nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Фініта ля камедыя

16 мая, 2014 | Няма каментараў

АрэшкінПасьля таго, як мы сабралі пэўную калекцыю меркваньняў самых розных расейскіх імперастаў па праблеме нападу расейскай імперыі на Ўкраіну (у тым ліку такіх як Кургінян, Жырыноўскі, Кісялёў, Салаўёў, Васерман і нават сам Пуцін – для выказваньняў усіх іх былі характэрныя фанабэрыя, пыха, цынізм, крывадушша і т.п. уласьцівасьці), настаў час паслухаць меркаваньні расейскіх ліберастаў ці людзей блізкіх да іх. Прычым, нас, як ідэолагаў, ня столькі цікавяць выказваньні асуджэньня (такія, напрыклад, як тут: https://nashaziamlia.org/2014/03/13/6692/#more-6692), колькі аналіз і прагноз далейшага разьвіцьця сітуацыі з боку людзей з такім сьветаглядам. З гэтай нагоды падаем ніжэй артыкул вядомага расейскага палітолага, вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута геаграфіі Расейскай акадэміі навук Дзьмітрыя Арэшкіна (гл. фота; яго артыкул узяты адсюль: http://www.echo.msk.ru/blog/oreshkin/1291114-echo/; зьвяртаем увагу, што артыкул быў напісаны паўтара месяцы таму).

Рэдакцыя.

 


“Вострая фаза ўкраінскага крызісу прамінула. Галоўнае пытаньне – ці рызыкне Пуцін уводзіць войскі на ўсход Украіны вырашанае: не рызыкне. Хоць ваенна-эканамічная і геастратэгічная логіка непасрэдна патрабуе ўводу. Арашальны канал, электрычнасьць, сыравіна для прамысловасьці й вываз вырабленай прадукцыі – усё гэта дыктуе неабходнасьць узяць пад кантроль інфраструктуру прылеглых абласьцей. Інакш Крым – абкладзены эксклаў. Слабыя партовыя тэрміналы загадзя не гатовыя да прыёму ўзрослай плыні грузаў, таму байкі аб забесьпячэньні па моры, роўна як і аб будаўніцтве моста праз Керчанскі праліў (мінімум 3-4 гады) – пустая прапаганда. Акрамя таго ёсьць чыньнік ​​Прыднястроўя, якое апынулася ў цісках паміж недружалюбнай Малдовай і яшчэ больш недружалюбнай (цяпер) Украінай. Так што сухапутны калідор Луганск-Адэса аж да мяжы з Прыднястроўем – неабходная з тактычнага пункту гледжаньня рэч.

Аднак ваеннай логіцы супрацьстаіць логіка палітыкі. У Крамлі не чакалі такой згуртаванасьці Захаду. Меркавалася, што пашумяць і заткнуцца – як з Грузіяй. Але персьпектыва санкцый трэцяй ступені апынулася цалкам рэальнай – і цьвяроза разважаючы, рэжым можа іх ня вытрымаць.

Па-другое, з кожным страчаным днём нарастае боегатовасьць украінскай арміі – ужо якая яна ні ёсьць. Без стрэляніны дакладна не абыдзецца, а калектыўны Пуцін зусім ня хоча цынкавых трунаў і славы ініцыятара братазабойчай вайны на чужой тэрыторыі.

Па-трэцяе, стратэгі пралічыліся з ацэнкай сацыяльнай падтрымкі. Кіеўскую ўладу і западэнцаў на Ўсходзе ня любяць – але гэтага мала, каб радасна вітаць зялёных чалавечкаў без апазнавальных знакаў. Асабліва, калі тыя будуць страляць. А страляць – гл. вышэй – давядзецца. Усход Украіны, безумоўна, хацеў бы большай самастойнасьці й незалежнасьці. Менавіта таму ён не гатовы наўзамен Кіева безаглядна сысьці пад Маскву. Наадварот, усьведамляючы слабасьць цяперашніх кіеўскіх уладаў, усходнім рэгіёнах больш выгадна гандлявацца аб павышэньні [свайго] статусу якраз зь імі, а не зь безальтэрнатыўным Крамлём.

Пацьвярджэньнем негатовасьці крамлёўскай Карпарацыі да эскалацыі стала набыцьцё І.Сечыным акцый «Роснафты» на 1 млрд. рублёў, якія ўпалі ў кошце пасьля крымскага аншлюсу. Сечын выдатна паінфармаваны, і калі б ён чакаў абвастрэньня, пачакаў бы тыдзень-другі, пакуль курс не праваліцца яшчэ ніжэй – што непазьбежна здарылася б пасьля ўварваньня [на ўсход Украіны]. Такім чынам, не чакаў. Пытаньне, адкуль у яго ў кішэні у патрэбны момант зьявіўся лішні мільярд, пакідаем у баку.

Начны званок Пуціна Абаму і разварот самалёта Дж. Кэры для парыжскай сустрэчы з Лаўровым, якая адбылася ўсьлед за гэтым званком, былі ясным сігналам аб жаданьні абгаварыць умовы адступленьня наўзамен за разблакаваньне Прыднястроўя і «федэралізацыі» Ўкраіны. Амерыканцы, насуперак шчырай веры патрыятычнай грамадскасьці, ня дурні. Прачыталі сігнал так, як яго варта было прачытаць: наступаць Крэмль баіцца

Можна толькі паспачуваць міністру Лаўрову. Яму выпала абараняць пазіцыі, якія ўтрымаць у прынцыпе немагчыма. Ён зрабіў усё, што мог, з гора запусьціўшы перад сустрэчай кучу небыліц пра Прыднястроўе, «Правы сектар» і снайпераў. Не для Кэры, вядома – а падаслаць саломкі патрыятычнай грамадскасьці. Каб ёй было што жаваць, калі няма чаго казаць. Але ў палітыцы свае правілы – калі партнёру загадзя зразумела, што ты ўзважыў плюсы і мінусы ўварваньня і зразумеў, што задніцу накруцяць занадта балюча, неразумна патрабаваць, каб ва ўзнагароду за клопат пра ўласную задніцу табе яшчэ адвалілі дыпламатычных пернікаў. Таму пан Кэры праявіў прадказальную незгаворлівасьць: ніхто, паважаныя спадары, вас у крымскую пастку не цягнуў. Вось і ешце свой ​​бясплатны сыр, пераконваючы прыхільнікаў, што прыціснуты хвост зусім не баліць. ЗША суха настойваюць на падключэньні да перамоваў кіеўскага ўраду – таго самага, пра нелегітымнасьць якога гучна разважаюць у Крамлі. І выглядае так, што з гэтым мусяць пагадзіцца – калі хутка надзеі на дэстабілізацыю і адкол Усходняй Украіны не апраўдваюцца [гэты прагноз спраўдзіўся. – Рэд.].

Узважым сухі астатак. Амбіцыйная гісторыя пачыналася з абяцаньня вярнуць Украіну (ўсю цалкам!) у сьферу ўплыву Масквы, убудаваць яе ў Мытны саюз і еўразійскую сістэму каштоўнасьцяў. Гэта праграма-максімум. Яна, відавочна, правалілася. Надышла чарга праграмы-мінімум – забраць пад крыло хоць бы Ўсход Украіны разам з Крымам. На мове Карпарацыі гэта пазначаецца кодавым словам «федэралізацыя».

Першым гэтую выдатную ідэю яшчэ падчас аранжавай рэвалюцыі 2004 года агучыў дырэктар Інстытута краін СНД К.Затулін. Тады ён выказваўся сьмялей і інтэрпрэтаваў «федэралізацыю» як прапанову ўкраінскаму Захаду правальваць у сваю Еўропу, а Ўсходу вярнуцца ў сьферу ўплыву Расеі. Адрозьненьне тагачасных карпаратыўных уяўленьняў аб «федэралізацыі» заключалася ў ілюзіі, быццам Усход па змаўчаньні ўключае ў сябе Кіеў. Сёньня амбіцыі скараціліся: мы чуем гарачыя прамовы пра «наш» Харкаў і Данбас; радзей пра Адэсу. Кіеў за 10 гадоў спакваля адвандраваў на Захад – натуральны вынік большай прывабнасьці еўрапейскай сістэмы каштоўнасьцяў у параўнаньні з патрыятычнымі байкамі Карпарацыі.

Карысна мець на ўвазе, што тэрмін «федэралізацыя» у вуснах Ангелы Меркель ды іншых еўрапейскіх палітыкаў мае на ўвазе нешта зусім іншае – чыста ўнутраныя статусныя дачыненьні паміж землямі й федэральным урадам у рамках адзінай сувярэннай дзяржавы. Прыкладна як у федэратыўнай Нямеччыне ці ў федэратыўных ЗША. Хутчэй за ўсё, пераробкі тэрытарыяльных статусаў Украіне ўсё роўна не абмінуць – але яна вельмі пастараецца абысьціся пры гэтым без “братэрскай дапамогі” Крамля.

30 сакавіка стала ясна, што праграма-мінімум таксама праваленая.  Калектыўны Пуцін вымушаны задаволіцца сімвалічнай перамогай у Крыме, якая адгукаецца кароткатэрміновым воплескам папулярнасьці й доўгатэрміновымі фінансава-эканамічнымі цяжкасьцямі ўтрыманьня датацыйнай эксклавы ў праблемным асяроддзі. Плюс нарастальная міжнародная ізаляцыя. Плюс чаканая блакада Прыднястроўя – а вы на што разьлічвалі? Плюс чаканыя дзеяньні Захаду на нафтагазавым кірунку.

Пераможныя фанфары адгучаць, а праблемы застануцца.

Сарваць выбары новага прэзідэнта Ўкраіны не атрымаецца [гэты прагноз пакуль таксама спраўджваецца. – Рэд.]. Хоць спробы, несумненна, працягнуцца. Рэспубліканскія эліты (пакуль?) дэманструюць здольнасьць да кампрамісу і фармуюць разумныя перадвыбарчыя саюзы. Пры гэтым кандыдатам з Усходу апрыёры будзе цяжэй: Януковіч грацыёзна выключыў мільёны расчараваных выбаршчыкаў з электарату Партыі Рэгіёнаў. Пуцін ня менш вытанчаным ходам адняў яшчэ 1.5 мільёна крымскіх галасоў. Так што новы прэзідэнт будзе хутчэй кіеўскім, чым данецкім. Маскве так ці інакш прыйдзецца мець зь ім справу – у значна менш камфортных умовах, чым паўгады таму, калі Крэмль толькі заварваў кашу са спакушэньнем Украіны.

Нескладана прадбачыць далейшую хаду падзей. Кампенсуючы правалы на ўкраінскім і міжнародным фронце, Карпарацыя будзе вымушаная засяродзіцца на зашрубоўваньні гаек ва ўнутранай палітыцы – затыкаць апошнія незалежныя СМІ, празь якія прасочваецца аб’ектыўная ацэнка дзеяньняў кіраўніцтва, змагацца зь інтэрнэтам, галасіць пра «пятую калону» і скардзіцца на імперыялістычнае асяроддзе. А якой яшчэ рэакцыі з боку бліжэйшых суседзяў (Прыбалтыка, Фінляндыя, Грузія, Малдова… [зьвярніце ўвагу, Беларусі ў чарговы раз няма! – Рэд.]) вы мелі ласку чакаць, з наскоку ўводзячы войскі на тэрыторыю незалежнай дзяржавы? Хто і што, акрамя НАТА, можа гарантаваць бясьпеку і суверэнітэт гэтых краін, дзе таксама жывуць рускія людзі, якіх Крамлю раптам захочацца абараніць?

Зь пераходам ўкраінскага крызісу ў доўгатэрміновую халодную фазу, калі вырашальнае значэньне набывае soft power [мяккая сіла. – Рэд.], еўрапейская сістэма працягне патроху нарошчваць свае сацыяльныя і эканамічныя перавагі, на якія Крамлю адказаць няма чым. Калі, вядома, не лічыць адказам зялёных чалавечкаў без апазнавальных знакаў і віск Рашы Тудэян [маецца на ўвазе англамоўная “Раша Тудэй” пад кіраўніцтвам армянкі. – Рэд.], на якія ўжо даўно не зьвяртаюць увагі – як не зьвярталі на балбатню ТАСС, які заўсёды быў упаўнаважаны заявіць нешта экзатычнае.

Захаду сьпяшацца няма куды. Ён нядрэнна адчувае сябе, патроху паднімаючыся з эканамічнага крызісу на хвалі новых тэхналагічных рашэньняў. У тым ліку ў галіне энергетыкі. А вось пра пуцінскую трубаправодную імперыю такога ня скажаш. Тыя, хто параўноўвае дзеяньні Пуціна ў Крыме зь дзеяньнямі Гітлера ў Судэтах і ў Аўстрыі, выпускаюць з агляду важную акалічнасьць. Гітлер разгарнуў экспансіянісцкую праграму на фоне магутнага эканамічнага росту, зьвязанага з выхадам з глабальнай дэпрэсіі 1930-х гадоў і пачаткам новага доўгага кандрацьеўскага цыклу [эканамічнае паняцьце. – Рэд.]. Эканамічны вецер дзьмуў у ветразі гэтага гада.

Пуцін у роспачы схапіўся за Крым на фоне відавочнай рэцэсіі ў нашай гаспадарцы – спадзеючыся прыкрыць хваравітую няўдачу з Мытным саюзам. Калі прыбраць бубны тэлевізійных шаманаў, радавацца абсалютна няма чаму. Пераканаць сябе, што 2 мільёны грамадзян Крыму – гэта больш і лепш, чым тыя 43 мільёны, што засталіся на раздражнёнай Украіне – задача не для сярэдняга розуму. Баюся, нават непараўнальны Дзь.Кісялёў ня зможа з неабходным напорам дзьмуць (або што ён там робіць) супраць ветру відавочнасьці .

Прагноз надвор’я ясны: пастка зачынілася. Бясплатны тэлевізійны сыр скончыцца праз паўгода, калі не раней. Трубаправоднай Карпарацыі застаецца толькі тапырыць пальцы праз краты ўсьлед разьвітым краінам, якія спакойна абганяюць яе.

Карпарацыю не шкада – ёй самае месца ў заапарку. Шкада тых, каго яна зжарэ або раздушыць ў сваёй клетцы, перш чым памрэ ад недаяданьня па добра вядомым узоры.

Шкада Расею, якая зноў заходзіцца ў бурлівых, працяглых апладысьментах, якiя пераходзяць у авацыю…”.

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы