nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Статкевіч: Халуі ня могуць зразумець чалавека гонару

26 жніўня, 2015 | 3 каментарыя

Статкевіч 1

На днях адбылася знамянальная падзея – былі вызвалены ўсе асуджаныя палітвязьні (http://nn.by/?c=ar&i=155057; бо яшчэ ёсьць тыя, хто сядзіць да суду). Гэта Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Ігар Аліневіч, Арцём Пракапенка, Юры Рубцоў, Мікалай Статкевіч (гл. фота зьлева). Усё гэта тыя людзі, якія не пісалі ніякіх прашэньняў Лу-ку, хаця той так хацеў… Зь некаторымі з вызваленых ужо пасьпелі паразмаўляць журналісты. З-за шэрагу прычын мы вырашылі прадубляваць і на нашым сайце адказы Мікалая Статкевіча на пытаньні “Нашай Нівы” (журналіст Зьміцер Панкавец), якія мы ўзялі адсюль: http://nn.by/?c=ar&i=155255.

 

 

«НН»: Якія першыя ўражаньні пасьля вызваленьня з турмы? Можа, нешта засмуціла, а што абрадавала?

Мікалай Статкевіч: У мяне было два вельмі моцныя ўражаньні цягам першых гадзін на волі. Першае — негатыўнае. Як толькі мяне пасадзілі ў аўтобус, я папрасіў у кіроўцы мабільны, каб патэлефанаваніць сваякам. Ён ведаў, што я няпросты зэк, і напалохаўся. У выніку я ўзяў мабільны ў нейкай дзяўчынкі, што сядзела побач. Размаўляў па-беларуску з бацькам і жонкай. У размове ўжыў слова «самазванец». І салон адразу заціх… Узьнікла напружаньне і страх. У маршрутцы ехалі звычайныя людзі зь Бялыніч, Беразіна й іншых гарадоў. Узьнікла адчуваньне забітай і запалоханай краіны. Думаю: што ж я ўбачу ў Менску? Да чаго давялі гэты няшчасны народ.

Едзем-едзем — і тут тэлефанаваньне кіроўцу, ён увесь спалохаўся: «Каго ты там вязеш? Сто чалавек ужо сабралася сустракаць!» Я ж думаў, што ў цудоўны суботні жнівеньскі вечар добра калі Марына чалавека якога знойдзе, каб рэчы дапамог давезьці, можа, журналіст які знойдзецца… Я выйшаў з аўтобуса і ўбачыў сотні людзей. Вольных, сьмелых, мужных. Гэта было каласальнае ўражаньне. Я вельмі ўдзячны тым людзям, што прыйшлі на вакзал.

 

«НН»: А як Вы ўяўлялі ўласнае вызваленьне?

МС: Я яго крыху пабойваўся. Думаў, што ўсё так прыкладна і адбудзецца. Хіба што лічыў, што вызваляць уначы і пасадзяць на цягнік. Яны зрабілі хутчэй. Купілі за мае грошы білет і пасадзілі ў аўтобус. Я баяўся, як буду на ўсё рэагаваць. Нават пасьля ШІЗА, як вяртаешся ў камеру, то дзень гаварлівасьці забясьпечаны.

 

«НН»: Адзіночка — цяжкае выпрабаваньне?

МС: Адзіночка давала большую загартаванасьць. Я разумеў усю небясьпеку турмы, супрацьстаяў гэтаму маруднаму забойству. Я ведаў, якімі людзі бываюць пасьля «крыткі».

Я змагаўся з гэтым зь вялікім запасам. Мае фізічныя параметры добрыя. Нядаўна памералі ціск, дык ён быў 120 на 80. У некаторым плане я нашмат слабейшы, чым быў да турмы, у некаторым плане — мацнейшы.

 

«НН»: А як трэніраваліся?

МС: Было чатыры трэніроўкі за дзень. Я баяўся перагрузіць сэрца. Пасьля пад’ёму абавязковая разьмінка ўсіх суставаў. Пасьля на прагулцы ў турэмным дворыку прысяданьні й адцісканьні са становішча седзячы. Рабіў тры-чатыры падыходы зь інтэрвалам у некалькі хвілін.

На трэцяй трэніроўцы ў камеры я разьвіваў прэс, мышцы сьпіны. Нават клаўся для гэтага на ложак, заўваг не атрымліваў, хоць і было забаронена. Пасьля была імітацыя падцягваньня на нарах.

Перад вячэрай рабіў адцісканьні. Апроч гэтага я хадзіў пастаянна ўзад-уперад. Займаўся паставай. Нават крыху дыкцыяй. Увесь час там трэба быць занятым. Ставіць задачы па самаўдасканаленьні.

 

«НН»: Заставацца адзін на адзін з думкамі нельга?

МС: Самае галоўнае — не пачынаць сябе шкадаваць. Або думаць, што там трава, дрэвы, свабоды, як хочацца туды… Шчыра кажучы, я адчуваў, наколькі мне ўсё ж лягчэй за тых, хто асуджаны па крымінальнай справе.

 

«НН»: Чаму?

МС: Бо гэтыя людзі зьдзейсьнілі нейкае злачынства, яны пакутуюць на нейкія згрызоты сумленьня, адчуваюць марнасьць жыцьця. Я разумеў, што ў той прамежак жыцьця, проста знаходзячыся там і не пішучы прашэньне аб памілаваньні, рабіў болей, чым мог на свабодзе.

 

Статкевіч 2 «НН»: Няма цяпер жаданьня адпачыць?

МС: Мой арганізм мабілізаваны, ён сам сябе падтрымлівае. Я добра сябе адчуваю. Калі пачнецца расслабленьне, будзе небясьпечны момант. Памятаецца, пасьля «хіміі», калі я вырашыў першасныя пытаньні, у бацькі на кватэры трое сутак спаў. Мабыць, будзе нешта падобнае і цяпер. Спадзяюся, што займею малы перыяд часу зьездзіць бліжэй да мора, падыхаць паветрам, паляжаць пад дрэвамі.

 

«НН»: З чым Вы зьвязваеце датэрміновае вызваленьне?

МС: Зь цяжкай эканамічнай сітуацыяй. Выбары тут нават другасныя. На ўтрыманьне дыктатуры няма грошай, й іх трэба атрымаць. Я зусім ня веру ў лібералізацыю. Бо нават мінімальныя крокі ў гэтым кірунку прывядуць да зьмены сістэмы. Але ўлады хочуць зымітаваць лібералізацыю, каб нармалізаваць дачыненьні з Захадам, атрымаць крэдыты. Нават калі крэдыты зацягнуцца, то так можна напалохаць Маскву. І Крэмль раскашэліцца вельмі хутка. Пакуль Расея не пазбавіцца сваіх комплексаў, гэта схема будзе працаваць. Ці пакуль Захад не зразумее, што гэты рэжым не пераменіцца [“Захаду” гэты рэжым якраз падабаецца, бо той зьдзяйсьняе этнацыд – ачышчае Вялікалітву-Беларусь ад беларусаў-літвінаў – тое галоўнае, што патрэбна і злачыннаму “Захаду”, і такой жа “Расеі”; пакуль многія гэтага не зразумеюць… – Рэд.].

 

«НН»: Пасьля падзей ва Ўкраіне ходзіць меркаваньне, што абдымацца можна хоць з чортам [трэба толькі ўдакладняць, каму можна абдымацца з чортам і ў каго ходзіць такое меркаваньне. – Рэд.].

МС: Яны даабдымаюцца. Як можна бачыць у Лукашэнку гаранта незалежнасьці? Гэты чалавек 20 гадоў зьнішчаў усё беларускае [!!! – Рэд.]. Ён разглядае краіну як сваю маёмасьць, і ён будзе абараняць гэтую маёмасьць. Але гінуць за яе ня стане. Калі будзе крытычная сітуацыя, то аддасьць за паўцаны [на жаль, усё так. – Рэд.].

 

«НН»: Вам удавалася сачыць за падзеямі ва Ўкраіне? Якая Ваша думка на гэты конт?

МС: У мяне быў перыяд, калі ў камеры быў тэлевізар. Безумоўна, я бачыў усю гэтую гістэрыку, бруд на расійскіх тэлеканалах. Гэта жахліва. Але я разумею матывы гэтага. Безадказны кіраўнік заўсёды можа стварыць такую эйфарыю. Але якім будзе наш сьвет, калі кіраўнікі так сябе паводзяць? А людзі элементарна купляюцца на ўсё. Праўда, праз пару гадоў у Расеі можа прачнуцца галоўны інстынкт — інстынкт голаду. Я ўспамінаю 1914 год і хвалю ўра-патрыятызму ў Расеі пасьля пачатку вайны. І мы памятаем, што здарылася зь кіраўніцтвам Расеі праз 2,5 гады. Толькі таму, што ў булачныя Піцера не завезьлі белага хлеба.

 

«НН»: Вы плануеце ствараць нейкі новы рух?

МС: Я меў закароткі час на волі для сустрэчы з годнымі людзьмі. Гэта Уладзімір Някляеў, Анатоль Лябедзька. Размаўляў з Паўлам Севярынцам па тэлефоне. Ніхто з нас не ідэальны, мы ўсе амбітныя людзі. Без амбіцый у палітыцы нічога не бывае [а вось гэта ня так. – Рэд.]. Але прыйшоў той час, калі ёсьць першасныя рэчы. Мы ўсе ставім на першае месца інтарэсы краіны. Мы ўсе шукаем выйсьця з той сітуацыі, у якую трапіла Беларусь [а чаму мы ў рэдакцыі, якая займаецца пошукамі згаданага выйсьця вось ужо 10-ы год, ня бачым гэтага з боку названых асоб? – Рэд.]. Я не кажу, што Статкевіч выйшаў і хоча аб’яднаць здаровую частку апазіцыі. Я кажу, што здаровая частка апазіцыі хоча скарыстаць Статкевічаў «тыдзень славы», каб агучыць агульную пазіцыю [што гэта такое “агульная пазіцыя”? дзе гэтая пазіцыя зафіксавана? – Рэд.]. Я на 90% упэўнены, што цягам некалькіх дзён мы агучым яе. Але немагчыма аб’яднаць усю апазіцыю, бо значная яе частка гуляе ў падтанцоўкі з уладай [!!! – Рэд.].

 

«НН»: Злосьнікі будуць укладаць і сілы, і грошы, каб такой еднасьці не было [дакладна так!!! – Рэд.].

МС: Усе названыя мной людзі — дасьведчаныя і зьбітыя-перабітыя. Яны трымалі ўдар у цяжкой сітуацыі. Ня думаю, што кагосьці з нас будзе лёгка падмануць. Думаю, што нават гаворку пра няроўнасьць суб’ектаў у гэтым аб’яднаньні заводзіць ня варта. А пытаньне лідарства можа часова трымаць любы, хто выйдзе наперад.

 

«НН»: Ці адчуваеце Вы, што сёньня адказнасьць перад Вамі яшчэ большая, чым у той час, як Вы сядзелі ў турме?

МС: Вы вельмі дакладна сфармулявалі мае пачуцьці. Дадаць больш няма чаго.

 

«НН»: Лукашэнка, калі Вас згадваў, казаў, што «Статкевіч сядзіць, каб быць героем». Праўда?

МС: Гэта нейкае сьмешнае дзіцячае жаданьне. Яны ўвесь час спрабавалі знайсьці мае матывы. І датрымаліся да памылкі. Выпусьці мяне ўвосень 2011 года — пра мяне б усе забыліся. Але яны шукалі прагматычныя матывы. Маўляў, Статкевіч зразумее, што яму кандыдацтва нічога не дало, і падпіша прашэньне. Насамрэч, яны не разумеюць аднаго: у вялікай колькасьці людзей асноўнае жаданьне — застацца прыстойным чалавекам [!!! – Рэд.]. У сваіх вачах, у вачах родных. Безумоўна, хацелі зламаць, але нахіліліся самі. Нахіліліся за грашыма ці чым яшчэ, але здаліся яны, а не я. Мяне вывучалі гадамі, але не змаглі спрагназаваць простыя рэчы. У камеры са мной сядзеў псіхолаг, які раз на два-тры дні пісаў вялікія лісты пра мяне. Каб зразумець чалавека, трэба да яго прыпадобніцца. Але яны не здольныя да гэтага, бо нізкія людзі. Яны разумеюць толькі прымітыўныя, прыземленыя матывы, бо мяркуюць па сабе. Для такога чалавека гонар, годнасьць, краіна, нацыя, тое, што я называю родавым пачуцьцём, нічога ня значаць. Тыя людзі, што сёньня ў кіраўніцтве краіны, у халуях, яны проста не такія, як мы, яны – іншыя. У халуёў няма гонару, і яны не могуць зразумець чалавека, у якога гонар ёсьць.

 

«НН»: Што Вы адчулі, калі Саньнікаў падпісаў прашэньне?

МС: Я з павагай стаўлюся да Андрэя. Мне нават няёмка, але я не лічыў яго здатным да тых паводзін, якія ён прадэманстраваў 19 сьнежня. Ён годна трымаўся ў неймаверна цяжкіх умовах. У кожнага чалавека ёсьць свая мяжа. Я не магу яго судзіць, тым больш ён не выступаў на ТБ, не пісаў даносаў. Для сябе я разумеў, што такое не зраблю ніколі. У нас розны досьвед, ступень трэніраванасьці… Ад сьнежня 2011 года, калі Саньнікаў напісаў прашэньне, і да лютага 2012-га ішоў найбольшы ціск на мяне. Мабыць, лічылі, што пакідаць аднаго мяне героем — ня варта. Хацелі, каб мы двое выйшлі. За тое, што Саньнікаў зрабіў у дзень выбараў, я здымаю капялюш. Перад ім і яго жонкай. Наколькі нізка ціснуць праз дзіцё… У цябе што, самога дзяцей няма? Ты на што іх выракаеш?

 

«НН»: Ці былі ў Вас у турме моманты адчаю?

МС: Не, не было. Былі цяжкія перыяды. Я расцэньваю іх сапраўды як слабасьць. Гэта была галадоўка ў «амерыканцы». Па сутнасьці, дзякуючы гэтай галадоўцы я ўратаваў шмат каго са сваёй каманды ад турмы, ды і сябе ад зьдзекаў людзей у масках. Чалавек ня здольны ж галадаць тры месяцы, толькі тры тыдні, а далей ужо ідуць незваротныя працэсы. Я здаровы дзядзька, але мне не 20 гадоў, даруйце за падрабязнасьці, і я не чакаў такой рэакцыі арганізма. Увесь час ідзе сьліна, немагчыма нават спаць. Гэта так вымотвае. Нават у адзін момант думка ўзьнікла: «Хутчэй бы Божанька прыбраў». Вось гэта і была слабасьць.

Калі спыняў галадоўку, то гэта ўжо не была слабасьць, а выбар. Мяне адвезьлі ў турму КДБ, дзе сказалі: «Мы вам памерці не дамо, іголка, кропельніца. Калі вы станеце інвалідам, я абяцаю, мы вас выпусьцім». І я прыняў рашэньне сам спыніць галадоўку. Я не хацеў рабіцца інвалідам. Больш і ўзгадаць няма чаго. Наш рай і пекла ўнутры нас. Калі ты разумееш, што твой выклік [шлях. – Рэд.] правільны, то зьяўляюцца сілы. Гэта як вайна, як барацьба.

А я здолею, я мацнейшы, я перамагу…

(канец цытаваньня інтэрвю)

 

=

Ад рэдакцыі:

Хочам зьвярнуць увагу на некалькі істотных рэчаў:

1. Некаторыя з сябраў рэдакцыі былі ў Менску на плошчы Незалежнасьці 19.12.2010 году і на ўласныя вушы чулі, як недзе пасьля 22.00 спадар Мікалай з помніка Леніну заклікаў накіраваць дэлегацыю ў Дом ураду для размовы зь Ярмошынай. Гэты заклік цалкам адмяніў магчымасьць паўтарэньня сцэнару 2006 году (а гэта было б у тых варунках самым горшым), абумовіўшы пэўную гістарычную дынаміку ў Беларусі, паказаўшы патэнцыял рашучасьці беларускай нацыі. Таму мы дакладна ведаем, што ва ўсім адзначаным найбольшая заслуга менавіта Мікалая Статкевіча (хаця апазіцыйныя СМІ гэты галоўны факт, як мінімум, “не афішуюць”).    

2. Хаця спадар Мікалай прыглушыў у сваім інтэрвю значэньне адрозьненьняў паміж тымі, хто прасіў памілаваньня ў Лу-кі (як Саньнікаў, Бандарэнка), і тымі, хто НЕ прасіў (як названыя ў пачатку гэтага матэрыяла асобы), мы лічым гэтыя адрозьненьні прынцыповымі

3. Мы лічым прынцыпова пазітыўным, што ў кантэксьце выказваньняў Статкевіча прысутнічае боль за наш беларускі народ (адзінае, што дысанансам прагучаў выраз “гэты народ”, замест “мой народ” ці “наш народ”). У сёньняшнім сьвеце, атручаным ліберастызмам ва ўсіх яго праявах, такое пачуеш ужо ня часта…

4. Важна, што спадар Мікалай выдатна разумее:

– што цяперска-лукашэнкаўскі рэжым ніколі не пераменіцца ў лепшы бок, не павернецца тварам да аб’ектыўных інтарэсаў беларусаў-літвінаў;

– што ў сёньняшняй Беларусі прынцыповейшым пытаньнем для апазіцыі зьяўляецца неабходнасьць аддзяленьня прыстойных, годных людзей ад розных нягоднікаў;

– што ўсе прыстойныя людзі, актыўныя ў грамадска-палітычнай дзейнасьці, павінны яднацца, арганізоўвацца і выкінуць са свайго асяроддзя ўсіх нягоднікаў;

– што годным беларусам нарэшце трэба (20 гадоў не хапіла!) выпрацаваць агульную мэту і праграму дзеяньняў.

(вось колькі пазітыву на карысьць спадара МІкалая на фоне поўнай нягегласьці сёньняшняй “аб’яднай” “беларускай” “дэмакратычнай” “апазіцыі”!)

5. Аднак Статкевіч яшчэ ня ведае:

– што для вырашэньня пералічаных вышэй пытаньняў яднаньне зь ліберастамі (Лябедзька, Саньнікаў), незразумелымі асобамі (Някляеў) ды прыхільнікамі юдэйскага бога-д’ябла Яхвэ (Севярынец) зьяўляецца апрыёры бесьперсьпектыўным;

– што існуюць значна больш беларускія, дэмакратычныя і патрыятычныя людзі (чым названыя ім штучна расьпіяраныя асобы), пра якіх ён, абмежаваўшыся залежнай ад заходніх грантаў менскай тусоўкай, нічога ня ведае;

– што спадзявацца на разуменьне “Захадам” сутнасьці беларускіх праблем бессэнсоўна, бо “Захад” і “Расея” заадно ў этнацыдным зьнішчэньні беларуска-літвінскага народу (рукамі Лу-кі, якога яны таму і падтрымліваюць).

6. Калі спадар Мікалай будзе і далей заставацца ў сваім сёньняшнім сьветаглядным комплексе, які ён часткова агучыў, і ня зробіць значных карэктываў, мы прагназуем, што:

– альбо мы не пачуем “празь некалькі дзён” ад групы названых Статкевічам асоб ніякай “агульнай пазіцыі”, што дадаткова прывядзе спадара Мікалая да расчараваньня ў людзях (галоўнае, каб толькі ў тых, на якіх ён сёньня спадзяецца);

– альбо пачуем “агульную пазіцыю”, у якой НЯ БУДЗЕ АДКАЗАЎ на прынцыповыя пытаньні, ад якіх якраз і залежыць будучы лёс нашага беларускага народу.

P.S.

Просім тых, хто мае выхад на Мікалая Статкевіча, пазнаёміць яго з нашымі папярэджаньнямі, а таксама запытацца (у сувязі з чарговай ідэяй аб’яднаць “і жука, і жабу”), якія высновы ён зрабіў, аналізуючы прычыны правалаў былых аб’яднаньняў (гл. фота ніжэй).  І як усё гэта суадносіцца зь яго сёньняшнім разуменьнем значэньня гонару ды годнасьці ў беларускай палітыцы і неабходнасьці пазбаўленьня апазіцыі ад пэўных асоб.

Статкевіч 4   

Статкевіч 3

Статкевіч 5

   

 

 

 

 

 

 

 

3 каментарыя

  1. Павел Біч кажа:

    Як лёгка беларусы ўпадаюць ў маралізатарства! Рэдакцыя дадзенага сайта, Пазьняк, Шушкевіч, Севярынец – усе яны кідаюцца словамі “годнасць, гонар. прыстойные людзі і г.д. М. Фуко раіў глядзець на палітыку вачыма вайны. Ці Гітлер і Сталін падбіралі сябе палкаводцаў па маральным якасцям? Натуральна Не. Толькі па вайсковым здольнасцям. Добры той хто перамагае, кепскі той. хто атрымлівае паразы. Але наша праблемы ў тым што у нашых палітыкаў няма войска.і усе яны “згараюць” праз 2-3 гады. Тое ж будзе і са Стаквечам, калі наша апазіцыя не пачне працаваць на змену свядомасці нашых людзей. Пакуль яны ў стане ступара – як што яны рускіе так яны за Лукашенку, як што яны нерускіе. то яны за незалежнасць. Назва “беларус” і не дае ім вызначыцца.
    Што да прапаноў Статкевічу Рэдакцыі, то яны другасные. Можа я і памыляюся.

    • Рэдакцыя кажа:

      Вось бачыце, спадар Біч, да чаго вас давялі постмадэрністы: сёньня вы ўжо выступаеце супраць гонару, годнасьці, прыстоўнасьці (у т.л. у палітыцы), заўтра вы будзеце выступаць супраць праўды і справядлівасьці, а пасьлязаўтра – супраць адрозьненьня Дабра ад зла, а то і проста супраць Дабра.
      Не было б праблемы ў тым, што Гітлер са Сталіным падбіралі сабе людзей па прафесійных якасьцях толькі пры адной умове: калі б іх дзейнасьць была накіравана на Праўду, Дабро, Справядлівасьць, Годнасьць, Прыстойнасьць. Але справа ў тым, што яны якраз супраць апошніх каштоўнасьцяў і выступалі. Дарэчы, як і вы… Постмадэрнісцкі вы наш.

  2. Павел Біч кажа:

    Сп. Астроўскі ваш лад мыслення (метафізічны, без пачуцця меры, з экстрапаляцыямі без межаў, з верай што мір пабудаваны на нейкіх лагічных і рацыяналістычных і маральных высновах) неўзабаве пацерпіць крах на падзеях ў Украіне. Разберіцеся разам са сп. Высоцкім хто правы ў апошніх падзеях каля Рады. Парашенка кажа што трэба Данбасу даць асаблівы статус каб уціхаміріць вайну, і задаволіць апетіты Расеі (і здаецца тое ж яму раіць Захад), а іншые трактуюць гэта так што тады асаблівага статусу запатрабуюць Харькаў і Адэса і Укаріна разваліцца на кускі. Адны іншых абвінавачваюць ў здрадзе. І не вырашыце Вы нічога таму, што не з’яўляецеся сапраўднымі нацыяналістамі. Якія разумеюць што зразумець тое што адбываецца ў Украіне можна толькі улічваючы менталітет украінскага народа, (гэта дае магчымасць саблюсці Меру) які для усіх неграмадзян Укаріны яўляецца таямніцай. Таму я і кажу безпамылкова можна дзейнічаць толькі “дома”. Нам трэба падымаць нацыянальную свядомасць нашага народа, якая спатрэбіцца пры любой сітуацыі – вайны супраць акупацыі нас Расеяй, Майданы-плошчы. усеагульнага безтэрміновага страйка, і, наканец, каб нам тіха і з Расеі і з Еўропы не скінулі самую цяшкую і кепскую працу, разагнаўшы амбіцыйных нашых людзей па Ссвету і завезшы да нас міліёны мігрантаў самай нізкай якасці (лепшых паселяць ў Еўропе. Польшчы, Расеі).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы