З адыходам у мінулае яшчэ аднаго году пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны 1939-45 гг. улады Расеі й залежнай ад іх Беларусі ўсё грамчэй адзначаюць чарговую гадавіну пераможнага заканчэньня “Великой отечественной войны 1941-45 гг.”. Усё сьведчыць пра тое, што гэтыя адзначэньні будуць працягвацца і пасьля сьмерці апошняга ветэрана той вайны. Мы ўжо ня раз пратэставалі супраць блюзьнерскага выкарастаньня палітычнымі прайдзісьветамі вялікай трагедыі, якая адбылася ў тыя гады ў дачыненьні найперш да беларускага, украінскага, расейскага народаў – не для ветэранаў і тым больш не для блізкіх славянскіх народаў прызначаецца гэтае адзначэньне… Як прыстойныя людзі, мы мусім пратэставаць. З нагоды выстаўляем артыкул, прысьвечаны азначанай тэме, невядомага нам В. Росава (узяты адсюль: http://my.mail.ru/community/stalin_criminal/43AF130DAA1BA384.html). Адразу папярэджваем: аўтар ня ёсьць пасьлядоўны беларускі ці рускі дэмакрат. Па кантэксьце бачна, што ён расейскі нацыяналіст, патрыёт, праваслаўны й, такім чынам – імперыяліст (таму пасьля выстаўленьня яго артыкула мы тое-сёе вымушаны будзем дадаткова абмеркаваць). Аднак многія думкі нават такога чалавека што да цяперашняга адзначэньня “9-маеў” нельга не прызнаць слушнымі…
Рэдакцыя.
«Мы ня выйдзем з гэтай праклятай смуты,
пакуль не аддзелім сумленна і шчыра праўду ад хлусьні
і не пачнем стойка і мужна вымаўляць праўду »
І.А. Ільлін.
“Адным з найбольш стойкіх міфаў савецкай прапаганды, што перайшлі з камуністычнай эпохі ў наш час, зьяўляецца міф аб «вялікай айчыннай» вайне. Гэты міф аднолькава падзяляецца афіцыйнай уладай і апазіцыяй, камуністамі й «патрыётамі», атэістамі й вернікамі ўсіх афіцыйных канфесій. Калі ў чым і дасягнута ў цяперашняй РФ «згода і прымірэньне», дык гэта ў пытаньні пра стаўленьне да савецка-нямецкай вайны, якая адзінадушна шануецца як «айчынная», «вялікая» і «сьвятая».
Зьмест міфа аб «айчыннай» вайне сьцісла такі. У чэрвені 1941 г. краіна, якая жыла мірным жыцьцём, падверглася нічым не справакаванаму нападу з боку падступнага і жорсткага ворага, які імкнуўся ператварыць краіну ў калонію, а яе насельніцтва – у рабоў. Але савецкі (рускі) народ і яго войска, паказаўшы ўзоры нябачанага гераізму, адстаялі свабоду і незалежнасьць сваёй радзімы, разграміўшы гітлераўскую Нямеччыну і вызваліўшы Еўропу і сьвет ад «карычневай чумы».
Хто ж быў сапраўдным здраднікам?
Маецца мноства разнавіднасьцяў гэтага міфа, але ў любым зь іх СССР выдаецца за гістарычную Расею, Чырвоная армія – за Рускую, а бальшавіцка-сталінскі ўрад – за ўрад нацыянальны, рускі. Адпаведна і перамога ў гэтай вайне падаецца як найвялікшая перамога рускага народу за ўсю яго гісторыю, як апафеоз вайсковай славы Расеі.
Некаторыя «праваслаўныя» ідэолагі (з Маскоўскай Патрыярхіі) ідуць яшчэ далей і імкнуцца падаць гэтую вайну ня проста як трыюмф «рускай» зброі, а як пераможную вайну за Праваслаўную Русь, як «сьвятую» вайну за ідэалы рускай праваслаўнай цывілізацыі, якая прывяла да ўваскрашэньня Сьвятой Русі (аднаўленьне «патрыяршаства», адкрыцьцё цэркваў і г.д.). Сталін ўяўляецца імі ўжо не найвялікшым у гісторыі ганіцелем царквы, а новым Канстанцінам Вялікім, богадараваным правадыром, які быццам бы аднавіў гістарычную пераемнасьць з праваслаўнай самадзяржаўнай Расеяй і адрадзіў расейскую дзяржаву ў яе ранейшай (або нават небывалай) велічы.
Некаторыя публіцысты з гэтага лагера адкрылі й «духоўны» сэнс савецка-нямецкай вайны: аказваецца, «патрыятычны подзьвіг» рускага народу адкупіў грэх яго ўдзелу ў антыхрыстовай рэвалюцыі.
Міф пра «вялікую айчынную» вайну настолькі трывала ўкараніўся ў масавай сьвядомасьці, што ўжо не падвяргаецца ні найменшаму сумневу. Ён проста недатыкальны для крытыкі. Любыя спробы аспрэчваць яго ўспрымаюцца як нечуванае блюзьнерства. Даходзіць да таго, што называцца рускім патрыётам можна толькі пры ўмове згоды з гэтым міфам ў той ці іншай форме.
Між тым, наўрад ці ёсьць нешта больш несумяшчальнае з рускім патрыятызмам, чым гэты ілжывы міф, узгадаваны камуністычнай прапагандай і падхоплены цяперашнімі патрыётамі, не выключаючы і праваслаўных. Прызнаць гэты міф за праўду можна, толькі зусім забыўшыся, чым СССР адрозьніваўся ад Расеі, а савецкі патрыятызм – ад патрыятызму сапраўднага, гэта значыць, рускага. Такая «непамятлівасьць» стала звыклай для большасьці сучасьнікаў, якія, пачуўшы аб «вялікай айчыннай» вайне, ніколі не задаюць сабе пытаньне: а якія ўмовы неабходныя для таго, каб вайну можна было назваць Айчыннай?
Для таго, каб вайна была Айчыннай, яшчэ недастаткова, каб яна вялася на рускай тэрыторыі й арміяй, якая складаецца з этнічна рускіх людзей. Ня робіць вайну Айчыннай і самаахьвяраваньне салдат, якія змагаюцца і паміраюць на фронце. Гэта трэба падкрэсьліць, бо абаронцы міфа аб «вялікай айчыннай» вайне пастаянна спасылаюцца на воінскія подзьвігі, зьдзейсьненыя савецкімі («рускімі») салдатамі ў гэтай вайне, на «масавы гераізм» як доказ яе айчыннага характару.
Зусім ня кожны подзьвіг заслугоўвае шанаваньня і павагі. Варта ўзгадаць, што на савецка-нямецкай вайне, як і на кожнай вайне, подзьвігі зьдзяйсьняліся па абодва бакі фронту. Нямецкія салдаты паказалі ў баях ня менш доблесьці й мужнасьці, чым салдаты савецкія. Напрыклад, пры абароне г. Холма, у баях за Царыцын (Сталінград), пры штурме Севастопаля або пры абароне Берліна. 16-гадовыя нямецкія школьнікі, узброеныя толькі «фаустпатронамі» і аўтаматамі, зьнішчыўшы ў вулічных баях у Берліне да 1000 савецкіх танкаў Т-34 й ІС-2, паказалі выбітную доблесьць. Гэтыя фольксштурмаўцы – сапраўдныя героі, яны заслужылі свае жалезныя крыжы і маюць поўнае права сказаць, што абаранялі сваю Бацькаўшчыну і пралівалі за яе сваю кроў.
Айчынная вайна магчымая толькі пры наяўнасьці ў краіне нацыянальнай улады і нацыянальнай Арміі. Што ж за ўрад кіраваў і наогул якая ўлада ўсталявалася на тэрыторыі былой Расейскай імперыі да чэрвеня 1941 г, калі ўсчалася савецка-нямецкая вайна?
Кіраваў краінай урад камуністаў-багаборцаў на чале з крымінальнікам Сталіным. Гэты ўрад на працягу чвэрці стагоддзя пасьлядоўна праводзіў палітыку зьнішчэньня гістарычнай Расеі й рускага народу. Ва ўладзе былі людзі, якія ўсё сваё жыцьцё мелі нянавісьць да “праклятай Расеі”, “турмы народаў”, якія марылі аб ператварэньні яе ў «асяродак сусьветнай рэвалюцыі», у агні якой гэтая «царская» Расея павінна была згарэць. Гэтыя людзі прыступілі з 1917 г. да адкрытага ўвасабленьня ў жыцьцё сваіх злачынных планаў.
Краінай кіравала партыя здраднікаў Расеі – тая партыя, якая сваю «дзяржаўную» дзейнасьць пачала са шпіянажу і прапаганды паразы, тэрору, з забойства рускіх афіцэраў, з братаньня на фронце з ворагам, з дэзертырства, са здрады Радзімы. Вышэйшай кропкай гэтай здары стала заключэньне Брэсцкага міру, які аддаваў ворагу 20 губерняў, усе франтавыя запасы, захопленых ваеннапалонных і г. д.
З самага пачатку бальшавікі паказалі сябе як антыруская ўлада, для якой не існуе паняцьцяў Радзіма, Айчына, гонар і абавязак; у якой сьвятыні рускага народу выклікаюць нянавісьць; якая слова “Расея” замяніла словам інтэрнацыянал, а рускі нацыянальны сцяг – чырвоным сьцягам; якая і па сваім нацыянальным складзе была, відавочна, нярускай: у ёй пераважалі чужынцы.
За 24 гады свайго валадарства бальшавіцкая («савецкая») ўлада дамаглася велізарных посьпехаў у справе зьнішчэньня гістарычнай Расеі. Былі пасьлядоўна вынішчаны ўсе саслоўі: дваранства, купецтва, сялянства, духавенства, адукаваны пласт (у тым ліку пагалоўна рускае афіцэрства) – і разбураныя ўсе дзяржаўныя інстытуты ранейшай Расеі: армія, паліцыя, суд, мясцовае самакіраваньне, дабрачынныя ўстановы і г.д.
Праводзілася сістэматычнае зьнішчэнне рускай культуры – падрываліся цэрквы, рабаваліся музеі, іх экспанаты па дэмпінгавых цэнах прадаваліся за мяжу. Быў заменены каляндар, народ пазбавілі рускіх сьвятаў. Пераназываліся гарады і вуліцы, вытручваліся рускія сямейныя і бытавыя традыцыі, ліквідаваліся рускія навука і школа.
Была выкрэсьлена і аплявана ўся руская гісторыя. Замест зьнішчанага рускага стваралася чырвона–касмапалітычнае і савецкае, пачынаючы ад Чырвонай арміі й чырвонай прафесуры, і заканчваючы савецкай арфаграфіяй і савецкім спортам.
Наша зямная Айчына – Расея – была фактычна зьнішчана.
Яе тэрорам ператварылі ў Саўдэпію, якая была поўным адмаўленьнем Расеі – анты-Расеяй. Рускі чалавек ня мае права забываць, што пасьлядоўнае адмаўленьне рускай дзяржаўнасьці – гэта тое, на чым стаяў і чым падкрэсьлена хваліўся савецкі рэжым.
Называцца нацыянальнай уладай такі рэжым ня мае ніякага права. Ён павінен быць вызначаны як антынацыянальная акупацыйная ўлада, зрынаньне якой кожны сумленны патрыёт можа толькі вітаць.
Яшчэ больш выразна выглядае справа з наяўнасьцю ў краіне нацыянальнай арміі, бо антынацыянальная і антынародная сутнасьць Чырвонай (Савецкай) арміі ясная кожнаму, хто больш-менш блізка з гэтай арміяй сутыкнуўся.
Кожны рускі, які захаваў нацыянальную памяць, пагодзіцца, што Чырвоная Армія (РККА) ніколі не зьяўлялася ні прадаўжальнікам традыцый, ні прававым пераемнікам Рускай Імператарскай Арміі (такой была і застаецца да сёньняшняга дня армія Белая).
Чырвоная армія была створана бальшавікамі замест зьнішчанай імі Рускай Арміі. Прычым стваральнікі, кіраўнікі й касьцяк асабістага складу гэтай арміі былі альбо іншародцамі, альбо адкрытымі здраднікамі Радзімы, здраднікамі прысязе і дэзертырамі з Арміі Рускай.
Гэтая армія ў Грамадзянскую вайну зьняславіла сябе марадзёрствам, забойствамі рускіх афіцэраў і нечуваным гвалтам над рускім народам. Пры сваім стварэньні яна папаўнялася розным збродам – вясковымі люмпенамі, чырвонагвардзейцамі, матрасьнёй, крымінальнымі элементамі, мадзьярамі, латышамі й іншымі «інтэрнацыяналістамі». Каля адной траціны яе асабовага складу складалі кітайцы, якія праславіліся сваёй зьвярынай жорсткасьцю і бесчалавечнымі, лютымі катаваньнямі ў дачыненьні да палонных белагвардзейцаў і грамадзянскага насельніцтва Сібіры і Далёкага Усходу.
У «камскладзе» Чырвонай арміі члены бальшавіцкай партыі складалі: у 1920 -10,5%, у 1925 – 40,8%, у 1930 – 52%, а з канца 1930-х гадоў камуністамі або камсамольцамі былі занятыя ўсе камандныя пасады. Гэтая армія была насычана даносчыкамі НКУС і палітрукамі, яе лёсамі вяршылі камісары. Яна ўяўляла сабой не нацыянальную Армію, а партыйнае войска ВКП (б) – КПСС. Лозунг гэтай арміі быў не «За Веру, Цара і Айчыну!”, а “Даеш Інтэрнацыянал!»
Гэтая армія першапачаткова стваралася не для абароны, а для прыгнёту нашай Айчыны і ператварэньня яе ў «плацдарм сусьветнай рэвалюцыі», зь якога яна павінна была весьці наступальную вайну за распаўсюд багаборчага камунізму па ўсім сьвеце.
У ходзе Грамадзянскай вайны РККА акупавала і заваявала Расею, падавіла супраціў рускага народу бальшавікам і ў далейшым заўсёды прыходзіла на дапамогу катам і карнікам з ЧК-ОГПУ-НКВД-МГБ-КГБ-ФСБ, калі народны супраціў прымаў асабліва шырокі размах, і сіламі адных чэкістаў справіцца зь ім было немагчыма.
Таму для Расеі й рускіх Чырвоная армія заўсёды была войскам прыгнятальнікаў, і яна ня мае ніякага дачыненьня да Арміі Рускай. Рэшткі Рускай арміі генерала Врангеля эвакуяваліся ў лістападзе 1920 г. з Крыму, і з тых часоў на тэрыторыі былой Расійскай імперыі ніякіх рускіх войскаў больш не было.
У прыватнасьці, у Крыму наогул засталося мала рускіх – пераможцы забілі кожнага другога з пакінутых мірных жыхароў. Сьмерць большасьці была жудасная – людзей бітком набівалі ў старыя баржы, прывязвалі за ногі да таплякоў і тапілі ў моры.
Да чэрвеня 1941 г. рускі народ, пазбаўлены сваіх нацыянальных улады і арміі, знаходзіўся пад чырвонай акупацыяй і ня мог весьці ніякай Айчыннай вайны да таго часу, пакуль не вызваліўся б ад гэтай жахліва-жорсткай улады савецкіх акупантаў і не аднавіў бы сваю рускую нацыянальную Уладу і рускую нацыянальную Армію.
Напад Нямеччыны на СССР усе сапраўды рускія людзі ўспрынялі не як пачатак «вялікай айчыннай» вайны, а як магчымасьць (і прытым апошнюю) вызваліць сваю Радзіму ад акупантаў-бальшавікоў і аднавіць гістарычную Расею. Менавіта таму насельніцтва СССР сустракала немцаў кветкамі, бачачы ў іх вызваліцеляў ад чырвонага прыгнёту. Менавіта таму столькі надзей зьвязвалася з Крыжовым Паходам Германскага вермахту.
У адразу ж узьніклым Рускім Вызвольным Руху многія ўбачылі нашу нацыянальную армію са старымі рускімі званьнямі, зваротам «спадар», а не «таварыш», з трохкаляровым нацыянальным сьцягам замест чырвоных анучаў і з праваслаўным сьвятарствам замест палітрукоў.
І менавіта таму ўся руская нацыянальная і вайсковая эміграцыя, патрыятызм якой па-за ўсялякім сумневам, якая сваю любоў да Расеі й вернасьць Расеі даказала справай падчас Першай Сусьветнай і Грамадзянскай войнаў, апынулася з пачаткам Савецка-нямецкай вайны на баку Нямеччыны і прыняла ўдзел ва ўзброенай барацьбе супраць СССР за вызваленьне сваёй Радзімы – Расеі.
Таму людзей, што апяваюць «вялікую айчынную» вайну, мы нават ня можам лічыць па-сапраўднаму рускімі людзьмі, бо яны ня толькі не адчуваюць, але і проста не разумеюць глыбіню рускай трагедыі ў Другой сусьветнай вайне.
Мы – рускія – ад гэтай перамогі не атрымалі нічога: ні свабоды духу, ні свабоды перамяшчэньня, ні роспуску канцлагераў і калгасаў, ні магчымасьці сумленна працаваць, адкрыта маліцца і выхоўваць сваіх дзяцей людзьмі рускага духу і рускай культуры.
Каб зразумець, ці была вайна «айчыннай», неабходна таксама паглядзець на яе мэты, яе ход і на яе вынікі.
Сваю мэту – сусьветнае панаваньне – камуністы адкрыта абвясьцілі ў праграме сваёй партыі яшчэ задоўга да прыходу Гітлера да ўлады ў Нямеччыне. Дасягнуць «Сусьветнай рэвалюцыі» меркавалася спачатку ў ходзе Першай Сусьветнай вайны, арганізаванай банкірамі-багачамі, а потым, калі стала ясна, што яна не ўдалася, савецкаму кіраўніцтву прыйшла д’ябальская ідэя арганізаваць Другую Сусьветную вайну.
Сталінскі СССР рыхтаваўся да вайны за перадзел Еўропы сістэматычна і мэтанакіравана з пачатку 1930-х гадоў. У краіне ўсё было падпарадкавана падрыхтоўцы да будучай вайны, уся прапаганда заклікала да гэтай вайны, і прытым не да «айчыннай» вайны, а да захопніцкай, наступальнай, «вызвольнай» вайны.
Калектывізацыя, індустрыялізацыя, пяцігодкі, сямідзёнкі, дзевяцідзёнкі, масавы тэрор, чыстка ў арміі й г.д., усё гэта ў канчатковым выніку мела адну мэту – падрыхтаваць, пачаць і выйграць Сусьветную вайну за перамогу камунізму ва ўсім сьвеце.
Таму проста сьмяхотна гучаць галашэньні чырвоных «патрыётаў» аб тым, што «мы жылі мірным жыцьцём, а фашысты на нас напалі». Мірнага жыцьця Расея ня ведала з 1914 года, а з 1917 г. у краіне ішла вайна бальшавікоў супраць рускага народу, які стаў першай ахьвярай камуністычнай агрэсіі.
Усе рускія людзі ў апошняе пяцігоддзе перад вайной настолькі нацярпеліся ад бальшавіцкай улады, што літаральна малілі аб тым, як бы хто-небудзь хутчэй на Сталіна напаў, скончыў зь ім самім, партыяй, якую ён узначальваў, і іх валадарствам над Расеяй.
Менавіта СССР разьвязаў Другую Сусьветную вайну ў верасьні 1939 г., напаўшы на Польшчу, акупаваўшы краіны Балтыі, адкрыўшы ваенныя дзеяньні супраць маленькай Фінляндыі й Румыніі. (Гл. кнігі Суворава-Рэзуна «Ледакол», «Дзень М», «Апошняя Рэспубліка», «Цень перамогі»; колькі б ні пракліналі Суворава саўкі, абвергнуць яго высновы яны ня могуць).
Ахьвярамі савецкай агрэсіі ў 1939-40 гг. сталі астатнія еўрапейскія дзяржавы, што межавалі з СССР. Пры гэтым тры зь іх (Літва, Латвія, Эстонія) цалкам пазбавіліся незалежнасьці, а два (Фінляндыя і Румынія) – страцілі значную частку сваёй тэрыторыі.
Зь сярэдзіны 1940 г. у краіне вялася інтэнсіўная падрыхтоўка да вайны зь Нямеччынай. І калі б Гітлер не напаў на Сталіна ў чэрвені 1941-га, то сам бы стаў ахьвярай яго агрэсіі не пазьней сярэдзіны ліпеня таго ж года. Гэты факт прызнаецца ўсімі сумленнымі й сур’ёзнымі дасьледчыкамі, якія не прытрымліваюцца «прынцыпу партыйнасьці» ў гісторыі. Напад Гітлера быў папераджальным ударам супраць гатовага да нападу СССР. Усё гэта разам не пакідае ніякага месца для міфа аб «вялікай айчыннай» вайне і паказвае, што гаворка можа ісьці толькі аб проціборстве тыранічнаму бальшавіцкаму рэжыму, які падчас вайны аддаў падначалены яму руская й іншыя пераможаныя народы на нябачаныя пакуты.
Найбольш разумныя міфатворцы «вялікай айчыннай» вайны гатовыя, аднак, прызнаць, што Савецка-германская вайна пачалася ня як «айчынная», а як вайна дзьвюх таталітарных дзяржаў за еўрапейскае панаваньне. Але, кажуць яны нам, вайна пайшла не па сталінскім сцэнары. Яна з наступальнай ператварылася ў абарончую. Вораг быў жорсткі, рускі народ ўсьвядоміў небясьпеку, якая пагражае яму, і, адклаўшы рахункі са сталінскай уладай, устаў на абарону свайго ачага, сваіх жонак і дзяцей. І з гэтага моманту вайна пайшла быццам бы не за Сталіна, а за Радзіму – стала «айчыннай».
Так кажуць савецкія «патрыёты». На гэта мы ім адкажам, што тады вайна Нямеччыны і яе еўрапейскіх саюзьнікаў тым больш зьяўляецца Айчыннай, і прытым Вялікай. Бо, хоць і пачалася з вымушанага нападу, але потым, калі вораг падышоў да межаў Нямеччыны, калі жорсткімі бамбаваньнямі нямецкія гарады былі ператвораныя ў друзы, калі немцам стала пагражаць небясьпека трапіць у сталінскі ГУЛАГ, а іх жанчынам быць згвалтаванымі савецкімі салдатамі-«вызваліцелямі», гэтая вайна прыняла сьвяты характар барацьбы за свой ачаг і за сваіх блізкіх – стала Айчыннай.
Міфатворцы «вялікай айчыннай» ня маюць мужнасьці паглядзець гістарычнай праўдзе ў вочы і ўспомніць пра тое, што «айчыннай» гэтая вайна была абвешчаная зьверху, загадным парадкам. Так вырашыў Сталін, і так з усіх сіл дзяўблі прапагандысты і палітрукі ва ўсіх газетах і на ўсіх сходах, заганяючы ў галовы людзей гэтую новую хлусьню.
Ужо самі інтэнсіўнасьць і мэтанакіраванасьць, зь якімі вялася прапаганда, той размах, які яна прыняла, і тыя каласальныя сродкі, якія былі на яе затрачаны, абвяргаюць хлусьню аб «айчынным» характары вайны. Бо ў сапраўды Айчыннай вайне агітаваць і ўгаворваць людзей абараняць сваю Радзіму ня трэба, гэта для іх у такой жа ступені натуральна, як жыць і дыхаць. Дастаткова яшчэ раз успомніць гісторыю Айчыннай вайны 1812 г., каб апошнія сумневы на гэты конт адпалі.
Паварот у сталінскай прапагандзе менавіта таму і адбыўся, што з усёй відавочнасьцю выявілася нежаданьне рускага народу змагацца за чырвоную «айчыну», што «Айчыннай» гэтая вайна ня будзе ніколі, пакуль існуе сталінская ўлада. Адзінае, што заставалася Сталіну, так гэта пусціць у ход выпрабаваныя бальшавіцкія сродкі – Тэрор і Прапаганду. І сілай, хлусьнёй і падманам прымусіць людзей змагацца і перамагаць. Улетку 1941-га года пасьля страшных паражэньняў Чырвонай арміі паўстала пагроза самому існаваньню камуністычнага рэжыму, і стала ясна, што для выратаваньня гэтага рэжыму патрэбныя надзвычайныя меры.
Сталін на гэтыя меры пайшоў, і ўключыў патрыятызм ў арсенал сродкаў камуністычнай прапаганды.
Гэта быў характэрны сталінскі ход – паставіць сабе на службу тое, што патэнцыйна ўяўляе для цябе сьмяротную небясьпеку (пасьля ён дакладна так вырашыў і праблему з царквой).
Зь бязьмежнай цынічнасьцю і крывадушшам камуністычная прапаганда стала эксплуатаваць патрыятычныя пачуцьці й намаўляць «братам і сёстрам”, што вайна вядзецца не дзеля захаваньня ўлады Сталіна, а дзеля абароны шматкроць праклятых гэтай жа прапагандай нацыянальных сьвятынь.
Нараўне з такімі чыста вонкавымі прыёмамі, як увядзеньне пагонаў, перайменаваньне Чырвонай арміі ў Савецкую, замена гімна, перабудова інстытута камісараў і стварэньне ілжэ-царквы «патрыярха» Сергія, гэта дала свой плён.
Можна яшчэ зразумець людзей таго пакаленьня, якія паддаліся гэтаму страшнейшаму падману. Але як можна сёньня ня бачыць глыбокую хлусьню гэтых заклікаў і паўтараць байкі аб «вялікай айчыннай» вайне? – незразумела. Бо прапаганда клікала змагацца не за Расею і нават ня проста за Радзіму, а «За нашу савецкую Радзіму!» або «За Радзіму, за Сталіна!”, чым і станавілася бессэнсоўнай уся барацьба. Бо паняцьці «Радзіма» і «Сталін» узаемна несумяшчальныя. Нельга было абараніць сваю Радзіму, не зрынуўшы пры гэтым Сталіна, бо ён і ёсьць галоўны гвалтаўнік, кат і забойца нашай Радзімы-Расеі.
Яшчэ ясьней безгрунтоўнасьць міфа аб «вялікай айчыннай» можна ўбачыць, калі ўспомніць сякія-такія факты з гісторыі гэтай вайны, а таксама яе вынікі. Фактаў гэтых, якія аспрэчваюць савецкі міф, больш чым дастаткова. Але мы ўспомнім толькі некаторыя.
Ці магчымыя ў Айчыннай вайне такія загады, як падпісаны Сталіным, Молатавым, Жукавым й іншымі ваеннымі злачынцамі загад № 270 ад 16 жніўня 1941 г., які патрабаваў сям’і чырвонаармейцаў, што здаліся ў палон, пазбаўляць дзяржаўнай дапамогі – картак (што ў тых умовах азначала немінучую галодную сьмерць), а сям’і камандзіраў, якія здаліся ў палон – арыштоўваць? Відавочна, не.
Немагчымы ў Айчыннай вайне і загад, аддадзены Сталіным у чэрвені 1941-га года, у якім загадвалася зьнішчаць пры адступленьні ўсе без выключэньня населеныя пункты, каб праціўнік ня мог іх выкарыстоўваць. Гэты загад пакідаў насельніцтва рускіх вёсак замярзаць на дарогах. І такі загад можна аддаць, толькі адыходзячы з акупаванай тэрыторыі. Гітлер, калі вайна ішла на тэрыторыі Нямеччыны, не адважыўся зьнішчаць пры адступленьні нямецкія вёскі, разумеючы, што гаворка ідзе аб сваёй зямлі і аб сваім народзе.
Ці магчыма, каб у Айчыннай вайне тыя, хто трапіў у палон, лічыліся «здраднікамі радзімы» і сьвядома пакідаліся паміраць ад голаду ў лагерах ваеннапалонных (дзе галадалі толькі рускія, а астатнія атрымлівалі дапамогу праз Чырвоны Крыж), а па вызваленьні з палону траплялі не на волю, а зноў у канцлагер? Не, такое ў Айчыннай вайне немагчыма. Як і наогул немагчыма весьці Айчынную вайну, маючы ў тыле ў канцэнтрацыйных лагерах і турмах мільёны і мільёны сваіх суайчыннікаў.
Ці сумяшчальныя з Айчыннай вайной такія рэчы, як заградатрады і штрафныя батальёны, дэпартацыі цэлых народаў у адплату за «супрацоўніцтва з ворагам» і наогул само гэтае супрацоўніцтва, якое было настолькі масавым, што колькасьць падраздзяленьняў нямецкай дапаможнай паліцыі пераўзыходзіла колькасьць партызанскіх атрадаў, зь якімі гэтыя падраздзяленьні змагаліся? Не, гэтыя рэчы немагчымыя ня толькі ў «Айчыннай вайне», але наогул у любой вайне, якая вядзецца нацыянальнай арміяй за нацыянальныя інтарэсы сваёй Радзімы!
Што ж гэта за «айчынная вайна», калі чалавек атрымлівае магчымасьць адкрыта вызнаваць сваю айчынную веру, веру сваіх бацькоў – праваслаўнае хрысьціянства – толькі пасьля прыходу акупацыйных войскаў? Бо гэта надзвычайны факт, што толькі з прыходам немцаў сталі паўсюдна адкрывацца царквы, і людзі атрымалі магчымасьць маліцца Богу, не баючыся патрапіць у НКУС.
Калі мы зьвернемся да сапраўднай Айчыннай вайны 1812 г. і ўспомнім, што тады нічога падобнага не было і быць не магло, то хлусьня міфа аб «вялікай айчыннай» вайне стане цалкам відавочнай.
Калі гэтая вайна была «айчыннай», то чаму ж наша казацтва, якое заўсёды было апорай і абаронцам Айчыны, у гэтую вайну сустракала немцаў хлебам-сольлю, а потым плячо ў плячо зь імі змагалася супраць Чырвонай арміі, увайшоўшы ў склад Вермахту ў выглядзе цэлага кавалерыйскага корпуса (15-ы Казацкі, генерала фон Панвіца) і шэраг іншых асобных падраздзяленьняў? Ці не таму, што параўнаньне савецкай акупацыі зь нямецкай было не на карысьць першай?
Савецкія акупанты падчас Грамадзянскай вайны бязьлітасна нішчылі казакаў, а ў калектывізацыю вымарывалі голадам цэлыя казачыя станіцы, якія не выканалі «плана хлебазагатовак». Акупанты ж нямецкія, заняўшы казачыя тэрыторыі, распусьцілі калгасы, дазволілі казакам выбіраць сваіх атаманаў і дазволілі насіць зброю.
Калі акупанты савецкія ў Кафедральным саборы г. Растова-на-Доне зладзілі зьвярынец, а ў Вазьнясенскім вайсковым саборы Навачаркаску – чырвонаармейскія стайні (пры гэтым прах атамана Платава, героя 1812 г., й іншых атаманаў быў імі выкінуты з храма на сьметніцу), то на адкрыцьцё немцамі таго ж Кафедральнага сабора прыйшоў увесь праваслаўны Растоў.
Людзі на свае вочы бачылі, што савецкі рэжым горш усялякай акупацыі, і ў пачатку 1943 года ўсе казацкае насельніцтва Паўночнага Каўказа зьнялося са сваіх месцаў і рушыла ўслед за адступаючымі нямецкімі войскамі! Руская і сусьветная гісторыя ня ведаюць другога такога прыкладу, калі насельніцтва краіны сыходзіла з акупантамі, не жадаючы трапляць у рукі сваіх «вызваліцеляў».
Калі мы шчыра асэнсуем гэты факт, то ад міфа аб «вялікай айчыннай» вайне не застанецца і сьледу.
Але, вядома, самы страшны ўдар па гэтаму міфу наносіць Рускі Вызвольны Рух Другой Сусьветнай вайны, агульна званы ў савецкіх патрыётаў «уласаўскім». Ужо сам той факт, што ў складзе германскага Вермахту (і ў розных дапаможных частках) служыла ў розны час (толькі па афіцыйных дадзеных) больш за 2.500.000 (!) Рускіх і былых савецкіх грамадзян, павінен спыняць ўсе размовы пра «вялікую айчынную» вайну. Бо сапраўды: дзе, калі, падчас якой Айчыннай вайны людзі ў такой колькасьці добраахвотна пераходзяць на бок праціўніка і ваююць у яго шэрагах?
Савпатрыёты не знаходзяць нічога больш разумнага, як абвясьціць гэтых людзей прыроджанымі здраднікамі, шкурнікамі й баязьліўцамі. Гэта адкрытая хлусьня, але нават калі б яна і была праўдай, то застаецца цалкам незразумелым, чаму ж раней за ўсю сваю гісторыю Расія ня ведала такой масавай і маштабнай «здрады». Колькі войнаў правяла Расея, і ніколі не было столькі здраднікаў, перабежчыкаў і «скурнікаў», а вось варта было толькі пачацца «айчыннай» вайне і прытым ня простай, а «вялікай», як сотні тысяч людзей са зброяй у руках перайшлі на бок ворага…
У падраздзяленьні РОНА, Казачыя Часткі, РОА ды іншыя людзі запісваліся нават у 1945 годзе, калі крах гітлераўскай Германіі стаў відавочны, а перамога Сталіна няўхільнай.
Многія чырвоныя «патрыёты» разумеюць сьмяхотнасьць сваіх тлумачэньняў узьнікненьня Рускага Вызвольнага Руху, але зьвяртаюцца да такога шулерскага прыёму. «Што ж гэта вы, асуджаючы паражэнства Леніна, не асуджаеце здраду ўласаўцаў?» – пытаюцца яны. «Як жа можна было выступаць супраць свайго ўраду падчас вайны з вонкавым ворагам?”
Ужо сама пастаноўка пытаньня цалкам выкрывае такіх «патрыётаў», якія лічаць акупацыйны савецкі ўрад “сваім”.
Наўпросты ж адказ на іх падступнае пытаньне такі. У 1917 годзе да ўлады прыйшлі бальшавікі, якія разбурылі рускую дзяржаву і зьнішчылі гістарычную Расею. З пункту гледжаньня рускага патрыятызму гэтыя людзі – злачынцы, нават калі б яны дзейнічалі й без дапамогі вонкавага ворага. Зрынуць жа антырускую ўладу гэтых людзей – хоць бы і пры дапамозе яе зьнешніх ворагаў – з пункту гледжаньня патрыятызму ня толькі не злачынна, але і ўхвальна. Менавіта таму паразьнікі-ленінцы – здраднікі, а байцы РОА – не.
За дзесяцігоддзі савецкага праўленьня вырасьлі мільёны людзей, якія называюць сябе рускімі патрыётамі, але ў рэчаіснасьці аб сапраўдным рускім патрыятызьме ня маюць ніякага паняцьця. Стаўленьне да савецка-германскай вайны – надзейны спосаб распазнаньня такіх псеўдапатрыётаў. Але сапраўднай «лакмусавай паперкай» ілжэ-патрыятызму зьяўляецца іх стаўленьне да Рускага Вызвольнага Руху, які ваяваў супраць бальшавізму ў 1940-я гг. Як чырванее лакмусавая паперка ў кіслаце, так і кожны, хто лічыць іх здраднікамі, выяўляе тым самым сваю «чырвань» і поўную адсутнасьць рускага патрыятызму.
Здрада зьдзейсьнілася пазней, у 1945 г., калі генерал Уласаў і частка яго фармаваньняў, ратуючы сваю скуру, перайшлі на бок бальшавікоў. Асноўная ж частка падраздзяленьняў Рускага Супраціву і казацтва сумленна выканалі свой вайсковы абавязак перад Расеяй. Многія змагаліся з чырвонай чумой і пасьля 9-га траўня 1945 г. і загінулі са зброяй у руках. Іншыя трапілі ў палон ці былі выдадзены СССР саюзьнікамі. Большасьць зь іх былі па-зьверску закатаваныя НКУС, расстраляныя або загінулі ў сталінскім ГУЛАГу. Трапіўшае ж у лапы камуністаў рускае вайсковае і казцкае духавенства ЧК-ты ў 1945 г. укрыжоўвалі на крыжах. Так загінулі: а. Майсей і а. Феадор пад Рыгай, а. Герман ў Польшчы, а. Алексій Брэслаў, а. Віктар, а. Ірынарх і а. Павал ва Ўсх. Прусіі, а таксама невядомыя па імені 4 казацкія сьвятары ў Аўстрыі. Вечная ім памяць.
Калі ж мы цяпер зьвернемся да вынікаў «айчыннай» вайны, то ўбачым наступнае. На ўсіх назад адваяваных Чырвонай арміяй тэрыторыях зачыняліся адкрытыя пры немцах Храмы, аднаўляліся ранейшыя савецкія парадкі, калгаснае рабства, улада абкамаў, НКУС і пачынаўся поўнамаштабны тэрор супраць «памагатых» нямецкіх акупантаў і наогул праціўнікаў сталінскага рэжыму. Жорсткасьць чэкістаў ясна паказала, што адбылося не «вызваленьне», а аднаўленьне савецкага акупацыйнага рэжыму. І што яшчэ дзіўна на першы погляд, савецкі агітпрап бесьперапынна вяшчаў аб жудасных зьверствах немцаў у адносінах да грамадзянскага насельніцтва акупаваных тэрыторый, але як толькі іх «вызваліла» чырвоная армія, насельніцтва з пацярпелага раптам апынулася страціўшым давер. Яшчэ доўга пасьля вайны у савецкіх анкетах было пытантне: ці выязджаў сам грамадзянін СССР або яго сваякі за мяжу, і ці не знаходзіўся ён у акупацыі (знаходжаньне пад акупацыяй прыраўноўвалася да знаходжаньня за мяжой).
Зь лета 1944 г, калі савецкія войскі выйшлі да межаў 1939 г., вайна з боку СССР набыла адкрыта захопніцкіх характар. Менавіта з гэтага моманту ўсім у сьвеце стала канчаткова ясна, што Чырвоная армія вядзе барацьбу не за Расею і не за нацыянальныя інтарэсы рускага народу, а толькі за геапалітычныя інтарэсы партыі бальшавікоў і за распаўсюд савецкай сістэмы па ўсім Зямным шары.
Паўсюль, куды ступала нага савецкага салдата, ўсталёўваўся самы чорны рэжым акупацыі, праводзілася «саветызацыя» – пачыналіся арышты і забойствы сьвятароў, «капіталістаў”, “фашыстаў» і нацыянальна-думаючай інтэлігенцыі. Мірнае насельніцтва падвяргалася самаму адкрытаму і бязьлітаснаму рабунку, які дасягнуў свайго апагею ва Ўсходняй Прусіі, якая ўжо цалкам афіцыйна была аддадзена марадзёрам на паток і рабаваньне. Пры гэтым усё нарабаванае дабро было прыраўнанае да «трафеяў» (г.зн. ваеннай маёмасьці, ўзятай у баях) – так і гаварылася без усялякага сораму: «трафейны» гадзіньнік, «трафейны» акардэон, «трафейная» жаночая бялізна.
Гвалт над насельніцтвам захопленых тэрыторый быў масавым і паўсюдным. Згвалтаваньне немкі злачынствам не лічылася ў прынцыпе. Нават у «дружалюбнай» Сербіі, па дадзеных сербскіх уладаў, лік толькі зарэгістраваных зьдзекаў над жанчынамі, учыненых п’янымі савецкімі салдатамі-«вызваліцелямі», перавысіў 100 тыс. выпадкаў.
І гэта мы назавем Айчыннай вайной?
Успомнім і пра лёс бязрукіх і бязногіх інвалідаў гэтай «вялікай айчыннай» вайны. Гэтых людзей, якіх розныя жукавы калісьці пасылалі «разьмініраваць» мінныя палі суперніка нагамі, і якія ўласна і забясьпечылі перамогу Сталіну, зьмяшчалі пасьля вайны ў сьпецыяльныя лагеры на павольнае паміраньне, каб яны не прасілі міласьціну ў прыгарадных цягніках і не псавалі сваім непрыстойным выглядам вуліцы савецкіх гарадоў. Інвалід, абаронца Айчыны, які трапіў за гэтую “перамогу” ў канцлагер – што мацней можа абвергнуць хлусьню міфа аб «вялікай айчыннай» вайне?
Вынікам «вялікай Перамогі» стала заняволеньне ўсёй Усходняй Еўропы і распаўсюджаньне тэрарыстычнай сталінскай сістэмы ад Берліна да Пекіна.
Гэтая перамога зрабіла гібель Расеі незваротнай, пахавала ўсе надзеі на адраджэньне Рускай Арміі й Рускай дзяржаўнасьці. Пераможныя салюты над Масквой былі пахавальным звонам для гістарычнай Расеі, бо апошняя магчымасць аднаўленьня нацыянальнай улады была выпушчаная.
Рускі народ ад гэтай перамогі наогул не атрымаў нічога. Усе прынесеныя ім страшныя ахьвяры апынуліся марнымі. Ён зноў апынуўся са сваімі калгасамі і лагерамі пад уладай савецкіх акупантаў, якія не замарудзілі пачаць падрыхтоўку да чарговай «айчыннай» вайны.
На гэты раз з Амерыкай.
Немагчыма навязаць народу сваю уладу без згоды на яё нейкай часткі гэтага народу. Ўсе вялікія рускіе мысліцелі падкрэслівалі, што ў рускам нацыянальным характары ёсць рысы якія робяць яго паслухмянай зброяй ў руках злодзеяў. Аб тым што гэта за рысы, я спрабаваў таксама на гэтым сайце “вставить свои пять копеек”. Але значна прасцей народ аценьваць па уладе якая сядзіць на яго горбу. У нас выразіцелем СУЧАСНАГА нацыянальнага характера ёсць Лукашенка, ў Расеі – Путін; а раней – Сталін. Сітуацыя ў Расеі значна складанейшая, чым думае шмат хто. Калі прыйдуць да улады там демакраты, то прыйдзецца ухадзіць з паўночнага Каўказа і шмат яшчэ адкуль. Расея будзе хутка губляць сваю Веліч і пераўтварацца ў другасную дзяржаву. Ці пагадзіцца рускій народ на гэта? Ён так прызвычаяўся да свайго Велічча! Мяркую, што некаторые цудоўные рысы рускага характрера маюць вытокам менавіта гэтае велічча (напраклад, як багатаму лягчэйшы быць шчыраму). Белый рух (які апевае аўтар) змагаўся за Едіную Расею і атрымаў паразу ад бальшэвікоў. І Пілсудскій і Манергейм прапанавалі Белым дапамогу пры умове незалежнасці Польшчы і Фінляндыі. Але нашая задача значна прасцейшая – захаваць Незалежнасць, каб сучасные рускіе страту п. Каўказа не кампенсавалі набыццём нашай Літварусі.
Kali praanalizawac’ histarychnyja padziei aposhniaha stahoddzia, zwiarnicie pil’nuju uwahu – khto na samaj sprawie kirawau imi i wy pryjdziecie da wysnowy pry nieukhil’nas’ci padstau, shto usio planawalasia i rabilasia pa ukazanniu sijanakratau. Toje samaje adbywajecca i u suchasnym s’wiecie i piersh za usio u Europie.. Wynishchajecca nie tol’ki slawianstwa, alie i musul’manstwa i inshyja inshyja kul’tury, khacia robicca usio pad prykrycciom “demakratyi”.
Jak haworycca: Hroshy robiac’ usio! A u chyikh rukakh tyja hroshy?! A lasyja na liohki zdabytak znojducca pausiudna i byli jany wa usie chasy.
з такога падыходу можа склацца ўражанне, што белагвардзейцы і манархісты апекваліся рускім народам. але ці не яны давялі сітуацыю да таго, што ў краіне запанавалі люмпены і крыміналльныя элементы, іншародцы?? трахан рамантык, таварыш. цьху, спадар:) але ў астатнім артыкул цалкам добра паказвае сітуацыю.
сапраўды дзіўна, як пасярод касмапалітычнага чалавека дзеля якога ўся Зямля ёсць Радзімай і няма аніякіх межаў нацыянальных і этнічных узнікла Айчына. парадокс. але не для прыгнятальнікаў і ўзурпатараў улады. для іх усе сродкі выдатныя.
са ввайго боку магу падкінуць таксама пару артыкулаў і таксама з расейскага боку:
Помещаемый текст интервью старшего научного сотрудника Санкт-Петербургского университета, кандидата исторических наук Кирилла Михайловича Александрова представляет результат исследований по истории войны между Советским Союзом и нацистской Германией в 1941-1945 гг. Первоначальная версия оказалась существенно сокращена с учётом формата издания. Однако затем инициаторы вообще отказались от публикации, посчитав ее несвоевременной.
http://www.russia-talk.com/rf/1941-45.htm
9-го мая: Против кого празднуем?
генерал Глеб Щербатов
http://ariru.info/news/3467/