nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Ці варта адзначаць 23 лютага ў цяперашнім фармаце і ўвогуле

23 лютага, 2013 | 2 каментарыя

Сёньня на Расеі адзначаецца “сьвята 23 лютага – Дзень абаронцаў Айчыны”. У нас у Беларусі адбываецца тое самае. Цяперцы давялі нашу дзяржаву да стану расейскай напаўкалоніі, таму факт супадзеньня адзначэньня ў Беларусі й на Расеі гэтых “сьвятаў” – рудыментаў бальшавіцка-савецкага мінулага – не зьдзіўляе. Акрамя таго, фармат адзначэньня “23 лютага” яшчэ ў бальшавіцка-савецкія часы быў даведзены да абсурду. Застаецца такім і сёньня – 5-6-гадовыя дзяўчынкі ў дзіцячых садках і школах віншуюць такіх жа “абаронцаў” зь “іх днём”… Каб яшчэ больш падкрэсьліць абсурднасьць адзначэньня гэтага “сьвята”, тым больш у Беларусі, мы вырашылі нагадаць нашым чытачам, што на самай справе адбылося 23 лютага 1918 года на тэрыторыі захопленай бальшавікамі-сіяністамі расейскай імперыі.

Рэдакцыя.   

 

“Вось невялікі кансьпект 6-й главы “Як наркам Дыбенка граміў немцаў пад Нарвай” з кнігі Віктара Суворава “Ачышчэньне”. Гэты кансьпект запрапанаваў Карнэт-Вараг. Атрымалася каротка, зьмястоўна, павучальна (узята адсюль: http://newcontinent.ru/story/23.htm).

Калісьці даўным даўно, яшчэ ў ХХ стагоддзі, “увесь савецкі народ” і “ўсё прагрэсіўнае чалавецтва” вырашылі адзначаць 23 лютага гадавіну нараджэньня Чырвона-Савецкай Арміі. У ХХI стагоддзі захапленьняў паменшала і сталі адзначаць Дзень Абаронцы Айчыны.

Такім чынам, легендарнае 23 лютага 1918. Немцы ідуць на Петраград. На іх шляху – Чудскае возера. Яго можна абысьці з двух бакоў. Праз Пскоў і праз Нарву.

А ў Расеі войска няма. Армію бальшавікі расклалі…

Выратаваць сітуацыю ў пачатку 1918 года маглі толькі балтыйскія матросы. Што ж, сябра першага Савецкага ўраду народны камісар па марскіх справах таварыш Дыбенка, зьбірай сваіх доблесных матросаў і вядзі іх пад Пскоў і Нарву, ратуй рэвалюцыю, спыні немцаў!

(Дарэчы, гэты Павел Дыбенка быў балтыйскім матросам, бальшавіком, арыштоўваў генерала П. Краснова, затым стаў бальшавіцкім бюракратам, жанатым на… А. Калантай; гл. фота ўнізе і  http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%94%D1%8B%D0%B1%D0%B5%D0%BD%D0%BA%D0%BE,_%D0%9F%D0%B0%D0%B2%D0%B5%D0%BB_%D0%95%D1%84%D0%B8%D0%BC%D0%BE%D0%B2%D0%B8%D1%87).

 

І Дыбенка павёў матросаў…

Вось яго дзеяньні 23 лютага 1918 года і сталі ўсенародным сьвятам – Днём Чырвонай Арміі.

23 лютага 1918 Чырвоная Армія пад Псковам і Нарвай “атрымала свае першыя бліскучыя перамогі”, якія мы ўсе вось так дружна сьвяткуем.

Але… На справе ніякіх перамог палымяныя рэвалюцыянеры ні пад Псковам, ні пад Нарвай не атрымалі, нікога не спынілі, неўміручай славай сваіх сьцягоў не пакрылі.

Наадварот, пры першых сутыкненьнях з супернікам матросікі завагаліся і… пабеглі.

І таварыш Дыбенка разам зь імі. А можа, і наперадзе.

Абаронцы рэвалюцыі дабеглі да самай Гатчыны.

Тут трэба адкрыць мапу, каб ацаніць гэты “гераічны шлях”. 120 кіламетраў беглі абаронцы “сацыялістычнай Айчыны”. Тры марафоны па глыбокім лютаўскім сьнезе. У Гатчыне “героі” захапілі эшалон і панесьліся па краіне ратаваць свае рэвалюцыйныя скуры. Наўздагон ратуючымся кіраўнік вышэйшага ваеннага савета Бонч-Бруевіч рассылае тэлеграмы: усіх злавіць і пад канвоем даставіць у Маскву (матросы павінны былі спыніць суперніка, але іх саміх трэба спыняць). Калі ўдасца знайсці…

Герояў знайшлі аж за Волгай, у Самары.

Пазьней газета “Чырвоная зорка” зьмясьціла вялікі артыкул аб “вялікім палкаводцы” Паўле Дыбенку, у якой парай радкоў сказана: “За адыход ад Нарвы і самавольны ад’езд з фронту Дыбенка быў выключаны з партыі” (быў адноўлены толькі ў 1922 годзе). Ён паўстаў перад судом Рэвалюцыйнага трыбуналу… Саўнаркам вынес сваё рашэньне – адхіліць Дыбенка з займанай пасады. Павел Яфімавіч да гэтага сябе ўжо падрыхтаваў: “Вядома, я вінаваты ў тым, што маракі дабеглі да Гатчыны…”.

А ад каго пабеглі рэвалюцыянеры?

Пабеглі ад германскай арміі.

У той час нямецкая армія была ўжо цалкам і канчаткова зьнясіленая вайной. Германская манархія абрынулася ў лістападзе 1918 года. Пратрымалася яна да лістапада толькі таму, што ў сакавіку 1918 года таварыш Ленін падпісаў з кайзерам Брэсцкі мір і аддаў яму Ўкраіну да самага Курска і Растова. Разам з рудой, вугалем і сталеліцейнай прамысловасьцю, разам з хлебам і мясам. Ленін аддаў кайзеру таксама Польшчу, [Беларусь], Прыбалтыку, выплаціў велізарныя рэпарацыі золатам і хлебам. Вось таму кайзераўская армія і дацягнула да восені. Але ў лютым 1918 года ўсёй гэтай ленінскай дапамогі кайзеру яшчэ не было, таму Нямеччына стаяла на самым краёчку бездані. Але яшчэ больш дзіўным было тое, што немцы наступалі без арміі. Яны дзейнічалі невялікімі разрозьненымі атрадамі ў 100-200 чалавек, прычым, нават не рэгулярнымі часткамі, а атрадамі, сабранымі з добраахвотнікаў. З-за панікі, што панавала ў бальшавікоў, і чутак пра набліжэньне міфічных германскіх войскаў гарады і станцыі пакідаліся бяз бою яшчэ да прыбыцьця праціўніка. Дзьвінск, напрыклад, быў узяты нямецкім атрадам ў 60-100 чалавек. Пскоў быў заняты невялікім атрадам немцаў, якія прыехалі на матацыклах. У Рэжыцы германскі атрад быў такім малалікім, што ня змог заняць тэлеграф, які працаваў яшчэ цэлыя суткі (гл.” Крушэньне сусьветнай рэвалюцыі “, с. 259-260).

Вось ад гэтага войска і бег член Савецкага ўраду, народны камісар па марскіх справах, палкаводзец і флатаводзец Дыбенка са сваімі ваякамі. Петраград ён кінуў без усялякай абароны, а ў немцаў проста не было сіл яго захапіць. Таму немцы да Петраграда так і не дайшлі.

А Дыбенка, між тым, прабегшы міма Масквы, уцёк аж за Волгу.

У першыя гады ўлады бальшавікоў-сіяністаў пра ўсё гэта было вядома, таму “Сьвята 23 лютага” пачалі адзначаць не адразу. Упершыню “ўвесь савецкі народ і ўсё прагрэсіўнае чалавецтва” ўрачыста адзначылі 20-ю гадавіну Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі 23 лютага 1938 г.

Заяўлялася, што за 20 гадоў да гэтага, 23 лютага 1918 года, “атрады Чырвонай гвардыі атрымалі свае першыя перамогі пад Псковам і Нарвай над рэгулярнымі войскамі кайзераўскай Германіі”. Гэтыя першыя “перамогі” і сталі днём нараджэньня Чырвонай Арміі. На шматлікіх мітынгах і ўрачыстых сходах, якія пракаціліся па ўсёй краіне ў лютым 1938 года, было сказана шмат цёплых слоў у адрас нашай роднай арміі.

За месяц да юбілею, 24 студзеня 1938 года, быў заснаваны першы савецкі медаль “20 гадоў РККА“. Медалём ўзнагароджвалі тых, хто асабліва вызначыўся ў баях, хто вёў Чырвоную Армію ад перамогі да перамогі, хто аплаціў першыя перамогі сваёй крывёю. Узнагародзілі многіх. Але намесьнік народнага камісара лясной прамысловасьці камандарм 2 рангу Павел Яфімавіч Дыбенка (такая пасада ў яго была на той час) юбілейнага медаля не атрымаў, й імя Дыбенкі ў тыя дні не называлі. А між тым, гэта менавіта ён “вёў чырвоныя атрады ў бой пад Нарвай 23 лютага 1918-га”…

Неўзабаве легендарны камандарм быў і ўвогуле… арыштаваны. Яго абвінавацілі ў шпіянажы “на карысць Амерыкі”. Суд над ім працягваўся 17 хвілін. Прысуд стандартны – неадкладны расстрэл.

Вось, аказваецца, што мы адзначаем 23 лютага пад назваю “Дзень абаронцаў Айчыны!””

Ад рэдакцыі:

Каб актуалізаваць і ажывіць матэрыял, падаем ніжэй некалькі фота, якія адлюстроўваюць сёньняшні дзень расейскай імперскай арміі.

 

2 каментарыя

  1. Licvin кажа:

    Па першае ўсялякую рэвалюцыю робяць кучка трубадураў, кшталту Сахараў, Афанасьеў, Гаврыіл Папоў, Старавойтава, Салженіцын (цэліліся ў Савецкі Саюз, а папалі ў Расію), плюс таемныя фундатары, што даюць грошы на гэтае мерапрыемства, плюс таемныя куклаводы і плюс адмарозкі-бандыты ( буйных мала, вот і нету важакоў). Дыбенка, Катоўскі, Махно… у цяперашнія часы Дудаевы, Басаевы, Радуевы… і куча розных іншых бандэрлогаў, граміл, анархістаў, псіхапатаў, заўсёды і рабілі рэвалюцыі.
    Але на сучасны момант нам патрэбна захаваць гэтае свята, як брэнд неўміручай славы. ”От тайги до британских морей Красная Армия всех сильней!” Гэты брэнд дазваляе выхоўваць моладзь упэўненай і таму канкурэнтнай у сучасным гістарычным кантэксце.
    Разам з тым нам патрэбна стварыць новы брэнд вайсковай славы Нашага народа — гэта перамога над татара-манголамі на Сіняй Вадзе і вызваленне брацкага ўкраінскага народа ад чужаземнага гнёту. Гэты слаўны подзвіг павінен святкавацца ўзнёсла і шырока. Напрамую ён не кранае самалюбства і гонар нашых рускіх братоў. Заядае канечна іх, але прымушае маўчаць.

  2. з...лы беларус кажа:

    “Брэ(н)дзіш”, “Ліцвін”, па-поўнай, нават каментаваць – час марнаваць…
    Лепей нагадаю пра 23.02. 1944 … У гэты дзень можна насіць “Пагоню” годна! Бо пакуль “чырвона-звёздна-задыя” драпалі ў 18-м да стольнага граду Піцеру, ў Менску сапраўдныя ліцьвіны-беларусы вымуроўвалі рэальны дэмакратычны падмурак Беларускай дзяржавы.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы