nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ ЭЎРОПЫ (частка 6)

сакавік 21, 2013 | Каментары (1)

ХV. Эўропа і Эўразія

1. Агульнае

Характэрны цывілізацыёнім “рускі” (у спольшчанай вэрсіі русін) паходзіць генэтычна ад цывілізацыйна эўрапейскае Русі ІХ-ХІ стст. да яе падзелу ў час мангола-татарскай экспансіі на ўласна эўрапейскую (заходнюю) і эўразійскую (усходнюю) Русь.

На месцы першай узьніклі эўрапейскія нацыі: беларусы і ўкраінцы. Двухсотгадовая палітыка Расейскай імпэрыі і СССР па фактычнаму атаясамліваньню, або сінанімізацыі “рускі – расеец” прывяла да сур’ёзных праблем у цывілізацыйнай ідэнтыфікацыі ўсходнеэўрапейскіх славяна-праваслаўных, для якіх “рускі” – эўрапейскі ўсходнеславяна-праваслаўны.

Сталае раздражненьне тутэйшага каляніяльнага навуковага і ідэалягічнага істэблішмэнту з прычыны разрозьніваньня “рускага” і “расейскага” у несавецкай беларускай традыцыі (маўляў гэта супярэчыць гістарычнай відавочнасьці і г. д.) лішні раз паказвае, што атаясамленьне “рускага” і “расейскага” – адна з ключавых стратэгій расейскага каляніялізму ў Беларусі (В. Булгакаў, Гісторыя беларускага нацыяналізму,2006).

Адзінства Русі ў ІХ – ХІІІ стст. было цывілізацыйным, а не дзяржаўным ды этнічным. Славяна-язычніцкая цывілізацыя пасьля хрышчэньня Русі ў Кіеве, Полацку ды Ноўгарадзе трансфармавалася ў славяна-хрысьціянскую, а пасьля расколу хрысьціянства ў 1054 г. — у славяна-праваслаўную. Хрысьціянізацыя і, асабліва, праваславінізацыя садзейнічалі асіміляцыі (славянізацыі) балтаў.

Дзяржаўныя лады раньнефэадальных супольнасьцяў Русі былі тыпава эўрапейскімі. Традыцыі народнага веча, наёму князя з дружынаю, супольнага вырашэнья праблем тагачаснымі элітамі, канкурэнцыі паміж групоўкамі эліт – тыповыя адзнакі палітычных сыстэм дзяржаўных утварэньняў тагачаснае цывілізацыі Эўропы. У фэадальнай амаль цалкам аграрнай Эўропе рэальную ўладу мелі не сяляне, а эліты фэадалаў. Дзяржавы кіраваліся ад эліт, г. зн. зь сярэдзіны ўніз і ўверх. Паводле формы дзяржаўнага кіраваньня рускія княствы былі абмежаванымі манархіямі.

Ва ўсходніх (Арыентальных) цывілізацыях тагачаснага сьвету (далёкаўсходняй, іслямскай) склаліся традыцыі кіраваньня зьверху ўніз, г. зн. абсалютовая манархія як форма дзяржаўнага кіраваньня. Паўнамоцтвы манарха не былі рэальна абмежаваны, што прыводзіла да азіяцкага дэспатызму. Азіяцкую дзяржаўніцкую традыцыю туранцы (традыцыйна –мангола-татары)  перанялі хутчэй ад кітайцаў (П. Усаў, 2008).

Уважлівы картаграфічны параўнальны аналіз розных (у т. л. энцыкляпэдычных) крыніц паказывае, што першасныя абшары Русі знаходзіліся ў верхнім і сярэднім басэйне Дняпра, басэйне Прыпяці як прытоку Дняпра, а таксама ў верхнім басэйне Дзьвіны, верхнім басэйне Нёмана, на левым узьбярэжжы Бугу, вакол паўночнай часткі Карпат.

Русь – саманазва карэннай супольнасьці Кіеўскай Русі, якая лякалізавалася на абшарах найперш сучаснай Кіеўшчыны. Калі нават прызнаць існаваньне адзінай Кіеўскай Русі, то ў ІХ – ХІ стст. яе сукупны абшар распаўсюджваўся на сёньняшнія цэнтральную і заходнюю Ўкраіну, большую частку Беларусі (акрамя паўночнага-захаду які быў заселены пераважна балта-язычнікамі), Ноўгарадчыну, Пскоўшчыну і на частку зямель пазьнейшай Масковіі, якія былі хутчэй ускраінамі Кіеўскай Русі. Прынамсі каля 2/3 часткі абшараў Кіеўскай Русі знаходзіліся на тэрыторыях сёньняшніх Украіны і Беларусі. У ІХ – ХІ стст. у сярэднім і ніжнім басэйне Волгі славянскія этнасы не жылі.

Пасьля інвазіі ордаў Туранскай цывілізацыі (традыцыйна мангола-татарскага нашэсьця) Русь падзялілася на заходнюю, дзе, захаваліся эўрапейскія славяна-праваслаўныя цывілізацыйныя традыцыі, і ўсходнюю. Заходнюю Русь можна назваць уласна эўрапейскай Русьсю. Яна кансалідавалася ў складзе ВКЛ. На ўсходзе Русі працэсы цывілізацыятварэньня разьвіваліся ў іншым напрамку.

Амаль два з паловай стагодзьдзі рэальнай інтэграцыі этнічных усходніх славян і канфэсійных праваслаўных з дзяржаўнымі ўтварэньнямі пад кіраўніцтвам мангола-татар (пераважна вандроўных мангольскіх і цюркскіх этнасаў), кіраваных паводле азіяцкай дзяржаўніцкай традыцыі (абсалютная манархія з азіяцкім дэспатызмам), прывялі да забыцьця эўрапейскіх цывілізацыйных узораў усходнімі рускімі ды засваеньня азіяцкіх. Паступовае вызваленьне ад мангола-татарскага заняволеньня ў 1380-1480 гг. цывілізацыйна не рээўрапеізавала ўсход Русі. Паступовая кансалідацыя вакол Масквы, утварэньне Маскоўскай дзяржавы прывяло да канчатковага засваеньня навязанай мангола-татарамі азіяцкай дзяржаўнай традыцыі з абсалютовым манархам (спачатку князем, затым — царом), кіраваньнем зьверху ўніз, азіяцкім дэспатызмам.

Пашырэньне маскоўскай дзяржавы ў паўночным і ўсходнім напрамках прывяло найперш да асіміляцыі (славянізацыі) большасьці ўральскіх этнасаў  і іх хрысьціянізацыі (праваславінізацыі). Аналягічныя працэсы праходзілі зь цюркскімі і мангольскімі этнасамі. Пасьля захопу  маскоўцамі агромністых абшараў паўночнае Азіі (Сібіру і Далёкага Ўсходу) утварылася адзіная эўразійская цывілізацыйная супольнасьць, што складалася з этнічных ўсходніх славян, фіна-вуграў, цюркаў, манголаў, палеазіятаў і іх мецісаў, аб’яднаных сумеснай азіяцкай дзяржаўніцкай традыцыяй і дэспатычным кіраваньнем маскоўскіх цароў паводле ўзору мангола-татарскіх ханаў.  Экспансія новаўтворанай эўразійскай цывілізацыі на захад была пасьпяховай у паўночна-заходнім напрамку. Эўрапейскацывілізацыйныя Пскоў і Ноўгарад былі падпарадкаваны эўразійскай Маскве і цалкам эўразіятызаваны.

Маскоўска-літоўскія войны былі найперш цывілізацыйнымі. Толькі несумяшчальнасьцю двух кантынэнтальных цывілізацый Эўропы і Эўразіі можна рацыянальна патлумачыць жорсткасьць супрацьстаяньня эўрапейскіх рускіх ВКЛ (продкаў украінцаў і беларусаў) эўразійцам-маскоўцам (Генадзь Сагановіч, Беларуска-расейская вайна).

Інакш складана зразумець, чаму быццам бы этнічныя ўсходнія славяны ды традыцыйныя праваслаўныя міжсобку ваявалі. Маскоўцы палілі месты (успомнім гісторыю са спаленьнем маскоўцамі Полацку) і з азіяцкай жорсткасьцю зьнішчалі мірнае насельніцтва.

Пасьля хрысьціянізацыі балцкага насельніцтва ВКЛ паводле лацінскага (каталіцкага) надцывілізацыйнага ўзроу балтаязычніцкая цывілізацыя трансфармавалася ў балтакаталіцкую, а прыняцьце каталіцтва часткаю рускіх ВКЛ далучыла іх да балтаславянакаталіцкай цывілізацыі (Пашырэньне славянакаталіцтва садзейнічала і асіміляцыя (славянізацыя) балтаў (традыцыйных каталікоў) на паўночным-захадзе ВКЛ. У ВКЛ узьнік падзел паміж дзьвюмя надцывілізацыямі (эўрапейскай лацінскай і эўрапейскай праваслаўнай). Геапалітычная арыентацыя эліт ВКЛ на захад (стварэньне вуніі з Польскім каралеўствам) тлумачыцца цывілізацыйнай блізкасьцю эўрапейскіх балтаславянаправаслаўных да эўрапейскіх лацінскіх славянакаталікоў, чым да эўразійцаў намінальна аднолькавае праваслаўнае веры (беларусаў-праваслаўных у Масковіі перахрышчвалі). Войны з Масквой, асабліва крывавы патоп сярэдзіны ХVII ст. толькі паспрыялі вуніі ВКЛ з Польшчай. Утварэньне Рэчы Паспалітай было следствам Невядомай вайны з Масквой, у якой загінуў кожны другі продак беларусаў.

Цывілізацыйныя ўзоры пры якіх дыстанцыя паміж царом і халопамі была велізарнаю, а жыцьцё тысяч халопаў цара нічога не каштавала для эўрапейскіх рускіх эліт (інакш — заходнерускіх) не былі прыцягальнымі нават ня гледзячы на быццам бы этнічную (усходнія славяны) і канфэсійную (праваслаўныя) блізкасьць.

Рэфармацыя садзейнічала фармаваньню славянапратэстанцкіх цывілізацыйных асяродкаў і напрацоўцы новых цывілізацыйных узораў, а выніковая Контррэфармацыя – іх зьнікненьню. Берасьцейская вунія запачаткавала трансфармацыю славянаправаслаўнай цывілізацыі ва ўніяцкую. Канфлікт паміж эўрапейскай славянаправаслаўнай цывілізацыяй і вуніяцкай стаўся мінай запаволенага дзеяньня, пакладзенай пад ВКЛ і Рэч Паспалітую. Лацінізацыя эліт стварала цывілізацыйную дыстанцыю паміж элітамі і сялянамі. Эўразійская Расея напоўніцу выкарыстала нутраныя цывілізацыйныя канфлікты ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай распачалася эўразіятызацыя рускіх ВКЛ, вяршыняй чаго стаў перавод вуніятаў у расейскія (!) эўразійскія (!) праваслаўныя. Частка вуніятаў перайшла ў рымскае каталіцтва.

Праваслаўныя цэрквы цывілізацыйнай Эўропы зьяўляліся гістарычна цэзарапапісцкімі, аднак пераважна, зусім, ці хутчэй — рэлігійнымі паводле зьместу і сутнасьці дзейнасьці (сэрбская, баўгарская, румынская, грэцкая, украінская аўтакефальная і г. д.). Расейская (de facto) праваслаўная царква (што de jure называе сябе рускаю, або РПЦ) паводле сваёй сутнасьці рэлігійна-палітычны інстытут. Прапаганда ў кожным храме расейскай імпэрскай ідэі (часам замаскавана, часьцей наўпроставым тэкстам) зьяўляецца (разам з рэлігійнай) першаснай інайвялікшай мэтай РПЦ. У Расеі гістарычна ўтварыўся таталітарны маналіт: цар (цяпер – прэзыдэнт) — дзяржава – таталітарны палітычны рэжым – таталітарная РПЦ, наяўнасьць якога дэмаскавалася выразам “За Бога, Царя и Отечество”.

Праэўрапейскі цар Пётр І падпарадкаваў сабе праваслаўную царкву. Агульнавядомая яго нелюбоў да тагачасных азіятызаваных колаў баярства і рэакцыйнага папоўства, якія перашкаджалі эўрапеізацыі Расеі ў пачатку ХVIII ст. Ад часоў Пятра І і да 1917 г. праваслаўная царква ў Расеі кіравалася наўпростава імпэратарам праз сьвятарны Сінод, г. зн., што адсутнічаў інстытут патрыярхіі (разам з патрыярхам), характэрны найперш для праваслаўных цэркваў цывілізацыйнае Эўропы. Уведзенае Пятром Раманавым растварэньне царквы ў палітычным рэжыме – чысьцейшая эўразійскацывілізацыйная ініцыятыва.

Відавочна, што расейскую праваслаўную царкву (РПЦ) складана назваць клясычна цэзарапапіскай, хутчэй яна сталася цэзарыскай (царскай, імпэратарскай). Пасьля прагрэсіўнага эўрафіла Пятра Аляксеевіча Раманава на расейскім троне “сядзела” шмат азіятызаваных цемрашалаў, якія наўпрост выкарыстоўвалі РПЦ як трыбуну для палітычнай прапаганды і агітацыі (найперш расейскага вялікадзяржаўнага азіяцкага шавінізму).

Другой рысай цывілізацыйна эўрапейскіх праваслаўных цэркваў зьяўляецца іх канкурэнтназдольнасьць ва ўмовах дэмакратычых палітычных сыстэм. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай праваслаўная царква стала ўступала ў тэалягічную дыскусію як з каталіцкай, так і з пратэстанцкімі цэрквамі, выхоўваючы ў вернікаў адданасьць праваслаўнай царкве дзякуючы фармаваньню ў іх ўсходнехрысьціянскіх праваслаўных перакананьняў (старажытнасьць, першаснасьць, артадаксальнасьць, традыцыйнасьць царквы і г. д.), бо інакш, кожны праваслаўны (ва ўмовах рэальнага рэлігійнага плюралізму) мог стаць вуніятам, рымскім каталіком або пратэстантам. І наадварот, каталікі і пратэстанты часта de facto праваславінізаваліся (нэафіты).

Пасьля пераводу вуніятаў да праваслаўных рэлігійны склад насельніцтва былога ВКЛ наблізіўся да сучаснага, толькі абшары каталіцтва былі большымі за сучасныя, а колькасьць і ўплыў каталіцкіх (моўна і культурова спалянізаваных) эліт быў непараўнальна большым. Цывілізацыйныя канфлікты часта супадалі з сацыяльнымі і клясавымі (паміж панамі-землеўласьнікамі, хутчэй каталікамі, ды сялянамі звычайна праваслаўнымі; фабрыкантамі-каталікамі ды рабочымі, часьцей праваслаўнымі).

Пасьля расправы з трымя Вызвольнымі Збройнымі Чынамі на абшары Беларусі масава пранікаюць маскоўцы-эўразійцы (чынавенства, сьвятарства, настаўніцтва і інш.), займаючы, дзякуючы сыстэме прэфэрэнцый сфармуляваных і рэалізоўваемых Санкт-Пецярбургскім царатам, верхнія прыступкі ў сацыяльнай і клясавай структуры. Пасьля 1863-64 гг. пачынаецца шырокая эўразіятызацыя абшараў Беларусі. Носьбітамі традыцыйных славянаправаслаўных і славянакаталіцкіх цывілізацыйных узораў зьяўляюцца ніжнія і сярэднія слаі насельніцтва.

У найбольш неспрыяльных цывілізацыйных умовах эўразійскага запаняволеньня нараджалася сучасная этнічная беларуская нацыя. Адбывалася паступовае разбурэньне агульналітоўскай і агульнапольскай палітычных ідэнтыфікацый на карысьць беларускай этнанацыянальнай. Беларускі этнас, якому 1500-1800 год, пераўтвараўся ў нацыю.

Расейская імпэрская бюракратыя прыняла канцэпцыю трыадзінае Русі. Выкарыстоўваўся цывілізацыёнім “рускі” і “Русь” дзеля фармаваньня адзінай імпэрскай эўразійскай ідэнтыфікацыі. Эўрапейскіх рускіх ВКЛ называлі беларусамі і маларусамі, а эўразійцы-маскоўцы абвясьцілі сябе вялікарусамі. Расейская імпэрыя татальна перашкаджала ўсходнеэўрапейскім нацыятварэньням (украінскаму і беларускаму) сярод эўрапейскіх рускіх. Аднак прывабнасьць эўразійскіх цывілізацыйных узораў, якія прадугледжвалі азіяцкі дэспатызм, была мінімальнаю. Цывілізацыйная несумяшчальнасьць украінцаў і беларусаў з аднаго боку і маскоўцаў-расейцаў зь іншага — была відавочнаю.

Першыя беларускія нацыянальныя адраджэнцы былі як славянакаталікамі, так і славянаправаслаўнымі, некаторыя мелі балцкія этнічныя карані. Таму для каталікоў паўночнага-захаду (найперш этнічнага арэалу балта-славянскага этнасу) пісалі лацінкай, а для праваслаўнай большасьці – кірыліцай. Славянакаталіцкая і славянаправаслаўная цывілізацыйныя ідэнтыфікацыі (“паляк” і “рускі”) паступова замяняліся мадэрновай нацыянальнай сьвядомасьцю – “беларус” (ініцыятар Францішак Багушэвіч).

Распрацоўвалася беларуская нацыянальная гісторыя, гаворкі й дыялекты кадыфікаваліся ў літаратурную мову. Культурніцкая і палітычная дзейнасьць беларускіх адраджэнцаў прывялі да абвяшчэньня БНР. і  г. д.

Каб зразумець катастрафічныя вынікі для Беларусі і беларусаў эўразіятызацыі варта паспрабаваць нагадаць некаторыя характэрныя рысы цывілізацыі Эўразіі.

Маскоўскую дзяржаву масава не закранулі а ні эўрапейскае Адраджэньне XIV-XVII стст., а ні эўрапейскія буржуазныя рэвалюцыі, а ні эўрапейскія масавыя індустрыялізацыі з урбанізацыямі і г. д. Кароткія пэрыяды адноснага пацяпленьня вонкавай і нутраной палітыкі былі зьвязаны ня з воляй большасьці азіяцкадзяржаўніцкага насельніцтва, а з воляю кіруючай асобы ды яе паплечнікаў, улада якой была неабмежаванаю (Пётр I, М. Гарбачоў, Б. Ельцын і іншыя).

Не эўрапейскія ідэі правоў чалавека, гуманізму з вольнасьцю Асобы, нацыі ды іншых супольнасьцяў, а азіяцкія ідэі магутнасьці й вонкавай моцы таталітарнага грамадзтва панавалі й пануюць у галовах абсалютнай большасьці расейцаў. Каштоўнасьць азіяцкай імпэрыі, яе пераважна экстэнсіўнага ўтрыманьня й пашырэньня (па-расейску — “приращения”) зьяўляецца абсалютоваю і дамінуе над усімі астатнімі каштоўнасьцямі.

У апошні час расейскія імпэрскія шавіністыя традыцыйную усходне славяна-праваслаўную этнарэлігійную супольнасьць — беларусы, украінцы, расейцы — ахрысьцілі “усходнеславянскай або рускай цывілізацыяй” і праз зманапалізаваныя СМІ інтэнсіўна замбуюць насельніцтва аб неабходнасьці змаганьня з “эўрапейшчынай” (ідэямі дэмакратыі, вольнасьці, праў чалавека, гуманізму і г. д.) пад вывескаю абароны сваёй “цывілізацыйнай” ідэнтыфікацыі і ўваскрашэньня імпэрыі з цэнтрам у Маскве.

У некаторых эўрапейскіх крыніцах Беларусь, Украіна, Малдова, Сэрбія, Македонія, Чарнагорыя, часткова Баўгарыя некрытычна залічаны да нейкай мітычнай Усходнеэўрапейскай цывілізацыі, разам, вядома ж, з Расеяй, Грузіяй і Армэніяй (J. Plit паводле S. P. Huntington’а, 1997 i A. Piskozub’а, 1998). Магчыма, што гэта адбываецца пад уплывам шматлікай расейскай псэўдагістарычнай, псэўдагеаграфічнай ды іншай літаратуры, а таксама расейскай эміграцыі, якая звычайна стаіць на традыцыйных імпэрскіх шавіністычных пазыцыях.

Больш за тое, Самуэль Гантынгтан у агульным вызначэньні праваслаўнай цывілізацыі найперш канстатуе, што некаторыя навукоўцы яе вылучаюць як асобную з цэнтрам у Расеі. Аднак, агульныя рысы так званай праваслаўнай цывілізацыі (аддзеленасьць ад заходняга хрысьціянства бізантыйскім паходжаньнем, асобнасьць веравызнаньня, 200 год татарскага панаваньня, бюракратычны дэспатызм, нязначныя ўплывы Рэнесансу, рэфармацыі, асьветніцтва ды іншых заходніх плыняў) вызначаюцца ўвогуле, без успаміну на канкрэтныя этнічныя і палітычныя супольнасьці мінулага і нашага часу. Татарскае панаваньне характэрнае ў асноўным для продкаў сучасных расейцаў і ўкраінцаў, а для паўднёвых славян – турэцкае іслямскае. Бюракратыя характэрна для праваслаўных/артадоксаў, аднак бюракратычны дэспатызм – выключна для Расеі і СССР, толькі не для цывілізацыйнай Эўропы. ВКЛ і Рэч Паспалітая Абодвух Народаў былі месцам ня проста ўплываў эўрапейскіх плыняў, а іх паўнавартаснага разьвіцьця ў агульнаэўрапейскім цывілізацыйным кантэксьце.

Расейскім імпэрскім эўразійскім шавіністам геапалітычна ня выгадна ўзгадваць прынцыповую цывілізацыйную розьніцу паміж эўразійскаю Расеяй зь яе азіяцкай дзяржаўніцкай традыцыяй, ды эўрапейскімі Ўкраінай і Беларусьсю. Дзеля гэтага іхняя “пятая калёна” ў Беларусі выступае супроць разьмежаваньня сучасных этнонімаў беларус – расеец і беларуска – расейка. Тыя, найперш дзеля хутчэйшай асіміляцыі (зрасейшчваньня) беларусаў, сьхільныя ўжываць беларус – рускі, беларуска – руская. Тое на падсьвядомасьці фарміруе каляніяльную ідэнтыфікацыю, быццам бы беларусы паходзяць ад рускіх. Чытаецца проста – спачатку былі рускія – затым беларусы. Тое зусім не адпавядае навуковай рэчаіснасьці.

“Расея” – гэта “Русь” у сярэднявечнай грэцкай моўнай адаптацыі. Пасьля мангола-татарскага заняволеньня землі на ўсход ад этнічнай Русі-ВКЛ (цяперашніх Беларусі і Ўкраіны) былі заселены, акрамя славянскіх –  уральскімі, цюрскімі і мангольскімі этнічнымі элемэнтамі, няшмат мелі  агульнага этнічна, ды нічога дзяржаўніцкага з сапраднай Русьсю. Аб’яднаныя вакол Масквы абшары саманазваліся Масковіяй. Пазьней Масковія стала прэтэндаваць на традыцыю эўрапейскае Русі.

Сярэднявечнае ВКЛ ад Масковіі адрозьнівалася ня толькі вуснай і пісьмовай (у меньшай ступені) мовамі, але, найперш, наяўнасьцю эўрапейскай палітычнай сыстэмы ў ВКЛ, увасобленай у абмежаванай манархіі Вялікага княства Літоўскага. Гэта праяўлялася ў тагачаснай дэмакратыі – у рэальнай абмежаванасьці правоў вялікага князя, існаваньні парлямэнту (сойму) і рэгіянальных соймікаў, у рэальным мясцовым самакіраваньні, фармалізаваным найперш у магдэбургскім праве і ў шмат чым іншым. Эўрапейскія Рэнесанс, Асьветніцтва, Рэфармацыя характэрны для мінулага Беларусі (А. Латышонак, 2007) і нязначна паўплывалі на мінулае Расеі, дзе панавала клясычная азіяцкая дэспатыя (рэальная абсалютная манархія зь неабмежаванасьцю правоў цара).

У часы ВКЛ “рускай” называлася народнасьць што, мела пераважна усходнеславянскія этнічныя і, у большай ступені, праваслаўныя рэлігійныя карэньні. Тубыльцы Маскоўскай дзяржавы зваліся “маскоўцы”, “маскавіты”, “маскалі”.

Толькі з ХVII ст. — пасьля Невядомай вайны і ўваходу ўсходу Ўкраіны ў склад Масковіі — тамтэйшыя эліты на чале з царом Аляксеем Міхайлавічам, упадабалі саманазвы “Расея” і “рускі”. Гэткім чынам, маскоўцы пасьля панаваньня Арды легітымізавалі сябе як “рускія”, фармальна прыўласьціўшы багатую ўсходнеславянскую культуру сапраўднай Русі зь яе традыцыйным праваслаўным хрысьціянствам.

Другога лютага 1869 г. Дэ Лямар разаслаў сябрам Сэнату і міністрам Францыі пэтыцыю пад назваю “Пятнаццацімільённы народ, забыты ў гісторыі”, у якой пісаў: “Рутэны мелі раней імя русінаў і рускіх і былі заняволены маскавітамі ў мінулым стагодзьдзі, пасьля чаго народ-нявольнік пераняў сабе імя пераможанага дзеля таго, каб надаць сабе бачныя правы на ўладараньне тым народам. Такім чынам імёны рускіх і маскавітаў сёньня здаюцца нам сінонімамі, тады для гісторыка яны радыкальна розныя. Гэта зьмешваньне дазволіла маскавітам прысвоіць сабе гісторыю рутэнаў. І зямля таго народу, які мы завём рутэнамі, звалася Русьсю і Рутэніяй, а той народ, які мы сёньня завём рускім зваўся маскавітамі, а іхняя зямля – Масковіяй. У канцы мінулага стагодзьдзя ўсе ў Францыі і ў Эўропе добра ўмелі адрозьніваць Русь ад Масковіі. Як жа адбылася гэтая зьмена? Выключна праз тое, што ўжо цэлае стагоддзе маскоўскі ўрад працуе над тым, каб дамагчыся поўнага зьліцьця значэньня абеіх гэтых назваў” (Іванишин В., Радевич-Винницький І., 1994).

З усяго вышэйнапісанага вынікае, што сярэднявечная эўрапейска-цывілізацыйная руская народнасьць бярэ свой пачатак з Русі, канчаткова сфармавалася ў ВКЛ і зьяўляецца продкавай формаю для сучасных беларускай ды ўкраінскай нацый, мяжа паміж якімі аформілася толькі ў XVII-XVIII cтст. Разьмежаваньне паміж украінцамі і беларусамі адно з самых пазьнейшых і яно ўладкавалася як адміністрацыйная мяжа паміж ВКЛ (Беларусь) і Каралеўствам Польскім (Украіна) у складзе Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

Уважлівы аналіз гісторыі і геаграфіі беларускай і ўкраінскай дзяржаўніцкіх традыцый і параўнаньне іх з расейскай прыводзяць да высноў аб іх рознай (эўрапейскай і заходняй ды ўсходняй) цывілізацыйнай прыналежнасьці.

Расейская праваслаўная царква гістарычна будучы часткаю таталітарнай дзяржавы зрабілася слаба канкурэнтназдольнаю ва ўмовах дэмакратыі ва Ўкраіне, дзе ўкраінскія праваслаўныя цэрквы аб’ядналі значную частку нацыянальна і дзяржаўна сьвядомых украінцаў. У будучай дэмакратычнай Беларусі непазьбежна ўтворыцца Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква вольная ад маскоўскага патрыярхату.

Адсюль, відавочна мэнтальная дыфэрэнцыяцыя праваслаўных хрысьціян на эўрапейцаў і эўразійцаў (найперш расейцаў і зрасейшчаных). Першым не патрэбна суцэльная палітызацыя праваслаўных цэркваў і іх зрастаньне з палітычнымі рэжымамі і дзяржавамі, а для другіх вышэйузгаданае – абсалютна неабходныя ўмовы. Наступства цывілізацыйнай дыфэрэнцыяцыі праваслаўных хрысьціян – структурная дыфэрэнцыяцыя праваслаўных цэркваў (Украіна, будучая дэмакртычная Беларусь), а затым – гістарычна сфарміраваны падзел на эўрапейскую славянаправаслаўную цывілізацыю (або геаграфічна – усходнеэўрапейскую) і эўразійскую (расейскую).

Зрастаньне бяспраўнай РПЦ з бязбожнай дзяржавай (СССР) і яе палітычнай сыстэмай (на чале з таталітарнай КПСС) клясычна ілюструе прыклад паводзінаў вышэйшых герархаў і большасьці шэраговага духавенства РПЦ Беларусі ў час распаду савецкай імпэрыі. Сьвятары ня толькі масава не пракліналі бязбожную савецкую імпэрыю, не заклікалі да яе зьнішчэньня і абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі й выхаду Бацькаўшчыны з складу СССР, але наадварот — сталі на праімпэрскія пазыцыі, што было выгадна на той час камуністым-бязбожнікам. Відавочна, што камуністыя-бязбожнікі для большай часткі праваслаўнага сьвятарства (частка папоў супрацоўнічала з КГБ СССР) былі бліжэй, чым незалежнікі беларусы-эўрапейцы (у вялікай сваёй частцы — вернікі). Таму – што таталітарная РПЦ зраслася з эўразійскім таталітарным СССР (спадчыньнікам эўразійскае таталітарнае Расейскае імпэрыі), перадусім не магла ўявіць сваю будучыню ва ўмовах эўрапейскай дэмакратыі як дэмакратычны інстытут з уласнымі структурамі.

Надзвычай трапную характэрыстыку туранскай цывілізацыі даў гісторыёзаф Фэлікс Канэчны. Туранская цывілізацыя характэрызуецца лягернай, паўвайсковай арганізацыяй грамадзтва. Народы гэтай цывілізацыі гніюць калі не ваююць. Туранскія грамадзтвы часам замяняюцца ў арміі, але ніколі не ў супольнасьці. (Ня дзіўна, бо тое – вынік качавога вобразу жыцьця). Пасьля ўваходу ў склад туранскай цывілізацыі ўсходняй часткі Русі Арыент (Усход) перамог Акцыдэнт (Захад). Ня гледзячы на ўплывы іншых цывілізацый нідзе не ўведзена такой усходнеазіяцкай каляктыўнасьці як у Расеі. У туранцаў нават містычнае пачуцьцё павінна быць каляктыўным, а не індывідуальным.

Туранцы па-сутнасьці арэлігійныя. Палітыка татальна ўладарыць рэлігіяй, што зыходзіць хутчэй нават не з цэзарапапізму, а з азіяцкай дзяржаўніцкай традыцыі, запазычанай ад кітайцаў, і прынесеных вандроўнымі алтайскімі этнасамі (мангольскімі, цюркскімі). Вынік — царква зьяўляецца рэлігійна-палітычным інстытутам, а не рэлігійным ці пераважна рэлігійным як у цывілізацыі Эўропы. Таму дзівосы з РПЦ у Расеі й СССР (гл. кнігу айца Глеб Якуніна «Праўдзівае аблічча Маскоўскай патрыярхіі») зьдзіўляюць ды шакуюць эўрапейцаў, аднак зьяўляюцца цывілізацыйнай нормай для абсалютнай большасьці расейцаў-эўразійцаў. У Расеі не існуе і ніколі не існавала нацыяў, паколькі адсутнічалі й адсутнічаюць умовы дзеля нацыятварэньняў. Таму і не ўзьнікла там літаратурных нацыянальных моў (якіх-небудзь паўночнакаўказскай, або заходнесібірскай ці далёкаўсходняй).

Беларусь і Украіна – эўрапейскія дзяржавы, а Расея – эўразійская.

Канстатацыя гэтага факту зьяўляецца аксіёмай для беларусаў ды ўкраінцаў і самай непрыемнай праўдай для расейскіх шавіністых, бо пазбаўляе апошніх вартых увагі навуковых аргумэнтаў аб цывілізацыйнай еднасьці ўсходніх славян дзеля канструяваньня імпэрыі з цэнтрам у Маскве ў складзе Расеі, Украіны і Беларусі; інакш – (паводле РПЦ) Вялікай, Малой і Белай Русі.

Расейская імпэрская прапаганда ў Беларусі і ва Ўкраіне разьлічана найперш на геаграфічна,  гістарычна, рэлігіязнаўча, этналягічна  неадукаваных ды зрасейшчаных частак соцыюмаў, або на тых, хто яшчэ ў савецкія часы пры вывучэньні геаграфіі, гісторыі, расейскай мовы і літаратуры разам з камунізмам засвоіў расейскую імпэрскую міталёгію і па розных прычынах ня ў стане зь ёю расстацца.

Сучасная цывілізацыйная еднасьць — гэта ня толькі мэханічнае складаньне дзяржаўніцкіх традыцый, этнічнасьці й традыцыйнай рэлігійнасьці, але й генэзіс дзяржаўніцкіх традыцый, іх гістарычная эвалюцыя, часапрасторавая арганізацыя, узаемадзеяньне, узаемаперапляценьне. Без вышэйзгаданага нельга зразумець усю складанасьць спробы абгрунтавана выдзеліць цывілізацыі на нашай плянеце ў пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Цывілізацыя Эўразіі ўтварылася ў выніку міксацыі (перамешваньня) трох цывілізацый:

1. Эўрапейскае цывілізацыі Русі. Рускія валадары імпартавалі хрысьціянства зь Візантыйскай імпэрыі ў яго ўсходняй вэрсіі. Сакральная мова была паўднёваславянская-старабаўгарская. Потым, ўзьніклі ўсходнеславянізаваныя вэрсіі – царкоўнаславянскія. Паколькі адзіных правапісу ў граматыкі не было, то выхадцы з розных рэгіёнаў эўрапейскае цывілізацыі Русі ўсходнеславянізавалі старабаўгарскі канон па-рознаму.

У эўрапейскацывілізацыйнай Заходняй Русі (большай часткі ВКЛ) эвалюцыя пісьмовай мовы йшла ад амаль поўнага капіяваньня стараславянкі – да ўводу ўсё новых і новых слоў ды выразаў з народных балтаславянскіх гаворак. Пісалі Новогородок, а чыталі – Навагарадак, пісалі Городно, а чыталі – Горадня. І так да заняпаду старое літаратурнае традыцыі ў канцы XVII ст. Так як цяпер па-ангельску, або па-французску, дзе напісаньне зусім адрозьніваецца ад вымаўленьня.

Толькі новая літаратурная беларуская мова стала будавацца на прагрэсіўным прынцыпе: як чую – так і пішу (не марфалагічнае, а фанэтычнае напісаньне).

У Масковіі пры Вялікіх трансфармацыйных працэсах у непараўнальна большай ступені трымаліся паўднёваславянскага старабаўгарскага канону. Першасны абшар славянства там быў мінімальным, а многія (дзякуючы ўсходняй хрысьціянізацыі) абславяненыя фіна-вугры, цюркі й манголы ніколі ня чулі жывых славянскіх гаворак. Змушаныя пісаць і чытаць па паўднёваславянску – карысталіся славяншчынай як латыньню.

2. Туранскай цывілізацыі. Туранская цывілізацыя цюркскіх і мангльскіх (алтайскіх) вандроўных этнасаў жыла з налётаў і рабаваньняў іншых цывілізацый. Яе арганізацыя была вайсковаю. Вызначалася райбольшым усходнім дэспатызмам з боку абсалютнага манарха – Хана. Войскі складаліся з дзесятак, дзесяткі ўваходзілі ў соткі, соткі ў тысячы й г. д. у Арду. Дзеля эфэктыўнасьці масавага налёту й рабаваньня патрэбна было адзінаваладарства. Падпарадкаваньне павінна быць поўнае. Ініцыятыва зьнізу татальна перасьледавалася.

Гаспадарча туранцы займаліся жывёлагадоўляй (найперш конегадоўляй) і рамяством (першынство меў выраб зброі). На расьлінаводзтва не было часу.

Цывілізацыя характэрызуецца дэмаграфічным выбухам. Арганізацыю Арды зьверху ўніз запазычылі ад усходнеазіятаў-кітайцаў.

З інвазіі туранцаў (традыцыйна – мангола-татараў) на паўночна-ўсходнія і паўднёвыя абшары княстваў Русі ў XІІІст.  й пачынаецца генэзіс эўразійскай цывілізацыі.

3. Сусьветнай язычнацкай цывілізацыі. Да яе належыла насельніцтва Русі і фіна-вугры да яго хрысьціянізацыі. Цяпер выспамі захавалася яе паліазіяцкая вэрсія, часткова фінская й вугорская, а таксама самадзійская. Клясычныя язычнікі ў большай частцы хрысьціянізаваліся, аднак у многіх этнасаў-народаў Эўразіі-Расіі язычніцтва пераплятаецца з эўразійскай вэрсіяй усходняга хрысьціянства (перамешанага з нестарыянствам).

У выніку цывілізацыйнага працэсу міксацыі (перамяшэньня) цывілізацыйных чыньнікаў (фактараў) трох вышэйназваных цывілізацый у час Вялікіх трансфармацый (ХІІІ-ХVII cтст.), а таксама імпарту некаторых чыньнікаў з цывілізацыі Эўропы (ў часы Пятра І, Кацярыны ІІ, Уладзіміра Ульянава-Леніна, Міхаіла Гарбачова, Барыса Ельцына) сфарміравалася цывілізацыя Эўразіі ў тым выглядзе ў якім мы яе назіраем у пачатку ХХІ ст.

Ад Візантыі й Русі расейцы-эўразійцы запазычылі маскоўскую расейскую мову з мнагалікімі фіна-угрызмамі і цюркізмамі (барабан, сарай, базар), а таксама усходняе хрысьціянства з дамінацыяй арыентальных нестарыянскіх уплываў (вульгарная сакралізацыя цара, цяпер прэзыдэнта).

Ад тураншчыны расейцы-эўразійцы запазычылі ўсходнюю дзяржаўніцкую традыцыю зь яе пабудовай палітычнага рэжыму зьверху ўніз, інстытутам хана-цара, пануючай монаідэалёгіі, рэлігіі як часткі палітычнага рэжыму й г. д.

Заходнія (найперш эўрапейскія) ўплывы матэрыяльнай культуры часова мадэрнізавалі Эўразію-Расею, а заходнія ўплывы духоўнай культуры (найперш палітычныя інстытуты эўрапейскага соцыюма) – прыводзілі да эрозіі Эўразіі-Расеі.

 

2. Цывілізацыйнае параўнаньне беларускай (эўрапейскай) і расейскай (эўразійскай) моў.

1. У беларускай мове і гістарычнай традыцыі слова “гаспадарства” мае гаспадарчы генэзіс (паходжаньне). Затым, хутчэй пад уплывам украінскай мовы, было прынята слова “дзяржава”. У польскай мове гаспадарства мае генэзіс ад слова пан (pan) – панство – panstwo, у летувіскай валджа (valdža) – улада, г. зн. – valstybė (уладарства).

У расейскай мове слова “государство” мае яўны манархічны генэзіс, ад слова “государь” – манарх.

2. Традыцыі павагі да гонару і годнасьці праяўляюцца ва ўжываньні ў беларускай мове слова асоба там, дзе яно не ўжываецца ў расейскай, што карэлюецца зь іншымі эўрапейскімі мовамі. Напрыклад, “… ды іншыя афіцыйныя асобы”.

У расейскай мове, ў аналягічных нашай мове выразах, ужываецца слова “лицо”, што значыць у наўпроставым перакладзе — твар. Напрыклад, “… и  другие официальные лица». Слова “личность” таксама мае паходжаньне ад слова “лицо» — твар.

Нічога дзіўнага! У туранскай цывілізацыі вандроўных алтайскіх этнасаў (цюркскіх і мангольскіх) сярод палкоў ордаў не магло ўзьнікнуць гуманістычнае “ноў-хаў” – паняцьце аб асобе і шанаваньне гонару й годнасьці асобы. У палкох ордаў усе мелі твары.

У беларускай мове непараўнальна часьцей ужываецца звальны склон, а ў сучаснай расейскай – ён адсутнічае. Напрыклад: пане, гаспадару, спадарове і г. д.

3. Манагамнае стабільнае каханьне ў беларусаў-эўрапейцаў мае своў назоў – “каханьне”. Як і ў іншых эўрапейскіх мовах.

У расейскай-эўразійскай мове яно адсутнічае. Каханьне не адрозьніваецца ад слова любоў, што ў беларускай мове мае іншы сэнс. Напрыклад, па-расейску немагчыма сказаць “Я люблю сваіх суседак, але кахаю сваю жонку”. І суседак – люблю і жонку – таксама люблю.

Тое – вынік адсутнасьці ў туранскай цывілізацыі манагамнага сужонства. Жанчыны нараджалі сваіх дзетак ад розных мужчын, бо мужчыны ўвесь час гінулі ва ўзброеных сутычках. Прыняцьцё хрысьціянства туранцамі было толькі эпізодам у іх гісторыі. Вера ў Ісуса Хрыста не магла прыжыцца, бо манагамнае сужонства рэзка б паменьшыла нараджальнасьць, адмена рабства – падбіла гаспадарча, публічны суд прывёў бы да дэсакралізацыі хана, а несакралізацыя хана, а потым – цара, падарвала б цывілізацыю.

4. Паколькі ў эўразійскай цывілізацыі масава яшчэ не ўзьніклі гуманітарныя навукі вольныя ад філясофіі, рэлігіі і ідэалёгіі, то навуковец – асоба якая займаецца навукаю там называецца  “учёный” – даслоўна вучаны. Эўрапейскацывілізацыйны навуковец можа займацца навукаю фармальна і нефармальна. Ён — навуковец. Эўразійскі вучаны павінен займацца навукаю фармальна, абавязкова мець афіцыйныя ступені і г. д. Навука – галіна для выбраных чынавенствам. Самародкі з вуліцы такія як М. Ламаносаў у Эўразіі – адзінкавыя выпадкі. Бюракратыя, супэргерархія і фармалістыка толькі перашкаджаюць разьвіцьцё навук у Эўразіі.

Больш таго, гуманітарныя навукі ў Эўразіі абавязкова павінны адпавядаць пануючай ідэалёгіі. Не адпавядаючыя фальшуюцца, або забараняюцца. У СССР фальшаваліся паліталёгія, эканоміка, сацыялёгія, права. Забараняліся генэтыка, палітычная геаграфія. Нават геапалітыка была пад забаронай, ня гледзячы на тое, што саветы рэальна займаліся геапалітыкай.

5. У беларускай мове ў народных гаворках часта ўжываюцца жаночыя прозьвішчы: як дзявочыя так і па-мужу ў формах Вітушчанка, Манюшчанка, Адаміччынка, Кавалеўшчынка і г. д. У расейскай — такая зьява амаль адсутнічае. Аналягічна – у польскай мове. У летувіскай (літоўскай) і чэскай такія прозьвішчы ўведзены ў літаратурную норму. Напрыклад, па-чэску жонка Гачэка – Гачыкава (Haček – Hačekova), па-летувіску жонка Кропіса – Кропене (Kropis – Kropienė)

Сучасная ўнармаваная беларуская мова, як і ў украінская, летувіская, латыская, эстонская, славацкая, харвацкая, славенская, македонская – гуманістычныя “ноў-хаў” характэрныя толькі для цывілізацыі Эўропы. Тое сьведчыць аб эўрапейскай гісторыі беларусаў.

Адны ўсходнія славяны – беларусы, заходнія й цэнтральныя ўкраінцы мелі 800 год эўрапейскай гісторыі, а іншыя – продкі расейцаў яе амаль ня мелі (за выключэньнем больш трыста год эўрапейскай гісторыі паўночна-усходнай Русі).

Характэрна, што многія расейцы-эўразійцы не разумеюць самой неабходнасьці існаваньня й штодзённага паўсюднага ўжытку ў вуснай і пісьмовай камунікацыі беларускай і ўкраінскай літаратурных моў. Зь іх пункту гледжаньня, раз няма паўночнакаўказскай, або разанскай, або пензенакай, або далёкаўсходняй літаратурных моў, — то навошта беларуская і ўкраінская?

Беларуская і ўкраінская літаратурныя мовы кадыфікаваны найперш на аснове народных гаворак і дыялектаў, таму найбольш набліжаны да жывой размовы. У беларускай мове ў паўсядзённай лексыцы амаль няма як царкоўнаславянізмаў, так і лацінізмаў. Польская – багацейшая на лацінізмы, а расейская – на царкоўнаславянізмы (паўднёваславянскага паходжаньня).

Цікавае з гэтага боку гістарычнае пісаньне эўразійца з Магілёву Якава Трашчанка. Падаецца, што гісторык амаль ня ведае й не разумее вышэйвыкладзенага.

 

 

XVI. Эўрапейскія нацыі

Мадэрныя нацыі ў цывілізацыі Эўропы ўзьніклі не на пустым мейсцы а на аснове ўсяго мінулага досьведу цывілізацыі Эўропы.

Партугальская палітычная народнасьць пераўтварылася ў манаэтнічную нацыю без працэсаў стварэньня цэнтралізаванай дзяржавы, бо партугальцы адначасова зьяўляліся і палітычнай, і этнічнай народнасьцю.

Яшчэ ў XVII ст. ў Галяндыі адбылася першая буржуазная рэвалюцыя. Паўночныя пратэстанцкія правінцыі ў выніку доўгай нацыянальна-вызвольнай барацьбы супроць каляніяльнай залежнасьці ад Гішпаніі, здабылі незалежнасьць. Галяндыя стала гандлёвым лідэрам Эўропы, часткаю тагачаснага разьвітага сьвету. У Галяндыі фарміравалася першая ў тагачаснай Эўропе палітычная і этнічная нацыя на аснове ніжнегерманскай лякальнай цывілізацыі.

З індустрыялізацыяй Ангельшчыны й перамогаю ў краіне дэмакратычнай рэвалюцыі, на аснове брытанскай лякальнай цывілізацыі стала фарміравацца ангельская нацыя.

У Францыі адбыліся аналягічныя працэсы, толькі французская нацыя пабудавана на аснове сярэднявечных народнасьцей падаўляючай большасьці французскай лякальнай цывілізацыі.

Тварэньне мадэрновых эўрапейскіх нацый – сукупнасьць самых розных складанейшых працэсаў.

У сувязі з вынаходніцтвам Гутэнбэргам кнігадрукаваньня непараўнальна павялічылася колькасьць інфармацыі ды лавінападобна інтэнсіфікаваўся працэс яе абароту. Буржуазія была прадпрымальнаю, таму й мабільнаю. Будаваліся новыя шляхі зносін. З будоваю чыгунак непараўнальна паскорыўся працэс перамяшчэньня тысяч людзей па розных рэгіёах. Чыгункі зьвязалі дзяржавы ў адно транспартнае цэлае.

Патрэба ў вялікай колькасьці работнікаў на новых буйных прадпрыемствах паскорыла працэсы ўрбанізацыі. У местах сфарміраваліся ды сканцэнтраваліся творчыя эліты, пачаўся працэс дыскусу паміж элітамі.

Нацыяналісты вялі барацьбу з станамі і іншымі інстытутамі старых сельскагаспадарчых соцыюмаў. Нацыі бачыліся як магчымасьць вызваленьня ад перажыткаў даіндустрыяльнай эпохі.

На захадзе Эўропы нацыі ўтварыліся ў межах дзяржаў пазьней за ўтварэньне саміх дзяржаў. У цэнтры, сярэдзіне і на ўсходзе Эўропы ўтвораныя этнічныя нацыі развалілі імпэрыі ды стварылі нацыянальныя дзяржавы.

Праблематыцы нацый і нацыяналізму прысьведчаны горы літаратуры. Вядомыя працы напісалі Энтэні Сьміт, Мірослаў Грох, Валер Булгакаў ды мн. іншыя. Сувэрэнізацыя этнічных нацый прывяла да ўзьнікненьня дзесяткаў нацыянальных дзяржаў. У нардычнай лякаьнай цывілізацыі – Нарвэгіі і Ісляндыі, у трансламанскай – Ірляндыі. Сувэрэнізавалася мальтанская цывілізацыя, утварыўшы незалежную Мальту. Нарэшце, за паўтары стагоддзі ўся Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа пакрылася сеткаю этнічных нацыянальных дзяржаў.

Калі ў данацыянальную эпоху існавалі гістарычныя вобласьці, то ў час існаваньня этнічных нацый гістарычныя вобласьці, заселены мяшаным насельніцтвам, — дзеляццацца па этнічнай нацыянальнай прыкмеце. Адна частка зь перавагай аднаго этнасу, як правіла ўваходзіць у склад адной этнанацыянальнай дзяржавы. Іншая, дзе пераважае другі этнас – становіцца часткаю іншай этнанацыянальнай дзяржавы. Паступова меньшасьці па абодва бакі новай палітычнай мяжы, што працінае некалькі адзіную краіну ў складзе шматэтнічнае імпэрыі, эмігруюць да сваіх суродзічаў ва ўласную этнанацыянальную дзяржаву, або асімілююцца. У выніку, дзьве часткі адной некалі краіны маюць розныя нацыянальныя склады насельніцтва.

Банат. Шматэтнічная ў мінулым гістраычная краіна на паўднёвым-захадзе сёньняшняй Румыніі. Была населена румынамі, сэрбамі, аўстрыйцамі і іншымі. Пасьля сувэрэнізацыі Румыніі адсотак румын у ёй увесь час павялічваўся.

Галіцыя. Шматэтнічная гістрарычная краіна. Доўгі час уваходзіла ў склад Аўстра-Вугорскае імпэрыі, а пасьля Першай сусьветнай вайны, – у склад міжваеннай Польшчы. Пасьля Другой сусьветнай вайны была падзелена паводле этнанацыянальнай прыкмеце на Заходнюю частку з традыцыйна польскім насельніцтвам (сярэднеэўрапейская лякальная цывілізацыя) і цэнтрам у Кракаве і Ўсходнюю – з украінскім насельніцтвам (транспалеская і ўсходнеэўрапейская лякальныя цывілізацыі) і цэнтрам у Львове.

Эльзас і Лятарынгія. Доўгі час была яблыкам спрэчак і войн паміж Францыяй і Нямеччынай. Пасьля Другой сусьветнай вайны была вернута Францыі. Заселена мяйсцовым германаэтнічным насельніцтвам. Эльзасцы і лятарынгцы ўваходзяць у склад верхнегерманскай цывілізацыі. Тут знаходзіцца места Страсбург, дзе працуе эўрапейскі парлямант.

Віленшчына. Як гістарычная краіна з цэнтрам у Вільні ніколі ня была самастойнай дзяржавай. Знаходзілася ў складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай, затым – у Расейскай імпэрыі. На яе абшарах праходзілі этнічныя працэсы асіміляцыі (славянізацыі) балтаў. Этнічная ідэнтыфікацыя насельніцтва была няпэўнай. Першае мадэрнае нацыятварэньне – польскае. Гэтаму спрыялі польскія і зпольшчаныя эліты часта ўсходнебалцкага і ўсходнеславянскага генэзісу, польская масавая школа. Пасьля Першай сусьветнай вайны быў экспэрымэнт з сувэрэнізацыяй Сярэдняй Літвы (у зьвязе з Польшчай). Пасьля выгнаньня расейскіх бальшавікоў палякамі экспэрымэнт скончыўся. Сярэдняя Літва магла б стаць дзяржавай віленчукоў. Віленчукі ў большасьці традыцыйныя рыма-каталікі (былі хрышчаны ў час хросту гістарычнай Літвы). У побыце размаўляюць лацінізаванымі балтаўсходнеславянскімі дыялектамі й гаворкамі, зь якіх была кадыфікавана клясычная беларуская літаратурная мова. Ад летувісаў адрозьніваюцца моваю, ад большасьці беларусаў каталіцкім веравызнаньнем, ад палякаў – моваю. Аб’ектыўна, ўтвараюць самастойную лякальную цывілізацыю, – балтаусходнеславяна-каталіцкую, або віленскую.

Пасьля Другой сусьветнай вайны была падзелена паміж Летувай – паўночны захад разам зь Вільняю і Беларусьсю (паўночны-усход і поўдзень). Мясцовыя віленчукі ў Летуве нацыянальна засталіся палякамі. У Беларусі ля Гародні, Ваўкавыску, Івянцу й Ліды – палякі. На заходнім Паазер’і, Маладэчаншчыне, паўночнай частцы Гарадзеншчыны – беларусы.

Валынь. Гістарчная краіна зь мяшаным каталіцка-праваслаўным насельніцтвам пераважна ўсходнеславянскага генэзісу. Уваходзіла ў склад ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расейскай імпэрыі і міжваеннай Польшчы. Сярод каталікоў разьвіваўся польскі нацыятворчы працэс, а сярод праваслаўных – украінскі. Пасьля Другой сусьветнай вайны увайшла ў склад Украіны-СССР, паколькі украінцаў было лічбава больш чым палякаў. Тут адбылося масавае мардаваньне палякаў украінцамі. Адна частка палякаў загінула, іншыя зьбеглі ў Польшчу, трэція – былі высланы ў расейскую Сібір. Прыкметна, што й палякі і ўкраінцы на Валыні размаўлялі на ўкраінскіх дыялектах (П. Эбэрхардт). Валынь стала нацыянальна ўкраінскаю.

Палесьсе. Гістарычная краіна што таксама ніколі не была дзяржаваю. Займае басэйн ракі Прыпяць і, часткова, — Заходняга Бугу. Знаходзілася ў складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай. У ХХ ст. ў міжваенны час было падзелена паміж Польшчай і СССР. Захад Палесься з увайшоў у склад Польшчы, а ўсход быў падзелены паміж Беларусьсю і Ўкраінаю. У заходняй частцы Палесься паволі йшлі ўкраінскія нацыятворчыя працэсы. Ў 1939 годзе захад Палесься быў падзелены паміж Беларусьсю і Ўкраінай. Большая частка ўвайшла ў склад Беларусі, а меньшая – Украіны. Большы ўзровень матэрыяльнага дабрабыту ў беларускім Палесьсі спрыяе фарміраваньню беларускай нацыянальнай ідэнтыфікацыі палешукоў. Хіба таму спроба стварэньня мадэрнай палескай нацыі ў пачатку 90-ых гадоў ХХ ст. была беспасьпяховай.

Букавіна. Назва гістарычнай краіны паходзіць ад слова бук – назвы распаўсюджанага тут дрэва. Уваходзіла ў склад Аўстра-Вугоршчыны. Ад Першай сусьветнай вайны да 1940 года ўваходзіла ў склад Румыніі. На поўначы Букавіны пераважалі ўкраінцы, а на поўдні – румыны. Між іншым, жылі немцы, жыды (габрэі) і іншыя. У 1940 г. паўночная частка Букавіны ўвайшла ў склад Украіны, а паўднёвая – засталася ў сладзе Румыніі. З поўначы на поўдзень былі выселены Румыны, а з поўдня на поўнач – украінцы. Адміністрацыйны цэнтр украінскай часткі Букавіны – Чарнаўцы.

Закарпацьце. Гістарычная краіна на поўдні ад Усходніх Карпат. Гістарычна знаходзілася ў складзе Аўстра-Вугоршчыны, потым – міжваеннай  Чэхаславаччыны (Прыкарпацкая Русь), а пасьля Другой сусьветнай вайны ўвайшла ў склад Украіны. Заселена пераважна ўкраінцамі-русінамі, дыялекты якіх былі кадыфікаваны ў літаратурную русінскую мову. У Закарпацьці жывуць таксама вугорцы.

Трансельванія. Гістарычная краіна ў цэнтры сучаснай Румыніі. З поўначы, усходу і поўдня агінаецца Ўсходнімі і Паўднёвымі Карпатамі (Трансільванскімі Альпамі). Заселена ў асноўным вугорцамі. Знаходзілася ў складзе Аўстра-Вугоршчыны. Пасьля Першай сусьветнай вайны і распаду Аўстра-Вугоршчыны была перададзена Румыніі. Вугорцы Трансільваніі – буйнейшая меньшасьць у Румыніі.

Сілезія. Да Першай сусьветнай вайны была падзелена паміж Германіяй (большая частка) і Аўстра-Вугоршчынай (поўдзень). Гістарычна заходнеславянскае насельніцтва германізавалася і засяляліся германцы. У выніку – перамог германскі элемэнт. У міжваенны час Сілезія ўваходзіла ў склад Нямеччыны і Чэхіі што была ў складзе Чэхаславаччыны (поўдзень). У чэскай Сілезіі таксама жылі сілезскія немцы. Нямецкі сілезкі выступ аддзяляў Чэхію ад Польшчы, даўшы немцам базу дзеля агрэсіі на абедзьве дзяржавы ў 1937 і 1939 гадох. Пасьля Другой сусьветнай мільёны немцаў з Сілезіі былі выселены. Асноўная частка Сілезіі была перададзена Польшчы, а поўдзень – застаўся ў складзе Чэхаславаччыны.

У Эўропе існуюць дзесяткі розных гістарычных краін. Напрыклад на Балканах – Славонія, Далмацыя. На захадзе Эўропы – Рур, Баварыя, Брэтань і іншыя.

Існуюць гістарычныя краіны якія заселены мікраэтнасамі і ўваходзяць у склад іншых дзяржаў. Напрыклад, Латгалія і Жамайція адпаведна часткі Латвіі й Летувы, Кашубы і Сілезія – Польшчы, Маравія – Чэхіі і інш.

У час тварэньня мадэрных эўрапейскіх нацый перафарматавалася палітычная карта Эўропы. Традыцыйныя цывілізацыйныя супольнасьці трансфармаваліся ў цывілізацыйна-нацыянальныя. Нацыі будаваліся як на адной лякальнай цывілізацыі, так і на двух і больш.

Працэс мадэрнага нацыятварэньня – унікальны ў сьвеце. Прагрэсіўнасьць эўрапейскага гуманітарнага ноў-хаў — неаспрэчная. Адмаўляючы нацыі і нацыяналізм, ды рэдукуючы нацыяналізм да шавінізму эўразійцы не разумеюць, што вядуць усход цывілізацыі Эўропы да сярэднявечча. Менавіта мадэрныя нацыі прывялі да росквіту цывілізацыі Эўропы і эўрапеідызацыі сьвету.

 

 

XVII. Эўрапаейскія  рэгіянальныя культуры

Калі эўрапейскія нацыі ўтварыліся на груньце канкрэтных  цывілізацый, то кожная нацыя складаецца з рэгіянальных культур.

У 90-ыя гады ХХ ст. “Наша ніва” публікавала розныя праекты тэрытарыяльнага падзелу Беларусі зь гістарычным абгрунтаваньнем. Многія зь іх былі рамантычнымі, але…

Ідэальна, тэрытарыяльны падзел кожнай дзяржавы павінен адпавядаць гістарычнаму чыньніу, аднак рэальная інфраструктура часам зусім не зыходзіцца зь гістарычнасьцю.

Каляніяльны адміністратыўна-тэрытарыяльны падзел, што прыняты ў Беларусі – абсалютна недасканалы. З-за таго, што контуры вобласьцяў і раёнаў адвольныя і не ўлічваюць існаваньня ў Беларусі гістарычных краін –ад многіх местаў да сталіцы Беларусі бліжэй чам да ўласнага абласнога цэнтру (Баранавічы, Ашмяны, Астравец, Смаргонь і г. д.).

Чатыры з шасьці абласных цэнтраў (Гародня, Бярэсьце, Віцебск, Магілёў) займаюць эксцэнтрычнае геаграфічнае становішча, г. зн. знаходзяцца на ўскрайках тэрыторый абласьцей. Зь некаторых раёнаў, што знаходзяцца найдалей, да абласных цэнтраў 200 і больш км., адсутнічаюць наўпроставыя шошы й г. д.

Месты, якія ня мелі вялікага гістарычнага значэньня, або новыя месты разьвіваліся хутка (Салігорск, Наваполацак, Баранавічы, Лунінец, Асіпавічы, Рэчыца, Жлобін і інш.). Наадварот, сярэднявечныя Тураў, Навагарадак, Полацак, Слуцак, Нясьвіж і мн. інш. або не разьвіваліся, або разьвіваліся павольна, або – недастаткова.

Рэальна у Беларусі існуюць гістарычныя краіны якія адрозьніваюцца рэгіянальнымі й лякальнымі культурамі.

Паазер’е. Знаходзіцца ў басэйне Заходняй Дзьвіны. Падзяляецца на Заходняе (з цэнтрам у Глыбокім), Цэнтральнае (з цэнтрам у Полацку) і Ўсходняе (з цэнтрам у Віцебску).

Падняпроўе. Знаходзіцца ў басэйне Дняпра. Падзяляецца на Верхняе (з цэнтрам у Воршы), Цэнтральнае (з цэнтрам у Магілёве), Сярэдняе (з цэнтрам у Жлобіне), Ніжняе (з цэнтрам у Гомелі) і ўсходняе (з цэнтрам у Крычаве).

Палесьсе. Знаходзіцца ў басэйне Прыпяці. Падзяляецца на Заходняе (з цэнтрам ў Бярэсьці), Сярэдняе (з цэнтрам у Пінску), Цэнтральнае (з цэнтрам у Тураве) і Ўсходняе (з цэнтрам у Мазыры).

Панямоньне. Знаходзіцца ў басэйне Нёману. Падзяляецца на Ніжняе (з цэнтрам у Гародні), Верхняе (з цэнтрам у Лідзе), Правае – (з цэнтрам у Маладэчне, або Вілейшчына) і Левае (з цэнтрам у Баранавічах, або Пашчар’е).

Цэнтральная Беларусь. Знаходзіцца ў цэнтры нашай Бацькаўшчыны. Падзяляецца на Случчыну (з цэнтрам у Слуцку), Верхнюю Бярэзіншчыну (з цэнтрам у Барысаве) й Ніжнюю Бярэзіншчыну (з цэнтрам у Бабруйску).

Пяць гістарычных краін нашай Бацькаўшчыны падзяляюцца на 19-20 рэгіёнаў другога парадку. Тыя — на каля 40 рэгіёнаў трэцяга парадку. Паводле закону біпалярнасьці: Гарадзенскі рэгіён другога парадку падзяляецца на ўласна Гарадзенскі і Ваўкавыскі трэцяга парадку, Навагарадзкі: на ўласна Навагарадзкі і Лідзкі, Баранавіцкі: на ўласна Баранавіцкі і Слонімскі, Маладэчанскі – на ўласна Маладэчанскі і Ашмянскі, Полацкі — на ўласна Полацкі і Наваполацкі, Слуцкі – на ўласна Слуцкі й Салігорскі, Гомельскі – на ўласна Гомельскі і Рэчыцкі і г. д.

Такі адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел можа непараўнальна палепшыць кіраваньне Беларусьсю, аптымалізаваўшы працэс. Адны кіраўнічыя функцыі ўзялі б на сябе пяць зямельных адміністрацыйных цэнтраў: Полацак (Паазер’е), Магілёў (Падняпроўе), Тураў або Пінск (Палесьсе), Навагарадак (Панямоньне) і Менск (Цэнтральная Беларусь). Іншыя – 19-20 адміністрацыйных цэнтраў другога парадку.

Нарэшце, замест больш 100 раёнаў, каля 40 цэнтраў трэцяга парадку ўзялі б на сябе кіраваньне абшарамі зь вясковымі паселішчамі. Урбанізацыя-рэрурызацыя прывялі да рэзкага памяньшэньня вясковага насельніцтва, дысбалянсаў у яго палавой (пераважаюць жанчыны сталага ўзросту) і ўзроставай структуры (пераважаюць асобы пэнсійнага ўзросту).

Працэс дэканцэнтрацыі кіраваньня адміністрацыйнымі адзінкамі, плюс суцэльная кампутарызацыя кіраваньня, плюс відэаканфэрэнцыі, плюс электронныя пячаткі — паскораць кіраваньне. Не спатрэбіцца больш сотак адзінак аўтатранспарту каб перавозіць дзяржаўных службоўцаў ад сельсаветаў да райцэнтраў, ад райцэнтраў — у абласныя цэнтры што знаходзяцца на ўскрайку вобласьцяў, ад ускрайкавых абласных цэнтраў праз палову тэрыторыі Беларусі да Менску.

Пры аптымалізацыі тэрытарыяльнага падзелу ашчадзяцца вялікія сродкі з дзяржаўнага скарбу і скарбаў адзінак самакіраваньня. Больш таго, атрымаюць шанс разьвіцца дзесяткі гарадоў зь вялікай гістарычнай традыцыяй, разьвіцьцё якіх або штучна стрымлівалася, або не было ўмоў для іх гарманічнага разьвіцьця.

Вышэй выкладзенае – вынік некалькіх год уласных вывучэньняў тэрытарыяльнага падзелу Беларусі і шляхоў яго аптымалізацыі ў канцы 90-х гадоў ХХ ст., аднак тэматыка кнігі не дае напісаць аб гэтым у большым аб’ёме.

Выснова. Сучасная Беларусь – абшары пяці гістарычных краін: Паазер’я, Падняпроўя, Палесься, Панямоньня і Цэнтральнай Беларусі, а таксама дваццаці рэгіёнаў на якія падзяляюцца гістарычныя краіны.

 

Каментары (1)

  1. Васіль кажа:

    Цэнтрам Пашчар’я заўсёды быў Слонім. Гістарычны рэгіён Слонімшчына. Баранавічы – гістарычны “нуворыш” 🙂

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы