nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Фанабэрыя, пыха, цынізм, крывадушша, хлусьня, нахабства… (факт 1; невядомы аўтар на via-midgard.info)

23 красавіка, 2014 | 2 каментарыя

Фанабэрыя 1Можа стацца так, што праз пэўны час сітуацыя вакол Украіны так ці інакш разрадзіцца (гл. папярэдні матэрыял). А яшчэ праз пэўны час расейцы, якія заўсёды імкнуліся падаваць сябе культурнымі, інтэлігентнымі людзьмі, але якія сёньня так бязбашанна-агрэсіўна ўдзельнічаюць у цкаваньні ўкраінцаў, заявяць, што яны нічога падобнага не казалі, што ўпіканьне іх, напамін пра былы ўдзел у псіхічна-інфармацыйнай вайне расейскай імперыякратыі супраць украінскага народу – гэта гнюсны паклёп. У сувязі з гэтым мы адчуваем, што настае час зьбіраньня яшчэ аднаго віду “ўраджаю” – фактаў слоўнага, інфармацыйнага злачынства, зьдзейсьненых з боку расейскіх імперыялістаў. Сёньня мы вырашылі завесьці адпаведную рубрыку (“Фанабэрыя, пыха…”) і зафіксаваць ды выставіць на агульны агляд адзін з прыкладаў такога злачыннага выслоўліваньня. Артыкул мы знайшлі месяц таму на “галоўным сайце рускіх нацыяналістаў” (канкрэтна тут: http://via-midgard.info/news/zheleznyj-zhrebij-broshen-obrashhenie-k.htm).

Рэдакцыя.

 

 

 

“ЗВАРОТ ДА ПРЫХІЛЬНІКАЎ ЎКРАІНСКАЙ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ: ЖАЛЕЗНАЕ ЖЭРАБЯ КІНУТАЕ

 

Пацешна і сумна назіраць за кіданьнямі ўкраінцаў у сацыяльных й інфармацыйных сетках: то яны апелююць да “брацкага народу» і сяброўства народаў, то шлюць найапошнія праклёны, то заклікаюць усіх рускіх выходзіць на мітынгі, то абяцаюць слаць і слаць у Маскву труны з рускімі салдатамі.

Украінцы, зьяўляючыся народам паўднёвым, рамантычным, летуценна-далікатным, думаюць, што яшчэ нешта можна зьмяніць, не разумеючы, што, як сказаў адзін германскі канцлер ў падобных абставінах [гл. ілюстрацыю ў пачатку]:

Пачалася вялікая страшная гульня, «стаўкі зробленыя, ставак больш няма». І вялікі, змрочны, дэпрэсіўны, неўспрымальны да вонкавага ўзьдзеяньня рускі народ успрымае гістэрычныя ўкраінскія крыўляньні ды скачкі́ амаль як зьнявагу.

Само сабой, што ўкраінскія праклёны ня могуць нас пакрыўдзіць або абразіць – рускія прывыклі не зьвяртаць увагі нават на кукарэкі 300-мільённых кіруючых сьветам ЗША, што ўжо казаць пра нашу ўсходнееўрапейскую ахлакратыю. Само сабой, што ўкраінскія заклікі пра сяброўства і братэрства ня могуць мець на нас ніякага ўзьдзеяньня – нашы сапраўдныя браты сядзяць у Берліне і Парыжы. Яны могуць нас не любіць, але, прынамсі, яны нас паважаюць.

Залішне казаць, што заклікі адзіным фронтам выступіць супраць вяртаньня Крыма [Расеі] прывялі толькі да таго, што на маскоўскія вуліцы высыпалі грузіны, габрэі, і людзі, якія думаюць па 10 хвілін, перш, чым адказаць на пытаньне пра нацыянальнасьць, зладзіўшы цудоўны Нярускі Марш. Нарэшце, і пужалкі трунамі для нас сьмешныя: тры вайны (дзьве зь іх – за межамі жаху), за чужыя каўказскія землі, «200-я» зь якіх наша грамадства з болем, смуткам, але прымала. Што ўжо казаць пра «200-я» з вайны за нашы родныя паўднёварускія землі, населеныя нашымі роднымі рускімі людзьмі…

А вось Украіна, якая пужае нас 10.000 баевікоў «Правага сектара» (столькі абараняла адзін толькі Грозны, і гэта былі ня дзеці з драўлянымі шчытамі, а ваўкі вайны), ні на адной сапраўднай вайне не была. Уся ўкраінская армія, сродкі на якую зьбіраюць праз СМС, ня тое што на вайне не была – з развалу СССР нават у агульнавайсковых маштабных вучэньнях не ўдзельнічала. Можна, вядома, палохаць партызаншчынай (як той клуб страйкбалістаў з Горлаўкі, які паставіў ультыматум ВС РФ), але наша 58-я армія (штаб якой, дарэчы, разьмяшчаецца ў пасёлку «Спадарожнік») апошнія 19 гадоў змагаецца выключна з партызанамі ў звышскладаных горных умовах. Досьвед напрацаваны гіганцкі. Самае найноўшае ўзбраеньне, самая вытанчаная тактыка – баюся, што для горлаўскіх страйкбалістаў з Сашам Музычкам усё скончыцца, толкам не пасьпеўшы пачацца. Тым больш, што Саша Музычка [у час напісаньня артыкула Аляксандр Белы быў яшчэ жывы. – Рэд.] ужо падаў заяву ў Генпракуратуру Ўкраіны ў сувязі з пагрозай яго жыцьцю з боку расейскіх сьпецслужбаў.

Больш за тое, Украіна ня толькі не ваявала, але ні разу нават не трапляла ў добрае такое інфармацыйнае мачылава – пра што сьведчаць гістэрычныя рэакцыі на гаворачую акулу Кісялёва. Людзі сядзелі ў сябе ва ўсходнееўрапейскім балоце, 20 гадоў квакалі. Нарэшце на іх зьвярнула ўвагу высокацэнтралізаваная дзяржава, якая вылучыла зь бюджэту маленькую, ну, зусім маленькую крыху гэтага бюджэту на інфармацыйную апрацоўку. І людзі завылі так, што пачалі адключаць расейскія тэлеканалы ды палезьлі сьпілоўваць тэлеантэны з дамоў, таму што нават на тупога, агрэсіўнага Кісялёва, які адкрыта хлусіць, усёй Украіне аказалася адказаць проста не было чым. Цяпер вунь амбасада ЗША абвяргае «маскальскую дэзынфармацыю», таму што самі 25 свабодных украінскіх тэлеканалаў не спраўляюцца.

Дакладней, спраўляюцца часткова – асобныя запісы ток-шоў Савіка Шустэра ў Расеі глядзяць як камедыі, нешта накшталт новага сезону «Вёскі дурняў».

Пагулялі ў інфармацыйную вайну з РФ, малайцы.

 

Ружовыя мары

Прычым, у якасьці мер у адказ унутры самой Украіны градус патрыятычнай гістэрыі быў узьняты да такога ўзроўню, што людзі страцілі нават самае базавае ўяўленьне аб рэальнасьці. «Амерыканцы шлюць авіяносец бамбіць маскалёў» (ужо адаслалі назад), «Еўропа нам дапаможа грашыма, зажывём, як Францыя» (да гэтага часу ні капейкі ня выдзелена і нават не заключана дамовы аб выдзяленьні – усё ідуць «перамовы»), «Сусьветная супольнасьць нас абароніць» (старшыня Еўрапарламенту: «Час зьмірыцца з анэксіяй Крыму»), «Украінская армія ірвецца ў бой з маскалямі, толькі патроны з дапамогай смс-даната падавай»

 

Суровая рэальнасьць

Але, нават знаходзячыся ў гэтым змрочным тумане галюцынацый, народ, які ніколі не ваяваў і які разьлічвае з дапамогай кітайскіх феерверкаў ды драўляных шчытоў разьбіць першакласную 120-тысячную групоўку, сканцэнтраваную ўздоўж гіганцкай сухапутнай мяжы, пачынае падазраваць, што нешта тут ня так і, магчыма, Абама ня будзе пачынаць ядзерную вайну з РФ з-за Івана-Франкоўска. Адсюль усе гэтыя словы, якія перыядычна прарываюцца скрозь пераможную зьлосьць: “Рускія, але мы ж браты! Сябры! Можа, ня трэба, а, Брат?…». Гэта глядзіцца яшчэ больш жалосна пасьля абяцаньняў скончыць вайну штурмам Масквы.

 

«І лёгкім рухам рукі «маскальскія акупанты» ператвараюцца ў «братні народ»!

І менавіта вось гэтыя крыкі пра «братоў» пасьля бруднай лаянкі й абраз – менавіта тое, што апускае ўкраінцаў у вачах рускіх больш за ўсё [аўтар увесь час вяртаецца да гэтай тэмы; гэта псіхічная пастрэмка, якая балюча муляе – украінцы сапраўды брацкі народ, а цяпер яны будуць ворагамі; маем чарговы элемент комплексу імперскай непаўнавртасьці. – Рэд.].

Нашы сапраўдныя ўкраінскія БРАТЫ цяпер усімі сіламі перашкаджаюць мабілізацыі ўкраінскай арміі, блакуюць жалезныя дарогі, падпальваюць ваенкаматы, нападаюць на прадстаўнікоў кіеўскай хунты. Яны сапраўды браты і яны паводзяць сябе як браты, спрабуючы прадухіліць ня брацкую вайну – якая вайна з вамі, хворымі? – але зьбіцьцё немаўлят, якія на 23-ім годзе жыцьця нарэшце даскакаліся са сваімі крычалкамі, сьвісьцелкамі й сапелкамі. Яны ратуюць вашы дурныя і пустыя жыцьці, і гэта сапраўды братэрскі, бескарысьлівы клопат пра дурняў, якія да гэтага часу не зразумелі, зь кім яны зьвязаліся [але цяпер і ўкраінцы, і беларусы, дый многія ў сьвеце ўсё гэта будуць ведаць… – Рэд].

І ў іх, як у сапраўдных, сумленных, бескарысьлівых і ахвярных братоў, у найбліжэйшай будучыні ўсё будзе добра (як у Крыме). А ў вас – тых, хто зьмешвае пагрозы слаць труны з усхліпамі пра братэрства, усё будзе дрэнна, таму што рэальнасьць заўсёды карае тупасьць і подласьць.

Вы страцілі твар, украінцы, і я б скончыў эфектнай фразай «цяпер вам з гэтым жыць», але сумняюся, што ваша дзяржава пражыве яшчэ хаця б паўгады

Жалезнае жэрабя кінутае. Нам застаецца паглядзець, што выпала, і прыняць наступствы.

 

22.03.2014 г.”

 

=

 

Ад рэдакцыі:

Зьвярніце ўвагу, такі бравы, нахабны рускі, але пабаяўся нават назваць сябе. Хаця б чужым прозьвішчам…

Па-першае – гэта сьмешна.  А, па-другое, усё  пасланьне аўтара пасьля такога  ператвараецца ў… нуль.

 

 

2 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    Расейскіх ідыётаў можна цытаваць бясконца, але ці трэба?

  2. Licvin кажа:

    Прэзідэнт Лукашэнка пад час свайго апошняга тэлевыступа адзначыў вельмі важны гістарычны момант — ”Постсавецкі перыяд гісторыі скончыўся. Надыйшла новая і невядомая нам гістарычная рэальнасьць.” !!!
    ”Железный жрэбий брошен!” — словы прамоленыя сучаснай рускай алігархіяй, якая бярэ на ўзбраення рускую нацыяналістычную ідэю, якая ў бліжэйшыя гады можа ператварыцца ў дыктатуру алігархіі, свайго рода фашызм. Ужо падрыхтаваны ідэі, метады, людзі, ужо згодныя і нязгодныя ўсе ў адным парыве ў Крыму крычалі ў экстазе ”Віват Расія!”.

    ”– Фактычна мы едзем на вайну! Яны рэйдэры , зондэркаманда для выканання бруднай работы, каб замачыць, апусціць, згвалтаваць, растліць, запалохаць, справакаваць… Яны могуць каго хочаш ракам паставіць, пры неабходнасьці зьядуць чалавека і вокам не міргнуць. З імі знаходзяцца ‘’вядучыя’’. У ‘’краіне непуганных дураков ’’ засталося шмат ілюзій, каб паставіць іх грамадзян на сучасны рэальны грунт, патрэбны рэйдэры.
    Стась быў моцна ўражаны: руйнаваліся ягоныя ідэалы цывілізаванага еўрапейскага чалавека.
    – Сафар, няўжо ўсё так і пройдзе? А паўстанне народных мас?
    – Ужо прайшло! Савецкі Саюз разбурыўся — і што? Нехта паўстаў? Хаця электарат адчуваў, што яго надурылі. Але няма важакоў, эліта перайшла на супрацьлеглы бок. Эліце надакучыла перавыконваць планы, прымушаць статак працаваць. Меншасьць захацела жыць па-чалавечы. Некалькі баранаў-важакоў паспрабавалі нешта там вякнуць, ім зрабілі кровапусканне — і ўсё сціхла.” іМПЕРСКІ СІНДРОМ http//iuzhyk.ucos.ru
    Ці падрыхтаваны мы каб пакласьці свае жыцці, ці ёсьць у нас ідэі, напрацаваны метады, падрыхтаваны людзі для барацьбы з рашызмам? Мы знаходзімся ў стане ахвяр-авечак і ваўкі, што ходзяць паўз нашых меж, увесь час кідаюць на нас свае драпежныя галодныя позіркі.
    Рэд. Надрукаваны матэр’ял вельмі каштоўны, ён дае магчымасьць прадбачыць!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы