nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Магчымае на Данбасе

май 4, 2014 | Няма каментараў

Пётар Шуклінаў (узята з – http://sokrytoe.net/15618-chto-delat-s-donbassom.html)

Данецк

 

 

Дыверсійнае ўварваньне Расеі абвастрыла сітуацыю ў некалькіх абласьцях Украіны. Самымі буйнымі агменямі інсьпіраванага маскоўскім рэжымам сепаратызму сталі Луганская і Данецкая вобласьці, дзе ўзброеныя баевікі й найміты захапілі органы ўлады пры падтрымцы расейскіх дыверсантаў, мясцовых сілавікоў і рэшткаў клану Януковіча. Што рабіць з Данбасам – усе сцэнары.

 

 

1. Сілавая аперацыя

У Луганскай і Данецкай абласьцях узброеныя баевікі ў большасьці гарадоў адмаўляюцца скласьці зброю. Не жадаючы ісьці на кампраміс, баевікі ўжо забілі некалькіх чалавек. Сярод загінулых – афіцэр Сілаў бясьпекі Ўкраіны (СБУ), пілоты вайсковых верталётаў, дэсантнікі, задзейнічаныя ў Анты-тэрарыстычнай аперацыі (АТА), дэпутат Горлаўскага гарсавету, кіеўскі студэнт. Акрамя таго, баевікі выкралі дэлегацыю АБСЕ.

Крыніца, блізкая да РБУ, кажа: “Баевікі працягваюць тэрарызаваць мясцовае насельніцтва. Мы неаднаразова затрымлівалі расейскіх дыверсантаў. У СБУ ёсьць прамыя доказы датычнасьці Расейскай Федэрацыі да правакацый на ўсходзе Ўкраіны. Усе даныя перадаюцца нашым міжнародным партнёрам”.

У любой краіне сьвету пасьля такіх дзеяньняў адбываецца сілавая аперацыя.

Пасьля ўчорашняга зьнішчэньня з ПЗРК (Перанасны зенітна-ракетны комплекс) двух верталётаў украінскай арміі пад Славянскам і снайперскага агню па сьпецназу зьявіліся дадатковыя доказы: баявое ядро сепаратыстаў складаецца з прафесійных дыверсантаў і наймітаў.

Украінскія сілы максімальна акуратна выціскаюць баевікоў з захопленых тэрыторый. Улады да апошняга разьлічвалі, што з баевікамі атрымаецца вырашыць пытаньні мірна. Для гэтага ў парламенце зарэгістраваны законапраект аб амністыі. Сітуацыя ўскладняецца правакацыямі сьпецслужбаў расейскага рэжыму і пагрозамі ўварваньня арміі РФ, якая не адыходзіць ад украінскай мяжы.

Але дыверсійных сіл РФ для ўварваньня недастаткова – патрэбныя вайсковыя часткі, для ўводу якіх патрэбная важкая падстава. Напрыклад, масавыя ахвяры.

“Падтрымліваць тэрарыстаў войскамі й палітычнымі заявамі, пагражаючы ваенным уварваньнем звонку – гэта нешта зусім новае ў міжнародных дачыненьнях. І гэтае “ноў-хаў” цяпер дэманструе Расея, разгортваючы войскі з патрабаваньнем спыненьня антытэрарыстычнай аперацыі, якую ўкраінская ўлада праводзіць на тэрыторыі Украіны”, – кажа намесьнік сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі й абароны (РНБА) Вікторыя Сюмар.

“Калі Ўкраіна ня хоча страціць Данбас ды іншыя ўсходнія вобласьці, трэба рашацца на рэальнае правядзеньне антытэрарыстычнай аперацыі з прыцягненьнем Нацыянальнай гвардыі, сіл самаабароны. У асобных выпадках – з ужываньнем Узброеных сіл Украіны”, – сказаў ваенны эксьперт Валянцін Бадрак.

Гаворачы аб магчымым уварваньні Расеі ва Ўкраіну, Бадрак падкрэсьліў, што чым больш жорстка будуць працаваць украінскія сьпецпадраздзяленьні на ўсходзе, тым вышэй верагоднасьць, што Пуцін адмовіцца ад уварваньня. “Слабасьць і прамаруджваньне – на руку Маскве”, – кажа ён.

Адказваючы на пытаньне, колькі пратрымаецца Ўкраіна ў выпадку прамога ўзброенага сутыкненьня з Расеяй, Бадрак падкрэсьліў: “Пытаньне ў тым, ці акажам мы супраціў. Калі мы адкажам, то зможам трымацца столькі, колькі будзе трэба. Вядзеньне наземнай вайны – гэта рэалістычны сцэнар. Але усё залежыць ад таго, як будуць дзейнічаць камандзіры і вайскова-палітычнае кіраўніцтва, якое фактычна тармазіла АТА на Данбасе“.

 

2. Развод

Другі сцэнар прадугледжвае мірнае аддзяленьне Данбаса ад Украіны. Тэарэтычна Кіеў можа знайсьці ў Радзе палітыка-прававы варыянт і дазволіць двум рэгіёнам правесьці сумленны рэферэндум з удзелам міжнародных прадстаўнікоў. Галоўнае пытаньне – заставацца Луганску і Данецку ў складзе Ўкраіны ці выйсьці зь яго і сфармаваць уласную рэспубліку.

Адзіная загвоздка – сумленны рэферэндум сепаратысты з трэскам прайграюць, таму што большасьць грамадзян Украіны ў Данбасе супраць развалу краіны.

“Рэферэндум, які хочуць правесьці сепаратысты – гэта бутафорыя. Сумленны рэферэндум пад дуламі аўтаматаў немагчыма правесьці”, – сказаў навуковы дырэктар Інстытута еўра-атлантычнага супрацоўніцтва Аляксандр Сушко. Пры гэтым ён падкрэсьлівае, што сумленны рэферэндум сепаратыстам і Маскве не патрэбны, таму што пацьвердзіць настроі – “Данбас ў Расею ня хоча і выступае за цэласнасьць Украіны“.

Гаворачы аб тым, ці магчымы мірны “развод” Украіны і Данбаса, Сушко падкрэсьліў, што ў сьвеце ёсьць прыклады. “Прыкладам можа быць Чэхія і Славакія. Але для гэтага неабходны цывілізаваныя перадумовы і адпаведныя паводзіны. У нас усё падобна на Югаславію”, – кажа ён.

Акрамя таго, магчымы варыянт Абхазіі – аддзяленьне Данбаса і стварэньне ўласнай рэспублікі. “У гэтым выпадку на мапе сьвету зьявіцца чарговая непрызнаная рэспубліка з разбуранай эканомікай”, – сказаў Сушко. Ён перакананы, што адзіны варыянт пазьбегнуць развалу краіны – правесьці ўсеўкраінскі рэферэндум з жорсткай фармулёўкай: “Вы – Украіна ці не?“. Перад гэтым ўнесьці заканадаўчыя зьмены, каб можна было атрымаць вынікі па кожнай вобласьці асобна.

Сушко перакананы, што мэта маскоўскага рэжыму – доўгае і вымотваючае супрацьстаяньне ва Ўкраіне. “Мэта ня ў тым, каб адарваць Данбас. Ён Пуціну не патрэбны. Данбас яму патрэбны як інструмент нагнятаньня сітуацыі ва Ўкраіне ў цэлым“, – упэўнены Сушко.

Такім чынам, мірны развод – не ў інтарэсах верхавіны баевікоў і заказчыкаў з Масквы. “Рэферэндум” у разуменьні расейскіх уладаў павінен праходзіць, як у Крыме – з загадзя падрыхтаваным вынікам ды пад кантролем узброеных дыверсантаў і баевікоў.

Верагоднасьць рэалізацыі падобнага сцэнару вельмі малая. На Данбасе ідэі сепаратызму не карыстаюцца неабходнай для Крамля папулярнасьцю (гл. даныя ўнізе; там не ўлічаны тыя, хто адмовіўся адказаць). Пры насельніцтве больш чым у 6,5 млн. чалавек у дзьвюх абласьцях удзел ва ўзброеных бандах сепаратыстаў прымаюць толькі некалькі сотняў людзей, ім рэальна дапамагаюць да 5.000 па-прарасейску настроеных грамадзян. Адзіная папулярная ідэя на Данбасе – федэралізацыя, але пры вынясеньні на ўсеўкраінскі рэферэндум і яна не знаходзіць падтрымкі.

Такім чынам, мірны развод Украіны з Данбасам – фантастычны сцэнар, рэалізаваць які практычна немагчыма. Але і нізкая падтрымка сепаратызму не пакідае шанцаў крамлёўскім сцэнарыстам раздзяліць Украіну.

 Данецк 1

 

3. Дыялог у складзе Ўкраіны

Самы спрыяльны сцэнар – узаемныя саступкі. Улада гатовая выконваць патрабаваньні людзей, але не тэрарыстаў. Калі сепаратысты складуць зброю, усім, хто не прымаў удзел у забойствах, гарантуюць амністыю. У цэлым Кіеў гатовы правесьці мясцовыя і ўсеўкраінскі рэферэндумы па ўсіх праблемных пытаньнях – па пашырэньні паўнамоцтваў і дэцэнтралізацыі. На ўсеўкраінскім – па пытаньнях федэралізацыі, мовы і геапалітычнай інтэграцыі. Гэта – важкая саступка ўладаў. Але ўзброеныя баевікі хочуць больш

Важная дэталь: па даных ўсіх сацыялагічных апытаньняў, праведзеных у Данбасе ў гэтыя крытычныя тыдні, грамадзяне падтрымліваюць ідэі пашырэньня паўнамоцтваў мясцовых уладаў, каб мець магчымасьць кантраляваць працэсы ў рэгіёне без сталай аглядкі на Кіеў. Аднак большасьць насельніцтва дзьвюх абласьцей асуджае сепаратызм і ўзброены захоп органаў улады.

 Данецк 2

Мірны варыянт у большасьці гарадоў Данбаса ўсё яшчэ не выключаны – кажуць эксьперты. У той жа час сталыя правакацыі Расеі з забойствам людзей у Данбасе могуць справакаваць зрыў мірнага дыялогу з рэгіёнам, падштурхоўваючы ўлады Ўкраіны да нарошчваньня сілавога ціску ня толькі ў Славянску. У выніку самы спрыяльны сцэнар для Украіны – не ў інтарэсах маскоўскага рэжыму Пуціна, які дамагаецца максімальнай дэстабілізацыі на ўсходзе краіны. Маскве, якая раней растаптала нормы міжнароднага права, нічога не каштуе ўвесьці ўжо разьмешчаныя паблізу ад мяжы войскі ва Ўкраіну, пачаўшы поўнамаштабную вайну, якая прынясе разруху ды хаос ня толькі ў Данбас.

Украінскія ўлады могуць спыніць сцэнар Крамля і запусьціць сцэнар адзінства краіны.

Але любых крокаў – сілавых ці палітычных – цэнтральнай улады будзе недастаткова. Дапамагчы ва ўціхамірваньні узброеных сепаратыстаў павінен сам Данбас. Як гэта робіцца – пры сабатажы мясцовай прадажнай міліцыі ды Кіеве, які стала спазьняецца – учора паказалі адэсіты, якім надакучыла цярпець гвалт цітушак і прарасейскіх баевікоў.

Адэская трагедыя паказвае, што прамаруджваньне і нерашучасьць толькі павялічваюць колькасьць ахвяр і ўзмацняюць правакацыйную вынаходлівасьць сцэнарыстаў маскоўскага рэжыму.

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы