nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Як сёньня правільна размаўляць зь сябрамі-знаёмымі з Расеі

21 красавіка, 2014 | Няма каментараў

ВатнікТэкст, які мы падаем ніжэй, зьяўляецца вынікам размовы журналіста Інгі Лаўрыненкі з псіхолагам Алегам Хамяком. Ён прысьвечаны найактуальным сёньня праблемам: Чаму ў абсалютнай большасьці расейцаў цяпер “зьехаў дах”? (яны нават вельмі прыстойных людзей ва Ўкраіне ўпарта абзываюць “фашыстамі-бандэраўцамі”; ёсьць й іншыя сімптомы псіхічнай ненармальнасьці – гл. карыкатуру зьлева, дзе прысутнічае ўмоўны расейскі “ватнік”). Па якой тэхналогіі адбываецца іх замбаваньне Крамлём? Як у гэтай сітуацыі павінны паводзіць сябе нармальныя людзі, якія маюць такіх замбаваных сяброў, сваякоў, калегаў, партнэраў у Расеі? Тлумачэньні пана Хамяка мы ўзялі адсюль (http://sokrytoe.net/15196-kak-pravilno-obschatsya-s-druzyami-i-rodstvennikami-iz-rossii.html). Але мусім папярэдзіць: эксьперт – прыхільнік ідэалогіі ліберастызму. Таму многія выказваньні, якія выкрываюць яго палітычны сьветагляд, мы мусілі дэзавуяваць… Дарэчы, тэкст карысны і для размоў з жыхарамі ў Беларусі, якія, дзякуючы Лу-ку, знаходзяцца пад істотным уплывам расейскіх СМІ.   

Рэдакцыя.

 

 

“У той складанай сітуацыі, у якой мы цяпер знаходзімся, у нас зьявілася нечаканая для многіх праблема ў зносінах са сваякамі, калегамі, сябрамі, безнэс-партнэрамі з Расеі. Чаму быццам нармальныя, адэкватныя людзі пачалі паводзіць сябе, як вар’яты? І як на гэта рэагаваць?

Раней, маючы зносіны з расейцамі, мы маглі нешта абмяркоўваць, спрачацца, даказваць, дамаўляцца. Была нармальная камунікацыя. Цяпер жа мы бачым, што нас проста ня чуюць. У адказ на любыя нашы довады ідзе нейкі тэкст, які складаецца з набору штампаў, прычым, мы разумеем, што гэты пасыл – відавочная няпраўда, хлусьня. Мы абмяркоўваем становішча спраў не ў Расеі, а ва Ўкраіне, але пры гэтым расейцы займаюць такую ​​пазіцыю, быццам лепш за нас ведаюць, што ў нас тут адбываецца.

Чаму раптам з рацыянальным, дарослым і, здавалася б, разумным чалавекам стала немагчыма размаўляць?

Тут дарэчна было б расказаць аб такім механізме як замбаваньне ці масавая апрацоўка сьвядомасьці.

Важна памятаць, што СМІ ў Расеі ўжо шмат гадоў знаходзяцца пад поўным кантролем расейскіх уладаў, і яны транслююць створаную ўладамі адзіную кіраваную ідэалогію. Ёсьць, вядома, і апазіцыйныя СМІ, але іх прэсуюць, і чым далей, тым менш іх становіцца чутна. Хутка там паўстане адзіная ідэалагічная прастора. У Расеі адроджаная і адноўленая савецкая сістэма прапаганды ў самых жудасных яе формах. Гэтая прапагандысцкая машына вельмі падобная на тую, якая была ў гітлераўскай Нямеччыне, але пакуль да яе не дацягвае. Тым ня менш, сістэма СМІ ў Расеі “працуе” вельмі магутна і вынікова [у Расеі, як і ў Беларусі, ужо даўно СМІ няма; ёсьць СМДІ – сродкі масавай дэзынфармацыі й маніпуляцыі. – Рэд.].

Якім чынам адбываецца замбаваньне?

У кожнага чалавека ёсьць асабістае сьвядомае і падсьвядомае, апошняе – нашы ўласныя эмоцыі, пачуцьці, стаўленьне. Але ёсьць яшчэ і калектыўнае несьвядомае, пра якоеі казаў Карл-Густаў Юнг [па-нашаму гэта пласт псіхікі, які мы завем псеўда-рацыянальнай (масавай) сьвядомасьцю; гл. папярэдні матэрыял. – Рэд.]. Яно мае на ўвазе набор аднолькавых стэрэатыпаў мысьленьня ў розных людзей, злучаных у адну сістэму. Якія вобразы ўзьнікаюць у галаве ў чалавека, які вырас у СССР? Напрыклад, у мяне, пры слове «фашызм»? Першае, што ўзьнікае ў маёй галаве – гэта плакат часоў вайны, на якім савецкі салдат пратыкае штыком фашыста. Другое – спаленыя гарады і вёскі. Далей – фашысты з закасанымі рукавамі трымаюць у руках шмайсеры. Яшчэ – песьня «Уставай, краіна вялікая!» Гэтыя карцінкі ўтрымліваюць наймацнейшы эмацыйны зарад – тут і страх, і нянавісьць, і гнеў, і пагарда і яшчэ шмат чаго.

Калектыўнае несьвядомае ўтрымлівае вобразысумесь зь візуальных малюнкаў, пачуцьцяў, перажываньняў, пахаў, гукаў… Прычым, цалкам неабавязкова, каб гэтыя вобразы адпавядалі рэчаіснасьці. Напрыклад, у Расеі цалкам пасьпяхова працуе такі вобраз як «сусветная закуліса», які па форме сваёй абсурдны, хоць пры гэтым намякае на нешта канкрэтнае [напрыклад, галоўны герой папярэдняга нашага матэрыяла, спадар Овертан, сваёй навуковай дзейнасьцю ў сьферы соцыя-псіхалогіі, а таксама сваім страчаным жыцьцём даказаў, што г.зв. “глабальная закуліса” ня толькі існуе, а і паказаў, як яна дасягае сваіх злачынных мэт і што гэта за мэты; а аўтар данага матэрыяла, пан Хамяк, які таксама лічыць сябе адмыслоўцам у соцыя-псіхалогіі, узгадкі пра сусьветную закулісу называе абсурднымі; у чым тут прычына? Яна відавочная: Хамяк атрымлівае гранты з “Захаду” і за іх прадае сваё сумленьне… – Рэд.].

Вобразы могуць быць адмыслова выдуманымі, ня зьвязанымі з рэчаіснасьцю, але пры гэтым быць сатканымі зь яе элементаў. Напрыклад, расеянам распавядаюць, што “ва Украіне ўладу захапілі бандэраўцы і фашысты”. Бяруцца міфічныя вобразы «фашыстаў», «бандэраўцаў» (якія таксама вельмі эмацыйна зараджаны вобраз, прычым, для Ўсходу і Захаду Ўкраіны гэты зарад дыяметральна супрацьлеглы) і злучаюцца з рэальным Кіевам, рускамоўнымі грамадзянамі, Майданам Незалежнасьці. Усё гэта мудрагелістым чынам зьмешваецца і стварае вобраз хаасу.

Так як мы належым да самых розных сістэмаў (родавай, прафесійнай, нацыянальнай, дзяржаўнай і г.д.), мы падключаемся да розных набораў вобразаў, якія захоўваюцца ў калектыўным несьвядомым гэтых сістэм. Як у фільме «Матрыца» – уваткнулі ў патыліцу перахаднік і чалавек бачыць тую карцінку сьвету, якую яму дыктуе суперкампутар. Такімі «портамі» злучэньня людскай псіхікі й уладнай сістэмы зьяўляюцца вобразы. З аднаго боку вобраза (з боку сістэмы) знаходзіцца візуальная карцінка або стэрэатып (той жа «фашыст», якога я, напрыклад, ніколі ў сваім жыцьці ня бачыў, як і пераважная колькасьць расейцаў), а з другога – нашы асабістыя эмоцыі (нянавісьць, гнеў, страх, жаданьне справядлівасьці й г.д.) [Адбываецца злучэньне аднаго з адным] і ўся асабістая энергія чалавека накіроўваецца на рэалізацыю гэтага сістэмнага вобразу. То бок, пачуцьці й фізічная сілы шмат каго з расейцаў цяпер пачынаюць актыўна накіроўвацца на барацьбу зь неіснуючым ва Ўкраіне “фашызмам”, хаця ў іх жыцьці ёсьць мноства сапраўдных праблем, зь якімі варта было б сапраўды пазмагацца…

Уключыўшыся ў сістэму (для большасьці людзей гэта адбываецца несьвядома і некантралюема), мы прымаем гэтыя вобразы, як свае, і суперажываем іх.

У дарослых расейцаў такіх гістарычна сфармаваных вобразаў дастаткова. Узяць хоць бы ідэалагічныя вобразы, створаныя ў савецкі час. Пры гэтым трэба разумець, што была рэальная вайна, зь яе жахамі й ахвярамі, і быў яе вобраз, створаны ў нашым калектыўным несьвядомым. Гэта – розныя рэчы. Але звычайны чалавек [чалавек масавы – “савок”. – Рэд.] не адрозьнівае вобраз прыдуманы і вобраз сапраўднай рэчаіснасьці, напрыклад таго, што ён назірае. Ён успрымае любы вобраз як праўду. Калі той не занадта фантастычны (хоць часам нават занадта фантастычныя вобразы прымаюцца за праўду; успомніце хрэстаматыйны прыклад, як радыёпастаноўка па кнізе Герберта Ўэлса «Вайна сьветаў» выклікала паніку сярод насельніцтва ЗША). Калі я, вы, яшчэ нехта пачне зараз пераканаўча распавядаць пра сустрэчу з чупакабрай, праз пэўны час гэты фантастычны зьвер перастане быць фантастычным ва ўспрыманьні слухачоў. Людзі не адрозьніваюць вобразы ў сваёй галаве, атрыманыя з уласнага досьведу, ад вобразаў, атрыманых з уладнай сістэмы

Просты прыклад. Усе мы ўпэўненыя, што ведаем, як выглядае Сонечная сістэма: пасярэдзіне Сонца, вакол якога круцяцца па сваіх арбітах планеты. Але хіба хто-небудзь з нас бачыў гэта на свае вочы? Мы бачылі карцінку з падручніка і прынялі яе на веру. Калі гэта прааналізаваць, то выявіцца, што ў нас няма іншага пацьверджаньня існаваньня Сонечнай сістэмы ў такім выглядзе, акрамя гэтай выявы з падручніка [справа ў тым, што кожны можа самастойна дасьледваць гэтае пытаньне і пераканацца, што ў школьных падурчніках напісаная праўда; а вось зь міфам так не атрымаецца, затое атрымаецца адваротнае – выкрыцьцё хлусьні; шкада, што пан Хамяк да гэтага не дайшоў… – Рэд.]. Значная частка нашых ведаў аб сьвеце – гэта такія карцінкі, якія не былі атрыманыя з уласнага жыцьцёвага досьведу.

Дзякуючы таму, што мы жывем на адной тэрыторыі, маем кантакты ў адной супольнасьці – а, значыць, далучаныя да адной агульнай сістэмы – мы «праглынаем» аднолькавыя або падобныя вобразы. І гэта дазваляе нам мець зносіны, як бы разумеючы адзін аднаго [апошняе для кантактаваньня -галоўнае. – Рэд.].

Калі казаць пра мысьленьне, то ня столькі чалавек думае, колькі чалавек думае праз уладную сістэму [тут фраза была істотна выпраўленая. – Рэд.]. Сістэма загрузіла ў нас нейкую колькасьць вобразаў і цяпер усё нашае асэнсаваньне рэчаіснасьці ідзе праз гэтыя вобразы. Гэта значыць, працэс мысьленьня – гэта не асабісты працэс, а сістэмны [больш правільна сказаць, ён ня толькі асабісты. – Рэд.].

Такім чынам, што ж адбылося ў Расеі?

Пуцін пачаў актывізаваць і актуалізаваць пэўны набор вобразаў: у першую чаргу вобраз фашызму (расейцы рэагуюць так, быццам фашызм стаіць ля іх межаў) і, вядома ж, ідэі савецкага гераізму. Тут дарэчы ўспомніць сьвята “Дзень Перамогі”. Гэтае сьвята, акрамя таго, што адлюстроўвае рэальны працэс – перамогу СССР над Нямеччынай, яшчэ мае магутную ідэалагічную нагрузку. Гэтае сьвята пакліканае штогод падтрымліваць настрой пераможцы…

Пасьля Перамогі прайшло 70 гадоў. За гэтыя гады было прайграна і страчана нямала. У т.л. была прайграная халодная вайна з Захадам (СССР абрынуўся, эканоміка Расеі цяпер – сыравінная). Але сьвята… працягваецца. І людзі працягваюць жыць з адчуваньнем перамогі. Сёньня ў Расеі ўжо ня столькі ўспамінаюць загінулых у гэтай страшнай вайне (што варта было б рабіць), а атрымліваюць асалоду ад шавіністычнага пачуцьця пераможцы. Гэты дзень можна было б зрабіць Днём памяці, Днём міру, пратэсту супраць войнаў, але ў сучаснай Расеі, якая на самой справе працягвае быць савецкай, гэтае сьвята працягвае функцыянаваць як спосаб ўзьняцьця гераізму [так у аўтара; гэта – другі яго буйны “пракол”; сьвята працягвае функцыянаваць, як спосаб падтрымкі  расейскага імперска-шавіністычнага духу, што выдатна паказвае сутнасьць сёньняшняй расейскай прапаганды супраць Украіны. – Рэд.].

Расейцы – імперская нацыя [ну, вось! – Рэд.], а ва ўсіх імперскіх нацый ёсьць постімперскі сіндром – перажываньне, мякка кажучы, суму-смутку аб страчанай велічы [гэтае “перажываньне” мы завем комплексам імперскай непаўнавартасьці. – Рэд.].  Адсюль і Дзень Перамогі, й іншыя сьвяты, зьвязаныя зь “веліччу Расеі й рускай зброі”. Калі на гэта перажываньне страчанай велічы [вось яна – болевая кропка; тут знаходзіцца педалька комплексу расейскай імперскай непаўнавартасьці. – Рэд.] маніпулятар накладвае некалькі моцна зараджаных вобразаў, напрыклад, таго ж фашызму, і паказвае, дзе менавіта знаходзіцца гэты “фашызм” (у дадзеным выпадку – ва Ўкраіне), то аўтаматычна ўся гэтая сіла эмоцый падымаецца і вялікая частка расейскага насельніцтва ірвецца ваяваць “з фашызмам ва Украіне”.

Але эмоцыі недастаткова падняць, іх трэба падтрымліваць. І пачынаецца апеляваньне да рускага адзінства (кідаюцца ілжывыя ідэі аб ўсялякім уціску рускіх і нават рускамоўных), да ідэй праваслаўя (супраць «бессаромных геяў Еўропы») [ну, яшчэ раз пераконваемся: Алег Хамяк – украінскі лібераст. – Рэд.]. У выніку мы маем фьюжн – ідэалогію [гэта не ідэалогія, а сістэма прапаганды. – Рэд.], якая злучае сімвалы-вобразы савецкага мінулага, расейскага імперскага мінулага, панславянізму і праваслаўя. Гэты дзіўны мікс падаецца пад выглядам канцэпцыі «духоўных скрэпаў». Хаця адзіныя скрэпы, якія ёсьць у Расеі – гэта нафта і газ. Усё астатняе – ідэалагічная надбудова, пакліканая надаць гэтаму ўсяму хоць нейкі сэнс.

І гэта зразумела, бо жыць у бессэнсоўным сьвеце – вельмі цяжка [пачуцьцё страты сэнсу жыцьця – адна з найвялікшых пакут чалавека. – Рэд.].

Трэба разумець, што людзі, падлучаныя да агульнай сістэмы вобразаў, перастаюць думаць. Яны пачынаюць проста рэагаваць, як на націск кнопкі. СМІ націскае кнопку – пайшлі эмоцыі, а працэсу мысьленьня няма. Таму, калі вы спрабуеце размаўляць з расейцам, вы выяўляеце магутныя эмоцыі, але логікі там няма. Нават, калі ў вас атрымаецца неверагоднымі намаганьнямі пераканаць чалавека ў чымсьці, нешта яму даказаць, вы са зьдзіўленьнем выявіце, што пры наступнай размове ён зноў аднавіў свой ​​пасыл, прычым, у той жа форме, што і да гэтага.

Чаму? Таму, што ён вяртаецца дадому, далучаецца да сістэмы – да тэлевізара, суседзяў ды калегаў пасьля тэлевізара і зноў загружаецца той жа інфармацыяй.

Як зразумець, што ваш суразмоўца замбаваны?

Ён рэагуе эмацыйна, выдае магутныя штампы (аднолькавыя ва ўсіх прадстаўнікоў адной сістэмы) і цалкам ня чуе вашых аргументаў. Чалавек не бярэ зьнешнюю інфармацыю, якая можа разбурыць вобраз, створаны ў яго ў галаве. Прыкмета моцнай ідэалогіі менавіта ў гэтым – у чалавека [аказваецца] ўбудаваны механізм абароны ад «непатрэбнай» інфармацыі. І чалавек трымаецца за гэты псіхічны механізм. Таму што, калі ён хоць на хвіліну адыдзе ад выдуманага вобразу і ўсьвядоміць, што ніякіх фашыстаў у Кіеве няма, ён будзе вымушаны прызнаць, што пачуцьцё нянавісьці, якое яго перапаўняла – гэта яго ўласнае пачуцьцё, што агрэсія, якую ён адчуваў – яго ўласная. Што патрэбу забіваць адчувае цяпер асабіста ён. І што яго краіна – ня вызваліцель, а акупант[акрамя таго, чалавеку давядзецца запярэчыць усяму асяроддзю, якое ён да таго лічыў сваім… – Рэд.]

Для любога нармальнага чалавека – гэта катастрафічнае перажываньне.

Таму, калі вы сутыкаецеся з такой зараджанасьцю, ведайце – нешта даказваць безвынікова. Хаця, можна і паспрабаваць – можа, ваш суразмоўца яшчэ захаваў зародкі крытычнага [рацыянальнага] мысьленьня. Прыкмета таго, што ваша спроба камунікацыі можа завяршыцца посьпехам – тое, што чалавек вас уважліва і зь цікавасьцю слухае, задае ўдакладняючыя пытаньні. Гэта сьведчыць аб тым, што ён здольны думаць, успрымаць інфармацыю. [У такіх абставінах] вы можаце вельмі асьцярожна, дазавана даваць яму гэтую інфармацыю, не зачапляючы, па меры магчымасьці, яго стэрэатыпы пра родную краіну. Шараговы расеец, які раптам усьведамляе, што яго краіна – агрэсар, а Пуцін – злодзей і хлус, губляе веру ў сваю краіну, свой ​​патрыятызм і замест уласнай велічы, непарыўна зьвязанай зь веліччу сваёй краіны, раптам пачынае адчуваць сваю мізэрнасьць[усьведамленьне апошняга – адзін з важнейшых элементаў комплексу імперскай непаўнавартасьці расейцаў, ад якога яны ўсяляк імкнуцца ўцячы (у т.л. у чарговую агрэсію); так ствараецца імперскае “чортава кола”. – Рэд.]

Але, што рабіць, калі замбаваны расеец, зь якім вы маеце зносіны, ваш сваяк, даўні сябар, калега?

Лепшае, што вы можаце зрабіць – гэта сысьці з тэмы калектыўных вобразаў і вывесьці размову на дарожку асабістых інтарэсаў. Спытаеце: як там дзеці, ці плацяць пенсію, што з заробкамі, ці скончыў ён рамонт. Можна павярнуць гутарку ў прафесійнае рэчышча. Вы ўбачыце, як чалавек у адно імгненьне стане такім, якім вы яго ведалі раней. Але варта вам закрануць нейкую геапалітычную тэму, як адбудзецца зваротны працэс. Зусім як у фільме «Матрыца», калі кожны мірны жыхар раптам ператвараецца ў агента Сміта. Згодна фільму, агент Сміт – гэта аўтаномны модуль, прызначаны падтрымліваць сістэму. Так і ў гэтым выпадку, з кожнага расейца пачынае выглядаць Дзьмітры Кісялёў. Зьнікае асоба, зьяўляецца сістэма. Вы ў нейкі момант пачынаеце размаўляць не з чалавекам, а з дынамікам Пуціна. Таму разьлічваць, што вам атрымаецца перамагчы, не даводзіцца. Сістэма па вызначэньні больш магутная за вас аднаго. Такіх дынамікаў у Расеі – сотня мільёнаў…

Варта таксама пераводзіць увагу суразмоўцы на тыя праблемы, якія ёсьць у Расеі – тэрарызм, крадзяжы, павальнае п’янства і г.д. Таксама можна спытаць суразмоўцы, чаму ў Расеі цяпер адбываецца ўздым неанацысцкіх настрояў, і як яны зьбіраюцца з усім гэтым змагацца. Гэта самы просты спосаб зьбіць напал.

Адзінае, што мы можам у данай сітуацыі – падтрымаць міжасабовы кантакт, прачуць мяжы, у якіх можна мець зносіны. Пры гэтым абавязкова трэба рабіць акцэнт на наступным: «Цяпер сітуацыя вельмі складаная, але мы ж нармальныя людзі й хочам міру. Таму давай проста спакойна на гэта глядзець. Усё будзе добра, і ў цябе, і ў мяне». Такі падыход можа захаваць нейкі баланс у адносінах.

Калі ж вы пачнеце выходзіць зь сябе, крычаць, зьбіваць суперніка словамі, вы, безумоўна, адчуеце сябе лепш (гэта добры спосаб самарэгуляцыі), але нічога ня будзеце мець, апрача ўзрослай у адказ агрэсіі ды нянавісьці. Калі вам дзеля самарэгуляцыі захочацца кагосьці са знаёмых расейцаў патроліць – трольце, калі адносіны вам не дарагія. Сёньня вы нічога ім не давядзеце…

Гэтая сістэма сэнсаў з часам абрынецца сама…

Прыміце як факт: уяўленьне-чаканьне, што ўсе людзі разумныя і зь імі можна дамовіцца – гэта ілюзія. Розум, вядома, у кожнага індывідуальны, але калі яго ўзяла ў карыстаньне ўладная сістэма, ён становіцца часткай гэтай сістэмы.

А зь ёй дамовіцца нельга…”.

 

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы