nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“Калі Украіна стане Наваросіяй, Еўропа – Еўразіяй, а Захад абрынецца, гэта адбудзецца не з-за сілы Расеі, а з-за нашай разумовай слабасьці”

11 верасня, 2014 | 5 каментарыяў

Оруэл

Мы ўжо шмат гадоў даводзім на нашым сайце, што адной з асноўных прычын бязладдзя, якое назіраецца і нарастае ў сьвеце, зьяўляецца нягегласьць ды маральнае дэграданцтва “Захаду”. Паступова гэтая думка пачынае даходзіць і да некаторых найбольш інтэлектуальных заходнікаў. Што ня можа не абнадзейваць… Аўтарам выказваньня, якое падзена ў загалоўку, як і артыкула, выстаўленага  ніжэй, зьяўляецца Цімаці Снайдэр – прафесар гісторыі Ельскага ўніверсітэта (артыкул узяты адсюль: http://www.politico.com/magazine/story/2014/09/to-understand-putin-read-orwell-110551.html#.VBCMh1eVoRQ; перадклад зроблены сіламі рэдакцыі; зьлева фота галоўных герояў артыкула). Вымушаны папярэдзіць толькі аб адным: аўтар – чалавек, кантужаны заходнім ліберастызмам.

Рэдакцыя.

 

 

“Кожнаму, хто хоча зразумець цяперашнюю расейскую пазіцыю па Ўкраіне, не пашкодзіла б пачаць з класічнага рамана Джорджа Оруэла “1984”. Асацыяцыі ідуць глыбей за прыметнік “Оруэлаўскі”: структура і мудрасьці кнігі зьяўляюцца падказчыкамі, часта вельмі дакладнымі, для [разуменьня] бягучых падзей.

Самы просты спосаб – гэта пачаць (у сьвятле цяпер ужо цалкам адкрытай расёйскай інвазіі ва Ўкраіну) з вайна – гэта мір– аднаго з лозунгаў уяўнай імперыі ў казцы Оруэла. Урэшце, калі кожная спроба ў перамовах пра спыненьне агню суправаджаецца расейскай эскалацыяй, паўстае ўпэўненасьць, што гэта не супадзеньне. Калі прэзідэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сустракаецца зь іншымі лідарамі, мы павінны проста ведаць, што гэта ёсьць прыкрыцьцё для наступнага нападу (як было пры ўваходзе расейскіх войскаў, бронетэхнікі, артылерыі падчас нядаўніх перамоваў у Менску).

Але мы павінны “капнуць” трохі глыбей у тры паняцьці, неабходныя для разуменьня гэтай вельмі дзіўнай вайны, у якой Пуцін радыкалізаваў расейскую палітыку, зьнішчыў еўрапейскі мірны парадак, паставіў пад пытаньне спадзевы еўрапейцаў на іх будучыню – нават пагражаў ядзернай вайной. Кожная спроба працягваць апраўдваць вайну зьяўляецца бессэнсоўнай, нігілістычнай, відавочна няслушнай або ўнутрана супярэчлівай. Каб зразумець гэтую жахлівую падзею, у якой людзі забіваюць і паміраюць бяз бачных прычын, нам трэба памятаць некаторыя ключавыя паняцьці з Оруэла – “Еўразія”, “двухдумства” і “навучыцца любіць Вялікага Брата”.

У Оруэлаўскім 1984 адна з сусьветных дзяржаў называецца Еўразія. Дастаткова цікава, што галоўная зьнешнепалітычная дактрына Расеі таксама завецца Еўразійскай.

У антыўтопіі Оруэла Еўразія зьяўляецца рэпрэсіўнай, мілітарысцкай дзяржавай, якая “ахоплівае ўсю паўночную частку Еўропы і Азіі, ад Партугаліі да Берынгава праліва”. І ў расейскай зьнешняй палітыцы  Еўразія ўяўляе сабой план па “інтэграцыі” ўсіх земляў ад – вы здагадаліся – Партугаліі да Берынгава праліва.

Еўразія Оруэла практыкуе “нэа-бальшавізм”. І вядучы тэарэтык Расеі аднойчы назваў сябе “нацыянал-бальшавіком“. Гэты чалавек – уплывовы Аляксандр Дугін – даўно выступае за зьнішчэньне ўкраінскай дзяржавы, а зусім нядаўна прапанаваў, каб Расея [заходнікі без эўфемізмаў ня могуць… – Рэд.] вынішчыла ўкраінцаў.

Оруэл можа дапамагчы нам зразумець, што будзе адбывацца з намі, калі мы будзем рабіць сумленныя намаганьні зразумець сьвет, выкарыстоўваючы расейскія афіцыйныя СМІ. Расейская прапаганда пра Ўкраіну зьяўляецца сёньня двудумнай: яна патрабуе, каб людзі, як казаў Оруэл, “трымалі [ў галаве] адначасна два меркаваньні, ведаючы, што яны зьяўляюцца [ўзаемна] супярэчлівымі, й верылі ў іх абодва“. Штодзённая расейская прапаганда падае два бакі кожнай падзеі, абодва зь якіх зьяўляюцца хлусьлівымі, і кожны зь якіх супярэчыць іншаму.

Давайце разгледзім ніжэй некаторыя заявы, пазначаныя курсівам, якія пасьля васьмі месяцаў паўтарэньня павінны гучаць знаёма.

З аднаго боку, Расея [заяўляе, што] павінна ўварвацца ва Ўкраіну, таму што ўкраінская дзяржава зьяўляецца рэпрэсіўнай (на самай справе, Украіна зьяўляецца дэмакратычнай краінай са свабодай выказваньняў і ва ўсіх адносінах больш свабоднай краінай, чым Расея). Зь іншага боку, Расея [заяўляе, што] павінна ўмяшацца, таму што ўкраінскай дзяржавы не існуе (на самай справе, Украіна функцыянальна ня горш за расейскую дзяржаву, за выключэньнем праблемных сьфер [зьвязаных зь вядзеньнем] вайны).

З аднаго боку, Расея [заяўляе, што] павінна ўварвацца ва Ўкраіну, таму што рускіх ва Ўкраіне прымушаюць размаўляць на ўкраінскай мове (гэта ня так: рускія ва Ўкраіне значна больш вольныя казаць так, як ім хочацца, чым рускія ў Расеі. Большасьць тых, хто размаўляе па-руску ва Ўкраіне, на самай справе ня рускія; ва ўсялякім разе [яны рускія], ня больш, чым [казаць, што] амерыканцы, якія гавораць па-ангельску, зьяўляюцца англічанамі). Зь іншага боку, няма ўкраінскай мовы (яна існуе і мае годную літаратурную традыцыю; на ёй размаўляюць дзясяткі мільёнаў людзей).

З аднаго боку, украінцы ўсе нацыяналісты (на самай справе, украінскія скрайне правыя атрымалі два адсоткі на апошніх прэзідэнцкіх выбарах, што значна менш, чым у любой іншай еўрапейскай краіне, якую вы здольныя назваць). Зь іншага боку, няма ўкраінскай нацыі (на самай справе, апытаньні грамадскай думкі заўсёды паказваюць адваротнае, нават у рэгіёнах, якія ў цяперашні час знаходзяцца пад акупацыяй Расеі. Мільёны ўкраінцаў у нядаўняй рэвалюцыі былі гатовыя ісьці на рызыку дзеля сваёй нацыі, тысячы добраахвотнікаў абралі рызыку для ўласнага жыцьця на лініі фронту – значна больш, чым можна сказаць пра большасьць людзей у Злучаных Штатах ды іншых краінах, якія лічаць сябе патрыётамі).

Ці не адчуваеце яшчэ галавакружэньня? Тады далей: Расея вядзе вайну, каб выратаваць сьвет ад фашызму (на справе, гэта ў Расеі, дзе скрайне правыя аказваюць уплыў на дыктатарскую ўладу, кіраўнік дзяржавы абвяшчае гітлераўскую дактрыну ўварваньня ў іншую краіну для абароны этнічных братоў. Палітычнымі саюзьнікамі Расеі зьяўляюцца скрайне правыя партыі Еўропы, у тым ліку фашыстоўскія і нэанацысцкія). У той жа час: фашызм – гэта добра (у Расеі Гітлер цяпер рэабілітаваны як дзяржаўны дзеяч, габрэяў абвінавачваюць у халакосьце, геяў падаюць у якасьці [прадстаўнікоў] міжнароднай змовы, расейскія нацысты маршыруюць на Першамай, а рускія нацысты ва Ўкраіне падаюцца як героі).

Расейская прапаганда падае абодва бакі гісторыі. Мы мяркуем, што ісьціна пасярэдзіне. Але няма праўды паміж [расейскімі] прапановамі, якія паасобку ілжывыя і ўзаемна супярэчлівыя. Існуе толькі вар’яцтва, ці, як Оруэл называе гэта ў рамане, “навучыцца любіць Вялікага Брата” – далёкага, безасабовага таталітарнага лідара. У “1984” адзін [чалавек] навучаецца любіць Вялікага Брата, ахвяруючы рэччу, якую ён любіць больш за ўсё. Ва Ўкраіне гэта дзяржаўнасьць, якую Пуцін запатрабаваў [аддаць яму], ухваліўшы падзел краіны і ўтварэньне Наваросіі (Новая Расея) на паўднёвым усходзе Ўкраіны; у Еўропе гэта мірная інтэграцыя – дасягненьне, якому пагражае Пуцін; для ўсіх нас – сэнс.

Занадта часта мы імкнемся адгадаць, што ў галаве ў Пуціна. Мы намагаемся ўжыцца ў сьвядомасьць Вялікага Брата, замест таго, каб убачыць сьвет рэальных фактаў. Але, сапраўды, хто адказвае за тое, што мае на ўвазе Пуцін? Ці хто-небудзь ведае, уключна з самім Пуціным? Нават, калі мы будзем ведаць, што сёньня меў на ўвазе Пуцін, ці зьяўляецца гэта надзейным індыкатарам таго, што будзе ў яго на розуме заўтра? І ці будзе ў нас шанец абараніць свабоду і прыстойнасьць, калі мы пачынаем ад мозгу аднаго чалавека? Гэта, урэшце, чалавек, які ўмешваецца ў дзіцячыя мульцікі й старшынюе на тэлевізійных праграмах, якія ўздымаюць пытаньне яго магчымай боскасьці.

У канцы “1984” член рэжыму Вялікага Брата ў разгар правядзеньня катаваньняў уводзіць пэўны прынцып: “улада не з’яўляецца сродкам, гэта – канец”. Усё, што мае на ўвазе Пуцін, што ён кажа і робіць, што на самай справе абараняе – гэта яго ўласная ўлада – тое, што вельмі хутка прыйдзе да свайго канца ў любым выпадку. Прыгнёт у Расеі, вайна ва Ўкраіне і дэстабілізацыя Захаду – гэта гратэскава высокія кошты за перавагі аднаго чалавека. Замест таго, каб пачынаць з гэтых пераваг, замест таго, каб глядзець ў праблемныя вочы “двудумных”, нам лепш клапаціцца пра тое, што мы цэнім, і пра тое, што мы можам зрабіць, каб абараніць гэта.

Калі Ўкраіна стане Наваросіяй, Еўропа – Еўразіяй, а Захад абрынецца, гэта адбудзецца не з-за фізічнай сілы Расеі, а з-за нашай разумовай слабасьці”.

 

5 каментарыяў

  1. Pavel кажа:

    Калі Рэдакцыя была здольная арганізаваць дыскусію на тэму – сувязь маральнасці з палітыкай і Свабодай – гэта была б цікава. Але наша грамадства здаецца не дарасло да такой дыскусіі. І БХД і Малады фронт ўдарыліся ў маралізатарства. І гэта ў той час калі наша краіна на крок ад канчатковай згубы незалежнасці. “Не сон разума порождает чудовищ, но его неусыпная длительная рациональнасць” – Делёз.

  2. Licvin кажа:

    ”Снайдэр — чалавек кантужаны заходнім лібераластызмам.”
    У свой час ЗША прапанавала Савецкаму Саюзу план Маршала па развіццю эканомікі і дасягнення высокага ўзроўня жыцця. Сталін і ягоныя міністры, эканамісты пачыталі той план і іхнія патрабаванні і адмовіліся, бо ўрэшце ажыцяўленне тога плана прыводзіла Савецкі Саюз да стараты суверынітэта, а потым і да разбурэння на дробны анклавы і псеўдадзяржавы. На нашых вачах гарбачовымі, гайдарамі, чубайсамі і іншымі ельцынойдамі была ажыцяўляна больш новая і дасканалая версія плана Маршала. Цяперака ўзніклая ў Расеі новая маладая драпежная буржуазія раптам ўбачыла што Расія страчвае суверынітэт, што яе пачынаюць дзяліць на часткі. Расейскі гуру Прымакоў сказаў сакральныя словы ”Это наша страна! Мы её нікому не отдадім”. Расейская эліта зразумела, што грошы што яны наклалі ў заходнія банкі нічога не значаць. Што галоўная — гэта ўлада!
    сЁННЯ МЫ БАЧЫМ барацьбу новай расейскай буржуазіі на постсавецкай прасторы за ўтрыманне сваёй улады! Гэта галоўны сэнс цяперашняга часу.

    • Алесь Астроўскі кажа:

      Галоўны сэнс нашага часу ў тым, што на краіны Цэнтральнай Еўропы – Украіну, Беларусь, Латвію, Літву – з усходу зноў насоўваецца застарэлая ды вечна крывавая тэрытарыяльная імперыя, а з захаду – імперыя фінансавая. Гэтыя дзьве імперыі вырашылі пазмагацца паміж сабой у цэнтры Еўропы, на нашых галовах!.
      Спынены, разбураны, зьнішчаны, перастаць існаваць павінны абедзьве імперыі – як усходняя тэрытарыяльная, так і заходняя фінансавая. На іх месцы павінна паўстаць садружнасьць нацыянальна-дэмакратыяных дзяржаў!
      Менавіта ў гэтым адзіная сэнсоўная персьпектыва!!!

    • Siarhiej кажа:

      “На нашых вачах гарбачовымі, гайдарамі, чубайсамі і іншымі ельцынойдамі была ажыцяўляна больш новая і дасканалая версія плана Маршала.”

      Гэта ня так! Не было ніякай вэрсіі. Камунякі і кагэбісты завялі савецкую імпэрыю ў тупік маральны, культурны, тэхналагічны, эканамічны, палітычны. Успомніце маразматыкаў з Палітбюро, выхаваньне “саўка”, ураўнілаўку, … Пры спробе выйсці з тупіка за накопленай нянавісці і супярэчнасьцяў, імпэрыя развалілася. Спроба маскоўскіх ардынцаў аднавіць імпэрыю, спадзяюся, прывядзе да марнатраўства рэсурсаў, масавага вар’яцтва і распаду РФ.

  3. Pavel кажа:

    Здаецца, усе выказаные тлумачэння маюць рацыю (ліцвіна, Сяргея, Астроўскага). Але каб іх ацаніць далей, на мой погляд, трэба паглядзець – а як яны датычацца нашай цяперашней беларускай сітуацыі. “Праблема не ў тым што ісціны няма, праблемы ў тым што істін зашмат” – Деррріда.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы