nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Ні рэжым, ні афіцыйная апазіцыя!

7 лістапада, 2011 | 20 каментарыяў

Сяргей Высоцкі

Патрэба сапраўднай альтэрнатывы

Калі чалавек прафесійна займаецца нейкай справай, прысвячае ёй ільвіную долю часу, то, натуральна, лепш яе робіць, чым іншыя. Бачыць напрацаваным вокам тыя дэталі, якія нябачныя для большасці абываталяў. Гэта ж датычыць і палітыкі. Менавіта таму так скептычна і жорстка ацэньваюць сённяшняе становішча беларускага народу і апазіцыйныя перспектывы інтэлектуалы-патрыёты. Усе прыёмы марыянетак ва ўладзе і ў апазіцыі ўжо даўно раскрытыя і меркаванні недасведчаных міжволі выклікаюць іранічную ўсмешку…


Вось у чым цалкам аднолькавыя рэжым і афіцыйная апазіцыя – дык гэта ў стаўленні да апанентаў. І ў адных, і ў другіх цалкам бальшавіцкая метода. За псеўдаліберальнай рыторыкай фактычна схаваны таталітарны падыход – фільтр ад дэмакратыі і сапраўдных дэмакратаў. Ці многа Вам даводзілася чытаць на старонках беларускай апазіцыйнай прэсы лідэраў Аўтакефаліі, дысідэнта М.Кукабаку, прафесара-інтэлектуала А.Астроўскага, лідэраў эміграцыі, такіх як Я.Мурашка і Г.Арцёменка, артыкулы аўтара гэтай публікацыі і маіх паплечнікаў з АК БПС?! Затое інфармацыйную прастору цяпер зноў запоўнілі “сходаўцы” ці “схаднякі”. Гаворка ідзе пра чарговы, мо ўжо 289-ы, сход-кангрэс-з’езд, з чарговым піярам – пра чарговае кітайскае аб’яднанне, але з тым жа складам арганізатараў і, што найважней, з тым жа вынікам. Івашкевіч, Шушкевіч, Садоўскі – усё тыя ж, усё тое ж.

Іншы прыём адціскання дэмакратыі ў бок афіцапазіцыяй – гэта культ ахвяраў рэжыму. Людзей, якія сядзяць ні за што, несумніўна, шкада, і ўсе нармальныя людзі ў краіне патрабуюць іхнага хутчэйшага вызвалення. Што, дарэчы, важней для мяне, чым фармальны клопат пра зняволеных з боку Еўразвязу. Пакутуе ў няволі былы кандыдат у прэзідэнты, пішуцца лісты салідарных з вязнем, даюцца каментары праваабаронцаў, чутны праклёны сваякоў, прарываюцца лісты з вязніцы…

Так, шаноўныя, мы таксама іх шкадуем, але… не кананізуем. Для нас, як і для большасці беларусаў, гэтыя людзі – ахвяры прамаскоўскага рэжыму, але… не лідары! Аднак такое наша стаўленне выклікае шалёную крыўду ў некаторых палітолагаў з апазіцыі. Вось у № 39 газеты “Свободные новості” С.Законнікаў, П.Быкоўскі, А.Класкоўскі абвінавачваюць беларусаў у “рабскай цярплівасці”, у “негатоўнасці плаціць за перамены”, у нежаданні бунтаваць. Назіраецца літаральна гістэрыка ў прапагандыстаў апазіцыі – ну не хочуць беларусы ісці за іхнымі правадырамі! Аднак такія заўвагі гэта тое ж, што прапанаваць чалавеку выбар – павесіцца ці ўтапіцца. З якой гэта такой балды людзі павінны падтрымоўваць саннікавых, івашкевічаў, някляевых?!

У адрозненне ад Далі Грыбаўскайтэ, лічу, што далёка не ўсе беларускія апазіцыянеры – крамлёўскія крэатуры і карупцыянеры. Аднак брак прафесіяналізму навідавоку. Магчыма, не хацелі яны гэтай бойні 19.12.2010, не думалі штурмаваць дзверы Дому ўраду, не хацелі спрыяць разрыву дыялогу з Захадам і скатванню краіны ў абдымкі Масквы. Магчыма, не пралічылі сітуацыю, паскупіліся на ахову, не разглядзелі экспансіянісцкі псіхоз Расеі… Але ўсё разам гэта называецца непрафесійнасцю, бракам ведаў і палітычнай абмежаванасцю. А ні здраднікам, ні амататам не варта лезці ў палітыку. Давяраць ім лёс дзяржавы і народу няма аніякага жадання!

Беларусы прагнуць перамен, але з новымі фігурамі на цвёрдай дэмакратычнай – а г. зн. нацыянальнай – платформе, хочуць не “раскручаных”, а сваіх палітыкаў!

Чаму так шмат увагі да і так дабітай апазіцыі? Адкажу: бо становішча скрайне кепскае. Этнацыд з боку рэжыму, які шчыруе, з будаўніцтвам эксперыментальнай расейскай АЭС у Астраўцы ператвараецца ў класічны генацыд. Беларусь, прыспешаная крызісам рэжыму, змрочна валіцца ў пашчу імперскага драпежніка. Сваю непрафесійнасць, свае недаравальныя памылкі рэжым пакрывае, гандлюючы суверэнітэтам, чарговым спаўзаннем у Азію (“АЭП”, “Еўразійскі саюз”).

Беларускай дзяржаве сёння, як паветра, патрабуецца воля і чын нацыі, цвёрды голас з’яднанай нацыянальнай эліты. А замест гэтага на паверхні грамадска-палітычнага жыцця па-ранейшаму плаваюць усё тыя ж прайдзісветы, заплямленыя карупцыяй і падлючасцю да патрыётаў. Яны прысабечылі сабе права казаць ад імя апазіцыі, і надалей спансіруюцца заходнімі структурамі. У падобнай сітуацыі ад іх шкода такая ж, як і ад улады. Як тое бервяно на дарозе, якое заходнімі сродкамі толькі ўмацоўваецца, гніе, але не дае шляху людзям. У іх рахункі ў Польшчы, Летуве, Швейцарыі, у іх імітацыйная прэса, у іх заступнікі ў Еўразвязе, а за намі толькі праўда! Як дакрычацца да беларусаў з-за спінаў гэтых манапалістаў-марыянетак?!

У такія моманты, як цяпер, выбар вельмі суворы. На кон пастаўленая незалежнасць беларускага народу! Хто не з намі – той супраць нас!

Я заўжды смяюся ў вочы нашым апазіцыянерам, якія вечна трызняць: “народ у нас не такі”. На сябе паглядзіце, панове. І яшчэ адкажыце: як пачуць народу голас праўды за трайным бетонным плотам – СМІ рэжыму, расейскіх СМІ ды СМІ афіцыйнай апазіцыі?

Законы палітыкі такія ж, як законы фізікі. Не будзе новай магутнай сілы, пакуль месца стала абгаджваецца лузерамі. Цяпер трэба не аб’ядноўвацца з імі, а ачышчацца ад іх.


Буйнейшая параза Беларусі

Беларуская дзяржава пацярпела грандыёзнае геапалітычнае фіяска, патрапіўшы ў Мытнёвы Саюз. Гэта адна з найвялікшых асабістых паразаў Лукашэнкі. Яна лагічна выцякала пасля ідыятызму 19 снежня і вар’яцкай бойні. Чарговы раз заўважаю, што ніхто, апроч Крамля (!), не набыў ніякіх дывідэнтаў пасля выбараў.  Аднак цалкам відавочна, хто найбольш прайграў. Лукашэнку натуральна развялі, як хлопчыка. Без усялякіх сімпатый-антыпатый: калі кіраўнік дзяржавы ды яшчэ з такім досведам так памыляецца – гэта недаравальна, і найверагодней скончыцца фатальна для “правадыра”.

Абяцаныя дывідэнты для беларускай эканомікі, прарыў у галіне энэргетыкі не спраўдзіліся. Замест гэтага нас напаткалі такі крызіс і такая дэвальвацыя, якіх Беларусь не бачыла з пасляваенных часоў. Нават у першыя гады незалежнасці становішча было куды лепшае і меліся відавочныя перспектывы для рэформаў і прарыву ў еўрапейскую і сусветную эканоміку. Абранне шляху на субсідыі з боку Масквы наўзамен за палітычны гандаль суверэнітэтам абярнуліся крахам лукашэнкаўскай мадэлі. Што б ні вярзеў “правадыр”, але адсутнасць мяса ў крамах – гэта прысуд!

Каротка ўзгадваючы вераніцу падзей, можна нагадаць, што ў Лукашэнкі быў зусім іншы шанец – не пайсці ў поўнае каланіяльнае падпарадкаванне Маскве, а перакінуцца пад шумок на Захад. Умоўна кажучы, можна было, як Украіна, праспяваць Расеі: “Russia, good bye!”, – ды памахаць на развітанне ручкай. Але чарговы раз у вырашальны момант Лукашэнка спужаўся. Можна толькі здагадвацца, да якой жа меры яны трымаюць яго за машну?!

Абяцаных 3-х мільярдаў крэдыту так і не далі, а пад “крывавых хлопчыкаў” 19 снежня падвялі. Пасля падпісання мытнёвага саюзу поле для манеўру і ўвогуле звузілася да мінімуму. Цяпер Аляксандру Рыгоравічу нават міліцыю на мяжы з Расеяй цяжка паставіць…

Становішча нават горшае за часы саўкова-гэбісцкага рэваншу пачатку прэзідэнцтва Лукашэнкі. Навідавоку ўмацаваная і сістэмная імперская лінія Крамля, як у палітычнай, так і эканамічнай сферах. Ускладняюць становішча глабальны эканамічны крызіс, слабасць Захаду, саступкі Маскве з боку ЗША і Еўразвязу.

Лукашэнка даскакаўся, але гаворка не аб ім, а аб лёсе нашага 10-мільённага народу. Вялікая адказнасць кладзецца не толькі на прышыбленае і запужанае чынавенства, якое яўна не ў стане адстаяць незалежнасць краіны ды інтарэсы народу, але і на апазіцыйныя сілы. Аднак і тут бачым брак годнасці і патрыятызму, брак нацыянальнай эліты. Акром агентуры і абсалютна выпадковых людзей хапае разнастайных кар’ерыстаў ды звычайных махляроў. На жаль, апошняя інфармацыя пра сотні апазіцыянераў з рахункамі ў заходніх банках нікім нават не абвяргаецца! Пад раздачу патрапіў бедачына Бяляцкі. Хоць ясна, як Божы дзень, што ў спісе, выдадзеным Польшчай і Летувай, ён – далёка не самы заможны…


Страчаныя шанцы старой апазіцыі

Прыгадваецца, як прадстаўнікі папярэдняга кіраўніцтва БНФ і некаторыя праваабаронцы “Вясны” казалі, што не будуць падтрымоўваць БПС, бо гэта, маўляў, “радыкальныя нацыяналісты”, ледзве не “тэрарысты”. Вось такі штамп на канкурэнта, каб ніколі не падняўся. Але ўсё ж “Вясна” аплачвала штрафы. Дзякуй і за гэта!

А вось “Хартыя” наўпрост плявузгала ў бок патрыётаў і калола нацыянальна-дэмакратычныя структуры правакатыўнымі прыёмамі – у свой час раскалола тады яшчэ адзіны “Малады Фронт”. Потым за проста так змыла ў каналізацыю і свайго “Зубра”, і свой “Джынс”, як, дарэчы, і “Край”. Для апазіцыйных карупцыянераў-хартыстаў грошы ніколі не пахлі. Цяпер іх бос адмывае цяжкія грахі сваёй структуры ў чысцілішчы рэжыму. Аднак усё гэта не пашкодзіла ўладам Літоўскай Рэспублікі адчыніць г.зв. “беларускі цэнтр” якраз для… “Хартыі”.

Сваім крывадушшам, брыдкім цынізмам, паказальнай здрадай ідэалам нацыянальнай салідарнасці, бесперапынным абплёўваннем канкурэнтаў з нацыянальна-дэмакратычнага лагеру апазіцыяй была згублена цэлая хваля маладых шчырых ды ідэйных людзей. Кажу гэта без ёрнічання, з сумам. Змарнавана столькі шанцаў, столькі сродкаў… Але тыя ж самыя марнатраўцы, як ні ў чым не бывала, і зараз патрабуюць заходняга фінансавання і… працягваюць яго атрымліваць!

Газета “Народная воля” нядаўна напісала, што “магчыма, Беларусі пагражае анэксія з боку Расеі”. Які прарыў! Можа, Сярэдзічу кветак прынесці?! Апамяталіся! А чым жа вы, шаноўныя, займаліся апошнія гады?! Вы што, гэтага не бачылі?! Калі так, то вам зусім грош цана як журналістам і аналітыкам. Аказваецца, трэба было былому вернаму марыянетцы Расеі В.Кебічу сказаць і так відавочнае, каб “НВ” заўважыла пагрозу. Ну і ну! Амаль усю вясну Садоўскі і іншыя вялікія “сябры Польшчы” на старонках “НВ” толькі і рабілі, што баранілі “карту паляка” (як кажа Астроўскі, “карту муда́ка”). Незалежнасць уласнай краіны іх не турбавала. А тут – бац, і пра небяспеку Айчыне ўспомнілі!..

Нядаўна праваліўся новы апазіцыйны курултай. Як мне сказаў адзін з арганізатараў “сходу”: “Пад Саннікава бабкі даюць, таму трэба яго цягнуць”. Вось на колькі ўсё банальна. Патрабуецца новая мулька чарговага аб’яднання для новага піяру і новай грашовай хвалі. На гэтым усё, кропка.

На апошніх прэзідэнцкіх выбарах быў відавочны закат папулярнасці Лукашэнкі (раней Пазняк і нават Мілінкевіч атрымоўвалі большую персанальную падтрымку электарату). Але не менш яскрава бачна, што цяперашнія лідэры апазіцыі нецікавыя людзям. Збольшага адбылося пратэстнае галасаванне. Аб гэтым, дарэчы, пісаў заўчасна сышоўшы ад нас Віталь Сілуцкі (адзіны незалежны палітолаг у кубле афіцыйнай апазіцыі).

Папулярнасць шчодра праплачаных з Захаду і Ўсходу партый і рухаў афіцыйнай апазіцыі вельмі нізкая. Да чаго дайшло! У нядаўніх акцыях “пляскаючых і топаючых” было некалькі выпадкаў адфутбольвання ўдзельнікамі прадстаўнікоў апазіцыі. Прычына іхнага заняпаду ў вачах людзей не толькі з-за дзеянняў улады. Праблема і глыбей, і сур’ёзней…

Даўно пара спыніць ківаць на “геній тырана”, маўляў, “які ён супермонстр”. Раней “злым геніем” прызначаўся Кебіч. Заўтра, калі Масква ўсё ж пойдзе па гэтым шляху, можа быць які Мясніковіч. Вось-вось паўторыцца трагедыя – ізноў усё можа вырашыцца за беларусаў і без беларусаў. А ў гэты час беларускі апазіцыйны рух здэмаралізаваны карупцыянерамі, прайдзісветамі, здраднікамі. Толькі з’яднаная і моцная нацыянальная эліта здатная мабілізаваць нацыю і не дапусціць чарговага падману ды далейшага абдурвання беларусаў.

Вядома, ніякіх саннікавых-някляевых Расея не падпусціць да ўлады на гарматны стрэл. Іхная роля ў іншым – заблытваць людзей, выцягваць на другасныя і фантазійныя сцежкі, пазначаныя шыльдачкамі “усталюем цудоўныя і сяброўскія стасункі з Расеяй”. Ды патрэбныя вы і ваша дружба Маскве да аднаго месца. Расейскае кіраўніцтва цвёрда патрабуе “Белкалій”, “Белтрансгаз”, “МТЗ”, “МАЗ”. Расеяйцы ўжо маюць вайсковы кантроль, настойваюць на ўвядзенні расейскага рубля! Патрабаванні ідуць наўпрост ва ўльтыматыўнай форме! А мясцовыя небаракі ўсё яшчэ не разумеюць, што адбываецца!

Брыдкая роля адведзена далей усім гэтым “ліберальным сябрам Расеі” – роля асістэнтаў анэксіі дзяржавы беларусаў-літвінаў. Магчыма, яны нават не разумеюць, што ўжо з’яўляюцца затраўшчыкамі для прыхаванага містэра “Х” – найхутчэй з абоймы Лукі – які будзе і далей, пасля сыходу цяперашняга “правадыра”, спраўна служыць Крамлю.


Свежы вецер

Эканоміка беларуская ў глыбокім крызісе. Выйсце з яго будзе цяжкім і доўгім. Занадта запушчана хвароба, а рэформы ў такі час найбольш балючыя. Загнаны ў кут дыктатар-савок здае нацыянальную ўласнасць расейскаму ды азіяцкаму капіталу.

Адбываецца абуджэнне народу, абражанага падманам і глыбокім эканамічным правалам. Аднак у іншым напрамку, чым таго чакаюць “гіганты думкі” з афіцапазіцыі. Большасць людзей супраць здачы прадпрыемстваў расейскім алігархам (за што, дарэчы, ратуюць Лябедзька і Раманчук). Беларусы ўжо досыць разабраліся ў карысці ад “расейскага вектару”, пра што трызніць Някляеў. Людзі не апускаюцца да прымітыўнага жывёльнага рыкання на сацыяльныя нягоды, пра якія крычыць Івашкевіч. Войкаць і ствараць хаас у прыціснутай Бацькаўшчыне суайчыннікі не жадаюць. Нацыя інтуітыўна адчувае, што рэвалюцыя ў цяперашнім стане з наяўным наборам палітычных сіл пагражае стаць зломам, роўным паразе пасля вайсковых дзеянняў. Зрываць зацягнутыя да мяжы гайкі таталітарызму – справа непазбежная, але вельмі адказная і жахліва складаная. Даверыць яе прахадзімцам нацыя не можа!

Папулярнасць Лукашэнкі на мяжы 20%, а з іншага боку – 15% у апазіцыі. Гэта сведчанне глыбокага крызісу пануючых палітычных сіл, сведчанне таго, што беларусы не бачаць альтэрнатывы ў цяперашняй апазіцыі. Але нацыя шукае адказы і людзей, здатных абараніць дзяржаву і свае інтарэсы! Гэта азначае, што беларускія патрыёты маюць шанец, хаця яго ў нас намагаюцца вырваць апазіцыйныя агенты расейскіх імперастаў і заходніх ліберастаў.


26.12.2011 г.

Кіраўнік АК БПС          С. Высоцкі

20 каментарыяў

  1. Яська-гаспадар кажа:

    Нацыя, эліта – пустаслоўе…

    Ну вот Высоцкі,Мурашка, Астроўскі, Высоцкі і Няхамес -саманазваная эліта? І далей што?

  2. Ягрынка кажа:

    Далей

    “Нягледзячы на тое, што цяпер шмат хто зь людзей скарыліся цемры, беларусы яшчэ маюць шанц не дапусьціць чарговага злачынства над сабой і народам. Зарукай гэтаму павінна стаць нашая народная памяць, культура і беларуская салідарнасьць супраць дзеяньняў зла.”

    30 кастрычніка 2011 г.

    Зянон ПАЗЬНЯК

    Сайт “Народная Партая”

  3. Siarhiej кажа:

    Сп. Высоцкі!
    1. Уся раструшчаная апазіцыя робіць што можа ў межах сваіх сціплых сілаў і рэсурсаў. Казаць пра задавальняючае фінансаванне не выпадае.
    2. Не шукайце ў дзеяннях правадыра нейкай логікі, акрамя ўтрымання ўлады любым коштам. Тыя, хто каля карыта, удала карыстаюцца гэтай “шызой”.
    3. Улічвайце стан мазгоў электарата, шматгадовы этнацыд, прамыўку мазгоў, колькасьць сілавікоў і спецслужбаў, кітайскую і арабскую (напрыклад, грошы Кадафі) “дапамогу”, расейскую агентуру …

    • васіль кажа:

      гэта ж так напрацаваліся, што не заўважылі, што шх сплюшчылі. блін, мудакі, тупыя, ні сораму, ні гонару, ім кажуць, што на бяздзейную і разбітую апазіцыю працягвае паступаць фінансаванне, а яны пішчаць, што фінансаванне недастатковае… што, яшчэ не ўсе “апазіцыянеры” пакуплялі кватэры ў чэхіях ды польшах?

  4. васіль кажа:

    98% праўда. і гэта вельмі сумна.

  5. Сп.Сяргей.
    Калі наш сайт разьмяшчае нейкі матэрыял, датычны апазіцыі, заўсёды гаворка вядзецца пра тое (як мінімум у кантэксьце), ЯК ТЫЯ ЦІ ІНШЫЯ АСОБЫ, СТРУКТУРУ Ў АПАЗІЦЫІ БУДУЦЬ, КАЛІ ІМ РАПТАМ ПЕРАПАДЗЕ ЎЛАДА, АДСТОЙВАЦЬ АБ’ЕКТЫЎНЫЯ ІНТАРЭСЫ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ. Справа ў тым, што цяперашні рэжым на чале з Лукашэнкам робіць усё магчымае супраць іх – аб’ектыўных інтарэсаў беларусаў. Па шэрагу прыкмет, пра якія гаворка вядзецца ў тым ліку і ў артыкуле Высоцкага, многія цяперашнія апазіцыянеры (ня ўсе, але многія, прычым добра прафінансаваныя) БУДУЦЬ РАБІЦЬ У ГЭТЫМ КЛЮЧАВЫМ ПЫТАНЬНІ… ТОЕ САМАЕ!!!
    Па-першае, апошняя дурасьць ведаць гэта і падтрымліваць такіх “апазіцыянераў”.
    Па-другое, немагчымасьць сапраўдным беларускім дэмакратам – г.зн. тым, хто шчыра нацэлена на адстойваньне АБ’ЕКТЫЎНЫХ ІНТАРЭСАЎ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ – апынуцца на першых ролях у апазіцыі (ліберасты – раманчукі, саньнікавы, міхалевічы – усё перакрываюць), зьяўляецца ключавой прычынай адсутнасьці посьпеху ў беларускай апазіцыі ў цэлым. Беларусы, НЕ БАЧАЧЫ АЛЬТЭРНАТЫВЫ, заяўляючы, што няма сэнсы мяняць “хрэн на рэдзьку”, ня рвуцца мяняць Луку…
    Так замыкаецца цыкл, які вядзе да далейшага захаваньня этнацыднага рэжыму ў Беларусі. Адсюль ЗАКОННАСЬЦЬ ПЫТАНЬНЯ ПРА ВІНАВАТЫХ. Атрымліваецца, што разам з расейскімі імперцамі ды лукашыстамі-цяперцамі, вінаватымі ў нашых бедах зьяўляюцца ліберасты “Захаду” і іх агентура ў Беларусі.
    Адсюль і абсалютная сэнсоўнасьць закліку, які гучыць у артыкуле: ПАТРЭБНА САПРАЎДНАЯ АЛЬТЭРНАТЫВА РЭЖЫМУ!!!

    • Ягорка кажа:

      Вы, Астроўскі, пагарачыліся наконт аб`ектыўных інтарэсаў народа. Хто можа вызначыць дакладна гэты інтарэс? Высоцкі, Пачобут, Няхамес, мурашка-арцёменкі?

      Большасць народа пачувалася даволі камфортна амал’ да апошніх крызісных падзей… А нацыяналістычныя забабоны гэта як раз для вышей згаданых спадароў і спадарынь.

      • Рэдакцыя кажа:

        У рэдакцыі прынята, што ў аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу сярод іншага ўваходзіць наступнае:
        – тэрыторыя беларускай дзяржавы павінна адпавядаць беларускай этнічнай тэрыторыі;
        – беларусы ў сваёй дзяржаве не павінны выміраць, іх адносная колькасьць не павінна памяншацца;
        – зямля і нетры павінны лічыцца ўласнасьцю беларускага народа;
        – прыватная ўласнасьць мусіць быць пераважна ў руках беларусаў;
        – адзінай дзяржаўнай мовай у беларускай дзяржаве павінна быць беларуская; дамінаваць павінна і беларуская нацыянальная культура; інтэрпрэтацыя гістарычных падзей мусіць быць прабеларускай;
        – кіраўнікамі ў беларускай дзяржаве павінны быць лепшыя прадстаўнікі беларускага народу – прадстаўнікі нацыянальнай эліты;
        – усё разьвіцьцё беларускай дзяржавы ў тэхналагічнай і гуманістычнай сферах павінна адбывацца ў кірунку, які адпавядае стратэгічна-прагрэсіўнаму кірунку разьвіцьця ўсёй людскай цывілізацыі;
        – праблемы розных нацыянальных, рэлігійных і сексуальных меншасьцяў у беларускай дзяржаве вырашаюцца толькі ПАСЬЛЯ вырашэньня ўсіх праблем з аб’ектыўнымі інтарэсамі беларусаў на іх уласнай зямлі.
        Прыкладна так (больш падрабязна гл. адпаведныя матэрыялы сайта).
        Паспрабуйце абвергнуць АБ’ЕКТЫЎНАСЬЦЬ, ДЭМАКРАТЫЧНАСЬЦЬ і МАРАЛЬНАСЬЦЬ пададзеных крытэраў ці запрапанаваць больш аб’ектыўныя і маральныя…

        • Ягорка кажа:

          Колькасць беларусаў устойліва расла ў савецкі час. І гэты час быў, бадай, адным з найлепшых перыядаў беларускай гісторыі.

          Астроўскі, Вам часам не здаецца, што беларусам беларуская мова і не надта патрэбная. Руская мова большасці родная і яна іх цалкам задавальняе. Прызнайце нарэшце гэту сярмяжную праўду жыцця.

          Пра некаторыя тэзы адно можна сказаць: мячтаць ня ўрэдна.

        • Siarhiej кажа:

          З гэтым я цалкам згодны. Таксама думаю што большасьць тых, хто ў турмах і нядаўна вызваленых, а таксама большасць актыўных грамадзян падзяляюць гэтыя нацыянальныя інтарэсы.

      • Спадар, “ягорка-казачок”
        Менавіта, я магу вызначыць гэты аб’ектыўны інтарэс.
        Дзеля дакладнасьці, па сацыяльнаму становішчу я – рабочы, працоўны стаж больш за 40 гадоў, пачынаў у 15,5 гадоў. Сп. Арцеменка – служачая, мае вышэйшую адукацыю, эканаміст з 15 гадовым вопытам працы, Працоўны стаж больш за 30 гадоў.
        Таму нам есьць што сказаць
        Пакуль што казаць буду я.
        Беларускай нацыі ( рабочаму, калгасніку, служачаму) не хапае толькі аднаго, але самага галоўнага – павагі.
        Усе што адбываецца у Беларусі гэта вынік яе адсутнасьці
        Калі б урад ( дарэктрар, старшыня, кіраўнік), якія павінны абслугоўваць інтарэсы нацыі, гэтага прытрымліваліся, не адбылася б тое, што адбылася.
        Мы бы ведалі сваю гісторыю, валодалі сваей роднай мовай і культурай., мы былі б нацыяй, а пакуль што, мы народ.
        Паважаў бы беларусаў Лукашэнка, ен бы не зьнішчаў усе беларускае, не заганяў бы ва усялякія дамовы і хаўрусы краіну, без згоды народа.
        Ен бы не забіваў сваіх палітычных апанэнтаў, не гнаіў бы іх у турмах. Ен бы не дазволіў выкарыстоўваць радыяцыйныя палеткі, не будаваў бы патэнцыяльна другі чарнобыль. Не выкарыстоўваў спецслужбы супраць народа. Не прадаваў бы нацыянальную маемасьць..
        Паважаў бы рабочых дарэктар “Пінскдрэў” і такія як ён,, ён бы сачыў за тэхнікай бяспекі, і не загінулі б 14 чалавек.
        А такіх прадпрыемстваў, дзе адсутнічаюць усялякія формы бяспекі, у Беларусі 99%, я шмат дзе працаваў таму ведаю ,бо дыхаў смуродам ліцеек, кавальскіх і дрэваапрацоўчых цэхоў
        Наконт “камфортнасьці” сказаў бы так:
        Я ведаю, што заробленнага рубля, мы атрымоўвалі 10 капеек. Каб атрымаць кватэру, памерам 15 кв. метраў на 4х дарослых, мы стаялі у чарзе 12 гадоў, на тэлефон 9 Пра “Масквіч” увогуле не марылі. Да Сочы, было як “да Кітая” . Канешне, тыя, хто быў хаця б нейкім “бугром на роўным месцы”, жылі зусім інакш.
        Рабочы, калгаснік, служачы, як быў працоўнай скацінай, так ёй і застаўся. Раней і ёй дазвалялі трохі “мычаць” цяпер забаранілі і гэта. Кіраўнік люблга ранга, лічыць сябе “пупам” Зямлі і усіх, хто ніжэй рангам, не бача ва упор. Ён не сароміцца адкрыта красьці, ізгаляецца над працаўніком, ведаючы аб адсутнасьці адпору, бо запіхнулі у рот “кантракт” і апранулі кайданкі, каб не атрымаць у адказ. Я мог бы шмат чаго распавесьці аб інтарэсах, але і гэтага дастаткова каб уявіць, што нам патрэбна, каб жыць годна
        Але, я веру у тое, што беларуская нацыя акрыяе, бо згіне усе расейскае. Беларусы прымусяць сябе паважаць як нацыю, як чалавека працы, які стварае каштоўнасьці, які утрымлівае гэтых “кіраўнікоў”. Загучыць беларуская мова, якую пачуюць ва усім сьвеце.
        Цяпер не для друку і не па-парляментцку
        Спадар, пацалуйце нас…..у патыліцу…ніжэй…ніжэй, эшчэ трохі …стоп!

        • Фольксдойч кажа:

          Яшчэ адзін прадстаўнік “нацыянальнай эліты”.

          Віншую Вас, Астроўскі з такімі каштоўнымі кадрамі.

          • Спадар, пагаджуся, не зусім карэктна, таму выбачаюся перад чытачамі, але.
            “Ягорка” не апанэнт а правакатар, а гэта публіка іншых слоў не разумее.
            Тым больш, што няма магчымасьці, сказаць гэта у вочы. схаваўся за “нікам” і ізгаляецца
            За зьнявагу плачу тым жа.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы