Наступнай фігурай, пазіцыю якой па пытаньні нападу Расеі на Ўкраіну мы вырашылі пісьмова зафіксаваць, зьяўляецца шырока вядомы на прасторах СНД “сын юрыста” і адначасна стары крамлёўскі прыхлябай-правакатар Уладзімір Жырыноўскі. Мы палічылі, што з разнастайных яго інтэрвю, якія можна паглядзець на Ютубе і якія прысьвечаныя “ўкраінскаму пытаньню”, адным з найбольш паказальных зьяўляецца тое, якое ён даў расейскаму тэлеканалу LifeNews напярэдадні 11 сакавіка 2014 года (гл. тут: http://www.youtube.com/watch?v=wmweLBzWcHM). Падаем ніжэй яго тэкст.
Вядоўца: Вы ўжо гэта ў Думе каментавалі, мы гэта паказвалі ўжо. Меркаваньне дастаткова яркае. Але ўсё ж раней вы лічылі, што Януковіч нямоцны палітык, а сёньня меркаваньне памянялі…
Жырыноўскі: Ёсьць маральныя асьпекты і прававыя. Вось сям’я – два чалавекі – ненавідзяць адзін аднаго, крадуць, зьневажаюць… Але яны – сям’я [лажа. – Рэд.]. У іх ёсьць пасьведчаньне аб зарэгістраваным шлюбе. Так і Януковіч: ён можа не падабацца мільёнам украінцаў, рускіх, усім, каму заўгодна, у яго можа быць многа пэўных слабых бакоў, пэўных ня вельмі прыемных учынкаў. Але ён юрыдычна сёньня – кіраўнік Украіны. І ён ветліва яшчэ гэтак сказаў, што ён зьвернецца ў Кангрэс ЗША, каб далі прававую ацэнку… Ня мае права Амерыка аказваць дапамогу бунтарам, закалотнікам, змоўшчыкам – гэта ж незаконны захоп улады. І раптам Амерыка абяцае мільярд… Яна ня дасьць гэтага мільярда, яны бляфуюць, каб дапамагчы правесьць хутчэй выбары 25 траўня.
– Вы лічыце, бяз грошай пакінуць іх?
– Ні капейкі не дадуць. Гэта сьпецыяльны блеф, каб украінцаў-выбаршчыкаў падштурхнуць: глядзіце – мы́ вам дадзім, МВФ дасьць, Еўразьвяз дасьць, усе дадуць… Ніхто ні капейкі ня дасьць. Яны членам Еўразьвязу ня могуць даць. Таму ён павінен ставіць пытаньне аб імпічменце Барака Абамы. Час пачаць працэдуру імпічменту Барака Абамы, паколькі ён, у парушэньне Канстытуцыі й законаў ЗША, мае кантакты і спрабуе аказаць дапамогу незаконнаму рэжыму бунтароў і закалотнікаў у Кіеве. Гэта пачварна, Амерыка ніколі так не рабіла.
– Вы сёньняшнюю заяву Януковіча напэўна глядзелі. Ці тое, што ён сказаў, было адкрыцьцём? Таму што многія чакалі нечага іншага.
– Многія хацелі, каб ён даў ацэнку Крыму, рэферэндуму. Але ён – галава дзяржавы, яму непрыемна казаць пра тое, што ён згодны і хоча, каб ад Украіны адыходзілі якія-небудзь часткі дзяржавы. І ён баяўся, што ён не зможа даць патрэбны адказ журналістам, ці дасьць, а яны будуць яго скажаць. Ён жа ў стрэсавым стане. Такога няма прэзідэнта [прэцэдэнта. – Рэд.]. Ён прэзідэнт – і ня можа знаходзіцца ў Кіеве, выконваць свае абавязкі.
У нас быў Маркас…
– Ён кажа, што зьбіраецца вярнуцца ў Кіеў.
– Правільна! Калі будуць перашкаджаць, ён павінен зьвярнуцца да прэзідэнта Расеі, папрасіць аказаць яму дапамогу, забясьпечыць працэдуру вяртаньня законнага прэзідэнта Ўкраіны Януковіча да месца працы. Яго рэзідэнцыя ў горадзе Кіеве. І ніхто не пасьмее перашкаджаць, ніхто!
– Дый колькі часу прайшло ўжо, чаму ён гэтага ня робіць?
– Ну, назірае за падзеямі. Вось ён бачыць, што ўжо прызначылі Турчына [Турчынава. – Рэд.] незаконна, урад… Ён жа мог падумаць, што там будуць нейкія яшчэ контр-перавароты. Зараз больш-менш яму зразумелая сітуацыя. Ён лічыць сябе, і мы лічым яго прэзідэнтам Украіны. І ён мае поўнае права аспрэчваць рашэньні любых іншых краін аб аказаньні дапамогі псеўдаўраду Украіны, і ён павінен вярнуцца да выкананьня сваіх абавязкаў. Таму што, нягледзячы ні на якія адмоўныя ацэнкі яго дзейнасьці, толькі ў яго законныя правы галавы дзяржавы. Усе астатнія – самазванцы, утрыманцы, гультаі й нахлебнікі. І на продаж выставілі Ўкраіну. Прадавайце сваю маёмасьць – яцэнюкі ўсе, турчыны, клічко і цягнібокі – прадавайце, а гандляваць краінай вам ніхто ня даў права. Вы ведаеце, што яны вывезьлі 7 сакавіка ўсе каштоўнасьці са сваіх сховішчаў – 27 мільярдаў даляраў скіфскага залата… Кароны скіфскія ўсялякія…
– Адкуль гэтая інфармацыя?
– Дык паведамляюць яны самі. Кучма паведаміў пра гэта. Яны бераглі на чорны дзень. Вось яны гэта вывезьлі ўсё – Яцэнюк і Турчын – гэта рабаўнікі, злодзеі, махляры.
– Але ўсё ж, што датычыць бліжэйшага рэферэндума па Крыме, як вы лічыце, як прагаласуюць?
– 90 адсоткаў жыхароў Крыма прагаласуюць за ўваходжаньне ў склад Расеі. Абавязкова. Я ведаю.
– А 21-га чысла як наша Дума прарэагуе?
– Мы прымем у склад Расеі. ЛДПР будзе [галасаваць] 100 адсоткаў. Я яшчэ 4 гады таму пра гэта казаў. Гэта адбылося. Я вельмі рады, у мяне добры настрой.
– Вы не баіцеся, што пасьля таго, як Крым увойдзе ў склад Расеі, супраць нас вельмі многія апалчацца?
– Ніхто не апалчыцца – гэта ўсё блеф, гэта ўсё лухта! Ніхто не пасьмее нават скоса паглядзець у бок Расеі! Мы – самая магутная ваенная дзяржава! [?! – Рэд.] Мы нікому не дазволім зладзіць нам 22 чэрвеня! Зьнішчым усіх! Цэлыя кантыненты будуць пад вадой! Ніхто не пасьмее нам слова сказаць супраць! Мы ўсё дзейнічаем у адпаведнасьці з нашым нацыянальным і міжнародным правам [?! – Рэд.]. Нам ніхто ня ўказ! У нас магутнейшая эканоміка! [?! – Рэд.] Ніякіх санкцый, мы нават і блізка не жадаем чуць пра санкцыі! Санкцыі выносяцца ў дачыненьні да нягоднікаў.
– Вы лічыце, што 16-га чысла сітуацыя як разьвівалася, так і будзе разьвівацца?
– Так, уступае Крым у склад Расеі, і ўсе заткнуцца.
Косава яны прынялі?! Вось давайце пачнем з адмены прызнаньня Косава. Тады будзем думаць. Давайце, Косава адмяняйце незалежнасьць, выганяйце албанцаў у Албанію, там ізноў заселяцца сербы і залунаюць сьцягі Сербіі над Косава. Тады будзем дзейнічаць сьцісла паводле міжнароднага права. Давайце Абхазію. Яна мела права заставацца ў складзе Грузіі – не, яна ня хоча быць у складзе Грузіі. Па законе савецкім аб выхадзе са складу Саюзу, калі выходзіць рэспубліка, у якой ёсьць аўтаномная, а яна не хоча – яна застаецца ў складзе CCCР. Давайце ўсё тут па законе. Але апошнія 20 гадоў нідзе не выконваюцца законы. Паўсюль армія, бамбяць, кроў, гвалт. Хто гэта робіць? ЗША, Еўразьвяз, НАТА. Расея не праліла ні адной кроплі крыві, ні аднаго стрэлу па віне Расеі ў сьвеце не было [?!!! – Рэд.]. І ня будзе.
– Але зараз складана Крыму будзе, калі ён увойдзе ў склад Расеі. У нас грошы для гэтага ёсьць?
– Ды навошта грошы. Вы ведаеце, што Кіеў зьбірае падаткі з усяго Крыма, а вяртае толькі 10%. Цяпер у Крыме будзе заставацца 100% падаткаў.
– Гэтага хопіць?
– Абсалютна хопіць. Ну, калі яны жылі на 10%… А цяпер будзе ў 10 разоў больш. У дзесяць. Удумайцеся! А гэтым летам мы ўсе паедзем – і вы, лайфньюс – усе будзеце адпачываць у Крыме. У Крым усе паедзем. Дзеці ў Еўпаторыю, іншыя ў Ялту, Севастопаль, Алушта, Алупка, Феадосія. Я ўвесь Крым аб’ехаў. Лепшага месца ў сьвеце няма. Там лепшыя курорты, базы адпачынку, пансіянаты… Усё там выдатна. Гэта будзе самы лепшы курорт для ўсяго чалавецтва з самымі вялікімі даходамі. Ён будзе даваць частку грошай у бюджэт Расеі [толькі што казаў, што ўсе 100% прыбыткаў будуць заставацца ў Крыме. – Рэд.].
– Эксьперты іншыя лічбы называюць, што для нас Крым ад пачатку будзе праблемным.
– Гэта ўсё хлусьня. Бляфуюць, падманваюць, ціснуць, дэзынфармуюць. Гэта ж курортная зона. Ці можа курорт быць датацыйным? Прыбыткі шалёныя. Пра што вы кажаце? Цалкам сябе ўсім забясьпечыць. Мы там будзем адпачываць. Што?
– Сёньня пан Януковіч таксама заяўляў, што выбары, якія таксама адбудуцца 25 траўня на Ўкраіне – нелегітымныя, незаконныя. Ваш далейшы пункт гледжаньня, як далей у гэтым пытаньні будзе Януковіч дзейні чаць? І ці будзе ён прымаць у іх удзел? Сёньня многія калегі чакалі, што ён заявіць пра сваю адстаўку.
– Не. Ні ў якім выпадку. Законны прэзідэнт. І ў красавіку, як падарунак мне да дня нараджэньня – 25 красавіка, ён вернецца ў Кіеў [прагноз Жырыка, як бачым, ужо не адбыўся; бо ягоная задача артыстычна трыньдзець… – Рэд.]. На танках, дэсантных самалётах – як заўгодна. Але ён вернецца ў Кіеў і ніякіх выбараў 25 траўня ня будзе… Будуць арышты. Увесь урад Яцэнюка будзе сядзець у турме! Будзе Кіеўскі ваенны трыбунал. Іх будуць прыцягваць за здраду Радзімы да расстрэлу! [усе прачыталі? Усе запомнілі? – Рэд.]. Шыбеніцы паставіць трэба там, дзе яны ўладу зрыналі… І ўвесь гэты ўкраінскі ўрад павесіць там трэба на слупах… [а шыбеніцы тады для каго ставіць? – Рэд.]. Вось чым Майдан трэба закончыць. А іншых у Магадан…
– Г.зн., што вы лічыце, што іншага разьвіцьця падзей ня будзе?
– Не! У Кіеў вяртаецца законны прэзідэнт.
– 25 траўня ня будзе выбараў?
– І Паўднёва-Ўсходняя Ўкраіна адыходзіць да Расеі. Ніякіх выбараў 25 траўня ня будзе! Да сакавіка наступнага году Януковіч будзе прэзідэнтам пазасталай часткі Ўкраіны – без Паўднёвага Ўсходу.
– Цяпер ва Ўкраіне фінансавая сітуацыя вельмі складаная.
– Так. Будуць жыць у жабрацтве. Ніхто не дапаможа. Пакуль газ будзем даваць патаньней, каб яны не паміралі з голаду.
– Вы лічыце, што іншага варыянта разьвіцьця падзей няма?
– Няма. Ніхто ваяваць з Расеяй ня будзе ўвогуле, а тым больш з-за чужой краіны Ўкраіны.
– Міжнародныя нейкія санкцыі…
– Якія санкцыі? Называйце.
Валюта? У нас 150 млрд., у іх – 240 [верагодна, маюцца на ўвазе інвестыцыі з боку “Расеі” ў “Захад” і наадварот. – Рэд.]. Каму будзе горш, калі мы замарозім іх грошы – 240 млрд. даляраў, а ў нас [на Захадзе] – толькі 150? Нам, дапусьцім, [перакрыюць] візы. А мы ім візы не дадзім. Мы ім адмяняем транзіт з Аўганістана. Што яны будуць рабіць? Пакістан? Яны ж ня змогуць зьехаць з Аўганістана…
Вы разумееце, у нас рычагоў больш.
Урэшце, у нас ёсьць іншы рычаг. Мы прымусім іх усіх заткнуцца. І спыніць любыя дзеяньні, скіраваныя супраць Расеі. І за гэта будзем іх караць. Караць іх. Мы прыгразім ім іншымі санкцыямі – не эканамічнага, а ўжо ваеннага характару [намёк, відаць, на ядзерную зброю. – Рэд.].
– Мірны варыянт таго, што цяпер адбываецца ў Кіеве магчымы, як вы лічыце?
– Вядома. Крым аддзяляецца і ўваходзіць у склад Расеі. Затым… Харкаў, Данбас, Мікалаеў, Херсон, Запарожжа, Луганск, Адэса, Прыднястроўе. [!!! – Рэд.]
– Вы так карціну намалявалі… (вядоўцу спадабалася, ён добразычліва усьміхаўся)
– Так. Усё ў склад Расеі. Рускія землі…
Адэса была галоўным горадам Новарасейскай губерніі Расейскай імперыі. Якая Ўкраіна. Україна – Тэрнопаль, Івана-Франкоўск, Роўна, Львоў. Чарнаўцы – гэта Румынія. Ужгарад – гэта Вугоршчына. Дзе Ўкраіна? Дый Львоў – гэта Любэк. Гэта нямецкі горад быў. Альбо палякаў… Україна – гэта трохі Цярнопаль, Івана-Франкоўск. Усё! Палтавы няма.
– Такім чынам, вы лічыце, што Крымам справа не закончыцца?
– Вядома, вядома… А рускія, што, толькі ў Крыме жывуць? Іх яшчэ больш у Харкаве ды Данецку. Данецк – гэта мяжа з Растоўскай вобласьцю. Гэта Данбас. Гэта Сталін ім падараваў… Гэта малаграматны мужычышка. Сталін – дыктатар – падараваў Данбас. Ленін падаравай частку. І яшчэ раз Хрушчоў падараваў.
У іх няма савецкіх кіраўнікоў, савецкай улады няма. Хто гэтыя падарункі рабіў? Гэта не афармлялася як міждзяржаўнае пагадненьне. Гэта было адміністрацыйнае дзяленьне. Мы Ўкраіне нічога не дарылі. І Дзярждума ў сакавіку 1996 года адмяніла ратыфікацыю Белавежскіх пагадненьняў. Усё – Белавежскія пагадненьні моцы ня маюць! Мы іх адмянілі ў сакавіку 96 года. Ельцын хацеў распусьціць Думу. Накіраваў армію ў Думу, але армія была на маім баку і салдаты сышлі з Думы, не падпарадкаваліся апошняму ўказу прэзідэнта.
– Уладзімір Вольфавіч, і ўсё ж, калі падвесьці вынікі сёньняшняга выступу спадара Януковіча… Як вы лічыце, чым закончыцца справа. Ён абяцаў праз адзінаццаць дзён ізноў з прэсай паразмаўляць – тады ніякіх новых заяваў таксама ня будзе? Ён па-ранейшаму будзе ў Расеі?
– Ён будзе заўсёды нагадваць усім, што ён законны прэзідэнт Украіны і хоча вярнуцца ў Кіеў для выкананьня сваіх абавязкаў. І ён ня будзе даваць ацэнку таму, што адбудзецца ў Крыме 16 сакавіка і ня будзе даваць нікому ацэнкі іншыя. Для яго гэта – банда злачынцаў, якія незаконна захапілі ўладу, і ў гэтым я яго цалкам падтрымліваю.
– Але ён не сьпяшаецца вяртацца.
– Ён хоча, і мы яго вернем. Мы дапаможам яму. Няхай толькі зьвернецца да вышэйшага кіраўніцтва Расеі: “Прашу забясьпечыць маё вяртаньне ў Кіеў для выкананьня сваіх абавязкаў як прэзідэнта Украіны”. І мы ўсё забясьпечым. І ніхто не пікне! А хто пасьмее пікнуць, яны ўжо заткнуць свае глоткі праз пяць хвілін, калі яны падумаюць толькі гэта зрабіць! Ніхто не будзе супраціўляцца Расеі!
– А што вы маеце на ўвазе пад дапамогай?
– Усе віды дапамогі, усё, што ёсьць у распараджэньні галавы дзяржавы, у тым ліку ўзброеныя сілы, у тым ліку сьпецпадразьдзяленьні, у тым ліку сьпецсродкі, у тым ліку фізіка, хімія, біялогія…
– Без вайсковага ўмяшальніцтва неяк абысьціся можна?
– Так – спачатку ўльтыматум: “Прапусьціць прэзідэнта Украіны!”. Проста ён праедзе ў аэрапорт, рускі самалёт яго прывязе ў Барыспаль – і каб ён да сваёй рэзідэнцыі мог спакойна праехаць. Гарантуеце вы, кіеўская шантрапа? Не гарантуеце – мы прагарантуем. І зробім яму калідор проста да рэзідэнцыі, і зробім поўную ахову, ФСО возьме пад ахову яго – наша ФСО. Калі разьбегліся ад яго здраднікі, калі СБУ здраднікі, дык ён сфармуе іншыя органы правапарадку, іншы сьпецназ – яго, Януковіча, сьпецназ, які забясьпечыць яму функцыянаваньне. Ён – галоўнакамандуючы, усе астатнія – пад суд і ў вязьніцы. Ён іх усіх зьняволіць – усіх здраднікаў з СБУ, са сваёй аховы. “Беркут” увесь мабілізуе на сваю абарону. “Беркут” сабярэ са ўсёй Украіны – гэтага будзе дастаткова, каб навесьці парадак паўсюль: ад Карпат да Чорнага мора.
– Паглядзім, як падзеі будуць разьвівацца. Вялікі дзякуй лідару ЛДПР. Уладзімір Жырыноўскі быў у гасьцях “Лайф-ньюз”. Мы абмяркоўвалі сёньняшні выступ Януковіча.
(канец першага інтэрвю)
–
Хто яшчэ хоча паглядзець і паслухаць чорнага крамлёўскага клоўна, можа паглядзець яшчэ адно яго інтэрвю, якое ён даў адносна нядаўна (напярэдадні 15 красавіка 2014 г.) гэтаму ж тэлеканалу (гл. тут: http://www.youtube.com/watch?v=EDNEAnvfpwA).
Тут Жырыноўскі дадаткова заяўляе, што:
– “Правы сектар” абсалютна ня моцны, што гэта – “авантурысты, накачаныя наркотыкамі”;
– ругае Турчынава і Яцэнюка, але хваліць Кернеса;
– усе яны “будуць арыштаваныя і пры спробе зьбегчы большасьць зь іх будзе зьнішчаная”; як Саша Белы;
– “Паўднёва-Усход Україна ўжо страціла [лічы] пасьля 21 лютага”;
– “падзеямі ва Ўкраіне ЗША адпомсьцілі Расеі за Сноўдэна і Сірыю”;
– “Польшча рыхтуецца да захопу – Луцк, Цярнопаль, Івана-Франкоўск, Львоў, Роўна”;
– “кіеўская хунта павінна ў нагах валяцца ў Расеі й прасіць пакінуць іх некалькі месяцаў у Кіеве”;
– “Расея перамагала ўсе краіны Еўропы, таму яны ўсе нас ненавідзяць”;
– “ЗША дапамагае пяці чалавекам у Кіеве, каб самім выйсьці з сусьветнага крызісу”;
– “грамадзяне на ўсходзе Ўкраіны цяпер будуць перакрываць усе транспартныя шляхі”.
Таксама Жырыноўскі актыўна на вачах усяго сьвету падтрымаў кіраўнікоў сепаратыстаў-тэрарыстаў з усходу Ўкраіны – сярод іх Царова, Допкіна – а таксама заявіў, што ён рэгулярна звоніць кіраўнікам сілавых ведамстваў Украіны.