Рэдакцыя.
У папярэднім артыкуле мы падалі Че Гевару як адзін са спосабаў вырашэньня пытаньняў з рознымі чарнамырдзінамі. Было такое зроблена з большага для чырвонага слаўца. Але не для ўсіх гэта відавочна – некаторыя могуць падумаць, што і мы такія, як таварыш Чэ. А што, калі чалавек меў, напрыклад, скрайне лявацкія погляды ці што-небудзь яшчэ неадэкватнае, а мы, прарэкламаваўшы яго на нашым сайце, ідэйна зьвязалі сябе зь ім? Таму мы вырашылі падрабязьней пазнаёміцца зь біяграфіяй ды сьветаглядам гэтага надзвычай распіяранага і ў наш час чалавека. Тым больш, што любое маштабнае піяраньне, якое зьдзяйсьняецца, як правіла, нейкімі невядомымі сіламі, павінна выклікаць, як мінімум, насьцярожанасьць.
За аснову для вывучэньня біяграфіі таварыша Чэ мы ўзялі даныя Вікіпедыі (гл. http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%A7%D0%B5_%D0%93%D0%B5%D0%B2%D0%B0%D1%80%D0%B0,_%D0%AD%D1%80%D0%BD%D0%B5%D1%81%D1%82%D0%BE)і некаторых іншых крыніц (фотоздымкі, якія вы бачыце ніжэй, былі ўзяты з розных крыніц; іх прызначэньне – даць магчымасьць кожнаму чытачу на грунце ўласнай інтуіцыі паспрабаваць пранікнуць у характар і думкі гэтага рэвалюцыянера, які б па сёньняшняй афіцыйнай палітычнай модзе несумненна лічыўся б “экстрэмістам-тэрарыстам” №1).
1. Жыцьцёвы шлях да ўдзелу ў кубінскай рэвалюцыі
Зь вікіпедыйнага варыянта біяграфіі камандантэ Чэ вынікае, што сапраўднае прозьвішча гэтага рэвалюцыянера, які дзейнічаў у Лацінскай Амерыцы ды Афрыцы, а таксама кубінскага дзяржаўнага дзеяча такое – Эрнэста Рафаэль Гевара Лінч де ла Серна (гішп. Ernesto Rafael Guevara Lynch de la Serna). Ніякага “чэ” там няма. Гевара дадаў “чэ” для таго, каб падкрэсьліць сваё аргентынскае паходжаньне (па некаторых зьвестках, зварот che зьяўляецца распаўсюджаным у Аргентыне, гэта накшталт нашага “сябра-таварыш”; па іншых зьвестках che – гэта зварот накшталт нашага “паслухай”). Так зьявіўся Эрнэста Чэ Гевара, ці проста… Чэ.
Эрнэста Гевара нарадзіўся ў чэрвені 1928 года ў горадзе Расарыё (Аргентына) ў сям’і архітэктара ірландскага паходжаньня Эрнэста Гевары Лінча. Па маці – доне Селіі дэ ла Серна ла Льоса – ён меў гішпанскія карані (гл. фота; Чэ Гевара – скрайні зьлева – разам з бацькамі, сёстрамі, братамі; хаця ёсьць крыніцы, якія сцьвярджаюць, што маці Чэ, маўляў, была габрэйкай, і яго стрыечным братам зьяўляецца, маўляў, ніхто іншы, як сам Арыель Шарон… – гл. http://via-midgard.info/news/in_midgard/rabbi-che-evrejskaya-tajna-komandante.htm).
Маці Гевары атрымала ў спадчыну плантацыю парагвайскай гарбаты матэ ў правінцыі Місіёнэс. Таму бацька і маці Чэ Гевары, ажаніўшыся, жылі спачатку там. Затым сям’я была вымушана пераехаць ў другі па велічыні горад Аргентыны Расарыё, дзе мела фабрыку па перапрацоўцы гарбаты матэ (прычына пераезду была ў тым, што на іх “наехалі” суседнія плантатары за тое, што бацькі Гевары плацілі сваім наёмным работнікам удвая большыя грошы, чым суседзі, што, натуральна, падрывала экнамічную і сацыяльную стабільнасьць суседзяў-плантатараў). Тут, у Расарыё, і нарадзіўся Чэ Гевара.
Затым сям’я зноў вярнулася ў Місіёнэс, а яшчэ пазьней пераехала ў правінцыю Кардоба (з-за прыступаў бранхіяльнай астмы ў будучага рэвалюцыянера – камандантэ Чэ). Тут падлетак Гевара меў шырокае кола сяброў з самых розных пластоў аргентынскага грамадства, чытаў шмат кніг на гішпанскай і французскай мовах (чытаў ён запоем усё жыцьцё!), займаўся рознымі відамі спорту. Тут, у Кардобе, у 1945 годзе ён закончыў каледж.
Вучоба ў каледжы прыпала на перыяд войнаў у Гішпаніі й Другой сусьветнай вайны. У час грамадзянскай вайны ў Гішпаніі бацькі Гевары аказвалі судзеяньне Камітэту дапамогі рэспубліканскай Гішпаніі. У час Другой сусьветнай вайны яго бацькі (асабліва маці Селія) пратэставалі супраць жаданьня прэзідэнта Аргентыны Хуана Перона падтрымаць краіны “восі” – Нямеччыну, Італію, Японію. Бывала, у доме сям’і Гевары вырабляліся нават бомбы для дэманстрацый пратэсту.
Гевара быў найбольш здольным да матэматыкі, тэхнікі, аднак з-за ідэйных меркаваньняў выбраў прафесію лекара. Ён нават ахвяраваў сваім юнацкім каханьнем да дачкі самага багатага памешчыка Кардобы Чынчыны дзеля таго, каб лекаваць “пракажоных лацінаамерыканцаў”… (гл. фота; Гевара – першы справа – у камандзе па рэгбі, 1947 г.).
У 1950 годзе, зьяўляючыся студэнтам універсітэта Буэнас-Айрэса і наняўшыся на грузавы крабель, ён зьдзейсьніў сваё першае падарожжа – пабываў на высьпе Трынідат і ў Брытанскай Гвіяне – Гаяне (гл. дзьве мапы Лацінскай Амерыкі; яны яшчэ спатрэбяцца).
У 1952 годзе Гевара, яшчэ ня скончыўшы медыцынскі фактультэт, разам з доктарам Альберта Гранадай зрабіў новае вялікае падарожжа па Лацінскай Амерыцы – яны наведалі Чылі, Перу, Калумбію, Венесуэлу (гл. фота Гевары ў гэты час і мапу пераездаў). У час падарожжа сябры зараблялі выпадковымі падпрацоўкамі: мылі посуд у рэстаранах, лячылі сялян, выступалі ў ролі ветэрынараў, чынілі радыёпрыёмнікі, працавалі грузчыкамі, матросамі, таксама наведвалі лепразорыі, дзе абменьваліся досьведам з калегамі-лекарамі.
У Перу некалькі дзён правялі на руінах старажытнага горада інкаў Мачу-Пікчу. Тады Гранада запрапанаваў Эрнэста: «Давай застанемся тут. Я ажанюся з індэянкай з шляхетнага інкскага роду, абвяшчу сябе імператарам і стану кіраўніком Перу, а цябе прызначу прэм’ер-міністрам. І мы разам ажыцьцявім сацыяльную рэвалюцыю». Гевара адказаў: «Ты вар’ят, Міяль. Рэвалюцыю без стрэляніны ня робяць!»
Пасьля розных прыгодаў у ліпені 1952 г. вандроўнікі дабраліся да Каракаса (Венесуэла). Тут Гранада застаўся працаваць у лепразорыі, дзе яму прапанавалі вялікае на той час месячнае ўтрыманьне – 800 амерыканскіх долараў. Чэ ж у жніўні 1952 г. у адзіночку вярнуўся ў Буэнас-Айрэс, дзе прыступіў да падрыхтоўкі да экзаменаў і дыпломнай працы па праблемах алергіі. У сакавіку 1953 Гевара атрымаў дыплом доктара-хірурга ў галіне дэрматалогіі.
Не жадаючы служыць у войску, ён справакаваў прыступ астмы і быў прызнаны непрыдатным для вайсковай службы. Маючы дыплом аб медыцынскай адукацыі, Гевара вырашыў накіравацца ў Венесуэлу да доктара Гранады (для арыентацыі ў краінах, якія найбольш часта ўзгадваюцца далей, ніжэй пададзена больш падрабязная мапа адпаведнай часткі Лацінскай Амерыкі).
Гевара адправіўся ў Венесуэлу цягніком праз сталіцу Балівіі – Ла-Пас. За год да гэтага (у красавіку 1952 г.) у Балівіі адбылася рэвалюцыя, у якой удзельнічалі шахцёры і сяляне. Да ўлады прыйшла партыя «Нацыяналістычны рэвалюцыйны рух» на чале з прэзідэнтам Эстенсоро. Яна, выплаціўшы замежным уладальнікам кампенсацыю, нацыяналізавала алавяныя руднікі, а акрамя таго, абапершыся на міліцыю з шахцёраў і сялян, ажыцьцявіла аграрную рэформу. У Балівіі Чэ бываў у горных селішчах індзейцаў, пасёлках шахцёраў, сустракаўся з членамі ўраду і нават працаваў у ведамстве па ажыцьцяўленьні аграрнай рэформы, ва ўпраўленьні інфармацыі і культуры.
У Ла-Пасе Эрнэста пазнаёміўся таксама з адвакатам Рыкарда Рохо, які ўгаварыў яго зьехаць у… Гватэмалу (гл. мапу).
Спачатку яны прыбылі ў сталіцу Перу Ліму. Аднак тут было небясьпечна з-за палітычнага становішча ў краіне (былі гады праўленьня генерала Одрыя). Таму Эрнэста з новымі сябрамі паехалі на аўтобусе ў Эквадор (прыбылі туды ў верасьні 1953 г.). Тут з дапамогай рекамендацыйнага ліста ад Сальвадора Альендэ, яны здабылі квіткі на параход у Панаму.
У Панаме Гевара затрымаўся, бо ў яго скончыліся грошы. Ён прадаў свае кнігі, надрукаваў у мясцовым часопісе шэраг рэпартажаў пра Мачу-Пікчу ды іншыя гістарычныя славутасьці Перу. Тут ён даведаўся: што гватэмальскі ўрад Арбэнсы правёў праз парламент закон, згодна зь якім заработная плата працоўных «Юнайтэд Фрут компані» была павялічана ўдвая; што было экспрапрыявана больш за 500 тысяч гектараў зямлі ў памешчыкаў (у тым ліку 160 тысяч гектараў «Юнайтэд Фрут»); што магчымае ўварваньне ЗША ў Гватэмалу (каб зрынуць Арбэнса). І таму Гевара працягнуў свой шлях у Гватэмалу.
У дарозе, калі Гевара быў у Коста-Рыка, грузавік, на якім ён ехаў, перакуліўся з-за трапічнага ліўня. Эрнэста пашкодзіў левую руку, якой пэўны час зь цяжкасьцю валодаў. У Коста-Рыка ён пазнаёміўся зь лідэрам венесуэльскай партыі «Дэмакратычнае дзеяньне» і будучым прэзідэнтам Венесуэлы Рамула Бетанкурам (зь якім яны рэзка разышліся ў поглядах), пісьменьнікам Хуанам Бошам з Дамініканскай Рэспублікі – будучым прэзідэнтам гэтай краіны, а таксама з кубінцамі – апанентамі Батысты ды прыхільнікамі Фідэля Кастра, сярод якіх былі будучыя ўдзельнікі паходу на яхце «Гранма».
У канцы 1953 г. Гевара зь сябрамі адправіўся на аўтобусе і спадарожных машынах далей. 24 сьнежня яны дасягнулі гораду Гватэмала – разьмешчанай на вышыні 1800 метраў над узроўнем мора сталіцы аднайменнай рэспублікі.
Гевара меў рэкамендацыйныя лісты да дзеячаў краіны, у т.л. да рэвалюцыянеркі Ільды Гадэа, якую ён знайшоў у пансіянаце «Сервантэс», дзе пасяліўся сам. Агульныя погляды й інтарэсы зьблізілі будучых мужа і жонку. Пазьней Ільда Гадэа ўспамінала аб уражаньні, якое зрабіў на яе Гевара: “Доктар Эрнэста Гевара ўразіў мяне зь першых жа гутарак сваім розумам, сур’ёзнасьцю, сваімі поглядамі і веданьнем марксізму … Выхадзец з буржуазнай сям’і, ён, маючы на руках дыплом лекара, мог лёгка зрабіць кар’еру ў сябе на радзіме, як гэта і робяць у нашых краінах ўсе сьпецыялісты, якія атрымалі вышэйшую адукацыю. Між тым, ён імкнуўся працаваць у самых адсталых раёнах, нават бясплатна, каб лячыць простых людзей. Ён з абурэньнем казаў, зыходзячы з бачанага ў сваіх падарожжах па Паўднёвай Амерыцы, аб антысанітарных умовах і галечы, у якіх жывуць нашы народы. Эрнэста прыходзіў да высновы, што лекар не павінен абслугоўваць пануючыя класы. Доктар Гевара лічыў, што лекар абавязаны прысьвяціць сябе паляпшэньню ўмоў жыцьця шырокіх мас. А гэта немінуча прывядзе яго да асуджэньня ўрадавых сістэм, пануючых ў нашых краінах, што эксплуатуюцца алігархамі, дзе ўмяшаньне імперыялізму янкі ўсё ўзмацнялася“.
Спачатку Гевара хацеў паехаць у якасьці лекара ў індзейскія паселішчы ў аддалены раён Гватэмалы, аднак атрымаў адмову ад міністэрства аховы здароўя, якое патрабавала спачатку на працягу года прайсьці працэдуру пацьвярджэньня дыплома лекара. Выпадковыя заробкі, нататкі ў газеты і гандаль ўразнос кнігамі (якія ён, па заўвазе Ільды, больш чытаў, чым прадаваў), дазвалялі яму зарабіць сродкі на існаваньне. У вольны час Гевара супрацоўнічае з моладзевай арганізацыяй Гватэмальскай партыі працы «Патрыятычная моладзь працы».
17 чэрвеня 1954 года адбылося ўварваньне ўзброеных груп Армаса з Гандураса на тэрыторыю Гватэмалы, пачаліся расстрэлы прыхільнікаў ураду Арбэнса і бамбардзіроўкі сталіцы ды іншых гарадоў Гватэмалы. Эрнэста прасіў, каб яго адправілі ў раён баёў, і заклікаў да стварэньня апалчэньня. Ён уваходзіў у групы супрацьпаветранай абароны, дапамагаў у перавозцы зброі. Разам з сябрамі арганізацыі “Патрыятычная моладзь працы” нёс вартавую службу сярод пажараў і бомбаў, падвяргаючы сябе сьмяротнай небясьпецы. У выніку Эрнэста Гевара трапіў у сьпіс «небясьпечных камуністаў», якія падлягаюць ліквідацыі пасьля зрынаньня Арбэнса.
Пасол Аргентыны папярэдзіў яго аб небясьпецы і прапанаваў скарыстацца сховішчам ў пасольстве, у якім Эрнэста і схаваўся разам з шэрагам іншых прыхільнікаў Арбэнсы, а пазьней пры дапамозе пасла пакінуў краіну, выехаўшы на цягніку ў Мехіка.
21 верасьня 1954 г. яны прыбылі ў сталіцу Мексікі Мехіка, дзе пасяліліся на кватэры пуэртарыканца Хуана Хуарбэ – дзеяча Нацыяналістычнай партыі, якая выступала за незалежнасьць Пуэрта-Рыка і была па-за законам з-за зьдзейсьненай імі стрэляніны ў кангрэсе ЗША. Ня маючы стабільных сродкаў да існаваньня, Чэ зарабляў фотаздымкамі ў парках. Напісаў артыкул «Я бачыў зьвяржэньне Арбэнсы», аднак уладкавацца журналістам ня здолеў.
У гэты час з Гватэмалы прыехала Ільдай Гадэа, і яны ажаніліся (гл. фота, Гадэа і Гевара). Чэ прынялі на працу ў алергічнае аддзяленьне гарадскога шпіталя. Ён чытаў лекцыі па медыцыне ў Нацыянальным універсітэце, стаў займацца навуковай працай у Інстытуце кардыялогіі й лабараторыі французскага шпіталя. 15 лютага 1956 г. Ільда нарадзіла дачку, якую назвалі ў гонар маці Ільдзітай.
Рауль Роа, кубінскі публіцыст і праціўнік Батысты, які пасьля стаў міністрам замежных спраў у сацыялістычнай Кубе, успамінаў пра сваю мексіканскую сустрэчу з Геварам: “Я пазнаёміўся з Чэ аднойчы ноччу ў доме яго суайчыньніка Рыкарда Рохо. Ён толькі што прыбыў з Гватэмалы, дзе ўпершыню прымаў удзел у рэвалюцыйным і антыімперыялістычным руху. Ён яшчэ востра перажываў паразу. Ясны розум, аськетычная бледнасьць, астматычнае дыханьне, выпуклы лоб, густая шавялюра, рашучыя меркаваньні, энэргічны падбародак, спакойныя рухі, чулы, праніклівы погляд, вострая думка. Кажа спакойна, сьмяецца звонка … Мы гаварылі пра Аргентыну, Гватэмалу і Кубу, разглядалі іх праблемы скрозь прызму Лацінскай Амерыкі. Ужо тады Чэ ўзвышаўся над вузкім гарызонтам крэольскіх нацыяналістаў і гутарыў з пазіцыі кантынентальнага рэвалюцыянера. Гэты аргентынскі лекар, у адрозьненьне ад многіх эмігрантаў, думаў ня столькі аб Аргентыне, колькі аб Лацінскай Амерыцы ў цэлым, імкнучыся намацаць яе самае «слабае вязьмо»”.
У канцы чэрвеня 1955 года ў гарадскі шпіталь Мехіка да дзяжурнага лекара Эрнэста Гевары прыйшлі на кансультацыю два кубінцы, адным зь якіх быў знаёмы Чэ па Гватэмале. Ён распавёў, што кубінскія рэвалюцыянеры, тыя, хто нападаў на казармы «Манкада», былі выпушчаныя з катаржнай турмы па амністыі й пачалі з’язджацца ў Мехіка, каб рыхтаваць эксьпедыцыю на Кубу. Праз некалькі дзён было знаёмства з Раулем Кастра, у якім Чэ знайшоў адзінадумца, сказаўшы пасьля пра яго: «Мне здаецца, што гэты не падобны на іншых. Прынамсі, кажа лепш за іншых, акрамя таго ён думае“.
У гэты час Фідэль Кастра знаходзіўся ў ЗША , зьбіраў сярод эмігрантаў з Кубы грошы на будучую эксьпедыцыю. Выступіўшы ў Ню-Ёрку на мітынгу супраць Батысты, Фідэль заявіў: «Магу паведаміць вам з усёй адказнасьцю, што ў 1956 годзе мы здабудзем волю або станем пакутнікамі».
Сустрэча Фідэля і Чэ адбылася 9 ліпеня 1955 года на кансьпіратыўнай кватэры прыхільнікаў Кастра. На сустрэчы абмяркоўвалі падрабязнасьці маючых адбыцца баявых дзеяньняў. Фідэль сьцьвярджаў, што Чэ на той момант «меў больш сталыя ў параўнаньні са мной рэвалюцыйныя ідэі. У ідэалагічным, тэарэтычным плане ён быў больш развітым. У параўнаньні са мной ён быў больш перадавым рэвалюцыянерам». Да раніцы Чэ (на якога Фідэль у сваю чаргу зрабіў уражаньне «выключнага чалавека») быў залічаны лекарам у атрад будучай эксьпедыцыі Кастра.
Праз некаторы час у Аргентыне адбыўся чарговы вайсковы пераварот – быў зрынуты Перон. Эмігрантам – праціўнікам Перона – было прапанавана вярнуцца ў Буэнас-Айрэс, чым скарысталіся Рохо ды іншыя аргентынцы, якія жылі ў Мехіка. Чэ адмовіўся зрабіць тое ж самае, паколькі быў захоплены маючай адбыцца эксьпедыцыяй на Кубу.
Палкоўнік гішпанскай арміі Альберта Баё, ветэран вайны з франкістамі і аўтар дапаможніка «150 пытаньняў партызану», займаўся ваеннай падрыхтоўкай групы. Спачатку запатрабаваўшы аплату ў памеры 8 тыс. амерыканскіх долараў, ён пасьля паменшыў яе ўдвая, а пазьней ня толькі ня ўзяў плату, але і прадаў сваю мэблевую фабрыку, перадаўшы атрыманыя грошы групе Фідэля. Палкоўнік набыў за 26 тысяч амерыканскіх даляраў асьенду «Санта-Роса» ў 35 км ад сталіцы, якая выкарыстоўвалася ў якасьці новай базы для падрыхтоўкі атрада. Чэ, праходзячы трэніроўкі з групай, вучыў рабіць перавязкі ды іньекцыі, лячыць пераломы.
Адзін з удзельнікаў тых падзей Карлас Бермудес успамінаў: “Займаючыся разам зь ім на ранча «Санта-Роса», я даведаўся, які гэта быў чалавек – заўсёды самы руплівы, заўсёды перапоўнены самым высокім пачуцьцём адказнасьці, гатовы дапамагчы кожнаму з нас … Я пазнаёміўся зь ім, калі ён спыняў мне крывацёк пасьля выдаленьня зуба. У той час я ледзь-ледзь умеў чытаць. А ён мне кажа: «Я буду вучыць цябе чытаць і разьбірацца ў прачытаным…» Аднойчы мы ішлі па вуліцы, ён раптам зайшоў у кнігарню і на тыя невялікія грошы, якія былі ў яго, купіў мне дзьве кнігі – «Рэпартаж зь пятлёй на шыі» і «Маладую гвардыю»”.
22 чэрвеня 1956 г. мексіканская паліцыя арыштавала Фідэля Кастра ў Мехіка. На ранча «Санта-Роса» паліцыя захапіла Чэ і некаторых яго таварышаў. Аб арышце кубінскіх змоўшчыкаў паведамлялася ў друку. Пасьля высьветлілася, што арышты рабіліся па наводцы правакатара Венерыё, які пранік у шэрагі змоўшчыкаў. 26-га чэрвеня мексіканская газета «Эксэльсіёр» апублікавала сьпіс арыштаваных, уключаючы імя Эрнэста Чэ Гевары Сэрны, які быў ахарактарызаваны як «міжнародны камуністычны агітатар» з узгадваньнем яго ролі ў Гватэмале пры прэзідэнце Арбэнсе.
За зьняволеных хадайнічалі былы прэзідэнт Ласара Кардэнас, яго былы марскі міністр Эрыберта Хара, рабочы лідар Ламбардзі Таледана, мастакі Альфара Сікейрас і Дыега Рывэра, а таксама дзеячы культуры, навукоўцы. Празь месяц мексіканскія ўлады вызвалілі ўсіх зьняволеных, за выключэньнем Эрнэста Гевары і кубінца Калікста Гарсіі, якіх абвінавацілі ў нелегальным уезьдзе ў краіну. Выйшаўшы з турмы, Фідэль Кастра працягнуў падрыхтоўку да эксьпедыцыі на Кубу, зьбіраючы грошы, купляючы зброю і арганізоўваючы кансьпіратыўныя яўкі. Падрыхтоўка байцоў працягнулася дробнымі групамі ў розных месцах краіны. За 12 тысяч даляраў была набыта яхта “Гранма”.
Чэ прасядзеў у турме амаль два месяцы і быў вызвалены. Паліцэйскія працягвалі сачыць, урываліся на кансьпіратыўныя кватэры. Прэса пісала аб падрыхтоўцы Фідэлем адплыцьця на Кубу. З-за частых аблаў, магчымасьці выдачы групы, захопу яхты і перадатчыка падрыхтоўка былі паскорана. Фідэль аддаў загад ізаляваць меркаванага правакатара і засяродзіцца ў порце Туспан (у Мексіканскім заліве), дзе ў прычала стаяла «Гранма». Франку Паісу была адпраўлена тэлеграма “Кніга распрададзеная» – гэта быў умоўны сігнал аб пачатку паўстаньня ў прызначаны тэрмін. Чэ з медыцынскім сакваяжам забег дадому да Ільды, пацалаваў дачку, якая спала, і напісаў разьвітальны ліст бацькам.
2. Куба, партызанка, удзел у рэпрэсіях
25 лістапада 1956 г. у 2 гадзіны ночы ў Туспане атрад зьдзейсьніў пасадку на “Гранма”. Паліцыя атрымала «мардзіду» (хабар) і адсутнічала на прыстані.
82 чалавекі са зброяй і рыштункам пагрузіліся на перапоўненую яхту, якая была разлічана на 10-12 чалавек. На моры ў гэты час быў шторм, ішоў дождж. «Гранма» са згашанымі агнямі накіравалася на Кубу.
Чэ успамінаў, што з 82 чалавек толькі матросы ды 4-5 пасажыраў не пакутавалі ад марской хваробы. Судна пацякло з-за адкрытага крана ў прыбіральні (што высьветлілася пазьней). Спрабуючы ліквідаваць ўляганьне судна пры непрацуючай помпе для адпампоўкі вады, пакідалі за борт кансервы. Адзін з удзельнікаў той эксьпедыцыі ўспамінаў: “Яхта была набіта да краёў. Людзі сядзелі літаральна адзін на адным. Прадуктаў узялі ў абрэз. У першыя дні кожнаму выдавалася поўбанкі згушчанага малака, але неўзабаве яно скончылася. На чацьвёрты дзень кожны атрымаў па кавалачку сыру і каўбасы, а на пяты засталіся толькі адны гнілыя апельсіны”.
На «Гранма» Чэ пакутаваў ад астмы, але падбадзёрваў іншых і жартаваў. Штурман упаў за борт судна – на працягу некалькіх гадзін яго шукалі й выцягвалі з вады. Яхта часта зьбівалася з курсу. Час прыбыцьця групы быў разлічана на 30 лістапада. У гэты дзень прыхільнікі Франка Паіса захапілі ўрадавыя ўстановы і выйшлі на вуліцы, але не змаглі ўтрымаць сітуацыю пад сваім кантролем.
«Гранма» прыбыла да берагоў Кубы толькі 2 сьнежня 1956 ў раёне Лас Каларадас (Куба) правінцыі Арыентэ і тут жа села на мель. Усе 82 чалавекі дабіралася да берага ўброд, па шыі ў вадзе. На сушу ўдалося вынесьці зброю і невялікую колькасьць ежы. На месца высадкі, якое Рауль Кастра пасьля параўноўваў з «караблекрушэньнем», накіраваліся катэры і самалёты падначаленых Батысьце падраздзяленьняў – 35 000 салдат, танкі, ваенныя кораблі, самалёты. Група Фідэля Кастра патрапіла пад абстрэл. Будучыя партызаны працяглы час прабіралася па забалочаным узьбярэжжы праз мангравыя зарасьнікі. Да раніцы 5 сьнежня рэвалюцыянеры зрабілі прывал на тэрыторыі цукровага завода. Чэ перавязваў таварышам сьцёртыя ногі. У сярэдзіне дня ў небе зьявіліся самалёты праціўніка. Пад агнём у баі загінула палова байцоў атрада, яшчэ 20 чалавек трапілі ў палон. На наступны дзень тыя, што засталіся ў жывых, сабраліся ў хаціне непадалёк ад раёну Сьера-Маэстра.
Фідэль сказаў: «Вораг нанёс нам паразу, але ня здолеў нас зьнішчыць. Мы будзем змагацца і выйграем гэтую вайну».
Сяляне Кубы прыязна прымалі ўдзельнікаў атрада і хавалі іх у сваіх дамах.
Кубінскі пісьменнік Пабла Браў пісаў: “Гора таму, хто падымае меч на вяршыні Сьера-Маэстра. Паўстанец зь вінтоўкай, схаваўшыся за скалой, можа змагацца тут супраць дзесяцёх. Кулямётчык, засеўшы ў цясьніну, стрымае націск тысячы салдат. Хай не разлічваюць на самалёты! Пячоры атуляць паўстанцаў”.
22 студзеня 1957 года атрад нанёс перашае паражэньне атраду Батысты. Пяць каскітас былі забітыя, атрад партызан страт не панёс. Чэ напісаў ліст Ільдзе: “Я жывы і адчуваю смагу крыві. Падобна на тое, што я ўсё ж сапраўды салдат (прынамсі, я брудны і абарваны), бо пішу на паходнай талерцы, са стрэльбай на плячы і новым набыцьцём ў вуснах – цыгарай. Справа аказалася нялёгкай. У Алегрэ-дэ-Піё мяне раніла ў шыю. З табе знаёмых хлопцаў загінуў Джымі – ён здаўся ў палон, і яго забілі. Я ж разам са знаёмымі табе Альмейда і Рамірыта правёў сем дзён страшнай галадухі й смагі, пакуль мы не выйшлі з акружэньня і пры дапамозе сялян не далучыліся да Фідэля. Мы напалі на армейскі пост, некалькі салдат забілі і паранілі, іншых ўзялі ў палон. Забітыя засталіся на месцы бою. Праз некаторы час мы захапілі яшчэ трох салдат і раззброілі іх. Калі да гэтага дадаць, што ў нас не было страт і што ў гарах мы як у сябе дома, то табе будзе ясна, наколькі дэмаралізаваныя салдаты [Батысты], у іх ніколі не атрымаецца нас акружыць. Стрэлка вагаў схіляецца ўжо ў наш бок, і гэтая перавага будзе з кожным днём павялічвацца”.
Аднака ў лютым 1957 г. Чэ зваліў прыступ малярыі, а затым прыступ астмы. Падчас адной з сутычак селянін Крэспа, узваліўшы Чэ сабе на сьпіну, вынес яго з-пад непрыяцельскага агню, паколькі Гевара ня мог перасоўвацца самастойна. Чэ быў пакінуты ў доме фермера з суправаджаючым байцом, а затым змог пераадолець 10-дзённы пераход пры дапамозе адрэналіну, абапіраючыся на стрэльбу.
Удзельнік атрада Рафаэль Чаа сьцьвярджаў, што Чэ ні на каго не крычаў, і не дапускаў зьдзекаў, але часта ўжываў у размове моцныя словы і бываў вельмі рэзкі «калі трэба»: «Я ня ведаў менш эгаістычнага чалавека. Калі ў яго быў усяго адзін клубень баніята, ён гатовы быў аддаць яго таварышам».
На працягу вайны Чэ вёў дзёньнік, які паслужыў асновай для яго вядомай кнігі «Эпізоды рэвалюцыйнай вайны».
З часам атрад здолеў усталяваць сувязь з арганізацыяй «Рух ліпеня 26» у Сант’яга і Гаване. Атрад у гарах наведвалі актывісты і кіраўнікі падпольля, было наладжана забесьпячэньне. З мэтай абвергнуць паведамленьні Батысты аб “разгроме разбойнікаў”, Фідэль Кастра адправіў у Гавану Фаустына Перэса з даручэньнем даставіць замежнага журналіста. У разьмяшчэньне атрада 17 лютага 1957 г. прыбыў Герберт Мэцьюз – карэспандэнт газеты «Ню-Ёрк Таймс». Ён сустрэўся зь Фідэлем і праз тыдзень апублікаваў рэпартаж з фотаздымкамі атрада. У рэпартажы ён пісаў: «Мяркуючы па ўсім, у генерала Батысты няма падставаў спадзявацца здушыць паўстаньне Кастра. Ён можа разьлічваць толькі на тое, што адна з калон салдат выпадкова трапіць на юнага правадыра ці яго штаб і зьнішчыць іх, але гэта наўрад ці здарыцца…».
13 сакавіка 1957 года ў Гаване студэнцкая арганізацыя «Рэвалюцыйны дырэктарат 13 сакавіка» ўзьняла няўдалае паўстаньне, спрабуючы захапіць радыёстанцыю, універсітэт і прэзідэнцкі палац. Большасьць паўстанцаў загінулі ў баі.
У траўні 1957 г. планавалася прыбыцьцё з ЗША (Маямі) судна «Карынфія» з падмацаваньнем на чале з Калікста Санчасам. Каб адцягнуць увагу ад іх высадкі, Фідэль аддаў загад штурмаваць казарму ў паселішчы Ўвера, у 50 км ад Санцьяга. Чэ прымаў удзел у баі за Ўвера і апісаў яго ў «Эпізодах рэвалюцыйнай вайны».
27 траўня 1957 г. быў сабраны штаб, дзе Фідэль абвясьціў аб маючым адбыцца баі. Ішлі ўначы. Драўляная казарма разьмяшчалася на беразе мора, яе ахоўвалі пасты. Было вырашана акружыць яе ў цемры, з трох бакоў. Ад першага стрэлу да захопу казармы прайшло дзьве гадзіны 45 хвілін. Наступаючыя страцілі забітымі й параненымі 15 чалавек, а праціўнік – 19 чалавек параненымі і 14 забітымі. Перамога ўмацавала баявы дух атрада. Пасьля былі зьнішчаны іншыя дробныя гарнізоны суперніка ля падножжа Сьера-Маэстра.
Высадка з «Карынфіі» скончылася няўдала: паводле афіцыйных паведамленьняў, былі забітыя або захопленыя ў палон ўсе рэвалюцыянеры з гэтага судна.
Аднак да атрада «барадача» Фідэля далучаліся добраахвотнікі (розных палітычных поглядаў). Сродкі, медыкаменты і зброю дастаўлялі замежныя кубінскія эмігранты.
Батыста прыняў рашэньне прымусова эвакуяваць са схілаў Сьера-Маэстра мясцовых сялян, каб пазбавіць рэвалюцыянераў падтрымкі насельніцтва. Аднак многія гуахіра супраціўляліся эвакуацыі, аказвалі дапамогу атраду Фідэля і ўступалі ў іх шэрагі.
Узаемаадносіны зь мясцовымі сялянамі не заўсёды адбываліся гладка: па радыё і ў царкоўных службах рабілася прапаганда антыкамунізму. Для паляпшэньня ўзаемаадносінаў зь мясцовым насельніцтвам, для падаўленьня рабаваньняў і анархіі ў атрадзе была створаная Камісія па выкананьні дысцыпліны, надзеленая паўнамоцтвамі ваеннага трыбунала. Напрыклад, гэтая камісія ліквідавала псеўдарэвалюцыйную банду кітайца Чанга. Праводзіліся расстрэлы таксама і па фактах дэзертырства з атрада.
У дачыненьні да палонных наадварот аказвалася медыцынская дапамога. Чэ строга сачыў, каб іх не крыўдзілі. Як правіла, палонных пазьней адпускалі на волю.
5 чэрвеня 1957 года Фідэль Кастра вылучыў калону байцоў пад кіраўніцтвам Чэ ў складзе 75 байцоў. Гевара было прысвоена званьне маёра.
У ліпені прадстаўнікі буржуазнай апазіцыі Батысьце Фэліпэ Пасас і Раўль Чыбас прыбылі на Сьера-Маэстра. Чэ лічыў гэтых дзеячаў «шчыльна зьвязанымі з паўночнымі ўладарамі». Аднак Фідэль падпісаў маніфест аб утварэньні Рэвалюцыйнага грамадзянскага фронту, у патрабаваньні якога ўваходзілі замена Батысты выбарным прэзідэнтам і аграрная рэформа, якая мела на ўвазе раздзел пустуючых земляў.
5 верасьня ў горадзе Съенфуэгасе адбылося паўстаньне маракоў ваенна-марской базы пад кіраўніцтвам афіцэраў, якія выступалі за зрынаньне Батысты. Паўстаньне скончылася паразай і расстрэлам палонных. У ходзе падаўленьня паўстаньня загінула больш за 600 чалавек. Баючыся перасьледу паліцыі, праціўнікі Батысты папаўнялі шэрагі паўстанцаў у гарах Сьера-Маэстра. Узьніклі дадатковыя асяродкі паўстаньня ў гарах Эскамбрая, Сьера-дэль-Крысталь і ў раёне Баракоа пад кіраўніцтвам Рэвалюцыйнага дырэктарата, «Руху 26 ліпеня» і асобных камуністаў.
За галовы кіраўнікоў кубінскай рэвалюцыі Баціста прызначыў вялікія грошы.
У кастрычніку ў Маямі (ЗША) палітычныя дзеячы з буржуазнага лагера заснавалі Раду вызваленьня, абвясьціўшы Фэліпэ Пасаса часовым прэзідэнтам. Імі быў выпушчаны маніфест да народу. На гэты раз Фідэль адхіліў «маямскі пакт», лічачы яго праамерыканскім. У лісьце да Фідэля Чэ пісаў: «Я табе казаў, што тваёй заслугай заўсёды будзе тое, што ты даказаў магчымасьць ўзброенай барацьбы, якая карыстаецца падтрымкай народу. Цяпер ты ўступаеш на яшчэ больш выдатны шлях, які прывядзе да ўлады ў выніку ўзброенай барацьбы мас».
Да канца 1957 г. паўстанцкія войскі панавалі на Сьера-Маэстра, не спускаючыся, аднак, у даліны. Прадукты харчаваньня куплялі ў сялян. Медыкаменты дастаўляліся падпольшчыкамі з горада. Мяса канфіскоўвалася ў буйных гандляроў жывёлай і здраднікаў. Чэ арганізоўваў санітарныя пункты, палявыя шпіталі, майстэрні для рамонту зброі, вырабу саматужнага абутку, рэчмяшкоў, абмундзіраваньня, цыгарэт. На гектографе стала размножвацца газета «Эль Кубано лібра», якая атрымала сваю назву ад газеты змагароў за незалежнасьць Кубы ў XIX ст. У эфір сталі выходзіць перадачы невялікай радыёстанцыі. Шчыльная сувязь зь мясцовым насельніцтвам дазваляла даведвацца аб зьяўленьні каскітас і выведнікаў праціўніка. У Сьера-Маэстра ніхто не казаў адкрытым тэкстам пра камунізм або сацыялізм. Фідэль прапанаваў рэформы – ліквідацыя латыфундыяў, нацыяналізацыя транспарту, электрычных кампаній і іншых важных прадпрыемстваў – якія насілі памяркоўны характар. (гл. фота – Рауль Кастра з Эрнэста Чэ Геварам ў гарах Сьера-дэль Крысталь. 1958 г.).
Урадавая прапаганда заклікала да нацыянальнага згоды, паколькі ў гарадах Кубы пашыраліся страйкавы і паўстанцкі рухі. Аднак ўрад ЗША ў сакавіку 1958 заявіў аб эмбарга на дастаўку зброі сілам Батысты…
–
З моманту прыходу да ўлады Фідэля Кастра (ён становіцца Прэм’ер-міністрам ў лютым 1959 г.) на Кубе пачаліся рэпрэсіі супраць яго палітычных праціўнікаў.
Першапачаткова было абвешчана, што будуць судзімыя толькі ваенныя злачынцы – функцыянеры батыстаўскага рэжыму, непасрэдна адказныя за катаваньні і пакараньні сьмерцю. Аднака затым рэпрэсіям падвергліся ня толькі палітычныя праціўнікі, але і былыя саюзьнікі кубінскіх камуністаў па рэвалюцыйнай барацьбе – анархісты.
Ф.Кастра абвясьціў: «Рэвалюцыйная справядлівасьць грунтуецца не на прававых перадумовах, а на маральным асуджэньні». Усе юрыдычныя гарантыі ў дачыненьні да абвінавачаных былі адмененыя «Партызанскім законам». Сьледчае заключэньне лічылася неабвержным доказам злачынства. Адвакат проста прызнаваў абвінавачваньні й толькі прасіў суд праявіць велікадушнасьць і зьмякчыць пакараньне.
Чэ Гевара асабіста інструктаваў суддзяў: “Ня варта рабіць валакіту з судовага разбору. Гэта – рэвалюцыя, доказы тут другасныя. Мы павінны дзейнічаць па перакананьні. Яны ўсе – банда злачынцаў і забойцаў. Акрамя таго, варта памятаць, што ёсьць апеляцыйны трыбунал” (спраўка: апеляцыйны трыбунал, старшынём якога быў сам Чэ, не адмяніў ні аднаго прысуду). Пакараньнямі ў гаванскай крэпасьці-турме Ла-Кабанья таксама распараджаўся асабіста Чэ Гевара.
У цэлым пасьля прыходу прыхільнікаў Кастра да ўлады на Кубе больш за 8.000 чалавек былі расстраляныя, шмат хто – без суду і сьледства.
3. Че Гевара – дзяржаўны дзеяч. І пасьля…
Пасьля перамогі рэвалюцыі на Кубе Чэ Гевара стаў кубінскім дзяржаўным дзеячам (сярод іншага, па некаторых зьвестках міністрам эканомікі, старшынём нацыянальнага банка). Ён шмат разоў выязджаў у розныя краіны (ніжэй пададзена мапа сьвету, на якой бачна, дзе Чэ Гевара пабываў (чырвонае), а таксама дзе ён ваяваў – зялёнае з аўтаматам).
Чэ Гевара меркаваў, што можа разьлічваць на неабмежаваную эканамічную дапамогу «братэрскіх» краін (гл. ніжэй фота: Чэ Гевара ў Маскве, 1964 год).
Аднак, зьяўляючыся міністрам рэвалюцыйнага ўраду і ведучы перамовы аб аказаньні падтрымкі, эканамічным і вайсковым супрацоўніцтве, абмяркоўваючы міжнародную палітыку зь кітайскімі і савецкімі кіраўнікамі, ён прыйшоў да нечаканай для сябе высновы. Чэ меў мужнасьць выказацца публічна пра гэта ў сваім знакамітым алжырскім выступе. Гэта была сапраўдная абвінавачвальная прамова супраць неінтэрнацыяналісцкай палітыкі сацыялістычных краін [цікава, і чаму гэта на справе была такая палітыка, калі кіраўнікі сацыялістычных краін у той час на кожным рагу крычалі пра “інтэрнацыяналізм” й “інтэрнацыянальную падтрымку”?.. – Рэд.]. Ён папракаў іх у навязваньні бедным краінам умоў тавараабмену, падобных тым, якія дыктуе імперыялізм на сусветным рынку, а таксама ў адмове ад безумоўнай падтрымкі (вайсковай у тым ліку), у адмове ад барацьбы за нацыянальнае вызваленьне, у прыватнасьці, у Конга і ў Вьетнаме .
Чэ выдатна ведаў знакамітае раўнаньне Энгельса: чым менш развітая эканоміка, тым большую ролю мае гвалт у станаўленьні новай фармацыі. Калі ў пачатку 1950-х ён жартаўліва падпісваецца пад лістамі “Сталін II”, то пасьля перамогі рэвалюцыі вымушаны заяўляць: «На Кубе няма ўмоў для станаўленьня сталінскай сістэмы».
Цяпер больш дасьведчаны Чэ Гевара аднойчы з горыччу скажа: «Пасьля рэвалюцыі працу робяць не рэвалюцыянеры. Яе робяць тэхнакраты і бюракраты. А яны – контррэвалюцыянеры».
У 1964 Чэ Гевара быў у ЗША на пасяджэньні ААН. Тэмай яго дакладу быў расавы прыгнёт чарнаскурага насельніцтва ў ЗША. Выснова была наступнай: як дзяржава можа называць сябе абаронцам свабоды, калі яна ня можа абараніць сваіх грамадзян ад гвалту?
–
У выніку, расчараваўшыся, Чэ Гевара кідае ўсё i ў красавіку 1965 г. піша лісты бацькам, дзецям і Фідэлю Кастра.
У лісьце бацькам ён напісаў: “Каля дзесяці гадоў таму я напісаў Вам іншы разьвітальны ліст. Наколькі памятаю, тады я шкадаваў, што не зьяўляюся больш добрым салдатам і добрым лекарам; апошняе ўжо мяне не цікавіць, салдат жа з мяне атрымаўся не такі ўжо і дрэнны. У асноўным нічога не зьмянілася з тых часоў, калі не лічыць, што я стаў значна больш свядомы, мой марксізм ўкараніўся ўва мне і ачысьціўся. Лічу, што ўзброеная барацьба – адзіны выхад для народаў, якія змагаюцца за сваё вызваленьне, і я пасьлядоўны ў сваіх поглядах. Многія назавуць мяне шукальнікам прыгод. Але толькі я шукальнік прыгод асаблівага роду, з той пароды, што рызыкуюць сваім жыцьцём, каб даказаць сваю правату. Можа быць, я паспрабую зрабіць гэта ў апошні раз. Я не шукаю такога канца, але ён магчымы, калі лагічна зыходзіць з разьліку магчымасьцяў. І калі так здарыцца, прыміце мае апошнія абдымкі. Моцна абдымае Вас Ваш блудны і непапраўны сын Эрнэста”.
У красавіку 1965 г. Гевара прыбыў у афрыканскую Рэспубліку Конга, дзе ў гэты час былі баявыя дзеяньні. З Конга ў яго былі зьвязаныя вялікія надзеі – ён меркаваў, што велізарная тэрыторыя гэтай краіны, пакрытая джунглямі, дасьць выдатныя магчымасьці арганізацыі партызанскай вайны.
У аперацыі ўдзельнічалі ў агульнай колькасьці больш за 100 кубінцаў-добраахвотнікаў. Аднак з самага пачатку аперацыю ў Конга перасьледвалі няўдачы. Адносіны зь мясцовымі паўстанцамі былі досыць складанымі, і ў Гевары не было веры ў іх. У першым баі 29 чэрвеня сілы кубінцаў і паўстанцаў пацярпелі паразу.
У далейшым Гевара прыйшоў да высновы, што выйграць вайну з такімі саюзьнікамі немагчыма, але ўсё ж працягваў аперацыю. Фінальны ўдар па кангалезскай эксьпедыцыі Гевары быў нанесены ў кастрычніку 1965, калі да ўлады ў Конга прыйшоў Жазэф Касавубу, які высунуў ініцыятывы па ўрэгуляваньні канфлікту. Пасьля заяваў Касавубу, Танзанія, якая служыла тылавой базай для кубінцаў, спыніла іх падтрымліваць. Гевара вымушаны быў спыніць аперацыю. Ён вярнуўся ў Танзанію і, знаходзячыся ў кубінскім пасольстве, падрыхтаваў дзёньнік аперацыі ў Конга, які пачынаўся словамі «Гэта гісторыя правалу».
Пасьля Танзаніі Чэ знаходзіўся ў адной з сацыялістычных краін Усходняй Еўропы. Кастра ўгаварыў Чэ таемна вярнуцца на Кубу, каб пачаць падрыхтоўку да стварэньня рэвалюцыйнага асяродка ў Лацінскай Амерыцы. У асяроддзе Гевары былі ўведзены агенты Штазі й КДБ (напрыклад, Хайд Бідэр, вядомая таксама па мянушцы «Таня»; гл. Фота).
У лістападзе 1966 г. пачалася партызанская барацьба Гевары ў Балівіі. Па загадзе Фідэля Кастра балівійскімі камуністамі сьпецыяльна была набытая зямля для стварэньня базаў, дзе пад кіраўніцтвам Гевары праходзілі падрыхтоўку партызаны.
Рэнэ Бар’ентас – прэзідэнт Балівіі ў 1964-69 гадах, напалоханы паведамленьнямі пра партызанаў у сваёй краіне, зьвярнуўся па дапамогу ў ЗША. Супраць Гевары было вырашана выкарыстаць адмыслова падрыхтаваныя для антыпартызанскіх дзеяньняў сілы ЦРУ.
Партызанскі атрад Гевары налічваў каля 50 чалавек і дзейнічаў як Армія нацыянальнага вызваленьня Балівіі. Ён быў добра забясьпечаны і правёў некалькі пасьпяховых аперацый супраць рэгулярных войскаў у складанай гарыстай мясцовасьці рэгіёну Каміры. Аднак, у жніўні – верасьні 1967 г. балівійская армія змагла ліквідаваць дзьве групы партызан.
Нягледзячы на жорсткую прыроду канфлікта, Гевара аказваў медыцынскую дапамогу ўсім параненым балівійскімі салдатам, якія траплялі ў палон да партызанаў, а пазьней вызваляў іх (гл. фота – у лагеры ў Балівіі, 1966 г.).
У Балівіі паляваньне на Гевару ўзначаліў агент ЦРУ Фелікс Радрыгес. Інфарматар Сыра Бустоса паведаміў балівійскім сьпецвойскам аб месцы знаходжаньня атрада Гевары, і 8 кастрычніка 1967 г. стаянка атрада была акружана, а сам Гевара быў узяты ў палон у цясьніне Куэбрада-дэль-Юра. Чэ быў паранены ў нагу, іншая куля прабіла магазін яго вінтоўкі так, што ён ня змог адстрэльвацца. Радрыгес, пачуўшы пра захоп Гевары, адразу ж паведаміў аб гэтым у штаб-кватэру ЦРУ ў Лэнглі.
Ноч з 8-га на 9 кастрычніка Чэ Гевара правёў у зьняволеньні на падлозе ў вясковай школе. Побач зь ім ляжалі целы двух яго забітых таварышаў. 9 кастрычніка ў 12:30 па радыё прыйшло распараджэньне вышэйшага камандаваньня з Ла-Пас «прыступіць да зьнішчэньня сяньёра Гевары». Загад, падпісаны прэзідэнтам ваеннага ўраду Балівіі Рэнэ Ортуньё, быў перададзены Феліксу Радрыгесу. Той увайшоў у пакой, дзе ўтрымліваўся Чэ, і сказаў яму: «Камандантэ, мне шкада». У ролі ката выступіў сяржант балівійскай арміі Марыё Тэран, які выцягнуў кароткую саломінку ў спрэчцы паміж салдатамі за права… застрэліць Гевару.
Труп Гевары быў прывязаны да палозьзяў верталёту і дастаўлены ў суседнюю вёску Вальеграндэ, дзе яго выставілі напаказ прэсе. Пасьля таго, як вайсковы хірург ампутаваў рукі Гевары (яны, маўляў, былі патрэбныя амерыканцам і балівійцам для ідэнтыфікацыі парэшткаў па адбітках пальцаў), афіцэры балівійскай арміі вывезьлі цела ў невядомым кірунку, адмовіўшыся паведаміць пра месца пахаваньня.
4. Пасьля сьмерці
15 кастрычніка Фідэль Кастра паведаміў грамадскасьці аб сьмерці Гевары. Падзея была прызнаная цяжкім ударам па сацыялістычным рэвалюцыйнаму руху ў Лацінскай Амерыцы і ва ўсім сьвеце. Мясцовыя жыхары пачалі лічыць Гевару сьвятым і зьвярталіся да яго ў малітвах «San Ernesto», просячы пра ласку.
Па некаторых сьцьвярджэньнях, кубінскія сьпецслужбы пазьней ліквідавалі ўсіх (ці амаль усіх), хто быў датычны да гібелі Эрнэста Чэ Гевары, пачынаючы з селяніна, які яго “здаў”…
У 1997 годзе з-пад узлётна-пасадачнай паласы каля Вальеграндэ былі эксгумаваныя парэшткі цела з ампутаванымі рукамі. Яны былі ідэнтыфікаваныя як належачыя Гевару і вернутыя на Кубу. 16 Кастрычніка 1997 парэшткі Гевары і шасьцярых яго таварышаў, забітых падчас партызанскай кампаніі ў Балівіі, былі перапахаваныя з вайсковымі ўшанаваньнямі ў сьпецыяльна пабудаваным маўзалеі ў горадзе Санта-Клара, дзе ён выйграў вырашальную для кубінскай рэвалюцыі бітву.
Кожны год 8 кастрычніка на Кубе адзначаюць Дзень Гераічнага Партызана, успамінаючы такім чынам камандантэ Гевару (на Кубе ён лічыцца нацыянальным героем). У школах Кубы штодзённыя заняткі пачынаюцца зь песьні «Мы будзем як Чэ» (We will be like Che).
Чэ Гевара традыцыйна, пры ўсіх грашовых рэформах, адлюстроўваецца на адным баку купюры вартасьцю ў тры кубінскіх песа.
У Аргентыне, на радзіме рэвалюцыянера, ёсьць мноства музеяў, прысьвечаных яму, а ў горадзе Разарыё (Rosario) у 2008 годзе была ўстаноўленая бронзавая 4-метровая статуя Чэ Гевары.
У асяроддзі балівійскіх рабочых Чэ Гевара мае статус сьвятога – яго так і называюць – Сьвяты Эрнэста, калі просяць заступніцтва і дапамогі. Каталіцкая царква ў тых краях рэзка выступае супраць такога парадку, але зрабіць нічога ня можа.
Знакаміты ва ўсім сьвеце партрэт камандантэ Чэ анфас стаў сімвалам рамантычнага рэвалюцыйнага руху. Аднак у цяперашні момант, на думку некаторых, ён у значнай ступені страціў сэнсавую нагрузку і часткова ператварыўся ў кітч, які выкарыстоўваецца ў самых далёкіх ад рэвалюцыі кантэкстах.
Вобраз Чэ Гевары натхняў і працягвае натхняць рэвалюцыйныя групы, падобныя “Чорным пантэрам” і «Фракцыі Чырвонай Арміі», а таксама многіх літаратараў, кінематаграфістаў, рок-групы.
І апошняе. Чэ ня Быў прыкладным сем’янінам, але, нягледзячы на гэта, у яго было пяцёра дзяцей – дачка, якая нарадзілася 15 лютага 1956 г., падчас шлюбу з першай жонкай Хільдай Гадэа (Hilda Gadea), і чацвёра дзяцей у шлюбе з другой жонкай-рэвалюцыянеркай Алейдай Марч (Aleida March).
Бяссумніўна цікавы матэрыял для агульнага сьветагляду,але быццам біяграфія мацяры Тэрэзы, такі “добры. чуйны чалавек”…
А калі ўдумацца-амаль што біяграфія Дзяржынскага,Ульянава ці якіх менш вядомых камуністаў…Для балансу, мяркую, наступны аповед мусіць быць пра Радаслава Астроўскага,Сьцяпана Бандэру ці генерала Франка.
Захапленьне чалавекам,які асабіста кіраваў судамі,катаваньнямі ды растрэламі дысідэнтаў-гэта з разраду разумовай інфантыльнасьці.
Чаго яны дасягнулі? У ва што пераўтварылі тую ж Кубу? Колькі камуністычных канцлагераў яны збудавалі? Колькі людзей перабілі?
Марксісты ўсе пачынаюць з найвялікшым рамантызмам пераўтварыць сьвет у камуністычны рай, а на практыцы сканчваецца тэрорам да нявінных,поўнай галечай,адсталасьцю ды праклёнам народа…
На той час ды і цяпер левакам быў патрэбны вобраз іхнага героя,у які для піяру былі ўкладзеныя мільёны,каб выцясьняў уласных нацыянальных герояў розных народаў.Шмат беларусы ўзгадваюць пра Філістовіча,Вітушку,Родзьку ці Пракулевіча?!А гэта былі ўсе героі .Усе названыя,за выключэньнем Вітушкі,былі забітыя расейскімі камуністамі…
Мажліва,калі б разабраўшыся ў тым,да чаго прывяла краіну тыранія Кастра,Гевара ўзьняў бы паўстаньне супраць камуністычнай дэспатыі-яго можна было прабачыць,як чалавека,які наўпрост заблытаўся.І тады ён бы застаўся ў гісторыі,як прынцыповы рэвалюцыянер.Ды не,не дарос..Сумная гісторыя,калі спачатку нядрэнныя людзі становяцца тэрарыcтамі,катамі.забойцамі…Cудзячы па ўсяму,гэты чалавек і сапраўды мог прынесьці шмат карыснага сваёй Бацькаўшчыне-Аргенціне,як доктар-якая на той час, пры Пероне, была моцнай і дынамічнай дзяржавай.А потым левакі пачалі раскачваць,каб пакончыць з “нацыяналістычна-буржуазным застоем”…
Divide et impera. Сучасны варыянт – на “левых” і “правых”. Не стамляюся дзівіцца як здавалася б разумныя людзі не стамляюцца ліць ваду на гэты млын …