nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Ад “старэйшага брата” можна чакаць толькі здрады

Снежань 9, 2015 | Каментары (17)

Бессьмяротны 1Раман Бяссьмертны (на фота) – адзін з найбуйных палітычных дзеячаў Украіны. Зь лютага 2010 па чэрвень 2011 года ён быў надзвычайным і паўнамоцным паслом Украіны ў Беларусі, выказаў салідарную зь еўрапейскімі палітыкамі пазіцыю што да падзей у Менску 19 сьнежня 2010 года. За гэта быў адкліканы па патрабаваньні лукашэнкаўскіх уладаў. Сёньня зьяўляецца прадстаўніком прэзідэнта Ўкраіны ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляваньні ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны. Зьміцер Лукашук – журналіст Еўрарадыё – узяў інтэрвю ў спадара Бяссьмертнага (http://euroradio.fm/byassmertny-u-staulenni-da-ukrainy-ya-razdzyalyayu-belarusau-i-belaruskiya-ulady). Лічым карысным выставіць гэтае інтэрвю і на нашым сайце, паколькі ў ім многія падзеі на ўсходзе Ўкраіны (і ня толькі там) раскрываюцца ў новым, важным ракурсе.

 

Еўрарадыё (ЕР): 30 лістапада ў Менску чарговы раз сабралася палітычная падгрупа Кантактнай групы па Ўкраіне — які вынік перамоў? Увогуле, вырашэньня якіх асноўных палітычных пытаньняў украінскі бок хоча дамагчыся?

Раман Бяссьмертны (Р.Б.): Калі пра перамовы, то ідзе цяжкая руцінная праца. Але на фоне абвастрэньня сітуацыі на лініі разьмежаваньня гаварыць няма пра што. Чаго хочам дамагчыся… Найперш нас цікавіць, каб людзі перасталі гінуць. Але там ключом да ўсяго ёсьць вывядзеньне расейскіх войскаў, наёмнікаў расейскіх, расейскай зброі. Усе іншыя пытаньні можна вырашыць. Увогуле, ва ўсіх іншых пытаньнях я ня бачу непераадольных праблем. Я магу сказаць, што пакуль там стаяць два армейскія корпусы, падпарадкаваныя Генеральнаму штабу Расейскай Федэрацыі, у якіх камандаваньне цалкам належыць расейскаму Генеральнаму штабу, кіраваньне працэсам цалкам у руках Крамля. І гэта той выпадак, калі сама сітуацыя без рэгіянальнага, кантынентальнага і глабальнага кантэксту блізкая амаль да тупіковай. Але гэта не азначае, што працэс трэба прыпыняць — ён проста патрабуе іншых кампанентаў.

 

ЕР: Якіх? Можа, каб удзел у перамоваў бралі ЗША?

Р.Б.: Размова не ідзе пра ўдзел кагосьці ў “менскім працэсе” — размова ідзе пра тое, што агульная сітуацыя ў глабальным, людскім сьвеце ў пытаньнях бясьпекі ёсьць праблематычнай, і на гэтыя выклікі трэба даваць адказ. Другое: такая ж сітуацыя з пытаньнямі еўрапейскай бясьпекі — на гэтае пытаньне трэба адказваць. Трэцяе пытаньне — рэгіянальнай бясьпекі. Сюды адносіцца Балта-Чарнаморскі рэгіён. Такі вось рэгіянальны кампанент. Наступнае: міждзяржаўныя расейска-ўкраінскія адносіны. Тут мы маем апроч праблемы Данбаса праблему Крыма, праблему правоў крымскіх татар. А далей ідуць унутраныя праблемы пабудовы Ўкраіны як дзяржавы. Калі на ўсіх гэтых узроўнях, наконт усіх гэтых складнікаў ня весьці дыялог, то тут я скажу вобразна: “З дапамогаю ўнясеньня зьменаў ва ўкраінскую Канстытуцыю сірыйскую праблему ня вырашыш”.

 

ЕР: Вы разважаеце як дыпламат, але мы выніку ад гэтых перамоў ня бачым. А ў такім разе ці ёсьць у іх сэнс?

Р.Б.: Я маю канкрэтнае заданьне і яго выконваю. Буду мець іншае заданьне — буду дзейнічаць па-іншаму. У сёньняшняй сітуацыі я раблю тое, на што ўпаўнаважаны ўкраінскім бокам. І ў межах гэтага я магу дыскутаваць з вамі, з сабой, з супрацьлеглым бокам за сталом перамоў. І нават мае развагі не павінны выходзіць за межы дыпламатычнага фармату, у якім мы ўдзельнічаем. Я невыпадкова кажу, што “менскі працэс” мусіць быць, яго трэба зьберагаць, але я вам прыблізна апісаў яго магчымыя персьпектывы і яго месца ў разьвязаньні кантынентальнай, глабальнай і рэгіянальнай праблем бясьпекі. Дзякуй беларускаму народу, што ён нас трывае ў той ролі, у якой мы тут знаходзімся, — і ўкраінскі бок, і ўсе іншыя. Я ад імя нашага боку кажу.

 

ЕР: Калі я сяду весьці з вамі дыпламатычна-палітычныя перамовы, то буду выглядаць як першакласьнік, а як выглядае бок так званых ДНР/ЛНР?

Р.Б.: Хай іх ацэньваюць тыя, хто адправіў іх сюды. А я мушу весьці зь імі размову, бо яны маюць адпаведныя ўпаўнаважаньні…

 

ЕР: А яны сапраўды на нешта ўпаўнаважаныя, могуць нешта гарантаваць, прымаць рашэньні?

Р.Б.: У межах “Менскага працэсу” мы вядзем перамовы з прадстаўнікамі Расейскай Федэрацыі. Што да ўдзелу ў тых працэсах прадстаўнікоў пэўных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласьцяў, то яны бяруць у іх удзел, але не зьяўляюцца ўдзельнікамі дыялогу.

 

ЕР: Якім вам бачыцца будучыня так званых ДНР/ЛНР?

Р.Б.: Пакуль там ёсьць расейскія войскі, пакуль гэтая тэрыторыя выглядае як рэгіянальны дамініён Крамля, казаць пра яе будучыню вельмі складана, бо яе проста няма. Якая будучыня ў Абхазіі ці Прыднястроўя? Калі там ня будзе расейскіх войскаў і наёмнікаў, можна будзе казаць, што людзі, якія там жывуць, абсалютна нічым не адрозьніваюцца ў сваіх правах ад украінцаў, якія ўрэшце стануць сапраўднай еўрапейскай нацыяй. А сёньня можна казаць пра досыць змрочныя персьпектывы той тэрыторыі. Яшчэ: гэта Данбас мусіць вяртацца ва Ўкраіну, а не Ўкраіне заходзіць на Данбас. Калі людзі хочуць жыць лепш — яны павінныя вярнуцца ва Ўкраіну.

 

ЕР: Калі былі агучаныя “Менскія дамоўленасьці”, усе спадзяваліся, што да такой і такой даты адвядуць цяжкую зброю, да такой — вызваляць палонных і гэтак далей па сьпісе. Цяпер казаць пра нейкія даты не выпадае?

Р.Б.: “Менскія дамоўленасьці” — гэта не каляндарны план. Гэта філасофія вырашэньня праблемы. Так гэта ўспрымаю я. А для Расеі гэта план руйнаваньня Ўкраіны і Еўрапейскага зьвязу. Таму, кажучы пра “Менскія дамоўленасьці”, трэба быць вельмі асьцярожным і разумець, што ўдзельнікі гэтага працэсу – Украіна, Нямеччына і Францыя – закладалі ў іх адну філасофію, а Расея — зусім іншую. Таму атрымліваем: літары і словы адны і тыя ж, але зьмест супрацьлеглы.

 

Бессьмяротны 2ЕР: Вы сказалі пра пагрозу бясьпецы для нашага рэгіёна з прычыны канфлікту ва Ўкраіне — Беларусі трэба нечага асьцерагацца?

Р.Б.: Беларускаму народу і, урэшце, беларускай дзяржаве трэба вельмі моцна дбаць пра сваю бясьпеку. Бо, на жаль, падзеі ва Ўкраіне даказалі, што ад “старэйшага брата” можна чакаць толькі здрады. Я не прарок, але калі народ хоча мець сваю дзяржаву — трэба гадаваць сваю армію. Інакш давядзецца карміць чужую.

 

ЕР: Як у вас паставіліся да навіны пра магчымае зьяўленьне ў нас расейскай авіябазы?

Р.Б.: І Ўкраіна як дзяржава, і шараговыя ўкраінцы ўспрынялі гэта вельмі негатыўна. У Беларусі ўжо ёсьць дзьве расейскія вайсковыя базы, і на пытаньне, навошта патрэбна трэцяя, адказаць цяжка. Я думаю, што гэта спроба прыняць залік у беларускай дзяржавы што да яе адданасьці тым абавязаньням, якія тая дзяржава брала перад саюзьнікам. Беларускі народ братні ўкраінскаму народу, а беларуская дзяржава — гэта сатэліт дзяржавы расейскай. Адсюль мы і зыходзім, калі аналізуем галасаваньне Беларусі ў ААН па “ўкраінскім пытаньні”, пазіцыю беларускіх уладаў па іншых пытаньнях. Мне цяжка выказваць нейкія прэтэнзіі беларусам — бываючы ў Менску, а сёньня ўжо 25-е паседжаньне нашай групы [размова адбывалася 30 лістапада г.г. — Еўрарадыё], я часам уключаю тэлевізар, і цяжка выказваць папрок людзям, якіх так “прасуюць”. Іншага слова тут і не падбярэш!

 

ЕР: І як ратавацца ад такога “прасаваньня” — у вас жа таксама расейскія каналы добра ў гэтым кірунку працавалі?

Р.Б.: Давайце казаць пра канкрэтныя рэчы: Украіна ўжо ня раз зьвярталася да беларускіх уладаў з просьбай дазволіць вяшчаць у вас украінскім каналам. Каб беларусы мелі інфармацыю пра Ўкраіну не з адной крыніцы. Калі я гляджу канал “НТВ-Беларусь”, то бачу — там зусім няма Беларусі. Дарэчы, з просьбай дазволіць трансляцыю ў Беларусі ўкраінскіх каналаў мы зьвярталіся да вашых уладаў, яшчэ калі я тут быў паслом. І сёлета агучвалі гэтую просьбу наноў. Я бачу, што беларусы сёньня ня ведаюць праўды пра сітуацыю ва Ўкраіне, на Данбасе. І ў гэтым я выказваю сур’ёзную прэтэнзію беларускай дзяржаве.

 

ЕР: Яшчэ летась ва Ўкраіне сур’ёзна абмяркоўвалі магчымасьць уварваньня расейскіх войскаў з боку Беларусі. Цяпер тых размоў не чуваць — у такую магчымасьць больш ня вераць?

Р.Б.: Гавораць пра гэта ці не, але Генштаб павінен быць гатовы да любых падзей. Тым больш што дакументы, абавязаньні па якіх узяла на сябе беларуская дзяржава, зусім не патрабуюць ніякага дазволу на пэўныя дзеяньні з боку Расейскай Федэрацыі. Памятаеце, была “лінія Мажыно”, памятаеце, па чыёй тэрыторыі яе абышлі? Таму… Увогуле, ракеты да Сірыі з Касьпійскага мора ляцелі па тэрыторыі трох дзяржаў і што — гэта перашкодзіла ім праляцець? У даным выпадку фармальны бок падпісаных Беларусьсю і Расіяй дакументаў такі, што пры жаданьні Расейская Федэрацыя можа выкарыстаць бяз згоды беларускай дзяржавы яе тэрыторыю для адпаведных дзеяньняў.

 

ЕР: У адным зь нядаўніх сваіх інтэрвю вы сказалі, што “Украіна — гэта куля, якая ляціць у лоб Пуціну”. Што мелася на ўвазе?

Р.Б.: Некалі казалі, што Савецкі Саюз без Украіны не адбыўся б. І Расейская імперыя без Украіны ніколі б не адбылася. Калі казаць пра будучыню Расеі як дзяржавы, што існуе ў пэўнай імперскай філасофіі, я магу сказаць, што яна немагчымая без Украіны. І калі я казаў пра тую кулю, то казаў пра тое, што, аб’явіўшы фактычна вайну Ўкраіне, распачаўшы анэксію Крыма, Пуцін запаліў бікфордаў шнур да дынаміту, на якім ён сам сядзіць. Тут можна казаць пра кулю, можна пра дынаміт, які скончыць эпоху Расейскай Федэрацыі як імперскага ўтварэньня. І дасягненьні, і паразы Пуціна ў вялікай ступені зьвязаныя з Украінай і ўкраінцамі. Гэтак жа, як яны ў пэўнай ступені зьвязаныя зь беларусамі й Беларусьсю. Крэмль як імперыя жыў, жыве і будзе жыць толькі за кошт ускрайкаў.

 

ЕР: Кажуць, што ні ўкраінцаў, ні беларусаў у Еўропе ніхто не чакае, што мы там нікому не патрэбныя і няма чаго туды шчаміцца…

Р.Б.: Больш за ўсё беларусам і ўкраінцам патрэбныя еўрапейскія каштоўнасьці. І мы станем носьбітамі гэтых каштоўнасьцяў і кардынальна зьменім нашае жыцьцё. Таму гэта нам патрэбныя еўрапейскія каштоўнасьці, нам патрэбныя еўрапейскія адносіны, гэта мы гэтага хочам. І калі я чую, што нас там ніхто не чакае, я адказваю: “Гэта нам патрэбна!” Нам — украінцам і беларусам. Бо мы хочам жыць, як еўрапейцы. Калі нам кажуць пра крызіс у Еўропе, то я хацеў бы бачыць у нас такі дабрабыт, як там крызіс. І ведаю, што нам ня трэба такога “брата”, як Расея, і каштоўнасьцяў, якіх яна прытрымліваецца.

 

ЕР: Як сёньня ацэньваеце сваю працу пасла ў Беларусі — што ня здолелі зрабіць?

Р.Б.: Калі я быў тут паслом, то разумеў: робячы тое, што раблю, я хаджу па мяжы дапушчальнага. А можа, у пэўных рэчах і заходжу за мяжу. Але, з майго пункту гледжаньня, я, знаходзячыся ў Беларусі, рабіў тое, што належыць рабіць паслу дзяржавы, якая вызначылася быць еўрапейскай дзяржавай. І адпаведныя ацэнкі даваў, і адпаведную пазіцыю ўкраінскага боку агучваў па пэўных пытаньнях. Калі мы называем сябе еўрапейскай краінай, мы ня можам даваць іншых ацэнак у сітуацыі, якая на той момант складалася і, на жаль, застаецца ў Беларусі.

 

Каментары (17)

  1. Валянцін says:

    Вельмі слушна!

  2. Licvin says:

    Расея з 1991 года, калі пайшла на развал Саюза, трапіла ў стратэгічны цугцванг, у якім знаходзіцца і сёння. Камуністычны Кітай і камуністычны В’етнам паспяхова развіваюць сваю рынкавую эканоміку! Яны спалучылі паланавасьць і дысцыпліну з прыватнай ініцыятывай. Чаму так не зрабілі расейскія стратэгі ў 1991 годзе?? Таму што па-першае: стратэгаў у Расеі не было на той час, былі чубайсы, бурбулюсы, шахраі і іншыя ельцынойды, якія вельмі моцна хацелі халявы(хутка і моцна разбагацець). Што і было зроблена!
    Халява засланіла вочы маскоўскай эліце (папоў, афанасьеў…), Ельцын ездзіў па краіне і раздаваў суверынітэт аўтаноміям (”берите суверинитету сколько хотите” прамаўляў ён у Татарстане.) На той момант ягоная палітычная пазіцыя была вельмі хісткая, камуністы маглі забраць уладу.
    Разбурыўшы і страціўшы савецкую цывілізацыю Расія зрабілася безабаронай у барацьбе з іншымі цывілізацымі. І халява не можа памагчы Расеі.
    Беларусь і Украіна могуць сысьці пад крыло еўрапейскай цывілізацыі, праўда прыдзецца аддаць ”за так” багацці краіны ( зямлю, заводы, лясы, прыродныя рэсурсы). Расеі ісьці няма куды, яна як той затраўлены мядзьведзь разумея, што хутка затравяць, здымуць скуру і пачнуць дзяліць яе тэрыторыю іншыя цывілізацыі.
    Хто вінават — ужо зразумела! А вось ”Что делать?!”

    • Рэдакцыя says:

      А вось ужо тут мы з вамі катэгарычна ня згодныя, сп. Ліцьвін, калі вы кажаце, што нам прыйдзецца “за так” аддаць нашыя багацьці – зямлю, заводы, лясы, прыродныя рэсурсы.
      Усё гэта – агульнабеларускія багацьці, адзіным законным уласьнікам якіх зьяўляецца беларускі народ (т.б., усе этнічныя беларусы-літвіны). У выніку прыватызацыі (праз стварэньне ЗАТаў) ці праз пажыцьцёвую арэнду (зямля, лясы, водныя рэсурсы) большая частка гэтых багацьцяў на этнічнай тэрыторыі беларусаў-літвінаў павінна трапіць у рукі этнічных беларусаў-літвінаў, а меншая – напрыклад, нетры, вялікія запаведнікі – застацца ў агульнанацыянальнай уласнасьці.
      Толькі такая будучыня зьяўляецца сацыяльнай нормай. Яна павінна зьдзейніцца ў межах усёй людскай цывілізацыі ва ўсіх нацыянальных дзяржавах, аб’яднаных у сістэму нацыянальных дзяржаў. А імперый, якія вы чамусьці называеце “цывілізацыямі”, увогуле не павінна быць.

  3. Licvin says:

    Тлумачу. Праз дэмакратыю выбіраюцца бедныя дэпутаты, якія цалкам праводзяць палітыку буйнага капітала. Гэтыя дэпутаты праводзяць законы аб свабоднай продажы зямлі, таксама ваўчэрную прыватызацыю ”заводаў, газет, параходаў” і буйны заходні капітал купляе ўсё што ім трэба. ( Качынскі аднойчы заявіў, што пры ўвядзенні дэмакратыі Беларусь будзе раскуплена на працягу месяца). Вашы мары-трызненні — чысты ідэалізм! Сорас хваліўся ў сваёй кніжцы аб удалай ваўчэрнай прыватызаці чэшскіх прадпрыемстваў, дзе ён акупіў усе свае расходы па дэмакратызацыі ва Усходняй Еўропе.
    Цывілізацый сёння існуе на зямной кулі прыкладна 6-7, гэта: англасаксонская, еўрапейская, кітайская, ісламская, лацінская(Лацінская Амерыка), індуская, яшчэ мабыць можна дадаць афрыканская. Была яшчэ савецкая цывілізацыя, якая давала нам шанец на выжыванне. Барацьба цывілізацый — гэта меркаванне гісторыка Тойнбі.
    Таксама я хацеў бы не прыпыняцца на поўдарозе, а паспрабаваць адказаць на заданае пытанне ” Что делать?”. Маецца на ўвазе Расія. Аналіз дае некалькі версій развіцця падзей, пры тым фактычна адзін варыянт найбольш рэалістычны. Фактычна можна спрагназаваць падзеі на бліжэйшыя 5-15 год.

    • Рэдакцыя says:

      1) Усё, што вы апісалі пад назвай “дэмакратыя”, дэмакратыяй не зьяўляецца. Дэмакратыя, гэта калі народ-этнас абірае лепшых сваіх прадстаўнікоў, каб тыя арганізавалі народу найлепшыя ўмовы для самарэалізацыі.
      2) Так як вы разважаеце пра глабальную сітуацыю ў сьвеце (пра барацьбу паміж 6-7 “цывілізацыямі”) – гэта ёсьць механізм вывядзеньня крысаеда (калі ў бочку саджаюць пацукоў, ня кормяць, і яны ядуць адзін аднаго, пакуль не застаецца апошні – самы галоўны крысаед). У персьпектыве пры пераносе сітуацыі на людскую цывілізацыю, гэта азначае яе сьмерць. З-за таго, што адбудзецца адзін з двух сцэнароў: альбо глабальная людская цывілізацыя загіне ў выніку ядзернага армагедону, альбо з-за таго, што ўтворыцца сітуацыя адзінага глабальнага канцлагеру.
      Прадказаць гэтыя два магчымыя вынікі, як бачыце, ня цяжка. Людзі, якія паступова даходзяць да такога разуменьня чамусьці называюць сябе “рэалістамі” (але ж якія яны рэалісты, калі адзінае, што яны здольныя прадбачыць – гэта сьмерць). Тых жа людзей, якія прапануюць прыняць такія прынцыпы арганізацыі глабальнай людскай цывілізацыі, якія выключаць яе гібель (а набор такіх прынцыпаў, прынымсі частковы, ня раз называўся на нашым сайце), яны чамусьці называюць “ідэалістамі”.
      Мы ў рэдакцыі лічым усё наадварот:
      – тых, хто прапануе прыняць цалкам РЭАЛЬНЫЯ прынцыпы неабмежаваннага жыцьця і прагрэсу людскай цывілізацыі, называць рэалістамі-віталістамі;
      – тыя, хто ідуць сьледам за глабальнымі падзямі ў кірунку сваёй і агульнай сьмерці, называць ідэалістамі-самагубцамі.

  4. Павел Біч says:

    Цалкам згодзен з крытыкай Рэдакцыі поглядаў сп. Licvina. Сп. Літвін, ты як пісьменнік павінен зразумець ў першую чаргу што панаванне замежнікаў невыносна толькі з-за таго што яны як правіла. знішчаюць тваю родную культуру. Можна прывесці шмат прыкладаў калі замежнікі неслі больш высокіе технологіі і як след больш высокі матеріальны узровень жыцця. Усе еўрапейскіе каланізатары неслі гэта адсталым народам. Я неяк прыводзіў прыклад як цяжка зразумець хто каго эксплуатуе пры абмене дікаря і маряка Кука калі меняецца цвік на куріцу. Але каланізатары неслі сваю культуру і гэта падняла каланіяльные народы на смяротную барацьбу. Колькі я цябе ведаю ты крычішь караул – пры дэмакратыі усталюецца грабеж нашых прыродных багаццяў. Але калі улада застаецца у нас. то гэта немагчыма. Рабацягу замежнік можа разражняць толькі калі ён брыгадзір; ён тады будзе навязваць рабацягам свой лад працы. Калі ж замежнік діректар то рабацяге ужо усёроўна, абы быў харошы заробак. Калі замежнік-діректар пабудуе ў сваёй краіне 5 басейнаў, а ў краіне где яго завод і асноўные рабацягі – адзін басейн, то гэта лёгка выкрыць бухгалтэріяй. Так што за тваімі крыкамі сп. Ліцвін стаіць або недалёкі твой разум, або прапіхванне расейскіх інтэресаў. Калі б прыбалты засталіся яшчэ на гадоў 20 ў СССР яны былі русіфікаваны таксама як і мы. А так яны пад дахам НАТА жывуць са сваёй культурай. Тое чаго няма у нас. Бачыш сп. Ліцвін ты ужо абрыдл нават Рэдакцыі. Знайдзі сабе прыуладны лукашысткі сайт. Там твае разважанні прымуць без крытыкі. Але ты упорна хочешь друкавацца на нацыяналістыхх сайтах на якіх твае погляды непрымальныя. Ты чалавек пераходнай культуры як Алексеевіч. Думаю таксама як і яна ты лічыш рускую літературу вялікай. Чытай каментары пра яе. у іх часткова гэта выкрываюць. Я такіх як ты і яна называю белымі рашкамі. Але ў рускай культуре ёсць адна асаблівасць за што любяць і яе і рускі народ. Я хацеў аб гэтым паспрачацца са сп. Абламейкам, але ён адразу схаваўся ў бульбянік. Прабач калі я цябе пакрыўдзіў. Меня з усіх бакоў долбаюць што я пішу па-беларуску з памылкамі.Раюць перайсці на рускую. А як лічыць Рэдакцыя і сп. Ліцвін. Здаецца, прыклад Украіны паказаў што расейцаў можна спакойна забіваць не ведая ніякой мовы акрамя рускай.

  5. Siarhiej says:

    Падзел на цывілізацыі можна рабіць па этнічных-расавых, культурных-светапоглядных-рэлігійных, геаграфічных, эканамічных, гістарычных прыкметах. Цывілізацый можа быць 6-7, а можа быць і 60-70, ці 200 – па колькасьці дзяржаў на Зямлі. Перавагі ў канкурэнцыі дае адукацыя, валоданьне тэхналогіямі, салідарнасьць. Звярніце ўвагу на транс-нацыянальныя карпарацыі, уключна банкі. Уладальнікі і менеджэры ТНК могуць быць мацнее ўрадоў. У гэтым, як-быццам бы, хаосе паступова выпрацоўваюцца агульныя стандарты. Расея парушыла гэтыя стандарты і будзе пакараная. Дыктатура гэта адхіленьне ад стандарта.

  6. Licvin says:

    У вашых развагах не хапае перш за ўсё шырыні гістарчнага кругазора. Вы вырываеце з гістарычнага кантэкста нейкія фрагменты і пачынаеце строіць на ім свае разумовыя канструкцыі.
    ”Дэмакратыя, гэта калі народ-этнас абірае лепшых сваіх прадстаўнікоў, каб тыя арганізавалі народу найлепшыя ўмовы для самарэалізацыі.”
    Дзе ”народ-этнас”? Ёсьць электарат, які не ведае ні сваёй мовы, ні сваёй гісторыі. ”выбярэ лепшых сваіх прадстаўнікоў” — як ён адшукае гэтых ”лепшых прадстаўнікоў”, калі ўсе сродкі інфармацыі ў руках русафілаў. ”Найлепшыя ўмовы для самарэалізацыі” — вось гэтыя не нашы сродкі інфармацыі і ”народныя прадстаўнікі” і пераканаюць электарат, што ”зямля” найлепшым чынам выкарыстоўваецца ў прыватных руках.
    Размова таксама ішла пра Расею, куды ёй ісьці, ”Что делать”? Вы ўсе ўхілілісь ад заданага пытання. Баюсь, што яна ідзе ў накірунку да рускага нацыяналізма, які можа перарасьці ў дыктатуру… Ужо бачны моцныя парасткі гэтага руху.

    • Рэдакцыя says:

      1) Спадар Ліцьвін, мы кажам пра дэмакратыю, як мэту, на якую трэба арыентавацца і да якой імкнуцца, а вы зьвяртаеце ўвагу на цяжкасьці практычнага дасягненьня гэтай мэты. Мы згодныя, што цяжкасьці вельмі вялікія, але толькі ідэальная мэта (якая ў практычным жыцьці ніколі ня можа быць дасягнутая – да яе ўвесь час можна толькі максімальна наблізіцца) можа надаць СЭНС (а гэта вышэйшая людская каштоўнасьць!!!) нашай грамадска-палітычнай дзейнасьці, дый усяму нашаму жыцьцю.

      2) Расея, як імперыя (якая ёсьць штучным створам, які аб’ектыўна пярэчыць натуральнаму кірунку прагрэсіўнага разьвіцьця людскай цывілізацыі) ня можа быць дэмакратыяй у прынцыпе. Калі яна захоча сапраўднай дэмакратыі, яны мусіць разваліцца. Калі яна захоча заставацца цэласнай, яны мусіць разьвіваць цэнтралізацыю да поўнай таталітарнай дыктатуры. Апошняя можа быць аформлена як царская, камуністычная (было), псеўда-дэмакратычная (ёсьць), ці як шавіністычна-нацысцкая (можа быць). Але зьмена шыльды не мяняе сутнасьць. А сутнасьць ў тым, што імперыя (расейская ці любая іншая) па прычыне сваёй ненатуральнасьці й антыпрагрэсіўнасьці захоўвае ўнутры сябе невырашальную супярэчнасьць, ад якой яе ўвесь час калоціць ліхарадка, перыядычна губляецца прытомнасьць, узьнікаюць крызісы і г.д.

      3) Дарэчы, пра тое, што мусіць адбыцца прынцыповая рэструктурызацыя Расеі, мы ўжо пісалі даўно – нават зафіксавалі адпаведны дактрынальны прынцып.
      Пазітыўны ж праект такі: тэрыторыя Еўропы і Азіі, дзе жывуць белыя народы, якія пьюць малако (гэта на пачатак), павінна ператварыцца ў СІСТЭМУ нацыянальна-дэмакратычных дзяржаў, дзе кожны народ-этнас – галоўны гаспадар на сваёй зямлі, і дзе ўсе народы разам бароняць вось гэты прынцып сваёй сістэмнай арганізацыі.
      Практычнае вырашэньне гэтай ідэі павінна адбывацца празь яднаньне і арганізацыю САПРАЎДНЫХ нацыянальных эліт усіх “малочных” народаў.

  7. Licvin says:

    Згодны! Сам я ідыяліст, ды яшчэ які!
    Звярніце ўвагу, на выступленне сатырыка Хазанава па ”Культуры”, дзе ён расказаў, як у 2004 годзе яго на канцэрце затупалі і засвістала адна траціна гледачоў. Гэта быў ужо другі выпадак, пасля чаго Хазанаў спыніў сваю канцэртную дзейнасьць. Выснова: буйная расейская буржуазія не дае ані аднаго шанцу таленавітым, праўдзівым і чэсным для кантактаванне з шырокімі народнымі масамі. Затое па тэлескрынцы рознае артыстычнае нікчэмнасьць запалоніла ўсе каналы.
    Таксама ідзе вайна супраць усяго савецкага, страўліваюцца былыя савецкія народы. Алігархат любой цаной хоча ўтрымаць уладу і таму развязвае лакальныя войны, каб знішчыць пасіянарных.

  8. Павел Біч says:

    Siargiej, ты сільна перабольшваешь ў жыцці ролю Правілаў, Законаў,Стандартаў. Часцей за усё яны вызначаюць толькі самые знешніе агульные рамкі паводзін. А яшчэ застаецца кантэкст. трактоўка. Вось тыповы прыклад недахоп усяго запісаннага на паперках. Ніяк немагчыма сфармуляваць што такое “здравы смысл”. І гэта не мая прыдумка, гэта сказаў вядучы логік і математык 20 ст Б.Рассел. Далей, а хто будзе наказваць парушыцеляў стандартаў? Такіх няма. Раней гэту ролю адводзілі Богу. Казалі чалавек парушыў Божьі Заповеді. паводзіць сябе не па-боску. Цяпер такая інстанцыя знішчана. Сумленне? А аб ім таксама розные уяўлення і у людзей, і у народаў, краінаў. цывілізацый.
    І па папереднему твайму каментару – чаму апазіцыя апынулася пераможнай. Ты усе патлумачыў недахопам ресурсаў. у тым ліку і грошавых. А што апазіцыі не хапала грошай на деманстрацыйные матэрыялы? Апазіцыі заўжды не хапала людзей .Памятаешь, з майстроўні прынасілі транспаранты, а несці і трымаць іх было няма каму. Ну пагадзісь з гэтым! Што мы людзям плацілі за выхад на вуліцы? Не. Уся справа ў нізкай нацыянальнай свядомасці нашага народа. Ён паражёны комплесам непаўнавартасці. Так яго выхавалі ў школе, што мы беларусы узніклі пасля Дудкі Багушэвіча і з’яўляемся малодшім брацікам рускіх. Я бачу толькі адзіны сродак пераадолення гэтага – вяртання да старых назваў Літва, літоўцы. літвіны. Мне недаўно напісаў Баршчэўскі – не лічы разумнейшым сябе за … і далей ішоў пералік усіх пачынаючы ад Я. Купалы. і канчаючы Барадуліным. Я яму адказаў што ў суматохе двух войнаў і рэвалюцый ім было не да таго. Яны былі пад уплывам сацыялістычных ідэяў, яны спадзеваліся. А цяпер пасля другой паразы за сто год, у меня такіх надзеяў няма. Сітуацыя ж увесь час пагаршаецца. Выкінулі за мяжу гарадзенскіх гісторыкаў, Старікаў збірае кангресы ў Менску, ў лесах трэніруюцца казачкі…

    • Siarhiej says:

      а хто будзе наказваць парушыцеляў стандартаў?

      З падонкамі ніхто не хоча мець кантактаў і бізнэсу. Яны аказываюцца ў ізаляцыі і дэградуюць да распада. Гэта адбываецца і на ўрадавым узроўні і на бытавым.

  9. Павел Біч says:

    Шаноўная рэдакцыя, прачытаў ваш адказ сп. Ліцвіну.Згодзен. Толькі пункт тры вызывае засцярогу. Што гэта за народы якія пьюць малако? Ці мангалоіды не пьюць яго? Выдзеляць белую расу таксама не разумна. Сімпатыі між народамі пераадольваюць колер скуры. Рускіе па эстэтыцы еўрапейскі народ, а па этыцы – усходні. У гэтым іх драма. Расея часцяком была раней супраць еўрапескіх народаў ў войнах. Але гэта таксама не Закон. Тут мог бы ўставіць свае пяць капеек сп. Куплевіч. Але ён кудысьці знік.

    • Рэдакцыя says:

      Спадар Біч,
      1) пра праект для “малочных народаў” напісана, што “гэта на пачатак”. Т.б, каб зь нечага пачаць…
      2) Малочныя народы – народы, якія пьюць сырое малако – зьвязаны паміж сабой генетычным адзінствам і культурай гаспадараньня (вельмі верагодна, што гэта тое самае, што інда-еўрапейскія, арыйскія народы). Усе яны паходзяць ад агульнага продка, які жыў прыкладна 7.000 гадоў таму прыкладна на тэрыторыі сучаснай Беларусі (!). Дадаткова раю пачытаць у Вікіпедыі пра “талерантнасьць да лактозы” і падумаць над Фактамі, якія вам адкрыюцца. Хаця мы плануем выстаўленьне адпаведных матэрыялаў, якія ўжо больш за год знаходзяцца ў рэдакцыйнай тэчцы…

  10. Adash says:

    Паважаныя! Зьвяртаю ўвагу, што назоў “Россия” ужываць неканструктыўна. Гэты панятак — прапагандысцкі фантом. Глядзіце: нярэдка ім пазначаюць і Маскоўскае княства, і Маскоўскае царства, і “Российскую империю”, і “Союз Советских Социалистических Республик”, і частку апошняга — “Российскую Федеративную Советскую Социалистическую Рэспублику”, і “Российскую Федерацыю”. Адначасова, як-быццам, гэта ўсё адное-й-тое-самае, тая-самая існасьць. Такая падмена паняткаў. Лічу мэтазгодным, пазьбягаць карыстацца назовам “Россия” (Расея), а калі гаворка йдзе пра цяперны час, не ленавацца й кожны раз называць дзяржаву з сталіцаю ў Маскве яе афіцыйным назовам “Российская Федерацыя”. Бачу, што ў такім разе шмат якія пытаньні пачнуць выглядаць відавочней, празрысьцей.
    Дадам наконт «гэта ўсё адное-й-тое-самае, тая-самая існасьць». Папраўдзе, так. Але не як нейкая тэрыторыя ці дзяржаўнае ўтварэньне, а як агульны прынцып, які іх аб’ядноўвае: МАСКОЎСКАЕ ЎЛАДАРСТВА. Ці маленькае, як у часы Маскоўскага княства, ці вялікае, як у часы СССР і Варшаўскага блёку… Сутнасьць тая-самая: улада Масквы. Здаецца, асновы гэтага прынцыпу былі закладзеныя тады, калі было прадэкляраванае: “Москва — Третий Рим, а четвёртому не бывать.”
    Таму: кажам, пішам НЕ “Расея”, а “Российская Федерация” (ці, у размовах пра сэнс — Маскоўскае валадарства).
    Усяго добрага!

  11. Licvin says:

    РФ — замест Расія! Думка цікавая, глыбокая і гістарычна шматзначная!

Пакінуць каментар

*

  • Старонкі

  • Рубрыкі

  • Апошнія запісы

  • Архівы