nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“Расея распадецца”

10 сакавіка, 2013 | 2 каментарыя

На днях знакаміты савецка-расейскі дысідэнт Уладзімір Букоўскі, вядомы сваёй бескампраміснасьцю ў пошуках праўды, даў вялікае інтэрвю чэскаму выданьню Česká pozice (гл. тут: www.ceskapozice.cz/zahranici/svetove-udalosti/vladimir-bukovskij-budu-mit-radost-az-eu-pojde-putin-uz-ma-za-par). Мы вырашылі выставіць некаторыя выказваньні пана Букоўскага, датычныя сёньняшняга стану расейскай імперыі й яе магчымага будучага лёсу. Тэкст падаецца ў перакладзе з аднаго з расейскамоўных сецеўных выданьняў.

Рэдакцыя.


 

«… Пасьля Пуціна нічога горш проста быць ня можа [на жаль, можа – пра гэта сьведчыць уся гісторыя. – Рэд.]. Але я таксама ня думаю, што пераможа пратэстны рух. Апазіцыянеры ня будуць наступным кіраўнікамі

Ужо выявіліся тэндэнцыі ў цяперашнім кіраўніцтве – цяперашняй кіруючай эліты. Пуцін стаў для іх небясьпечным. Ён занадта грубы, занадта агрэсіўны. Пуцін вельмі помсьлівы, недалёкі чалавек. І гэта становіцца клопатам для іншых. Я лічу, што адбудзецца палацавы пераварот

Узяць хоць бы яго ваенны напад на Грузію. Ён настроіў супраць сябе ўвесь сьвет. Навошта? Для таго, каб атрымаць дзьве правінцыі, якія зьядаюць даволі шмат грошай і нікому не патрэбныя? Але ж гэта ідыятызм!

Або новы закон супраць усынаўленьня рускіх дзяцей амерыканцамі. Або яго «раман» з Пусі Райот, за што ён атрымаў варожае стаўленьне з боку ўсяго сьвету. Вось і ўсё, што можа Пуцін … Я думаю, што будзе палацавы пераварот. Аднойчы Пуціна выганяць і заменяць на кагосьці іншага.

Я ня ведаю, ці адбудуцца пасьля бягучага прэзідэнцкага тэрміну Пуціна іншыя яго тэрміны аж да 2024 года. Гэта вялікае пытаньне, якое абмяркоўваецца шмат кім у Расеі. Ці атрымаецца Пуціну завяршыць свой тэрмін, ці яго выпхнуць раней. Большасьць назіральнікаў прыходзіць да высновы, што ён не працягне да 2018 г. Пераварот супраць яго будзе раней. Але, калі дакладна, я ня ведаю, я не інсайдар. 

Пра гэта кажуць назіральнікі, якія наўпрост там знаходзяцца. Яны лічаць, што час Пуціна скончыўся. 

Абамаўская перазагрузка была вялікім ідыятызмам. Гэта як вера Чэмберлена ў «сьвет для нашага часу» падчас Мюнхенскага пагадненьня. Гэта ілжывыя надзеі. Рускія не адмаўляюцца ні ад чаго, што б вы ні зрабілі. Рускія не пакінуць Грузію. Вось так. Гэта проста ідыятызм, і ў гэтым увесь Абама. 

Абама менш, чым нуль. Ён – адмоўная велічыня. Яго палітыка ў дачыненьні да Ўсходу зьяўляецца палітыкай адступленьня. Тым ня менш, ён адступае, прыносячы адну ахвяру за адной. Ён спрабаваў дамагчыся збліжэньня, але яму ніколі гэтага не дасягнуць.

Што да газу, то я яшчэ з 1970-х знаёмы зь Сільвіо Берлусконі, які на сёньняшні дзень зьяўляецца адным з найбольш прарускіх палітыкаў у ЕЗ [нядаўна гэты жулік – былы прэм’ер Італіі – атрымаў свой першы турэмны вырак. – Рэд.].

Я памятаю, што я сказаў яму: – «Што вы робіце, вы страцілі розум. Пуцін злыдзень, на яго шыі забойства». А Берлусконі адказаў, што для яго гэта проста зручныя кантракты на прыродны газ, і нічога іншага ён ня хоча… 

На самай справе ён пайшоў значна далей. Яны сталі сябраваць сем’ямі. Пуцін запрасіў яго жонку да сябе ў Сардзінію. І гэта ўжо значна больш, чым проста практычныя патрэбы.

Так, у мінулым годзе я прагназаваў распад Расеі. Гэты распад Расеі на самай справе ідзе. Я, дарэчы, казаў пра гэта яшчэ ў 1993 годзе і па-ранейшаму ў гэтым упэўнены. Але ніколі не казаў, калі менавіта гэты распад адбудзецца, таму што нельга прадказаць канкрэтную дату. Але ў цэлым працэс ідзе. Рана ці позна Расея распадзецца і далей.

Так, Навальны казаў аб аддзяленьні Каўказу. Цалкам відавочна, што Паўночны Каўказ і Расея ніколі не прымірацца – было праліта занадта шмат крыві. Але я кажу зусім пра іншае, аб эканамічнай дэзінтэграцыі. Далейшая фрагментацыя Расеі адбудзецца на нацыянальнай глебе, але па эканамічных прычынах.

Далёкі Усход, Усходняя Сібір, Урал, Поўдзень, Поўнач – яны і Масква маюць зусім розныя эканамічныя інтарэсы. Рана ці позна Расея распадзецца. Цяжка сказаць, ці будзе гэта поўным крахам. Яны могуць дамовіцца аб шырокай аўтаноміі. Але немагчыма прагназаваць дакладную канфігурацыю. 

Што тычыцца Лондана, дзе алігарх і былы афіцэр КДБ Аляксандр Лебедзеў купіў некалькі гадоў таму вядомую брытанскую газету The Independent, то я ніколі зь ім не сустракаўся. Але Пуцін неяк справядліва сказаў, што афіцэр КДБ заўсёды зьяўляецца афіцэрам КДБ.

Я думаю, што нічога не зьмянілася і што ён па-ранейшаму на іх працуе. Яго газета часам выкарыстоўваецца ў прапагандысцкіх мэтах. Я сапраўды ведаю, што The Independent – рупар Крамля. Людзі супраць яе некалькі разоў пратэставалі. Напрыклад, калі пайшлі ўхвальныя артыкулы пра губернатара Пецярбурга, які, як вядома, цалкам зкарумпаваны…»

(канец цытаваньня інтэрвю)

 

2 каментарыя

  1. Litvarus кажа:

    Вось яшчэ адзін маскалёк з убогім мышленнем – “фрагментацыя будзе адбывацца на нацыянальнай глебе, але па эканамічных прычынах”. Можа Рэдакцыя зрабіла неахайный пераклад? Хацелася б пачуць ад яе як гэта можа быць. Ці “глеба” не ёсць “прычынай”.

  2. Siarhiej кажа:

    Відавочна, што Пуцін ідыёт. Але жыць пры ідыятызме можна доўга і часам някепска. Расейцы да гэтага прызвычаіліся. Расея ў такім стане вельмі слабая, патрэбны невялікі ВОНКАВЫ штуршок каб яна развалілася. Але хто зацікаўлены ў развале і пры гэтым мае магчымасьці штурхнуць? Здаецца толькі Кітай.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы