htmlhttp://religion.ng.ru/people/2006-05-03/7_sharden.html).

Спадар Шардэн нарадзіўся 1 траўня 1881 года ў замку Сарсена каля г. Клермон-Ферана (поўдзень Францыі) у каталіцкай сям’і фермера, дзе ён быў 4-м з 11 дзяцей.

У 1892 годзе ва ўзросьце 11 гадоў ён паступіў у каледж, які належыў ордэну езуітаў, а ў 1899 годзе скончыў яго, атрымаўшы ступень бакалаўра па сьпецыяльнасьцях філасофія і матэматыка. У гэтым жа годзе Шардэн уступіў у ордэн езуітаў, нягледзячы на тое, што яшчэ ў каледжы захапіўся паленталогіяй. У 1899-1901 гг. вучыўся ў семінарыі. Пасьля двух гадоў навіцыяту прынёс першыя манаскія абяцаньні. У 1901-02 гадах працягваў філасофскую і тэалагічную адукацыю ў езуіцкай семінарыі на востраве Джэрсі (Брытанія), паколькі ў Францыі ў тыя часы ордэн езуітаў быў забаронены. У 1904-07 гг. выкладаў фізіку і хімію ў езуіцкім каледжы Сьв. Сямейства ў Каіры (Егіпет). У 1908 годзе быў накіраваны ў Гасцінгс (Англія) для далейшага вывучэньня тэалогіі. У 1911 годзе, ва ўзросьце 30 гадоў, быў высьвечаны ў сьвятары. У 1912-14 гг. працаваў у Інстытуце палеанталогіі чалавека пры парыжскім Музеі натуральнай гісторыі пад кіраўніцтвам М.Буля (буйнога аўтарытэту ў галіне антрапалогіі й археалогіі), разам з якім прымаў удзел у раскопках на паўночным захадзе Гішпаніі. З гэтага часу палеанталогія становіцца галоўным кірункам яго навуковай дзейнасьці.

У 1914 годзе Шардэн быў прызваны ў войска, служыў санітарам-насільшчыкам. Прайшоў усю вайну, атрымаў Ваенны медаль і ордэн Ганаровага легіёна. Падчас вайны напісаў сваё першае эсэ «Касмічнае жыцьцё» («La vie cosmique») – філасофскія і навуковыя разважаньні аб містыцы і духоўным жыцьці.

У 1918 годзе даў “вечныя абяцаньні”.

З 1920 года працягваў навучаньне ў Сарбоне, дзе ў 1922 годзе абараніў доктарскую дысертацыю ў галіне прыродазнаўчых навук (геалогія, батаніка, заалогія) па тэме «Млекакормячыя ніжняга эацэну Францыі» і атрымаў прызначэньне на пасаду прафесара кафедры геалогіі Парыжскага каталіцкага ўніверсітэта.

У 1923 годзе спадар Шардэн накіроўваецца ў якасьці эксьперта-палеантолага ў даследчую экспедыцыю ў Цяньцзынь (Кітай). Тут у пустыні Ордас ён напісаў некалькі артыкулаў і эсэ, у якіх спрабаваў спалучыць неспалучаемае – багаслоўе і навуку. На Шардэна быў напісаны шэраг даносаў і ў выніку кіраўніцтва каталіцкай царквы забараніла яму… публікацыі й публічныя выступы.

Канфліктная сітуацыя працягвалася да канца жыцьця манаха-навукоўца – гэтая забарона не была зьнятая нават пасьля абраньня спадара Шардэна сапраўдным сябрам Французскай акадэміі навук. З гэтай пасткі можна было б выйсьці, калі б спадар Шардэн выйшаў з ордэна. Але ён ня мог адмовіцца ад дадзеных ім абяцаньняў…

У такой сітуацыі ў 1926 года Тейяр дэ Шардэна зноў накіраваўцца ў Кітай (дзе ў агульнай колькасьці правёў 20 год). З 1926 па 1935 г. ён прымае ўдзел у пяці геалагічных экспедыцыях па Кітаі, ўдакладняючы геалагічную карту краіны.

У 1929 годзе, удзельнічаючы ў раскопках у Чжоўкоўдзяні блізу Пекіна, Тейяр дэ Шардэн разам з калегамі ўдзельнічае ў выкопваньні астанкаў сінантропа (праўдстаўнік віду Homo erectus – найстаражытны чалавек, архантроп). Дзякуючы гэтаму ён атрымаў шырокую вядомасьць у навуковых колах. Яшчэ большую славу спадару Шардэну і яго калегу Анры Брэйлю (гл. фота) – выбітнаму сьпецыялісту па пячорным мастацтве першабытных людзей і таксама каталіцкаму сьвятару, прынесла адкрыцьцё ў 1931 годзе таго факту, што сінантроп, які жыў каля мільёна гадоў таму карыстаўся… прымітыўнымі прыладамі працы і агнём.

У наступныя гады Шардэн працаваў дарадцам ў нацыянальным геалагічным дэпартаменце Кітая, прымаў удзел у навукова-даследчых экспедыцыях (Кітай, Цэнтральная Азія, Памір, Бірма, Індыя, Ява), бываў у Францыі, наведваў ЗША. Паралельна з ростам яго вядомасьці як навукоўца, спадар Шардэн усё больш востра адчувае патрэбу ў асэнсаваньні атрыманых навуковых даных з пазіцыі… хрысьціянскага сьветагляду. Забарона на публікацыю прац дзейнічае – ён піша “ў стол”.

Але царкоўнай бюракратыі й гэтага падаецца мала. У 1933 годзе Ватыкан забараніў Шардэну вяртацца ў Парыж. З гэтай нагоды ён піша: «Рым паведаміў мяне аб тым, што я павінен адмовіцца ад усялякай пасады, месца або званьня, якія мне могуць быць прапанаваныя ў Парыжы … Цяпер мне ўсё роўна, ці буду друкавацца ці не; тое, што я бачу, невымерна большае за ўсе перашкоды». Канчаткова страціўшы падтрымку свайго ордэна, спадар Тэяр распаўсюджвае вынікі сваіх прац праз вусныя казаньні, а таксама з дапамогай ратапрынта. Гэты «самвыдат» распаўсюджваецца з рук у рукі. Дарэчы, у 1937 годзе на кангрэсе ў Філадэльфіі Шардэна ў знак прызнаньня яго выбітных заслуг перад навукай ўзнагароджваюць медалём іншага вялікага манаха-навукоўца Грэгары Мендэля.

У 1938-39 гг. спадар Шардэн працуе ў Парыжы ў часопісе езуіцкіх інтэлектуалаў «Etudes» (у гэтыя гады яму было часова дазволена аднавіць публічную дзейнасьць). Аднак ўжо ў чэрвені 1939 года ён зноў вымушаны вярнуцца ў Кітай, дзе знаходзіўся ў Пекіне ў фактычна вымушанай ізаляцыі, да заканчэньня Другой сусьветнай ваны. Тут у 1940 годзе ён разам з П’ерам Леруа заснаваў геабіялагічны інстытут, а ў 1943 годзе – таксама з Леруа – пачаў выпускаць новы часопіс «Геабіялогія».

У 1937-46 гг. Шардэн піша свой галоўнае твор – «Феномен чалавека», рукапіс якога адпраўляе ў Ватыкан, але атрымлівае… забарону на публікацыю. У 1946 годзе сам едзе ў Рым, каб дамагчыся адмены забароны, але безвынікова…

У траўні 1946 года спадар Шардэн вяртаецца ў Францыю, дзе пачынае ўдзельнічаць у навуковых канферэнцыях, прысьвечаных эвалюцыі. У 1950 годзе ва ўзросьце 70 гадоў быў абраны ў… Парыжскую акадэмію навук, а праз год – у Нацыянальную акадэмію навук ЗША (пры гэтым забарона на публікацыі й публічныя выступы па-ранейшаму застаецца ў сіле).

У 1952 годзе ён пакінуў Францыю і зьехаў працаваць у Нью-Ёрк у Фонд антрапалагічных даследаваньняў. Удзельнічаў у некалькіх экспедыцыях у Паўднёвую Афрыку. Але нават перад сьмерцю езуіцкі ордэн забараніў Шардэну ўдзельнічаць у Сусьветным кангрэсе палеантолагаў. І ён, як заўсёды, падпарадкаваўся…

Памёр спадар Тейяр дэ Шардэна у красавіку 1955 году ў Нью-Ёрку.

Пасьля яго сьмерці была створана камісія, у якую ўвайшлі многія сябры, у тым ліку выбітныя навукоўцы. Камісія падрыхтавала да выданьня 10-томны збор твораў спадара Тэяра, які пачынаўся зь «Феномена чалавека»… У сваю чаргу “Кангрэгацыя свяшчэннай канцылярыі” ў 1957 годзе пастанавіла… выключыць кнігі Шардэна з бібліятэк каталіцкіх навучальных устаноў, а таксама забараніла перакладаць яго працы на іншыя мовы.

Маючы такую біяграфію і характар, ня дзіўна, што гэты чалавек зрабіў спробу сінтэзу навуковага і рэлігійнага досьведу з мэтай раскрыцьця пытаньня аб паходжаньні й эвалюцыі сьвету, якая – і спадар Шардэн гэта прызнаваў – прывяла да зьяўленьня чалавека з уласьцівым яму розумам і пачуцьцямі.

Тэяр дэ Шардэн лічыў, што сучасны чалавек ёсьць вынік эвалюцыі, якая запланавана звыш. Бог на яго думку нібы распушчаны ў сьвеце і пранікае ва ўсе “поры існага праз моц свайго абсалютнага духовага сэнсу”, які пранізвае Сьвет і накіроўвае яго разьвіцьцё [гэта тыповы пантэізм – Рэд.]. Ён сцьвярджаў, што паміж рэлігіяй і навукай ня можа і не павінна быць супярэчнасьцяў, “бо ісьціна адна і прырода яе Боская”.

Для ілюстрацыі падаем невялікі фрагмент тэксту, напісанага спадаром Шардэнам, зь якога бачны галоўныя элементы яго выпакутаванага сьветагляду: “Некалькі мільярдаў гадоў таму ў выніку нейкага неверагоднага выпадка з часткі матэрыі, якая адарвалася ад Сонца, сфармавалася наша планета. Яе рэчыва прайшло шэраг пасьлядоўных трансфармацый на шляху ўскладненьня і ўтварыла на сваёй паверхні біясьферу. Дыферэнцыяныя жывой масы перасьледуе мэту фармаваньня істот, здольных найбольш поўна ажыцьцявіць задуму Бога. Гэтая задума заключаецца ў стварэньні віда, які ўсьвядоміў сваё прызначэньне. Рашэньне гэтай задачы патрабуе вялікай канцэнтрацыі духовых ды разумовых высілкаў. Найбольш поўна гэтым прынцыпам адпавядае чалавек. Са зьяўленьнем чалавека Зямля “зьмяняе скуру” і набывае душу … Эвалюцыя праходзіць чатыры ступені Боскага промыслу: пераджыцьцё, жыцьцё, думка, звышжыцьцё. У цяперашні час чалавецтва знаходзіцца ў трэцяй стадыі разьвіцьця і яго задачай ёсьць пошук шляхоў уваходжаньня ў 4-ю, заключную фазу, якая павінна прывесьці яго да яднаньня з Богам”.

Вось прыкладна да такога сьветаўспрыняцьця прыйшоў глыбока веруючы ў Бога спадар П’ер Тэяр дэ Шардэн, за што і перасьледаваўся клерыкаламі…


Заключэньне.

Усе прыведзеныя вышэй прыклады паказваюць, што вера ў міфічнага Бога не перашкаджала людзям з пытлівым розумам шукаць ісьціну. Яны звычайна пачыналі шукаць яе зь лёгкім сэрцам, паколькі ім было намоўлена, што “Бог – гэта і ёсьць ісьціна”. Калі такія людзі дасягалі посьпехаў у адкрыцьці аб’ектыўных заканамернасьцяў нашага Сьвету, у іх, як правіла, паўставалі праблемы з царкоўнай бюракратыяў, якая такім чынам заяўляла пра сябе, як галоўнага ўласьніка рэлігійных міфаў, якія, як высьвятлялася, яна бараніла ад разбурэньня праўдай рэчаіснасьці. Для вернікаў-навукоўцаў і вернікаў-папулярызатараў навуковых ведаў далейшыя негатыўныя наступствы былі рознымі ў залежнасьці ад таго, канкрэтна якія заканамернасьці Сьвета яны адкрывалі-папулярызавалі і ў якой ступені гэтыя веды пярэчылі рэлігійным уяўленьням (напрыклад, у Мендэля негатыўных наступстваў практычна не было, а ў Каперніка, Дарвіна, Шардэна і асабліва Бруна – былі, і значныя).

У такой ступені, у якой новаадкрытыя веды пярэчылі “Сьвятому пісаньню”, у такой ступені вернікі-навукоўцы траплялі ў двайную праблемную сітуацыю: з аднаго боку, у іх узьнікаў унутраны шызафрэнічны стан, абумоўлены канфліктам паміж накінутым ім зь дзяцінства рэлігійным сьветаглядам і новымі праўдзівымі ведамі аб рэчаіснасьці; з другога боку, у іх узьнікаў канфлікт з клерыкаламі той рэлігійнай арганізацыі, да якой яны належалі (а то і з уладамі, зьвязанымі з клерыкаламі). Там, дзе канфлікт з царкоўнай бюракратыяй быў значным, некаторыя вернікі-навукойцы падпарадкоўваліся начальству (Шардэн), некаторыя імкнуліся перагуляць яго (Капернік, Галілей), а некаторыя – прынцыпова ішлі на канфлікт да канца, не саступаючы веданьню ісьціны (Бруна). Вырашэньне ўнутранага канфлікта таксама адбывалася па-розныму: адныя за кошт прыдумваньня штучных “тэорый” імкнуліся паяднаць у сваім сьветаглядзе “навуку і рэлігію” (Шардэн, Мальтус), іншыя – пераходзілі з кансерватыўна-рэлігійнага сьветагляду на больш рэалістычны (Дарвін).

Такім чынам, праблемы людзей, якія адкрывалі тыя ці іншыя ісьціны, былі абумоўлены ступеньню падпарадкаванасьці міфічна-рэлігійнаму сьветагляду як іх саміх, так і грамадства, у якім яны жылі. Пры гэтым, нягледзячы ні на што, навуковая праўда раней ці пазьней, але заўсёды перамагала…

У завяршэньні, абагульваючы ўсё, што адзначана вышэй, мы яшчэ раз зьвяртаем увагу, што вырашэньне сьветаглядных праблем чалавека ў правільным кірунку зьвязана з правільным разуменьнем узаемаадносін Бога й ісьціны. Ключавая формула гучыць так:

ня Бог – ісьціна, а Ісьціна – Бог!


4 каментарыя

  1. Сьвятар БАПЦ кажа:

    Вы, спадар Астроўскі, пры ўсёй павазе, займаецеся выпускам пары ў паветра. І гэта ў час, калі патрэбны рашучыя дзеяньні супраць тых, хто разбэшчвае народ маскалізмам.
    Вос Вам прыклады. Учытайцеся ў назвы і ўдумайцеся:

    Минск. Приход в честь свт. Тихона, Патриарха Московского и всея России.
    Приход свт. Тихона, Патриарха Московского: ул. Голубева, 11-329, г. Минск, 220116, Беларусь. Тел.: (017) 2717959.
    Сароко Светлана Степановна, зам. старосты прихода (адрес прихода).

    Минская обл., Смолевичский р-н., Заболотье, с. Приход в честь св. прав. Иоанна Кронштадтского.
    Приход св. прав. Иоанна Кронштадтского: ул. Пионерская, 6-а, г. Смолевичи, 222210, Минская обл., Беларусь. Тел.: (01776) 53135.
    Зинкевич Александр Владимирович (староста прихода), (адрес прихода). Иподьяконы: Георгий Лащук, Геннадий Селезнев.
    Минская обл., Поддубье, с. Приход в честь Царя-мч. Николая.

    Приход Царя мч. Николая: ул. 40 лет Октября, 19-46, г. Жодино, 222160, Минская область, Беларусь. Тел.: (01775) 71316.
    Лобанок Валерий Валерьевич, староста прихода (адрес прихода).

  2. Siarhiej кажа:

    У гэтым артыкуле робіцца спроба высветліць базавыя прынцыпы, якія тычацца развіцця цывілізацыі. Выкарыстоўваюцца падыходы вядомыя з Агульнай Тэорыі Сістэм (АТС), напрыклад падзел складанай сістэмы на ўзроўні, што спрашчае задачу пры даследаванні гэтай сістэмы. Нічога падобнага ў беларускім друку я не сустракаў. Афіцыйныя разважанні на тэму светапогляду зводзяцца да тупой прапаганды накіраванай на ўтрыманне грамадства ў быдляцкім стане.
    Хачу адзначыць гістарычнае развіццё светапоглядаў пададзенае ў артыкуле: міфалагічны, рэлігійны, філасофскі, навукова-рэалістычны. На другім і трэцім этапах светапогляды выкарыстоўваліся для панавання над грамадствам асобнай групоўкі (рэлігійнай, палітычнай, крымінальнай ці іншай), дыктатара ці адной нацыяй над другой. Падазраю, што распрацоўкі магчымага развіцця цывілізацыі адэкватныя рэчаіснасці з выкарыстаннем АТС, хаваюцца ад грамадства, а замест іх масаваму чытачу (гледачу) падсоўваецца папса, нават у цывілізаваных краінах. Уражваюць пададзеныя ў артыкуле прыклады разумных і сумленных людзей ідэі і праца якіх зрабіла значныя зрухі станоўчыя ў развіцці цывілізацыі. Чаму яны рабілі тое, што рабілі, хаця маглі выкарыстаць свае здольнасці з большым прыбыткам для сябе? Можа пад уплывам Святога Духа? Ці ёсць іншае меркаванне?
    Чалавека, як складаную сістэму, можна разглядаць на 4-х узроўнях: фізічным, інтэлектуальным, культурным і маральным. Фізічны узровень – вага, рост, узрост, фізічная вынослівасць, …, так характэрызуюць любую жывёлу. Інтэлектуальны ўзровень – памяць, хуткасць мыслення, …, вызначаецца тэстамі IQ. Культурны ўзровень вызначаецца выхаваннем, прафесіяй, узроўнем адукацыі, веданнем моў, гісторыі … Вышэйшаму, 4-му ўзровеню ня проста даць вызначэнне. Чалавек можа быць здаровым і прыгожым, кемлівым, мець вышэйшую адукацыю і добрую прафесію і пры гэтым быць сволаччу. Наяўнасць маралі важнейшы элемент светапогляду чалавека ці грамадства. Трагічны лёс тых дзяржаў у якіх да ўлады прарываецца сволач. Гэты артыкул добра было б дапоўніць “зваротнай сувязью” – як светапогляды, пануючыя ў грамадствах, уплываюць на лёс гэтатых грамадстваў.
    Асабліва хачу адзначыць хрысціянства, якое базуецца на Бібліі. 1 – у Бібліі выкладзеныя маральныя прынцыпы. 2 – Ісус Хрыстос сваімі паводзінамі зацвердзіў тое, што сёння мы называем “правамі чалавека”. Ёсць таксама шэраг вельмі істотных пабочных эфектаў, напрыклад хрысціянства аб’ядноўвае людзей, калі яго не выкарыстоўваюць для панавання ці як шырму для подласці. Даруйце памылкі тым, хто пісаў Біблію 2000 гадоў таму, шукайце ў ёй станоўчыя эфекты.

  3. Siarhiej кажа:

    Паняцці Бог, светагляд, ісціна адносяцца да расплывістых, не дакладна вызначаных паняццяў. Няма адзінкі для вымярэння ісціны, рэалістычнасці светагляду ці моцы веры ў Бога. Агульная тэорыя сістэм (АТС) якраз мае справу з размытымі паняццямі. (Напрыклад у якім узросце трэба лічыць чалавека старым. Паняцце “стары” адносіцца да расплывістых паняццяў, але мы ім эфектыўна карыстаемся) Мы можам казаць, што нейкае сцверджанне з’яўляецца ісцінай на 100%, але што
    такое 1% ісціны? У АТС таксама вывучаецца ўздзеянне малых доз і павольныя працэсы якія могуць быць не заўважаныя на працягу жыцця чалавека.
    Відавочна, што найбольшы тэхналагічны, эканамічны і дэмакратычны прагрэс адбываўся і пакуль адбываецца ў краінах дзе пануючай рэлігіяй ёсць рэфармаванае хрысціянства (напрыклад люцеранства, кальвінізм).
    Для будучай Беларусі нам патрэбны сваі канструктары светагляда (ідэалогіі), таму гэты артыкул лічу вельмы важным.

  4. bhajravi кажа:

    Далёкі ад праўды ваш артыкул, Алесь, а таму і высновы ў ім можна падвергнуць сумневу..
    Можна падумаць, што Капернік быў эдакім навуковым рэвалюцыянерам. Але тое наўрад ці. Капернік у сваю сістэму паклаў дзьве аксіёмы платанізма: ідэальны рух – гэта раўнамерны рух і ідэальна форма руху – кола. Паколькі Бог стварыў свет ідэальным, пагэтаму планеты павінны рухацца па кругавым арбітам з раўнамернай хуткасцю. Але як мы насамрэч ведаем арбіты планет эліпсоідныя. Таму астраномы былі супраць ідэй Каперніка, бо яго сістэма давала памылковыя разлікі. Да таго ж, у Каперніка была гіпотэза, а не навукова даказаны факт. Таму чаму здзіўляцца, што яго кніга была нават не забаронена, а было прыпынена выданне да ўнясення ў яе правак. Таксама хацелася б даведацца як Капернік без вынаходніцтва тэлескопу мог сцвярджаць, што Зямля круціцца вакол Сонца, а не наадварот..А было тае так. Пасля разгрому Візантыйскай імперыі туркамі ў Заходнюю Рымскую іперыю пачаўся адток адукаваных грэкаў. Адным з іх быў Вісарыён Нікейскі, які прыехаў у Італію, і прывез вялізную бібліятэку, якая ўключала рукапіс “Альмагест” Пталямея (дагэтуль невядомая на Захадзе). І ён разам з вучнем Рэгіё-Мантана (настаўнік Каперніка) пераклаў рукапіс на лацінскую. Ну, а Капернік наўпрост перапісаў “Альмагест”.. Вось вам і адкрыццё..

    Тое ж і Бруна. Спалілі яго та менавіта за ерась. Інквізіцыя вінаваціла Бруна не ў геліяцэнтрызме, а ў тым, што ён вучыў нібы свет незлічоны, што душа перасяляецца, што адна душа можа знаходзіцца ў двух целах, што магія добрая і дазволеная рэч, што Дух Святы – душа свету, што Маісей здзяйсняў свае цуды пасродкам магіі, што Маісей выдумаў свае законы, што Д’ябал будзе выраватаны, Хрыстос – маг, быў павешаны. Адчуваеце розніцу? Дзе тут навукай пахне? Акультызм адным словам.

    Галілея вінавацілі ў прапагандзе ідэй каперніканства (як ужо паказана вышэй непраўдзівых, ненавуковых).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы