nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“Гэтая вайна – не за справядлівую справу!”

23 чэрвеня, 2014 | Няма каментараў

БасілашвіліПапулярны актор тэатра і кіно, народны артыст СССР Алег Басілашвілі (гл. фота зьлева) даў інтэрвю пецярбужскаму інфармацыйнаму агенцтву “Росбалт”. Яго асноўная тэма – падзеі на паўднёвым усходзе Ўкраіны і роля ў іх кіраўніцтва Расеі. Задаваў пытаньні актору (часта правакацыйныя) журналіст Андрэй Валодзін. Большую частку гэтага інтэрвю мы падаем ніжэй (узята адсюль: http://www.rosbalt.ru/piter/2014/06/22/1282692.html). Нашая мэта – зафіксаваць, што нават прыстойныя расейцы з-за расейскай прапаганды мала ў чым здольныя разабрацца…

Рэдакцыя.

 

– Алег Валяр’янавіч, тая вайна, сьведкам якой вы былі, даўно скончылася, а новая, падобна, толькі пачынаецца. Што вы пра гэта думаеце?

– 22 чэрвеня 1941 года. Гэты дзень я памятаю вельмі выразна. Я быў у Маскве, на роднай Пакроўцы, дом 11. Раніца была ясная, сонечная. Мы з мамай ішлі па Чыстых сажалках глядзець кіно ў “Калізей” (там цяпер тэатр “Сучасьнік”). На прыступках кінатэатра ля ўваходу стаяў невялікі натоўп. Сярод гэтых людзей стаяла жанчына ў чырвоным бярэце, якая ў кінатэатры правярае квіткі, і пра нешта ўсхвалявана распавядала. Мы падышлі, мама нешта пачула. А потым узяла мяне за руку і сутаргава павяла дадому. Я быў страшэнна засмучаны. Высьветлілася, што жанчына ў чырвоным бярэце пераказвала паведамленьне па радыё – выступіў Молатаў. Пачалася вайна.

[У тую вайну] наш лозунг быў: “Наша справа справядлівая, вораг будзе разьбіты, перамога будзе за намі”. Але вось што тычыцца сёньняшняй вайны ва Ўкраіне – шчыра кажучы, я ня вельмі разумею, што там адбываецца і чаму. Хто ад каго што абараняе? Думаю, нам не паведамляюць ўсёй праўды пра гэта. А раз не паведамляюць, значыць, нешта мы робім не зусім слушнае.

 

Вы думаеце, не за зусім добрую справу б’юцца апалчэнцы Паўднёва-Усходу?

Я не разумею, за што менавіта яны б’юцца. Жудасна толькі адно: гінуць мірныя людзі, у першую чаргу, вядома, вайсковаабавязаныя, а затым дзеці, жанчыны, старыя. Яны-та ў чым вінаватыя?.. Гэтых мярзотнікаў, хто б яны ні былі, якія справакавалі ваенныя дзеяньні, рана ці позна будуць судзіць судом ўсіх народаў.

 

– Каго вы маеце на ўвазе?

Я ня ведаю. Хтосьці ж у гэтым зацікаўлены! Камусьці трэба, каб гінула грамадзянскае насельніцтва, а на Паўднёва-Усходзе Ўкраіны была крывацечная рана.

Каму патрэбная чужая кроў? І галоўнае, незразумела – у імя чаго? Я не разумею, якіх мэт дамагаюцца так званыя паўстанцы. Аддзяленьня ад Украіны? Не. Таго, каб быць з Расеяй? Таксама не – яны гэтага патрабаваньня не вылучаюць. А нават калі б і вылучалі – ці мала хто чаго патрабуе. Федэралізацыі? Так яна ім паабяцаная. Нейкіх зьменаў у канстытуцыі? На гэта ў Кіеве таксама ўжо згодныя. Чаго ж гэтыя людзі далей-та супрацівяцца?! Можа, хопіць адстрэльвацца, хлопцы, – за што вы бьяцеся? Не, зноў страляюць…

Нічога зразумець нельга. СМІ не даносяць да мяне поўную карціну таго, што адбываецца. Чаму туды ідуць нейкія добраахвотнікі з Расеі? Якім чынам яны туды прыходзяць? Ёсьць жа мяжа!.. Яна павінна быць на замку. А тут дзясяткі, сотні добраахвотнікаў са зброяй пераходзяць яе – і хоць бы што. Як гэта можа быць? І што гэта за людзі? А іх найноўшая зброя? Вы што, можаце са стралковай зброі зьбіць верталёт? Не, ня зможаце, якой бы яна ні была выдатнай і дакладнай. А вось з ПЗРК – можна. А адкуль гэтыя ПЗРК? Там што, на Данбасе і Луганшчыне, велізарныя склады ўзбраеньняў?..

 

– Вам здаецца, што гэтым людзям цяпер трэба здацца?

– Трэба спыніць гэтую бойню. На месцы паўстанцаў я б выйшаў на высокі пагорак, узяў бы ў рукі зброю, паклаў яе на зямлю і закрычаў: “Браткі, усё! Мы спыняем стральбу. Перастаньце і вы таксама. Давайце сядзем, пагаворым…” [гэта дакладна тое, што і мы ў рэдакцыі прапанавалі. – Рэд.]. А ўменьне націскаць на гашэтку і адчуваць сексуальнае задавальненьне ад таго, што ты забіў чалавека – гэта, ведаеце, не геройства, а злачынства. Я сам быў бежанцам, і памятаю, як мы беглі з Масквы ў снежні 1941-га. Памятаю, як гэта цяжка і страшна. Навошта цяпер людзей мучыць? Там хоць, прынамсі, наш народ змагаўся супраць фашызму, закабаленьня немцамі нас, рускіх і савецкіх людзей. А цяпер дык супраць чаго яны змагаюцца? І хто ім дапамагае?..

 

– Але ж калі апалчэнцы складуць зброю – іх забьюць. А мірных людзей спаляць гэтак жа, як у Адэсе.

– Пачакайце! Значыць, па-вашаму, у задачу кіеўскага кіраўніцтва ўваходзіць спаліць Паўднёва-Усход Украіны?

 

Чаму не? Зараз там ўкраінскія вайскоўцы бамбяць і абстрэльваюць з гармат гарады, мірных людзей [цікава, дзе быў гэты журналіст, калі расейскія войскі з у шмат разоў большай інтэнсіўнасьцю і ў шмат разоў большым маштабе зьнішчалі Чачню?! – Рэд.].

– Яны бамбяць не грамадзянскае насельніцтва, а толькі тых, хто зь імі змагаецца, нейкія ўнутраныя войскі ў гэтых Данецкай і Луганскай рэспубліках. Мірныя людзі проста трапляюць пад агонь, на вялікі жаль… Усё гэта выклікае ў мяне вельмі непрыемныя думкі. Навошта нам гэта трэба? Мы, дзякуючы далучэньню Крыма, замест брата і сябра, які побач з намі, ужо набылі злога ворага – на ўсе стагоддзі.

 

– Як вы думаеце, чаму рускіх, якія перамаглі фашызм, так не любяць на Захадзе – не ў самой Нямеччыне, а ў іншых краінах Еўропы, у тым ліку ва Ўсходняй?

– Для нашых салдат вайна была самай сьвятой справай. І слава ўсім, хто тады ваяваў! А вось потым у вызваленых ад фашызму краінах так званай усходняй дэмакратыі – Чэхаславакіі, Венгрыі, Югаславіі, Польшчы, Румыніі, Балгарыі – наша армія зацьвердзіла новы сацыялістычны парадак. Гэтыя краіны адчулі сябе акупаванымі СССР. Мы насаджалі там свае правілы, арыштоўвалі праціўнікаў рэжыму… Таму нас ня любяць, мы зьявіліся нібы другімі акупантамі. Мы спрабавалі зрабіць добрае, даць гэтым краінам новае жыцьцё, тое, пра якое марылі самі. Але яно [новае жыцьцё] прынесла з сабой ахвяры і пакуты… Я думаю, у гэтым уся справа. Акупантаў ня любяць нідзе, зь якімі б добрымі намерамі яны ні займалі чужыя землі.

 

– У гэтым годзе кіеўская ўлада адмяніла ўсе ўрачыстасьці, прымеркаваныя да сьвяткаваньня Дня Перамогі. На Заходняй Украіне ветэранам Вялікай Айчыннай наогул забаранілі сьвяткаваць Дзень Перамогі, а грамадскім арганізацыям і партыям – праводзіць масавыя акцыі ля месцаў воінскіх пахаваньняў. Як вам гэта?

– Шчыра кажучы, я ў гэта ня веру. Гэта няпраўда. Гэтага ня можа быць.

Я быў у Кіеве мінулым летам. Там ля падножжа манумента Радзіме-маці на высокім беразе Дняпра стаіць вайсковая тэхніка, якая прымала ўдзел у баях. Гэта дзеючы музей вайсковай славы. Я быў і ў іншых месцах Украіны, дзе савецкія войскі далі адпор фашызму. І ня веру ў тое, што там чамусьці забараняюць сьвяткаваць 9 траўня. Каму патрэбная гэтая хлусьня? Давайце, я спытаюся ў вас: хто яны такія, хто супрацівіцца на Паўднёва-Усходзе Ўкраіны? Чаму ня хочуць жыць у міры, у адной дзяржаве разам з усімі ўкраінцамі й новым кіеўскім урадам, які вылучыў Майдан?

 

Яны кажуць, што не жадаюць жыць у адной дзяржаве з бандэраўцамі – спадчыньнікамі памагатага фашыстаў Сьцяпана Бандэры [кожны элементарна можа даведацца, што С. Бандэра быў арыштаваны немцамі й усю вайну прасядзеў у нацысцкім канцлагеры… – Рэд.] і тых паліцаяў, якія лютавалі на Ўкраіне разам з немцамі [як жа яны, бедныя, папярэднія 74 гады разам жылі? – Рэд.].

– Выходзіць, мы з вамі хочам жыць разам з фашыстамі? У Расеі яны таксама ёсьць, свае бандэраўцы. Дык давайце цяпер усе таксама паўстанем. Што ж мы маўчым, ня б’ем фашыстаў у сябе дома?

 

– Але ў нас яны пакуль не прыйшлі да ўлады…

– А ў Кіеве, вы лічыце, прыйшлі? А чаму? Ведаеце, колькі нацыяналісты там атрымалі на выбарах у Раду? Нейкія малыя працэнты. Што ж нам хлусяць з нагоды таго, што бандэраўцы ўзялі ўладу ва Ўкраіне?.. Вось гэта хлусьня мяне і насьцярожвае, таму што чалавек, які хлусіць, аказваецца, хлусіць ў імя нейкіх нядобрых мэтаў. Якіх – я ня ведаю.

 

– Ёсьць меркаваньне – маўляў, з-за Крыму пачнецца цяпер вайна Ўкраіны з Расеяй, а потым і з усім сьветам. І зноў пойдуць пахаванкі нашым маці. І каб вайна не прыйшла ў наш дом, трэба аддаць Крым назад. І тады нас, можа быць, не крануць, пакінуць у спакоі…

– Крым – ня цацка: адабраў – аддаў назад. Народ Крыму – таксама ня цацка. Трэба лічыцца з тымі, хто жыве там. Быў праведзены рэферэндум, і сапраўды, я ў гэта веру, большая частка крымчан выказалася за далучэньне да РФ [асабліва ўкраінцы і татары… – Рэд.]. Але ўявіце сабе, што Кубань прагаласуе за тое, каб далучыцца да ЗША. Значыць, Штаты могуць увайсьці туды і завалодаць Кубаньню? І як бы мы назвалі гэты акт? Напэўна, акупацыяй… Могуць сказаць і фіны: Карэльскі перашыек – былая фінская зямля. А ну-ка, мы яго адцяпаем! І пайшло, і паехала. І пачынаецца сусьветная вайна… Калі мы хочам дапамагчы рускім, якія пакутуюць на Ўкраіне ад Адэсы да Луганска – ну што ж, у нас поўна земляў на ўсходзе краіны, і ня толькі там. Міласьці просім, прыязджайце, а мы вам дапаможам, будзеце грамадзянамі Расеі. Усё, што заўгодна, абы самой Расеі не ўступаць ні ў якія ваенныя канфлікты…

 

– А калі ў адносінах да тых рускім, якія ня змогуць зьехаць, будзе праводзіцца генацыд, этнічныя чысткі? Як гэта было ў Югаславіі зь сербамі? Што тады?

– Я ў гэта ня веру. Ва Ўкраіне генацыду быць ня можа…

 

А калі выказаць здагадку, што такое ўсё ж такі адбудзецца? Ці павінна Расея ўмяшацца?

– Павінна, несумненна – калі там будуць зьнішчаць рускіх, габрэяў, татараў, немцаў, любыя народы. Мы абавязаны ўмяшацца, але якім чынам? Толькі з дапамогай ААН. Ставіць там у аснову пытаньне – спыніць генацыд, увесьці “блакітныя каскі”. Але чамусьці да гэтага часу ў ААН ніхто не зьвяртаецца з такім патрабаваньнем. Чаму? Хтосьці зацікаўлены ў тым, каб гэты порах тлеў ўвесь час. Але гэта тленьне, калі яго не спыніць, падпаўзе да сусьветнай бочкі з порахам.

 

– Шцірліц ў “Сямнаццаці імгненьнях вясны” казаў: “З усіх людзей, якія жывуць на зямлі, я больш за ўсё люблю старых і дзяцей”. А пра што думаеце вы, калі глядзіце на дзяцей і на нашых ветэранаў?

– Пра тое, што нам трэба займацца не захопам новых земляў, а ўнутраным уладкаваньнем краіны. Напрыклад, аддаць частку кватэр у новых элітных жылых дамах, у якіх амаль ніхто сёньня не жыве (бо кошты на квадратныя метры там вар’яцкія), яшчэ жывым ветэранам вайны. Хай яны хоць бы рэшту сваіх гадоў пажылі б у людскіх умовах. Дайце ім пенсію ня некалькі тысяч, а па сто тысяч кожнаму. Іх жа засталося ўжо так мала… Не аддаяце? Што ж вам так шкада? Што ж вы за жлаб’ё такое? Як вам ня сорамна глядзець на людзей, якія выратавалі вас? Вось чым трэба займацца нам на сваёй зямлі.

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы