nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ ЭЎРОПЫ (частка 3)

21 сакавіка, 2013 | Няма каментараў

V. Структура цывілізацый

1. Вертыкальная структура цывілізацый

Вертыкальная структура цывілізацый паказывае іх герархію і адказывае на пытаньні аб іх колькасьці на кожным герархічным узроўні. Блытаніна колькасьці йснуючых і мёртвых цывілізацый у працы розных багасловаў, філёсафаў і навукоўцаў – вынік цьмяннасьці ўяўленьня аб чыньніках выдзяленьня цывілізацый і адсутнасьці ўяўленьня аб іх герархіі.

Праўда, у працах польскага гісторыка Оскара Галецкага (Oskar Halecki) ёсьць спроба выдзеліць у межах Эўропы цывілізацыі другога парадку, аднак адсутнасьць дакладных чыньнікаў сталася прычынай ненавуковасьці спробы (як палякі кажуць – яловасьці). Тое ж мы назіраем у працы польскага гісторыка і геапалітыка Лешка Мачульскага (Leszek Moczulski) пад назваю “Геапалітыка”.

 

А. Лякальныя (падставовыя) цывілізацыі (L)

Падставовымі цывілізацыямі ў цывілізацыі Эўропы зьяўляюцца:

1. Пірынэйская, pr. 1500 гадовая, заходнерамана-каталіцкая, трохдзяржаўная (Гішпанія, Партугалія і Андора а таксама Балеарскія астравы) і чатырохэтнанацыянальная (гішпанцы, партугальцы, каталёнцы, галісійцы), трохдзяржаўная (гішпанцы, партугальцы, андорцы), палітычна-эканамічны цэнтр (Каталёнія, Мадрыд) і сэміпэрыфэрыя (паўпэрыфэрыя) – іншыя абшары.

Характэрызуецца: доўгай араба-мусульманскай інвазіяй (адсюль у ібэрыйскіх мовах шмат арабізмаў), лідэрствам у час Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў, піянэрскасьцю ў эўрапеідызацыі сьвету, сучаснай сэміпэрыфэрыйнасьцю (акрамя паўночна-усходняй Гішпаніі – часткі эканоміка-палітычнага цэнтру).

Ад іншых цывілізацый аддзелены: розьніцай у этнічнасьці ад баскаў (раманская гарупа этнасаў пірынэйскай цывілізацыі і баскі, што не адносяцца ні да якай групы этнасаў), высокімі горамі Пірынэямі ад цывілізацыйных французаў, марскім басэйнам ад Апэнінскага паўвострава, Гібралтарскім пралівам і марскім басэйнам заходняга Міжземнамор’я ад Паўночнай Афрыкі.

Намэнклятура лякальных цывілізацый. У поўнай назьве цывілізацыі адлюстраваны шэсьць зь дзесяці асноўных чыньнікаў:

— абшар – Пірынэйскі паўвостраў (pr),

— даўжыня часапрасторы, г.зн. час пачатку ўтварэньня – распад Рымскае імпэрыі (1500),

— рэлігійнасьць – каталіцкая (c),

— этнічнасьць – раманская група этнасаў (r), заходнераманская падгрупа wr (дзеля большай ёмкасьці спачатку этнічнасьць а потым — рэлігійнасьць),   

— з сацыяльных структур колькасьць нацый (умоўна этнічных і дзяржаўных) – чатыры этнічныя (гішпанцы, каталёнцы, партугальцы і галісейцы), тры дзяржаўныя (гішпанцы, партугальцы і андорцы)  і колькасьць дзяржаў на тэрыторыі якіх пражываюць носьбіты цывілізацыйнасьці (да правага касяка дзяржавы ў якіх пераважна дамінуюць, пасьля – у якіх складаюць меньшасьць) – тры (Гішпанія, Партугалія і Андора што заселена каталёнцамі) і адна (на паўднёвым-усходзе Францыі каталёнцы – меньшасьць),

— палітыка-эканамічнасьць паводле палітычна-эканамічнай тыпізацыі Збігнева Рыкеля (прафэсара Інстытуту Геаграфіі Польскай Акадэміі Навук (ІГ ПАН) і ўнівэрсытэту ў Зялёнай Гуры) на цэнтр (І сьвет, або разьвітыя дзяржавы), паў- семіпэрыфэрыю (ІІ сьвет), пэрыфэрыю (ІІІ сьвет), фон (IV сьвет).

У кароткай назьве указываюцца абшар, этнічнасьць і рэлігійнасьць, напрыклад – пірынэйская, заходнерамана-каталіцкая.

У разгорнутай назьве указываюцца ўсе 10 асноўных фактараў.

З дапамогай лацінскіх літараў і лічбаў поўная назва будзе выглядаць так: pr,1500, wrc, 4/3-3/1, І-ІІ.

Лаканічная геаграфічная назва будзе чытацца як пірынэйская, або з дапамогай лацінскіх літараў як pr.

Фактарыяльныя назвы ўлічваюць чыньнікі першага, другога й трэцяга парадкаў. Яны будуць распрацаваны пазьней.

Далей будуць давацца поўныя назвы цывілізацый пісьмова і з дапамогай лацінскіх літар ды лічбаў.

Намэнклятуры цывілізацый:

1. Традыцыйная, г. зн. утворана ад традыцыйных этнічнасьцяў (раманскай, германскай, славянскай, заходнераманскай, паўднёвагерманскай, усходнеславянскай і г. д.) і традыцыйных рэлігійнасьцяў ды канфэсійнасьцяў (каталіцкай, пратэстанцкай, праваслаўнай), таму ў сукупнасьці будзе чытацца як рамана-каталіцкая цывілізацыя, германа-пратэстанцкая, славяна-каталіцкая і г. д. Заходняе хрысьціянства будзе абазначацца словам “…-лацінская” (з злучком перад словам і ставіцца пасьля назвы этнічнасьці), а ўсходняе – “грэка-…“ (з злучком пасьля слова і ставіцца перад назвай этнічнасьці). Напрыклад, кельта-лацінская цывілізацыя, мальта-лацінская, славяна-лацінская і г. д., або грэка-раманская цывілізацыя, грэка-славянская, грэка-элады і г. д.

2. Геаграфічная, г. зн. кожная цывілізацыя абазначаецца адпаведнымі лацінскімі літарамі паводле назвы на ангельскай мове (у падаўляючай большасьці выпадкаў), напрыклад, ap — апэнінская , pr — пірынэйская, fr – французская, і г. д. Тут прыярытэт надаецца геаграфічнаму становішчу цывілізацый.

Наменклатура цывілізацый можа быць прадметам дыскусій і ўдасканаленьняў, як і іх тыпізацыя.

2. Апэнінская, ap. 1500 гадовая, усходнерамана-каталіцкая, сяміэтнанацыянальная (італійцы, сан-марынцы, сіцылійцы, сардынійцы, карсіканцы, італа-швэйцарцы, рэтрараманцы), двухдзяржаванацыянальная (італьянцы, карсіканцы), у двух дзяржавах – большасьць (Італія, Сан-Марына), у двух – меньшасьць (французская Корсіка, поўдзень Швэйцарыі), цэнтр (поўнач Італіі, Швэйцарыя), паўпэрыфэрыя. ap, 1500, wr-c, 7/2-2/2, І-ІІ

Сфармавалася ў цэнтры былой Рымскай імпэрыі, найбольшым абшары Рэнэсансу. У сярэднявеччы і ў новы час абшар быў палітыка-геаграфічна стракаты і злучыўся ў адну дзяржаву Італію толькі ў сярэдзіне ХІХ ст. Поўнач Італіі – частка эканоміка-палітычнага цэнтру – а поўдзень паўпэрыфэрыі. Гуманістычны лідэр эпохі Рэнесансу (Адраджэньня).

Ня кожны этнас можа быць асобнай цывілізацыяй. Напрыклад, — каталёнцы. Шырока вядомы славуты каталёнскі рэгіяналізм. Але Каталёнія, ня гледзячы на традыцыю нацыянальнага руху (апісаную праф. Мірославам Грохам з Карлавага ўнівэрсытэту (Прага)), на прыналежнасьць да разьвітых рэгіёнаў сьвету, або І сьвету (большая тэрыторыя Гішпаніі – ІІ сьвет), так і не дабіліся ўласнай дзяржавы.

Падзеленыя між Гішпаніяй (большасьць) і Францыяй (меньшасьць) – застаюцца падзеленымі між двума лякальнымі цывілізацыямі: пірынэйскай (pr) і французскай (fr). Каталёнцы – раманцы і рымскія-каталікі (як гішпанцы-кастыльцы і французы). Калі б каталёнцы мелі іншую этнічнасьць (напрыклад былі б германцамі) і іншую рэлігійнасьць (г. зн. належылі бы да іншага веравызнаньня, прыкладам да пратэстанцкага), тады б каталёнскі нацыянальны рух быў непараўнальна больш мацнейшым.

Прадстаўнікі такіх этнасаў – этнічных нацый (каталёнцаў і галісійцаў у Гішпаніі, шатляндыйцаў у Вялікабрытаніі, сіцылійцаў, сардынійцаў у Італіі, карсіканцаў, эльзасцаў і лятарынгцаў ды валёнаў у Францыі) звычайна маюць падвойную ідэнтыфікацыю. Усьведамляюць сябе прадстаўнікамі як этнічнай нацыі, так і палітычнай. У розных прапорцыях: адны, напрыклад, толькі французамі, іншыя — французамі і карсіканцамі, трэція – карсіканцамі і французамі, чацьвёртыя – карсіканцамі.

Калі пытаньне стаіць аб сэцэсіі (г. зн. сувэрэнізацыі) – частка супольнасьці галасуе за. Іншая – супраць з-за эканамічных і палітычных прычын (эканамічнай адсталасьці рэгіёну і датацый зь іншых рэгіёнаў больш разьвітых, некальківяковай традыцыі жыцьця ў шматнацыянальнай дзяржаве, выхаваньня). Патрэбна ўлічваць, што сярод такіх этнічных нацый жывуць прадстаўнікі пануючых этнічных нацый што часта займаюць верхнія прыступкі ў кар’ерах, сацыяльнай і маёмаснай лесьвіцах (кастыльцы ў Каталёніі і Галісіі, французы ў Корсіцы і французскай валёніі, ангельцы ў Шатляндыі і г. д.), якія, звычайна, катэгарычна супроць сэцэсіі.

Ад іншых цывілізацый аддзелены высокімі горамі – Альпамі з поўначы, марскімі басэйнамі з поўдня, захаду і ўсходу.

3. Французская, fr. 1500 гадовая, паўночнарамана-каталіцкая, трохэтнанацыянальная (французы, валёны Бэльгіі і Францыі, манакцы), двухдзяржаванацыянальная (французы, манакцы), у двух дзяржавах складаюць абсалютную большасьць (Францыя, Манака), у двух дзяржавах пражываюць (Бэльгія, Швэйцарыя), пры тым у Бэльгіі суствараюць дзяржаву разам з флямандыйцамі, цэнтр. fr, 1500, nr-c, 3/2-2/2, I.

Адзіны ў Эўропе рамана-каталіцкі абшар – суцэльны эканамічна-палітычны цэнтр. Абсалютны лідэр эпохі дэманархізацыі – рэвалюцый. Францыя дала Эўропе традыцыю Рэспублікі і дэмакратычных інстытутаў.

Ад пірынэйскай цывілізацыі аддзелены высокімі горамі Пірынэямі, ад альпійскай – розьніцай ў веравызнаньнях (каталікі і пратэстанты), ад ніжненямецкай – розьніцай у этнічнасьцях (раманская і германская), ад апэнінскай – горамі Альпамі.

У цывілізацыягенэзе трох вышэйузгаданых цывілізацый этнагенэз (шляхам зьмяшэньне абарыгеннага насельніцтва з варварскім іміграцыйным) праходзіў не да, а пасьля хрысьціянізацыі, паколькі яны знаходзіліся на абшары захаду Рымскай імпэрыі і хрысьціянізаваліся да яе падзеньня.  

4. Альпійская, al. 500 гадовая (ад часу Рэфармацыі), паўночнарамана-пратэстанцкая (частка французаў і частка франка-швэйцарцаў), двухэтнанацыянальная, без уласных дзяржаў, у двух дзяржавах складаюць меньшасьць, цэнтр. al, 500, n-rm/pr, 2/0-0/2, I.

Франка-швэйцарцы, частка французаў Францыі. Ад французскай цывілізацыі аддзелены розьніцай у веравызнаньнях (пратэстанты і каталікі), ад верхненямецкай – у этнічнасьцях (раманская й германская), ад апэнінскай – Альпамі. Вынік дзейнасьці Ж. Кальвіна і яго паплечнікаў-адзінадумцаў у часы Рэфармацыі.

5. Біскайская, bs. 1500 гадовая, баскска-каталіцкая, аднаэтнанацыянальная, без уласнай дзяржавы (вядома, што большасьць баскаў жывуць на тэрыторыі Гішпаніі, меньшасьць – Францыі), цэнтр (Францыя), паўпэрыфэрыя (Гішпанія). bs, 1500, b-c, 1/0-0/2, I-II.

Баскі – нашчадкі старажытнейшага насельніцтва Эўропы, г. зн. старажытны рэліктавы этнас-цывілізацыя з высокай ступеньню цывілізацыйнай ідэнтыфікацыі носьбітаў цывілізацыйнасьці. Сярод баскаў папулярныя ідэі ад большай аўтаноміі ў складзе Гішпаніі і Францыі, да незалежнасьці.

Ад пірынэйскай і французскай цывілізацый аддзелены найперш этнічнай розьніцай  (не належачыя ні да якай групы этнасаў і раманская група).

6. Верхнегерманская, hg. 1500 год (у асноўным у межах былой Рымскай імпэрыі), паўднёвагермана-каталіцкая, васьміэтнанацыянальная (паўднёвыя галяндыйцы, флямандыйцы паўночнай Бэльгіі, люксэмбуржцы, эльзасцы і лятарынгцы Францыі, паўднёвыя і заходнія немцы, аўстрыйцы, ліхтэнштэйнцы, германа-швэйцарцы), чатырохдзяржаванацыянальная (аўстрыйцы, германа-швэйцарцы, люксэмбуржцы, ліхтэнштэйнцы), у чатырох дзяржавах складаюць абсалютныя большасьці (Аўстрыя, Швэйцарыя, Ліхтэнштэйн, Люксэмбург), а ў чатырох або суствараюць дзяржавы (паўднёвыя галяндыйцы разам з паўночнымі Галяндыю, флямандыйцы разам з валёнамі Бэльгію), або зьяўляюцца меньшасьцямі (эльзасцы і лятарынгцы ў Францыі, у Нямеччыне), палітычна-эканамічны цэнтр. hg,1500, sg-c, 8/4-4/4, І.

Ад ніжнегерманскай цывілізацыі аддзелены  найперш розьніцай у веравызнаньнях (каталікі і пратэстанты), ад французскай і апэнінскай – розьніцамі ў этнічнасьці (германская й раманская), ад трансдунайскай і паўднёваэўрапейскай – таксама ў этнічнасьці (германцы й вугры ды паўднёвыя славяны).

Спроба сувэрэнізацыі Баварыі, якая прдпрымалася ў 20-ыя гады ХХ ст. у сувязі з глыбокім эканамічным крызісам у Нямеччыне, — была жорстка падаўлена Адольфам Гітлерам і нацыянал-сацыялістымі – фанатычнымі староньнікамі адзінства Рэйху. 

У традыцыйна каталіцкай частцы Нямеччыны вёскі характэрызуюцца меншым ўзроўнем матэрыяльнага дабрабыту, у сем’ях большая колькасьць дзяцей, іншая працоўная этыка й г. д. Агульная колькасьць германа-каталікоў – больш за 50 млн. чал. Ня гледзячы на гэта Баварыя эканамічна разьвіваецца знакаміта.

Верхнегерманскі Люксэмбург паводле НПБ на адну асобу (за 2002 г.) займае першае месца ў Эўропе (44 тыс. USD), Галяндыя і Аўстрыя на 9 — 10 месцах, а Бэльгія і Нямеччына – 12-13 (2002 г.).

Люксэмбург – абсалютовы лідэр Эўропы паводле сярэдняга НДБ ПСВ на адну асобу – 55 тыс ІND (2002 г.), а Аўстрыя, Нідэрлянды, Бэльгія й Нямеччына займаюць адпаведна 6, 8-10 месцы.

Паводле ІРЧП лідэры германа-каталіцкае Эўропы – Бэльгія і Нідэрлянды  (3 і 5 месцы, 4 і 8 ў сьвеце). Аўстрыя, Люксэмбург і Нямеччына адчыняюць другую дзесятку эўрапейскіх лідэраў (знаходзячыся ў сярэдзіне другой дзясяткі сусьветнага рэйтынгу).

7. Ніжнегерманская, lg (умоўная назва вызваная неабходнасьць дыфэрэнцаваць ад умоўна верхнегерманскай цывілізацыі, бо носьбіты цывілізацыйнасьці тыя ж самыя этнічныя паўднёвыя германцы што й верхнегерманскай), 500 гадовая (ад часу Рэфармацыі – вынік дзейнасьці М. Лютэра і яго пасьлядоўнікаў), паўднёвагермана-пратэстанцкая, трохэтнічнанацыянальная (паўночныя немцы, паўночныя галяндыйцы, фрызы Фрызскіх астравоў Галяндыі), двухпалітычнанацыянальная (немцы, галяндыйцы), у адной дзяржаве – большасьць (Нямеччына), у адной – сустваральнікі (разам з паўднёвымі галяндыйцамі Галяндыю). lg, 1400, sg-p, 3/2-1/1, І.  Пратэстанцкія часткі Нямеччыны і Галяндыі. Утварылася ў выніку пратэстантызацыі пад час Рэфармацыі, частка палітыка-эканамічнага цэнтру (апрача абшараў былой НДР/ГДР).

Ад верхніх германцаў аддзелены верай (пратэстантызм-лютэранства і каталіцызм), ад нардычнай цывілізацыі – нямецка-дацкай мяжой і пралівамі, ад сярэднеэўрапейцаў заходніх славян – нямецка-польскай і нямецка-чэскай дзяржаўнымі межамі.

Цікава, што доўгі час былі раздроблены палітычна. Лютэранства нясло індывідуалізм і павагу найперш не да цэнтралізаванай улады, а да мяйсцовых уладаў. Толькі жалезны канцлер Бісмарк з сваімі паплечнікамі зцэнтралізавалі паўднёвагерманцаў пратэстантаў у адзіны Рэйх.

Да Другой сусьветнай вайны ніжнегерманцы жылі да ўсходніх межаў Трэцяга Рэйху і ва Ўсходняй Прусіі. Нямецкая Сілезія аддзяляла сэрэднеэўрапейскія Польшчу й Чэхаславаччыну. Шмат немцаў жыло ў Чэхіі.

Пасьля паразы Нямеччыны, новая ўсходняя мяжа ніжніх германцаў прайшла па Одры і Нысе. Мільёны немцаў былі выселены з былых усходніх тэрыторый, у т. л. Усходняй Прусіі. Дэніжнегерманізіваная Сілезія ўвайшла ў склад Польшчы. Ніжненямецкая цывілізацыя зьменьшыла ўласны абшар. Вядома, што ўсходнія землі былі заняты германцамі пасьля германізацыі й вынішчэньня заходніх славян (сорбаў-лужычан, палабскіх славян), заходніх балтаў (прусаў і яцьвягаў).

8. Брытанская, br. 500 гадовая (Ангельшчына была адзінай часткай Рымскай імпэрыі ў якой з-за паверхневай раманізацыі кельцкі цывілізацыйны элемент быў зьменены (пасьля падзеньня Рымскай імпэрыі не на раманскі, а на германскі, аднак сучасная цывілізацыя сфарміравалася пасьля трансфармацыі ў час Рэфармацыі), заходнегермана-пратэстанцкая (гістарычна германскі цывілізацыйны элемент выпіхаў кельцкі), двухэтнанацыянальная (ангельцы, шатляндыйцы або скоты), аднадзяржаванацыянальная (Вялікабрытанія), у адной дзяржаве складаюць большасьць, меньшасьці не складаюць нідзе, цэнтр. br, 1500, wg-p, 2/1-1/0, І.  Ангельцы і шатляндыйцы, а таксама ангельцы і шатляндыйцы з Ольстэру. Эканоміка-палітычны цэнтр.

Ад кельта-каталікоў аддзелены этнічным і веравызнаўчым чыньнікамі, ад кельта-пратэстантаў – этнічнасьцю, ад паўночных раманцаў воднымі басэйнамі – пралівамі Ла-Манш і Па-дэ-Кале.

Брытанская цывілізацыя зь сярэднявечча асімілявала кельта-каталіцкую, а пасьля Рэфармацыі й кельта-пратэстанцкую цывілізацыі. Гісторыі падпарадкаваньняу Ўэльсу, Шатляндыі ды Ірляндыі сьведчаць аб гэтым.  Шатляндыя пераважна цывілізацыйна асімілявалася, але частка шатляндыйцаў ставіць пытаньне аб палітычнай незалежнасьці.

Шатляндыйскі рэгіяналізм у Вялікабрытаніі падобны на каталёнскі ў Гішпаніі. Большасьць шатляндыйцаў – германізаваныя кельты. Моўная сытуацыя там складаная. Кельцкія дыялекты там выпіраліся дрэнна засвоенай ангельскай моваю. Узьнікла новая літаратурная мова – Скоціш (Scotish). Неасіміляваныя кельты што жывуць на паўночным-захадзе Шатляндыі, — называюцца гэламі. Камунікуюцца кельцкай гэльскаю моваю.

Кельты гэлы, уэльсцы і ірляндыйцы захавалі ўласную цывілізацыйную тоеснасьць, аб чым сьведчыць сувэрэнізацыя Ірляндыі, цывілізацыйны канфлікт у Ольстэры паміж карэннымі кельтамі-каталікамі ірляндыйцамі (статыстычная меньшасьць) і наплывовымі ангельцамі ды шатляндыйцамі пратэстантамі (статыстычная большасьць). З пратэстантызмам (хутчэй зьвязаны) высокі ўзровень веданьня ўэскай мовы сярод карэнных кельта-пратэстантаў Уэльсу.

9. Нардычная, nr. 500 год, паўночнагермана-пратэстанцкая, чатырохэтнічнанацыянальная (швэды, нарвегійцы, датчаны, ісляндыйцы), чатырохпалітычнананацыянальная (тыя ж самыя), у чатырох дзяржавах складаюць абсалютную большасьць (тыя ж самыя дзяржавы), у адной (Фінляндыі) – меньшасьць (швэды жывуць на Аляндскіх востравах, таму швэдзкая мова ў Фінляндыі другая дзяржаўная пасьля фінскай), палітычна-эканамічны цэнтр. nr, 500, ng-p, 4/4-4/1, I.

Паўночнагерманскія Швэцыя, Нарвэгія, Данія і Ісляндыя безумоўна ўваходзяць у лік разьвітых дзяржаў сьвету. Толькі поўнач Швэцыі і Нарвэгіі (Ляпляндыя) – частка сусьветнай паўпэрыфэрыі. Утварылася ў выніку пратэстантызацыі (лютэранізацыі) паўночнагерманскіх каталікоў у час Рэфармацыі.

Ад брытанскай і верхненямецкай цывілізацый аддзелены марскімі басэйнамі (Нарвэгійскае, Паўночнае моры), ад фінскай – фіна-швэдыйскай і фіна-нарвегійскай дзяржаўнымі межамі. Швэды жывуць на Аляндзкіх астравох, што належаць Фінляндыі, маючы там аўтаномію.

Славутая гісторыя нарманаў-вікінгаў бязумоўна належыць нардычнай цывілізацыі. Зь гісторыі вядомы: нардычныя экспансіі ў Ісляндыю, Грэнляндыю, на ўзьбярэжжа Паўночнай Амэрыкі (за 500 год да Х. Калюмба), пасьпяховае падпарадкаваньне Фінляндыі швэдамі і г. д.

10. Трансламаншская, tl. 1800 гадовая, кельта-каталіцкая, трохэтнанацыянальная (брэтонцы, гэлы і ірляндыйцы), аднадзяржаванацыянальная (ірляндыйцы Ірляндыі), у адной дзяржаве носьбіты цывілізацыйнасьці складаюць абсалютную большасьць (у Ірляндыі), у двух дзяржавах – меньшасьці (брэтонцы ў Францыі, гэлы і ірляндыйцы адпаведна ў Шатляндыі і Паўночнай Ірляндыі (Ольстэры), частка першага сьвету (цэнтр). tl, 1800, c-c, 3/1-1/2, I

Рэштка найстаражытнейшага насельніцтва Эўропы, што не асімілявалася – кельты. Утвараюць кельта-каталіцкі цывілізацыйны сьвет. Кельты: ірляндыйцы, паўночныя ірляндыйцы, гэлы, брэтонцы —  характэрызуюцца невялікай колькасьцю насельніцтва, высокім ўзроўнем моўнай асіміляцыі (брэтонцы ў побыце франкамоўныя, астатнія – ангельскамоўныя), акрамя часткі заходніх ірляндыйцаў, што карыстаюцца ірляндыйскаю моваю, цывілізацыявызначаючай роляй каталіцтва (насуперак заходнегерманцам-пратэстантам ангельцам і шатляндыйцам), доўгай гісторыяй барацьбы за незалежнасьць (з часоў Олівэра Кромўэла — па пачатак ХХ ст. ірляндыйцы Ірляндыі былі пдбіты Ангельшчынай і ўваходзілі ў склад Вялікабрытаніі), традыцыяй масавай эміграцыі ў Амэрыку, багатай духоўнай культурай, а таксама высокім ўзроўнем жыцьця (аднак некалькі ніжэйшым, чым у ангельцаў, французаў і шатляндыйцаў, асабліва пасьля эканамічнага крызысу ў Ірляндыі). На палітычнай мапе (карце) Эўропы існуе толькі адна кельтская дзяржава – Ірляндыя.

Ад французаў трансламаншцаў аддзяляе розная этнічнасьць (кельцкая й раманакая, ад ангельцаў і шатляндыйцаў – розныя этнічнасьць (кельцкая і заходнегерманская) і веравызнаньне, а ад уэльсцкай цывілізацыі – розныя веравызнаньні (каталікі і пратэстанты).

11. Уэльская, wl. 500 год, кельта-пратэстанцкая, аднаэтнічнанацыянальная, нацыянальная дзяржава адсутнічае (толькі аўтаномія Ўэльс, або Валія ў складзе Вялікай Брытаніі), дзяржава дамінацыі адсутнічае, меньшасьць у Вялікай Брытаніі, цэнтр. wl, 500, c-p, 1/0-0/1, I.

Уэльсцы найлепш за іншыя кельцкія народы ведаюць сваю мову, лепш бо ўсьведамляюць каштоўнасьць моўнага чыньніка ў штодзённым побыце. Тое нягледзячы на раньняе падпарадкаваньне Уэльсу Ангельшчынай. Тое тлумачыцца, у т. л. пратэстанцкім чыньнікам.

Ад ангельцаў уэльсцаў-валійцаў аддзяляе розная этнічнасьць (кельцкая і заходнегерманская), ад ірляндыйцаў – найперш праліў сьвятога Георга і розныя веравызнаньні (пратэстанцкае й каталіцкае).

13. Мальційская, ml. 1500 год, мальта-каталіцкая, монаэтнічнанацыянальная, монадзяржаванацыянальная, у аднайменнай дзяржаве – абсалютовая большасьць, меньшасьці – адсутнічаюць, цэнтр. ml, 1500, m-c, 1/1-1/0, I.

Унікальнасьць Мальты тлумачыцца пазытывамі й негатывамі ад геаграфічнага становішча ў цэнтры Міжземнага мора.

Ад апэнінцаў-сіцылійцаў мальційцаў аддзяляе розная этнічнасьць і водны басэйн, ад арабаў-мусульман Паўночнае Афрыкі – як марскі басэйн, так і розныя этнічнасьці й веры (заходнія хрысьціяны ды мусульманы-суніты).

14. Фінская, fn. 500 год, фіна-пратэстанцкая, трыэтнічнанацыянальная (фіны, эстонцы і самі-лапары), бідзяржаванацыянальная (фіны, эстонцы), у двух дзяржавах – большасьць (Фінляндыя і Эстонія), у двух – меньшасьць (самі-лапары ў Швэцыі і Нарвэгіі), цэнтр. fn, 500, f-p, 3/2-2/2, І.

Ад усходніх балтаў эстонцаў аддзяляе розная этнічнасьць (фіна-уральская і балтыйска-індаэўрапейская, а таксама дзяржаўная мяжа Латвіі й Эстоніі, ад ад нардыйцаў (паўночных германцаў) – Балтыйскае мора, Батнічны заліў, дзяржаўныя межы Фінляндыі з Швэцыяй і Нарвегіяй, і розная этнічнасьці (уральская і індаэўрапейская паўночнагерманская). Ад расейцаў – дзяржаўныя межы Эстоніі ды Фінляндыі з Эўразіяй-Расеяй.

Нашчадкі старыжытнайшага уральскага насельніцтва. Гістарычна спазналі вялікія заходнегерманскі (Эстонія) і паўночнагаерманскі (Фінляндыя), а таксама, у меньшай ступені, — расейскі ўплывы. Мясцовая ўральская этнічнасьць пераплялася з пратэстанцкай традыцыяй (акрамя праваслаўных эстонцаў-сету), таму тут адбылося фармаваньне літаратурнай мовы і пісьмовай традыцыі (лацінкі), а паўстаньне незалежных дзяржаў зрабіла незваротным фармаваньне сучасных нацый. Фінляндыя – высокаразьвітая дзяржава, а Эстонія, ня гледзячы на паўстагодзьдзе савецкай інвазіі-акупацыі, – самая разьвітая дзяржава ў межах былой савецкай імпэрыі (сябра ЭЗ/EU).

15. Трансдунайская, td. 1000 год, вугра-каталіцкая, аднаэтнічнанацыянальная, аднадзяржаванацыянальная, у адной дзяржаве – абсалютная большасьць (Вугоршчыне), у чатырох дзяржавах – меньшасьць (Румыніі, Украіне, Сэрбіі, Славаччыне), палітычна-эканамічная паўпэрыфэрыя. td, 1000, h-c, 1/1-1/4, ІІ.

Рэпрэзэнтавана вугорцамі Вугоршчыны, а таксама Румыніі й Сэрбіі (буйная нацменшасьць у Сямігорадзе, супольнасьць у Ваяводзіне). Вугорцы – этнас вугорскае групы уральскай сям’і. Прыйшлі з-за Уралу ў час Вялікага перасяленьня народаў (роднасныя ханты і маньсі жывуць у Заходняй Сібіры) і апанавалі Сярэдневугорскую нізіну, выцясьніўшы адтуль славян. Прынялі лацінскае хрысьціянства, такім чынам увайшоўшы ў лацінскую надцывілізацыю. Традыцыйныя рыма-каталікі з арыгінальнай лацінкавай пісьмовасьцю. Былі другім пануючым этнасам у стракатай Аўстра-Вугорскай імпэрыі, якая выбудавалася на панаваньні германа-каталіцкага элементу з дадаткам вугра-каталіцкага. Пасьля Першай сусьветнай вайны й распаду Аўстра-Вугорскае імпэрыі ў склад новае этнанацыянальнае Вугоршчыны не ўвайшлі Трансільванія (Румынія) і Ваяводзіна (Сэрбія), дзе вугорцы складаюць меньшасьці.

Мяжуюць зь некалькімі цывілізацыямі. Ад сярэднеэўрапейскай аддзелены славацка-вугорскай дзяржаўнай мяжой (вугорская меньшасьць жыве ў Славаччыне), ад верхненямецкай – аўстра-вугорскай, ад паўднёваэўрапейскай – славенска-вугорскай і харвацка-вугорскай, ад балканскай – сэрбска-вугорскай.

У сэрбскай Ваяводзіне ад сэрбаў-праваслаўных адрозьніваюцца верай (каталікі і праваслаўныя) і этнічна (вугорцы-уральцы і паўднёвыя славяны). У румынскай Трансільваніі (трансдунайскі анкляў у цэнтры карпацкай цывілізацыі) вызначаюцца таксама іншымі веравызнаьнем і этнічнасьцю (каталіцкае, уральская і праваслаўнае, раманская).

З рамана-праваслаўнымі румынамі мяжуюць на паўднёвым-усходзе (вугорска-румынская мяжа). Нарэшце ад традыцыйных праваслаўных усходнеславянаў украінцаў-русінаў Закарпацьця розьняцца верай і этнічнасьцю (каталікі і праваслаўныя).

16. Мадзьярская mg (назву можна прапанаваць больш трапную), 500 год, вугра-пратэстанцкая (каля 19% вугорцаў), аднаэтнічнанацыянальная, цывілізацыйная дзяржава адсутнічае, ні ў воднай дзяржаве не складае большасьці, у Вугоршчыне – меньшасьць, сэміпэрыфэрыя (другі сьвет). hn, 500, h-p, 1/0-0/1, II.

Ад большасьці вуграў-каталікоў адросьніваюцца веравызнаньнем (пратэстанцкае і каталіцкае).

17. Балтыйская, bl. 500 год, балта-пратэстанцкая, аднаэтнічнанацыянальная (заходнія і цэнтральныя латышы), аднадзяржаванацыянальная (Латвія акрамя Латгаліі), у Латвіі большасьць, нідзе не значная меньшасьць, паўпэрыфэрыя. еb, 500, b-p, 1/1, 1/0, II.

Паўночная частка абшару старжытных рэліктавых балтаў з пачатку ХІІІ ст. папала пад уладараньне тагачаснага паўднёвагерманскага адгалінаваньня германа-лацінскай цывілізацыі. У час Рэфармацыі балты разам з паўднёвымі германцамі трансфармаваліся веравызнаўча перайшоўшы з каталіцтва ў лютэранства (адгалінаваньне пратэстантызму). У 1918 г. латышы разам з эстонцамі й летувісамі здабылі незалежнасьці. Мяжа паміж усходнебалтыйскай і балтыйскай цывілізацыямі (за выкл. Латгаліі) – адна з самых старажытных у Эўропе і ў наш час супадае зь дзяржаўнай мяжой Латвіі зь Летувою.

Ад летувісаў і латгалаў адрозьніваюцца рознымі верамі (пратэстанцкая і каталіцкая). Ад эстонцаў іх аддзяляе абсалютна розная этнічнасьць (балцкая і фінская), а таксама эстонска-латвійская дзяржаўная мяжа. Ад расейцаў-эўразійцаў розныя цывілізацыі (Эўропы і Эўразіі), а таксама латвійска-расейская дзяржаўная мяжа.

18. Балцкая, bt. 700 год (з часу хрышчэньня Літвы), балта-каталіцкая, двуэтнічнанацыянальная (летувісы + латгалы усходняй Латвіі), аднанацыянальнадзяржаўная, у Летуве – большасьць, у Латвіі – меньшасьць. bl, 700, b-c, 2/1-1/1, I. 10.

Балтыйская цывілізацыя ўключае Летуву і Латгалію (усходнюю частку Латвіі) населеную старажытнымі рэліктавымі балтамі-каталікамі з агульнай колькасьцю каля чатырох мільёнаў носьбітаў цывілізацыйнасьці. Балты традыцыйна пішуць лацінкай з вялікай колькасьцю значкоў над і пад літарамі.

Гістарычна ўваходзілі ў склад ВКЛ (Летува), падвергліся славянскай (беларусізацыі, зпальшчэньню, зрасейшчваньню), а таксама германскай асіміляцыі (Латвія, балтыйскае ўзьбярэжжа Летувы). Сучасныя Летува і Латвія перадольваюць наступствы савецкай інвазіі-акупацыі і разьвіваюцца ў складзе ЭЗ.

Ад расейцаў-эўразійцаў іх аддзяляе розная цывілізацыйнасьць: эўрапейская і эўразійская (мяжа праходзіць па дзяржаўнай мяжы Летувы з Калінінградзкаю вобласьцю Расеі на захадзе, па па латвійска-расейскай дзяржаўнай мяжы – на ўсходзе). Ад большасьці латышоў – розныя веравызнаньні (рыма-каталіцкае і лютэранска-пратэстанцкае). Ад палякаў-сярэднеэўрапейцаў – польска-летувіская дзяржаўная мяжа і розныя этнічнасьці (усходнебалцкая і заходнеславянская). Ад віленцаў – розныя этнічнасьці (усходне-балцкая і балта-ўсходнеславянская). Ад беларусаў-усходнеэўрапейцаў – розныя этнічнасьці і веравызнаньні (балцкая і славянская, каталіцкае і праваслаўнае).  

19. Сорбская, sr. 500 год, заходнеславянапратэстанцкая (ніжнія сорбы-лужычаны што жывуць у Нямеччыне і асімілююцца, г. зн германізуюцца, таму цывілізацыя — зьнікаючая), аднаэтнічнанацыянальная, нацыянальная дзяржава адсутнічае (сорбы-лужычаны на каленях прасілі ў Сталіна, каб ён ім дазволіў пасьля 800 год германізацыі стварыць сваю нацыянальную дзяржаву, аднак было вырашана іх уключыць у склад ГДР), 500 год (вынік Рэфармацыі), монаэтнічнанацыянальная (частка сорбскай этнічнай нацыі, што падзяляецца на верхнюю (каталіцкую) і ніжнюю (пратэстанцкую) цывілізацыі), цывілізацыйная дзяржава ня йснуе, ня ў воднай дзяржаве не складае большасьці, у Нямеччыне – нязначная меньшасьць, хутчэй другі сьвет. sr, 500, ws-p, 1/0, 0/1, IІ.

20. Сярэднеэўрапейская, me. 1000 гадовая, заходнеславянакаталіцкая, шасьціэтнічнанацыянальная (палякі, чэхі, славакі, кашубы, маравы, верхнія сорбы-лужычаны), трохдзяржаўнанацыянальная (палякі, чэхі, славакі), у трох дзяржавах (Польшчы, Чэхіі і Славаччыне) – падаўляючыя большасьці, у чатырох (Летуве, Беларусі,Украіне, Нямеччыне) – меньшасьці, семіпэрыфэрыя (ІІ сьвет). me, 1000, ws-c, 6/3-3/4, ІІ. 

Сярэднеэўрапейцы адрозьніваюцца ад ніжнегерманцаў вераю і этнічна (каталіцкая і пратэстанцкая, заходнія славяны й паўднёвыя германцы) аналягічна – ад паўночных германцаў-нардыйцаў. Ад верхнегерманцаў чэхі адрозьніваюцца этнічна (заходнія славяны — паўднёвыя германцы). Больш таго, па абодва бакі сучасных польска-нямецкай, чэска-нямецкай і чэска-аўстрыйскай дзяржаўных межаў жыве цывілізацыйна гомагеннае насельніцтва (за выключэньнем сорбаў-лужычан Нямеччыны). Ад вугорцаў – этнічна (заходнія славяны і вугры-уральцы).

21. Паўднёваэўрапейская, se (цывілізацыя названа так таму, што харваты і славенцы не жадаюць каб іх далучалі да рэгіёну Балкан). 1500 гадовая, паўднёваславянакаталіцкая, двуэтнічнанацыянальная (славенцы і харваты), двудзяржаўнанацыянальная (славенцы і харваты), у двух дзяржавах (Славеніі і Харватыі) дамінуюць, у адной (Босьніі і Герцэгавіне) харваты складаюць меньшасьць, другі сьвет (палітычна-эканамічная паўпэрыфэрыя). se, 1500, ss-c, 2/2-2/1, II.

Ад апэнінцаў-італійцаў адрозьніваюцца этнічна (славяны і раманцы) мяжуюць праз Адрыятычнае мора. Ад мусульман-басьнійцаў — плянэтарнымі цывілізацыямі (хрысьціянская і мусульманская). Ад балканцаў (найперш сэрбаў) – канфэсійна (каталікі і праваслаўныя), ад вугорцаў – этнічна (індаэўрапейцы і ўральцы).

Паводле П. Эбэрxардта (2009) славенцы і харваты выступаюць супроць іх  атаясамліваньня ў штодзённай міжнароднай грамадзкай думцы як часткі рэгіёну Балканы, таму назавём балканскае адгалінаваньне славяна-каталіцкай цывілізацыі паўднёваэўрапейскай, а славяна-праваслаўнай  — уласна балланскай. Аднак фізыка-геаграфічна паўднёваэўрапейцы жывуць (прынамсі харваты Далматыі) жывуць у межах Балканскага паўвострава.

22. Балканская, bl (наадварот, традыцыйныя усходнія хрысьціяны падкрэсьліваюць сваю датычнасьць да Балкан). 1500 гадовая, паўднёваславянаправаслаўная, чатырохэтнічнанацыянальная (балгары, сэрбы, чарнагорцы, македонцы) і чатырохдзяржаванацыянальная (тыя ж самыя), у чатырох дзяржавах складаюць большасьці, а ў Босьніі і Герцэгавіне (адна дзяржава) сэрбы – меньшасьць (аналягічна, ў непрызнаным Косаве сэрбы – меньшасьць), палітычна-эканамічная пэрыфэрыя (трэці сьвет). bl,1500, ss-o, 4/4-4/1, III.

Ад мусульман-басьнійцаў, альбанцаў-мусульман і туркаў як і паўднёваэўрапейцы адрозьніваюцца цывілізацыйна (розныя плянэтарныя цывілізацыі: хрысьціянская і мусульманская), ад крпатцаў (румын і малдаван), грэкаў – этнічна (паўднёвыя славяны і іншыя).

23. Грэцкая, gr. 1500 гадовая, грэкаправаслаўная, аднаэтнічнанацыянальная (грэкі Грэцыі і паўднёвага Кіпру), аднанадзяржаўнанацыянальная (Грэцыя), у Грэцыі грэкі зьяўляюцца большасьцю (ёсьць уласная цывілізацыйная дзяржава), на Кіпры грэкі дэ-факта маюць уласную дзяржаву дэ-юрэ дзелячы востраў разам з туркамі, другі сьвет. gr, 1500, g-o, 1/1-1/1, II. 8.

Цывілізацыя мае найстаражытнейшую традыцыю ва ўсёй Эўропе, бо кожны эўрапеец культурова паходзіць з старажытнай Грэцыі, а праваслаўе часта называюць грэцкаю вераю.

Сучасныя грэкі, акрамя Грэцыі, жывуць на Кіпры (грэцкая частка Кіпру ўвайшла ў Эўрапейскі Зьвяз) ды складаюць уплывовыя меншасьці ў іншых дзяржавах, карыстаюцца арыгінальнай новагрэцкаю моваю і ўласнымі альфабэтам ды пісьмовасьцю.

Ад туркаў адрозьніваюцца найперш уваходам у розныя плянэтарныя цывілізацыі (хрысьціянскую і мусульманскую), ад паўднёвых славян – этнічна (грэкі і славяны).

Агульнавядома, што ў часы сувэрэнізацыі сучаснай Турэччыны (пад кірапўніцтвам Кемаля Атацюрка) мільёны грэкаў былі выкінуты туркамі з заходняга ўзьбярэжжа Малай Азіі, дзе грэкі жылі тысячагоддзямі. Частка грэкаў загінула, іншым удалося перасеч Эгейскае мора і пасяліцца сярод суродзічаў на абшарах сучаснае Грэцыі. Вышэйзгаданае – прыклад цывілізацыяцыду.

24. Усходнеэўрапейская, ee. 1000 гадовая, усходнеславянаправаслаўная, двухэтнічнчнацыянальная (беларусы і ўкраінцы), двухдзяржаванацыянальная, у Беларусі і Ўкраіне – большасьці, у Польшчы, Летуве, Латвіі – маньшасьці, сусьветная палітычна-эканамічная пэрыфэрыя. ee, 1000, es-o, 2/2-2/3, III.

Цывілізацыя сфармавалася хутчэй у выніку збліжэньня паствізантыйскай эўрапейскай (заходняй) Русі ў складзе ВКЛ з лацінскай Эўропай (перажыла Адраджэньне, Рэфармацыю-Контррэфармацыю, максімальна вэстэрнізавалася ў часы Вуніі, вытрымала расейскую інвазію-эўразіятызацыю ў ХІХ – ХХ ст. Характэрызуецца запозьненым нацыя- і дзяржаватварэньнем.

Ад расейцаў-эўразійцаў усходнеэўрапейцы адрозьніваюцца рознымі кантынэнтальнымі цывілізацыямі (эўрапейскай і эўрапзійскай), ад балтыйцаў (летувісаў і латгалаў) этнічна і канфэсійна (традыцыйна праваслаўныя і каталікі), ад віленцаў – канфэсійна (як і ад балтыйцаў), ад палякаў і славакаў – цывілізацыйна, этнічна і канфэсійна (праваслаўныя і каталікі). Ад вугорцаў (трансдунайцаў і мадзьярцаў) – этнічна і канфэсійна (індаэўрапейцы і ўральцы, праваслаўныя і каталікі з пратэстантамі цывілізаваныя на спосаб трансдунайскі і мадзьярскі. Ад румын і малдаван – этнічна (усходнія славяны і раманцы).

У працэсе тварэньня мадэрных беларускай і ўкраінскай нацый гістарычная краіна Палесьсе што ляжыць у басэйне Прыпяці падзялілася. Паўночнае Палесьсе стала арэнай тварэньня беларускай нацыі, а паўднёвае – украінскай.

Агульнапрызнана этнаграфічная асобнасьць Палесься, аднак яго фрагмэнтарнасьць, адсутнасьць нацыятворчага цэнтру, або нацыятворчых цэнтраў (Пінск ім ня мог стаць), адсутнасьць нацыятворчых эліт былі вынікамі ў тым ліку цывілізацыйнай неарыгінальнасьці (частка усходнеэўрапейскай цывілізацыі). Меліярацыя Палесься паспрыяла росту колькасьці насельніцтва, а будаўніцтва шосаў і Транспалескай чыгункі – урбанізацыі.

Спроба нацыятварэньня на Заходнім і Цэнтральным Палесьсі ў пачатку 90-ых гадоў ХХ ст. ня была плённаю. Адзначым спробу літаратурнай кадыфікацыі заходнепалескай мовы, выданьня газэт “Збудінне” і “Белесы Полісся”, культурніцкую дзейнасьць групы інтузіястаў-інтэлектуалаў на чале зь Міколам Шэляговічам.

Аднак аб’ектыўная розьніца паміж заходнепалескімі гаворкамі й дыялектамі (цэнтр Берасьце) ды цэнтральнапалескімі (цэнтр Пінск) не спрыяла іх літаратурнай кадыфікацыі.

Палескі рэнесанс паступова згас у другой палове 90-ых гадоў. Назіраліся адзінкавыя культуровыя мерапрыемствы накшталт канцэртаў палескіх песень.

25. Bіленская, vl. 700 гадовая, балтаўсходнеславянакаталіцкая, аднаэтнічная (усходнебалта-усходнеславяны паводле этнагенэзісу) двухнацыянальная (беларусы-каталікі і палякі-каталікі паўночна-заходняй часткі Беларусі й Салечніцкага ды Віленскага раёнаў Летувы), цывлізацыйная дзяржава адсутнічае, у Беларусі, Летуве і Латвіі – меньшасьці, другі ды трэці сьвет. bs, 700, es-c, 1/0-0/3, ІІ-ІІІ.

Паводле Марыюша Кавальскага (2008) ад большасьці беларусаў адрозьніваюцца верай (заходняе хрысьціянства), аб летувісаў і палякаў – мовай (лацінізаваны заходнебеларускі дыялект які быў пакладзены ў аснову клясычнага варыянту літаратурнай беларускай мовы — тарашкевіцы). Нацыянальна – частка палякі, іншыя – беларусы.

На прыкладзе віленскай цывілізацыі бачым, што ня ўсе падставовыя цывілізацыі пераўтворваюцца ў асобныя мадэрныя нацыі. Вядома спроба на гістарычнай Віленшчыне ўтварыць асобнае дзяржаўнае ўтварэньне – Сярэднюю Літву. Але пасьля Рыжскай дамовы 1921 г. уся Віленшчына ўвайшла ў склад другой (міжваеннай) Рэчы Паспалітай. Экспэрымэнты з Сярэдняй Літвой скончыліся.

26. Карпацкая, cr. 1500 гадовая, усходнераманаправаслаўная, двухэтнічнанацыянальная (румыны і малдаваны), двухдзяржаўнанацыянальная (аналягічна), у Румыніі і Малдове – большасьці, дзьве цывілізацыйныя дзяржавы (адпаведна Румынія і Малдова), трэці сьвет. cr, 1500, r-о, 2/2-2/0, III.

Румыны і малдаваны маюць пасьлярымскія этнічныя карані, аднак іх доўгае пражываньне побач з вугорцамі й славянамі-праваслаўнымі наклала адбітак на рэлігійнасьць і менталітэт у пляне памяньшэньня ролі індывілуалізму й павялічэньня вагі супольнасных абавязкаў асобы. Раманы-праваслаўныя карысталіся кірыліцай (да 1960 года Румынія, да 1990 года Малдова).  У 1990 г. у Малдове вернуты ва ўжытак гістарычная нацыянальная лацінка разам з традыцыйным трыкалёрам (сіне-жоўта-чырвоным сьцягам).

Ад вугорцаў адрозьніваюцца этнічна (раманцы-індаэўрапейцы і вугры-уральцы), ад усходнеэўрапейцаў – этнічна (раманцы і славяны), аналягічна – ад паўднёваэўрапейцаў.

27. Транспалеская, tp. 400 гадовая (з часу Берасьцейскай вуніі), усходнеславянскавуніяцкая, двухэтнічнанацыянальная (беларусы і ўкраінцы), двухдзяржаўнанацыянальная (беларусы і ўкраінцы), цывілізацыйныя дзяржавы адсутнічаюць, носьбіты цывілізацыйнасьці – меньшасьці ва Ўкраіне і Беларусі, трэці сьвет. tp, 400, es-u, 2/2-0/2, III.

Вунія шырока распаўсюдзілася на ўсходнехрысьціянскія абшары Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, выцесьніўшы праваслаўе. Пасьля забароны Вуніі ў Расейскай імпэрыі (1839 г.) вуніяты засталіся ў Галіцыі (Аўстра-Вугоршчына). Пасьля распаду СССР, г. зн. зьняцьця забароны, — вуніяцкая царква распаўсюдзілася на абшары Заходняй Украіны і Беларусі (у меньшай ступені). Увогуле, назіраецца ўзмацненьне вуніяцкае цывілізацыі.

28. Гагаузская, gg. 750 гадовая, цюркаправаслаўная, аднаэтнічнанацыянальная, цывілізацыйная дзяржава адсутнічае, меньшасьць на поўдні Малдовы (Камрат), трэці сьвет. gg, 750, t-o, 1/0-0/1, III.

Цюркскі этнас, што вызнае праваслаўе. Ад малдаван адрозьніваюцца этнічна (алтайцы-цюркі ды індаэўрапейцы-раманцы).

29. Паўночна-альбанская, na. 1000 гадовая, альбанскакаталіцкая, аднаэтнічнанацыянальная, меньшасьць у асноўным на поўначы Альбаніі, трэці сьвет (пэрыфэрыя). na, 1000, a-c, 1/0-0/1, III. Альбанцы-каталікі што атаясамліваюць сябе з лацінскай цывілізацыяй.

Ад большасьці альбанцаў адрозьніваюцца цывілізацыйна (розныя плянэтарныя цывілізацыі: хрысьціянская і мусульманская), так жа ад мусульман-басьнякоў. Ад харватаў – этнічна (альбанцы і паўднёвыя славяны), аналягічна – ад сэрбаў, толькі яшчэ канфэсійна –  традыцыйныя каталікі й праваслаўныя.

30. Паўднёва-альбанская, sa. 1000 гадовая, альбанскаправаслаўная, аднаэтнічнанацыянальная, меньшасьць на поўдні Альбаніі, трэці сьвет (пэрыфэрыя). sa, 1000, a-o, 1/0-0/1, III.

Ад грэкаў аб’ектыўна адрозьніваюцца этнічна. Ад большасьці альбанцаў – рознасьцю плянэтарных цывілізацый (аналягічна як і паўночныя альбанцы). Ад балканцаў (паўднёвых славян) – этнічна (альбанцы і славяны).

Паводле Пётра Эбэрхардта (2008) праваслаўныя альбанцы нацыянальна сябе адчуваюць грэкамі, асабліва тады, калі перасяляюцца ў Грэцыю, г. зн. што ў іх нацыянальная ідэнтыфікацыя не супадае з этнічным генэзісам. Тое зьвязана зь іх раньняй усходняй хрысьціянізацыяй. Розьніца паміж аб’ектыўнай этнічнай належнасьцю і нацыянальнай ідэнтыфікацыяй у сьвеце зьява нярэдкая, але ў дадным выпадку альбанцы гістарычна раней пправаславінізаваліся (да іслямізацыі). Доўгая традыцыя праваслаўя зьвязанага з грэцкім генэзісам (грэцкая вера) плюс вышэйшы ўзровень матэрыяльнага жыцьця ў Грэцыі, — перадвызначылі стварэньне незвычайнай нацыянальнай сьвядомасьці. У Грэцыі этнічныя грэкі выдатна адрозьніваюць этнічных альбанцаў (у побыце міжсобку тыя размаўляюць па-альбанску, паводзяць сябе інакш, чым грэкі).

Трыццаць традыцыйных цывілізацыйных супольнасьцяў адпавядаюць усім чыньнікам цывілізацыі Эўропы, толькі цюркі-гагаузы і уральцы-вугорцы маюць этнічнае паходжаньне (генэзіс) не з абшараў фізыка-геаграфічнае Эўропы. Магчыма, ёсьць сэнс ангельцаў-каталікоў выдзеліць у асобную лякальную цывілізацыю.

Вышэйпералічаныя цывілізацыі – лякальныя. Іх абазначым літарай L

Аднак, у фізыка-геаграфічнай Эўропе існавалі і йснуюць цывілізацыйныя абшары й часапрасторы, якія нельга да цывілізацыі Эўропы. Яны зьяўляюцца мусульманскімі анклявамі на Балканах – часткай сусьветнай мусульманскай цывілізацыі. Гэта сьведчыць аб тым, што фізыка-геаграфічная Эўропа не супадае з цывілізацыйнай.

Вядома, што мусульманы-басьнійцы, спрадвечна жылі ў Эўропе, маюць эўрапейскі этнагенэз, аднак у часы Асманскай імпэрыі падвергліся іслямізацыі, з-за чаго мелі прыфэрэнцыі (Пётр Эбэрхардт, 2008) і г. д. Значыць – сталі часткаю іслямскае цывілізацыі. Аналягічна з большасьцю альбанцаў, часткаю баўгараў што іслямізаваліся (памакі). Пасьля 1989 года многія памакі зьехалі з Балгарыі ў Турэччыу.

 Крымскія татары маюць азіяцкі генэзіс, традыцыйныя мусульманы, іх мова бліжэйшая да турэцкай. Тое ж самае з туркамі што жывуць у Фракіі (частцы фізыка-геаграфічнае Эўропы).

Іншая справа, што хрысьціяны копты, хрысьціяны Палястыны, Сырыі, Лівану, хрысьціяны Грузіі (праваслаўныя), Армэніі сімелятыўны (аднолькавыя) у плане ўнівэрсальнай рэлігіі з эўрапейцамі, аднак яны жывуць па-за абшарамі фізыка-геаграфічнае Эўропы, маюць неэўрапейскі генэзіс. Таму яны фарміруюць асобныя часапрасторы кантынэнтальнай Каўказскай хрысьціянскай цывілізацыі (каўказа-хрысьціянскі, армяна-хрысьціянскі). Яны гістарычна раней хрысьціянізаваліся за продкаў сёньняшніх эўрапейцаў, аднак іх хрысьціянскія абшары рэліктавыя, г. зн. захаваліся пасьля іслямізацыі Малой Азіі і Блізкага Ўсходу.

 

Б. Рэгіянальныя цывілізацыі (R)

Лякальныя цывілізацыі аб’ядноўваюцца ў рэгіянальныя. Іх абазначым літарай R.

Доўга была надзвычай актуальнаю праблема аб’ядненьня лякальных цывілізацый у рэгіянальныя. Адны рэгіянальныя цывілізацыі маюць супольны абшар (напрыклад, рамана-лацінская, балта-лацінская), а ў іншых супольныя тэрыторыі разарваны акваторыямі (як у германа-лацінскай). У трэціх (славяна-лацінскай і грэка-славянскай) абшары складаюцца з двух частак (адпаведна сярэднеэўрапейскай і паўднёваэўрапейскай, усходнеэўрапейскай і балканскай). Нарэшце чацьвёртыя рэгіянальныя цывілізацыі супадаюць з аднайменнымі лякальнымі (ібэрыйская з біскайскай, гагаузская з надднястроўскай).

Большае падабенства назіраецца ў гісторыях рэгіянальных цывілізацый. Рамана-лацінская цывілізацыя была ў складзе Рымскай імпэрыі, а германа-лацінская – часткаю барбарыкума. Тое ж з славяна-лацінскай і з грэка-славянскай. Большасьць сёньняшніх славяна-лацінскіх нацый (акрамя палякаў і сорбаў-лужычан) уваходзілі ў склад былой Аўстра-Вугоршчыны, а славяна-усходнехрысьціянскіх – у склад Асманскай (балканскія славяны) і Расейскай (усходнія славяны ўкраінцы й беларусы) імпэрый.

Нарэшце параўнаньне рэлігійнасьці і этнічнасьці прыводзіць нас да выніку. Напрыклад, пірынейская, апэнінская, альпійская і французская лякальныя цывілізацыі твораць адну пастрымскую рэгіянальную. Нардычная, верхнегерманская, ніжнегерманская, і брытанская – адну паўночнаэўрапейскую рэгіянальную і г. д. Блізія веры (каталіцызм і пратэстантызм, праваслаўе і вуніяцтва) аб’ядноўваюцца ў адпаведна заходняе (лацінскае) і ўсходняе (грэцкае) хрысьціянства.

Як бачым, лякальныя цывілізацыі аб’ядноўваюцца ў рэгіянальныя паводле меньшай колькасьці чыньнікаў.

 У цывілізацыі Эўропы рэгіянальных цывілізацый у больш чым у два разы меньш чым лякальных, г. зн. што 30 лякальных цывілізацый аб’ядноўваюцца толькі ў 14 рэгіянальных.

Рэгіянальныя соцыюмы-цывілізацыі абазначым двума малымі лацінскімі літарамі з злучком (дэфісам) паміж літарамі, або адной малой лацінскай літарай. Захаваем:

1. Традыцыйную наменклятуру з назвамі традыцыйных:

— рэлігійнасьці-этнічнасьці ва ўсходнехрысьціянскай (грэка-…) надцывілізацыі (напрыклад, g-e – грэка-элады), дзе лацінская літара g абавязкова прысутнічае і ставіцца да абазначэньня традыцыйнай этнічнасьці (g-…);

— этнічнасьці-рэлігійнасьці ў заходнехрысьціянскай (лацінскай) надцывілізацыі (напрыклад, r-l – рамана-лацінская), дзе лацінская літара l абавязкова прысутнічае і ставіцца пасьля абазначэньня традыцыйнай рэлігійнасьці (…-l).

2. Геаграфічную наменклятуру з назвамі:

 — адной маленькай лацінскай літарай. Напрыклад, і – ібэрыйская (баска-лацінская) цывілізацыя;

— двума маленькімі лацінскімі літарамі з абавязковым выстаўленьнем злучка (дэфіса) паміж імі. Напрыклад, n-e – паўночнаэўрапейская (германа-лацінская) цывілізацыя.

1. Пастрымская, p-r, або рамана-лацінская r-l = апэнінская, ар + пірынэйская, pr + французская, fr + альпійская, al . Рамана-лацінская, r-l – сукупнасьць чатырох лякальных цывілізацый..

Гэта цывілізацыя старажытнейшая, бо сфармавалася на аснове культуры Рымскай і Заходне-Рымскай імпэрый. Пасьля распаду імпэрый характэрнымі рысамі насельніцтва пастрымскіх тэрыторый былі заходняе хрысціянства й латынь, пасьля зьнікненьня якой (як жывой мовы) вышэйзгаданыя супольнасьці запазычылі лацінскі альфабэт і спосаб напісаньня, адаптаваўшы іх да сваіх моўнасьцяў ды сфармаваўшы зь іх літаратурныя мовы. Затым узніклі рамана-лацінскія дзяржавы.

Рамана-лацінскі сьвет даў Эўропе найстарэйшы й найвялікшы досьвед  перасяленства. Перасяленская Лацінаамэрыканская цывілізацыя цалкам сфарміравалася на аснове рамана-лацінскага (партугальска і гішпанскага) этнічна-рэлігійнага культуровага субстрату з дадаткамі культур лацінаамэрыканскіх абарыгенаў. Рэлігійна-культуровы ўплыў Францыі ў Цэнтральнай і Сярэдняй Афрыцы стаў дамінуючым, а клясычная лаціна-італійская рэлігійная культура вядома каталікам усяго сьвету.

Нарэшце, пяць раманскіх дзяржаў маюць характэрныя сьцягі-трыкалёры зь вертыкальных пасаў (Францыя, Бэльгія, Італія, Румынія, Малдова).

Паводле велічыні нацыянальнага прадукту брута (НПБ) на 1 асобу (на 2002 г.) эўрапейскія рамана-лацінскія дзяржавы надзвычай дыфэрэнцаваны: ад < 36 тыс. USD у Швэйцарыі (франка- і італашвэйцарцы, а таксама рэтрараманцы), < 24 тыс. даляраў ЗША у Бэльгіі (валёны), да 12.000 USD у Партугаліі і 9 тыс. – на Мальце. Аднак, усе рамана-лацінскія супольнасьці Старога Сьвету ўваходзяць у лік багатых, заможных і найзаможнейшых (рамана-швэйцарцы).

Нацыянальны даход брута ў плацёжнай сіле валют (НДБ ПСВ) на адну асобу (на 2002 г.) дыфэрэнцуецца ад 28 тыс. IND (у рамана-швэйцарцаў) да 18 тыс. IND у партугальцаў. Рамана-лацінскія дзяржавы Эўропы – заможныя і багатыя.

Трэці важны паказчык – індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу (ІРЧП) ў традыцыйных рамана-лацінскіх дзяржаў горшы, чым ў германа-пратэстантаў. Аднак валёны Бэльгіі зьяўляюцца выключэньнем, займаючы трэцяе месца ў Эўропе (4-е ў сьвеце). Францыя займае 8-е месца ў Старым Сьвеце (12-е ў сьвеце), а іншыя вялікія супольнасьці (паводле ІРЧП) ўваходзяць ў другую дзясятку дзяржаў Эўропы.

2. Цэнтральнаэўрапейская, n-e = ніжнегерманская, hg + верхнегерманская, lg + нардычная, nr + брытанская, br. Германа-лацінская, g-l – таксама сукупнасьць чатырох лякальных цывілізацый.

3. Заходнеэўрапейская, w-e = трансламаншская, t-l + уэльская, w-l. Кельта-лацінская, c-l – уключае дзьве лякальныя цывілізацыі з блізкімі абшарамі, агульнаю часапрасторай, кельцкай этнічнасьцю.

4. Ібэрыйская, і = біскайская, bs. Баска-лацінская, b-l. Як на ўзроўні лякальным, так і на рэгіянальным баскі-каталікі фарміруюць асобную цывілізацыю, чым і тлумачыцца іх выключная адпорнасьць на асіміляцыю.

5. Мальтанская, m. = мальційская, ml. Мальта-лацінская, m-l. Аналягічна як і ібэрыйская. Унікальная этнічнасьць плюс ізаляванае геаграфічнае становішча вызначылі ўнікальную цывілізацыйнасьць, якая індэнтыфікуецца як на лякальным, так і на рэгіянальным узроўнях.

6. Усходнебалтыйская, е-b = балтыйская, bl + балцкая. bt. Балта-лацінская, b-l. Уключае дзьве асобныя лякальныя цывілізацыі этнічных усходніх балтаў.

7. Усходнебатнічная, b-e. = фінская, fn. Фіна-лацінская, f-l. Аналягічна, асобная арыгінальная цывілізацыйнасьць фіна-вуграў (фінаў і эстонцаў) праглядаецца як на лякальным, так і на рэгіянальным узроўнях.

8. Вугорская, h-g. = трансдунайская, td + мадзьярская, mg. Вугра-лацінская, h-l. Дзьве вугорскія лякальныя цывілізацыі фарміруюць адну рэгіянальную. Агульнавядома этнічная асобнасьць вугорцаў-уральцаў ад іншых эўрапейцаў.

9. Паўднёвая, s = грэцкая, gr . Грэка-элады, g-e. Грэкі, зь іх унікальнай гісторыяй, унікальныя этнічна, таму на лякальным і рэгіянальным узроўнях фарміруюць асобныя цывілізацыі.

10. Балкана-усходнеэўрапейская, b-е. b-e = балканская, bl + усходнеэўрапейская ee. Грэка-славянская, g-s. Ня гледзячы на два абшары, блізкасьць гістарычнага мінулага, этнічная (славяны) блізкасьць і рэлігійная аднолькавасьць (традыцыйныя праваслаўныя) аб’ядноўваюць дзьве лякальныя цывілізацыі ў адну рэгіянальную.

Акрамя сваяго грэка-бізантыйскага генэзісу й тысячагадовай гісторыі зьяўляецца самабытнай і найбольш ізаляванай часткай Эўропы, з насельніцтвам каля 80  млн. чал. Можна аднесьці Баўгарыю, Сэрбію, Чарнагорыю, Македонію, Украіну і Беларусь. Геаграфічна й этнічна падзяляецца на паўднёваэўрапейскую (паўднёвыя славяны Баўгарыі, Сэрбіі, Чарнагорыі, Македоніі, сэрбская праваслаўная супольнасьць Босьніі і Герцэгавіны) і сярэдняэўрапейскую (усходнія славяны Ўкраіны й Беларусі). Статыстычная большасьць эўрапейскіх грэка-славян жыве ва Ўсходняй Эўропе (украінцы і беларусы), а большасьць славяна-праваслаўных этнасаў і дзяржаў (сэрбская частка Босьніі і Герцагавіны) знаходзяцца ў Паўднёвай Эўропе (на Балканах). Нацыятварэньні ў славян-праваслаўных гістарычна некалькі запозьненыя, што, між іншым, тлумачыцца доўгімі ўплывамі турэцкай (Балгарыя і іншыя балканскія краіны), польскай і расейскай інвазій. У мэнтальнасьці найменшая ў Эўропе вага каштоўнасьці індывідуалізму асобы, ды найбольшая — абавязкаў індывіду перад герархізаванымі супольнасьцямі.

Акрамя нацыянальных альфабэтаў, усталяваных на аснове кірыліцы, характэрнай рысай славяна-праваслаўных краін зьяўляецца пражываньне разам з традыцыйнымі супольнасьцямі шматлікіх меньшасьцяў. На Балканах такімі зьяўляюцца рэлігійна-этнічныя (мусульманы-туркі ў Балгарыі, мусульманы-альбанцы ў Косаве і Чарнагорыі). Ва Ўкраіне і Беларусі — рэлігійныя ды этнічныя супольнасьці.

Паводле НПБ на 1 асобу ў год (у далярах ЗША) славяна-праваслаўныя дзяржавы ўваходзяць у чацьвёртую дзесятку, таму зьяўляюцца аднымі з найбяднейшых у Эўропе (усяго ад > 1.400 да > 800 USD у 2002 г.).

НДБ ПСВ на 1 сярэднестатыстычную асобу на 2002 г. у славяна-праваслаўных дзяржавах складае ад 7.000 – да 4.800 (у IND), таму славяна-праваслаўныя дзяржавы займаюць месцы ў апошняй чацьвёртай дзесятцы дзяржаў Старога Сьвету.

Адсюль, ІРЧП традыцыйна славяна-праваслаўных краін меншы, чым у іншых вялікіх эўрапейскіх цывілізацыйных супольнасьцяў. Беларусь – лідэр славяна-праваслаўнага сьвету паводле ІРЧП, бо знаходзіцца на ганаровым 30-м месцы ў Эўропе (у 2002 г.). Астатнія супольнасьці ўваходзяць у 4-ю дзесятку эўрапейскіх дзяржаў.

Цывілізацыйна-генэтычныя прыкметы:

1. Пастгрэцкія і паствізантыйскія культурова-рэлігійныя карані. Праваслаўная царква як адзін з чыньнікаў індэнтыфікацыі.

2. Доўгае падпарадкаваньне і ўплывы іншых цывілізацый (цюрка-мусульманскай і эўразійскай).

3. Наяўнасьць вялікіх этнічных, канфэсійных, этнаканфэсійных меньшасьцяў як вынік падпарадкаваньняў і ўплываў.

4. Шавінізм (сэрбскі) і вызвольніцтва (баўгарскае, украінскае, беларускае). Чаргаваньне шавінізмаў і вызвольніцтваў у нацыяналізмах, іх камбінаваньне ў розных напрамках і ў розныя часы.

5. Масавае зьмяньшэньне колькасьці насельніцтва (Украіна, Беларусь, Баўгарыя) пасьля падзеньня камунізму.

6. Кволыя парасткі дэмакратыі з прычынаў ня толькі шырокай, але і глыбокай таталітарызацыі супольнасьцяў у час камунізму. Адсюль вялікая папулярнасьць аўтарытарызму і ізаляцыянізму.

7. Надзвычайная розьніца паміж рэгіёнамі як вынік 2, 3, 4 прычын, а таксама значных уплываў суседніх дзяржаў на памежныя рэгіёны (Украіна, Сэрбія, Беларусь, Македонія).

8. Незвычайныя этнонімы і палітонімы, якія зьмяняліся гістарычна і маюць рознае паходжаньне (Украіна – ускраіна, Беларусь – Белая Русь, Літва, Русь, Македонія – традыцыя з часоў Аляксандра Македонскага, Сэрбія – агульнаславянскае, Чарнагорыя – Чорная гара, Баўгарыя – магчыма ад цюркаў баўгар-балкар).

9. Кірыліца – асноўны алфавіт, лацінка – другі альфабэт (Сэрбія, Беларусь, Украіна).

10. Найменьшыя ў Эўропе традыцыі індывідуалізму, што, верагодна, зьяўляецца адной з прычын найменьшага ў Эўропе дабрабыту. Цяга да дзяржаўнай цэнтралізацыі, часам яшчэ ня поўнае аддзяленьне дэ-факта прыватнага права ад публічнага.

11. Дунайская, d = карпацкая, сr. Грэка-раманская, g-r. Румыны й малдаваны фарміруюць адну цывілізацыю на розных узроўнях (на лякальным рамана-праваслаўную, на рэгіянальным – рамана-усходнехрысьціянскую).

12. Днястроўская, d-n = гагаузская gg. Грэка-цюркская, g-t. Унікальныя этнічна цюркі-гагаузы, што папалі ў абшар эўрапейскага ўсходняга хрысьціянства фарміруюць асобную цывілізацыю на двух узроўнях (лякальным і рэгіянальным).

13. Усхаднеадрыятычная, e-a = паўднёваальбанская, sa. Грэка-альбанская, g-a. Аналягічна з альбанцамі што прынялі ўсходняе хрысьціянства.

14. Адрыятычная, а = паўночнаальбанская, na. Альбана-лацінская, a-l. Тое ж самае з альбанцамі-каталікамі.

15. Паўднёва-сярэднеэўрапейская, = паўднёваэўрапейская, se + сярэднеэўрапейская, me + віленская, vl. Славяна-лацінская s-l. Анлягічна балкана-усходнеэўрапейскай цывілізацыі, некалькі адзіны славянскі абшар быў разарваны вуграмі на два абшары.

Славяна-лацінская цывілізацыя ўключае ў сябе Польшчу, Чэхію, Славаччыну, а таксама Харватыю ды Славенію, а таксама паўночны-захад Беларусі і частку гістарычнай краіны Віленшчыны, што належыць Летуве.  Традыцыйна зьяўляецца славяна-лацінскай цывілізацыяй, ня гледзячы на тое, што доўгі час чэхі, славакі, харваты і славенцы знаходзіліся ў складзе Аўстра-Вугорскай імпэрыі й падвергліся значнаму германскаму культуроваму ды цывілізацыйнаму ўплыву.

На левабярэжжы Лужыцкай Нысы жывуць сорбы-лужычаны, частка якіх спавядае каталіцтва, г. зн. уваходзіць у славяна-каталіцкі сьвет. Сорбы-лужычаны разам з асіміляванымі (у асноўным анямечанымі і загінуўшымі) палабскімі славянамі (апошнія носьбіты жывых заходнеславянскіх палабскіх гаворак памерлі ў ХVІІІ ст.) адносяцца да заходнеславянскай групы.

Злы жарт у гісторыі палабскіх славянам сыгралі два гістарычныя чыньнікі: іх адмова прыняць хрысьціянства, іх няздольнасьць у ІХ-Х стст. арганізавацца ў адзіную дзяржаву (дзякуючы недалёкай палітыцы тагачасных эліт). Сучасныя назвы ўсходненямецкіх местаў (гарадоў) маюць славянскі генэзіс (паходжаньне): Дрэздэн – Дрэзна, Расток, Бэрлін (П. Гарнцарэк, 2008)

Акрамя каталіцтва, характэрнай рысай зьяўляецца лацінка (нацыянальныя альфабэты сфармаваліся на аснове лацінскага) з традыцыйнымі польскім і чэскім спосабамі пісьма. Аналягічна, паводле геаграфічнасьці й этнічнасьці, — падзяляецца на паўднёваэўрапейскую (Харватыя, Славенія) і сярэдняэўрапейскую (Польшча, Чэхія, Славаччына). Пераканаўчая большасьць славян-каталікоў жыве ў Сярэдняй Эўропе.

Сярод дзяржаў Усходняй Эўропы славяна-каталіцкія дзяржавы першымі вызваліліся ад камунізму. Тут раней распачаліся рэформы, таму дасягнуты самы высокі ўзровень жыцьця ў рэгіёне. Усе зь пяці славяна-каталіцкіх дзяржаў – сябры Эўрапейскага Зьвязу.

Славяна-каталіцкая еднасьць своеасабліва праяўляецца ў гарызантальных пасах бела-сіне-чырвоных колераў на нацыянальных сьцягох.

Нацыянальны прадукт брута (НПБ) на 1 асобу за год у славяна-каталікоў меньшы, чым ў германа-пратэстантаў і рамана-каталікоў. Ён складае ўсяго ад 7 тыс. USD ў Чэхіі (2002 г.), — да 4 тыс. USD ў Славаччыне. Таму славяна-каталіцкія гаспадарствы – сярэднеразьвітыя. Толькі Славенія мае НПБ на 1 асобу за год (2002) амаль 11 тыс. USD (уваходзіць разам зь іншымі міжземнаморскімі краінамі у лік багатых дзяржаў Эўропы).

Значная розьніца ў даходах паміж чэхамі і славакамі – адна зь істотнейшых прычын мірнага падзелу былой Чэхаславаччыны, які быў матэрыяльна выгадны для чэхаў (пазбавіліся ад фінансаваньня бяднейшай Славаччыны).

НДБ ПСВ на 1 асобу за 2002 г. у славяна-каталіцкіх дзяржавах вагаецца ад 15 тыс. IND у Чэхіі, да 10 тыс. у Славаччыне (група сярэдніх прыбыткаў). Выключэньне складае Славенія, якая пасьля камунізму ўвайшла ў шэраг багатых дзяржаў зь сярэднім даходам славенцаў 18.000 IND.

Лідэр славяна-каталіцкага сьвету – Славенія займае 20-е месца ў Эўропе (29-е ў сьвеце) паводле ІРЧП. Астатнія супольнасьці – у трэцяй эўрапейскай дзесятцы (22-25 месцы).

Ітак, адны рэгіянальныя цывілізацыі складаюцца з адзінай лякальнай (ібэрыйская, мальтанская), а іншыя – аж з трох-чатырох лякальных (пастрымская, цэнтральнаэўрапейская).

 

В. Кантынэнтальныя цывілізацыі (С)

Трэці ўзровень тыпізацыі цывілізацый – кантынэнтальны. На гэтым узроўні цывілізацыі зьвязаны з часткамі кантынэнтаў, маюць уласныя абшары, гісторыі што аб’ядноўваюцца ў часапрасторы. Зьвязаны з асобнымі рэлігіямі і іх адгалінаваньнямі, заселены этнасамі-народамі адной сям’і, з дамешкамі іншых сем’яў і груп і г. д.

Кантынэнтальны ўзровень складаюць наступныя цывілізацыі:

1. Каўказская, Са. Хрысьціянства на захадзе Каўказу было прынята надзвычай рана. Армэнія стала хрысьціянскай у ІІІ ст. н. э. Затым, у выніку іслямізацыі Малой Азіі і прылеглых да яе абшараў на ўсход, каўказскі абшар хрысьціянства ізаляваўся. Таму каўказская цывілізацыя самая старажытная паводле традыцыі з захаваўшыхся суцэльных вялікіх абшараў хрысьціянства. Падзяляецца на картвэльскую (грузіны і інш.) і армянскую (армяны) рэгтянальныя цывілізацыі. Каўказскі абшар суцэльны, але параўнальна невялікі.

2. Эўропы, Еu. Узьнікла пасьля падзеньня Рымскай імпэрыі, зьмяшэньня варварскага насельніцтва з насельніцтвам фізыка-геаграфічнай Эўропы, хрысьціянізацыяй варвараў германцаў, славян і іншых складаных працэсаў. Мае 1500 год узросту, самая старэйшая з хрысьціянскіх вялікіх кантынэнтальных цывілізацый (акрамя Каўказу).

Характэрызуецца: сярэднімі памерамі абшару, найвялікшай колькасьцю насельніцтва, палітычна-эканамічнай цэнтрычнасьцю (найвялікшая колькасьць у сьвеце разьвітых дзяржаў з найвялікшай колькасьцю насельніцтва і г. д.), паўпэрыфэрыйнасьцю і пэрыфэрыйнасьцю. Вышэйзгаданае зьмяняецца ў напрамках з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень. Іншыя вялікія хрысьціянскія цывілізацыі (акрамя Каўказу) ўзьніклі ад перасяленьня эўрапейцаў-хрысьціян. Эўразія як з маскоўцаў Масковіі, так і зь іх перасяленьня на ўсход.

Больш аб цывілізацыі Эўропы – далей.

3. Эўразія, Еа. Уключае ў сябе як абшар маскоўскага хрысьціянскага этнасу (саманазва – “рускія”), так і пэрыфэрыйныя абшары на якія расьсяляліся маскоўцы мяшаючыся з тубыльцамі, як правіла, — хрысьціянізуючы і асімілюючы іх (найперш поўнач і ўсход фізыка-геаграфічнае Эўропы, Паўночную Азію). Унікальная тым, што зьяўляецца паўперасяленскай.

Доктарам геагрфічных навук Томашам Вітасам (Tomasz Wites) зь геаграфічнага факультэту Варшаўскага Ўнівэрсытэту была напісана доктарская дысэртацыя на тэму “Абязьлюджваньне расейскай Сібіры і Далёкага Ўсходу” у якой фіксавалася зьмяньшэньне неабарыгеннага (найперш славянскага) насельніцтва ў эўразійскай Паўночнай Азіі за конт эміграцыі расейцаў і зрасейшчаных у эўрапейскую частку Расеі ў 90-ыя гады ХХ ст. – першую палову 2000 гадоў ХХ ст.

4. Паўночная Амэрыка, . Узьнікла з перасяленцаў найперш заходніх германа-пратэстантаў (брытанцаў) і іншых эўрапейцаў, што нязьмешваліся з тубыльцамі, міграцыі іх на захад. Уключае разьвітыя ЗША і Канаду. Адзіная з хрысьціянскіх цывілізацый што складаецца з двух разьвітых дзяржаў. Пабудавана на моўным, этнічным і канфэсійным англа-германа-пратэстанцкім груньце. Часткова – французскім (канадыйскі Квэбэк).

5. Лацінская Амэрыка, . Узьнікла 500 год таму ў эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў. Адбываліся працэсы перасяленьня найперш насельніцтва пірынэйскай лякальнай цывілізацыі, яго зьмешваньня з тубыльцамі-індзейцамі. У пачатку ХІХ ст. суверэнізаваліся лацінаамэрыканскія дзяржавы. Пабудавана на партугала-гішпанскім моўным, каталіцкім веравызнаўчым, цывілізацыйна – пірынэйскім падмурку.

6. Паўднёвая Афрыка, Sa. Пабудавана на брытанскім цывілізацыйным грунце.

7. Аўстралія і Акіянія, Ао. Аналягічна, вынік перасяленьня найперш прадстаўнікоў брытанскае (заходне-германска пратэстанцкае) цывілізацыі.

8. Філіпіны, Рh. Утварылася ў выніку-хрысьціянізацыі-каталіцызацыі мясцовага насельніцтва ў каляніяльную эпоху.

Усе перасяленцкія хрысьціянскія цывілізацыі акрамя Эўропы і Каўказу функцыянуюць паводле правіла “плавільнага катла”, дзе пануючы соцыюм асімілюе іншыя. У Эўразіі “плавільны кацёл” распаўсюджваецца на ўсе немаскоўскія этнасы-народы.

 

Г. Плянэтарныя цывілізацыі (Р)

Найвышэйшы ўзровень у вертыкальнай структуры цывілізацый – плянэтарны. Вышэй – толькі ўсё чалавецтва на Зямлі.

Прафэсар гістарычнага факультэту БДУ Кошалеў прадбачліва заўважыў, што агульных чыньнікаў для выдзяленьня найвялікшых цывілізацый набярэцца нямнога. 

Стан навукі ў ХХ ст. дазваляе сьцьвярджаць, што асноўнымі сукупнасьцямі чыньнікаў, паводле якіх можна выдзеліць самыя гіганцкія соцыюмы-цывілізацыі, або тыпы агульнага побыту будуць: агульныя рэлігійнасьці, агульныя гісторыі або блізкасьць гісторый, што аб’яднаем у часапрастору (-ы), агульны ыбшар, або сукупнасьць абшараў.

У плянэтарных цывілізацыях абсалютна розная этнічнасьць насельніцтва, аднак сьцьвярджэньне аб тым, што найвялікшыя цывілізацыі зьвязаны з найвялікшымі рэлігіямі – праўдзівае.

Дасьледчыкі не выдзялялі адзіную хрысьціянскую цывілізацыю, аднак яе прыйдзецца выдзеліць, бо вызнаўцы веры ў Ісуса Хрыста/ Езуса Хрыста ў цэлым адзіныя. Ня гледзячы на шматкаляровасьць.

У пачатку ХХІ ст на Зямлі існуюць наступныя плянэтарныя цывілізацыі:

1. Юдаістычная, YU. Узьнікла сярод жыдоў. Вызначыла надзвычайную кансалідацыю жыдоў-юдаістых і незвычайную адпорнасьць на асіміляцыю. Дзякуючы юдаізму жыды перажылі тысячагоддзі выгнаньня, расьляліліся сярод іншых соцыюмаў, выбітна да іх прыстасаваліся. Кагальны спосаб жыцьця і сінагога як мейсца жыцьця стымулявалі распаўсюду сярод юдаістых ідэалёгіі сіянізму. Вышэйназванае прывяло да масавага прыезду жыдоў-юдаістых на Ўсходняе Міжземнамор’е, іх засяленьню “зямлі абітаванай” і ўзінікненьнью юдаістычнай і сіяністычнай дзяржавы Ізраіль. Тое адбылося ня гледзячы на варожае мусульманскае асяроддзе.

У Эўропе да Галякосту існавалі шматлікія юдаістычныя кагалы-грамады. Юдаісты займаліся гандлем, абслугоўваньнем, банкаўскай сфэрай, арганізоўвалі прамысловасьць і г. д.

2. Хрысьціянская, СR. Узьнікла сярод жыдоўскага этнасу. Першасна распаўсюдзілася на Палястыну і Сырыю. Ужо ў ІІІ стала афіцыйнаю рэлігіяй у Рымскай імпэрыі. Паспрыяла зьнікненью Міжземнаморскай цывілізацыі і фарміраваньню на яе падмурку новай цывілізацыі – цывілізацыі Эўропы. У эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў і пасьля яе эўрапейцы разьнесьлі хрысьціянства па ўсяму сьвету. Хрысьціянская цывілізацыя займае абшары ўсіх заселеных кантынэнтаў, утвараючы своеасаблівае плянэтарнае кола.

3. Мусульманская, MU. Узьнікла сярод арабаў на Аравійскім паўвостраве. Хутка распаўсюдзілася на Аравійскі паўвостраў, Усходняе Міжземнамор’е і ўвесь Блізкі Ўсход выцесьніўшы адтуль хрысьціянства. Распаўсюдзіліся на Паўночную Афрыку, адтуль на Пірынэйскі паўвостраў (да Рэканкісты) на Іран, Сярэднюю і Цэнтральную Азію, на частку гістарычнае Індыі, на Інданэзію. Цюркі-мусульманы распаўсюдзілі яе на Малую Азію, на Балканскі паўвостраў.

Афрыкана-эўразіяцкая мусульманская плянэтарная цывілізацыя складаецца з цывілізацый больш ніжэйшага парадку. Супольнасьці мусульман Азіі, падаецца, падзяляюцца паводле тнічнай пракметы на цюрка-мусульманскія, араба-мусульманскія,  каўказа-мусульманскія, інда-мусульманскія, перса-мусульманскія, афгана-мусульманскія, інданэзійска-мусульманскія, на больш нізнім ўзроўні — на шыіцкія і суніцкія і г. д. Цывілізацыйны падзел Азіі, як Афрыкі і Акіяніі патрабуе дакладных досьледаў. Мэтодыка пабудовы мусульманскае плянэтарнае цывілізацыі зусім іншая чым хрысьціянскае.

Калі ж распрацаваць вэртыкальную структуру мусульманскае цывілізацыі па той жа мэтодыцы што й хрысьціянскай, то ў мусульманскай цывілізацыі будзе адсутнічаць кантынэнтальны ўзровень, паколькі мусульманы жывуць ў асноўным у Азіі і, меньшай ступені, ў Афрыцы. Паколькі іслям мае напрамкі першага парадку, то будзе рэпрэзэнтаваны толькі рэгіянальны ўзровень.

4. Індыі, ІN. Узінікла ў Індыі. З-за сакральнасьці нідзе больш шырока не распаўсюдзіліся. Каставая сыстэма адпавядала субэкватарыяльнаму клімату Індыі, патрэбе масавых ірыгацыйных работ і г. д. Дэ-факто не перашкаджала азіяцкай (арыентальнай) дэспатыі.

5 Усходнеазіяцкая, ЕА. Уключае Кітай, В’етнам, Карэі, Японію, Тайвань і г. д. Характэрызуюцца калектывізмам і герархічнасьцю, а таксама культам роду. Характэрнае пісьмо ерогліфамі. Перанясеньне заходніх цывілізацыйных узораў у Японію, Паўднёвую Карэю і на Тайвань пасьля Другой сусьветнай вайны прывяло вышэйузгаданыя дзяржавы ў прэстыжны клюб разьвітых краін. У іншых дзяржавах прыжылася ідэалёгія камунізму (Кітай, В’етнам, Паўночная Карэя). Дастаткова арэлігійная.

Эканамічнае ўзвышэньне Усходняй Азіі дае падставу казаць аб унівэрсальных усходнеазіяцкіх каштоўнасьцях: каляктывізьме, прымаце інтарэсаў каляктыву над інтарэсамі індывіда, родавасьці, павазе да старэйшых індывідаў, выключнай працавітасьці, церпялівасьці і інш.

6. Будыстычная, BU. Узьнікла ў Індыі, але адтуль была выпхнута індуізмам. З-за ўнівэрсальнасьці перанеслася на іншыя абшары. У наш час захавалася некалькі ізаляваных абшараў будызму: Калмыкія (Хальм-Танг), Бурація у Расеі, Манголія, Унутраная Манголія ў Кітаі, а таксама Паўднёва-усходняя Азія (М’янма, Тайланд, Лаос, Камбоджа).

7. Афрыканская, АF. Займае абшар Афрыкі паміж Паўночнай і Паўднёвай Афрыкай. Уключае этнасы-народы негроіднай расы. Частка зь іх цалкам хрысьціянізаваны эўрапейцамі, частка зьяўляюцца фактычна бірэлігійнымі, спавядаючы як лацінскае хрысьціянства (каталіцтва або адну зь вэрсій пратэстанцтва), іншая частка – прыхільнікі мясцовых рэлігій.

8. Сусьветная анімістычная (паганская, язычніцкая), AN. Захавалася ў пэрыфэрыйных рэгіёнах сьвету: Паўночная Азія, поўнач Паўночнай Амэрыкі, горы Кардыльеры і Анды, цэнтр Афкыкі, Амазонія, Аўстралія і Акіянія. Паступова выцясьняецца іншымі цывілізацыямі.

Дзьве цывілізацыі: юдаістычная і Індыі – сакральныя (паводле Фэліксу Канэчнаму). Гэта значыць што ў сьвятарных кнігах юдаістаў і індуістаў напісаны этыка, эстэтыка, права і многае іншае, чаму павінны адпавядаць веравызнаўцы. Спробы распаўсюджаньня як юдаізму па-за жыдоўскім соцыюмам-этнасам, а таксама індуізму па-за паўвостравам Індастан былі бясплённымі.

Іншая справа зь хрысьціянствам, іслямам і будызмам. Мінімальнасьць этычных патрабаваньняў да веравызнаўцаў дазволілі распаўсюдзіць вышэйназваныя рэлігіі на велізарнейшыя абшары. Такія рэлігіі – унівэрсальныя.

Як трапна заўважыў прафэсар Гданьскага ўнівэрсытэту Анджэй Пісказуб, усе вялікія рэлігіі ўзьніклі ў Азіі на двух абшарах: Усходнім Міжзамнамор’і і Аравійскім паўвостраве (юдаізм, хрысьціянства ды іслям), у Індыі (юдаізм і будызм). Наадварот, усе вялікія ідэалёгіі ўзьніклі ў Эўропе і на Захадзе.

 

Д. Камплемэнтарнасьці. Надцывілізацыі. Трансфармацыі

Падставовыя цывілізацыйныя абшары маюць агульныя чыньнікі, таму яны могуць быць падобны, г зн. камплемэнтарны паводле: абшараў, часпрасторы, рэлігійнасьці, этнічнасьці, інстытутаў соцыюмаў (у т. л. дзяржаў і дзяржаўных традыцый), стадый разьвіцьця гаспадаркі і асноўным эканамічным паказчыкам (набору галін, міжналіновых комплексаў і інш.), этыцы, эстэтыцы, тыпам пазнаньня чалавекам Сусьвету (міталёгія, філясофія, рэлігія, навука), праве, ідэалёгіі ды г. д.

1. Камплемэнтарнасьць абшараў.

На паўвостраве Вялікабрытанія ў аднайменнай дзяржаве жывуць прадстаўнікі брытанскай і ўэльскай цывілізацый. Яны камплемэнтарныя паводле геаграфічнага стаовішча і рэлігійнасьці (пратэстанты).

На крайнім захадзе Эўропы жывуць французы і трансламаншцы (брэтонцы) на адным і тым жа абшары і г. д. Суседнія цывілізацыі кантынэнтальнай Эўропы – камплемэнтарныя паводле абшараў.

Далёка ня ўсе выдзеленыя трыццаць лякальных цывілізацыйных абшараў могуць аб’ядноўвацца ў надцывілізацыі, таму калі традыцыйныя уласна цывілізацыі – асноўны таксон, а іх герархія складаецца з чатырох узроўняў, то надцывілізацыі – дадатковыя таксоны (як падвіды, або падроды ў сыстэматыцы біёты).

Надцывілізацыі абазначым малой і вялікай лацінскімі літарамі, напрыклад — nR.

2. Камплемэнтарнасьць часапрастораў.

Вядома, што паводле знаходжаньня ў мінулым у складзе мультыцывілізацыйных імпэрый у Сярэдняй і Ўсходняй Эўропе цывілізацыі падзяляюцца на наступныя надцывілізацыі:

  • Пастасманскаімпэрскія, рО. Паўднёвая, балканская, басьнійская (мусульманы-басьнійцы).
  • Пастаўстравугорскія, рА. Частка верхненямецкай, паўднёваэўрапейская, трансдунайская, мадзьярская, частка сярэднеэўрапейскай (чэхі).
  • Пастгерманскаімпэрскія, рG. Ніжнегерманская, верхнегерманская (за выключэньнем аўстрыйцаў, паўднёвых галяндыйцаў, флямандыйцаў, люксэмбуржцаў) частка сярэднеэўрапейскай (частка палякаў),
  • Пастрасейскаімпэрскія, рR. Фінская, балтыцкая, балцкая, усходнеэўрапейская, частка карпацкай (малдаваны), частка сярэднеэўрапейскай.

3. Камплемэнтарнасьць рэлігійнасьцяў. Падставовыя цывілізацыі  паводле рэлігійнасьці аб’ядноўваюцца ў чатыры надцывілізацыі: каталіцкую (сТ) , пратэстанцкую (pR), праваслаўную (оR) і вуніяцкую (uN). Яны ўзьніклі пасьля наступных трансфармацыйных працэсаў: Рэфармацыі, Контррэфармацыі, Вуніятызацыі, Рэправаславінізацыі. Каталіцкую і пратэстанцкую цывілізацыі аб’яднаем у заходнехрысьціянскую (лацінскую, lT), а праваслаўную і вуніяцкую – ва ўсходнехрысьціянскую (грэка- gR) надцывілізацыі. Інакш можна абазначыць – wC (заходнехрысьціянская) і eC (усходнехрысьціянская).

Наступныя тры цывілізацыі: нардычную, ніжнегерманскую і брытанскую  паводле агульнасьці пратэстанцкай рэлігійнасьці аб’яднаем у германа-пратэстанцкую надцывілізацыю, якую сымбалічна назавём нярымскай, або нонрымскай (nr+lg+br= nR).

Да германа-пратэстанцкай цывілізацыі належаць: Нямеччына (акрамя каталіцкай часткі – найперш Баварыі і інш.), Вялікая Брытанія (акрамя ірляндыйцаў каталікоў), Нідэрлянды (поўнач), Швэцыя, Нарвегія, Данія, Ісляндыя. Большасьць германскіх этнасаў – традыцыйныя пратэстанты: паўночныя немцы і галяндыйцы, ангельцы, шатляндыйцы, даччаны, швэды, нарвэгійцы, ісляндыйцы. Вядома, што германа-пратэстанцкая цывілізацыя сфармавалася гістарычна пазьней як вынік працэсу Рэфармацыі ў Эўропе. Ад агульнакаталіцкага рамана-германскага мінулага пераняла лацінку, а таксама агульны спосаб напісаньня. Геаграфічна і этнічна германа-пратэстанцкая цывілізацыя падзяляецца на паўночнаэўрапейскую (Швэцыя, Нарвэгія, Данія, Ісляндыя) і цэнтральнаэўрапейскую (паўночныя і ўсходнія немцы, паўночныя галяндыйцы, ангельцы, шатляндыйцы і інш.). Як бачым, большасьць германа-пратэстантаў жыве ў Сярэдняй Эўропе.

Германа-пратэстанты далі сьвету традыцыі індывідуалізму, рацыяналізму, пунктуальнасьці, пратэстанцкую працоўную этыку. Агульнавядомае сьцьверджаньне што без пратэстантызму не было бы капіталізму.                                                     Гістарычна больш позьні і ўдалы досьвед перасяленства прывёў да стварэнья пасу найбагацейшых на плянэце дзяржаў ад Канады й ЗША, да Швэцыі й Нямеччыны. З вынікамі германа-пратэстанцкага ўзьдзеяньня ў час эўрапеідызацыі сьвету зьвязаны высокі ўзровень разьвіцьця ПАР у Афрыцы. Аўстралія і Новая Зэляндыя цалкам пабудаваны на англасаксонскім дзяржаўніцка-этнарэлігійным падмурку. Адсюль няма дзіва, што ў сваіх рэгіёнах гэтыя дзяржавы – лідэры паводле ўзроўню разьвіцьця.

Характэрныя сьцягі паўночнаэўрапейскіх краін, у т. л. Ангельшчыны і Шатляндыі, складаюцца з маленькіх пасаў перакрыжаваных на агульным фоне іншага колеру.

Германа-пратэстанты маюць найвялікшы ў Эўропе і сьвеце НПБ на 1 асобу (2002 г.): ад 41 тыс. USD за год у Нарвэгіі, да 24 тыс. USD у Нямеччыне, таму традыцыйныя германа-пратэстанцкія дзяржавы ўваходзяць у шэраг выключна заможных і найзаможнейшых.

Як правіла, толькі германа-пратэстанцкія дзяржавы, цешацца найвялікшымі  НДБ ПСВ на 1 асобу (на 2002 г.): ад  36.000 ІND (Нарвэгія), да 25.000 IND (Швэцыя).

Паводле ІРЧП Швэцыя і Нарвэгія ў пачатку ХХІ ст. займалі першае-другое месцы як у Эўропе, так і на плянэце, а 3-5-е месцы ў Эўропе – германа-пратэстанцкія Бэльгія (пераважна), Ісляндыя і Нідэрлянды. Найменьшыя ІРЧП ў Эўропе мела пераважна германа-пратэстанцкая ФРН, таму займала аж … 13 (!) месца (17 у сьвеце). Сярод першай дзесяткі эўрапейскіх краін з найвышэйшымі ІРЧП (індэксамі разьвіцьця чалавечага патэнцыялу) – 8 германа-пратэстанцкія, або пераважна германа-пратэстанцкія.

4. Камплемэнтарнасьць этнасаў.

1. Альбанская надцывілізацыя аL. Тры альбанскія цывілізацыі: альбана-мусульманская, паўночнаальбанская і паўднёваальбанская камплімэнтарныя.

2. Кельцкая сT. Трансламаншская і ўэльская лякальныя цывілізацыі складаюць адну кельцкую надцывілізацыю.

3. Балтыйская bT. Аналягічна, дзьве балцкія лякальныя цывілізацыі камплімэнтарныя этнічна і складаюць балцкую надцывілізацыю.

4. Уральская uR. Тры ўральскія цывілізацыі маюць аднолькавы этнічны генэзіс і складаюць уральскую надцывілізацыю.

Цывілізацыі камплімэнтарны паводле чыньнікаў першага, другога і трэцяга парадку, таму можна знайсьці дзесяткі камплімэнтарнасьцяў паміж цывілізацыямі.

Трансфармацыі соцыюмаў-цывілізацый – зьмяненьне аднаго або больш цывілізацыйных чыньнікаў.

У цывілізацыі Эўропы можна выдзеліць наступныя рэлігійнасныя трансфармацыйныя працэсы толькі паводле рэлігійнасьці: хрысьціянізацыя, Рэфармацыя, Контррэфармацыя, вуніятызацыя, рэправаславінізацыя вуніятаў.

Дзьва лякальныя цывілізацыі: пірынэйская і брытанская, а таксама (часткова), французская далі досьвед тварэньня новых цывілізацый.

Пірынэйская прычынілася да тварэньня цывілізацыі Лацінсккай Амэрыкі, таму лацінаамэрыканская кантынэнтальная цывілізацыя прынамсі па моўнасьці камплемэнтарна з лякальная пірынэйскаю і складае пірынэйска-лацінаамэрыканскую надцывілізацыю (рL). Рэлігійна лацінаамэрыканцы-каталікі камплемэнтарны з каталіцкай і лацінскай надцывілізацыямі цывілізацыі Эўропы. Вядома, што афіцыйныя  мовы ў Бразыліі – партугальская, а ў іншых лацінаамэрыканскіх дзяржавах – гішпанская.

Брытанская лякальная цывілізацыя стала асновай для тварэньня перасяленскіх цывілізацый Паўночнай Амэрыкі, Паўднёвай Афрыкі, Аўстраліі і Акіяніі.

У Паўночнай Амэрыцы брытанская і, часткова, французская лякальныя цывілізацыі з Эўропы сталі падмуркам для тварэньня новай цывілізацыі. Як вядома, дзяржаўная мова ў ЗША й Канадзе – ангельская, а ў штаце Квэбэк (Канада) – французская. Адсюць кантынэнтальная цывілізацыя Паўночнай Амэрыкі камплемэнтарна з паўночнаамэрыканскай. Відавочна камплемэнтарнасьць цывілізацыі Паўночнай Амэрыкі з пратэстанцкай і лацінскай надцывілізацыямі ў цывілізацы Эўропы, паколькі Паўночная Амэрыка пабудавана ў асноўным на пратэстантызьме.

Паводле этнічнасьці (дамінуе ўсходнеславянскі элемэнт), рэлігійнасьць (сярод веруючых пераважае праваслаўе), традыцыі жыцьця ў Расейскай імпэрыі й СССР, а таксама распаўсюджанасьці расейскай мовы. Эўразійская кантынэнтальная цывілізацыя кмплемэнтарна з усходнеэўрапейскай лякальнай. Толькі распаўсюд эўразійскай цывілізацыйнасьць адбываўся ў напрамку з Эўразіі на ўсход Эўропы.

Як бачым, надцывілізацыі могуць будавацца паміж цывілізацыямі розных узроўняў (лякальнымі і кантынэнтальнымі), а таксама паміж цывілізацыямі (кантынэнтальнымі) й надцывілізацыяй у іншай цывілізацыі. Надцывілізацыі могуць будавацць паводле аднаго, двух і больш чыньнікаў.

Існуюць надцывілізацыі што аб’ядноўваюць кантынэнтальныя цывілізацыі:

А. Захад (W) у вузкім разуменьні – сукупнасьць двух камплемэнтарных цывілізацый: Эўропы і Паўночнай Амэрыкі. Эўропа і Паўночная Амэрыка знаходзяцца па абодвых берагох Паўночнай Атлянтыкі, таму часта называюцца Паўночнаатлянтычным сьветам. Зьяўляюцца носьбітамі агульных каштоўнасьцяў, таму паміж эўрапейцамі ды амэрыканцамі (грамадзянамі ЗША) й канадыйцамі назіраем шырокае супрацоўніцтва і ўзаемапаразуменьне.

Б. У шырокім значэньні гэтага слова Захад аб’ядноўвае цывілізацыі Эўропы, Паўночнай Амэрыкі, Лацінскай Амэрыкі, Паўднёвай Афрыкі, Аўстраліі і Акіяніі. Толькі Эўразія і Філіпіны не з’яўляюцца часткаю Захаду.

Усход (арыент) Е – сукупнасьць наступных камплемэнтарных плянэтарных цывілізацый: мусульманскай, Індыі, усходнеазіяцкай, будыстычнай.

Юдахрысьціянская YC – надцывілізацыя, ўключае юдаістычную і хрысьціянскую плянэтарныя цывілізацыі. Відавочна агульнасьць абшару генэзісу юдаізму і хрысьціянства.

Вышэй згаданых надцывілізацый – толькі ўсё чалавецтва на Зямлі.

 

 

2. Гарызантальная структура цывілізацый

А. Агульнае

Гарызантальная структура цывілізацый уключае суседства і межы паміж цывілізацыямі. У цывілізацыі Эўропы яна надзвычай стракатая.

Апісаньне колькасных паказчыкаў (колькасьць цывілізацыйных носьбітаў, велічыня абшараў,  становішча і межаў а ткасама эканамічных паказчыкаў) кожнай цывілізацыі складае сутнасьць дасьледаваньняў гарызантальнай структуры ў цывілізацыялёгіі.

У сучаснай цывілізацыйнай Эўропе сярод лякальных цывілізацыяў:

1. Найвялікшыя, або мэга (з колькасьцю носьбітаў цывілізацыйнасьці больш 50 млн. асоб): апэнінская, пірынэйская, французская, ніжнегерманская, брытанская, сярэднеэўрапейская, усходнеэўрапейская.

2. Вялікія, або макра (з клькасьцю носьбітаў цывілізацыйнасьці ад 10 і больш млн. асоб): нардычная, верхнегерманская, балканская, трансдунайская, карпацкая, грэцкая.

3. Сярэднія, або мэза  (ад 5 да 10 млн. асоб): паўднёваэўрапейская, фінская, трансламаншская.

4. Малыя, або мікра (ад 1 да 5 млн. асоб): уэльская, біскайская, мадзьярская, балтыйская, балцкая, мальційская.

5. Найменьшыя, або нана (ад 0,1 да 1 млн. асоб): віленская, сорбская, гагаузская..

Рэгіянальныя цывілізацыі падзяляюцца на:

1. Найвялікшыя, або мэга: пастрымская, цэнтральнаэўрапейская.

2. Вялікія, макра: паўднёва-сярэднеэўрапейская, балкана-усходнеэўрапейская,

3. Сярэднія, мэза: вугорская, трансламаншская.

4. Малыя, мікра: уэльская, мальційская.

5. Найменьшыя, нана: віленская, гагаузская.

Паводле гарызантальнай структуры адрозьніваюцца:

1. Лякальныя цывілізацыі ўтвораныя на аснове старажытных рэліктавых этнасаў, якія ў мінулым мелі непараўнальна большыя часапрасторы. На поўначы (умоўна) цывілізацыйнай Эўропы такіх пяць цывілізацый: балтыцкая, балцкая, трансламаншская і ўэльская, а таксама фінская.

Балты, уральцы (фіны) і кельты – старажытныя этнасы. Іх продкі, лічыцца, жылі задоўга да прыходу славян і германцаў і раманцаў на абшарах сучасных Беларусі, Смаленшчыны, Браншчыны (ўсходнія і падняпроўскія балты), востраву Вялікабрытанія (кельты — да заходніх германцаў) і Францыі (кельты — да раманцаў).

Лічыцца, што славяны з ІІІ-V стст. н. э. асімілёўвалі балтаў даўшы пачатак балтаславянскаму беларускаму этнасу (усходнеэўрапейская лякальная цывілізацыя). Германцы і раманцы – кельтаў, даўшы пачатак сучасным брытанскай і французскай лякальным цывілізацыям. У сучаснай Ангельшчыне кельцкія гаворкі зьніклі яшчэ ў сярэднявеччы, а на паўвостраве Карнуэл – трошкі пазьней.

Абшар уральскіх этнасаў, найперш фінскіх  — абшар поўначы і сярэдзіны сёньняшняй эўрапейскай часткі Расеі. Пасьля – быў аславянены моўна і этнічна. Аб першаснай фінаэтнічнасьці сьведчыць сама наяўнасьць фінскіх этнасаў-народаў эўрапейскай часткі Расеі: карэлаў, комі, комі-пермякаў, марыйцаў, мардвы, удмуртаў, старажытнасьць іх выміраючых моў, этнаграфічнае падабенства да аславяненых фінаў (частка расейцаў-рускіх гістарычнай Масковіі).

Да Рэфармацыі існавалі адна цывілізацыя балтаў-каталікоў, або балтаў-лацінаў, аднак палітычны падзел паміж ВКЛ і германскімі ордэнамі (сёньняшняя летувіска-латышская дзяржаўная мяжа – адна з самых старажытных палітычных межаў у Эўропе) паспрыяў дыфэрэнцыяцыі на балтаў-каталікоў (Летува плюс Латгалія) і балтаў-пратэстантаў (заходняя й цэнтральная Латвія). Тэрыторыя сучаснай заходняй і цэнтральнай Латвіі зьлютэранізаваліся пад уплывам паўднёвых германцаў з ніжнегерманскай лякальнай лютэранскай цывілізацыі.

Аналягічна зь кельтамі. Да Рэфармацыі існавала адна кельта-каталіцкая, або кельта лацінская цывілізацыя, а ў час Рэфармацыі падбіты Ангельшчынай на той час Уэльс удалося спратентызаваць. Утварыліся дзьве лякальныя цывілізацыі: кельта-каталіцкая, трансламаншская і кельта-пратэстанцкая, уэльская.

Фінскаэтнічныя фіны і эстонцы спратэстантызаваліся з-за ўплыву германцаў, таму ўтвараюць адну фіна-пратэстанцкую лякальную цывілізацыю.

Кельты і балты на рэгіянальным узроўні аб’ядноўваюцца ў адну цывілізацыю: кельта-лацінскую і балта-лацінскую.

2. Лякальныя цывілізацыі ўтвораныя на аснове старажытных рэліктавых этнасаў на поўдні Эўропы: біскайская, або баска-каталіцкая; грэцкая, або грэка-праваслаўная; паўночнаальбанская, або альбана-каталіцкая; паўднёваальбанская, або альбана-праваслаўная; альбана мусульманская. Бачым, што альбанскі этнас падэелены аж на тры лякальныя цывілізацыі.

Вядома, што грэкі былі трансэгейскай цывілізацыяй, г. зн. жылі па два бакі ад Эгейскага мора, аднак пасьля турэцкага цывілізацыяцыду (у час Кемаля Атацюрка былі гвалтоўна выселены з узьбярэжжа Малай Азіі) іх часапрастора скрацілася да паўднёвых Балкан і вастравоў у Эгейскім моры.

3. Лякальныя і рэгіянальныя цывілізацыі ўтвораныя вялікімі надэтнасамі (раманцы, германцы і славяны).  

 

Б. Цывілізацыйныя межы

Цывілізацыйныя межы супадаюць з палітычныі, этнічнымі, канфэсійнымі, прыроднымі і іншымі межамі. Аднак ня кожная палітычная, этнічная, канфэсійная і прыродная мяжа можа быць цывілізацыйнай мяжою. Больш таго, цывілізацыйныя супольнасьці твораць мяшаныя абшары, г. зн. абшары на якіх пражывае насельніцтва двух і больш цывілізацый, а таксама анклавы, г. зн. абшары ў якіх распаўсюджаны насельнікі адной цывілізацыі ў акружэнньні прадстаўнікоў іншай(-ых) цывілізацыі(-ый). Напрыклад, баска-каталікі жывуць у атачэньні рамана-каталікоў, а славяна-мусульманы ў атачэньні славяна-праваслаўных і славяна-каталікоў (Босьнія і Герцэгавіна). Мяшаныя абшары, на якіх расьселены рэпрэзэнтанты дзьвюх і больш цывілізацый – сумежжы (Паўночная Ірляндыя або Ольстэр, паўночны-захад Беларусі), а каля цывілізацыйных межаў – памежжы (Фляндрыя і Валёнія).

Цывілізацыйныя межы бываюць:

1. Лінейныя, звычайна супадаюць зь існуючымі ці мёртвымі дзяржаўнымі межамі. На захадзе Эўропы, дзе дзяржаўныя межы ўсталяваліся даўно, шматвяковая ізаляцыя аўтахтоннага насельніцтва паступова прывяла да асіміляцыі цывілізацыйных меншасьцяў.

Так дзяржаўная мяжа паміж Гішпаніяй і Францыяй аддзяляе пірынэйскіх рамана-каталікоў ад заходнеэўрапейскіх, працінаючы каталёнскі этнас на большую пірынэйскую частку ў межах Гішпаніі ды Андоры і меньшую — французскую ў межах Францыі. Нямецка-дацкая дзяржаўная мяжа, увогуле, дыфэрэнцуе нардыйскіх і ніжнегерманскіх носьбітаў цывілізацыйнасьцяў, а французска-брытанская рамана-каталікоў і заходніх германа-пратэстантаў (французская і брытанская лякальныя цывілізацыі).  Лінейна аддзяляюцца германа-пратэстанты ад славяна-каталікоў за выключэньнем часткі сорбаў-лужычан у Нямеччыне. Толькі гэта найперш вынік высяленьня мільёнаў немцаў пасьля Другой сусьветнай вайны з былых Усходняй Прусіі, Памор’я і Сілезіі, а таксама з Чэхаславаччыны (пераважна з Чэхіі) у паваенныя НДР і ФРН.

2. Абшаравыя, звычайна супадаюць з сумежжамі і памежжамі. Шырокія цывілізацыйныя сумежжы і памежжы існуюць у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

Тут пасьля Другой сусьветнай вайны не адбылося татальных высяленьняў славяна-каталіцкага насельныцтва зь Беларусі і Летувы (нацыянальна палякі і спольшчаныя), а таксама масавых высяленьняў і перасяленьняў эўразійскага насельніцтва (расейцы і зрасейшчаныя) пасьля распаду СССР з дзяржаў Балтыі, Беларусі, Украіны і Малдовы ў Расею. Аднак у час вайны ў Босьніі і Герцэгавіне адбыліся цывілізацыйныя чысткі і шырокія цывілізацыйныя сумежжы зьніклі. Абсалютная большасьць славяна-праваслаўных (сэрбы), славяна-каталікоў (харваты) і славяна-мусульман (басьнійцы) пражыаюць кампактна. Як адзначае П. Эбэрхардт (2009) вынікам этнічных (сынонім цывілізацыйных) чыстак у Босьніі і Герцэгавіне ў час вайны стала пацыфікацыя. Асобнае кампактнае пражываньне кожнай супольнасьці ды йснаваньне міжнародна прызнаных між імі адміністрацыйных лінейных межаў (нават ахоўваемых) у большай ступені дае магчымасьць пазьбегнуць вялікай басьнійскай вайны ў будучыні.

Асноўны напрамак эвалюцыі цывілізацыйных межаў – лінеізацыя, г. зн. усё большае супадзеньне зь дзяржаўнымі межамі, а сумежжаў і памежжаўгомагенізацыя  (за кошт эміграцыі цывілізацыйных меньшасьцяў у абшары дзе жывуць носьбіты аднолькавай цывілізацыйнасьці іх асіміляцыі, з-за дыскрымінацыі з боку цывілізацыйных большасьцяў), іміграцыі насельніцтва цывілізацыйнай большасьці зь іншых абшараў на абшар заселены цывілізацыйнай меньшасьцю). Цывілізацыйныя меньшасьці ў многіх дзяржавах Эўропы зьнікаюць.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы