Сяргей Сухабок (узята з – http://sokrytoe.net/15584-prikaz-i-na-rasstrel-maydana-i-na-agressiyu-otdal-prezident-rossii-vladimir-putin.html)
Адзін з прынцыпаў логікі сцьвярджае, што «пасьля» не азначае «з-за». Але чорны для Украіны дзень 20 лютага 2014 г. – калі быў расстраляны кіеўскі Майдан і калі пачалася акупацыя Крыма войскамі РФ – зьвязвае гэтыя падзеі разам. Гэта пацьвярджаюць усе дзеяньні тагачаснага прэзідэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. Яны ж пацьвярджаюць, што загад і на расстрэл, і на агрэсію аддаў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.
На днях у Інтэрнэце стала топавай выява медаля́ Міністэрства абароны Расеі «За вяртаньне Крыма 20.02.14 – 18.03.14» (гл. фота ў пачатку артыкула), што відавочна і недвухсэнсоўна паказвае на ўдзел расейскіх войскаў у агрэсіі супраць Украіны, пачынаючы менавіта з даты 20 лютага 2014 г. – з таго самага дню, калі на кіеўскіх вуліцах невядомы сьпецназ расстрэльваў бяззбройных грамадзян.
Тое, што гэты медаль ня фэйк, сьведчыць афіцыйны сайт расейскага ТАА «Руская стужка», які вырабляе ўсе афіцыйныя ўзнагароды РФ. На сайце знаходзіцца навіна без даты апублікаваньня «тэрміновы заказ Мінабароны Расеі «За вяртаньне Крыма». Паведамляецца, што «пасьля прынятага рашэньня аб вяртаньні Крыма ў склад Расеі на прадпрыемства Рускай стужкі паступіў тэрміновы заказ на выраб медальнай стужкі «За вяртаньне Крыма».
Ёсьць таксама відэазапіс выступленьня адыёзнага расейскага палітыка Канстанціна Затуліна ад 17 сакавіка (!) гэтага году, дзе ён прэзентуе перад ветэранамі гэты самы медаль. Гэта значыць, медаль быў выпушчаны яшчэ да 18 сакавіка – да таго, як афіцыйна завяршылася аперацыя Міністэрства абароны РФ у Крыме. А, між тым, яшчэ трэба было падрыхтаваць эскіз медаля, зацьвердзіць яго, аформіць заказ, вырабіць…
І тады ўзьнікае пытаньне: калі было прынятае «рашэньне аб вяртаньні Крыма ў склад Расеі», калі медальеры так хутка ўправіліся? Няўжо яшчэ да ўсякрымскага рэферэндуму, сфальсіфікаваныя вынікі якога былі абвешчаныя акурат 18 сакавіка?
Атрымліваецца, што так.
А цяпер зірнем на гэты медаль зь іншага боку:
– 20 лютага адбываецца масавае забойства на кіеўскім Майдане;
– 21-га – адбываецца чатырохбаковая сустрэча па ўрэгуляваньні сітуацыі (у складзе Януковіч – апазіцыя – паслы краін ЕС – прадстаўнік РФ), у выніку якой падпісваецца (Расея адмовілася падпісваць) так званае Пагадненьне ад 21 лютага, на якое цяпер любяць ілжыва спасылацца Пуцін і яго кіраўнік МЗС Лаўроў;
– у ноч з 21-га на 22-е – Януковіч зьнікае з тэрыторыі Ўкраіны ў невядомым кірунку;
– 22-га – у адстаўку падае́ сьпікер Вярхоўнай Рады Ўладзімір Рыбак; на яго месца абіраюць Аляксандра Турчынава. У гэты ж дзень, у сувязі з уцёкамі Януковіча, прызначаюцца датэрміновыя прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на 25 траўня г.г.;
– 23-га – у адпаведнасьці з Канстытуцыяй паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы пачынае часова выконваць сьпікер Рады Турчынаў;
– 27-га – кіраўніком Кабінету міністраў Украіны прызначаецца Арсень Яцанюк.
А далей ужо пайшоў крымскі сцэнар.
– 27-га – невядомыя ўзброеныя «зялёныя чалавечкі» без апазнавальных знакаў захопліваюць будынак Вярхоўнага Савету і Савету міністраў Крыму. Парламент Крымскай рэспублікі 27 лютага пад дуламі аўтаматаў на сваім пазачарговым пасяджэньні, спасылаючыся на сітуацыю ў Кіеве і зьмену кіраўніцтва ў парламенце і ўрадзе, адпраўляе ў адстаўку Саўмін і прызначае на 25 траўня гэтага года рэферэндум «Аб пашырэньні паўнамоцтваў аўтаноміі»;
– далей пачынаецца ліхаманкавая сьпешка: ужо 1-га сакавіка – ВС АР Крым пераносіць дату рэферэндуму на 30 сакавіка; але ўжо 6-га сакавіка ў чарговы раз называецца новы тэрмін «волевыяўленьня» – 16 сакавіка…
Куды так сьпяшаліся крымскія парламентары? Ці ўжо быў замоўлены ў друк медалік з датай «20.02.14 – 18.03.14»? Хутчэй за ўсё, так. Бо менавіта 17 сакавіка былі абвешчаныя «вынікі» псеўдарэферэндуму. Але Затулін «спаліў» усю «маліну», паказаўшы сьвету яшчэ 17-га сакавіка ЎЖО адчаканены медаль з «канчатковай» датай. І гэта пры тым, што на той момант ні Дзярждума Расеі, ні яе прэзідэнт Пуцін афіцыйна ЯШЧЭ не прынялі Крым у склад Расеі. Крым і дэ-факта, і дэ-юрэ заставаўся тэрыторыяй Украіны. Але Міністэрства Абароны РФ ужо прыстаралася выпусьціць «пераможны» медаль пра “вяртаньне”.
Няўжо МА РФ магло дазволіць сабе такое самаўпраўства ў той час, як сам Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін увесь сьвет запырскаў сьлінай, сцьвярджаючы, што расейскіх акупантаў у Крыме няма і не было? Вядома ж, усё было ня так.
Кожны, хто хоць трохі разьбіраецца ў ваеннай справе, пацьвердзіць, што «20 лютага» азначае дату пачатку актыўнай фазы агрэсіі Расеі. Прыхаваная ж фаза па перакідцы, разгортваньні й падрыхтоўцы пачалася раней. Гэта пацьвярджае і цяперашні в.а. міністра абароны Ўкраіны Міхаіл Коваль, які паведаміў, што Дзяржпагранслужба яшчэ з 6-га лютага рэгулярна дакладвала Галоўнакамандуючаму Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Віктару Януковічу аб пачатку схаванага перакіданьня войскаў Расеі на тэрыторыю Крыма праз базы Чарнаморскага флоту РФ у Севастопалі. Аднак, па сцьвярджэньні Коваля, Януковіч ніяк не рэагаваў на гэтыя паведамленьні.
Але ж і перакідка войскаў не адразу адбываецца. Яе трэба спланаваць, падрыхтаваць войскі, вылучыць неабходную колькасьць вайскоўцаў, транспарту і сіл забесьпячэньня. На гэта таксама ідзе, як мінімум, месяц.
Аднак, і перакідка войскаў не самае галоўнае. Самым важным зьяўляецца этап планаваньня ўсёй аперацыі з моманту прыняцьця рашэньня аб яе правядзеньні. Гэта потым ідзе падрыхтоўка, перакідка, разгортваньне і сама аперацыя. А вось планаваньне аперацыі займае… ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў.
І цяпер адназначна можна сцьвярджаць, што планаваньне агрэсіі супраць Украіны ў расейскім Генштабе пачалося задоўга да Майдана. І загад на пачатак такога планаваньня мог аддаць толькі (!) Пуцін.
«Пераможны» медалік таксама зьяўляецца часткай планаваньня. Таму і такі «паносны» тэмп быў зададзены крымскім сепаратыстам з правядзеньнем псеўдарэферэндума. Чыста, каб пасьпець да ўжо запланавай і нават адлітай у метале даты.
Але ж Пуціну трэба было неяк адцягнуць увагу сусьветнай і ўкраінскай грамадскасьці ад факту пачатку агрэсіі супраць суседняй дзяржавы. І сочынская Алімпіяда тут ніяк не дапамагала. Хоць, безумоўна, уся аперацыя менавіта пад яе і планавалася. (Дарэчы, Пуцін увойдзе ў гісторыю як першы і пакуль адзіны кіраўнік дзяржавы, які пачаў агрэсію падчас правядзеньня Алімпіяды, гаспадаром якой ён жа і зьяўляўся.) Таму быў задзейнічаны «план «Б» – расстрэл кіеўскага Майдана, які да таго ціха і мірна стаяў тры месяцы.
Расстрэл Майдана пачаўся 18-га лютага, прадоўжыўся 19-га. Але, відаць, колькасьць ахвяр, на думку крамлёўскага «стратэга», была нікчэмна малай, каб адцягнуць усю грамадскасьць ад маючага адбыцца ўварваньня ва Ўкраіну. Вось таму Віктару Януковічу і было спушчана ўказаньне арганізаваць 20-га лютага такую «крывавую лазьню», каб увесь сьвет здрыгануўся. І сьвет здрыгануўся. У наступныя дні ня толькі ўся сусьветная супольнасьць, але і ўся Ўкраіна забыліся і пра Алімпіяду, і пра ўсё на сьвеце, сочачы за жудаснымі падзеямі на Майдане. І нікому не было ніякай справы да Крыма, дзе менавіта ў той самы дзень 20 лютага пачалася актыўная фаза ўварваньня расейскіх акупантаў на тэрыторыю Ўкраіны.
Таму, што Віктар Януковіч быў непасрэдным удзельнікам і выканаўцам ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, ёсьць важкія доказы. Пра гэта сьведчаць відэазапісы камер назіраньня ў яго рэзідэнцыі «Межыгор’е», якія даказваюць, што эвакуацыю дакументаў, рэчаў і сужыцелькі Віктар Фёдаравіч пачаў яшчэ 19-га лютага – да расстрэлу Майдана. Працягнуў 20-га і 21-га. Але нават пасьля «мірнага» пагадненьня аб спыненьні агню ад 21 лютага Януковіч палічыў за лепшае зьбегчы.
Але ўцёк экс-прэзідэнт зусім не таму, што баяўся адказнасьці за крывавы Майдан, якім ён стаў 20 лютага. Януковіч пачаў эвакуацыю (падкрэсьліваю гэта асабліва ) яшчэ 19-га! Бо ведаў, што на наступны дзень пачнецца рэалізацыя вайсковай аперацыі Расеі ў Крыме. І яму як Галоўнакамандуючаму Ўзброенымі сіламі неабходна будзе прымаць хоць бы падобныя на нейкую адэкватнасьць меры. Гэта значыць, «брахаць» на свайго гаспадара. А гэтага Пуцін не дазволіў бы зрабіць свайму двойчы несудзімаму агенту.
У ліхаманцы крывавых дзён 20-21 лютага ніхто не зьвярнуў увагу на дзеяньне войскаў Расеі ў Крыме. Але трывожны сігнал усё ж быў. Як гаварылася вышэй, прадстаўнік Расеі Лукін (гл. фота) на чатырохбаковых перамовах у Кіеве 21-га лютага па ўрэгуляваньні сітуацыі ў Кіеве адмовіўся падпісваць гарантыі выкананьня Пагадненьня. Відавочна, маючы на тое дакладную ўстаноўку Пуціна, які не жадаў несьці адказнасьць за стабілізацыю ва Ўкраіне, бо напярэдадні ён ужо пачаў агрэсію.
Януковіч жа падпісаў гэтае Пагадненьне, абсалютна ясна разумеючы, што выконваць ён яго ня будзе, ды ад яго ўжо і мала залежала. У дурнях апынуліся краіны ЕС, якія далі свае гарантыі выкананьню Пагадненьня ад 21-га лютага. Ну, вядома ж, і Украіна апынулася няшчаснай.
Пад шумок эмоцый ад расстрэлу Майдана і падпісаньня Пагадненьня Януковіч тэрмінова кінуўся ва ўцёкі, вылецеўшы зь Кіева літаральна адразу ж пасьля перамоў чацьвёркі.
Трэба асабліва адзначыць, што ў той момант за Віктарам Фёдаравічам ніхто не гнаўся, не перасьледаваў, не пагражаў крымінальнай адказнасьцю. Нават наадварот – ад яго чакалі выкананьня дамоўленасьцяў аб вяртаньні папярэдняга фармату Канстытуцыі, зьмене ўраду, датэрміновых выбарах. І цяперашнія соплепусканьні Януковіча пра тое, што нібыта яму нешта пагражала, а таму ён, маўляў, быў вымушаны бегчы, больш падобныя на гісторыю турэмнага прыдурка. Прычым, Віктар Фёдаравіч быў так “вымушаны”, што давялося вывезьці аж чатыры грузавікі нейкіх каштоўнасьцяў, ня лічачы таго, што было пагружана ў два верталёты і адзін самалёт. Увогуле, “нават шкарпэткі-трусы запасныя ўзяць не пасьпеў”.
Дарэчы, і сталыя камланьні Пуціна-Лаўрова аб неабходнасьці выкананьня «пунктаў ад 21-га лютага» кажуць толькі аб іх чалавечай подласьці й палітычным цынізьме. Асабліва пасьля таго, як ужо быў адліты «медалёк» пра 20-га лютага.
Але Пуцін выводзіў Януковіча з гульні, хоць і груба, але не назусім. Гэты здраднік Радзімы яму яшчэ саслужыў службу, і, як здаецца, будзе служыць. Чаго варты толькі гэты, на першы погляд, ідыёцкі ліст ад 1-га сакавіка на імя Прэзідэнта Расеі з просьбай… увесьці войскі ва Ўкраіну.
Але на іншы погляд, гэта і гаворыць аб тым, што ў Пуціна і Януковіча да гэтага часу маюцца далёка ідучыя агрэсіўныя планы па раздрабненьні Ўкраіны. Крымскі сцэнар на мацерыку, вядома ж, немагчымы ў сілу адсутнасьці тут расейскіх вайсковых баз. (А вось тут варта ўспомніць харкаўскія пагадненьні «флот наўзамен за газ», падпісаныя Мядзьведзевым і Януковічам у 2010 годзе. Калі б не яно, то ўжо ў 2012 годзе апошні акупант павінен быў бы пакінуць Крым. А гэта гаворыць пра тое, што ўжо тады – у 2010 годзе – былі спланаваныя сцэнары анэксіі Крыма.) Таму, відавочна, быў абраны сцэнар правакацыі «народных» выступаў з нагоды федэралізацыі Поўдня і Ўсходу Украіны, пра што зь пенай у роце не перастаюць крычаць на ўсіх кутах Пуцін і яго каманда. Аднак, масавай падтрымкі ў рэгіёнах гэтая чарговая крамлёўская прапаганда не знайшла.
Тады ў ход пайшоў варыянт сілавога захопу органаў дзяржаўнага кіраваньня, сілавых структур і аб’ектаў інфраструктуры ўзброенымі бандамі, якія былі сабраныя і каардынаваліся сьпецслужбамі Расеі. Тут ім, на жаль, прыдаўся досьвед стварэньня і кіраваньня «Правым сектарам», які цяпер паказваюць як пудзіла сваім жа агентам. Калі ж і гэты варыянт апынуўся малаэфектыўным, то расейскія сьпецслужбы і арганізаваныя імі банды перайшлі да актаў непасрэднага тэрору ва ўсходніх абласьцях Украіны. Тут якраз і спатрэбіўся несьпісаны ў тыраж здраднік Радзімы Януковіч са сваім лістом з просьбай аб ваенным ўварваньні ва Ўкраіну. І гэта пры тым, што Дзяржсавет РФ ужо даўно даў паўнамоцтвы Пуціну на гэтае ўварваньне. А тое, што ўварваньне вельмі й вельмі верагоднае, сьведчыць хаця б вельмі агрэсіўная заява кіраўніка МЗС РФ Лаўрова ад 21 красавіка, дзе ён недвухсэнсоўна кажа пра тое, што Расея гатовая ўмяшацца ў сітуацыю ва ўсходніх абласьцях Украіны. А як яна гэта ўмее рабіць “па просьбах працоўных”, усё даўно ведаюць ня толькі па крымскім сцэнары.
Дарэчы, у той жа дзень дзесьці ў закулісьсі аб’явіўся і беглы Януковіч з патрабаваньнямі спыніць перасьлед узброеных банд і правесьці рэферэндум аб федэралізацыі краіны. Мабыць, Пуцін яму ўсё-ткі паабяцаў, што калі ня ўсёй Украіны, дык хаця б прэзідэнтам ПіСУаРа (ад «Південно-Східна Ўкраїнська Республіка» – укр.) адданага свайго халопа ён зробіць.
З усяго сказанага можна зрабіць адназначную выснову: Януковіч даўно і сьвядома зьяўляўся агентам расейскіх сьпецслужбаў і працаваў па іх заданьні на развал эканомікі й дзяржаўнасьці Ўкраіны. Крывавыя падзеі на Майдане і анэксія Крыма былі спланаваныя і зьдзейсьненыя зь ведама і пры непасрэдным удзеле Віктара Фёдаравіча, чым ён зьдзейсьніў найцяжэйшае злачынства – здраду Радзіме.
А трагедыя Майдана, на жаль, была і ёсьць усяго толькі дымавой завесай для пачатку яшчэ большай трагедыі – ажыцьцяўленьня планаў Пуціна па раздрабненьні й акупацыі Ўкраіны.
І асабіста я не сумняюся, што дзесьці ў нетрах Генштабу МА РФ ужо ляжаць адчаканеныя медалікі «За Перамогу над Украінай» з барэльефамі двух крамлёўскіх карлікаў.