Не пасьпелі мы ў папярэднім матэрыяле спрагназаваць магчымасьць негатыўных падзей ва Ўкраіне ў бліжэйшы час (з-за “аслабленьня пазіцыі Захаду” па Ўкраіне), як адтуль паступілі чарговыя трывожныя навіны – пачаліся арышты сябраў “Правага сектара”. У адказ Дзьмітро Яраш заклікаў людзей быць гатовымі да акцый грамадзянскага непадпарадкаваньня цяперашнім уладам Украіны і прыгразіў магчымым «узброеным супрацівам». Яго заяву на гэты конт мы ўзялі адсюль: https://www.facebook.com/dyastrub/posts/885143614895857?pnref=story . Падаем яе ніжэй.
Рэдакцыя.
“Па Адэсе.
Антыўкраінская навалач праводзіць сістэмную рэстаўрацыю дарэвалюцыйных парадкаў і правакуе ўкраінскі народ на яшчэ адно паўстаньне. Сьведчаньнем гэтага зьяўляецца шэраг апошніх падзей – у тым ліку затрыманьне майго пабраціма Сяргея Стэрненкі ў Адэсе.
Папярэджваю ўладны рэжым: досыць гуляць у контррэвалюцыю, досыць падыгрываць Пуціну і разгойдваць дзяржаву – бо менавіта гэтым вы займаецеся апошнія паўтара гады. Народнае цярпеньне ўжо лопаецца і стрымліваць людзей ад узброенага супраціву становіцца немагчымым.
Я зьвяртаюся да ўладумаючых, да кіраўнікоў сілавых дзяржаўных структур: спыніце рэпрэсіі супраць патрыётаў, інакш завершыце сваё праўленьне вельмі дрэнна … На гэты раз зьбегчы з Украіны, як вашыя папярэднікі, не атрымаецца.
Заклікаю ўсіх грамадзян Украіны, байцоў і актывістаў Нацыянальна-вызвольнага руху “Правы сектар” прыгатавацца да актыўных акцый грамадзянскага непадпарадкаваньня, асноўнай мэтай якіх будзе ліквідацыя рэжыму ўнутранай акупацыі ды атрыманьне нацыянальнай дзяржаўнасьці ўкраінскага народу.
Камандаваньню ДУК ПС і кіраўніцтву грамадска-палітычнага крыла “Правага сектару” прадставіць канкрэтныя прапановы па правядзеньні акцый ды мерапрыемстваў, пачаць перамовы з прадстаўнікамі іншых палітычных, грамадскіх, вайсковых сіл, з мэтай аб’яднаньня намаганьняў у барацьбе з палітычнымі рэпрэсіямі.
Свабоду Сяргею Стэрненку, Руслану Дзямчуку, Яўгену Рэзвушкіну і ўсім іншым украінскім патрыётам, якія знаходзяцца за кратамі рэжыму!
Слава Ўкраіне!”
(канец цытаваньня)
=
Ад рэдакцыі:
Сёньня ж паступіла паведамленьне (http://nn.by/?c=ar&i=156126), што парашэнкаўскімі ўладамі пад Кіевам арыштаваны беларус, былы ўдзельнік батальёну “Тарнада” Даніла Ляшук (пазыўны «Маджахед»; гл. фота). Галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатоль Мацыос назваў яго самым небясьпечным і жорсткім з байцоў «Тарнада». Па зьвестках журналістаў Даніла “прайшоў шлях ад нэанацызму да радыкальнага ісламу, абвясьціў Расеі джыхад і адправіўся ваяваць ва ўкраінскі батальён «Тарнада»”.
Колькі праўды, а колькі няпраўды ў гэтай інфармацыі нам, на жаль, невядома…