nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Беларусы пратэстуюць супраць фінансавай падтрымкі “Захадам” цяперскага рэжыму ў Беларусі

23 кастрычніка, 2011 | Няма каментараў

Сябры рэдакцыі заўсёды лічылі, што фінансавая падтрымка этнацыднага рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі як з боку “Расеі”, так і з боку “Захаду” – гэта найперш проста падтрымка гэтага рэжыму. Яе прычына ў тым, што рэжым якраз і мае этнацыдны характар – спачатку адбываецца зьнішчэньне беларускай мовы, гістарычнай памяці, нацыянальнай культуры, а затым чужынцам будзе лягчэй захапіць нашы заводы, нафта-газаправоды, зямлю, лясы, транзітныя шляхі ды іншыя каштоўнасьці беларускага народу. Менавіна таму “ўсходнікі” й “заходнікі” фінансава падтрымліваюць цяперцаў. Ведаюць, што робяць… Але пасьля 19.12.2010 фундаваньне этнацыднага рэжыму ў Беларусі, каб падтрымаць яго на плаву, пачало выглядаць ўжо зусім цынічна. У вялікай колькасьці беларусаў паадчыняліся вочы, а беларусы за мяжой наважыліся нават на серыю акцый пратэсту. Мы вырашылі зафіксаваць гэтыя падзеі і зьвярнуць увагу нашых чытачоў на іх.

Рэдакцыя.

1.

 

Упраўляючаму Deutsche Bank,
Frankfurt am Main

ПЕТЫЦЫЯ

Дамы і Спадары!

Саюз Беларусаў Нямеччыны выказвае сваю заклапочанасьць намерам Deutsche Bank аказаць фінансавую дапамогу дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкі, які апанаваў Беларусь.

Існуе маніторынг парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Зь яго вынікае, што толькі за апошні год тысячы людзей былі арыштаваныя і заключаны ў турмы толькі за тое, што яны скарысталіся асноўнымі правамі чалавека, якія даюць ім права на свабоду выказваньня сваіх думак. У цяперашні час застаюцца за кратамі 11 палітычных зьняволеных, якія ўтрымліваюцца ў негуманных умовах у месцах зьняволеньня. У іх ліку кандыдаты ў прэзідэнты Мікалай Статкевіч і Андрэй Саньнікаў. Падвяргаецца катаваньням лідар “Маладога Фронту” Зьміцер Дашкевіч. Арыштаваны кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі. Іх сем’і выматаны сталым перасьледам з боку ўладаў. Працягваецца этнацыд беларускай нацыі – замоўчваецца гісторыя беларускага народу, зьнішчаюцца мова, культура, сярэдняя і вышэйшая адукацыя на беларускай мове. Тое ж адбываецца і зь беларускамоўнымі СМІ.

Між тым, яшчэ нядаўна значную частку фінансавай дапамогі, якая паступала з Захаду, кіруючы рэжым накіроўваў на ўтрыманьне рэпрэсіўнага апарату – на асабістую ахову Лукашэнкі, МУС, КДБ, суды, пракуратуру, якія ажыцьцяўлялі літаральна прававое бязьмежжа ў Беларусі.

Рэжым Лукашэнкі ў цяперашні час знаходзіцца пад санкцыямі Еўрапейскага Зьвязу і ЗША. Апошнія выказваюць занепакоенасьць ігнараваньнем нелегітымным кіраўніком выканаўчай улады Лукашэнкам асноўных правоў і свабод беларусаў. Рада Еўропы абвясьціла пра гатоўнасьць да больш рэзкіх санкцый, у т.л. эканамічных, у дачыненьні да дыктатарскага рэжыму ў Беларусі, калі становішча ў гэтай сьферы не палепшыцца. Нядаўна быў павялічаны сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны ЕЗ. Міжнародны валютны фонд устрымаўся ад далейшай дапамогі Лукашэнку з-за невыкананьня ім дамоўленасьцяў з МВФ па зьмене эканамічнай палітыкі.

Зьвяртаем Вашу ўвагу, што ўсе дамоўленасьці з прыватнай асобай, якая ўзурпавала ўладу ў краіне, ня маюць юрыдычнай сілы і пасьля зьмены ўлады падлягаюць апратэставаньню ў Міжнародных інстанцыях. Зьдзелкі зь неналежным суб’ектам ня будуць падлягаць выкананьню (вяртаньне крэдытаў, пазык, інвестыцый і г.д.)

Камітэт па Міжнародным кантролі выпусьціў Зварот, накіраваны ў фінансавыя ўстановы, якія пачынаюць інвестыцыйныя праграмы або забясьпечваюць фінансавую дапамогу Рэспубліцы Беларусь, для прыняцьця пад увагу становішча з выкананьнем правоў чалавека ў краіне. Камітэт зьвяртае ўвагу, што любая фінансавая дапамога зьяўляецца сёньня прамой падтрымкай дыктатарскага рэжыму.

29 верасьня прадстаўнікі беларускай апазіцыі на Саміце праграмы Ўсходняга Партнэрства ў Варшаве на прыватнай сустрэчы з канцлерам Германіі Ангелай Меркель паставілі пытаньне аб Вашым намеры фінансава падтрымаць Лукашэнку.Прадстаўнікі беларускай апазіцыі разам зь “Індэксам Цэнзуры” таксама акцэнтавалі ўвагу на дачыненьне да гэтага ня толькі Вас, а і разам з Вамі банкаў RBS, Sberbank і BNP Paribas. Гэта адбывалася на сустрэчы з намесьнікам прэм’ер-міністра Злучанага Каралеўства Нікам Клегам.Прадстаўнікі “Індэкса Цэнзуры” сустракаліся з прадстаўнікамі Каралеўскага Банку Шатландыі, якія ўзялі на сябе абавязацельствы спыніць дзейнасьць як брокера Лукашэкі, і заявілі: “З прычыны, што дадзенае фінансаваньне пагаршае палітычную сітуацыю ў Беларусі і з-за факта, што Лукашэнка здраджвае свайму слову ў асноўных элементах праграмы Міжнароднага Валютнага Фонду, RBS спыняе любы тып пошуку капіталаў для Беларускай рэспублікі”.

Мы зьвяртаемся да Вашага Банку з просьбай зрабіць высновы зь сёньняшняй сітуацыі. Зьвяртаем увагу на тое, што Вашы дзелавыя адносіны з Лукашэнкам фінансуюць этнацыд і тэрарызацыю народу ў краіне, якая знаходзіцца ў самым сэрцы Еўропы.

Мы заклікаем Вас праявіць салідарнасьць зь беларускім народам і спадзяемся, што Вы ня толькі публічна абвясьціце, як тое зрабіў RBS, што адмаўляецеся фінансаваць праграмы, якія фактычна падтрымліваюць апошні дыктатарскі рэжым у Еўропе, а і зробіце гэта практычна.

З павагай

Ад імя Саюзу Беларусаў Нямеччыны
Яўген Мурашка, старшыня.
2011/10/16 г., Германія



2.

Тацьцяна Поклад: У Еўропе адбыліся пікеты супраць замежнай дапамогі Лукашэнку (паводле http://www.svaboda.org/content/article/24365062.html)

19 кастрычніка ў цэнтры Вільні каля будынка ўраду Літвы адбылася акцыя пратэсту супраць фінансавай дапамогі з-за мяжы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Падобныя акцыі ў розных краінах Еўропы ініцыявала кампанія Free Belarus Now, брытанская праваабарончая арганізацыя «Індэкс цэнзуры», у Вільні да пратэстаў далучыліся актывісты грамадзянскага і палітычнага прадстаўніцтва ў Літве “Дом аб’яднанай Беларусі” і грамадзянская кампанія “Эўрапейская Беларусь”.

Арганізатары віленскай акцыі, каардынатары “Дому аб’яднанай Беларусі” адзначаюць, што “акцыі з мэтай зьвярнуць увагу на сітуацыю ў Беларусі і шырэй інфармаваць аб апошняй дыктатуры ў Еўропе” праводзяцца стала і пры будынку амбасады Беларусі, і ў цэнтры Вільні.

У сёньняшнім пікеце, як і ў ранейшых акцыях, бралі ўдзел студэнты ЕГУ і “Таварыства беларускай культуры ў Літве”, а таксама віленчукі розных нацыянальнасьцяў.

​​”Мы — суседзі, і маем дапамагаць адзін аднаму, тады і ў Літве жыцьцё будзе лепшым”, — патлумачыў Аляксей, жыхар Вільні, які далучыўся да пратэстаў.

Актывісты раздавалі мінакам на прасьпекце Гедыміна ўлёткі з вытрымкамі з петыцыі, адрасаванай «Дойчэ Банку», якая заклікае «выказаць салідарнасьць у пытаньні абароны жыцьцёвых правоў беларускай нацыі і спыніць дапамогу апошняму дыктатару Еўропы».

«Дойчэ Банк» называюць адным з еўрапейскіх кашалькоў Лукашэнкі з-за намеру гэтай фінансавай установы разам з расейскім «Сбербанком» крэдытаваць «Беларускалій».

​​Пікеты пратэсту супраць гэтых намераў адбыліся 19 кастрычніка таксама ў Польшчы, Украіне, Чэхіі, Нямеччыне ды іншых краінах Еўропы.

(ніжэй гл. фота зь пікетаў у Вільні й Празе).


Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы