nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

РУСКІЯ і МАСКАЛІ (частка 1)

13 лістапада, 2013 | Няма каментараў

Сяргей Высоцкі

Высоцкі 1

 

Запрашэньне на  1-ы Зьезд cлавянаў Стаўрапольля сталася для мяне досыць нечаканым і цікавым адначасна. Урэшце, ніхто з беларускіх апазіцыянераў ніколі ня меў справаў з рускімі нацыяналістамі, за выключэньнем мясцовых шавінюжак… Ідэйнае несупадзеньне, я думаю, і проста чалавечы страх не дазволілі нашым апазіцыянерам паглядзець непасрэдна на новую расейскую зьяву…

 

А, між іншым, зьява досыць дынамічная. Сотні прадстаўнікоў руху па турмах, пастаянныя акцыі, відавочнае дамінаваньне ў апазіцыйных акцыях у Маскве ды ў рэгіёнах…

Можна прыгадаць сумную гісторыю кантактаў зь вядомым расейскім лібералам А.Навальным, якая скончылася для беларусаў досыць плачэўна… Узгаданы палітык выкрыў сябе як чарговы імперыяліста, які да таго ж па-жлобску спрабуе зьдзекавацца зь беларускай мовы…  “Новае аблічча расейскай дэмакратыі” прадэманстравала стары імперскі ашчэр.

Досьвед папярэдніх кантактаў з рускімі нацыяналістамі не пакінуў і ў мяне аніякага пазітыву. Уся іхная рыторыка “за вялікую Расею”, імперскія, хамскія вялікадзяржаўніцкія выхадкі – гэта сфармаваны імідж рускіх нацыяналістаў (насамрэч тыповых “імперастаў”, якія маюць агульнага з нацыяналізмам – як я з балетам).

А для мяне – беларускага патрыёта, прадстаўніка Народна-Патрыятычных беларускіх сіл, да таго ж чыннага арганізатара барацьбы з вулічным расейскім фашызмам РНЕ ды скін-хэдамі (дарэчы, я не хаваў гэтага факту ў размовах з рускімі нацыяналістамі) – такая паездка была ўдвая складанай…

Але жыцьцё многае мяняе… Хвала Госпаду, Беларусь ужо 20 гадоў як-ніяк незалежная дзяржава. Разважаючы пра будучыню беларускага народу, нашыя геапалітычныя расклады, хочаш-ня-хочаш, а мусіш улічваць расейскі чыньнік, разьбірацца, што ж адбываецца за нашай усходняй мяжой. Да слова, мяжой, якую цяперашні рэжым нават не ахоўвае…

Перад паездкай параіўся з сябрамі ў Беларусі і ва Ўкраіне. Некаторыя адгаворвалі ад эксьпедыцыі, кажучы, што “ФСБ ды розная імперская шлабудзень выкарыстае гэты факт для сябе, а цябе яшчэ і пастараюцца дыскрэдытаваць…”.  У тым, што будуць дыскрэдытаваць і ўсё перакручваць, у мяне аніякіх ілюзій не было. Але мяне ўжо і так усе “дабразычліўцы” “палівалі ды паліваюць”, што баяцца чарговай порцыі бруду ды хлусьні не выпадае…

А тут яшчэ прыйшла інфармацыя пра беларусаў, якіх захапілі ў рабства. На паўночным  Каўказе рускія нацыяналісты заваявалі папулярнасьць процідзеяньнем гэтай бядзе…

У сваёй палітычнай дзейнасьці заўжды пасьлядоўна адстойваю дзеяньне перад тэарэтычнымі абстракцыямі… Мне падабаецца менавіта такая шляхецка-літвінская плыня ў беларускай культуры. Дзеяньне перад балбытнёй… Каб скласьці ўражаньне пра зьяву – трэба на свае вочы паглядзець, што гэта такое…

Напярэдадні Зьезду ў інтэрнэце пісьменна распальваўся скандал. Усплыла датычнасьць да форуму Дзьмітро Карчынскага, які мае ва Ўкраіне спрэчную папулярнасьць ды розныя характарыстыкі… У рэжыме жорсткай палітычнай барацьбы ўсплыла і тэма нейкай арганізацыі “Саборная Україна”, ды УНСО. УНСО ў Расеі – гэта абсалютны жупел ды зьбіральны вобраз страшэзнага ворага.

Аднаго з арганізатараў Зьезду, Дзьмітрыя Чарнова – ідэолага ды прыхільніка ідэі  стварэньня незалежнай Рускай Казацкай рэспублікі на поўдні сучаснай Расеі – “скланялі” так, што “вушы ў трубачку скручваліся” (Чарноў адсядзеў у расейскіх турмах амаль 4 гады). Напярэдадні Зьезду яго абвінавацілі  ў сувязі з “Саборнай Украінай”, УНСО, а паралельна – у кантактах з актывістамі гей-руху, ды нейкай (ці нейкім) “Машай Бэст”, раней істотай мужчынскага полу…

Таксама запрашаліся на Зьезд дэпутаты Украінскай Рады правага кірунку…

Да мяне ўжо раней даходзілі чуткі пра неімперскі рух сярод рускіх нацыяналістаў. Раз-пораз усплывалі нейкія публікацыі з Расеі пра “патрэбу збаўленьня ад каўказскіх рэспублік”, перагляд імперскага мінулага, стварэньне з цяперашняй Расеі канфедэрацыі рускіх дзяржаў… Але, што гэта за плыня, ці мае яна распаўсюд у грамадстве – я ня меў аніякай інфармацыі…

Тэма рускага нацыяналізму настолькі шырокая, а нагруваджваньне розных  паняцьцяў тут такое, што нават складана рабіць аналіз… Тут пытаньні этнагенэзу сучасных рускіх, крызіс сучаснага “расіянства” ды роля рускіх ў расейскай дзяржаўнасьці, пастаянная блытаніна між імперскімі ды нацыяналістычнымі канцэпцыямі (для рускіх – гэта жахлівая праблема і цяпер), купа этнічных праблемаў…

Можна сцьвярджаць, што наменклатурна-ліберальны праект Ельцына-Чубайса цяпер у Расеі церпіць фіяска. Атрымаўшы нябачную дагэтуль бытавую свабоду, расейцы атрымалі магутную псіхалагічную траўму. Акром сацыяльна-эканамічных праблемаў ды росту этнічнай напружанасьці – боль імперскай сьвядомасьці зьядае знутры душы многіх рускіх (найбольш старэйшых людзей). 

Цяпер фактычна наноў рускім даводзіцца перафармоўваць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць, свае этнічныя межы, сваё месца ў сьвеце…

Не на пустым месцы загучалі галасы пра стварэньне Ўральскай рэспублікі, Дальняўсходняй рэспублікі, Сібірскай рэспублікі, адасабленьне Калінінградскай вобласьці, стварэньне Казацкай рэспублікі. То бок, цяпер такія крамольныя тэмы ўсё часьцей абмяркоўваюцца ў розных інтэлектуальных цэнтрах.

Яшчэ колькі гадоў таму было ўвогуле цяжка сабе ўявіць, што рускі нацыяналізм эвалюцыянуе да антыўладавага пратэсту. Але гэта здарылася. Аднак ці здатны ён да дэмакратычнай эвалюцыі – застаецца пытаньнем…

Імперыя раманавых і Савецкі Саюз выкарыстоўвалі рускі нацыяналізм (зрабіўшы з яго складнік маскоўскага імперыялізму) для падтрыманьня імперскай дзяржаўнасьці. Канцэпт нацыі, як антыімперскі, быў і зараз даецца рускім вельмі складана, але ўсё ж патроху пачынае прымацца …

Сёньня ў сувязі з абвастрэньнем этнічных пытаньняў імперыялізм паціху пачаў выціскацца з нацыяналістычнага дыскурсу. “Хопіць карміць Каўказ”, – покліч, які мае ў Расеі вялізную папулярнасьць. Антыкаўказская рыторыка зьяўляецца дамінуючай, хоць дастаецца, вядома, і “жыдам, якія заселі ў Крамлі”.

Ключавая супярэчнасьць між жорсткім і тыранічным маскоўскім імперыялізмам ды зьяўленьнем  класічнага нацыяналізму большасьцю яшчэ не ўсьведамляецца.Традыцыйны разрыў між гэтымі паняцьцямі ў Расеі яшчэ не адбыўся… Падаецца, многія актывісты руху яшчэ не разумеюць значэньне гэтага разрыву для будучыні рускіх нацыяналістаў ды іхнага самавызначэньня…   

Высоцкі 1аУ цягніку Менск – Мінеральныя Воды маёй суседкай у купэ сталася беларуска Марыя Сьцяпанаўна, родам з Магілёўскай вобласьці, якая яшчэ ў маладосьці патрапіла на працу ў Карачаева-Чаркесію. Распавядала ўсю дарогу пра сваё жыцьцё, няпростыя зносіны з каўказцамі: “Цяпер рускім даводзіцца досыць цяжка. Але мяне паважаюць, бо яшчэ за савецкім часам працавала ў выканкаме, многім дапамагла, а каўказцы добра памятаюць і дабро, і зло. Часам цягне ў Беларусь, успаміны маладосьці, езьдзіла да брата. Але пасьля таго, што пабачыла, вырашыла застацца на Каўказе. Гэта ўжо іншая Беларусь. Заўважыла шмат грубасьці, нават хамства, быццам я ў якім расейскім рэгіёне. Вы не ўяўляеце напэўна, якія былі беларусы пасьля вайны – гасьцінны, вельмі культурны, далікатны народ. Людзі зь іншых куткоў Саюзу прыязджалі наўпрост пагаманіць зь беларусамі. Лічылася, што беларусы – гэта чысьціня, культура… Растлумачце мне, дзе падзелася беларуская мова. Я вось наменклатурніца, але размаўляла па-беларуску. Усе надпісы былі па-беларуску, людзі на вуліцы размаўлялі па-беларуску паўсюль – і ў Менску, і ў Гомелі. Беларусь жа незалежная краіна?.. ВЫ ШТО З КРАІНАЙ ЗРАБІЛІ ?!.” 

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы