nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Памёр Мікалай Мельнікаў

Верасень 27, 2012 | Каментары (1)

 

24 верасьня ў Гародні на 89-м годзе жыцьця памёр Мікалай Мельнікаў. Ён, нарадзіўшыся ў 1924 годзе, быў ветэранам Другой Сусьветнай вайны, працаваў выкладчыкам філалогіі ў Гарадзенскім універсітэце імя Янкі Купалы, быў сябрам БСДГ, сябрам Саюза беларускіх пісьменьнікаў, кіраўнком гарадзенскай філіі дэмакратычных ветэранаў Беларусі, стваральнікам у Гародні грамадскага музея Васіля Быкава (гэта адзінае месца, дзе жыхары і госьці горада могуць пазнаёміцца з жыцьцём і творчасьцю знакамітага беларускага пісьменьніка, які пражыў тут шмат гадоў).

 

З нагоды сьмерці Мікалая Аляксандравіча радыё “Свабода” сярод іншага адзначыла (http://www.svaboda.org/content/article/24718951.html), што сам спадар Мельнікаў паходзіць з Чавускага раёна на Магілёўшчыне.

У 2006 годзе ён апублікаваў аўтабіяграфічныя ўспаміны (кніга была названа «Адчай, боль і горыч»), дзе напісаў пра тое, як у 1930-я гады раскулачылі іх сям’ю, як яго разам з бацькамі выслалі ў лагер у Валагодскую вобласьць, як яму ўдалося выжыць. Гэта кніга — пра рабаўніцтва і гвалт у дачыненьні да працавітых беларускіх сялянскіх сем’яў. Мельнікавых вывозілі ў канцлагер таварным эшалонам, куды сагналі сялян з усяго Чавускага раёна. Іх хаты задарма забіралі новыя бальшавіцка-сіянісцкія ўлады…

Сёлета ў траўні стваральніку грамадскага музея Васіля Быкава Мікалаю Мельнікаву была ўручаная прэмія імя Алеся Адамовіча. З гэтай нагоды Старшыня Беларускага Пэн-цэнтру Андрэй Хадановіч сказаў: «Прэмія ўручаецца штогод Беларускім Пэн-цэнтрам за сумленнае слова, за публіцыстыку. Часьцей за ўсё яе атрымліваюць пісьменьнікі, публіцысты, журналісты. Мікалая Мельнікава ўганаравалі — за доўгую плённую дзейнасьць па захаваньні гарадзенскай спадчыны Васіля Быкава».

Сябры і блізкія знаёмыя Мелькава ўдакладнялі (http://www.svaboda.org/content/transcript/24719078.html), што ён шмат страху перажыў у дзяцінстве, і толькі ўжо ў гэтым стагоддзі ён рэалізаваў сябе тым, што скінуў свой страх, напісаўшы пра сваю сям’ю.

Прафесар Аляксей Пяткевіч, таксама выкладчык гарадзенскага ўніверсіта імя Янкі Купалы, блізка сябраваў зь Мельнікавым аж з 1957 года. Ён характарызуе яго як сумленнага, пасьлядоўнага і грамадскі актыўнага чалавека. Пры гэтым ён таксама падкрэсьлівае, што асаблівы крок у сваім жыцьці Мельнікаў зрабіў у гады перабудовы: «Ён нечакана нават для мяне павярнуўся да беларушчыны. Прычым, павярнуўся вельмі рэзка і вельмі шмат рабіў для прапаганды беларускасьці. А ў апошні час стварыў у Гародні музей Быкава і наколькі хапала сіл ды здароўя фарміраваў гэты невялічкі, пакуль неафіцыйны, але бясспрэчна персьпектыўны музей».

 

Ад рэдакцыі.

Ад сябе можам пацьвердзіць, што спадар Мікалай у першыя гады ХХІ стагоддзя (і на 9-м дзясятку гадоў уласнага жыцьця) сапраўды стаў адным з самых аўтарытэтных, грамадскі значных гарадзенцаў. У ім адначасна з павелічэньнем узросту раскрылася такая беларуская сьвядомасьць, якая штурхала яго цаніць кожны пражыты дзень больш за золата. І, нягледзячы на сталы век і слабы стан здароўя, Мельнікаў у апошнія гады свайго жыцьця зрабіў сапраўды вельмі шмат, фактычна стаўшы яшчэ адным узорам сапраўды Вялікага Беларуса (фота, якое вы бачыце ніжэй, было зроблена ў сакавіку г.г. у кватэры спадара Мельнікава; па яго жаданьні Мікалай Аляксандравіч быў пахаваны ў беларускай нацыянальнай кашулі, якую вы бачыце на фота).

 

 

На наш погляд, разам з працай па стварэньні музея Вясіля Быкава, варта адмыслова адзначыць пісьменьніцкую творчасьць самаго Мельнікава. У апошнія гады ён напісаў і выдаў не адну, а некалькі кніг успамінаў. У выніку атрымаўся ня толькі найважны гісторыка-культурны дакумент, які праўдзіва адлюстроўвае свой час, але і твор высокага мастацтва.

Мы, у рэдакцыі, гэты феномен заўважылі і вырашылі зь некалькіх кніг-успамінаў, якія напісаў Мельнікаў, скласьці адну (натуральна, кансультуючыся ва ўсіх істотных пытаньнях з самім аўтарам). А затым планавалі ўзяць вялікае інтэрвю жыцьця (як гэта было зроблена з Алесем Белакозам і Сьвятланай Новікавай). За лета была пройдзена амаль палова дыстанцыі па гэтым шляху. Але, на жаль, завяршыць гэтую працу пры жыцьці спадара Мікалая нам не давялося. Не хапіла некалькі месяцаў (на жаль, паўтарылася сітуацыя зь яшчэ адным Вялікім Беларусам Анатолем Белым…).

І ўсё ж мы плануем распачатае завяршыць.

Хай родная зямелька будзе Мікалю Мельнікаву пухам…  

   

Каментары (1)

  1. bambuk кажа:

    ведаў яго доўгі час. ён быў сапраўдным Беларусам,з вялікай літары. вечная памяць. жыве Беларусь!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы