nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ ЭЎРОПЫ (частка 2)

21 сакавіка, 2013 | Каментары (1)

І. Агульная сацыялёгія

Паколькі ў пачатку ХХІ ст. адсутнічае агульнапрынятая сыстэма сацыялягічных катэгорый (тэрмінаў і паняцьцяў) адаптаваная для навукі аб цывілізацыях, то ўводзім уласную сыстэму.

Выснова аб адсутнасьці агульнапрынятай сыстэмы катэгорый вынікае з аналізу даступнай мне літаратуры па сацыялёгіі выдадзенай як у Эўропе, так і ў Эўразіі. Ніжэй прыведзеная сыстэма базавых агульнасацыялягічных катэгорый максімальна адаптавана да навукі аб цывілізацыях.

Чалавек разумны краманьёнскі — біялягічны від з атрада прыматаў, царства жывёл – індывід. Індывіды ў працэсе сацыяльных адносін міжсобку маюць ўласьцівасьць тварыць соцыюмы.

Соцыюмы – устойлівыя групы індывідаў. Сукупнасьць соцыюмаў у геаграфічнай абалонцы Зямлі – сацыясфэра. У цывілізацыі Эўропы і надцывілізацыі Захад (уключае дзьве камплемэнтарныя цывілізацыі – Эўропы і Паўночнай Амэрыкі) соцыюмы называюцца  суполкамі і супольнасьцямі. Арганізуюцца самімі індывідамі ад ініцыятыў зьнізу.

Сацыягенэз – сукупнасьць эвалюцыйных працэсаў і, пэрыядамі, рэвалюцыйных у сацыясфэры Зямлі. Узьнік па пэўным этапе антрапагенэзу.

Суполка – устойлівая група індывідаў, якая арганізуецца з мэтай выкананьня пэўных задач на кароткі прамежак часу і ўключае невялікую колькасьць індывідаў.

Супольнасьць – устойлівая група індывідаў якая зарганізавана з розных суполак, існуе вялікі прамежак часу і ўключае вялікую колькасьць індывідаў. Выконвае шмат задач і мэтаў. Адрозьніваюць цывілізацыйныя, нацыянальныя, культурніцкія, грамадзянскія і іншыя супольнасьці.

Соцыюмы падзяляюцца на цывілізацыі, нацыі і культуры, г зн., адпаведна, найвялікшыя таксоны α, β, і γ парадку.

У арыентальных (усходніх) надцывілізацыях (мусульманскай, Індыі, усходнеазіяцкай, будысцкай, што складаюць клясычны арыент) соцыюмы называюцца грамадамі і арганізоўваюцца як правіла зьверху.

У цывілізацыі Эўразіі (Расеі) што прымыкае да клясычнага арыенту соцыюм называецца грамадзтвам і блізкі па арганізацыі да Арыенту.

Жыцьцё індывіда падзяляецца на сямейнае, працоўнае і публічнае.

У цывілізацыі Эўропы і на Захадзе гэтыя жыцьці адрозьніваюць і не зьешваюць. Асоба – індывід у Эўропе і на Захадзе можа быць выбітным сем’янінам і дрэнным працаўніком, або наадварот і г. д.

Ва ўсходнеазіяцкай цывілізацыі публічнае, г. зн. грамадзкае жыцьцё дамінуе, а сямейнае жыцьцё і працоўнае – частка грамадзкага жыцьця. Грамадзкае жыцьцё – найперш жыцьцё ў родзе. Аналагічна – у цывілізацыі Эўразіі, толькі там адсутнічае родавая дамінацыя грамадзкага жыцьця. У іслямскай цывілізацыі дамінуе сямейнае жыцьцё, а працоўнае жыцьцё і жыцьцё ў грамадзе – частка сямейнага жыцьця.

Камунізм выбітна прыжыўся ва ўсходнеазіяцкай цывілізацыі і ня меў шансаў у іслямскай. У Эўразіі (Расеі) набыў форму ленінізму-сталінізму.

Цывілізацыі бываюць:

Пэрсаналістычныя. Індывід трактуецца як пэрсона. Падзяляюцца на:

а) звышіндывідуалістычную (пратэстанцкая надцывілізацыя цывілізацыі Эўропы, большая частка цывілізацыі Паўночнай Амэрыкі),

б) індывідуалістычную (каталіцкая надцывілізацыя цывілізацыі Эўропы),

в) пераважна індывідуалістычную (праваслаўная надцывілізацыя цывілізацыі Эўропы).

Грамаднасныя. Індывід трактуецца як частка грамады з прыматам грамадзкіх мэтаў і задач.

а) пераважна грамаднасная (цывілізацыя Эўразіі),

б) грамаднасная (усходнеазіяцкая цывілізацыя).

Недахоп канкрэтных ведаў не дазваляе вызначыць іншыя цывілізацыі на прадмет персаналістычнасьці – грамаднасьці, але комплексныя дасьледаваньні цывілізацый па мэтодыках якія карэлююцца створанымі навуковымі цэнтрамі дасьледаваньняў цывілізацый – справа будучыні.

Прапанаваная вышэй сыстэма катэгорый (тэрмінаў і паняцьцяў) як і кожная іншая – не ідэальная. Яе можна крытыкаваць, але яна зьяўляецца нашымі падставовымі каардынатамі. Мудрыя навукоўцы не артадаксальна ставяцца да катэгарыяльных апаратаў, ведаючы што нашы веды аб соцыюмах паглыбляюцца. Адсюль – катэгорыі ўдасканальваюцца.

У літаратуры ўсё вышэйпералічанае блытаецца. Эўрапейскія соцыюмы называюцца супольнасьцямі, а эўразійскія ды клясычныя арыентальныя – грамадзтвамі. Але ж яшчэ клясык польскае навукі аб цывілізацыях Фэлікс Канэчны ставіўся да катэгорый не як да нечага нязьменнага.

Энцыкляпэдыі (беларуская, польская, брытанская, летувіская, славацкая, украінская, расейская) пішуць аб лацінскім генэзісе слова цывілізацыя (civis – грамадзянскі, дзяржаўны). Потым слова “цывілізацыя” перайшло ў французскую мову і ўжыванае ў Францыі і Шатляндыі. У Рэчы Паспалітай тэрмін цывілізацыя ўвайшоў ва ўжытак толькі перад яе трэцім падзелам.

Немцы выкарыстоўвалі тэрмін “культура” як сынанімічны “цывілізацыі”. Культура (слова мае лацінскі генэзіс “cultura” – значыць апрацоўка, выхаваньне, адукацыя, шанаваньне).

Сёньняшняе сэнсавае напаўненьне тэрмінаў “цывілізацыя” і “культура” ня мае нічога агульнага зь іх першасным значэньнем, толькі ў археалёгіі – культура – сапраўды апрацоўка.

Па аналёгіі сучаснае сэнсавае напаўненьне тэрміну “клетка” у цыталёгіі-біялёгіі ня мае нічога агульнага з клеткай. Структурную і функцыянальную адзінку біёты можна назваць інакш. Толькі як?

Сапраўды, Робэрт Гук у XVII ст. убачыў у сканструяваны ім мікраскоп тонкі зрэз кары пробкавага дрэва, таму назіраў пробку, г. зн. частку кары, якая складаецца зь мёртвых адзінак-клетак, што ўтварыліся пасьля аўтолізу (самазьнішчэньня) лізасомамі пратаплазмы жывых клетак. Г. зн. бачыў толькі цэлюлозныя абалонкі клетак, унутры якіх былі пустоты — тоўстыя абалонкі празэнхімы без пратаплазмаў, гіялаплазмы, арганэл, элементарных біялягічных мембран і інш. Першасна, тое што назіраў, назваў трапна – клеткай. Далейшае вывучэньне зьявы паказала поўную сэнсавую неактуальнасьць тэрміну. Былі адкрыты пратаплазма, ядро, арганэлы, гіялаплазма, высьветлілася, што тоўстыя абалонкі характэрны далёка не для ўсіх клетак і зьяўляюцца вытворнымі ад дзейнасьці пратаплазмы. Ня гледзячы на гэта традыцыйна-гістарычна “клетка” так і засталася ва ўжытку як у цытолягаў, так і ў іншых біёлягаў.

Калі “цывілізацыя” – пайшла з рамана-лацінскай цывілізацыі, “культура” стала ўжывацца ў германа-лацінскай цывілізацыі, то ў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропе ўвайшло ва ўжытак найбольш трапнае слова дзеля абазначэньня эўрапейскіх соцыюмаў – супольнасьць, супольнасьці.

Таму, спынемся на супольнасьці. Тым больш, што гэта слоўца ёсьць у мовах этнасаў-нацый Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы. Па-украінску – “суспільство”. Па-польску – “społeczność” і г. д.

Цікава, што асноўнымі тэрмінамі былога савецкага і расейскага грамадазнаўства зьяўляюцца тэрміны “дзяржава” і “грамадзтва” што адлюстроўвае сутнасьць максымальна арыенталізаванай цывілізацыі Эўразіі. У рэчаіснасьці савецкае і расейскае “грамадзтва” падпарадкавана “дзяржаве”, або нават частка дзяржавы. Слова-тэрмін “дзяржава” ў расейскай мове (“государство”) мае яскрава выражаны манархічны генэзіс і на падсьвядомасьці ў расейца і зрасейшчанага ( саманазвы “русский” і “русскоязычный”) асацыюецца з манархам і манархіяй (“государь”).

Фэлікс Канэчны пісаў аб такой зьяве, што ў лацінскай цывілізацыі асоба толькі часам успамінае што жыве ў дзержаве, а ў туранскай – штодня. У Эўразіі як і ў клясычным Арыенце дзяржава рэпрэзэнтаваная бюракратычным апаратам чынавенства пануе над іхнім грамадзтвам. Лягічна тое можна выразіць так: манарх, або прэзыдэнт (“государь”) – дзяржава (“государство”) – грамадзтва (“общество”). Арыентальныя (усходнія) соцыюмы-цывілізацыі будуецца зьверху ўніз. Аналягічна – арыенталізаваная Эўразія (Расея).

Цывілізацыі Эўропы і Паўночнай Амэрыкі (надцывілізацыя Захад) – зьнізу ўверх — ад асобы і супольнасьцяў, празь мясцовыя інстытуты супольнасьцяў (самакіраваньні рэгіёнаў), да інстытутаў цэнтральнай улады і кіраваньня.

Аб’ектам вывучэньня навукі аб цывілізацыях зьяўляеццы соцыюм-цывілізацыя. Прадметам вывучэньня – соцыюм у сацыясфэры Зямлі.

Паколькі цывілізацыялёгія – навука інтэрдысцыплінарная, то яна апіраецца на:

1. Геаграфію – як апісаньне геаграфічнай абалонкі Зямлі.

2. Гісторыяграфію – апісаньне соцыюмаў і іх інстытутаў, адносін паміж соцыюмамі і іхнымі інстытутамі.

3. Рэлігіязнаўства як аб’ектыўнае апісаньне рэлігій, веравызнаньняў іх падабенатва і адрозьненьняў.

4. Этнаграфію і этналёгію як апісаньне этнасаў і тэорыі этнасаў.

5. Паліталёгію, палітычную гісторыю і палітычную геаграфію як навукі аб мастацтве палітыкі і палітычнай часапрасторы.

6. Макраэканоміку, эканамічную гісторыю і эканамічную геаграфію як навукі аб эканоміцы і гаспадарцы.

7. Этыку – як навуку аб этычных сыстэмах, іх падабенстве і адрозьненьнях.

8. Эстэтыку – як навуку аб прыгажосьці і брыдоце.

9. Права.

10. Псыхалёгію як навуку аб псыхіцы.

Вядома, што польскімі навукоўцамі распрацавана кібэрнэтыка цывілізацый.

Міталёгія і філясофія, асабліва філясофскія ўяўленьні – падстава для вывучэньня цывілізацый.

 

 

ІІ. Цывілізацыялёгія

1. Праблемы ў ведах аб цывілізацыях

За больш чым чатыры гады сістэмнай працы над навукай аб цывілізацыях, знаёмства зь дзесяткамі прац клясыкаў сусьветнай навукі аб цывілізацыях высьветлілася, што адсутнічаюць:

  1. Дакладнае вызначэньне (дэфініцыя) цывілізацый. Амэрыканскія дасьледчыкі пасьля Другой сусьветнай вайны дэфініцый і акрэсьленьняў “цывілізацыя” налічылі дзесяткі. Сёньня калі папрацаваць з рознымі выданьнямі іх можна знайсьці соткі. Зьмест многіх зь іх недакладны, супярэчлівы. Сутнасьць адных дэфініцый супярэчыць іншым
  2.  Адзінае ўяўленьне аб іх колькасьці (ад 8 па O. Spengleris да 36 па A. Toybee са зьменамі ва ўяўленьнях у розныя часы).
  3. Дакладныя чыньнікі (фактары) вызначэньня цывілізацый.
  4.  Паняцьце аб герархіі цывілізацый і іх вертыкальная структура.
  5.  Паняцьце аб прасторавай і часапрасторавай арганізіцыі цывілізацый і іх гарызантальная структура.
  6.  Неадназначныя ўяўленьні аб цывілізацыйных працэсах і стадыях разьвіцьця цывілізацый.
  7.  Адсутнічае сістэматыка і наменклатура цывілізацый.

      У дасьледчыкаў пануе поўны суб’ектывізм ва ўяўленьнях аб цывілізацыях. Дадзеная праца – спроба скласьці новую навуку – навуку аб цывілізацыях, якую можна назваць цывілізацыялёгіяй.

 

2. Вызначэньне цывілізацый

Даю ўласную геаграфічную дэфініцыю цывілізацыі.

Цывілізацыя – соцыюм ў часапрасторы,  што мае агульныя рэлігійнасьць, этнічнасьць, інстытуты, (гаспадарку), этыку, эстэтыку,тыпы пазнаньня Сусьвету, права, ідэалёгію, нарэшце цывілізацыйную ідэнтыфікацыю (што часам выражаны ў агульным цывілізацыёніме). Цывілізацыя – частка сацыясфэры Зямлі. Цывілізацыя – таксон сацыясфэры плянэты. Псыхіка кожнага індывіда ў працэсе антагенэза прыстасоўваецца (або адаптуецца) да пэўных чыньнікаў пэўнай цывілізацыі. У момант х нельга быць цывілізаваным на два спосабы (Фэлікс Канэчны). Аднак, цывілізацыі зьмяняюцца (трансфармуюцца) у часапрасторы.

 

 

ІІІ. Клясыкі навукі аб цывілізацыях

1. Агульнае

Аўтар ня ставіў мэтай падрабязны аналіз як мага большай колькасьці прац большай колькасьці аўтараў, бо тое паводле аб’ёму праца на некалькі сотак старонак. Разглядаюцца толькі найвядомейшыя аўтары і тыя аўтары працы якіх не вядомы беларусам.

Прызнаныя ў сьвеце працы аб цывілізацыях напісалі А. Фэргусан, А. Сьміт, П. Бэґбі, Ф. Брадэль, Дж. Гальтунґ. Навуковая спадчына Арнольда Тойбі – адна з найгрунтоўнейшых паводле колькасьці і якасьці, таму прызнаная клясычнай. Беларускія навукоўцы ведаюць працы вышэйназваных аўтараў, таму падрабязна аналізаваць іх ня варта, але ёсьць сэнс спыніцца на некаторых рэчах коратка.

Амэрыканскі дасьледчык Генры Льюіс Морган (на падставе ўласных досьледаў і вынікаў досьледаў іншых аўтараў) паводле тэхналягічнай дэтэрмінанты падзяліў соцыюмы на тры пэрыяды разьвіцьця: дзікунства, варварства і цывілізацыі. Такі падзел некарэктны, бо да ўзьнікньня вытворчай гаспадаркі соцыюмы былі таксама цывілізаваны, г.зн. у розных частках плянэты мелі розныя спосабы агульнага жыцьця.

Расеец Мікалай Данілеўскі ў працы “Расея і Эўропа”, між іншым, выдзеліў 10 цывілізацый (ці культурна-гістарычных тыпаў): егіпецкую, кітайскую, асірыйска-вавілёнска-фінікійскую (халдэйскую ці старажытнафінікійскую), індыйскую, іранскую, жыдоўскую, грэцкую, рымскую, нова-сэмітычную ці аравійскую арабскую, германска-раманскую (эўрапейскую).

Праца “Расея і Эўропа” паводле жанру хутчэй сумесь філясофіі, публіцыстыкі, ідэалёгіі (славянафільства) і навукі. З пункту гледжаньня сучаснай навукі не вытрымлівае элементарнай крытыкі, але ўтрымлівае каштоўны пласт тагачасных ведаў – ведаў ХІХ ст. Тым і каштоўная.

Памылковыя ўяўленьні Мікалая Данаілеўскага аб агульным для ўсіх славян культурна-гістарычным тыпе (быў яскравым прадстаўніком славянафільства). Як мы пакажам пазьней, славяны ў Эўропе жывуць аж у шасьці лякальных цывілізацыях і нічога ня маюць агульнага, акрамя таго што размаўляюць славамі (лінгвістычнае падабенства). Нават расава, балканскія славяны – паўднёвыя эўрапеоіды, а сярод беларусаў – шмат паўночных эўрапеоідаў. Частка славян – славянізаваныя цюркі (баўгары), фіна-вугры (расейцы), балты (беларусы) і г. д.

Ня мень цікавыя законы руху і разьвіцьця культурна-гістарычных тыпаў сфармуляваныя Мікалаем Данілеўскім.

1. Зь першага закону вынікае што кожнае племя і сям’я народаў з агульнай мовай ці групай моў здольныя да гістарычнага разьвіцьця складае асобны культурна-гістарычны тып.

Але ж у цывілізацыю Эўропы ўваходзяць уральскія нацыі: фіны, эстонцы і вугорцы (мадзьяры), што не размаўляюць на індаеўрапейскіх мовах. Наадварот, цюркскія этнасы што прынялі іслям уваходзяць у мусульманскую цывілізацыю за выключэньнем гагаузаў-праваслаўных Малдовы, што аб’ектыўна зьяўляюцца часткаю цывілізацыі Эўропы. Той жа эўрапейскі культурна-гістарычны тып паводле М. Данілеўскага складаецца з нацый як раманскай, так і германскай груп індаэўрапейцаў. Вядома, што германскія і раманскія мовы не падобны, акрамя таго што ў раманскіх (больш) і германскіх мовах (меньш) ёсьць перанятыя ад клясычнай латыні пласты лексыкі.

2. З другога закону вынікае, што каб цывілізацыя якая рэпрэзэнтуе культурна-гістарычны тып магла нарадзіцца і разьвівацца патрэбна каб народы што належаць да яе карысталіся палітычнай незалежнасьцю.

Не абавязкова. Заходнія славяны пэўны час ня мелі палітычнай незалежнасьці. Палякі былі падзелены паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расеяй, а чэхі й славакі ўваходзілі ў склад Аўстра-Вугорскае імпэрыі, але яны захавалі ўласную цывілізацыйнасьць. Тое ж самае з кельтамі-ірляндыйцамі што былі заваяваны ангельцамі, з уэльсцамі, з брэтонцамі Францыі. Гэлы, уэльсцы і брэтонцы ня маюць незалежных дзяржаў, але прынамсі частка зь іх (асабліва гуманітарныя эліты) наштодня сьвядомыя сваёй іншай (кельцкай) цывілізацыйнасьці. Аналягічна з баскамі і г. д. Тыбет колькі год ня мае палітычнай незалежнасьці (зьяўляецца аўтаноміяй у складзе Кітаю). Ня гледзячы на гэта, прынамсі тыбецкія эліты на эміграцыі на чале з Далай Ламам выбітна індыфікуюць сябе з тыбецкай галіной будыстычнай цывілізацыі, адрознай ад усходнеазіяцкай цывілізацыі — часткай якой зьяўляюцца кітайцы і г. д.

3. Трэці закон нам кажа аб тым, што пачаткі цывілізацыі аднаго культурна-гістарычнага тыпу не перадаюцца народам іншага тыпу. Пытаньне дыскусійнае…

4. “Цывілізацыя, што уласьціва кожнаму культурна-гістарычнаму тыпу, тады толькі дасягае паўнаты, рознасьці і багацьця калі розныя этнаграфічныя элемэнты яго складаючыя”. Розныя этнаграфічныя элемэнты як у велізарнай хрысьціянскай цывілізацыі, так і ў невялікай колькасьці паўночных альбанцаў-каталікоў, паўднёвых альбанцаў-праваслаўных, што аб’ектыўна іншыя ад большасьці альбанцаў-мусульман. Розныя этнаграфічныя элемэнты можна знайсьці пры глыбокім этнаграфічным вывучэньні дзьвюх суседніх вёсак, суседніх мясцовасьцяў.

Далей чытаем: “—калі яны, ня будучы паглыненымі адным палітычным целам, карыстаючыся незалежнасьцю, складаюць фэдэрацыю ці палітычную сыстэму дзяржаў”. Кітайскае адгалінаваньне ўсходнеазіяцкай дзяржавы палітычна знаходзіцца ў межах адзінага кантынэнтальнага Кітаю, які мае камбінаваны тэрытарыяльны падзел (з аўтаноміямі), але толькі не фэдэратыўны. Выключэньне – Тайвань. Хто можа засумнявацца ў паўнаце, рознасьці й багацьці кітайскага адгалінаваньня ўсходнеазіяцкай цывілізацыі?

5. Параўнаньне ходу разьвіцьця культурна-гістарычных тыпаў з шматгадовымі аднаплоднымі расьлінамі з працяглым пэрыядам росту і кароткім пэрыядам вырастаньня пладоў – ненавуковае. Аўтар не спасылаецца на вынікі канкрэтных дасьледаваньняў (уласных, або іншых навукоўцаў).

Нямецкі філёсаф Освальд Шпэнглер у сваё кнізе “Зьмярканьне Эўропы” прадказваў пагібель цывілізацыі Эўропы. Пісаў аб тым, што стадыі разьвіцьця кожнай цывілізацыі наступныя: нараджэньне, дзяцінства, маладосьць, сталасьць, старасьць, зьмярканьне. Першыя тры стадыі – узыходжаньне, чацьвертая – вяршыня, дзьве апошнія – зыход. На ўзыходжаньні соцыюм зьяўляецца культурай, а на зыходзе – цывілізацыяй. На зыходзе ўтвараюцца вялікія імпэрыі. На ўзыходжаньні энэргія культурнага чалавека накіравана ўнутр, а на зыходзе цывілізаванага – навонку. У нямецкай сацыялёгіі з часоў О. Шпэнглера назіралася супрацьпастаўленьне “культуры” і “цывілізацыі”.

Ангелец Арнольд Тойнбі прачытаўшы канцэпцыю О. Шпэнглера ўвогуле згадзіўся зь ёй. Уласнае жыцьцё прысьвяціў дасьледваньню цывілізацый.

Падрабязна вывучаўшы гісторыю старажытнай Грэцыі быў уражаны, як гісторыя Элады ў пэрыяд да яе ўпадку падобна на гісторыю Эўропы ў пачатку ХХ ст. Стаў займацца карэляцыямі. Справай жыцьця стала напісаньне 12 тамоў “Дасьледваньняў гісторыі” (такі пераклад на беларускую мову “Study of History” лічу больш трапным).

Выдзяляў 5 стадый разьвіцьця цывілізацый: узьнікненьне, рост, стабілізацыю, раскладаньне, пагібель. Выдзеліў (на падставе дасьледваньняў тагачаснай навукі) 21 цывілізацыю што йснавалі на працягу гісторыі.

Уяўленьні А. Тойнбі аб колькасьці цывілізацый зьмяняліся, што гаворыць аб адсутнасьці ў яго сыстэмы канкрэтных чыньнікаў выдзяленьня цывілізацый. Дасьледчык лічыў, што да пачактку ХХ ст. захаваліся з 21 цывілізацыі толькі 8: заходняя (магчыма аналяг лацінскай у межах цывілізацыі Эўропы, або нешта іншае?..), візантыйска-артадаксальная (можа аналяг усходнехрысьціянскай у межах цывілізацыі Эўропы?..), руска-артадаксальная (хутчэй аналяг Эўразіі-Расеі?), арабская (хіба што карэлюецца з мусульманскай?..), індыйская, далёкаўсходняя (ці можа параўнуецца з усходнеазіяцкай?), а далей кітайская і япона-карэйская (што гэта такое? кітайская ў межах ўсходнеазіяцкай, а як могуць аднолькава быць цывілізаваны японцы й карэйцы? Дзіўна!..). Руская цывілізацыя (паводле А. Тойнбі) – спадарожніца двух цывілізацый: праваслаўна-візантыйскай (ад хрысьціянізацыі да рэформ Пятра І і заходняй – ад Пятра Аляксеевіча Раманава да часу А. Тойнбі). Вядома што Пётр І вэстэрнізаваў (або эўрапеідызаваў) Эўразію-Расею, аднак паверхнева й непасьлядоўна. Эўразійцы пераапранутыя ў эўрапейскія апранахі засталіся эўразійцамі цывілізацыйна.  

Нарэшце, ў 12 томе досьледаў цывілізацый (1961 г.) А. Тойнбі вядзе гаворку толькі аб 13 цывілізацыях.

Амэрыканскі палітоляг Самуэль. П. Ґантынґтан – аўтар бадай самай вядомай працы “Сутыкненьне цывілізацый”, што была перакладзена на шмат моў і вытрымала колькі перавыданьняў, але можа быць надзвычай лёгка крытыкаваная.

Напрыклад, С. Ганктынгтан ня быў адмысловым (прафэсійным) географам, але шкада што ён не пракансультаваўся з амэрыканскімі географамі, таму пералік цывілізацый і абшары паасобных цывілізацый ў яго выдзелены не дасканала. Напрыклад, увесь былы Савецкі Саюз уключаны ў абшар праваслаўнай цывілізацыі. А як быць з мусульманамі Сярэдняй Азіі, Паволжжа і Каўказу, з будыстамі Калмыкіі і Бураціі, з каталікамі Летувы, Латгаліі і паўночнага-захаду Беларусі, з пратэстантамі Латвіі ды Эстоніі, з вуніятамі захаду Ўкраіны (найперш Галіцыі)?  Ня бачыў С. Гантынгтан адзіных хрысьціянскай і ўсходнеазіяцкай  цывілізацый. Ды й цывілізацыйны дэтэрмінізм ў паліталёгіі яму можна прыпісаць.

Заслуга С. Гангтынгтана ў тым, што ён бадай адным зь першых пасьля краху Бэрлінскага муру актуалізаваў праблему канфлікту цывілізацый.

Адным з нямногіх дасьледчыкаў, які пісаў аб геаграфічным вымярэньні разважаньняў над узьнікненьнем, разьвіцьцём і ўпадкам цывілізацый, быў французскі навукоўца Ф. Брадэль (1971), канцэпцыі якога ўзьніклі ў сталым кантакце зь геаграфічнымі навукамі. Ён карыстаўся спадчынай французскай геаграфічнай школы, створанай Відаль дэ ля Бляшам, таму ўлічваў ролю прыроднага асяроддзя, якое лічыў адным з важнейшых чыньнікаў пры тварэньні культур і цывілізацый. У гістарычным эсэ … Ф. Брадэль падкрэсьліваў, што дасьледваньні, якія датычаць цывілізацыі павінны мець інтэрдысцыплінарны характар і абымаць сукупнасьць палітычнага, рэлігійнага, этнаграфічнага і гаспадарчага жыцьця (П. Эбэрхардт, 2004).

Польскі гісторыязоф Фэлікс Канэчны ў першай палове ХХ ст. выдзеліў лацінскую цывілізацыю (лічыў самай дасканалай), візантыйскую /бізантыйскую і яе адгалінаваньне – туранскую. Вядома, што Візантыйская цывілізацыя — мёртвая, г. зн. зьнікла пасьля захопу Візантыі туркамі-асманамі, а туранская стала важнейшай цаглінкай ў цывілізацыягенэзе новай цывілізацыі – эўразійскай (расейскай). Іншыя цаглінкі – Візантыйская цывілізацыя, клясычная цывіліцацыя Русі IX—XIII стст. (частка цывілізацыі Эўропы). Ён сфармуляваў комплексную канцэпцыю аб чалавечых цывілізацыях. Яго гісторыязофскія погляды не клясычна-эўропацэнтрычныя, а лацінацывілізацыйнацэнтрычныя. Працы Ф. Канэчнага вядомы ў Польшчы, крытыкаваны, таму чакаюць свайго беларускага перакладчыка й чытача.

У наш час у Польшчы аб цывілізацыях пісалі Анджэй Пісказуб – прафэсар геаграфіі і гісторыі з Гданьску, прафэсары з Інстытуту геаграфіі Польскай Акадэміі Навук П. Эбэрхардт, Е. Баньскі, доктар навук ІГ ПАН М. Кавальскі.

Навуковая спадчына савецкага прафэсара геаграфіі і гісторыі Льва Гумілёва зь Ленінграду цікавая тым, што ён навукова абгрунтаваў цывілізацыйную эўразійскасьць Расеі, крытычна ставячыся да эўропацэнтрызму. Цікава, што доўгі час працы Гумілёва шырока не публікаваліся, бо хутчэй не адпавядалі афіцыйнай камуністычнай ідэалёгіі. Дасьледчык этнасаў знакаміта ведаў найперш этнічную гісторыю эўразійскіх абшараў Расеі. Цікава, што за апошняе яго цярпелі на Ленінградзкім унівэрсытэце.

Нам, беларусам, варта ведаць і ганарыцца, што аж ў 1921 годзе беларускі філёзаф, асьветнік, паэт і публіцыст (вёў вучнёўскі гурток па геаграфіі ў Віленкай беларускай гімназіі) Ігнат Канчэўскі (1896-1923) напісаў вядомую працу “Адвечным шляхам”, дзе спрабаваў вызначыць месца Беларусі паміж Усходам і Захадам, г. зн. паміж лацінскай і эўразійскай цывілізацыямі. Наш суродзіч ня змог убачыць асобную эўрапейскую праваслаўную цывілізацыю, бо ў той час найперш у палітычнай часапрасторы не існавала пасу эўрапейскіх праваслаўных дзяржаў, а яго веды аб веравызнаўчай і этнічнай стракатасьці, ды гісторыі й геаграфіі Балкан, Румыніі і захаду тагачаснай Расейскай імпэрыі былі недастатковымі дзеля вялікага часапрасторавага сінтэзу.

Аб цывілізацыйнай падзеленасьці беларускага этнасу на эўрапейскую праваслаўную большасьць і лацінскую (каталіцкую) меньшасьць і сувязь цывілізацыйнай дыфэрэнцыяцыі беларусаў з геапалітычнымі арыентацыямі адпаведна на ўсход і захад пісалі многія беларускія адраджэнцы. Вядомы працы Льва Гарошкі, Казіміра Сваяка, Уладзіслва Талочкі, Вацлава Іваноўскага. Леў Акіншэвіч адну з сваіх прац назваў “Пра “цывілізацыйныя асновы” беларускага гістарычнага працэсу”.

Асноўны напрамак у разьвіцьці ўяўленьняў і ведаў аб цывілізацыях – ад філясофіі (гістарыясофіі і геасофіі) праз сумесь філясофіі з навукай – да навукі аб цывілізацыях.

 

2. Фэлікс Канэчны й яго навука аб цывілізацыях

Фэлікс Канэчны – выбітны польскі навуковец, прафэсар, знаўца філясофіі гісторыі і права. Яго навуковая творчасьць варта разгляду і вывучэньня беларускай грамадзкасьцю.

Бацькавы продкі Ф. Канэчнага (01. 12.1862 – 10. 02. 1949) паходзілі з мараўскага места Hranіca, перанесліся ў Кракаў. Бацька, ажаніўшыся з полькаю, — спалянізаваўся. Ф. Канэчны скончыў Ягелёнскі ўнівэрсытэт, доктарскую дысэртацыю абараніў у 1888 г. У 1890 г. быў удзельнікам архіўнай экспэдыцыі ў Ватыкане. У 1897-1920 гг. працуе ў Ягелёнскай бібліятэцы. Абараніў габілітацыю ў Ягелёнскім унівэрсытэце ў 1920 г.

Яшчэ восеньню 1919 г. едзе ў Вільню, дзе ў чэрвені 1920 г. застаецца надзвычайным прафэсарам у Віленскім унівэрсытэце. У кастрычніку 1929 г. зыходзіць на заслужаны адпачынак. Паводле Арнольда Тойнбі, прафэсара прымусава пазбавілі катэдры і прымусілі зыйсьці на пэнсію за абарону грамадзянскіх свабод. Зь Вільні вяртаецца ў родны Кракаў, дзе ў сталым узросьце перажывае Другую сусьветную вайну ў якой гінуць яго два сыны. Цудам пазьбягае пакараньня як з боку фашыстаў, так і камуністаў.

У працы «Аб ладзе ў гісторыі» Ф. Канэчны ва усёй гісторыі чалавецтва адрозьніў 22 цывілізацыі: старажытныя кітайскую, егіпецкую, брамінскую (Індыі), жыдоўскую, бабілёнскую,  іранскую, сірыйскую, тыбецкую, пуніцкую, шумерскую,  эгейскую, нумідыйскую, туранскую (штосьці накштаўт эўразійскай?),  спратанскую, аттыцкую, эліністычную, рымскую, інкаў і ацтэкаў; сярэднявечныя: візантыйскую, лацінскую, арабскую.  З старажытнасьці засталіся кітайская, індыйская, жыдоўская, тыбецкая і туранская цывілізацыі, а зь сярэднявечча бізантыйская, лацінская і арабская.

Толькі дзьве цывілізацыі мысьляр лічыў сакральнымі: жыдоўскую і брамінскую. Зь несакральных цывілізацый толькі лацінская грунтуецца на прымаце духоўных сілаў. У бізантыйскай цывілізацыі прымат належыць фізычным сілам, што грунтуюцца на публічным жыцьці паводле публічнага права. Туранская, арабская і кітайская цывілізацыі грунтуюцца таксама на прымаце фізычных сіл, аднак паводле прыватнага права. Туранцы арганізаваны паводле вайсковага ўзору, а арабы і кітайцы – паводле сацыяльнага, толькі арабская цывілізацыя – полігамная, а кітайская – семіполігамная.

Візантыйская і лацінская цывілізацыі паходзяць з рымскай, таму маюць шмат агульнага: эмансіпацыя сям’і, яе монагамнасьць, прыватная ўласнасьць, наяўнасьць супольнасьцяў. Аднак цэзарапапізм прывёў да зарыентаванасьці і сфармалізаванасьці хрысьціянства, бюракратызму і этатызму, абмежаванасьці грамадзянскіх правоў і свабод асобаў. Жыцьцё агорнута публічным правам фармалізаваным дзяржавай.

Туранская цывілізацыя, паводле Ф. Канэчнага, — адлом візантыйскай. Характэрны монагамная сям’я, культ правадыра, харызма якога робіцца адзіным суб’ектам права, уладаром дзяржавы і падданых. Элімінуе этыку з публічнае сфэры да прыватнае. Не характэрна дамінацыя прыватнай ўласнасьці на сродкі вытворчасьці.

Асаблівую цікавасьць уяўляе канцэпцыя трох праваў: сямейнага, уласнасьці і спадчыннага. Камбінацыя тыпаў уласнасьці і монагаміі, полігаміі і поліандрыі дае розныя вынікі. У лацінскай цывілізацыі тры правы аддзелены і разам з пажыцьцёвай монагаміяй стымулююць гарманічнае разьвіцьцё асобы.

Цывілізацыі дыфэрэнцуюцца паводле наступных сфэр:

1. Матэрыяльнага быту, які ўлучае:

а) здароўе (погляды і практыкі ў дачыненьні да чалавечага цела);

б) дабрабыт (стан матэрыяльнага разьвіцьця).

2. Зьмест цудоўнага ва ўяўленьнях рэпрэзэнтантаў цывілізацый – мост паміж духоўным і матэрыяльным.

3. Духоўнага быту, які ўлучае:

а) дабро (маральнасьць, этыку);

б) праўду (навуку, асьвету).

Матэрыяльны быт больш паддаецца працэсам глябалізацыі, а дабро (маральнасьць, этыка) для кожнай цывілізацыі спэцыфічна.

Паводле Ф. Канэчнага чатыры чыньнікі грунтуюць цывілізацыйныя розьніцы насельніцтва:

1. Адносіны чалавека да часу, мера часу, лічэньне часу, апанаваньне часу. Адныя народы ня маюць ніякага паняцьця аб часе, іншыя – дайшлі да вымярэньня часу. Каляндар мелі многія цывілізацыі, але толькі некаторыя вынайшлі паняцьце «эра». Старажытныя эгіпцяны і кітайцы ня маюць эры, індусы ня здольны думаць у катэгорыях часу, а жыды – толькі з рымскіх часоў пачалі лічыць час ад стварэньня сьвету. Цывілізацыя Мая мела дакладную храналягічную сыстэму.

2. Суадносіны публічнага права да прыватнага. Паводле Ф. Канэчнага суадносіны публічнага права да праватнага зьяўляюцца важнай прыкметаю цывілізацый. Пры манізьме прыватнага права публічнае права стаецца толькі родам прыватнага, а пры манізьме публічнага – прыватнае становіцца часткай публічнага. Прававы манізм непазьбежна прыводзіць да няволі і недаразьвіцьця грамадзтваў з дэспатыяй галавы дзяржавы. У Рыме за часы рэспублікі і ў першы пэрыяд цэзарства ўпершыню ў гісторыі чалавецтва разьвіўся ўнікальны прававы дуалізм: прыватнае і публічнае права было падзелена.  Прававы дудуалізм — унікальнае дасягненьне рымскай цывілізацыі. У сярэднявечнай Эўропе, лічыў Ф. Канэчны, каталіцкі касьцёл захаваў прававы дуалізм, у т. л. патрабаваньне да этычнасьці прыватнага й публічнага жыцьця. У лацінскай цывілізацыі прававы дуалізм захаваўся, а ў іншых – не.

3. Крыніцы права. Толькі ў старажытным Рыме права стала крыніцай маральнасьці і ўжывалася ў канкрэтных адзінкавых выпадках. У Рыме права дэсакралізавалася. Рымскае права ўпершыню ў гісторыі зыходзіла ад грамадзтва трансфармаванага ў супольнасьць, а не ад дзяржавы або ўладара. Наадварот на захадзе Азіі разьвілася такая ўсемагутнасьць дзяржавы, якую не змог падарваць нават іслам. Пазьней усход уплываў на захад, г. зн. усходняя этыка ўбудоўвалася ў заходнія інстытуты

4. Наяўнасьць або адсутнасьць нацыянальнай сьвядомасьці. Нацыі – этычная надбудова супольнасьцяў. Можна прымусова належыць да пэўнай дзяржавы, але прымусова да пэўнай нацыі — не. Умовы дзеля паўстаньня нацыянальнае індэнтыфікацыі: эмансыпацыя сям’і і роду, існаваньне публічнага права і пэўны высокі ўзровень агульнай асьветы. У туранскай цывілізацыі, лічыў Ф. Канэчны, этнасы не разьвіліся ў нацыі, а ўяўлялі рэальна палкі́, якія нават называліся паводле назвы камэнданта.

Фэлікс Канэчны быў перакананы, што паміж цывілізацыямі ня можа быць сынтэсу, бо інакш як трактаваць дваяка, траяка дабро і зло, прыгожае і вульгарнае, карысьць і шкоду, суаднасіны грамадзтва і дзяржавы, дзяржавы і царквы? Як можна мець дваякую ці траякую этыку, у адным месцы й часе прымяняць узаемавыключаючыя чатыры пэдагогікі і г. д.? Такая дарога прыводзіць да стану ацывілізацыі.

Няўдалымі ён лічыў спробы Багдана Хмяьніцкага з 1648 г. аказачыць Украіну. Казацкі лад жыцьця забіў рускае народнае пачуцьцё (эўрапейскае славяна-праваслаўнае), казакі зтуранізаваліся (эўразіятызаваліся). Гэта прывяло частку Ўкраіны да ўваходу ў склад Расеі. Берасьцейская царкоўная вунія толькі паглыбілі розьніцу ды варожасьць паміж заходнім і ўсходнім хрысьціянствам.

Ф. Канэчны адмаўляў існаваньне адзінай хрысьціянскай цывілізацыі, а таксама карэляцыю паміж цывілізацыямі і рэлігіямі. Аднак, паводле Ф. Канэчнага хрысьціянства да кожнае цывілізацыі ў працэсе хрысьціянізацыі прад’яўляла наступныя патрабаваньні:

1. Стабільнасьць монагамнага сужонства і немагчымасьць масавых разводаў;

2. Імкненьне да ліквідацыі нявольніцтва;

3. Імкненьне да ліквідацыі прыватнага суду (помсты) і ўсеагульнае ўвядзеньне публічнага;

4. Незалежнасьць Царквы/касьцёла ад дзяржаўнае ўлады. Хрысьціянства пранікала ў цывілізацыі й іх трансфармавала.

У лацінскай цывілізацыі паступова былі выкананы ўсе патрабаваньні, а ў візантыйскай – толькі тры. Царква засталася дзяржаўнай, што прынясло тэндэнцыі застою і ўпадку. У манголаў хрысьціянства не прыжылося, бо не было выканана ніводнае з патрабаваньняў, а падпарадкаваньне хрысьціянства дзяржаве ў эўразійцаў-туранцаў — фатальнае. Па сутнасьці хрысьціянскае Эвангельне не нясе ні прыватнага, ні публічнага права, а толькі зьмяняе аблічча зямлі.

Ф. Канэчны даў надзвычай трапную характарыстыку кожнай з цывілізацый, аднак ня змог да канца асэнсаваць, што цывілізацыі трансфармуюцца часапрасторава. Не заўважыў, што цывілізацыі маюць гарызантальную і вертыкальную структуру. Не зразумеў, што хрысьціяны на ўзроўні плянэтарным – адзіныя, г. зн. цывілізаваны на аднолькавы спосаб. Значыць – існуе хрысьціянская цывілізацыя.

Гісторыязофскае вучэньне Ф. Канэчнага (найперш працы «Аб колькасьці цывілізацый» і «Аб ладзе ў гісторыі»), не зважаючы на яго лацінацэнтрычнасьць, — вартыя перакладу на беларускую мову. Больш за тое, варта, каб беларускія інтэлектуальныя эліты мелі ўяўленьне аб вучэньні вядомага кракаўскага прафэсара, ня гледзячы ні на якую палітычную кан’юктуру. Тым больш, што значная частка жыцьця Ф. Канэчнага, — прайшла ў Вільні.

Вядома, што прафэсар Ф. Канэчны ў Вільні пакрытыкаваў самога маршалка Юзэфа Пілсудзкага заявіўшы, што ў маршалка галавы – лацінская, а ногі – туранскія. За што й быў адпраўлены на заслужаны адпачынак.

 

3. Цывілізацыйнае пытаньне ў спадчыне беларускіх мысьляроў

Працы беларускіх мысьляроў (у т. л. эмігранцкія) дбайна сабраны прафэсарам Аннай Энгелькінг – нашай выбітнай сяброўкай з Варшавы. А. Энгелькінг узначальвае Інстытут Славістыкі Польскай Акадэміі Навук. Шматразова была ў Беларусі. Разам з студэнткамі й студэнтамі праводзіла дасьледаваньні па этналёгіі ды культуровай антрапалёгіі.

Адным зь першых сярод беларускіх мысьляроў цывілізацыйную праблематыку закрануў Ігнат Канчэўскі ў працы “Адвечным шляхам” (1921).

Ігнат Канчэўскі (1896-1923) — філёсаф, асьветнік, паэта і публіцыст. Адзін з тэарэтыкаў беларускае нацыянальнае ідэі. Скончыў Віленскую  рэальную навучэльню (1913). Вучыўся ў Пецярбургскім тэхналягічным інстытуце, на гісторыка-філілягічным факультэце Маскоўскага ўнівэрсытэту (1913-1916). У часы Першай сусьветнай вайны ваяваў на Румынскім фронце (1916). З 1919 г. у Вільні. Браў удзел у беларускім культурна-асьветным і грамадзкім жыцьці. Вёў вучнёўскі гурток па геаграфіі ў Віленскай беларускай гімназіі. Сябра беларускага навуковага таварыства ў Вільні. Друкаваўся ў беларускім пэрыядычным друку.

Абшары Беларусі паводле І. Канчэўскага сталіся арэнай змаганьня двух напрамкаў эўрапейскай культуры: заходняга і ўсходняга. Пад эўрапейскай культурай патрэбна разумець цывілізацыю Эўропы, бо ў працах многіх мысьляроў цывілізацыя і культура выступаюць як сынонімы. Заходні і ўсходні кірункі эўрапейскай культуры варта прачытаць як лацінская і праваслаўная эўрапейскія рэгіянальныя цывілізацыі. Далей чытаем: “Граніца абодвых уплываў, падзяляючы славянства на два станы, праходзіць празь Беларусь, Украіну і хаваецца ў балканскіх краёх”. Аднак І. Канчэўскі не адрозьніваў эўрапейскую постбізантыйскую праваслаўную цывілізацыю ад цывілізацыі Эўразіі – гістарычна больш позьняга ўтварэньня.

Вялікая ўвага ў працы нададзена апісаньню двух цывілізацый (Эўропы і Эўразіі). Адзначаецца іррацыянальнасьць і таталітарызм Усходу (Эўразіі), адсутнасьць кампарамісаў, мэсіянства. Улада на Ўсходзе належыць некаму. Лёзунгі «Уся ўлада цару!» і «Уся ўлада саветам!» па-сутнасьці  цывілізацыйна аднолькавыя, эўразійскія і характэрныя для традыцыі Эўразіі.

Захад І. Канчэўскім характэрызуецца існаваньнем розных дзяржаў, рэлігій (ад каталіцтва адыйшлі розныя напрамкі пратэстанцтва), культур, перакананьняў. Спрэчкі і войны на Захадзе сканчаюцца кампрамісамі, пры якіх прайграўшы бок мае магчымасьць дзейнічаць і мець новых прыхільнікаў.

У 1953 г. Л. Акіншэвіч напісаў вартую ўвагі працу якая наўпростава называецца «Пра «цывілізацыйныя асновы» беларускага гістарычнага працэсу».

Леў Акіншэвіч (1898-1980) — гісторык, культуролаг, саветоляг, беларускі і ўкраінскі культуровы дзеяч. Нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу. Вучыўся ў Кіеўскім унівэрсытэце. Скончыў Кіеўскую вайсковую школу (1918). Прыняў грамадзянства БНР (1918). Супрацоўнічаў зь Інстытутам беларускай культуры. Друкаваўся ў беларускіх навуковых выданьнях і пэрыядычным друку. З 1944 г. на эміграцыі. Працаваў навуковым супрацоўнікам у Цэнтры па вывучэньню СССР ў Вашынгтоне. Супрацоўнік Беларускага інстытуту культуры й мастацтва (ЗША). Друкаваўся ў беларускіх эмігранцкіх выданьнях.

Праца пачынаецца з канстатацыі рысы найноўшай гістарычнай філязофіі – увагі да вывучэньня асобных «культурна-гістарычных цыкляў» ці «цывілізацый». Далей характэрызуецца заходнеэўрапейская цывілізацыя, падымаецца праблематыка цывілізацыйнай належнасьці Расеі.  Канстатуецца, што савецкая навука прымае марксізм, значыць ставіць гісторыю Расеі на адзін шлях зь гісторыяй Эўропы. Аднак, выяўляецца, што М. Бердзяеў, А. Тойнбі адрозьніваюць і супрацьстаўляюць Расею ды Заходнюю Эўропу. Больш таго, М. Данілеўскі ўвогуле не адносіць Расею да Эўропы.

Аднак Л. Акіншэвіч задаючы пытаньне аб цывілізацыйнай належнасьці беларусаў, украінцаў ды летувісаў і, не адказываючы на яго, — мае падставы. На той час сукупнасьць гістарычных, геаграфічных і іншых ведаў не давалі магчымасьці нават прыкладнага адказу на складанае пытаньне. Расейская імпэрыя злучыла ўсходнеэўрапейскія супольнасьці, але наяўнасьць уласнай эўрапейскай дзяржаўнай традыцыі да канца XVIII ст. ды шмат іншых чыньнікаў сьведчылі аб цывілізацыйнай асобнасьці продкаў беларусаў і ўкраінцаў.

Аўтар зазначае шмат іншых праблем у працы, аднак цікавым зьяўляецца канстатацыя цывілізацыйнага разлому ў ВКЛ (паміж каталіцтвам і праваслаўем) як прычыны гістарычнай “паразы” Літвы. На думку Л. Акіншэвіча эліты ВКЛ выбралі заходні шлях разьвіцьця і заходнюю культуру (чытаем цывілізацыю), прывівалі да іншага культуровага (чытаем цывілізацыйнага) пня.

Найбольшую ўвагу да сябе прыцягвае працы Вітаўта Тумаша “Важнейшыя мамэнты культурных працэсаў Беларусі”.

Вітаўт Тумаш (1910-1998) — лекар, гісторык, літаратурны крытык, публіцыст, культурны дзеяч. Скончыў мэдычны факультэт унівэрсытэту ім. С. Баторыя ў Вільні (1937). Дзеяч беларускага студэнцкага зьвязу. У 1940-41 гг. кіраўнік Лёдзенскай філіі Беларускага Камітэту Самапомачы ў Нямеччыне. Сябра Беларускага нацыянальнага цэнтру ў Бэрліне (1941). Зь ліпеня да паловы лістапада 1941 г. бурмістр Менску. Правамоцны сябра кіраўнічай рады Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку. Аўтар шэрагу навуковых дасьледаваньняў, а таксама артыкулаў у беларускіх выданьнях.

Вось некаторыя тэзы працы. Беларускі народ – заходнеэўрапейскі. Беларускі народ не жадае тварыць абсалютныя, дэспатычныя формы ўлады, але, наадварот, выяўляе сталую моцную цягу да нармаваных, дэмакратычных форм.

Узгадваецца вялікая роля веча ў Полацку. Князі дбалі пра супрацоўніцтва з народным вечам. У Кіеве – улада княза была апертая на верхавіну арыстакратыі. Тое кантраставала зь безаглядным дэспатызмам пазьнейшай Маскоўшчыны. На беларускіх землях князь – гаспадар, але не дэспат, таму ў нашых продкаў адсутнічалі вульгарная сакралізацыя валадара, ды цэзарапапізм. Цытуецца фрагмэнт з прадмовы Льва Сапегі да «Статуту ВКЛ» з 1588 г.: «І то ёсьць нашая вольнасьць, катораю мы межы іншымі народамі хрысьціянскімі хвалімся, што пана, іж бы водле волі сваёй, а ня водле праў нашых панаваў, над сабою ня маем».

Канстатуецца адкрытасьць нашых продкаў да новых рэлігійна-сьветаглядных (сынонім цывілізацыйных) павеваў, адсутнасьць рэлігійных войнаў. Зьвяртаецца ўвага на суладнасьць славяна-праваслаўных з балта-язычнікамі. Беларускі народ характэрызуецца рэлігійнай і нацыянальнай (цывілізацыйнай) талерантнасьцю да татараў, германа-пратэстантаў, жыдоў-юдэяў, расейцаў-старавераў і іншых, ды непрыняцьцем бізантыйскага дагматызму й цэзарапапізму.

Каштоўнасьць працы заключаецца ў тым, што аўтар падрабязна аналізуе цывілізацыйныя ўплывы на нашых продкаў Бізантыі, Заходняй Эўропы і Эўразіі-Расеі.

Высновы В. Тумаша наступныя: беларускія народныя радзімыя духова-культурныя асновы вызначаюцца элемэнтамі прававога ладу,  дэмакратыі, нацыянальнай (чытаем этнічнай), рэлігійнай ды й палітычнай талеранцыі, што дае падставу залічыць беларусаў да заходнеэўрапейскіх народаў.

З вонкавых цывілізацыйных уплываў найбольшае значэньне мелі візантыйскія і заходнеэўрапейскія. Бізантыйскія цывілізацыйныя ўзоры пераважаюць на землях Беларусі ад пачатку хрысьціянства – аж да XV ст.

Заходнеэўрапейскія цывілізацыйныя ўзоры прыходзяць з ХІІІ ст. і дасягаюць перавагі над бізантыйскімі ў XVI cт., ад Рэфармацыі ў Беларусі. Дамінуюць да пачатку ХХ ст. Расейска-эўразійскія цывілізацыйныя ўплывы прыйшлі з ХІХ ст.

У тым ці іншым аспэктах праблематыка цывілізацыйнасьці беларусаў, або паасобных яе элемэнтаў (найперш канфэсійнасьці ды этнічнасьці) падымалася ў працах Уладзіслава Талочкі, Казіміра Сваяка, Вячаслава Багдановіча, Міхала Рамэра, Сьвятаслава Коўша і многіх іншых.

Гэтая праблематыка патрабуе далейшай грунтоўнай распрацоўкі.

 

 

ІV. Чыньнікі (фактары) ўтварэньня цывілізацый

Разьдзел навукі аб цывілізацыях (цывілізацыялёгіі) які вывучае чыньнікі першага, другога, трэцяга парадку і іх сукупнасьць – чыньнікавая  (фактарыяльная) цывілізацыялёгія.

Клясыкі навукі аб цывілізацыях выдзялялі цывілізацыі адвольна, а не паводле строгага набору пэўных чыньнікаў. Адсюль, розная колькасьць цывілізацый у працах розных аўтараў, розныя ўяўленьні аб колькасьці мёртвых цывлізацый.

Чыньнікам утварэньня цывілізацый ня можа быць расавы склад насельніцтва, ня гледзячы на тое, што цывілізаця Эўропы складаецца з эўрапеоідаў, Эўразіі – з эўрапеоідаў і мангалоідаў, Лацінскай Амэрыкі з прадстаўнікоў усіх рас (за выключэньнем аўстралоідаў) і іх мяшанак (мецісы, мулаты, самба), Паўночнай Амэрыкі з эўрапеіодаў, негроідаў і мангалоідаў, Аўстраліі і Акіяніі з эўрапеоідаў і аўстралоідаў і г. д. Г. зн., што для кожнай цывілізацыі характэрны ўласны расавы склад насельніцтва.

Аналягічна – клясавы і сацыяльны склады. Клясы зьмяняліся на працягу гісторыі ў залежнасьці ад грамадзка-эканамічнай фармацыі (паводле марксізму), сацыяльныя групы яшчэ больш зьменьлівыя, або мабільныя.

Маёмасны склад насельніцтва таксама зьменны. На Захадзе 60-70% насельніцтва – сярэдні кляс, у Лацінскай Амэрыцы – мнагалікі сярэдні кляс адсутнічае. Багацьце адных кантрастуе з галечаю іншых. У мусульманскім сьвеце ў нафта-газава здабываючых дзяржавах насельніцтва фантастычна багатае і вельмі забясьпечанае (багатыя, але не разьвітыя дзяржавы), а ў  іншых — пануе беднасьць і галеча (Егіпет). Беднасьць і галеча характэрна для цывілізацыі Індыі (у сілу дамінацыі там індуістычнай рэлігійнай дагматыкі). Наадварот, вэстэрнізаваныя ўсходнія рэгіёны Кітаю, вэстэрнізаваныя Японія, Паўднёвая Карэя, Тайвань – мейсцы пражываньня заможнага насельніцтва, а ў заходніх і цэнтральных рэгіёнах Кітаю пануюць беднасьць і галеча.

Палітычныя сыстэмы таксама зьмяняліся гістарычна, розныя ў нават суседніх сучасных дзяржавах, таму не зьяўляюцца стабільным чыньнікам.

Напрыклад, паводле тыпу дзяржаўнага кіраваньня суседнія Гішпанія – абмежаваная манархія, а Партугалія – рэспубліка, дзяржавы БэНіЛюксу – канстытуцыйныя манархіі, а суседнія вялікія Францыя й Нямеччына – рэспублікі. У адных дзяржавах дэманархізацыі прывялі толькі да ліквідацыі абсалютных манархій на карысьць канстытуцыйных, або абмежаваных, а ў іншых – да поўнай ліквідацыі інстытуту манархіі на карысьць рэспублікі.

Тэрытарыяльныя падзелы ў суседніх дзяржавах – зусім розныя, таму не зьяўляюцца чыньнікам утварэньня цывілізацый. Суседнія ФРН – фэдэрацыя, Швэйцарыя – канфэдэрацыя, а Францыя – дзяржава з унітарным адміністратыўна-тэрытарыяльным падзелам.

Наяўнасьць канкрэтных чыньнікаў паводле якіх утвараюцца соцыюмы-цывілізацыі – паказчык навуковасьці тыпізацыі соцыюмаў. Так былі тыпізаваны хімічныя элементы Д. Мендзялеевым і складзена Пэрыядычная сыстэма хімічных элемэнтаў. Аналягічна была сыстэматызавана біёта біяфэры Зямлі.

1. Першым чыньнікам выдзяленьня цывілізацыі зьяўляецца абшар зь яго тэрыторыяй і акваторыяй. Кожная цывілізацыя мае ўласны абшар, або сукупнасьць абшараў. Уласна цывілізацыя мае звычайна адзіную асноўную тэрыторыю, але тэрыторый можа быць дзьве або некалькі. Надцывілізацыі маюць хутчэй дзьве або некалькі тэрыторый і акваторый, але ёсьць надцывілізацыі з адной асноўнай тэрыторыяй. Таму тут няма адзінай заканамернасьці.

Без абшару цывілізацыя не існуе, яна віртуальная. Калі цывілізацыя траціць уласны абшар – яна зьнікае. Падбой Рыму варварамі абазначыў зьнікненьне рымскае цывілізацыі, а падбой Канстанцінопалю туркамі-асманамі – візантыйскае.

Кожны абшар мае цэлы комплекс характэрных толькі для яго чыньнікаў (чыньнікі другога парадку цывілізацый). Гэта – геаграфічнае становішча, прыродныя ўмовы, прыродныя рэсурсы, насельніцтва, гаспадарку.

Прыродныя ўмовы ў сваю чаргу складаюцца  (чыньнікі трэцяга парадку) з: геалёгіі, тэктонікі, геалягічнае гісторыі разьвіцьця, рэльефу, карысных выкапняў, клімату, зьнешніх і ўнутраных вод, біёты, прыродных зон, краявідаў.

Прыродныя рэсурсы складаюцца з водных, лясных глебавых і іншых (чыньнікаў трэцяга парадку).

Насельніцтва мае ўласныя натуральны рух (уключае нараджальнасьць, сьмяротнасьць і натуральны прырост), міграцыі, склад і іншае (чыньнікі трэцяга парадку).

Гаспадарка складаецца зь інстытутаў (прадпрыемствы і ўстановы), што падзяляюцца на меньшыя інстытуты (аддзелы, цэхі, лініі, участкі і г. д.) ды аб’ядноўваюцца ў галіны гаспадаркі, міжгаліновыя комплексы, энэрга-вытворчыя цыклі, сэктары, сфэры.

Асноўныя галіны гаспадаркі:

1. Прамысловасьць:

— паліўная, — электраэнэргетыка, — чорная мэталюргія, — каляровая мэталюргія, — машынабудаваньне і мэталаапрацоўка, — лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая, — лёгкая, — харчовая і г. д.

2. Сельская гаспадарка, або біяпрадукцыйная:

а) расьлінаводзтва: — вырошчваньне зерневых культур, — вырошваньне зернебабовых культур, — вырошчваньне баваўняных культур, — вырошчваньне бульбяных культур, — вырошчваньне цукровых культур, — вырошчваньне танізуючых культур, — вырошчваньне жгуцяных культур і г. д.

б) жывёлагадоўля: — вырошчваньне буйной рагатай жывёлы, — вырошчваньне дробнай рагатай жывёлы, — птушкагадоўля, — сьвінагадоўля, — вярблюдагадоўля, — аленегадоўля, — зьверагадоўля і г. д.

3. Транспарт:

а) сухапутны: гужавы, — в’ючны, — чыгуначны, — аўтамабільны,

б) водны: — рачны, — марскі,

в) паветраны: — самалётны, — верталётны,

г) трубаправодны: — нафтаправодны, — газаправодны, — прадуктаправодны,

д) меставы (гарадзкі): — аўтобусны, — тралейбусны, — трамвайны, — мэтра.

4. Сувязь. 5. Лясная гаспадарка. 6. Водная гаспадарка 7. Нарыхтоўкі. 8. Адукацыя. 9. Навука. 10. Культура. 11. Гандаль. 12. Банкаўская сфэра. 13. Інфармацыйная сфэра. 14. Ворганы дзяржаўнай улады й кіраваньня.

Абшар у вузкім значэньні гэтага слова ўключае выключна фізыка-геаграфічныя чыньнікі, а ў шырокім – фізыка-геаграфічныя, насельніцкія, палітыка-, эканом- і сацыяльна-геаграфічныя.

2. Другім чыньнікам цывілізацыі зьяўляецца час. Без уласнай гісторыі цывілізацыя або ня йснуе, або толькі ў гэты ж момант узьнікла. Кожная цывілізацыя налічвае ад некалькі сот да некалькі тысяч год уласнае гісторыі.

Прастора (абшар) і час складаюцца ў часапрастору. Кожная цывілізацыя мае ўласную характэрную толькі для яе прастору і прамежак часу за які яна існуе.

Існуюць найважнейшыя часавыя паказчыкі цывілізацый.

1. Час утварэньня цывілізацый – Т1

2. Час зьнікненьня цывілізацый – Т2

3. Час жыцьця цывілізацый  — ΔТ

4. Час перахода з адну стадыю разьвіцьця цывілізацыі на іншую – t1, t2, t3 … tn.

5. Час пэўнай стадыі разьвіцьця цывілізацыі – Δt.

Гл. — стадыі разьвіцьця цывілізацый.

Аналягічна фіксуюцца цывілізацыйныя працэсы (гл. – цывілізацыйныя працэсы).

3. Традыцыйныя цывілізацыі ў цывілізацыі Эўропы звычайна ствараліся на пэўным рэлгійным падмкрку. Паводле ўласнай рэлігійнасьці цывілізацыі падзяляюцца ўмоўна на сакральныя і несакральныя. Строга сакральны характар маюць (паводле Фэліксу Канэчнаму) юдаістычная і цывілізацыя Індыі. Адсюль, першая ня выйшла за межы жыдоўскага этнасу, бо ўсе нэафіты ў юдаізьме лічацца аўтаматычна жыдамі, а другая – за межы гістарычнай Індыі. Спробы іх прывіцьця за межамі жыдоўства і гістарычнае Індыі не прынесьлі посьпехаў.

Сьветагляд сярэднявечага чалавека быў суцэльна пранізаны рэлігіяй і веравызнаньнем, таму ў традыцыйных цывілізацыях рэлігійнасьць увогуле можна паставіць на трэцяе мейсца пасьля абшару і часапрасторы.

Хрысьціянства ў цывілізацыі Эўропы апіралася на канкрэтныя інстытуты соцыюмаў (у заходнім хрысьціянстве папества, кардынальствы, біскупствы, парафіі з дэканатамі; ва-ўсходнім – патрыярхіі, епіскапствы, прыходы). Вышэйназваныя інстытуты былі стабільнымі (таму несьлі цывілізацыйную стабілізацыю праз стагоддзі), разгалінаванымі, мелі вертыкальную арганізацыю (паводле строгага герархічнага падпарадкаваньня сьвятароў біскупам, біскупаў – кардыналам, або патрыярхам, у заходнім хрысьціянстве – усіх касьцёлаў папе). Больш таго ў кажнай мясцовасьці былі хрысьціянскія парафіі або прыходы з храмамі і сьвятарамі, а ў храмы прыходзіла ўсё мясцовае насельніцтва. Вялася адпаведная праца па выхаваньню насельніцтва ў хрысьціянскім духу. Ніякія іншыя інстытуты соцыюму не маглі канкураваць паводле масавацьці ўплыву на насельніцтва як рэлігійныя.

Сярод тыпаў пазнанья чалавекам сусьвету рэлігія першанствавала паводле ўплыву. Калі міфалёгія-міталёгія перадавалася вусна і часам запісвалася ды не апіралася масава ні на якія інстытуты, а ўплыў філёсафаў і навукоўцаў як на сельскагаспадарчай, так і на індустрыяльнай стадыях разьвіцьця гаспадаркі на насельніцтва быў мізэрным, з-за нешматлікасьці асяродкаў філясофіі й навукі, іх эпізадычных кантактаў й г. д. Толькі з эпохі асьветніцтва, з фарміраваньнем мадэрных эўрапейскіх нацый, з пачаткам сэрвіснай (постіндустрыяльнай) і інфармацыйнай стадый разьвіцьця эўрапейскіх гаспадарак узьдзеяньне навукі на сьветагляд насельніцтва пашырылася й паглыбілася. У сэрвісную эпоху зьявіліся мнагалікія настаўнікі, а ў інфармацыйную – выкладчыкі й навукоўцы.

У кнізе пад рэд. праф. Алеся Астроўскага “Навуковыя веды – аснова рэалістычнага сьветагляду” паказана, як выбітныя эўрапейскія філёсафы і навукоўцы пераадольвалі міфалягічны і рэлігійны сьветагляды на карысьць філясофскага і, найперш, навуковага сьветагляду, ахвяруючы дзеля высакародных мэт сваімі лёсамі і, часта, — жыцьцямі (Капернік, Бруна, Мальтус, Феербах, Дарвін, Мендэль, Шардэн і мн. іншыя). У ХХ ст. таталітарныя ідэалёгіі былі перашкодамі дзеля разьвіцьця навукі і навуковага рэалізму як сьветагляду.

4. Насельніцтва кожнага абшару мела й мае пэўную этнічнасьць. Паводле чэскага даследчыка этнасаў і нацый прафэсара Карлавага Ўнівэрсытэту з Прагі Мірослава Гроха — этнас зьяўляецца закрытай камунікатыўнай сыстэмай. Камунікацыя сельскага аўтахтоннага насельніцтва ажыцьцяўлялася ў мінулым і ажыцьцяўляецца ў наш час у саноўным у рамках уласнага этнасу (племені, народнасьці, нацыі). Этналекты (гаворкі, дыялекты, літаратурныя мовы) іншых этнасаў або не зразумелыя абарыгенам пэўнага этнасу, або слаба зразумелыя. Нават калі яны хутчэй зразумелыя, дык, суб’ектыўна, — уяўляюцца дзіўнымі або сьмешнымі.

Больш таго, у гісторыі Эўропы пасьля эпохі вякікіх перасяленьняў народаў не было вялікіх этнічных міксацый (зьмяшэньняў). Натуральна, што як і паўсюдна на Зямлі этнапрацэсы (асіміляцыйныя, кансалідацыйныя і інш.) адбываліся, але, у цэлым, назіралася этнічная стабілізацыя.

Рэлігійнасьць (рэлігія і веравызнаньне) і этнічнасьць (этнас, этнікас, этна-сацыяльны арганізм) выдзяляюцца з складу насельніцтва як самастойныя чыньнікі не выпадкова, бо для традыцыйных цывілізацый Эўропы зьяўляюцца цывілізацыяўтвараючымі чыньнікамі. Гэта яшчэ дзьве канстанты для тыпізацыі соцыюмаў на ўзроўні цывілізацый.

Выснова: кожны соцыюм-цывілізацыя мае характэрныя толькі для яго, таму ўнікальныя абшар і час (што злучаюцца ў часапрастору) ды рэлігійнасьць і этнічнасьць (што злучаюцца ў этнарэлігійнасьць). Гэта чатыры асноўныя канстанты тыпізацыі традыцыйных соцыюмаў у межах цывілізацыі Эўропы. Вобразна — чатыры асноўныя слупы на якія мантуюцца ўсе соцыюмы-цывілізацыі.

5. Кожная цывілізацыя – гэта соцыюм, частка сацыясфэры. Як біясфэра, так і сацыясфэра структурызавана на паверхні плянэты. Сацыясфэра складаецца з сацыяльных структур якія называюцца інстытутамі (інстытуцыямі). Цывілізацыі могуць утвараць самыя розныя інстытуты: рэлігійныя суполкі, этнічныя і нацыянальныя арганізацыі, культурніцкія таварыствы, працоўныя каляктывы, нарэшце — нацыянальныя супольнасьці і г. д. Але вышэйшымі інстытутамі ўтворанымі цывілізацяй (-ямі) зьяўляюцца аўтаноміі і дзяржавы. У аўтаноміях і дзяржавах функцыянуюць органы дзяржаўнай улады і кіраваньня.

Няма цывілізацыі якая б не ўтварыла свае сацыяльныя структуры. Яны існуюць нават у часы цывілізацыяцыдаў напаўлегальна, нелегальна, або на эміграцыях у дыяспарах. Наяўнасьць сацыяльных структур – абавязковы фактар пры выдзяленьні кожнай цывілізацыі.

Для цывілізацыі Эўропы характэрны наступныя важнейшыя сацыяльныя структуры, што адрозьніваюць яе ад іншых соцыюмаў-цывілізацый.

1. Невялікія рэсурсы тэрыторый і акваторый, высокая шчыльнасьць насельніцтва, ліквідацыя масавага рабства, разьвіцьцё фэодаў і фэадальных адносін садзейнічалі ўзьнікненьню і станаўленьню усеагульнай прыватнай уласнасьці не вядомай на Ўсходзе-Арыеньце. Апорай інстытута прыватнай уласнасьці быў фэод.

2. Наяўнасьць і гістарычная традыцыя мясцовага самакіраваньня. Паўсюдна ў Эўропе соцыюмы будуюцца зьнізу ад асобы, таму функцыянуюць выбарныя ворганы мясцовага самакіраваньня паселішчаў, іх частак, элемэнтарных адзінак тэрытарыяльнага падзелу, якія маюць шырокія паўнамоцтвы.

3. Наяўнасьць інстытуту эўрапейскай дзяржавы.

З часу падзеньня Рымскай імпэрыі і фарміраваньня цывілізацыі Эўропы, ніколі не ўтваралася адзіная дзяржава. Іх было некалькі, што ня толькі адрозьнівала Эўропу ад іншых цывілізацый (Залатая Арда ў туранскай цывілізацыі вандроўных мангольскіх і цюркскіх этнасаў, Арабскі халіфат у араба-мусульман, адзіныя Індыя, кантынэнтальны Кітай што аб’ядноўвае  большасьць ўсходнеазіятаў). Наяўнасьць прынамсі некалькіх эўрапейскіх дзяржаў была неабходнай умовай для плюралізму і садзейнічала прагрэсу. Калі пэўныя творчыя асобы, або пэўныя групы асоб, соцыюмы не прыжываліся ў адной дзяржаве, то яны маглі эміграваць у іншую, дзе можна было дамовіцца з элітамі.

4. Узьнікненьнем і наяўнасьцю спэцыфічнага для цывілізацыі Эўропы мадэрновага нацыятварэньня і інстытута эўрапейскай нацыі. На захадзе Эўропы ў межах ужо сфарміраваных дзяржаў у XVIII-XIX фарміраваліся палітычныя мадэрныя нацыі (брытанская, французская, гішпанская, партугальская). У цэнтры – нямецкая ды італійская стварылі аднайменныя нацыянальныя дзяржавы. У сярэдзіне і на ўсходзе —  сфарміраваныя ў другой палове ХІХ-ХХ стст.  этнічныя нацыі разбурылі мультынацыянальныя імпэрыі (Асманскую, Аўстра-Вугорскую, Германскую, Расейскую).

Гішпанская, брытанская, французская і італійская нацыі ў асноўным супадаюць з пірынэйскай, брытанскай, французскай і апэнінскай падставовымі цывілізацыямі. Нямецкая нацыя ўключае дзьве паўднёвагерманскія надцывілізацыі (германа-каталіцкая і германа-пратэстанцкая). Эўрапейскія нацыі будуюцца як і эўрапейскія дзяржавы зьнізу ўверх.

5. Нарэшце, многія цывілізацыі мелі або маюць уласныя цывілізацыйныя дзяржавы. Паводле прфэсара Гданьскага ўнівэрсытэту Анджэя Пісказуба ў гісторыі Эўропы дзяржавы былі трох тыпаў: веравызнаўчыя, дынастычныя й нацыянальныя. Аднак для многіх цывілізацый характэрны ўласныя дзяржаўніцкія традыцыі. Напрыклад, паўночныя германцы маюць дзяржавы з абмежаванай манархіяй (Швэцыя, Нарвэгія і Данія). Толькі Ісляндыя, што ўтварылася пасьля вызваленьня ад панаваньня Даніі, – рэспубліка. Заходнія германцы не адмовіліся ад абмежаванай манархіі (Вялікая Брытанія). Частка паўднёвых германцаў жыве ў абмежаваных манархіях (Галяндыя, Бэльгія, Люксэмбург, Ліхтэнштэйн). У рамана-лацінскай і грэка-раманскай цывілізацыях дамінуюць  унітарныя рэспублікі (Італія, Партугалія, Францыя, Румынія, Малдова), толькі Гішпанія – абмежаваная манархія. У Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе – унітарныя рэспублікі.

Соцыюмы-цывілізацыі складаюцца з соцыюмаў-нацый, іх частак, або адной  нацыі, падзяляючыся на соцыюмы-культуры. Нацыянальныя культуры дыфэрэнцуюцца на рэгіянальныя.

6. Кожная цывілізацыя мае гаспадарку якая характэрна толькі для яе Сусьветная гаспадарка складаецца зь пяці асноўных сэктараў, якія адпавядаюць пяці стадыям разьвіцьця гаспадаркі.

Першая стадыя – прысвайваючая. Да 10 тыс. год таму ўсё чалавецтва ведала чатыры галіны гаспадаркі: зьбіральніцтва, паляваньне, рыбалоўства і рамяство.

Другая – сельскагаспадарчая. Дзесяць тыс. год таму ў час нэалітычнае рэвалюцыі людзі прыдумалі гаспадарчы ноў-хаў земляробства і жывёлагадоўлю. Новыя галіны гаспадаркі запачаткавалі разьвіцьцё гідраўлічных цывілізацый у далінах Нілу, Тыгру, Ефрату, Інду, Гангу, Хуанкхэ, Янцзы. Рабаўладальнікі за конт масавае эксплюатацыі рабоў і экстэнсіўнай сельскай гаспадаркі атрымоўвалі неверагодныя прыбыткі, што дазваляла ў тыя часы ім быць элітамі разьвітых цывілізацый. Першыя сельскагаспадарчыя цывілізацы загінулі ад мэгалітычнай перанапругі (будавалі піраміды, вавілонскія вежы й г. д. у гонар вульгарна сакралізаваных абсалютных манархаў).

Трэцяя – індустрыяльная. У XVIIІ ст. у Ангельшчыне рэалізавалася новае гаспадарчае ноў-хаў. Рамесьнікі й купцы скардынаваўшы ўласныя магчымасьці збудавалі карпусы першых у сьвеце заводаў і фабрык. Пачалася масавая вытворчасьць. Індустрыя запатрабавала тысячы рабочых і г. д. Адсюль канцэнтрацыя насельніцтва ў местах, фарміраваньне інтэлектуальных асяродкаў і … узьнікненьне мадэрных нацый. Цывілізацыі, што правялі індустрыялізацыю і аграрызацыю (перавод сельскай гаспадаркі на індустрыяльныя асновы) сталі разьвітымі.

Чацьвёртая – пастіндустрыяльная. З 50-ых гадоў ХХ ст. паскоранымі тэмпамі сталі разьвівацца адукацыя, навука, культура, банкаўская сфэра, гандаль і іншыя галіны сэрвісу. Уступленьне ў пастіндустрыяльную стадыю разьвіцьця гаспадаркі стала прыкметай разьвітасьці.

Пятая – інфармацыйная. З 80-ых гадоў ХХ ст. прыкметай разьвітасьці стала напісаньне праграм, праектаваньне кампутарнага абсталяваньня і масавае выкарыстаньне кампутараў і інтэрнэту ў гаспадарцы. Чым большы адсотак у сукупным валавым прадукце, нацыянальным даходзе прыбытку ад інфармацыйнага сэктару гаспадаркі – тым больш разьвітая цывілізацыя.

Адсоткі кожнага сэктару гаспадаркі ў сукупным валавым прадукце і нацыянальным даходзе – важны чыньнік пры выдзяленьні цывілізацыі.

Адны цывілізацыі складаюць палітычна-эканамічны цэнтр (І — першы сьвет – разьвіты), іншыя – паўпэрыфэрыі (ІІ – другі сьвет), трэція – пэрыфэрыі (ІІІ – трэці сьвет), і нарэшце чацьвёртыя – фоны (ІV– сьвет)..

Сусьветны палітычна-эканамічны падзел складаецца з чатырох сьветаў:

1. Цэнтр (першы сьвет). Уключае разьвітыя цывілізацыі і дзяржавы. У пачатку ХХІ ст. у інфармацыйную эпоху зьмяніліся чыньнікі разьвітасьці. Для першага сьвету характэрна разьвіцьцё інфармацыйных тэхналёгій. У разьвітых дзяржавах паскоранымі тэмпамі разьвіваецца напісаньне праграм, праектаваньне кампутарнай тэхнікі (і-фонаў, і-пэдаў, ноўтбукаў), банкаўская справа (сканцэнтравана каля 80%  усіх капіталаў для замежных інвэстыцый), інтэлектуалаёмкія і фінансаваёмкія галіны прамысловасьці.  Прадстаўлены найсучасьнейшыя: навука (як фундамэнтальная, так і прыкладная), адукацыя, распрацоўваюцца новыя прывабныя ўзоры культуры. Першы сьвет стаў сусьветным офісам, дзе сканцэнтравана большасьць наяўных інтэлектуальных рэсурсаў чалавецтва. Тут жа знаходзяцца штаб-кватэры міжнародных палітычных і эканамічных арганізацый, найбуйнейшых транснацыянальных карпарацый. Іміграцыя накіравана ў першы сьвет. Дзякуючы высокай якасьці насельніцтва тут назіраецца палітычная стабільнасьць, ня гледзячы нават на архаічнасьць і недасканаласьць інстытутаў.

2. Сэмі- або паўпэрыфэрыя (другі сьвет). Дзяржавы і цывілізацыі якія эканамічна й палітычна шчыльна зьвязаны зь першым сьветам. Тут  прадстаўлены як галіны што характэрны для першага сьвету (разьвіваюцца паскоранымі тэмпамі), так і галіны з трэцяга сьвету, найперш прамысловасьць і сельская гаспадарка. Разьвіты галіны сэрвісу: транспарт, гандаль, сувязь і інш. Навука — прыкладная і фундамэнтальная. Фінансавых рэсурсаў хапае найперш для ўнутраных інвэстыцый у гаспадаркі, таму буйных замежных інвэстыцый з другога сьвету чакаць не прыходзіцца. Сэміпэрыфэрыя прывабна для іміграцыі з трэцяга й чацьвёртага сьвету, але ня зь першага сьвету. Якасьць насельніцтва тут горшая чым у першым сьвеце, таму пэрыядычна бываюць палітычныя крызысы і, часам, — эканамічныя.

3. Пэрыфэрыя (трэці сьвет). Характэрызуецца палітычнай і эканамічнай нестабільнасьцю. З-за слабога разьвіцьця банкаўскай сфэры фінансавых рэсурсаў не хапае нават для ўнутранага разьвіцьця. Асноўныя галіны гаспадаркі – рэсурсаёмкая і працаёмкая прамысловасьць, сельская гаспадарка, транспарт і г. д. Залежыць ад імпарту ноў-хаў зь першага і другога сьвету. Інтэлектуальныя рэсурсы эмігруюць у другі і першы сьветы. Дзяржавы і цывілізацыі трэцяга сьвету – эканамічныя аўтсайдэры цывілізацыі Эўропы. Якасьць насельніцтва – найгоршая.

4. Фон (чацьвёрты сьвет). Гаспадаркі складаюцца з прымітыўных зьбіральніцтва, паляваньня, рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўлі, рамяства, гандлю і абмену. Характэрны стабільныя інфляцыя і гіпэрінфляцыя. Палітычныя рэжымы як правілі аўтарытарныя і таталітарныя, пастаянна зьмяняюцца шляхам рэвалюцый і пераваротаў. Структуры дзяржаўнай ўлады і кіраваньня на стадыі распаду. Пануюць мафіёзныя групоўкі. Адбываюцца стабільныя міжцывілізацыйныя і іншыя войны. Характэрны беднасьць і галеча, эпідэміі (найперш СНІДу). У фоне жывуць цывілізацыі Цэнтральнай Афрыкі. Сувязі з першым і другім сьветамі – эпізадычныя. Умовы для імпарту ноў-хаў амаль адсутнічаюць. Захавалася інфраструктура пабудаваная пад кіраўніцтвам эўрапейцаў у каляніяльны пэрыяд і г. д.

Сукупнасьць гаспадарчых чыньнікаў можна як уключыць у першы пункт, г. зн. у чыньнікі якія фарміруюць абшар, так і  выдзеліць у асобны – у дадзеным выпадку шосты пункт.

7. Для кожнай цывілізацыі характэрны свае асаблівасьці этыкі – няпісаных уяўленьняў аб дабры і зьле. Не складана ўбачыць розьніцу паміж этыкай вандроўніх і аседлых цывілізацый, надцывілізацый Акцыдэнту (Захаду) і Арыенту (Усходу) і г. д. Што для цывілізаваных на адзін лад этычна, тое для цывілізаваных на іншы – не этычна. На Захадзе этыка пануе над правам, а нацыя – этычная надбудова (паводле Ф. Канэчнага). Наяўнасьць уласнай этыкі і эстэтыкі – важны чыньнік індэнтыфікацыі цывілізацый.

8. Аналягічна з эстэтыкай – уяўленьнямі аб цудоўным і брыдкім. У кожнай цывілізацыі яны спецыфічныя, нават узаемавыключаючыя.

9. Кожная цывілізацыя мае ўласныя асаблівасьці права (важны чыньнік цывілізацыйнасьці). Права многіх цывілізацый адрозьніваецца адно ад іншага. За адны й тыя ж правапарушэньні ў розных цывілізацыях можна атрымаць абсалютна розныя пакараньні (адміністратыўныя і крымінальныя). Веды аб адрозьненьнях прававых норм розных цывілізацый, што фармалізаваны ў прававых актах розных дзяржаў, аўтаномій і тэрытарыяльных адзінак неабходны з практычнага гледзішча. Прадстаўнікі іншых цывілізацый могуць парушыць права ня ведаючы, што пэўнае дзеяньне або бязьдзеяньне караецца ў пэўнай цывілізацыі.

9. Асаблівасьці сьветаглядаў існуюць у кожнай цывілізацыі. Акрамя рэлігійнасьці, што выдзелена як трэці паводле важнасьці чыньнік утварэньня цывілізацыі, кожная цывілізацыя мае асаблівасьці міфалёгіі, філязофіі, разьвівае навукі.

У цывілізацыі Эўропы ўпершыню ў гісторыі выдзелілася чыстая навука, г. зн. не зьвязаная зь міфалёгіяй, рэлігіяй, філясофіяй, ідэалёгіяй і геапалітыкай. Навуковыя вынаходніцтвы хутка й масава пачалі ўвасабляцца ў жыцьцё. Эўрапейцы імпартавалі вынаходніцтвы з усходніх цывілізацый, хутка й масава іх увасабляючы.

Сьветаглядныя асаблівасьці зьяўляюцца асаблівым фактарам выдзяленьня цывілізацый. Навука асабліва выдзелена з галін невытворчай сфэры гаспадаркі улічваючы яе выключную важнасьць.

Вядома, што ў цывілізацыі Эўропы і на Захадзе разьвіваюцца розныя навукі і існуе навуковы плюралізм. У арыентальных цывілізацыях, або цывілізацыях што папалі пад уплыў Арыенту (Эўразіі) адны навукі забараняліся (генэтыка), іншыя амаль забараняліся (палітычная геаграфія, кібэрнэтыка), трэція – фальшаваліся (гісторыя, паліталёгія, права, філязофіяі г. д.), чацьвёртыя вывучаліся толькі ў вузкім коле ўтаемненых або выбраных.

Аб тым, якімі складанейшымі шляхам у гісторыі Эўропы філясофскі, філіяофска-навуковы і навуковы сьветагляды прабівалі сябе шлях у канкурэнцыі зь міталягічным і рэлігійным можна прачытаць у кнізе праф. Алеся Астроўскага. Скалечаныя лёсы філёсафа-навукоўцаў і навукоўцаў былі найменьшым пакараньнем з боку староньнікаў рэлігійнага сьветагляду, найбольшым пакараньнем – сьмерць (тыповы лёс – лёс Джардана Бруна). На жаль аналягічную сытуацыю мы назіраем і ў пачатку ХХІ ст.

10. Права. Розныя дзяржавы маюць розныя прававыя сыстэмы. Напрыклад, у Эўропе выдзяляюць брытанскую (прэцэндэнтную) і кантынэнтальную прававыя сыстэмы.

11. Ідэалёгіі (-ія). Фарміраваньне і абгрунтаваньне значных мэт для соцыюма, або соцыюмаў у сацыясфэры Зямлі – ідэалёгя як сфэра дзейнасьці асоб (А. Астроўскі, 2012). Частка ідэалёгій – геапалітыкі, г. зн. суб’ектыўнае бачаньне геаграфіі палітычнымі кіраўніцтвамі розных дзяржаў сьвету, палітыкамі, ідэолягамі, філёсафамі й г. д. Ідэалёгіі  і геапалітыкі могуць быць узаемавыключаючымі.

Калі ўнівэрсальныя рэлігіі ўзьніклі ў Азіі, то ўсе вядучыя ідэалёгіі ў Эўропе і Паўночнай Амэрыцы (на Захадзе). У адных цывілізацыях дапушчаны ідэалягічны плюралізм, а ў іншых — толькі монаідэалёгія або некаторыя ідэалёгіі забаронены. Ва ўсходнеазіяцкай цывілізацыі пануе камунізм (Кітай, Паўночная Карэя, В’етнам) за выключэньнем вэстэрнізаваных Японіі, Паўднёвай Карэі і Тайваню. У юдаістычным Ізраілі вялікае мейсца займае сіянізм, а ў пэрса-шыіцкай цывілізацыі – іслямізм (Іран). Апісаны працэсы рознай асіміляцыі адной і той жа ідэалёгіі ў розных цывілізацыях.

Кожная цывілізацыя мае гэтыя адзінаццацьць асноўных сукупнасьцяў чыньнікаў. Псіхіка індывіда ў кожнай цывілізацыі прыстасоўваецца (адаптуецца) да сукупнасьці асноўных і дадатковых чыньнікаў, бо ад гэтага залежыць яго найперш фізычнае жыцьцё. Больш таго, у кожнага індывіда ўзьнікае на ўзроўні падсьвядомасьці цывілізацыйная індэнтыфікацыя – усьведамленьне індывідам аб’ектыўнай належнасьць да пэўнай цывілізацыі, або спосабу агульнага побыту. Апошняе можа падштурхнуць да стварэньня і ўжываньня канкрэтнага цывілізацыёніму – назвы цывілізацыі. Калі індывід, што належыць да вызначанай цывілізацыі або надцывілізацыі пападае ў іншы соцыюм-цывілізацыю, ён інстынктыўна шукае іншых індывідаў цывілізаваных на той жа самы лад . Таму на эміграцыях утвараюцца ўстойлівыя групоўкі цывілізаваных на аднолькавы лад індывідаў. Толькі пасьля пэўнага часу жыцьця ў іншай цывілізацыі наступае  псіхалягічная адаптацыя, а затым – інтэграцыя індывіда з новай цывілізацыяй. Толькі ў наступных пакаленьнях (трэцім, чацьвёртым) як правіла адбываецца цывілізацыйная асіміляцыя нашчадкаў іншацывілізацыйных індывідаў.

Але кожная цывілізацыя мае дзесяткі дадатковых фактараў. Напрыклад, нацыі ў лацінскай цывілізацыі цывілізацыі Эўропы карыстаюцца лацінскім алфабэтам, а ва ўсходнехрысьціянскай цывілізацыі той жа цывілізацыі Эўропы грэкі карыстаюцца ўласным нацыянальным алфавітам, усходнехрысьціянскія славянскія нацыі – кірыліцай, а усходнія раманцы праваслаўныя (румыны і малдаваны) ў 1961 і 1990 гадох перайшлі зь кірыліцы на лацінскі алфавіт (альфабэт). У сэрбаў і беларусаў ёсьць традыцыі пісаць як кірыліцай, так і лацінкай. Больш таго, лацінка й кірыліза былі імпартаваны з цывілізацыі Эўропы ў Арыент. Напрыклад, адны цюрка-мусульманскія народы пішуць лацінкай (туркі, азэрбайджанцы, туркмены, узбэкі) на розныя спосабы, а іншыя (казахі, кыргызы) – кірыліцай. Татары маюць як лацінічнае, так і кірыльічныя традыцыі.

Таму алфавіт ня можа быць асноўным чыньнікам дзеля выдзяленьня кожнай цывілізацыі, а толькі дадатковым.

Кожная цывілізацыя гэта ня проста мэханічны набор дзесяці асноўных і дзесяткаў дадатковых чыньнікаў, а мае ўласную пасьлядоўнасьць як асноўных так і дадатковых чыньнікаў. Тое Фэлікс Канэчны назваў мэтодыкай сукупнага жыцьця, а мы разумеем як мэтадалягічныя асновы цывілізацыі.  Мэтодыка цывілізацый – самы складаны разьдзел цывілізацыялёгіі.

Пазьней мы ўбачым, што плянэтарныя цывілізацыі маюць розныя мэтодыкі. У хрысьціянскай, мусульманскай, індуісцкай, юдаісцкай, будысцкай і язычніцкай цывілізацыях вялікае значэньне мае чыньнік рэлігійнасьці (асабліва ў сакральных юдаісцкай і індуісцкай). Ва ўсходнеазіяцкай цывілізацыі месца чыньніка рэлігіі займае чыньнік ідэалёгіі (монаідэалёгія камунізму).

 

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    У сувязі з хуткімі зменамі ў тэхналогіях, у першую чаргу інфармацыйнх (facebook, twitter, skype, однокласники, спадарожнікавае тэлебачанне – без межаў, сматфоны і таблеты, ….), а таксама ўтварэння транснацыянальных карпарацый і перапляцення капіталаў, таксама з дэмаграфічным выбухам, змяншэння ўплыву хрысціянства, новых формаў канкурэнцыі (халодная вайна, халодны мір, спецслужбы, карупцыя, ….), магчыма, некаторыя паняціі і падзелы страцілі актуальнасьць. Але з’явіліся новыя, напрыклад група сяброў ці фанатаў, інтэрнэт-супольнасьць, сусветная вёска, …

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы