Узята з http://nn.by/?c=ar&i=129727 – і нязначна адрэдагавана
5 сутак у катоўні тэрарыстычнай арганізацыі «Данецкая народная рэспубліка» (ДНР) правёў член акруговай выбарчай камісіі Даніла, 30-гадовы жыхар Данецка (з-за небясьпекі для яго жыцьця не называецца прозьвішча і не публікуецца яго фота). Ён распавёў выданьню «Обозреватель» пра тое, хто кіруе дзеяньнямі тэрарыстаў, як выкрадальнікі ўзьдзейнічаюць на закладнікаў, і чаму, знаходзячыся ў палоне, ён спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам.
Данілу 30 гадоў. Ён былы прыватны прадпрымальнік. З-за самаабвешчанай «ДНР» страціў маёмасьць, прыбытак, здароўе. З пераломам скроневай косткі, ушыбам нырак, разрывам барабаннай перапонкі ды іншымі наступствамі палону цяпер праходзіць лячэньне ў адной з клінік Кіева.
Тэрарысты захапілі Данілу і яшчэ двух членаў камісіі, у якой ён працаваў, напярэдадні выбараў прэзідэнта. Далейшыя пяць сутак палонныя правялі ў склепе будынка СБУ Данецкай вобласьці, які знаходзіцца пад кантролем самаабвешчанага намесьніка камандуючага фэйкавай «Данецкай народнай рэспублікай» Сяргея Здрылюка па мянушцы «Абвер».
Перамовы аб вызваленьні членаў выбарчай камісіі вялі прадстаўнікі ААН.
З былым закладнікам гутарым у шпітальным калідоры. На шыі ў Данілы странгуляцыйная баразна, запясьці перабінтаваныя пасьля парэзаў, на нагах і твары сінякі. На адно вуха цялкам ня чуе.
— Як вас выкралі?
Спынілі на вуліцы даішнікі за дробязнае парушэньне і выклікалі ДНРаўцаў. Узброеныя аўтаматамі баевікі абшукалі машыну, знайшлі ўкраінскі сьцяг і сказалі, што мы арыштаваныя. Прывезьлі ў Данецкую СБУ. У мяне было 350 грыўняў, картка, тры тэлефоны, рэчы, красоўкі. Забралі ўсё – пасьля першага допыту да мяне прыйшоў днявальны, а ў мяне ззаду былі рукі зьвязаныя, ён стаў лазіць па кішэнях.
Людзі там розныя. Ёсьць ідэйныя. Ёсьць і такія, хто верыць у справядлівасьць. Але больш такіх, што тупа зарабляюць. Такія кажуць: «Дай сумленных прадпрымальнікаў, у якіх ёсьць заказы з Кіева. Перапішы на мяне кватэру, машыну», – вось што іх цікавіць.
Выбівалі паказаньні людзі, якім гэта падабалася. Некаторыя спачувалі: «Мне лягчэй прыстрэліць чалавека, чым зьдзекавацца». Некаторыя задавальненьне атрымлівалі, білі й паўтаралі: «Ты мяне баішся? Жыць хочаш?»
— Пра што пыталіся на допыце?
Дапытвалі людзі, якія абсалютна не разумеюць, што такое выбары ва Ўкраіне, што такое «каруселі». Не разумеюць нашых рэалій. Пыталіся, як я трапіў на выбары. Якія арганізацыі ладзяць фальсіфікацыі. Калі я адказаў «Партыя рэгіёнаў», думаў, што атрымаю па печані. Але для іх што Партыя рэгіёнаў, што «Свабода» — без розьніцы. Акрамя «Правага сектару» нічога ня ведаюць.
Наконт «Правага сектару» там рэальная параноя. Патрабавалі, каб здаваў ім «правасекаў», удзельнікаў Еўрамайдану, іншых ўдзельнікаў выбарчага працэсу. Пыталіся, зь кім я сябрую і ці быў на Майдане.
Прапаноўвалі выманіць кіраўніка АВК, каб яны маглі яго выкрасьці. Білі мяне чым папала па ўсім целе. На сьпіне доўга быў адбітак ад бота.
— Як праходзілі вашы дні ў палоне?
У цемры. З завязанымі вачыма. У падвале. Адзін, на бетоннай падлозе, дзе ляжаў кавалачак паралону са скрынак ад драбавікоў. 55 см на 70 см — такога памеру быў мой «ложак». Там памераў локцем, а пасьля дома ўдакладніў.
1,5 сутак мяне трымалі са зьвязанымі ззаду рукамі. Апухлі плечы і рукі. Рукі разьвязвалі, калі кармілі, калі вадзілі ў прыбіральню і на працу. Калі адзін раз пакінулі з разьвязанымі рукамі, пайшоў на суіцыд.
Моцна ацякалі й нылі плечы, таму ляжаць у склепе на халоднай падлозе было нават прыемна.
Потым — выводзілі на працу ў двор. Разьбіраць высакавольтныя кабелі — там шпулькі стаялі (сьмяецца), чым яшчэ могуць ДНРаўцы займацца, акрамя як кабелі на медзь разьбіраць? Пясок яшчэ грузілі …
Праца таксама чаргавалася са зьбіцьцём. У гэты час працягвалася вярбоўка. Казалі, што на іх бок пераходзяць пасьля допытаў многія. Але верыць гэтаму нельга, хлусяць там павальна.
— Праўда, што на праваслаўі там усе памяшаныя?
Катаваньні й зьдзекі ў іх з праваслаўем нармальна спалучаюцца. У двары СБУ ёсьць капліца. І сьвятар туды прыходзіў праваслаўны. Калі я павесіўся, яны мяне сталі лаяць за грэх. Пры гэтым адзін кат сказаў, што ходзіць у капліцу СБУ рэгулярна. Я яго спытаў: «Як так — у ста чалавек адабраў жыцьці й можна адмаліць, а мне за тое, што адно жыцьцё забраў (у сябе), Бог не даруе?» Ён сказаў: «Ну, вось так атрымліваецца».
— Вы бачылі іншых палонных?
Калі мяне выводзілі з адзіночкі, яны завялі туды рыма-каталіцкага сьвятара. Яго ўсяго абматалі скотчам, і нават заходзіць да яго потым не хацелі, бо, магчыма, чалавек быў вымушана ходзіць пад сябе… Абвясьцілі яго сектантам. Ён кажа ім: «Я каталік», а яны: «Так, быў тут у нас адзін, як ты — саентолаг». Ім што каталік, што саентолаг … Біблію ў руках, думаю, не трымалі.
Яшчэ сярод затрыманых быў журналіст са львоўскай прапіскай.
Яны ходзяць па камерах і робяць пераклічку, а я слухаю і лічу. Так даведаўся, што на момант майго выкраданьня ў склепе СБУ было 23 чалавекі, а калі мы з калегамі сыходзілі — 30.
— Чаму вы спрабавалі забіць сябе?
Перад суіцыдам білі асабліва моцна. Думаў, забьюць да сьмерці. Пагражалі, што выражуць сямью. Патрабавалі, каб здаваў ім тых, каго я ведаю. «Прыдумай, як выклiкаць, і да цябе будзе іншае стаўленьне». Вывабліваць людзей я ня мог.
Далі 2 гадзіны падумаць і выспацца, потым абяцалі катаваць. Так і сказалі — катаваньні. Я знайшоў у кішэні ключ ад кватэры, стаў тачыць яго аб бетонную падлогу. Паспрабаваў вены перарэзаць. Піліць давялося — гэта непрыемна… Мала што атрымалася, кроў не пайшла. Таму я зьняў шнуркі з красовак і зрабіў пятлю (пасьля ва ўсіх шнуркі забралі)… Ачуняў ужо ў іншай камеры. Спачатку наогул мала што разумеў, і чуў дрэнна. Здавалася, што людзі моўчкі ходзяць вакол мяне і робяць незразумелыя дзеяньні. Язык пракусіў, калі вешаўся. Мне доўга не маглі расьціснуць ськівіцу. Прыводзілі да жыцьця іх жа лекары — таксама сепаратысты. І жанчыны сярод іх былі.
Калі ратавалі — кінулі на падлогу і доўга палівалі вадой. Распавялі, што знайшоў мяне днявальны. Нармальны пацан, 18 гадоў. Ён сказаў: «Не паверыш, я нікога пальцам не крануў».
Пасьля павешаньня пачаліся эпілептычныя прыпадкі, але тое, што я пайшоў на суіцыд, магчыма, выратавала жыцьцё.
— Ці шмат у будынку СБУ расейцаў і якая іх роля?
Пра колькасьць цяжка меркаваць, але там даволі шмат расейцаў, былі й каўказцы. А запраўляюць усім ГРУшнікі (ГРУ — Галоўнае выведвальнае ўпраўленьне — орган зьнешняй выведкі Мінабароны РФ. — Аўт.). Па ўрыўках фраз зразумеў, што многія зь іх былі ў Крыме.
Для далейшых патрэб расейскіх афіцэраў з масы мясцовых «апалчэнцаў» будзе ўзяты адзін баец. Данецкія прыхільнікі «ДНР» у СБУ праходзяць як бы атэстацыю, а мы — матэрыял для вучобы. Астатнія данецкія ДНРаўцы — гэта ўсё «груз 200» (гарматнае мяса. — Аўт.).
Штрафнікі ёсьць і зь ліку «апалчэнцаў» — нехта зь іх трапіў у камеру за тое, што напіўся, хтосьці — буяніў. З адным размаўляў — ён сказаў, што ён з каменданцкай роты і нападпітку ў кагосьці машыну забраў. За гэта яго таксама, як мяне, адправілі пясок грузіць. Такія людзі там — расходны матэрыял.
— Ці можаце назваць мянушкі, імёны?
Керч Уладзімір Іванавіч — іх галоўны. Яго нельга назваць жорсткім. Адзіны, хто ўсё кантраляваў… Дапускаю, што ўсе «абверы» і «стралкі» нічога не вырашаюць. Зрабіў выснову, што ў яго гадоў 20 вайны за сьпіной.
Тыя, што білі, былі ў масках, ды і ў мяне часьцей за ўсё падчас допытаў вочы былі завязаныя. Ідэнтыфікаваў іх па звычках, і галасы былі чутыя. Яны вялі сваё «расследаваньне», а я — сваё.
Самым злым быў Сьвят. Хлопец гадоў 20—22, з маскоўскім акцэнтам — яго называлі сынам Керча, але ня ведаю, ці так гэта. Ён як злое дзіця, якому ўсё можна. Калі нас везьлі яшчэ ў СБУ, прагучала фраза: «Толькі б не да Сьвята, я пасьля яго не магу працаваць зь людзьмі». Але я так зразумеў, што я да яго і трапіў. Вось ад гэтага Свята і атрымліваў у галаву.
Сьвят мне адразу сказаў: «Я з Расеі, з крамлёўскага вучылішча» (Маскоўскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча. – Аўт.).
Адзін аднаго яны называюць па мянушках. Быў там Паляўнічы, Поўдзень, Чэрап (па-мойму, яго клічуць Юра).
А нас яны называлі палітычнымі.
Хачу адзначыць, што на АДА (у будынку захопленай тэрарыстамі аблдзяржадміністрацыі. – Аўт.) і ў СБУ зусім розныя групы. Там, дзе я быў, там група «абвера».
— Якія катаваньні да вас яшчэ ўжывалі і што было самым страшным?
У адну з начэй паднялі, паставілі да сьценкі й моўчкі сталі біць электрашокерам. Пасьля суіцыду зьвязалі рукі ўжо ў некалькіх месцах, і яшчэ перевязалі ногі, у такім выглядзе пакінулі на 8 гадзін. Але гэта ўсё ня так важна ў параўнаньні з тым, што пакуль там быў, моцна за родных перажываў. Яшчэ быў момант: чалавека зьбівалі на маіх вачах і казалі, што яго жыцьцё залежыць ад мяне. Было страшна, што могуць пацярпець людзі, якіх я ведаю. Абяцалі мяне прыстрэліць, пакалечыць, адправіць гадоў на дзесяць у расейскую турму.
Хоць хлусяць там бязбожна. Адзін сказаў: «Мяне 9 чалавек зьбівалі, але я не павесіўся». А на наступны дзень такую ж гісторыю пра 9 чалавек ужо іншы выкладае. І ў кожнага зь мясцовых — ці цяжарная дзяўчына загінула ад рук майданаўцаў, ці родны брат згарэў. Хто кажа, што ў Адэсе, а ў каго — «у Кіеве згарэў брат-беркутавец». Верыць ім нельга — ні тады, калі пагражаюць «расстраляем», ні калі кажуць «адпусьцім». Цяпер, калі расейскую мову з «аканьнем» чую — уключаецца абарона: успрымаю як тупую хлусьню.
— Як вы вырваліся?
Спачатку яны ледзь не захапілі прадстаўнікоў місіі ААН, якія пайшлі да іх на перамовы. Потым даказвалі, што такіх людзей, як я і мае калегі, у СБУ няма. Потым Керч нас выклікаў і патлумачыў, што правялі праверку і нас адпускаюць. Калі выходзілі, я так знахабіўся, што кажу: «Дайце мне даведку аб вызваленьні». І ён выпісалі нейкую паперку.
Выйшлі мы з данецкай міліцыяй. Там было некалькі чалавек у цывільным. Нас вывелі за перыметр, пасадзілі ў міліцэйскія машыны і прывезьлі ў гарадское УМУС. Завялі ў кабінет начальніка Юрыя Сяднёва. І сказалі: «Падзякуйце чалавеку, гэта ён вас выцягнуў», — гэта пра начальніка міліцыі горада Данецка.
— Відаць, данецкія мянты ведаюць тых, хто выкрадае і катуе?
Пакуль я ў СБУ знаходзіўся, часта ўзьнікала адчуваньне, што побач знаходзяцца мясцовыя СБУшнікі. Называлі яны сябе аператыўнікамі. І іх там нямала. А данецкая міліцыя… яны туды ўваходзяць. Яны кантактуюць. Як пасьля перамогі Майдану ў Кіеве Самаабарона хадзіла разам зь міліцыяй, так і там — але толькі міліцыя з «ДНР». Яны многія рэчы капіруюць з Майдану.
— Якіх памылак лепш не дапускаць у палоне?
Я скупы на эмоцыі. Думаю, гэта выратавала жыцьцё мне, а можа, і астатнім — тым, праз каго спрабавалі паўплываць на мяне. Чалавека, які быў са мной у камісіі, прымусілі назваць ім пін-код яго карткі, пагражаючы, што забьюць мяне. А некаторых там ламаюць. Адзін затрыманы сказаў, што можа ім дапамагчы — расказаць, дзе стаяць ваенныя часткі й перадаць туды атруту… Пра яго мне казалі: «Вось ён малайчына, ідзе на супрацоўніцтва».
Дарэчы, цыгарэты там таксама сродак узьдзеяньня. Таму я кінуў паліць. Пасьля суіцыду прапанавалі папаліць, я адказаў: «Не, паліць — шкодна для здароўя».