nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Ну, слушна ж…

9 красавіка, 2014 | Каментары (1)

 Рэзонна

 

 

У цяжкі для блізкага нам украінскага народу час хочацца хоць нечым яму дапамагчы. Гэтае пачуцьцё тым больш узмацняецца, калі дзень за днём бачыш, як новыя ўкраінскія ўлады губляюць патэнцыйныя магчымасьці, каб стрымаць усходняга нахабніка, даць яму ясны, адназначны адпор… Таму сёньня мы вырашылі выставіць тэкст, які падае, на наш погляд, цалкам слушныя парады ўкраінцам у іх сітуацыі.  Артыкул завецца “Супрацьстаяць Расеі: біць ворага яго ж зброяй” (узяты адсюль: http://espreso.tv/article/2014/04/08/protyvostoya_rossyy_byt_vraha_eho_oruzhyem).

Рэдакцыя

 

 

“У кантэксьце падзей на ўсходзе Ўкраіны. Аналітыка секцыі “Дэльта” гурта “Інфармацыйны Супраціў”.

Падзей, якія адбываюцца цяпер на Усходзе Ўкраіны, варта было чакаць. Аб адпаведнай іх падрыхтоўцы было вядома яшчэ два тыдні таму. Але экстраныя меры прынятыя не былі. На што спадзявалася ўкраінская ўлада? На вялікадушнасьць Пуціна?..

А ў гэты час спадары з Крамля яшчэ з канца мінулага года пачалі паступова дакручваць гайкі, якія заціскаюць рэшткі палітычнай свабоды на Расеі. Нашы родныя прарасейскія сепаратысты, як вядома, могуць сабе свабодна дазволіць рабіць ва Ўкраіне тое, за што ў самой Расеі іх хутка бы павязалі.

На гэтым фоне цынічныя і крывадушныя заявы МЗС РФ аб тым, што ўкраінская ўлада рыхтуецца неяк няправільна, сілавымі метадамі, душыць сепаратысцкую гадзіну, адкрыта папахваюць шызафрэніяй.

 

Супраць акцыяў пратэсту.

Аднак, вернемся на Расею. 28 сьнежня 2013 г. Пуцін падпісаў закон “Аб унясеньні зьмяненьняў у крымінальны кодэкс”, якім прадпісваецца ўнесьці зьмены ў арт.280.1 Крымінальнага кодэксу РФ “Публічныя заклікі да ажыцьцяўленьня дзеяньняў, накіраваных на парушэньне тэрытарыяльнай цэласьці РФ”. У прыватнасьці, прадугледжваецца пазбаўляць свабоды грамадзян РФ за падобныя дзеяньні на тэрмін да трох гадоў. У выпадку выкарыстаньня СМІ – да 5 гадоў. Закон уступае ў сілу зь 9 траўня 2014 года.

Гэтага Пуціну падалося мала для забесьпячэньня свайго бестэрміновага валадараньня, таму дэпутаты зь Дзярждумы са студзеня 2014 года ў тэрміновым парадку пачалі рыхтаваць законапраект, згодна зь якім мяркуецца павелічэньне ў два разы мінімальных турэмных тэрмінаў за арганізацыю масавых беспарадкаў. Пры гэтым масавыя беспарадкі пуцінскія “сокалы” прыраўнялі да тэрарызму.

На сёньняшні дзень у РФ за арганізацыю масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці, ужываньнем зброі, прадугледжваецца пазбаўленьне волі на тэрмін ад 4 да 10 гадоў. Замест гэтага прапануецца зрабіць яшчэ больш жорсткім пакараньне – усталяваць тэрміны турэмнага зьняволення ад 8 да 15 гадоў.

Таксама прадугледжваецца крымінальная адказнасьць за праходжаньне асобага навучаньня ў мэтах арганізацыі масавых беспарадкаў альбо ўдзелу ў іх. За гэта будзе пагражаць пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў са штрафам у памеры да 500 тысяч рублёў [расейскіх].

Даткова 1 красавіка гэтага года дэпутаты фракцыі «Адзіная Расея» выступілі з прапановай зрабіць больш жорсткім пакараньне за сістэматычныя парушэньні на мітынгах. Заканадаўцы прапануюць на разгляд Дзярждумы такія папраўкі:

– за неаднаразовае – звыш за два разы на працягу 180 дзён – парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня сходу, мітынгу, дэманстрацыі, шэсьця або пікетаваньня дэпутаты прапануюць увесьці крымінальнае пакараньне (штраф ад 600 тыс. да 1 млн рублёў, абавязковыя працы на тэрмін да 480 гадзін, папраўчыя работы ад 1 да 2 гадоў альбо прымусовыя работы на тэрмін да 5 гадоў); максімальнае пакараньне, прадугледжанае артыкулам, – пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 гадоў;

– да 30 сутак пашыраецца тэрмін адміністрацыйнага арышту, які можа быць накладзены на арганізатараў і ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў за сістэматычнае і злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўнікаў праваахоўных органаў і сьпецслужбаў.

 

Здушыць Інтэрнэт

Каб грамадзяне РФ ня мелі магчымасьці ў сетцы Інтэрнэт крытыкаваць крамлёўскі рэжым за раскраданьне нафты і газу, пуцінскія “сокалы” падрыхтавалі, а 28 сьнежня 2013 г. Пуцін падпісаў закон «Аб унясеньні зьмяненьняў у Федэральны закон «Аб інфармацыі». Законам прадугледжваецца, што «Роскамнагляд» можа па запыце Генеральнай пракуратуры абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-сайтаў без рашэньня суда ў выпадку выяўленьня ў сетцы Інтэрнэт «інфармацыі, якая зьмяшчае заклікі да масавых беспарадкаў, ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці, удзелу ў масавых (публічных) мерапрыемствах, якія праводзяцца з парушэньнем устаноўленага парадку…». Таксама могуць падаваць скаргі на «экстрэмісцкія сайты» арганізацыі ды шараговыя грамадзяне РФ. Закон уступіў у сілу зь 1 лютага 2014 года.

 

Дапамагчы Расеі

У сувязі з вышэй пералічаным і, прымаючы пад увагу складаную палітычную сітуацыю ва Ўкраіне, секцыя «Дэльта» гурта «Інфармацыйны супраціў» настойліва рэкамендуе ўкраінскаму кіраўніцтву падтрымаць Расею ў яе барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам.

Зразумела, што прымаць антыдэмакратычныя меры ў стылі Крамля, накіраваныя супраць свайго народу і правоў чалавека, нармальная дзяржаву ня будзе. Але вось што тычыцца канкрэтна сепаратыстаў і падрыву падстаў  дзяржаўнасьці – чаму б і не?!

Так, прапануем у тэрміновым парадку ініцыяваць разгляд наступных заканадаўчых і арганізацыйных ініцыятыў, накіраваных супраць сепаратызму:

– зрабіць больш жорсткім крымінальнае пакараньне за заклікі да сепаратызму падчас масавых сходаў і праз СМІ;

– зрабіць больш жорсткім крымінальнае пакараньне за неаднаразовы ўдзел у масавых сходах, якія пагражаюць канстытуцыйнаму парадку і тэрытарыяльнай цэласьці дзяржавы;

– часова заблакаваць доступ да расейскіх інтэрнэт-рэсурсаў (у тым ліку да соцсетак «Вконтакте» і «Аднакласьнікі»), празь якія распаўсюджваюцца заклікі да незаконнай зьмены канстытуцыйнага парадку, зьмены тэрытарыяльнага ладу Ўкраіны, захопу дзяржустаноў і да т.п.;

– прадугледзець крымінальнае пакараньне за выкарыстаньне расейскай дзяржаўнай сімболікі падчас масавых сходаў;

– забараніць трансляцыю ва Ўкраіне ўсіх расейскіх інфармацыйных каналаў, якія засталіся;

– увесьці часовую забарону на прафесійную дзейнасьць для ўсіх расейскіх журналістаў на тэрыторыі Ўкраіны, бо яны фактычна вядуць інфармацыйную вайну супраць нашай краіны, незаконна прыкрываючыся пасьведчаньнем журналіста. Да журналісцкай дзейнасьці й свабоды слова такая прапагандысцкая праца ня мае ніякага дачыненьня;

– узмацніць ахову дзяржаўных устаноў у паўднёва-усходніх абласьцях Украіны. Ня трэба рэагаваць на правакацыі – іх неабходна своечасова выяўляць і спыняць;

– забясьпечыць трансляцыю па ўсіх інфармацыйных каналах матэрыялаў з затрыманьнем і допытамі прадстаўнікоў расейскіх дыверсійных груп; данесьці да сьвядомасьці грамадскасьці (у тым ліку і расейскай) веды пра турэмныя тэрміны, якія сьвецяць дыверсантам;

– усіх грамадзян Украіны, якія размахваюць расейскімі сьцягамі, калонамі адправіць на ўсходнюю мяжу і пад гімн Савецкага Саюзу перадаць расейскім памежнікам і работнікам Федэральнай міграцыйнай службы. Хай афармляюць ім расейскае грамадзянства і высылаюць на заваяваньне Камчаткі, Алтая, Сахаліна ды іншых выдатных і экзатычных месцаў. Бо 4 красавіка Дзярждума прыняла папраўкі да закона аб грамадзянстве РФ, якія спрашчаюць працэс яго атрыманьня для рускамоўных суайчыньнікаў – цяпер дастаткова ведаць толькі вялікарускую гаворку.

Думаецца, нават некаторыя з гэтых захадаў вельмі дапамаглі б Украіне рэзка зьнізіць пагрозу для свайго суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці”.

 

Каментары (1)

  1. Licvin кажа:

    ”Вмешательство в украинские события – это реакцыя политической элиты России на предреволюционную смуту в собственной стране.”
    І што дзіўна гэта было ўжо зразумела прыкладна ў сярэдзіне 90-х гадоў, калі аналіз прыводзіў да думкі, што алігархам прыдзецца, каб захаваць уладу і свае міліярды, звярнуцца да рускай нацыянальнай ідэі. І не проста рускай нацыянальнай ідэі, а дыктатуры рускай нацыянальнай ідэі, якая можа нават набыць нейкія прызнакі фашызма.
    Напэўна галоўная супярэчнасьць між Захадам і Расіяй, як раз у тым, што Захад, каб развівацца, расці і рухацца ўперад вымушаны карыстацца інтэграцыяй, дэнацыяналізацыяй, інтэрнацыянальнай глабалізацыяй; а вось Расія і ўся расейская алігархія, каб захавацца — вымушана ўсталяваць дыктатуру рускай нацыянальнай ідэі!
    Таму хочам мы, беларусы ці не хочам, а ў хуткім часе вымушаны будзем узрушана і радасна крычаць ”Віват Расія!” ( Інакш не атрымае сваю скарынку ці нават пайку, датаго ж у перспектыве магчыма будзе створаны новы ”Беламорканал” для перавыхавання нязгодных)
    Дарэчы Вячаслаў Кебіч у сваёй кніжцы ”Спакуса Уладай” прывёў словы прыбалтыйскіх летувіскіх палітыкаў, якія казалі яму, што ў Савецкім Саюзе яны мелі больш суверынітэту, чым у цяпер у Еўразвязе…!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы