Сталым чытачам нашага сайта вядома, што мы не працуем як сайт навінаў. Тым ня менш, навіна, якая прыйшла сёньня з Польшчы, спадзяемся, вартая таго, каб у выключным выпадку гэты прынцып праігнараваць. Справа ў тым, што экзіт-полы паказалі, што там другі тур прэзідэнцкіх выбараў выйграў кандыдат ад партыі “Права і справядлівасьць” (а гэта кансерватыўная партыя братоў Качыньскіх, адзін зь якіх – Лех – 5 гадоў таму загінуў у авіякатастрофе пад старабеларускім Смаленскам разам зь 95 іншым прадстаўнікамі польскай патрыятычнай эліты). У адпаведнасьці са зьвесткамі, узятымі адсюль – http://top.rbc.ru/politics/24/05/2015/556236059a7947978f68ba72 ; http://nn.by/?c=ar&i=150130 – Анджэй Дуда (гл. першае фота) на 6% апярэдзіў Браніслава Камароўскага – цяперашняга прэзідэнта Польшчы і адначасна прадстаўніка ліберальнай “Грамадзянскай платформы” (у апошнюю ўваходзяць такія вядомыя фігуры – прыхільнікі Пуціна – як, напрыклад, Туск і Сікорскі). Пры гэтым перад выбарамі Камароўскі лічыўся абсалютным фаварытам.
Адразу пасьля агалошаньня вынікаў сацыялагічнага апытаньня (праводзілася кампаніяй Ipsos пасьля выхаду з выбарчых участкаў), якое паказала, што Камароўскі набраў 47% галасоў, а Дуда – 53%, цяперашні прэзідэнт Польшчы Камароўскі прызнаў сваю паразу (гл. фота ніжэй). Ён павіншаваў Дуду з перамогай і пажадаў яму быць пасьпяховым прэзідэнтам. “Я паважаю выбар польскіх грамадзян і выказваю падзяку тым, хто мяне падтрымаў”, – заявіў ён і дадаў – “Дэмакратыя дапаможа спыніць хвалю нянавісьці й агрэсіі”.
Дуда ў сваю чаргу паабяцаў, што дзьверы прэзідэнцкага палаца будуць адчынены для любых грамадскіх ініцыятываў і што ў час сваёй працы ён зробіць усё для ўмацаваньня польскай дэмакратыі.
Анджэй Дуда – ураджэнец Кракава, юрыст па адукацыі. Доўгі час займаўся выкладчыцкай дзейнасьцю. З 2005 года ў партыі “Права і справядлівасьць”, дзе выконваў функцыю яе юрыдычнага радніка. У 2008 годзе ён стаў намесьнікам дзяржаўнага сакратара ў канцылярыі прэзідэнта Леха Качыньскага. Пасьля папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, якія выйгралі лібералы (Камароўскі), сышоў у адстаўку. Пазьней Дуда стаў дэпутатам Сейма Польшчы і таксама ўвайшоў у Еўрапарламент.
Новы прэзідэнт Польшчы – прыхільнік зьбліжэньня з Украінай (у адным зь інтэрвю ён казаў нават пра магчымую адпраўку польскіх вайскоўцаў для падтрымкі ўкраінскай арміі на Данбасе). Некалькі гадоў таму Дуда зьняўся ў дакументальным фільме “Смуга”, у якім ставіцца пад сумнеў афіцыйная (расейскага МАКа) версія аб прычынах гібелі пад Смаленскам Леха Качыньскага і ў якім абвінавачваюцца ў трагедыі расейскія сьпецслужбы…
Як “кансерватар” Дуда выступае супраць абортаў, аднаполых шлюбаў і экстракарпаральнага апладненьня (ЭКА). Ськептычна ставіцца да ЕЗ і выступае за павелічэньне дзяржаўнай падтрымкі менш забясьпечаных слаёў насельніцтва. Ён карыстаецца большай папулярнасьцю ва ўсходніх раёнах Польшчы.
Палітолагі таксама ацэньваюць выбары прэзідэнта як рэпетыцыю перад выбарамі ў Сейм, што запланаваныя на восень. Цяпер у парламенце большасьць мае “Грамадзянская платформа”.
–
У сувязі з гэтымі падзеямі мы, як зьмястоўныя беларускія дэмакраты, выказваем свой асьцярожны спадзеў на тое, што:
– зь Еўропы (ці хаця б з Польшчы) нарэшце пачне паступаць хоць якая дапамога ўкраінскаму народу, які змагаецца з расейскай імперскай агрэсіяй на сваю зямлю;
– будзе нарэшце высьветлена праўда пра трагедыю 10.04.2010 г., якая адбылася пад нашым старажытным Смаленскам;
– спыняцца агрэсіўныя дзеяньні польскіх імперыялістаў супраць нашага беларуска-літвінскага народу – “Крэсы всходне”; “Карта паляка”; узьвялічваньне “Арміі краёвай”, якая ў час Другой сусьветнай вайны забівала беларусаў на іх уласнай зямлі; спыняцца польская імперская прапаганда ў касьцёлах на тэрыторыі Беларусі, этнацыд беларусаў Беласточчыны, шматмільённая дапамога “беларускім” “дэмакратам”-ліберастам, якія сваімі фэйкавымі, імітацыйнымі дзеяньнямі 20 гадоў спрыялі захаваньню прамаскоўскага, беларусафобскага рэжыму “апошняга дыктатара Еўропы”;
– нарэшце спыніцца ігнараваньне сапраўдных нацыянальна-дэмакратычных сіл у Беларусі й пачнецца ўзаемадзеньне зь імі.
Хаця, зь іншага боку, мы, як людзі дасьведчаныя ў сёньняшняй заходняй палітыцы, ужо мала ў гэта верым.
Але, тым ня менш…
А я чакаю адказу на пытанне свайго каментара з папереднега артыкула пра мову.