Зьміцер Захарэвіч
На мінулым тыдні Малады Фронт (МФ) выставіў сьпіс 100 прарасейскіх арганізацыяў, якія атабарыліся на тэрыторыі Беларусі й літаральна ў адкрытую рыхтуюцца да паўтарэньня крымска-данецкага сцэнару ўжо на нашай зямлі (http://mfront.net/bielarus-na-parozie-vajny.html).
Так, МФ зрабіў вялікую справу сабраўшы і сістэматызаваўшы зьвесткі пра групоўкі прадстаўнікоў “русского міра” ў Беларусі, што стала пэўна інфармацыйнай бомбай у мэдыйнай прасторы краіны.
Але ж, хіба ёсьць тыя, для каго зьяўляецца навіной гэная маскоўская “паўзучая акупацыя” нашай дзяржавы? Яшчэ напрыканцы 1990-х Беларуская Партыя Свабоды заклікала зьвярнуць увагу на разрастаньне прарасейскіх арганізацыяў у Беларусі. Сябры БПС безь якой-кольвек падтрымкі ад арганізацыяў “памяркоўнай апазіцыі” ў Менску, Берасьці, Горадні, Магілёве, іншых гарадох Беларусі вялі фактычна “вулічную вайну” з РНЕ, лімонаўскай НПБ, расейскімі скінхедамі. БПС ахоўвала разнастайныя акцыі ды рок-канцэрты апазіцыі, каб не дапусьціць правакацыяў з боку прамаскоўскіх груповак. Але ўсё марна – да трывожных папярэджаньняў патрыётаў-нацыяналістаў “памяркоўныя” не прыслухаліся.
Таму цяпер няма прабачэньня і структрам “афіцыйнай апазыцыі”, і тым, хто даваў ім грошы з Захаду на соткі канферэнцыяў па “правах чалавека”, бо такіх правоў у Беларусі з кожным годам станавілася ўсё менш… За мізэрную долю тых грошаў ужо магла б паўстаць Нацыянальная Гвардыя. Замест яе маем толькі блазнаў у офісах ды палітэмігрантаў…
Не выпадае чакаць нейкай рэакцыі й ад цяперашняга кіраўнітцва Беларусі, якая паводле Канстытуцыі ўсё яшчэ ёсьць незалежнай і нейтральнай краінай, хоць дыктатар і загнаў яе пад крамлёўскую лапу. Лукашэнка неаднаразова абяцаў у сваіх прамовах ды публічна ставіў задачу кіраўнікам сілавых ведамстваў на паседжаньнях Рады Бясьпекі “разабрацца” зь “зялёнымі чалавечкамі” ды іншымі парастакамі сепаратызму, калі яны зьявяцца на нашай зямлі. Але нічога не зьмяняецца. Наадварот, фармаваньне базы для анэксіі нашай дзяржавы расейскай імперыяй ідзе паскоранымі тэмпамі!
Апошняе сьведчаньне гэтаму тое, што 13-19 ліпеня непадалёк ад Менску на базе прыходу царквы “Нараджэньня Хрыстова” ваенна-патрыятычны клуб “Казачий спас” ладзіў для падлеткаў летнік з ваенізаванай падрыхтоўкай (http://belsat.eu/…/pradstanik-kazachaga-spasu-ryhtuem-bela…/).
Больш за тое, эксьперты не выключаюць, што ў Беларусь разам з украінскімі ўцекачамі з зоны баявых дзеяньняў прыйшлі й прыхільнікі “русского міра”, якія ў хуткім часе могуць адыграць адную з галоўных роляў у дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне (http://belprauda.org/belarusi-grozit-krymskij-stsenarij/).
Беларуская Партыя Свабоды, зважаючы на ўсё вышэйсказанае, зьвяртаецца:
– да Беларускага Народа з заклікам да самаарганізацыі дзеля абароны незалежнасьці;
– заклікае ўсіх неабыякавых грамадзянаў зьвяртацца ў пракуратуру ды іншыя дзяржаўныя структуры Беларусі з патрабаваньнем спыніць дзейнасьць той альбо іншай прарасейскай арганізацыі;
– да краінаў Захаду (асабліва ЗША і Вялікай Брытаніі) пачынаць рыхтавацца да выкананьня сваіх абавязацельстваў па Будапешцкім мэмарандуме 1994 г.
БЕЛАРУСЬ ПЕРАДУСІМ!
Пан Зьміцер мае рацыю.
Прарасейскія суполкі (РНЕ, у прыватнасьці) пачалі ўзьнікаць яшчэ на пачатку 90-х.
Мы ужо тады імкнуліся нейкім чынам прыкрыць іх дзейнасьць, але ні мясцовая ўлада Гомеля, ні КДБ ніяк не адрэагавалі на нашу заклапочанасьць. Цяпер маем тое, што маем.
Безумоўна, наяўнасьць гэтых арганізацый задавальняе і “беларускую” ўладу, і безумоўна Крэмаль.
У выпадку нейкіх нацыянальных забурэньняў гэтыя “мірныя” кадлячкі могуць выступіць у якасьці “цітушак”. У выпадку расейскай агрэсіі гэтыя рускія “меншасьці” падтрымаюць “зяленых” чалавечкаў, але ўжо са зброяй у руках.
Пакуль звычайныя людзі “змагаюцца” за выжываньне у пошуках свайго кавалка масла на свой кавалак хлеба, а бізнэсоўцы ад палітыкі робяць усё, каб канчаткова не патануць у дзярме, прарасейскім сілам нічога не пагражае.
Сябры! Гэта моцная публікацыя Зьміцера Захарэвіча – беларускага паэта і сябра АК БПС!
Вось толькі, акром нас, аніводны апазіцыйны дзяяч ані слова не сказаў пра сьпісы агентуры ФСБ у Беларусі… Вось такая ў нас апазіцыя…