nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Другое інтэрвю “Сяменчанка”

4 чэрвеня, 2014 | Няма каментараў

 Сяменчанка

 

 

Другі раз даем слова на нашым сайце Сямёну Сяменчанка – камандзіру батальёна “Данбас”. Батальён быў створаны вясной бягучага года з мэтай захаваньня непадзельнасьці Ўкраіны, зьнішчэньня ўзброеных прарасейскіх сепаратыстаў (інтэрвю ўзята адсюль: http://nn.by/?c=ar&i=129546).

Рэдакцыя.

 

 

— Мы тут, у Беларусі, глядзім на падзеі ва Украіне, чытаем пра дзейнасьць вашага батальёна і міжволі задаем сабе пытаньне: колькі грамадзянаў нашага партызанскага краю ў выпадку паўтарэньня на нашай зямлі «ўкраінскага сцэнару» знайшло б у сабе мужнасьць запісацца ў такі ж батальён супраціву…

 У нашым батальёне на сёньняшні дзень 15 беларусаў, вось і адказ на ўсе вашыя сумневы.

 

— Тым ня менш, калі для сябе вы сказалі: «Трэба ствараць батальён і супраціўляцца», не было сумневаў, што апроч вас і яшчэ пары чалавек ніхто на такі крок не наважыцца?

 Было такое. Але ня больш, чым хвілін 10. Пасьля таго, як пайшла безліч тэлефанаваньняў, стала зразумела, што людзі, у якіх ёсьць воля да дзеяньня, хоць і рэдка, але сустракаюцца ў нашым асяродку.

 

Праз што, якія страхі, які галоўны сумнеў вам давялося пераступіць, каб у выніку ўзяць у рукі зброю і пайсьці забіваць ворагаў?

 Напэўна, страх узяць на сябе адказнасьць. Такі разрыў шаблону — я прывык да таго, што гэтым павінныя займацца людзі, у якіх ёсьць пэўныя паўнамоцтвы. Але, калі я пачаў зь імі мець зносіны, з такімі людзі, то зразумеў, што ў большасьці з іх нічога, апроч гэтых паўнамоцтваў, няма. І таму мне давялося рашыцца і ўзяць на сябе адказнасьць.

 

— Наважыцца на ўзброены супраціў, разарваць шаблон і ўзяць на сябе адказнасьць — гэта добра, але ж паўстае пытаньне ўзбраеньня, матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, як кажуць. Гэтых праблем не баяліся?

 Безумоўна, такія засьцярогі былі і мы гэтыя праблемы пераадольвалі. Больш скажу, на першы свой бой, першае сутыкненьне мы выходзілі з макетамі аўтаматаў! Больш бралі нахрапам, нахабствам, чым зброяй (відэа атакі з макетамі аўтаматаў можна паглядзець ніжэй — Еўрарадыё). Ды і цяпер праблемы з забесьпячэньнем застаюцца. Да прыкладу, каскі — мы на іх зьбіраем грошы і набываем самі. Але цяпер людзі нам вераць, і фактычна за адзін дзень мы сабралі неабходную суму, каб набыць каскі на ўвесь батальён. Нас не жадаюць забясьпечваць БТРамі. І мы самі хочам сабраць грошы, набыць іх і праз Мінабароны гэты правесьці. Ёсьць такія праблемы, былі і, думаю, далей будуць.

 

— Вы самі з Данбаса — ці праўда, што практычна ўвесь гэты рэгіён хворы на ідэю далучэньня на Расеі?

 Поўная хлусьня! Пачытайце каментары да маіх пастоў у сацсетках, пачытайце каментары да іншых данбаскіх пастоў, і вы зразумееце — гэта хлусьня. Дый адкуль гэтай хваробе было ўзяцца? Да апошняга часу на Данбасе быў культ высокага чалавека ў чорным пінжаку — Януковіча. А потым раз — і Расея? Не, гэта ілюзія, гэта ўсё не больш, чым інфармацыйная кампанія. Там толькі адсоткаў 20 за Расею, а ўсе астатнія — альбо «абалваненыя», альбо запалоханыя. Проста паказвае гэтую хлусьню расейскае тэлебачаньне, а ўкраінскія СМІ падпяваюць. Карацей, гэта ня больш, чым інфармацыйная карцінка — гэта няпраўда, наконт усеагульнай падтрымкі.

 

— Пішуць, што ўся так званая Данецкая народная рэспубліка зьмяшчаецца ў адным дзесяціпавярховым будынку, а ўзброеных сепаратыстаў, асабліва спачатку, было хай некалькі сотняў. Але і Данецк — горад не маленькі. Чаму людзі, калі іх сяброў і знаёмых пачалі забіваць, катаваць і рабаваць, ня ўзьняліся ды каламі па адным гэтых злачынцаў не затаўклі?

 Тое, пра што вы кажаце, супярэчыць чалавечай прыродзе. Разумееце, ёсьць статак, а ёсьць пастухі. Пастухі — гэта кіраўнікі, якія заўжды людзьмі кіравалі, а людзі заўжды хацелі, каб за іх усё ўзялі й вырашылі. Таму ўзяць у рукі палкі могуць тыя, хто не належыць ні да статку, ні да пастухоў. Калі я кажу «статак», я нармальна стаўлюся да людзей, зь сімпатыяй, але некаторыя грамадскія працэсы вельмі падобныя і ў жывёльным сьвеце, і ў людскім. Чалавек такі — яму складана ўзяць на сябе адказнасьць. А тут яшчэ і апрацоўка з усіх бакоў ідзе. З аднаго боку дзяржава апрацоўвае: «Нельга, не правакуй, а то Пуцін увядзе войскі. Нельга быць экстрэмістам, трэба жыць па законе». А з другога боку сепаратысты забіваюць, выкрадаюць людзей. Вось й ідзе такая прапаганда з абодвух бакоў, зьмяншаючы і так невялікую колькасьць людзей, якія могуць дзейнічаць. Таму і не бяруць палкі ў рукі. А тое, што ўся ДНР — адзін будынак, таксама няпраўда. Раскіданыя па Луганскай і Данецкай абласьцях лагеры, вельмі вялікая колькасьць каўказцаў, выхадцаў з Крыма, мясцовых вярбуюць — некалькі дзясяткаў тысяч чалавек ужо ёсьць.

 

— Некалькі дзясяткаў тысяч чалавек — дастаткова вялікая групоўка!

 Яны раскіданыя па ўсёй тэрыторыі дзьвюх абласьцей, большасьць дрэнна ўзброеная. Але агульны мабілізацыйны рэзерв такі. Праўда, рэальна каля тысячы чалавек добра ўзброеныя.

 

— Пра беларусаў вашага батальёна: што гэта за людзі, адкуль яны — данецкія беларусы ці тыя, хто прыехаў з Беларусі сьпецыяльна да вас?

— Ёсьць і тыя, хто жыве тут, ёсьць і тыя, хто прыехаў зь Беларусі. Увогуле, у нас ёсьць і грузіны, і беларусы, і рускія.

 

— У Хмяльніцкім было створанае народнае апалчэнне «Падольска січ», і там таксама ёсьць беларусы. Апалчэньне не ўдзельнічае ў баях, займаецца «тылавым забесьпячэньнем», але калі Еўрарадыё зрабіла інтэрв’ю з адным беларусам-апалчэнцам, у каментарах яго адразу назвалі наёмнікам і прыгразілі крымінальнай адказнасьцю за гэта. Вашыя ж людзі не кашу вараць, а ворагаў зьнішчаюць…

 Ведаеце, пры жаданьні з дапамогай СМІ нават з Хрыста можна зрабіць картавага забойцу дзяцей. Зразумела, калі гэтага захоча расейскае ТБ ці беларускае і назаве іх наёмнікамі, як мяне цяпер называюць фашыстам і забойцам, то ніхто іх не спыніць. Але пра што можна казаць, якія яны наёмнікі — у нас тут нічога нікому не плацяць! Што пра тых, хто так кажа, можна сказаць? Людзі, якія за грошы прадаюць сваё сумленьне, нават уявіць ня могуць, што могуць быць людзі іншыя, якія сумленьнем сваім не гандлююць. Затое яны добра ўмеюць агрэсіўна на гэтых іншых нападаць — каб уласны свалачызм не вылазіў, каб не быў такім відавочным.

 

— Вы працягваеце прымаць людзей у батальён?

Наш батальён ужо сфармаваны, і мы спынілі прыём людзей — у нас іх ужо няма куды браць.

 

— Але я ведаю, што і вы, і вашыя падначаленыя працягваеце зьбіраць дабраахвотнікаў.

— Мы дапамагаем фармаваць падобны да нашага батальён, які будзе дзейнічаць у Луганскай вобласьці. І гэта будзе батальён пры міністэрстве абароны — батальён тэрытарыяльнай абароны.

 

— Гэта азначае, што вы не асабліва разьлічваеце на хуткую антытэрарыстычную аперацыю? Як, на вашую думку, будуць разьвівацца падзеі на ўсходзе Ўкраіны?

 Калі нічога ня зьменіцца, то аперацыя працягнецца каля года. Неабходна тэрмінова зьмяняць армію, міліцыю, СБУ — рабіць іх больш сучаснымі, скарачаць ланцужок камандзіраў, скарачаць бюракратычныя інстытуты, прыбіраць людзей, якіх «адмоўны адбор» за апошнія 20 гадоў высунуў на вяршыню ўлады ці ў сярэдзіну ўлады, бо людзі гэтыя некампетэнтныя. Калі гэта зрабіць, то мы справімся хутчэй.

 

— Робячы такія заявы, вы робіце сябе ворагам усіх гэтых армейскіх, міліцэйскіх ды СБУшных генералаў і палкоўнікаў, якія ўтульна адчуваюць сябе ў сваіх мяккіх крэслах і ня хочуць іх страчваць.

 А ў мяне няма іншага выйсьця! І я буду казаць гэтую праўду. Мяне падтрымлівае народ. Калі я перастану гэта рабіць, перастану казаць праўду, мяне перастануць падтрымліваць. А зь іншага боку, за маю галаву і так прызначаная ўзнагарода, так што нічога не застаецца іншага, як перамагаць. Перамога мне патрэбная з дзьвюх прычынаў — з асабістай і з патрыятычнай.

 

— І колькі сёньня каштуе вашая галава?

 Пакуль 100 тысяч долараў.

 

— Паводле інфармацыі, шмат сілавікоў Данецкай і Луганскай абласьцей альбо відавочна падтрымалі сепаратыстаў, альбо сімпатызуюць ім. Чаму, як вы лічыце?

 Тут вялікую ролю адыгрывае інфармацыйная вайна. Ня трэба ігнараваць яе значэньне. Асабліва ў сітуацыі, калі з боку тваёй дзяржавы яна не вядзецца, а чужая дзяржава вядзе яе пасьпяхова. Другая прычына — менталітэт. Людзі з краін былога Савецкага Саюзу ўспрымаюць Расею як пераемніцу гэтага Савецкага Саюзу. І шмат хто свае сімпатыі да СССР пераносіць на Расею. Ёсьць і трэцяя прычына, якая толькі цяпер стала відавочнай: стала вядома, што ўкраінскія органы ўлады, сьпецслужбы, армія проста перанасычаныя расейскай агентурай. Яны гадамі тут працавалі ў якасьці рэзідэнтаў і гэтак далей. Думаю, што і ў Беларусі тое самае.

 

— Але ж паводле пагадненьня паміж краінамі СНД займацца выведкай на тэрыторыі краін садружнасьці сьпецслужбы ня маюць права…

 Не сьмяшыце мяне, калі ласка.

 

— Украінскія ваенныя эксьперты асьцерагаюцца, што беларускія вайскоўцы ў пэўных умовах могуць далучыцца да расейскай ваеннай аперацыі ва Ўкраіне. Вы такую імавернасьць як ацэньваеце?

 Не, Беларусь у гэтым ня будзе падтрымліваць Расею — Лукашэнка далёка не дурань. Ён заняў узважаную пазіцыю. Так, «Расея — нашы браты», «Януковіч дурань, што ўсё прас*ў», але «няхай народ сам вырашае». Байкі, хохмы — і ўсё! Хутчэй за ўсё Беларусь ня дасьць уцягнуць сябе ва ўсё гэта. Лукашэнка выдатна разумее, што ўзровень падтрымкі Ўкраіны ўсім сьветам – няхай гэта падтрымка пакуль толькі на словах – вельмі высокі. Што выяўляецца ў санкцыях супраць Расеі. Трэба такія ж санкцыі Беларусі? Эканоміка Беларусі больш слабая, чым эканоміка Расеі, й больш залежыць ад усіх гэтых нюансаў. Таму я ня думаю, што Лукашэнка на гэта пойдзе. Якія выгады ён з гэтага будзе мець? Ніякіх.

 

— Ці можа Беларусі пагражаць тое, што цяпер адбываецца ва Украіне, з боку Расеі?

 Наўрад ці. Няхай яны Ўкраіну спачатку паспрабуюць састрававаць!

 

— Вас называюць фашыстам і забойцам — як на самай справе ставяцца да вас, вашай дзейнасьці простыя людзі Данеччыны?

— Па шчырасьці, я ўзроўнем падтрымкі нават крыху зьбянтэжаны. І гэтая падтрымка выяўляецца ў тым ліку ў пажаданьнях, у малітвах. Я не кажу пра матэрыяльную падтрымку. Я ўжо казаў, што мы на каскі для ўсяго батальёна грошы сабралі за дзень — я пост напісаў, і простыя людзі да канца дня сабралі неабходную суму. Падтрымка гэтая нават перавышае маё разуменьне. Відаць, проста больш ніхто гэтым сёньня не займаецца, і таму ўсе надзеі людзей на нас.

 

— У вас хапае ведаў і досьведу для таго, каб прафесійна планаваць і праводзіць ваенныя аперацыі?

 Акурат цяпер я займаюся падборам талковых намесьнікаў і па батальёне, і па аддзеле выведкі, і па інфармацыйным аддзеле. З улікам дапамогі адмыслоўцаў і з улікам нармальнай каардынацыі дзеяньняў – хапае ведаў.

 

— Вы верыце ў перамогу?

— Так, вядома!

 

 Ці закончацца праблемы ўсходніх рэгіёнаў Украіны, усёй вашай краіны з разгромам сепаратыстаў?

— Вы правільна кажаце — гэта праблемы не нашага рэгіёна, а Ўкраіны ўвогуле. Не, на разгроме сепаратыстаў яны ня скончацца. Нам яшчэ давядзецца сутыкнуцца з тым, што практычна ўся гэтая сістэма, якую мы называем злачыннай, у закансерваваным стане, у сваіх самых адыёзных механізмах – застанецца. Неабходна будаваць нармальную дзяржаву. Для гэтага патрабуецца палітычная воля і пэўныя дзеяньні. Прычым хуткія дзеяньні. Павінна сабрацца каманда людзей, якія гэтым будуць займацца. Я іх называю сеткай патрыётаў. Вось ёсьць сетка патрыётаў і ёсьць сетка нягоднікаў. А дзяржавы ў нашай краіне сёньня рэальна няма. Сетка патрыётаў — гэта людзі на розных узроўнях. Гэта дэпутаты, нейкія чыноўнікі, асобныя людзі зь Мінабароны, СБУ, міліцыі, журналісты — тыя ж Дзмітрый Тымчук (кіраўнік Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў — Еўрарадыё), ды Юрый Бутусаў (рэдактар censor.net.ua — Еўрарадыё), медыкі, простыя людзі. Гэта людзі, якія шукаюць адзін аднаго, якія спрабуюць абмяняцца бачаньнем будучыні нашай краіны і спрабуюць выцягнуць яе з багны, у якой яна знаходзіцца. А сетка нягоднікаў, незалежна ад таго, які сьцяг намаляваны на іх куртцы — расейскі ці ўкраінскі, спрабуюць Украіну разарваць на часткі, каб вырашыць свае аднамомантныя інтарэсы. Гэта такія дзьве сеткавыя структуры. Яны нефармальныя, але яны існуюць. Зь першай з гэтых дзьвюх структур і зьявіцца новая дзяржава, я спадзяюся.

 

— Выглядае на тое, што вас спрабуюць сутыкнуць з «Правым сектарам». Як вы думаеце, хто за гэтым стаіць?

 За рознымі спробамі стаяць розныя людзі. Гэта можа быць як і Крэмль, так і мясцовыя таварышы. Такіх спроб нас сутыкнуць было некалькі. І часьцей за ўсё мы разумеем, хто за гэтым стаіць. Бо прасачыць, адкуль ішоў «выкід», дастаткова проста. Калі казаць пра апошнюю спробу, то «выкід» пайшоў з сайта тэлеканала Ганны Герман — вядомай дзяячкі «Партыі рэгіёнаў».

 

— Кажуць, што чалавеку, які выкарыстоўвае зброю для забойства людзей, дастаткова проста ператварыцца ў драпежную жывёлу. Вы з гэтым згодны? Бачыце для сябе такую небясьпеку?

 Такая небясьпека сапраўды ёсьць. Гэты тычыцца любога чалавека — і мяне таксама.

 

— І як будзеце з гэтым змагацца?

 Пакуль з Божай дапамогай. Я апошнім часам шмат размаўляю са сьвятаром, шукаю адказы на пытаньні: «Ці маю я права пасылаць людзей на сьмерць?», «Як да гэтага ставіцца Бог?». Паверце, мяне як звычайнага чалавека гэта вельмі моцна хвалюе. Але бачачы той узровень зьвярынай жорсткасьці, зь якім звычайныя людзі не сутыкаюцца, я разумею, што небясьпека стаць такімі ж у нашых дзеяньнях у адказ вельмі вялікая. Так што пакуль я гэтага ператварэньня пазьбягаю з Божай дапамогай. А што будзе далей — паглядзім. Вельмі не хацелася б мяняцца.

 

— Ці ёсьць у вашым батальёне дзяўчаты?

 Так, цяпер іх 10 чалавек. Гэта ў асноўным сувязісткі, працуюць у інтэрнэце. Так што дзяўчаты ёсьць, але ў баявых дзеяньнях яны не ўдзельнічаюць.

 

— Вы сказалі, што больш у свой батальён людзей не прымаеце. Але калі прыйдуць людзі, што хочуць дапамагчы вам у вашым змаганьні, з Беларусі, Грузіі ці адкуль яшчэ, вы што іх не прымеце, дамоў адправіце?

 У нас ёсьць батальён добраахвотнікаў, і ўсе роты, якія знаходзяцца на тэрыторыі вобласьці, партызаняць, па вялікім рахунку. Я магу адправіць іх туды.

 

— Пагроза быць забітым, недахоп узбраеньня, бытавыя праблемы — што на сёньняшні дзень вам бачыцца самым складаным?

 Самае складанае — зразумець, што чалавек зь сілай волі й жаданьнем дапамагчы сваёй краіне можа зрабіць вельмі шмат. Часам цяжка паверыць, наколькі шмат. Зьмяніць звычайнае ўяўленьне пра сябе і паверыць у здольнасьці, якія праяўляюцца ў такія пікавыя моманты, — гэта і ёсьць самае складанае. Узяць на сябе той узровень адказнасьці, які толькі магчымы. Замерыць гэты ўзровень адказнасьці, узровень таго, што ты можаш зрабіць для краіны — гэта самае цяжкае. А ўсё астатняе…

 

— Чаго вы больш за ўсё баіцеся?

— Загінуць праз глупства.

 

— А здрады баіцеся?

 Я ж і кажу — загінуць праз глупства. Асьцерагаюся гэтага — не баюся. Калі б баяўся, то мяне б тут не было. Але загінуць праз глупства… Да прыкладу… не, ня буду прыводзіць прыклады. Можна загінуць за радзіму, прынёсшы ёй вялікую карысьць, можна жыць для радзімы, а вось загінуць праз глупства вельмі б не хацелася. Глупства свайго ці сваіх падначаленых — бяз розьніцы.

 

— Вы думалі пра будучыню свайго батальёна, што зь ім стане пасьля перамогі — расфарміруеце і распусьціце людзей ці ён увойдзе ў склад арміі?

Я ня думаю, што да канца баявых дзеяньняў мы застанемся батальёнам.

 

— Добра, ваш полк!

 Я думаю, што лепш гэта назваць «рухам». Рухам людзей, якія сур’ёзна вырашылі заняцца дапамогай тым здаровым сілам у дзяржаве, якія заўжды прысутнічаюць, каб усё ж такі рэформы рэальныя правесьці. Больш за 20 гадоў мы да гэтай справы прымерваліся — час прыйшоў. Я не хачу пакінуць сваім дзецям мару пра сьветлую будучыню — я хачу яе цяпер! А для гэтага неабходна вельмі моцна прыціснуць карупцыю, перабудаваць непаваротлівыя механізмы, у тым ліку вайсковыя. Дзе я магу дапамагчы краіне, там і буду працаваць. Што да астатніх маіх людзей, то я ўпэўнены — яны стануць сьвежай крывёй у механізьме дзяржаўнага кіраваньня. На тых месцах, дзе ў іх хопіць здольнасьцяў працаваць.

 

— Чаму б вашай вайсковай адзінцы, якія б памеры яна ў выніку ні займела, не стаць ядром будучай прафесійнай украінскай арміі?

— Гэта вялікі гонар, вядома. Калі нам хопіць ведаў, сіл і волі — гэта было б добра. Украіна цалкам можа быць лідарам і ў рэгіёне, і ў сьвеце — тут дастаткова і людзей разумных, і прыродных рэсурсаў, і ўсяго астатняга. Але трэба перастаць красьці, вылучаць людзей не ў адпаведнасьці зь іх здольнасьцямі, а дзякуючы сувязям… Блін, я не рамантык, я разумею, што ва ўсім сьвеце ўсё не так ружова, як мне мроіцца, але ж не да такой ступені ўсё пагніло, як у нашай краіне. Таму рознае магчыма — паглядзім.

 

=

Ад рэдакцыі:

Сапраўды, як добра, што за свабоду Ўкраіны змагаюцца таксама і беларусы-літвіны!

 

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы