Рэдакцыя.
З нагоды рэзкай актывізацыі палітычнай барацьбы ўнутры і вакол Украіны з-за нечаканай адмовы Віктара Януковіча падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі Ўкраіны зь Еўразьвязам, зноў стварылася сітуацыя “крука ў лесе”, калі многія суб’екты палітычнага жыцьця вымушаны адкрыта дэманстраваць свае сапраўдныя погляды. Значыць, у нас, як рэсурса ідэалагічнага, настаў час “збору ўраджаю”. Вядома, мы сочым і за палітычнымі падзеямі ва Ўкраіне, але канкураваць з тэлеканаламі й сайтамі, якія сьпецыялізуюцца на навінах, аб’ектыўна ня ў стане – у нас абсалютна розныя вагавыя катэгорыі. Затое сачыць за сьветаглядамі людзей, вылічваць грамадскі значныя мэты розных сацыяльных груп, іх ідэалагічныя прынцыпы – гэта тыя задачы, якія, будучы рэальнымі для нас, для большасьці іншых рэсурсаў зьяўляюцца непад’ёмнымі. Прычына простая – практычна ўсе моцныя рэсурсы, уключна з сеціўнымі, заангажаваныя тымі ці іншымі сіламі. Перад імі пастаўлена задача прапагандаваць праплачаныя іх гаспадарамі ідэалогіі, а не шукаць ісьціну. Для апошняга трэба быць свабоднымі людзьмі. І тут высьвятляецца, што свабода, сумленьне – занадта дарагія рэчы, каб яны былі даступны многім…
Стаўленьне да чарговай спробы Ўкраіны вырвацца з расейскага імперскага хамута (і галоўнае, абгрунтаваньне гэтага стаўленьня!) стварае сітуацыю “моманту ісьціны”. Тут шмат што можна прасьвятліць і зафіксаваць на фоне дзяжурных заяваў пра “вечную дружбу паміж брацкімі народамі”. Асаблівую цікавасьць пры гэтым уяўляюць розныя суб’екты з палітычнага поля цяперашняй расейскай імперыі. Бо, па-першае, менавіта адтуль мы найчасьцей чуем словы і пра “брацкія народы”, і пра “вечную дружбу” (вось цяпер гэта ўсё і праверым “на зуб”…). А, па-другое, сапраўдны палітычны менталітэт тамтэйшых суб’ектаў цікавы сёньня ня толькі для ўкраінцаў, а і для нас – беларусаў-літвінаў.
У першым матэрыяле, які ідзе ніжэй, выкрытыя прынцыпы стаўленьня да свабоды ўкраінскага народу з боку расейскай імперскай бюракратыі. Вядома, што чалавекам, які ў найбольшай ступені мае права прэзентаваць гэтыя прынцыпы, зьяўляецца цяперашні прэзідэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Таму зьвернем увагу на яго (матэрыял узяты адсюль: http://www.svaboda.org/content/article/25095023.html).
04.09.2013 г., напярэдадні саміту Групы 20-і ў Санкт-Пецярбургу, Пуцін даў інтэрвю расейскаму Першаму каналу і агенцтву Associated Press. У ім ён заявіў, што Расея з павагай паставіцца да рашэньня Ўкраіны заключыць пагадненьне аб зоне свабоднага гандлю з Еўразьвязам [так мы і паверылі. – Рэд.], але будзе вымушаная прыняць меры па абароне ўласных эканамічных інтарэсаў [вось і ўсё – секунды не прайшло, як зьявілася найславутае “але”… – Рэд.].
«Ну, паглядзім, якім будзе выбар украінскага кіраўніцтва. Да любога, які б выбар ні быў зроблены, мы паставімся з павагай і, безумоўна, будзем працягваць працаваць. Але пытаньне проста толькі ў тым, як будзем працаваць, што мы павінны будзем распачаць для абароны сваіх уласных інтарэсаў. Ну, будзе відаць», — сказаў Пуцін.
Кіеў разьлічваў падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з ЕЗ у лістападзе [інтэрвю Пуціна было яшчэ ў верасьні г.г. – Рэд.]. Пуцін адзначыў, што заключэньне Кіевам такога пагадненьня можа прывесьці да выцісканьня ўкраінскіх тавараў як на расейскі рынак, так і на рынак Мытнага саюзу:
«Калі абнуляюцца пошліны, зьяўляецца тавар замежнай вытворчасьці на ўкраінскім рынку, а свае ж прадпрыемствы працуюць, куды свой тавар падзець? У нас ёсьць асьцярога, што ён будзе выціскацца на наш рынак, на рынак Мытнага саюзу, на рынак Расеі , Казахстана і Беларусі. Але мы так не дамаўляліся, гэта будзе ствараць праблемы для нашай эканомікі», — сказаў Пуцін.
«Вы ведаеце, што б ні адбывалася, і куды б Украіна ні ішла, мы ўсё адно калісьці і дзесьці сустрэнемся. Чаму? Таму што мы — адзін народ. І як бы на тое, што я зараз сказаў, не злаваліся нацыяналісты з абодвух бакоў – а нацыяналісты ёсьць і ў нас, і на Ўкраіне – на самай справе яно так і ёсьць», — заявіў Пуцін.
Далей у сваім прасторным камэнтары на гістарычную тэматыку Пуцін узгадаў пра «агульныя гістарычныя карані і агульныя лёсы, агульную рэлігію» ды іншае. Пуцін адзначыў, што ў гады Першай сусьветнай вайны і наступных рэвалюцыйных падзеях «і белы рух, і чырвоны біліся між сабой на сьмерць, мільёны людзей загінулі падчас грамадзянскай вайны, але ніколі не ўздымалася пытаньне аб аддзяленьні Ўкраіны». «І чырвоныя, і белыя зыходзілі з цэласнасьці Расейскай дзяржавы [імпэрыі. – Рэд.]», — сказаў ён.
(каней цытаваньня матэрыяла радыё “Свабода”)
–
Такім чынам, тут Пуцін, як палітык, фармальна кажа пра павагу да выбару ўкраінскага народу, але тут жа высьвятляецца, што гэта ўсяго толькі словы. Бо на справе ў наступным жа сказе ён (а гэта значыць – уся расейская імперыякратыя) заяўляе, што расейцы “вымушаныя” будуць “бараніць свае ўласныя эканамічныя інтарэсы” і “эканамічныя інтарэсы краін Мытнага зьвязу”… У перакладзе з птушынай мовы палітыкаў на нармальную людскую мову гэта азначае, што расейская імперыякратыя будзе імкнуцца стварыць украінцам сур’ёзныя эканамічныя праблемы, калі яны адважацца ўступіць у больш шчыльныя стасункі зь Еўразьвязам.
Чым жа абгрунтоўвае адкрыты імперыяліст Пуцін свой шантаж у дачыненьні да народу чужой яму краіны. Аказваецца, тым, што:
– рускія і ўкраінцы – “адзін народ”,
– што ў іх “агульныя гістарычнае карані, агульныя лёсы, агульная рэлігія”;
– што ні “белыя”, ні “чырвоныя” “ніколі не ўзьнімалі пытаньня аб аддзяленьні Ўкраіны, а зыходзілі з цэласнасьці Расейскай імперыі” [такім чынам, цяпер можна лічыць афіцыйна прызнаным, што “і белыя, і чырвоныя” былі імперыялістамі. – Рэд.],
– што, “куды б Украіна ні ішла, яна ўсё адно калісьці сустрэнецца з Расеяй”,
– што думаць інакш могуць толькі нацыяналісты, якія “ёсьць з абодвух бакоў”.
У прынцыпе, уся гэтая імперская прапагандысцкая лабуда, публічна агалошаная Пуціным, даўно вядомая ўсім і кожнаму. Быў расейскі імперыялізм царскі, быў расейскі імперыялізм бальшавіцка-сіянісцкі, цяпер вось расейскі імперыялізм псеўда-дэмакратычны – пуцінскі. Увесь час, пакуль будзе існаваць расейская імперыя, яе ўласьцівасьцю будзе… расейскі імперыялізм. Гэта прынцып структурна-функцыянальнага адзінства, даўно вядомы ў фізіцы, біялогіі, медыцыне, тэхніцы… Ён азначае, што калі існуе нейкі аб’ект, існуюць і яго ўласьцівасьці (як і наадварот – нейкія ўласьцівасьці будуць толькі пры наяўнасьці адпаведнага аб’екта). І ёсьць толькі адно, што можа забясьпечыць адыход ад гэтага – паломка, разбурэньне ці зьнікненьне аб’екта.
Для нас у выступе Пуціна найбольш цікавай была спасылка на апазіцыйных рускіх нацыяналістаў. Маўляў, яны супраць расейскага імперыялізму, супраць прызнаньня рускіх і ўкраінцаў адзіным народам. Гэта пярэчыла нашым ведам пра сучасны расейскі “нацыяналізм”. Падумалася, а мо, мы нешта ўпусьцілі? Таму мы пашукалі ў нашым архіве сьвежыя матэрыялы, зь якіх бачна, як інтэрпрэтуюць сучасныя падзеі ва Ўкраіне тыповыя расейскія “нацыяналісты”.
Падаем іх ніжэй.
=
Возьмем, напрыклад, артыкул Ігара Арцёмава пад назвай “Як улады РФ зьнішчаюць славянскае адзінства” (узяты адсюль: http://via-midgard.info/index.php?newsid=31412; карыкатура таксама адтуль).
Вось тэкст:
“Паведамленьне расейскіх СМІ, што ўлады РФ маюць намер «выслаць на радзіму, забараніўшы на тры гады ўезд на сваю тэрыторыю, 700 тысяч украінскіх грамадзян», балюча ўдарыла па нервах, але ня стала нечаканасьцю.
Яшчэ ў самым пачатку 1990-х, калі ў Расеі рознага роду телевешчунамі пачало навязвацца астатняму насельніцтву нейкае пагардлівае стаўленьне да «хахлоў», мне здавалася гэта справай вельмі небясьпечнай, якая можа мець фатальныя наступствы . Толькі дурань не разумее, што рускія і ўкраінцы – часткі аднаго цэлага, аднаго народу, які некалі падзяліўся. Але ідыётаў хапае і ў Расеі, і на Ўкраіне, дзе нянавісьць да «маскалёў» таксама штучна і часта пасьпяхова прапаведуецца і распаўсюджваецца.
Пры гэтым асабліва важна, што тыя, хто «зьверху» распаўсюджвае наскрозь фальшывыя і псеўданавуковыя ідэі аб «адрозьненьні ды нясхожасьці» рускіх і ўкраінцаў, самі выдатна разумеюць, што гэта ня так. Але яны цьвёрда ведаюць, што толькі падзяліўшы народ на штучныя фрагменты, яны змогуць зьнішчыць нашу цывілізацыю.
Кіраўнік ФМС РФ Рамаданаўскі растлумачыў, што маюцца на ўвазе тыя ўкраінцы, якія працуюць у РФ без дазволу на працу. Ну і што? Мы ўсе выдатна памятаем, што ў пачатку 1990-х у Расеі працавала сапраўды шмат украінцаў і малдаван. Цяпер іх стала на некалькі парадкаў менш. Украінцы і малдаване зьехалі працаваць у Еўропу, затое на іх месца ў Расію прыйшлі таджыкі, узьбекі й кітайцы. Гэта жудасна і агідна. Вядома, дрэнна, што браты-славяне вымушаныя пакідаць свой дом у пошуках працы – але гэта віна не народу, а урадаў гэтых дзяржаў, якія, як і алігархі ў РФ, раскралі ды разбурылі сваю нацыянальную эканоміку.
Усё ж было б лепш ва ўсіх адносінах, калі б у Расеі працавалі роднасныя нам па культуры і духу славянскія і еўрапейскія прадстаўнікі, чым азіяцкія гастарбайтэры. Але азіятаў урад РФ не кранае, наадварот, даў ім права ня толькі жыць на тэрыторыі РФ, але і галасаваць на мясцовых выбарах. Гэта пры тым, што азіяцкія рабочыя заўсёды працуюць горш за ўкраінскіх.
Выснова простая. Калі РФ прадае Украіне газ істотна даражэй, чым Турцыі, улады Украіны выкарыстоўваюць гэты факт для распальваньня варожасьці зусім не да Пуціна, у якога Януковіч адкрыта ходзіць у прыслужніках, але да рускага народу і да Расеі як да дзяржавы.
У гэтых жа мэтах можа быць выкарыстаная і меркаваная масавая дэпартацыя украінцаў з Расеі”.
(канец тэкста Арцёмава”)
–
Яшчэ адзін артыкул. Павел Сьвяцянкоў: “Для дабрабыту славян Расеі ды Ўкраіне трэба сябраваць” (узяты адсюль: http://via-midgard.info/index.php?newsid=33057).
“Расейска-украінскі канфлікт працягваецца. Расейскія палітыкі пагражаюць ўвесьці візы з брацкай славянскай краінай. Зрэшты, міністар замежных спраў Лаўроў сцьвярджае, што візавага рэжыму ня будзе, а будзе толькі ўезд у Расію на падставе замежнага пашпарта. Паведамляецца, што расейскія памежнікі пачалі ўзводзіць загароды з калючага дроту на мяжы з Украінай. «Калючку» нацягваюць у раёне Луганскай вобласьці, якая мяжуе з расейскімі Белгародскай, Варонежскай і Растоўскай абласьцямі.
Нагадаем, што гнеў Масквы выклікае жаданьне Ўкраіны падпісаць Пагадненьне аб асацыяцыі зь Еўрапейскім зьвязам. Пасьля гэтага шанцы на ўдзел Украіны ў прарасейскіх інтэграцыйных праектах на постсавецкай прасторы становяцца мізэрнымі. Зразумела, што Брусель ня дасьць Кіеву ўступіць у Мытны зьвяз ці праектуемы Еўразійскі. Атрымліваецца, што калі Украіна «сыдзе» пад уладу ЕЗ, Расея пацерпіць найбуйнейшую геапалітычную паразу з 1991 года.
Не сакрэт, што распад Савецкага Саюзу быў выкліканы адмовай Украіны ўступіць у абноўлены Саюз суверэнных дзяржаў (ССГ). ССГ быў амаль гатовы, і засталося толькі падпісаць дамову, якая была ўжо апублікаваная ў друку. Аднак гэтага не адбылося: Украіна на рэферэндуме прагаласавала за незалежнасьць, пасьля чаго і адбылося падпісаньне знакамітага Белавежскага пагадненьня, якое адзначыла сабой канец існаваньня Савецкага Саюзу.
Геапалітычна СССР без Украіны быў бы перашаны ў бок Сярэдняй Азіі, чый уплыў рэзка ўзрос бы у складзе ССГ. А гэта, у сваю чаргу, азначала б маштабны крызіс, бо супярэчнасьці паміж мусульманскай і рускай часткамі ССГ былі б такімі, што непазьбежна прывялі б да хуткага распаду гэтага дзяржаўнага ўтварэньня.
Заходнія стратэгі меркавалі, што СССР распадзецца прыкладна да 2000-х гадоў, калі колькасьць мусульман у краіне дасягне прыкладна паловы і нельга будзе сфармаваць дзеяздольнае войска. Яны памыліліся: СССР распаўся раней і па іншых прычынах. Аднак геапалітычная сітуацыя часоў яго распаду дасёньня пануе над постсавецкай прасторай.
Расейскае кіраўніцтва гатовае ўводзіць візы з брацкай для рускага народу Ўкраінай. Аднак яно не гатовае з дапамогай калючага дроту заладзіць дзірку ў мяжы зь Сярэдняй Азіяй, праз якую ў нашу краіну штогод трапляюць мільёны мігрантаў. Гэтых мігрантаў прынята называць «незаконнымі». Аднак у рэчаіснасьці яны знаходзяцца на тэрыторыі Расеі ў поўнай адпаведнасьці з міжурадавым пагадненьнем, якое прадугледжвае ўстанаўленьне бязвізавага рэжыму з краінамі Сярэдняй Азіі – Узьбекістанам, Таджыкістанам і Кіргізіяй.
ВУП на душу насельніцтва ў Таджыкістане – 2000 даляраў [у год. – Рэд.]. А ў Расеі – у дзесяць разоў большы. Зразумела, куды паедуць людзі. «Рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек – дзе лепш». У выніку палова дарослага мужчынскага насельніцтва Таджыкістана знаходзіцца ў Расеі на заробках, што, натуральна, выклікае раздражненьне карэннага насельніцтва. Мігрантам мала плацяць, часьцяком ствараюць ім нялюдскія жыльлёвыя ўмовы. Нядзіўна, што яны лёгка ідуць у крымінал, становяцца ахвярамі радыкальных ісламскіх прапаведнікаў.
Між тым, зразумела, што калі ў Расеі і ёсьць якія-небудзь геапалітычныя персьпектывы, то толькі ў саюзе з Украінай. Разам з украінцамі ды беларусамі нас 200 мільёнаў чалавек і мы можам мець самастойную ролю і ў Еўропе, і ў сьвеце. Без Украіны, ды яшчэ з нагрузкай у выглядзе Сярэдняй Азіі (і Афганістана, які прыкладаецца да яе) Расея слабая і ўразьлівая. Геапалітыкі XIX стагоддзя называлі Сярэднюю Азію «мяккім падбрушшам» Расеі, намякаючы, што менавіта мяжа з гэтым рэгіёнам робіць нашу краіну асабліва ўразьлівай.
Разумная палітыка павінна быць супрацьлеглая цяперашняй. Трэба захаваць і паглыбіць бязьвізавы рэжым з Украінай, максімальна палегчыць яе жыхарам атрыманьне расейскага грамадзянства, усімі сіламі імкнуцца да ўключэньня Ўкраіны ў саюз з Расеяй.
А зь Сярэдняй Азіяй неабходны разумны візавы рэжым. Палёгка працы для тых мігрантаў, якіх мы ўсё ж прымаем. Калі ж гэтага ня будзе зроблена, Расея будзе непазьбежна сасьлізвацца да сітуацыі перманентных нацыянальных канфліктаў, усё больш азіятызавацца і губляць пазіцыі нават у Сярэдняй Азіі, дзе сваёй вар’яцкай візавай палітыкай яна спадзяецца замацавацца.
Цяпер у рэгіёне актыўна дзейнічае Кітай, і многія дзяржавы Сярэдняй Азіі пераарыентуюцца на яго. Узьбекістан разарваў усе саюзьніцкія повязі з Расеяй і выйшаў з прарасейскага ваеннага альянсу АДКБ. Палітыка прэзідэнта Карымава – праамерыканская і пракітайская. Расейскія ж улады захоўваюць бязьвізавы рэжым для Узьбекістана, што ў данай сітуацыі недарэчна і не адпавядае ніякай геапалітыцы.
Думаецца, што адстойваньне інтарэсаў рускага народу – лепшая геапалітыка. А значыць, да саюзу з Украінай трэба імкнуцца. І візам з Сярэдняй Азіяй – быць”.
(канец артыкула Сьвяцянкова)
=
Ад рэдакцыі:
Такім чынам, аказалася, што тыповыя рускія “нацыяналісты” – такія як Арцёмаў і Сьвяцянкоў – таксама, як і Пуцін, лічаць рускіх і ўкраінцаў “часткамі аднаго народу”, заяўляюць, што адрозьненьні ды нясхожасьць рускіх і ўкраінцаў – гэта ня больш чым “фальшывыя і псеўданавуковыя ідэі”.
Больш за тое, гэтыя тыповыя “рускія нацыяналісты” заяўляюць, што “трэба ўсімі сіламі імкнуцца да ўключэньня Ўкраіны ў саюз з Расеяй”, а для гэтага трэба “максімальна палегчыць жыхарам Ўкраіны атрыманьне расейскага грамадзянства”. Калі гэта ня будзе зроблена, патлумачылі яны, Расея будзе “слабай і ўразьлівай”, будзе “непазьбежна сасьлізгвацца да сітуацыі перманентных нацыянальных канфліктаў, усё больш азіятызавацца”, немагчыма будзе сфармаваць “дзеяздольнае войска”. Калі Ўкраіна сыдзе ў ЕЗ, Расея пацерпіць “найбуйнейшую геапалітычную паразу пасьля 1991 года”.
Такім чынам, па ключавых пытаньнях, адзначаных вышэй, паміж Пуціным і “рускімі нацыяналістамі” не аказалася ніякай розьніцы. Высьветлілася, што заяўляючы ў свой час адваротнае, Пуцін хлусіў!.. (вось табе і Пуцін…)
Дый бог зь ім, Пуціным. Чаму пазіцыі “рускіх нацыяналістаў”, апазіцыйных пуціншчыне, не адрозьніваюцца ад пазіцыі крытыкуемага імі Пуціна?
Адказ відавочны. І мы пра яго казалі ўжо шмат разоў: “рускія нацыяналісты” ў сваёй абсалютнай большасьці ніякімі нацыяналістамі не зьяўляюцца. Яны – тыповыя рускія імперыялісты-маскалі, толькі што з тонкім нацыяналістычна-шавіністычным флёрам. Усё, больш нічога…
Вось што ў чарговы раз дапамог высьветліць “крумкач”, пралятаючы над расейскім палітычным “балотам”…
Мы ведаем, што нас у Расеі чытаюць многія. Таму зьвяртаемся ў гэты раз да маскалёў:
– па-першае, вы заяўляеце, што нашым брацкім народам (сапраўды па нараджэньні брацкім) трэба сябраваць… А вы, маскалі, самі сябраваць умееце?! Вы маеце хаця б павярхоўнае ўяўленьне, што гэта такое?!;
– па-другое. Зьвяртаем вашу ўвагу яшчэ раз: нішто так не пагражае славянскаму адзінству (з усімі наступствамі для ўсіх нашых народаў, уключаючы пагібель усіх нас!), як ваш імперскі ідыятызм;
– трэцяе. Калі вас калі-небудзь зацікаваць, што такое нацыянальная і гістарычная справядлівасьць, што такое сапраўднае брацтва народаў, што азначае сябраваць ды іншыя важнейшыя рэчы ў дачыненьнях паміж народамі, зьвяртайцеся. Мы – беларусы-літвіны – яшчэ гатовыя вам тое-сёе паспрабаваць патлумачыць. А вось украінцы, відаць, ужо страцілі ўсялякую надзею. Таму і рвуцца ў гэтыя гнілыя еўразьвязы. Ад вас бягуць…
–
Усяго лепшага, сябры!
Яшчэ ў 80 гады мінулага ст. меня уразіла заувага аднаго, здаецца, польскага палітолага, – палякі думаюць, што рускіе такія ж як і палякі, толькі адстаўшые ў развіцці, а рускіе думаюць, што палякі такія ж як рускіе, іх трэба толькі крышечку русіфікаваць. Тады гэта апіралася на міт славянства. Цяпер рускіе адносна нас і украінцаў дабавілі міт агульнай рэлігіі -праваславья. Рускіе ніяк не здольные на раўнапраўные адносіны з іншымі – альбо вы падпародковаўцеся нам, альбо вы нашые ворагі. Як гэта высветлілася ў падзеях з Украінай!. Ці пачнуць яны распальваць ў Украіне грамадзянскую вайну? Наш шлях выратавання гэта шлях прыбалтаў, але каб пачаць яго, трэба вярнуцца да назвы літвіны.
Усё сказана правільна і справядліва, адкрыта і шчыра, з нашай літоўскай пазіцыі, а не маскалёўска-імперска-шавіністычна-акупацыйна-каланіяльна-захопніцкай! Падтрымліваю і дабраслаўляю! Здароўя і сілы-моцы дай вам Божа на ваш век, адкрытыя мужныя рыцары-спадары Астроўскі і Біч! І далей бічуйце зламысьнікаў падспудных і адстойвайце наш літоўскі нацыяналізм і патрыятызм! І гэтак жа пашырайце наш ліцьвінізм! Абараняйце нашу старажытную краіну і дзяржаву Вялікую Літву і яе цяперашніх насельнікаў Ліцьвінаў-беларусаў ад ўсялякіх прыблудаў і акупантаў!!! Ратуй, Божа, народ Твой літоўскі ад непрыяцыляў нашых! Пашлі нам — усім беларусам-ліцьвінам — адзінства, згоду і ўзаемапаразуменьне ў змаганьні з акупантамі!
айцец Леванід Акаловіч з Літоўскай (Беларускай) Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Літоўска-Наваградскай Мітраполіі, горад Нью Ёрк (ЗША)
А.Леанід, дзякуй вам за добрыя словы, за падтрымку.
Усяго і вам самага лепшага!
З усёй павагай…
Януковіч і Пуцін маюць аднолькавыя светапогляды: саўкова-крымінальныя. Ідэалагічна яны блізкія, а эўрапейская цывілізацыя для іх чужая. Трэба чакаць, што выбары ў 2015 г. на Украіне будуць па “ярмошынскаму” сцэнару. Міністр асветы Табачнік вядучы спец па этнацыду.
”… Савецкая цывілізацыя, як некалі Візантыйская, загінула. Засталіся народы, краіны, засталася постсавецкая прастора. Гэта цэлы кантынет! Кантынент-цывілізацыя!
Сёння на Зямлі існуе прыкладна шэсьць цывілізацый: англасаксонская, франка-нямецкая, лацінская, кітайская, індуская, араба-мусульманская. Нас такім чынам на свеце ўжо ў бліжэйшай будучыні не існуе! Няма ні рускіх, ні беларусаў-ліцвінаў, ні ўкраінцаў, ні грузінаў, ні казахаў, ні армян… Што дзіўна – кантынент яшчэ ёсьць, а цывілізацыі ўжо няма. Праз 10-30 год на гэтым кантыненце будуць гаспадарамі прадстаўнікі іншых цывілізацый, а вось нас не будзе. Нашы ўнукі ў лепшым выпадку будуць халуямі, а ўнучкі.…
— Вельмі змрочнае бачанне будычыні, – стрымана заўважыў госць.
— Галоўная хіба расейска-савецкага кантынента – адсутнасьць моцнай эліты, якая вылучыла б прыдатную для ўсіх выратавальную Ідэю. Ужо зразумела, што гэтую Ідэю не вылучыць расейская інтэлектуальная эліта, якая знаходзіцца цалкам у полі прыцяжэння і ўплыву англасаксонскай, кітайскай і заходнееўрапейскай цывілізацый, а таксама моцна засмечана імперскай ідэяй. Двацаць год церплівага чакання постсавецкай прасторы ад маскоўскай эліты нейкай прагматычнай і жыццяздольнай Ідэі — нарадзіла Мытны Саюз, нейкія туманныя перспектывы эканамічнага аб’яднання, але ўсё гэта не мае пад сабой ніякага цвёрдага падмурка — галоўнай Ідэі.
— А Ўкрайна?
— Україна вырашыла самастойна плысьці ў бурлівым акіяне сучаснасьці, ёй цяжка супрацьстаяць чужародным цывілізацыям, бо зараз пытанні нацыянальнай ідэнтычнасьці адыйшлі на другі, трэцці, пяты план, на першы выйшлі і выходзяць згуртаванні краін у цывілізацыі. Самастойна выплысьці немагчыма, трэба да некага далучацца. Да каго можа і павінна далучыцца Украіна? Да Заходняй Еўропы? Грэцыя ўжо на вушах, транснацыянальныя кампаніі напрасткі даводзяць грэкам – прадавайце выспы, санаторыі на Міжземным моры! Украіне ёсьць што прадаваць: чарназём, Крым, прыгожых жанчын…. ”. Імперскі сіндром.”