nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ ЭЎРОПЫ (частка 5)

21 сакавіка, 2013 | Няма каментараў

VІІ. Цывілізацыйная канфлікталёгія

1. Цывілізацыйныя канфлікты ў Эўропе

Цывілізацыйныя канфлікты ў гісторыі Эўропы – найнебясьпечнейшыя. Злучэньне розных абшараў, рэлігій, этнічнасьці, розных этык, эстэтык, праваў, розных узроўняў разьвіцьця гаспадаркі, тыпаў натуральнага прыросту і іншых чыньнікаў дае небясьпечны эфэкт выбуху.

Магчымасьць міжнацыянальных і міждзяржаўных канфліктаў паміж прадстаўнікамі адной цывілізацыі (кастыльцы – каталёнцы, немцы — галяндыйцы, палякі – славакі, беларусы — украінцы і т. д.) непараўнальна меншая, чым магчымасьць вайны паміж асобнымі цывілізацыямі. Чым больш далёка знаходзяцца цывілізацыі ў вертыкальнай структуры (герархіі) і чым далей адна ад адной тэрытарыяльна паводле гарызантальнай структуры і часапрасторава, тым менш агульных рыс у носьбітаў розных цывілізацыйнасьцяў (розныя пануючыя этыкі, эстэтыкі, прававыя сыстэмы, і г. д.). Напрыклад, пасьля распаду камунізму і савецкай імпэрыі ня выбухнулі войны паміж сэрбамі і баўгарамі, харватамі і славенцамі, але забівалі адны іншых сэрбы і мусьліманы-басьнякі, харваты і басьнійцы, сэрбы і альбанцы — г. зн. войны адбываліся вакол мусульманскіх супольнасьцяў, бо хрысьціянская і мусульманская цывілізацыі – розныя плянэтарна. Больш за тое, балканскія іслямскія супольнасьці надзвычай маладыя, бо ўзьніклі толькі пасьля заваёваў туркамі-асманамі хрысьціянскіх народаў і іх іслямізацыі.

Сыстэматызацыя цывілізацыйных канфліктаў у эўрапейскай часапрасторы.

А) У час цывілізацыйнай эўрапеізацыі  фізыка-геаграфічнае Эўропы.

І. Рымска-барбарскі. Да дэградацыі Рымскай імпэрыі. Паміж Рымскай імпэрыяй і барбарамі — г. зн. часткай фізыка-геаграфічнае Эўропы ў складзе Рымскай імпэрыі (цывілізаванай) і большай часткай Эўропы па-за цэзарствам  (барбарскай). Сфармалізаваны (Z. Rykiel’ем, 2006) у адзін з пастулятаў геапалітычнага кодэксу старажытнасьці: “Мы цывілізаваныя – яны барбары”. Паўночная мяжа імпэрыі была мяжой канфлікту, а зонай – памежныя абшары, на якія набягалі барбары.

ІІ. Хрысьціянска-паганскі. У час хрысьціянізацыі Эўропы. Паміж вызнаўцамі хрысьціянскага манатэізму і паганскага палітэізму. Геапалітызаваны ў пастуляце: “Мы – хрысьціяны, а яны – паганцы”.

Б). У час разьвіцьця цывілізацыі Эўропы.

І. Хрысьціянска-паганскі. Трываў як пад час цывілізацыйнай эўрапеідызацыі фізыка-геаграфічнай Эўропы, так і ў час разьвіцьця Эўропы.

ІІ. Вонкавыя.

1. Паміж цывілізацыяй Эўропы і араба-мусульманскай цывілізацыяй.

2. Паміж цывілізацыяй Эўропы і цюрка-мусульманскай.

3. Паміж Эўропай і Расеяй.

ІІІ. Унутраныя.

1. Паміж заходнім і ўсходнім хрысьціянствам.

2. Паміж каталіцкім хрысьціянствам і пратэстанцкім.

3. Паміж вуніяцтвам і праваслаўем.

ІV. У час эўрапеідызацыі сьвету. У другой палове ІІ тыс. н. э. пад час экспансіі на іншыя кантынэнты.

Сучасныя патэнцыяльныя цывілізацыйныя канфлікты ў Эўропе.

І. Вакол цывілізацый на падмурку старажытных рэліктавых этнасаў:

1. Канфлікт паміж трансламаншскай (кельта-каталіцкай) і брытанскай (заходнегермана-пратэстанцкай) у Ольстэры.

2. Канфлікт паміж біскайскай (баска-каталіцкай) і пірынэйскай (рамана-каталіцкай) цывілізацыямі.

3. Паміж балта-каталіцкай цывілізацыяй і эўразійскай.

4. Паміж балта-пратэстанцкай цывілізацыяй і эўразійскай.

5. Паміж урала-пратэстанцкай і эўразійскай.

6. Вакол вугра-каталіцкай і вугра-пратэстанцкай цывілізацый.

7. Каля грэка-праваслаўнай.

ІІ. Балканскія. Канфлікты 7 і 8 можна аднесьці як да І, так і да ІІ тыпу, т.я. грэка-праваслаўная і альбана-мусульманская існуюць на аснове старажытных этнасаў і знаходзяцца на Балканах.

8. Паміж славяна-мусульманскай і славяна-каталіцкай цывілізацыямі.

9. Паміж славяна-мусульманскай і славяна-праваслаўнай.

10. Паміж славяна-каталіцкай і славяна-праваслаўнай.

ІІІ. Эўрапейска-эўразійскія. Канфлікты 3, 4, 5 можна далучыць да І і ІІІ тыпаў.

11. Паміж рамана-праваслаўнай і эўразійскай.

12. Паміж славяна-праваслаўнай і эўразійскай цывілізацыямі.

 

2. Канфліктагенныя абшары

Найбольш абшараў, што знаходзяцца пад пагрозай цывілізацыйных канфліктаў у Эўропе ляжаць на Балканскім паўвостраве.

1. Паўночная Ірляндыя. Канфлікт паміж германа-пратэстантамі (ангельцамі і шатляндыйцамі) і кельта-каталікамі (ірляндыйцамі). Ірляндыйская Рэспубліканская Армія (ІРА). Тэрарызм.

2. Краіна Баскаў. Паміж баскамі-каталікамі і рамана-каталікамі. ЭТА. Тэрарызм.

3. Заходнія Балканы. Босьнія і Герцэгавіна, поўнач Косава, захад Македоніі. Войны ў Харватыі, Босьніі і Герцэгавіне, Косаве.

4. Прыднястроўе. Паміж рамана-праваслаўнымі малдаванамі і эўразійцамі расейцамі ды зрасейшчанымі.

5. Крым. Паміж славяна-праваслаўнай (украінцамі), цюрка-мусульманскай (крымскімі татарамі) і эўразійскай (расейцамі ды зрасейшчанымі).

Вядомы кропкі, лініі і абшары канфліктаў што адбываліся ў мінулым і трываюць па сёньняшні дзень. Тэарэтычна можна прадбачыць верагоднасьць патэнцыйных міжцывілізацыйных канфліктаў на тых абшарах, дзе сумесна пражываюць  носьбіты цывілізацыйнасьці далёкіх паводле вертыкальнай і гарызантальнай сттруктур цывілізацый. Не вядомы час пачатку такіх канфліктаў. Навукоўцы павінны папярэджваць эліты: палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў з гэтых абшараў, што яны патэнцыйна канфліктагенныя. Асабліва небясьпечна дзейнасьць на такіх абшараў партый і рухаў з экстрэмальнымі мэтамі і задачамі.

Прафэсар Пётр Эбэрхардт лічыць, што этнічныя чысткі ў Босьніі і Герцэгавіне прывялі да пацыфікацыі бакоў. Раёны з цывілізацыйна мяшаным насельніцтвам сталі монацывілізацыйнымі. Паміж імі былі праведзены межы. Босьнію і Герцэгавіну падзялілі на мусульманскую, сэрбскую і харвацкую часткі.

 

 

VIII. Дынамічная цывілізацыялёгія

Цывілізацыі ніколі не маглі існаваць і суіснаваць статычна. Унутры іх і паміж імі адбываліся складаныя ўзаемадзеяньні – цывілізацыйныя працэсы.

 

1. Унутраныя (эндагенічныя) цывілізацыйныя працэсы

Адбываюцца ўнутры канкрэтнай цывілізацыі (ад плянэтарнай – да лякальнай, ад мэга-, да нана-):

1. Кансалідацыя. Пашырэньне гомагеннасьці цывілізацыі: лінгвістычнай, этнічнай, эканамічнай і гаспадарчай, палітычнай, у т. л. дзяржаўніцкай і г. д.

А. У часы кансалідацый на пачатку ІІ тыс. н. э. (утварэньне скансалідаваных дзяржаў),

Б. У часы тварэньня дынастычных імпэрый (нардычная, брытанская, верхнегерманская). Пірынэйская ў часы Рэканкісты і Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў. Частка верхнегерманскай у час стварэньня Аўстра-Вугорскае імпэрыі.

В. У часы кансалідацый у нацыі. Французская лякальная цывілізацыя ў ХVІІІ – пач. ХІХ ст. тварэньне адзінай французскай палітычнай нацыі (Вялікая французская рэвалюцыя, напалеонаўскія войны і г. д.). Апэнінская і ніжнегерманская ў часы стварэньня аб’яднаных Італіі і Нямеччыны (другая палова ХІХ ст.). Лякальных цывілізацый Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы ў час іх пераўтварэньня ў мадэрныя нацыі і сувэрэнізацыі нацыянальных дзяржаў.  

2. Дыфэрэнцыяцыя. Пашырэньне гетэраненнасьці цывілізацыі, г. зн. большага драбленьня: лінгвістычнага, этнічнага, эканамічнага і гаспадарчага, палітычнага ў т. л. дзяржаўніцкага і інш.

А. У час фэадальнага драбленьня.

Б. Пад узьдзеяньнем пратэстантызму ў паўдневых германцаў.

 

2. Вонкавыя (экзагенічныя) цывілізацыйныя працэсы

1. Экпансіі-інвазіі. Пашырэньне ўплыву адной цывілізацыі на іншую з мэтай панаваньня-падпарадкаваньня. Экспансія – з пункту гледжаньня пануючай цывілізацыі, а інвазія – падпарадкаванай. Абазначым значкамі / (экспансія) і \ (інвазія).

Экспансіі-інвазіі бываюць:

А. Вайсковыя, падбіцьё адной цывілізацыі іншай з дапамогай войска.

Б. Рэлігійныя, накіданьне адной цывілізацыі іншай новай рэлігіі зьмяняе цывілізацыйнасьць.

В. Інстытуцыйная, накіданьне адной цывілізацыі іншай уласных інстытутаў соцыюму, у т. л. палітычныя, уключэньне абшару адной дзяржавы ў склад абшару іншай.

Г. Эканамічныя, накіданьне ўласнай эканомікі і гаспадаркі адной цывілізацыяй іншай.

Д. Інфармацыйныя, інфармацыйнае ўзьдзеяньне адной цывілізацыі на іншую.

Е. Дэмаграфічныя, масавае перасяленьне носьбітаў цывілізацыйнасьці (насельніцтва) з абшару адной цывілізацыі на абшар іншай. Напрыклад, масавае перасяленьне кітайцаў-хань у Тыбет, Уйгурстан, Унутраную Манголію.

Ё. Моўнасныя. Навязваньне адной цывілізацыі ўласнай моўнасьці іншай. Адбываецца ў выніку абавязковага вывучэньне мовы пануючай цывілізацыі, абмежаваньня ўжытку, або забарона ўжытку мовы падпарадкаванай цывілізацыі. Вядзе ў канечнай стадыі да моўнай асіміляцыі (напрыклад: ірляндыйцы, беларусы, украінцы і г. д.).

Ж. Культурніцкія.

2. Асіміляцыя. Прыводзіць да поўнага зьнікненьня падпарадкаванай цывілізацыі ў выніку некалькіх трансфармацый: накіданьня новай рэлігіі, новай мовы, этнічнай асіміляцыі і г. д. Асімілявана была заходнебалцкая язычніцкая цывілізацыя (прусы, яцьвягі).

3. Міксацыя (перамешваньне). Пры сутыкненьні цывілізацый адбываюцца ўзаемныя трансфармацыі і ўзьнікае новая цывілізацыя.

Напрыклад, цывілізацыі Эўразіі і Паўднёвай Амэрыкі ўзьніклі ў выніку міксацыі. З ХІІІ па ХVІІІ стст. сутыкаліся паміж сабой: а) паўночны-усход цывілізацыі Русі (часткі тагачаснай цывілізацыі Эўропы), б) туранская цывілізацыя вандроўных алтайскіх этнасаў (цюркі і манголы), в) уральскае адгалінаваньне сусьветнай язычніцкай цывілізацыі (фіна-вугры). Першыя заставілі пасьля сябе усходнеславянскую літаратурную мову (старабалгарскага генэзісу), усходняе хрысьціянства (правізантыйскага генэзісу). Другія прынесьці інстытуты цывілізацыі ўсходнеазіяцкага генэзісу (неабмежаваная манархія з царом), этыку, частку лексікі (напрыклад: базар, барабан і г. д.). Трэція, аславяніўшыся, –заставілі пасьля сябе народнае адзеньне (лапці насілі фінскія сяляны), частку лексікі. У Лацінскай Амэрыцы адбылася найперш расавая міксацыя (наяўнасьць метысаў, мулатаў і самба). Часткова засталіся індзейскія мовы, народнае адзеньне, традыцыі і г. д.

 

3. Стадыі разьвіцьця цывілізацый

Як вышэй адзначалася, многія дасьледчыкі гепатэтычна спрабавалі выдзеліць стадыі разьвіцьця цывілізацый. Спроба Арнольда Тойнбі варта найвялікшай увагі, бо апіраецца на вялікую фундамэнтальную працу. Аб’ектыўна, стадыі разьвіцьця цывілізацый – вынік узьдзеяньня разнастайных эндагенічных і экзагенічных працэсаў.   

Сярод плянэтарных цывілізацый гепатэтычна можна выдзеліць пяць стадый і, гепатэтычна, вызначыць якая плянэтарная цывілізацыя знаходзіцца на якой стадыі разьвіцьця:

  • Цывілізацыйны выбух. Узьнікненьне новай рэлігіі пачаткуе нараджэньне новай цывілізацыі. Пры ўзінікненьні хрысьціянства, ісляму.
  • Часапрасторавае пашырэньне. Мусульманская.
  • Стабілізацыя і росквіт. Хрысьціянская, усходнеазіяцкая.
  • Цывілізацыйны спад. Індыі.
  • Фрагмэнтацыя і зьнікненьне. У стадыі фрагмэнтацыі будыстычная цывілізацыя.

Дакладнае вызначэньне стадый разьвіцьця кожнай з сучасных цывілізацый – справа будучыні. Бязумоўна, час жыцьця розных цывілізацый – розны, што падцьверджвае вывучэньне мёртвых цывілізацый мінулага прэкурсорамі навукі аб цывілізацыях, напрыклад, А. Тойнбі,  О. Шпэнглер, Ф. Канэчны, Л. Гумілёў і мн. іншыя.

Стадыі разьвіцьця цывілізацыі Эўропы.

1. Вывучэнье кантынэнтальных хрысьціянскіх цывілізацый пацьверджвае, што іх узьнікненьне пачынаецца зь Вялікіх трансфармацыйных працэсаў. У падставовых падручніках па гісторыі Эўропы апісана, як пасьля распаду Рымскае імпэрыі розныя, пераважна германскія, этнасы ўварваліся на абшары былой імпэрыі і дзе яны асіміляваліся этнічна (раманізаваліся) і рэлігійна (хрысьціянізаваліся). Вялікія трансфармацыйныя працэсы ў заходняй частцы Эўропы трывалі зь V — па ХІ стст., г. зн. 600 год.

2. З ХІ — па XV стст. маладая цывілізацыя Эўропы стабілізавалася, г. зн. захоўвала свае абшары, вытрымаўшы інвазію туранскай цывілізацыі (вандроўных алтайскіх этнасаў-ордаў) з усходу, г. зн. 400 год.

3. З ХVІ — па пачатак ХХ ст. цывілізацыя Эўропы перажыла стадыю экспансіі, г. зн. што эўрапейцы пабывалі на ўсіх кантынэнтах, падбілі адны цывілізацыі, на іншыя –экспартавалі ўласныя цывілізацыйныя ўзоры і г. д. Да 1914 года адбывалася эўрапеідызацыя сьвету.

4. У час і пасьля Вялікай эўрапейскай вайны 1914-1945 гг. наступіла новая стабілізацыя цывілізацыі Эўропы ў выніку якой яна захоўвае свій патэнцыял сярод іншых цывілізацый.

Цывілізацыя Эўразіі перажыла стадыю Вялікіх трансфармацыйных працэсаў з ХІІІ па ХVІІ стст. З канца XVІІ па канец ХХ ст. яна перажыла стадыю экспансіі на іншыя цывілізацыі. З канца ХХ ст. магчыма яна ўступіла ў стадыю стабілізацыі. Магчыма, што эўразійцы пачнуць новыя экспансіі сансалідаваўшыся ў нейкі новы зьвяз вакол Расеі, тым больш што частка расейцаў і зрасейшчаным ахоплена масавым шавіністычным экспансіяністычным псіхозам. У той жа час на абшары дзе жывуць эўразійцы назіраецца дэмаграфічная інвазія мусульманскай і ўсходнеазіяцкай плянэтарных цывілізацый з-за іміграцыі насельніцтва, а таксама розьніцы ў натуральным прыросьце насельніцтва эўразійцаў і мусульман на карысьць апошніх.

Цывілізацыя Паўночнай Амэрыкі перажыла этап вялікіх трансфармацыйных працэсаў у XVI – XVIII стст. (г. зн. 300 год), але там не назіралася цывілізацыйнай міксацыі (зьмяшэньня). Абарыгеннае індзейскае насельніцтва было вынікова вынішчана.  Часапрасторавае пашырэньне назіралася і пазьней –шляхам экспансіі на захад у пэрыфэрыйныя рэгіёны. З канца XVIII ст.(часу ўтварэньня ЗША) па сярэдзіну ХХ (сканчэньне Другой сусьветнай вайны), г. зн. больш за150 год, — назіралася стабілізацыя цывілізацыі Паўночнай Амэрыкі. З 1945 года яна ўступіла ў стадыю экспансіі. Экспансія Паўночнай Амэрыкі палітычная, эканамічная, культурніцкая і, у тым ліку, вайсковая. Як адзначаў Зьбігенв Бжэзіньскі ў кнізе “Вялікая шахматная дошка”, ЗША могуць эфэктыўна весьці й выігрываць вайсковыя дзеяньні ў любым рэгіёне плянэты дзякуючы вялікім і мабільным узброеным сілам. Ніякая больш дзяржава ў сьвеце ня здольна на гэта. Геапалітык і стратэг заўважыў некаторы прымітывізм Амэрыкі, што абумоўлена маладосьцю паўночнаамэрыканскае цывілізацыі. Палітычныя ідэалы Амэрыкі і яе выбітныя культурніцкія ўзоры прывабныя для іншых цывілізацый. Іншы амэрыканец – Самуэль Гантыгтан прагназаваў сутыкненьне Амэрыкі з усходнеазіяцкай цывілізацыяй у будучыні.

Цывілізацыя Лацінскай Амэрыкі з XVI – па пачатак ХІХ стст., больш чым 300 год знаходзілася ў стадыі вялікіх трансфармацыйных працэсаў. Тут маштаб міксацыі (зьмешваньня) розных расавых і этнічных груп быў найбольшым сярод хрысьціянскіх цывілізацый. З пачатку ХІХ ст. па наш час, г. зн. каля 200 год, — Лацінская Амэрыка знаходзіцца ў стадыі стабілізацыі. Яна з-за свайго пэрыфэрыйнага становішча не зьяўляецца аб’ектам для інвазій для іншых цывілізацый і не вядзе ўласных экспансій, бо іншыя цывілізацыі знаходзяцца прасторава далёка. Праўда лацінаамэрыканцаў прыбывала ў ЗША, аднак амэрыканска-мексіканская цывілізацыйная мяжа ахоўваецца дастаткова пільна. 

 

 

 ІХ. Намэнклятура і сыстэматыка цывілізацый

У працы  ўжываюцца дзьве намэнклятуры: традыцыйная і геаграфічная.

Усе соцыюмы на плянэце Зямля падзяляюцца на соцыюмы-цывілізацыі, соцыюмы-нацыі і соцыюмы-культуры, г зн., адпаведна, найвялікшыя таксоны α, β, і γ парадку.

Плянэтарныя соцыюмы -цывілізацыі абазначаюцца толькі з дапамогай геаграфічнай намэнклятуры дзьвумя вялікімі лацінскімі літарамі, напрыклад – CR – хрысьціянская, MU – мусульманская, IN – Індыі і г. д.

Этнічна хрысьціянская плянэтарная цывілізацыя заселена прадстаўнікамі пераважна індаэўрапейскай сям’і (сярэднімі й заходнімі індаэўрапейцамі).

Плянэтарныя цывілізацыі агульна абазначаюцца адной вялікай лацінскай літарай Р.

Кантынэнтальныя соцыюмы-цывілізацыі абазначаюцца таксама толькі геаграфічнай намэнклятурай і таксама двумя лацінскімі літарамі, але ў адрозьненьне ад плянэтарных —  першая лацінская літара вялікая, а другая – малая. Напрыклад, Eu – цывілізацыя Эўропы, Ea – цывілізацыя Эўразіі, Na – цывілізацыя Паўночнай Амэрыкі.

Кантынэнтальныя цывілізацыі адпаведна абазначаюцца літарай С.

Рэгіянальныя соцыюмы-цывілізацыі абазначым двума малымі лацінскімі літарамі з злучкамі (дэфісамі) паміж літарамі, або адной малой лацінскай літарай. Захаваем:

1. Традыцыйную наменклятуру з назвамі традыцыйных:

–рэлігійнасьці-этнічнасьці ва ўсходнехрысьціянскай (грэка-…) надцывілізацыі (напрыклад, g-e – грэка-элады), дзе лацінская літара g абавязкова прысутнічае і ставіцца да абазначэньня традыцыйнай этнічнасьці (g-…);

— этнічнасьці-рэлігійнасьці ў заходнехрысьціянскай (лацінскай) надцывілізацыі (напрыклад, r-l – рамана-лацінская), дзе лацінская літара l абавязкова прысутнічае і ставіцца пасьля абазначэньня традыцыйнай рэлігійнасьці (…-l).

2. Геаграфічную наменклятуру з назвамі:

 — адной маленькай лацінскай літарай. Напрыклад, і – ібэрыйская (баска-лацінская) цывілізацыя;

— двума маленькімі лацінскімі літарамі з абавязковым выстаўленьнем злучка (дэфіса) паміж імі. Напрыклад, n-e – паўночнаэўрапейская (германа-лацінская) цывілізацыя.

Рэгіянальныя цывілізацыі абазначым R.

Нарэшце, лякальныя соцыюмы-цывілізацыі абазначаюцца двумя малымі лацінскімі літарамі:

1. Традыцыйна — спачатку назваю традыцыйнай этнічнасьці адной двумя маленькімі лацінскімі літарамі (напрыклад, er — заходнераманская, еs — усходнеславянская, с — кельцкая), а потым – назваю традыцыйнай рэлігійнасьці (о — праваслаўнвя, с — каталіцкая, р — пратэстанцкая, u — вуніяцкая). Напрыклад, еs-о — усходнеславяна-праваслаўная, sg-с — паўднёвагермана-каталіцкая, а-о — альбана-праваслаўная.

2. Геаграфічна – двумя малымі лацінскімі літарамі. Напрыклад, рr – пірынэйская, ap – апэнінская, ee – усходнеэўрапейская і г. д.

Лякальныя цывілізацыі абазначым L.

Надцывілізацыі абазначым двумя лацінскімі літарамі: першай —  маленькай, другой – вялікай. Напрыклад, рR – пострымская і г. д. Лічбай перад надцывілізацыямі паставім сукупнасьці чыньнікаў (фактараў) паводле якіх  яны індэнтыфікаваны: 1 – агульнасьці абшараў, 2 – часу, 1-2 абшараў-і часу або часапрасторы (-аў), 3 – рэлігійнасьці, 4 – этнічнасьці, 5 – структур соцыюму, 6 — палітычна-эканамічнай тыпізацыі (І – цэнтр, або першы сьвет, ІІ – паўпэрыфэрыя, або другі сьвет, ІІІ – пэрыфэрыя, або трэці сьвет, ІV – фон, або чацьвёрты сьвет, І-ІІ цэнтр і паўпэрыфэрыя, ІІ -ІІІ – паўпэрыфэрыя і пэрыфэрыя), 7  – этыкі, 8 – эстэтыкі, 9 – тыпаў пазнаньня чалавекам Сусьвету (а – міталёгіі, b – рэлігіі, с – філясофіі,  d – навукі),  10 – права, 11 – ідэалёгіі.

Мёртвыя цывілізацыі зь мінулага варта абазначыць двумя вялікімі літарамі ў круглых душках, напрыклад, (RM) – рымская, (TR) – туранская, (BZ) – візантыйская/бізантыйская і інш.

Цывілізацыйныя працэсы абазначым наступнымі значкамі:

1. Кансалідацыю – клічнікам пасьля назвы цывілізацыі, напрыклад fr! – французская цывілізацыя ў час тварэньня палітычнай французскай нацыі.

2. Дыфэрэнцыяцыю – пытальнікам пасьля назвы цывілізацыі, напрыклад ар? – апэнінская ў час раздробленасьці да ўтварэньня адзінай апэнінацывілізацыйнай дзяржавы Італіі.

3. Экспансію-інвазію — значкамі: / — экспансія і \ — інвазія.

4. Міксацыю – значком: «, або ».

Першаснасьць-другаснасьць цывілізацыйных працэсаў – круглымі душкамі, напрыклад: (RU/+WA Х-ХІІІ)+\TU ХІІІ-ХV=EA. Значыць, спачатку эўрапейская цывілізацыя Русі экспансіявала на сусьветную анімістычную (паганскую, язычніцкую) цывілізацыю ў Х-XIII стст. і гэтыя цывілізацыі падвергліся інвазіі туранскай цывілізацыі ў XIII-XV стст. ў выніку –ўтварылася эўразійская цывілізацыя.

Значкі для абазначэньня цывілізацыйных працэсаў выбраны з звычайнай клявіятуры кампутара для спрашчэньня працы.

Аўтар супраць схэматызацыі часапрасторы, аднак асноўныя цывілізацыйныя працэсы, стадыі разьвіцьця цывілізацый ды многае іншае можна паказаць схэматычна прымяніўшы законы лёгікі.

 

 

Х. Асноўныя законы цывілізацыялёгіі

1. Нельга быць цывілізаваным у час х на два спосабы, г. зн. Адначасова карыстацца двума ці больш этыкамі, эстэтыкамі, рэлігіямі, правамі і г. д. Закон сфармуляваў Фэлікс Канэчны.

2. Соцыюмы (этнасы, нацыі) ў межах адной лякальнай цывілізацыі камплемэнтарны. Паміж імі ня можа быць цывілізацыйных канфліктаў. Напрыклад, паміж чэхамі і славакамі ў рамках сярэднеэўрапейскай цывілізацыі (аб чым сьведчыць мірны развод чэхаў і славакаў пры распадзе Чэхаславаччыны), украінцамі й беларусамі у рамках усходнеэўрапейскай цывілізацыі, ірляндыйцамі і брэтонцамі ў рамках трансламаншскай цывілізацыі.

3. Пры доўгатэрміновай інвазіі-экспансіі, асіміляцыі, міксацыі (перамешваньні) адных соцыюмаў-цывілізацый за пэрыяд х+y+z (звычайна вымяраецца стагоддзямі) за час ΔТ узьнікае новая цывілізацыя. Так у пэрыяд Вялікіх трансфармацыйных працэсаў (V-ХІ стст.) узьнікла цывілізацыя Эўропы. Цывілізацыя Эўразіі ўзьнікла ў пэрыяд аналягічных трансфармацыйных працэсаў (ХІІІ-ХVІІ стст.). Адсюль  ΔТ=х+у+z, дзе ΔТ – пэрыяд чаасу х – адзін момант часу, у – другі, z – трэці.

4. Чым далей разыходзяцца соцыюмы паводле вертыкальнай структуры цывілізацый тым большая верагоднасьць канфліктаў паміж імі. Самыя крывавыя канфлікты – канфлікты паміж соцыюмамі што адносяцца да розных плянэтарных і кантынэнтальных цывілізацый. Напрыклад, эўрапейска-эўразійская вайна паміж ВКЛ і Масковіяй у сярэдзіне ХV ст. (невядомая вайна паводле Генадзя Сагановіча, або патоп). Войны на ўскрайках маладой мусульманскай цывілізацыі з хрысьціянскай цывілізацыяй (Босьнія і Герцээгавіна, Каўказ), цывілізацыяй Індыі (штаты Пенджаб, Джаму і Кашмір (Індыя)), афрыканскай цывілізацыяй (Судан).

5. Пры інвазіі-экспансіі маладой цывілізацыі з старай – звычайна адразу перамагае маладая цывілізацыя затым – звычайна старая . Напрыклад, войны паміж брытанцамі і трансламаншцамі за Ірляндыю, інвазія-экспансія славан на балтаў, паміж Эўропай і Эўразіяй. Паслья Другой сусьветнай вайны Эўропа была падзелена на зоны ўплыву паміж маладзейшымі Паўночнай Амэрыкай і Эўразіяй (паводле ідэалягічнай прыкметы на капіталістычную і сацыялістычную), аднак пасьля падзеньня Бэрлінскага муру перамагла ідэя эўрапейскай еднасьці выражаная ў эўрапейскай інтэграцыі.

6. Цывілізацыі маюць агульныя чыньнікі, таму паводле аднаго, двух ці некалькіх агульных чыньнікаў аб’ядноўваюцца ў надцывілізацыі. Чым больш агульных чыньнікаў аб’ядноўвае цывілізацыі, (напрыклад, абшаравая, гістарычная, моўная, рэгігійная, этычная, прававая і інш. аднолькавасьці), тым меньшая магчымасьць канфлікту цывілізацый.

7. Нельга дапускаць мэханічныя зьмяшэньні розных цывілізацый, асабліва далёкіх паводле гарызантальнай структуры, у адной часапрасторы, бо гэта непазьбежна прывядзе да канфлікту цывілізацый.

Эўропа ў 60-ыя гады ўзяўшы курс на мультыкультуралізм прыняла да сябе мільёны носьбітаў цывілізацыйнасьці з Арыенту (Усходу), што вылілася ў цывілізацыйныя канфлікты паміж тубыльцамі і імігрантамі зь іншых плянэтарных цывілізацый, што не паддаюцца нават інтэграцыі.

У раманскіх дзяржавах зь іх палітычнай канцэпцыяй нацыі мігранты атрымалі грамадзянства. У германа-лацінскай Нямеччыне зь іх этнічнай канцэпцыяй нацыі імігранты пашпартоў не атрымалі.

У апошнія часы Эўропа паступова адмаўляецца ад мультыкультуралізму, баронячы ўласную цывілізацыйную тоеснасьць.

8. Кантынэнтальныя цывілізацыі Эўропы і Паўночнай Амэрыкі, Эўразіі і Лацінскай Амэрыкі сімэтрычныя паміж сабою: абшарава, палітычна-эканамічна. Эўропа і Паўночная Амэрыка – І і ІІ сьветы, Эўразія і Лацінская Амэрыка – ІІ і ІІІ. Як сярод расейскіх, так і сярод лацінаамэрыканскіх інтэлектуалаў вядуцца дыскусіі наконт таго, Расея і Лацінская Амэрыка – гэта адгалінаваньні Захаду, або асобныя цывілізацыі.

9. Адноснасьць часу ў розных цывілізацыях на розных стадыях разьвіцьця. Напрыклад, у цывілізацыі Эўропы Вялікія трансфармацыйныя працэсы адбываліся ў V-ХІ стст. (ад распаду Рымскае імпэрыі да хрысьціянізацыі паўднёвых германцаў і народжаньня нардыйскай на той час паўночнагермана-каталіцкай цывілізацыі), г. зн. каля 600 год. У цывілізацыі Эўразіі аналягічныя працэсы адбываліся хутчэй – з ХІІІ– па XVII стст. (ад падбою алтайскімі ордамі Разані, да эпохі Пятра Аляксеевіча Раманава), г. зн. каля 400 год.

10. Мэтодыка ідэнтыфікацый цывілізацый на кожным з узроўней вертыкальнай структуры цывілізацый – розная.

 

 

ХІ. Мэтодыка цывілізацый

І. Плянэтарныя цывілізацыі ідэнтыфікуюцца паводле трох сукупнасьцяў чыньнікаў (фактараў):

1. Абшаравых

2. Часавых і часапрасторавых

3. Рэлігійных.

ІІ. Хрысьціянскія кантынэнтальныя цывілізацыі ідэнтыфікуюцца паводле:

1. Абшараў.

2. Часаў і часапрастораў.

3. Пануючых надэтнасаў.

4. Рэлігійных (у меньшай ступені).

ІІІ. Рэгіянальныя цывілізацыі ў кантынэнтальнай цывілізацыі Эўропы ідэнтыфікуюцца паводле:

1. Абшараў.

2. Часаў і часапрастораў.

3. Пануючых адгалінаваньняў хрысьціянства першага парадку: канфэсій.

4. Пануючых надэтнасаў: макраэтнасаў.

5. Колькасьці дзяржаў.

6. Месцы ў сусьветным эканамічна-палітычным падзеле

ІV. Лякальныя цывілізацыі ў цывілізацыі Эўропы ідэнтыфікуюцца паводле:

1. Абшараў.

2. Часапрастораў.

3. Пануючых адгалінаваньняў хрысьціянства другога парадку: вер.

4. Пануючых надэтнасаў: мезаэтнасаўю

5. Колькасьці уласна этнасаў.   

6. Гарызантальнай структуры.

Надцывілізацыі Захад (Акцыдэнт)і Ўсход (Арыент) ідэнтыфікуюцца паводле:

1. Абшараў. Захад у вузкім яго разуменьні знаходзіцца вакол Паўночнай Атлянтыкі, у шырокім – у заходнім паўшар’і, на захадзе Эўропы, поўдні Афрыкі, у Аўстраліі і частцы Акіяніі. Усход займае іншыя абшары.

2. Часу і часапрастораў. Захад мае ўзрост толькі 1500 год (цывілізацыя Эўропы) і меньш за 500 год (перасяленскія цывілізацыі). Усход мае намнога большы ўзрост. Да 500 год таму – панаваньне і ўзвышэньне Арыенту, пасьля – узвышэньне і панаваньне Акцыдэнту. У наш час Захад (уцэлым) палітычна-эканамічна ўзвышаецца над Арыентам, аднак роля Ўсходнеазіяцкай цывілізацыі (частка Арыенту) – паступова павялічваецца.

3. Пануючых рэлігій. На Захадзе – хрысьціянства. На Ўсходзе – іншыя рэлігіі.

3. Пануючых мэгаэтнасаў. На Захадзе – індаэўрапейцы як мэгаэтнас, заходнія і сярэднія індаэўрапейцы як сумэгаэтнас. На Ўсходзе – усе іншыя мэгаэтнасы.

4. Суадносінаў дзяржава-соцыюм, або дзяржаўніцкая традыцыя. На Захадзе соцыюм-супольнасьць пануе над дзяржавай (прадстаўленай палітычным рэжымам). На Ўсходзе наадварот –дзяржава (прадстаўлена дзяржаўнай бюракратыяй) пануюць над соцыюмам-грамадой.

5. Крыніцамі права. Суадносіны этыка, рэлігія, ідэалёгія – права. На Захадзе – этыка пануе над правам, а права не пярэчыць этыцы прынятай у цывілізацыі. Калі права пярэчыць этыцы – яно не выконваецца. На Ўсходзе – ідэалёгія (-і) і рэлігія (-і) пануе (-юць) над правам, а права можа пярэчыць прынятай этыцы й выконвацца (паводле Фэліксу Канэчнаму).

6. Падзелам або непадзелам жыцьцяў. На Захадзе сямейнае, прафэсійнае жыцьцё і жыцьцё ў соцыюме аддзелены. На ўсходзе – адсутнічае такі падзел, або дамінуе адно жыцьцё над іншым.

7. Прававым дуалізмам для Захаду і прававым манізмам для Ўсходу. На Захадзе прыватнае права аддзелена ад публічнага, а на Ўсходзе або публічнае права – частка прыватнага, або прыватнае – публічнага (паводле Ф. Канэчнаму).

Гэта асноўныя сукупнасьці чыньнікаў (фактараў). Кожная цывілізацыя яшчэ мае дадатковыя чыньнікі ідэнтыфікацыі. Таму, мэтодыку цывілізацый можна падзяліць на асноўную і дадатковую.

  

 

ХІІ. Табліца соцыюмаў цывілізацыі Эўропы

Табліца адлюстроўвае вертыкальную структуру соцыюмаў і іх гісторыю.

На ёй адлюстраваны лякальныя цывілізацыі, існуючыя надцывілізацыі што ўтвараюць лякальныя цывілізацыі па кожнай з сукупнасьці. Далей – рэгіянальныя цывілізацыі ў якія аб’яднаны пэўныя лякальныя цывілізацыі, або існуючыя рэгіянальныя цывілізацыі якія зьяўляюцца ў той жа час і лякальнымі. Па кожнай сукупнасьці чыньнікаў (абшаравых, часавых, этнічных, рэлігійных, структурах соцыюмаў і г. д.).

Рэгіянальныя цывілізацыі  ўтвараюць надцывілізацыі па магчымым сукупнасьцям чыньнікаў. Нарэшце – кантынэнтальныя і плянэтарныя і іх надцывілізацыі.

Гістарычнасьць у табліцы найперш заключаецца ў:

1. Аб’яднанасьці лякальных цывілізацый паводле рэлігійнасьці ў чатыры надцывілізацыі (каталіцкую, пратэстанцкую, праваслаўную і вуніяцкую).

2. Аб’яднанасьці рэгіянальных цывілізацый паводле рэлігійнасьці ў заходнехрысьціянскую і ўсходнехрысьціянскую надцывілізацыі. 

(Табліцу соцыюмаў можна вельмі аддалена параўнаць з пэрыядычнай сыстэмаў хімічных элемэнтаў Дз. Меньдзялеева).

 

 

ХІІІ. Цывілізацыя Эўропы. Межы

Цывілізацыйныя межы Эўропы на захадзе, поўначы й поўдні карэлююцца з фізыка-геаграфічнымі межамі, веды аб апошніх набываюцца ў сярэдняй школе.

Аднак абшар цывілізацыйнае Эўропы, ці цывілізацыі Эўропы ўключае толькі каля паловы абшару Эўропы фізыка-геаграфічнай. Сучасныя межы паміж цывілізацыяй Эўропы і цывілізацыяй Эўразіі прыкладна супадаюць зь дзяржаўнымі межамі з аднаго боку Нарвэгіі, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Летувы, Беларусі і захаду й цэнтру Ўкраіны паводле межаў перавагі выбарчых прэфэрэнцый у трох апошніх кампаніях па выбарах прэзыдэнта Ўкраіны (Краўчук-Кучма, Юшчанка-Януковіч, і Цімашэнка-Януковіч), а зь іншага – Расеі і эўразійскага ўсходу і поўдня Ўкраіны.

На захад ад гэтых межаў – цывілізацыя Эўропы, а на ўсход — Эўразіі. Гэта ня гледзячы на тое, што ў Беларусі і ва Ўкраіне жывуць мільёны расейцаў і зрасейшчаных эўразійцаў, а ў Расеі – некалькі мільёнаў цывілізацыйных эўрапейцаў (у асноўным украінцаў і беларусаў).

Палітычныя межы паміж Баўгарыяй і Турэччынай, а таксама паміж Грэцыяй і Турэччынай аддзяляюць цывілізацыйную Эўропу ад мусульманскае цывілізацыі (цюрка-мусульманская цывілізацыя), не зважаючы на кампактнае пражываньне ў Эўропе мільёнаў аўтахтонных мусульман (басьнійцаў і альбанцаў), а таксама імігрантаў (туркаў, арабаў і інш.). Мусульманскія абшары ў Эўропе твораць своеасаблівыя анклявы іслямскае цывілізацыі.

Высновы.Эўрапейскія нацыі маюць эўрапейскую гісторыю. Беларусы і заходнія ды цэнтральныя ўкраінцы маюць эўрапейскую гісторыю, бо былі ў складзе эўрапейскіх гаспадарстваў (ВКЛ і Рэчы Паспалітай).

Кожныя прэзыдэнцкія й парлямэнцкія выбары на Ўкраіне выліваюцца ў супрацьстаяньне дзьвюх Украін: эўрапейскацывілізацыйнай заходняй і цэнтральнай ды  эўразійскацывілізацыйнай усходняй і паўдзённай. Мяжа паміж Эўропай і Эўразіяй на Ўкраіне праходзіць па мяжы электаральных прэфэрэнцый паміж двумя Ўкраінамі (вынікі галасаваньня за Віктара Юшчанку і Віктара Януковіча ў 2004 годзе, за Юлію Ціманэнку і Віктара Януковіча ў 2009 годзе). Дарэчы, гэта прадбачліва заўважыў Самуэль Гантынгтан у кніза “Сутыкненьне цывілізацый”.

 

 

ХІV. Рысы цывілізацыі Эўропы

1. Агульнае

Цывілізацыя Эўропы сфармавалася ў выніку часапрасторавай трансфармацыі міжземнаморскай цывілізацыі пасьля падзеньня Рымскай імпэрыі, дакладней яе заходняй часткі.

1. Наяўнасьць найменш 900 гадоў хрысьціянскай традыцыі для абсалютнай большасьці сёньняшняй цывілізацыйнай Эўропы, апрача паўднёвага і ўсходняга ўзьбярэжжаў Эўропы, насельнікі якіх былі хрысьціянізаваныя пазьней (у XII – XIII стст.). Цывілізацыйная Эўропа ўключае каля паловы фізыка-геаграфічнае Эўропы акрамя Расеі, турэцкай Фракіі і паўночна-заходнай часткі Казахстану.

Для большасьці абшараў Паўднёвай Эўропы традыцыя хрысьціянства сягае аж у першыя стагоддзі нашай эры.  Хрысьціянства распаўсюджвалася па фізыка-геаграфічнае Эўропе спачатку ў Рымскай імпэрыі пераважна з усходу на захад, а пасьля яе распаду — з поўдня на поўнач і паўночны-ўсход. Традыцыя хрысьціянства на паўднёвым і ўсходнім узьбярэжжах Міжземнага мора была перарвана араба-мусульманскай экспансіяй, а на Малой Азіі – цюрка-мусульманскай.  Толькі Пірынэі пасьля выгнаньня арабаў  былі дэіслямізаваны-рэхрысьціянізаваны Рэканкістаю. Хрысьціянскія каўказскія Грузія і Армэнія знаходзяцца па-за фіз.-геаграфічнай Эўропаю (хрысьціянская цывілізацыя Каўказу).

2. Раманізацыя варвараў/барбараў на большай частцы захаду былой рымскай Рымскай імпэрыі пасьля яе падзеньня і найменш 900-1000 гадоў хрысьціянскай традыцыі для германскіх і славянскіх этнасаў.

3. Доўгая гістарычная традыцыя прыватнай уласнасьці (што сягае прынамсі ад сярэднявечча) ды йснаваньне ў сацыяльнай структуры насельніцтва ўплывовага сярэдняга клясу. Традыцыя аддзяленьня прыватнага права ад публічнага і наадварот, пераўтварэньня грамадзтва ў супольнасьць ды мясцовага самакіраваньня выключаюць татальны дэспатызм.

4. Традыцыя будовы супольнасьці зьнізу ўверх, г. зн. ад эліт ў сярэднявеччы і ад грамадзянскай супольнасьці ў найноўшы час. У іншых цывілізацыях мінулага грамадзтва будавалася зьверху ўніз, г. зн. арыентальна. Разьвітая грамадзянская супольнасьць узьнікла ў Эўропе і Паўночнай Амэрыцы. У іншых цывілізацыях яна або слаба разьвіта, або адсутнічае.

5. Найдаўжэйшая на сьвеце (сярод іншых цывілізацый) традыцыя прымату правоў Асобы (чалавека) і шанаваньня Асобы.

6. Традыцыя розных канцэпцый нацый (ад гістарычнай і грамадзянскай, да палітычнай і этнічнай. Каштоўнасьць нацыі і нацыяналізму.

7. Найбольш на сьвеце нацый і дзяржаў што належаць да ліку разьвітых і ўваходзяць у цэнтр сусьветнае эканамічна-палітычнае сыстэмы.

Паўночнаамэрыканскі цэнтр разьвітасьці абшарава большы, але толькі ў цывілізацыі Эўропы знаходзяцца абшары 20 дзяржаў, у якіх пражывае больш чым 400 млн. асоб, утвараючы найлюднейшы на сьвеце цэнтр эканамічна-палітычнай сыстэмы.

8. Традыцыя эўрапеідызацыі сьвету з часу вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў.

9. Традыцыя эўрапейскай дэмакратыі (перанесеная ў Паўночную Амэрыку і Аўстралію).

10. Традыцыя эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі.

Толькі разам гэтыя рысы вылучаюць цывілізацыю Эўропы зь іншых цывілізацый.

Для Паўночнай Амэрыкі характэрны 1-я, 3-я і 10-я рысы, аднак паўночнаамэрыканская цывілізацыя існуе 300-200 год, адсюль некаторы прымітывізм (Z. Brzeziński), бо не хапае уласнай часапрасторава доўгай традыцыі.

 

2. Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа

Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа  — (у шырокім разуменьні рэгіёна) знаходзіцца паміж паўднёвагерманскім расьсяленьнем і расейскім. Тая частка Эўропы дзе знаходзяцца балтыйскія, усходнераманскія, вугорскі і славянскія этнасы. Цывілізацыйна гэта: дзьве балтыйскія цывілізацыі: балтыйская і балцкая, дзьве вугорскія: трансдунайская і мадзьярская, шэсьць славянскіх: віленская, сорбская, сярэднеэўрапейская, паўднёваэўрапейская, усходнеэўрапейская і балканская, адна усходнераманская і адна цюрка-усходнехрысьціянская, тры альбанскія і адна басьнійская.

Увогуле, рэгіён надзвычай стракаты. Характэрызуецца колькаснай дамінацыяй славянскіх цывілізацый (аж шэсьць лякальных і дзьве рэгіянальныя калі ня ўлічваць басьнійскай мусульманскай). Мнагалікая ў рэгіёне й усходнераманская цывілізацыя.

 Тварэньне нацый паводле этнічнай прыналежнасьці прывяло да прэтэндаваньня на адны і тыя ж абшары рознымі нацыямі. Такім чынам спрэчнымі сталі многія абшары й гістарычныя краіны. Узьніклі канцэпцыі вялікіх этнічных Летувы, Беларусі, Украіны і інш.

Напрыклад, на Віленшчыну прэтэндавалі летувісы. Лічылі што ў мінулым сёньняшняя паўночна-заходняя Беларусь і паўночнае Падлесьсе былі заселены пераважна балтамі, што потым славянізаваліся, а таксама тут узьнікла пераважна балцкае ВКЛ з сталіцай у Наваградку.

На ту ж Віленшчыну прэтэндавалі беларусы, аргумэнтуючы найперш беларускамоўнасьцю аўтахтоннага насельніцтва Віленшчыны і атаясамліваючы асноўную частку ВКЛ з абшарамі Беларусі.

Нарэшце палякі лічылі што паколькі большасьць віленцаў лічаць сябе палякамі і традыцыйна каталіцкага веравызнаньня, то Віленшчына павінна ўвайсьці ў склад польскае дзяржавы.

Аналягічна з Латгаліяй (беларусы, латышы, палякі), Палесьсем (украінцы, беларусы й палякі), Валыньню (украінцы і палякі), Прусіяй (палякі, немцы, летувісы), Сілезіяй (палякі, немцы, у меньшай ступені чэхі) і іншымі гістарычнымі краінамі.

Паколькі нацыі-этнасы стваралі ўласныя дзяржавы не на ўсіх абшарах дзе жылі іх суродзічы, напрыклад вугорцы жывуць у румынскай Трансільваніі, украінскім Закарпацьці, сэрбскай Ваяводзіне, у Славаччыне, г. зн. на абшарах дзе была Аўстра-Вугоршчына. Адсюль, утвараліся значныя супольнасьці суродзічаў па-за дзяржавай-мэтраполіяй – дыяспары. Адсюль, узьніклі ідэі падтрымкі  дзяржавамі мэтраполіямі асяродкаў суродзічаў у іншых, найперш суседніх дзяржавах, у т. л. этнанацыянальных карт і г. д.

У часы мультыэтнічных імпэрый у рэгіёне існаваў падзел на пануючыя нацыі і падпарадкаваныя. Пануючымі былі палякі й вугорцы (мелі ўласную шляхту), немцы й аўстрыйцы, а таксама туркі-асманы – адпаведна ў Рэчы Паспалітай, Вугоршчыне, Германскай імпэрыі і Аўстра-Вугорскай імпэрыі. Падпарадкаваныя нацыі былі сялянскімі, мелі няпоўнуюю сацыяльную структуру (паводле Мірослава Гроха, 2004) і г. д. Пануючыя нацыі жылі ва ўсіх частках аднаймённых імпэрый, складалі значную частку меставага (гарадзкога) насельніцтва, займалі верхнія прыступкі ў сацыяльнай лесьвіцы, мелі найбольш маёмасьці. Сярод іх быў найменьшы адсотак анальфабэтаў (асоб, што ня ўмеюць чытаць і пісаць), акрамя пануючых у Асманскай імпэрыі турак-мусульман.

Вывучэньнем Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы займаюцца многія навукоўцы як у дзяржавах рэгіёну, так і па-за яе межамі.

 

 

XV. Цывілізацыйная часапрастора балтаславянскага этнасу

1. Навуковыя доказы належнасьці Беларусі да цывілізацыі Эўропы

1. Наяўнасьць тысячагадовай беларускай эўрапейскай гістарычнай традыцыі.

2. Наяўнасьць каля 800 год традыцыі жыцьця беларусаў у эўрапейскацывілізацыйных гаспадарствах-дзяржавах, што будаваліся паводле эўрапейскай дзяржаўніцкай традыцыі, г. зн. зьнізу ўверх (ад народнага веча на Русі), ад эліт уверх, г. зн. спачатку эліты – потым інстытуты дзяржаўнай улады й кіраваньня. Полацкае, Тураўскае і іншыя княствы, ВКЛ, Рэч Паспалітая.

3. Наяўнасьць эўрапейскіх цывілізацыятворчых працэсаў у Беларусі:  Адраджэньня (Рэнесансу), Рэфармацыі, Контррэфармацыі, Вуніятызацыі, Асьветніцтва.

4. Наяўнасьць эўрапейскіх інстытутаў: ваяводстваў, соймікаў, соймаў, паны-рады, Магдэбургскага права, ратушаў.

5. Інтэграцыю беларускіх эліт у агульнаэўрапейскую палітычную, эканамічную, культурную часапрастору (аб чым сьведчыць хуткае перайманьне тэхнічных і гуманітарных ноў-хаў тагачаснае Эўропы), напрыклад жыцьцё й дзейнасьць Ф. Скарыны ды іншых першадрукароў і г. д.

6. Эўрапейскацывілізацыйная традыцыя будаўніцтва ў Беларусі, найперш сакральнага ў эўрапейскіх стылях: готыка, барока, віленскае барока й г. д.

7. Мнагалікія і даўгачасовыя войны з Масковіяй (найперш Невядомай вайны – патопу сярэдзіны ХVII ст. Прадстаўнікі лякальных і рэгіянальных цывілізацый так зацята і доўга не ваююць аж да поўнага вынішчэньня. Больш маладая Масковія-Эўразія ў часы Вялікіх трансфармацыйных працэсаў вяла амаль бесперапынныя войны супроць цывілізацый эўрапейскіх Русі і Літвы. Гэта былі цывілізацыйныя войны паміж рознымі кантынэнтальнымі цывілізацыямі.

8. Вунія ВКЛ з Польскім каралеўствам. Сярэднеэўрапейская цывілізацыя была бліжэй Усходнеэўрапейскай. Розьніцы былі на лякальным і рэгіянальным узроўні (славяна-лацінская і грэка-славянская цывілізацыі). Празаходняя палітыка і геапалітыка нашых продкаў яшчэ раз сьведчыць аб іх прыналежнасьці да цывілізацыі Эўропы.

9. Наяўнасьць лацінскага і польскага моўнага ўплываў (з заходу, а не з усходу),

10. Наяўнасьць заходнехрысьціянскага (каталіцкага і пратэстанцкага ўплываў). У Масковіі-Расеі нашых продкаў-праваслаўных перахрышчвалі з эўрапейскацывілізацыйнай на эўразійскацывілізацыйную вэрсію праваслаўя (дэ-факта – перамешагага зь нестарыянствам).

11. Вызнольныя збройныя чыны падымала кожнае пакаленьне нашых продкаў супроць Эўразіі-Расеі (пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі, у 30-ых гадох ХІХ ст., 1863-64 гадох).

12. Наяўнасьць мадэрнага нацыятварэньня. Толькі ў цывілізацыі Эўропы ўзьніклі нацыі, а этнічныя нацыі ўзьніклі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Ніякіх нацый збудаваных на эўрапейскі цывілізацыйны ўзор (ні палітычных, ні этнічных) на ўсход ад Беларусі не йснуе (напрыклад, якіх-небудзь пензенскай або разанскай), бо ў цывілізацыі Эўразіі адсутнічалі цывілізацыятворчыя працэсы аналягічныя эўрапейскім.

13. Кадыфікацыя мадэрнай літаратурнай беларускай мовы з народных гаворак і дыялектаў у якой рэалізаваны прынцып фанэтычнага правапісу. У цывілізацыі Эўропы ёсьць аналягічныя ўкраінская, славацкая, харвацкая, славенская, летувіская, латыская, эстонская. Ніякіх пензенскай або разанскай ўсходнеславянскіх літаратурных моў на ўсход ад Беларусі не йснуе, бо ў цывілізацыі Эўразіі адсутнічала мадэрнае нацыятварэньне.

14. Наяўнасьць эўрапейскай дзяржаўніцкай традыцыі выражанай палітычна ў абвяшчэньні БНР (як УНР ва ўкраінцаў і іншых).

15. Утварэньне і больш чым дваццацігадовае існаваньне на палітычнай карце сьвету і ў эўрапейскай часапрасторы незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь. На захад, поўнач і поўдзень ад Беларусі на мейсцах былых чатырох шматнацыянальных імпэрый сувэрэнізаваўся пас этнанацыянальных дзяржаў у якіх этнас-нацыя і дзяржава атаясамляюцца разам.

Гэта характэрна для Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Нідзе на ўсход ад Беларусі не сувэрэнізавалася ніводная ўсходнеславянская нацыянальная дзяржава. Паколькі ў цывілізацыі Эўразіі адсутнічаюць эўрапейскія мадэрныя мадэрныя нацыі, то адсутнічае натуральны грунт для ўтварэньня нацыянальных дзяржаў на эўрапейскацывілізацыйны ўзор (якія-небудзь пензенскія або разанскія рэспублікі адсутнічаюць).

Паколькі С. Гантынгтан і іншыя прэкурсоры навукі аб цывілізацыях ня мелі ведаў па Беларусі, заходняй і цэнтральнай Украіне, то яны нашу Бацькаўшчыну не занесьлі ў абшары Захаду. Аб’ектыўна палітоляг С. Гантынгтан не кантактаваў а не з масавай украінскай эміграцыяй, а ні зь беларускй.

Эўрапейцы й амэрыканцы – людзі рацыянальныя, таму добра ўспрымаюць рацыянальныя навуковыя веды.

 

2. Цывілізацыйная часапрастора Бацькаўшчыны

Паводле сучасных уяўленьняў балтаславянскі этнас сфараваўся ў ІІІ-V стст. у выніку прыходу славянскага насельніцтва на абшары дзе пражывалі балцкія аўтахтоны. У выніку славяны засімілявалі балтаў, сфармаваўшы балтаславянскія гаворкі.

На паўночным-захадзе пераважаў балцкі элемэнт і адбывалася паступовая славянізацыя балтаў (назіралася ў Вараноўскім і Астравецкім раёнах у канцы ХХ ст.). Славяна-язычніцкая і балта-язычніцкая цывілізацыі.

У іншых рэгіёнах, дзе балты засіміляваліся, або славянізаваліся гістарычна раней, балцкага элемэнту намнога меньш.

У Беларусі жывуць прадстаўнікі чатырох цывілізацый:

1. Віленскай, або балтаўсходнеславянскай-каталіцкай, беларусы-каталікі і палякі-каталікі,  найперш паўночнага-захаду Беларусі, а таксама пратэстанты, найперш на Палесьсі і ў местах (каля 2 млн. асоб). Дыскрымінуемая цывілізацыйная супольнасьць. Пражывае ў вёсках, мястэчках і местах на паўночным-захадзе і захадзе Беларусі, а таксама ў Менску. Ізаляваная польска-беларускай, летувіска-беларускай і латыска-беларускай палітычнымі межамі. Выезд у суседнія цывілізацыйна роднасныя дзяржавы Эўрапейскага Зьвязу практычна немагчымы з-за візавага рэжыму і нізкага матэрыяльнага ўзроўню жыцьця. Разьвіцьцё каталіцкага касьцёлу штучна стрымліваецца, аналягічна штучна стрымліваецца палітычнае, эканамічнае і сацыяльнае разьвіцьцё адпаведных рэгіёнаў.

2. Эўрапейскай праваслаўнай, звычайна беларусы-праваслаўныя, асабліва на Палесьсі і ў гістарычнай Літве, магчыма – частка беларусаў-няверуючых (каля 5 млн. асоб). Складае большасьць насельніцтва Палесься, вёсак і мястэчак Падняпроўя, Паазер’я і Сярэдняй Беларусі. Дыскрымінуемая цывілізацыйная супольнасьць, асімілюецца/эўразіятызуецца. Усялякія спробы адраджэньня Беларускай праваслаўнай аўтакефаліі рэальна незалежнай ад фармальна Рускай (фактычна Расейскай) праваслаўнай царквы (РПЦ МП) татальна перасьледуюцца.

Яскравым прыкладам можа быць разбурэньне недабудаванага праваслаўнага храма Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў мястэчку Пагранічны на Гарадзеншчыне (будаванай пад кіраўніцтвам айца Яна Спасюка).

3. Эўразійскай (Расеі), перасяленцы з усходу за часы Расейскай імпэрыі і СССР і іх нашчадкі, пэўная колькасьць эўразіятызаваных (зрасейшчаных) беларусаў (часта беларусы-атэісты, “праваслаўныя атэісты”, частка беларусаў-праваслаўных). Звычайна маюць падвойную беларуска-расейскую і расейска-беларускую цывілізацыйную ідэнтыфікацыю і выказваюцца ў тым духу, што “Беларусь – тое ж самае што і Расея”, або “Беларусь – частка Расеі” (як Краснадарскі край ці Далёкі Ўсход). Налічваецца каля 2-3 млн. асоб. Пануючая цывілізацыя ў Беларусі. Пражываюць у местах, займаючы звычайна вышэйшыя прыступкі службовай (у меньшай ступені сацыяльнай і маёмаснай) лесьвіцы дзякуючы сыстэме прэфэрэнцыяў. Прымусава (найперш прававая ініцыятыва, навучаньне й выхаваньне ў школах і ВНУ) і дабраахвотна (замбаваньне з дапамогай зманапалізаваных мас-мэдэа), але пасьпяхова навязываюць свае цывілізацыйныя ўзоры й стандарты беларусам іншых цывілізацый (расейская мова, цэзарапапізм, расейскі аўтарытарызм, таталітарызм, шавінізм, фактычная адсутнасьць: дамінацыі прыватнай уласнасьці на сродкі вытворчасьці, падзелу паміж публічным правам і прыватным, грамадзянскай супольнасьці, і як вынік – мясцовага самакіраваньня). Тое вядзе да азіяцкага дэспатызму, бюракратыі, самаўладзтва шматлікага герархізаванага чынавенства, фактычнай ізаляцыі Беларусі ад цывілізацыі Эўропы і мн. іншага.

4. Беларускай вуніяцкай. Колькасна найменьшая супольнасьць. Разьвіцьцё беларускай грэка-каталіцкай (вуніяцкай) царквы штучна стрымліваецца. Ня гледзячы на гэта – царква разьвіваецца і налічвае з паўтары дзесяткі парафіяў.

Беларускія татары мусульманы і габрэі-юдаістыя нешматлікія, але з улікам мусульманскай і юдаісцкай супольнасьцяў можна канстатаваць наяўнасьць шасьці цывілізацыйных супольнасьцяў у межах Беларусі.

Некаторыя дасьледчыкі выдзяляюць дробныя цывілізацыйныя супольнасьці ў межах дзяржаў.

М. Кавальскі (M. Kowalski, 2004) ў межах сучаснай Польшчы адрозьнівае чатыры цывілізацыйныя макрарэгіёны:

—       даўнейшая Галіцыя, Гданьскае памор’е і Горная Сілезія – рэгіёны дзе лацінская (заходняя) цывілізацыя падверглася найменьшай эрозіі;

—       даўнейшая Кангрэсоўка зь Беласточчынай, дзе лацінская цывілізацыя падверглася моцнай эрозіі, пад уплывам Візантыйскай, Туранскай (эўразійскай) і жыдоўскай (габрэйскай) цывілізацый;

—       заходнія землі, дзе лацінская сыстэма падверглася наймацнейшай эрозіі ў выніку каляктыўнай гаспадаркі на вёсцы, іміграцыі насельніцтва з усходу — таму тут можа паўстаць ацывілізацыйны стан, або бізантыйскападобная цывілізацыйнасьць;

—       Паўднёва-усходняя Белаасточчына, г. зн. праваслаўны рэгіён, цывілізацыйная сыстэма якога ўладкавалася пад уплывам сувязей з Русьсю і (пазьней) Расеяй.

Паўднёва-усходняя Беласточчына гістарычна была часткаю эўрапейскай цывілізацыі Русі.

Кіруючыся лёгікай М. Кавальскага, Беларусь можна падзяліць на тры цывілізацыйныя рэгіёны:

— былая БССР да 1939 г., дзе эўрапейская славяна-праваслаўная  цывілізацыя падверглася наймацнейшай эрозіі (эўразіятызацыі);

— заходняе і цэнтральнае Палесьсе (што да 1939 г. знаходзіліся ў складзе міжваеннай Польшчы), дзе славяна-праваслаўная цывілізацыя падверглася меньшай эўразіятызацыі (зрасейшчваньню);

— гістарычная Літва, дзе лацінская і славяна-праваслаўная цывілізацыія падвергліся найменьшай эўразіятызацыі (зрасейшчваньню). На абшарах гістарычнай Літвы сустракаюцца лацінскі, праваслаўны і мяшаны (лацінска-праваслаўны) цывілізацыйныя арэалы.

Вышэй дыфэрэнцаваныя цывілізацыйныя рэгіёны дробныя і найдрабнейшыя, таму сфармаваліся пасьля ўтварэньня дзяржаў, або краін у сучасных межах.

Беларусь – адзіная дзяржава ў цывілізацыйнай Эўропе, дзе жывуць цывілізацыйныя носьбіты ўсіх чатырох надцывілізацый: каталіцкай, пратэстанцкай, вуніяцкай, і праваслаўнай чэрпаючы свае надцывілізацыйныя традыцыі з нашага эўрапейскацывілізацыйнага мінулага.

 

3. Цывілізацыйныя працэсы ў Беларусі ў ХХ ст.

У ХХ ст. на Бацькаўшчыне адбыліся наступныя цывілізацыйныя працэсы:

1. Шырокая лацінізацыя заходняй часткі беларускага этнасу разам з палянізацыяй у часы міжваеннай Польшчы.

За польскім часам у тысячах польскіх школ з польскай мовай навучаньня польскія настаўнікі ўпершыню шырока тлумачылі этнічным балтаславянам, што яны “палякі”. Частка праваслаўных, нашчадкаў ад мяшаных шлюбаў і інш., прынялі рыма-каталіцкую веру (прэстыж, пэрспэктыўнасьць і г. д.). Лацінская надцывілізацыя за польскія часы ўмацавалася колькасна і якасна.

2. Глыбокая дэлацінізацыя Беларусі пасьля 1939 г.

Вялікая частка балтаславян каталікоў (этнічных беларусаў) у 1939 г. мелі польскую нацыянальную ідэнтыфіцацыю. Большасьць зь іх пасьля Другой сусьветнай вайны пераехалі ў Польшчу, канчаткова прыняўшы польскую нацыянальную ідэнтыфікацыю і засіміляваўшыся. Колькасьць этнічных беларусаў-каталікоў катастрафічна зьменьншылася найперш за конт эміграцыі ў каталіцкую Польшчу, каталіцкія Летуву і Латвію.

3. Шырокая і глыбокая эўразіятызацыя.

Адбывалася як у часы царскае Расеі, так і ў часы СССР. Шырокай эўразіятызацыі садзейнічаў далейшы наплыў з усходу эўразійскага насельніцтва, якое займала верхнія прыступкі ў сацыяльнай лесьвіцы: чыноўнікі, духавенства (за царам), рабочыя і інжынэры (пры саветах, асабліва пры другіх саветах). Глыбокай эўразіятызацыі садзейнічала найперш урбанізацыя. У другой палове ХХ ст. Беларусь стала краінай дзе меставае (гарадзкое)  насельніцтва дамінуе. Як вядома места – расейскамоўнае, і карыстаецца пераважна эўразійскімі цывілізацыйнымі ўзорамі. Урбанізацыя для Беларусі адназначна карэлявалася з эўразіятызацыяй, паколькі традыцыя беларускага места (горада) была перарвана ў сярэдзіне XVII ст. маскоўскай эўразійскай інвазіяй (патопам).

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы