nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Зянон Пазьняк: “Наперадзе абарона Незалежнасьці”

11 ліпеня, 2016 | 10 каментарыяў

Пазьняк 1

 

 

Сталыя чытачы нашага сайту добра ведаюць пра наша крытычнае стаўленьне да Пазьняка, як да грамадска-палітычнага дзеча, з-за яго правальнай дзейнасьці з другой паловы 1990-х.  Аднак некаторыя яго артыкулы мы лічым неабходным выстаўляць і на нашым сайце (у адрозьненьне ад нашых артыкулаў, якія ніколі не выстаўляюцца на яго сайтах) – абы была карысьць для нашага народу… Ніжэй выстаўляем выступ Зянона Пазьняка на чэрвеньскім 2016 г. Сойме КХП. Ён тэматычна складаецца нібы зь дзьвюх частак (узята адсюль: https://pieramoha.org/artykuly/zianon-pazniak-napieradzie-abarona-niezaliezhnasci).

Рэдакцыя.

 

 

“Пуцінская Расея рыхтуецца да вайны і да гібрыднага захопу Беларусі. Гэты план пачаўся, фактычна, у 2000 годзе. Зараз адбываецца яго актыўная падрыхтоўчая фаза. Стрэльбо павешана на віду і яна можа страліць, калі не прадбачыць такой магчымасьці і не прымаць захады. Канцэнтрацыя расейскага войска ля мяжы Беларусі будзе павялічвацца і пашырацца разам з крамлёўскім ціскам на сатрапскі рэжым. Палітычная сітуацыя ў Расеі павярнулася такім чынам, што пуцінскі рэжым, каб захавацца, зацікаўлены цяпер у захопе і анэксіі Беларусі. Хаця яшчэ 4-5 гадоў таму пытаньне так не стаяла (ішла толькі падрыхтоўка).

Паводзіны антыбеларускага рэжыму і начальніка рэжыму у гэтых абставінах прадказальныя. Антыбеларуская ўлада ня будзе супраціўляцца акупацыі, ня выставіць войска супраць агрэсараў. Гэтак жа як і ва Украіне справу барацьбы з акупантамі мусяць будуць узяць на сябе людзі, жыхары Беларусі. Рэжым і сатрап здольныя дбаць толькі аб захаваньні ўлады, таму прымуць ультыматум агрэсараў, абставіўшы здраду дэмагогіяй. Адносна паводзінаў антыбеларускага рэжыму і Лукашэнкі ня трэба мець ніякіх ілюзій.

Што рабіць беларусам? Падкрэсьлю тое, пра што даводзілася ня раз казаць і пісаць. Абавязкова мусім супраціўляцца агрэсіі, у якой бы форме яна ні пачалася.

Расейская агентура пры падтрымцы лукашысцкага рэжыму і папоў РПЦ цягам апошніх гадоў настварала ў Беларусі сотні экстрэмісцкіх арганізацыяў пад выглядам “казакоў” і розных “рускіх саюзаў”. Туды зацягнутыя беларускія падлеткі і ў асноўным моладзь. Кіруюць гэтымі арганізацыямі дарослыя людзі з ваенным мінулым. Гэта, як правіла, агентура расейскага ФСБ і папы РПЦ (што адно і тое ж). Беларускай моладзі там “прамываюць мазгі” ў рэчышчы фашыстоўскай ідэалогіі “русского мира”, вучаць ненавідзець Беларусь, страляць і карыстацца зброяй.

З гэтай беларускай моладзі ворагі Беларусі рэальна рыхтуюць “цітушак” (мадыфікацыя расейскіх янычараў). Небясьпечна, аднак, само існаваньне такіх прарасейскіх арганізацыяў. На выпадак гібрыднай вайны гэтыя арганізацыі будуць запоўненыя расейскімі баевікамі з расейскай армііі (мяжа адчынена) і адыграюць ролю шырмы, маскі для ўнутранай агрэсіі. У існуючых перадваенных абставінах пры нармальнай уладзе ўсе гэтыя псэўдаказацкія і прарускія агентурныя арганізацыі павінны б быць зачыненыя, забароненыя, праведзеныя арышты агентуры і пачата сьледзтва. Вайну, тэрарызм і закалоты трэба прадухіляць.

Тым часам антыбеларускі рэжым адкрыта падтрымлівае такую варожую дзейнасьць па падрыхтоўцы тэрарызму на нашай тэрыторыі. Праўда, ня ўсё так проста. У гэтым годзе разьведка [украінская – Рэд.] пад выглядам журналісцкай інфармацыі некалькі разоў выкінула ў Інтэрнэт падрабязныя зьвесткі пра дзейнасьць расейскай агентурнай калоны ў Беларусі з падрабязнымі біяграфіямі і фатаграфіямі завадатараў расейскага экстрэмізму на нашай зямлі [гаворка пра сайт НапалмІнформ” – Рэд.]. Раіў бы ўсім беларускім палітыкам мець гэтыя зьвесткі ў сваіх архівах.

Зразумела, што ў такім становішчы антыбеларускі рэжым не дапусьціць легальнага ўзьнікненьня беларускіх патрыятычных ваенізаваных арганізацыяў, альтэрнатыўных пятай калоне. Але ёсьць некалькі спосабаў падрыхтоўкі да дзейснай абароны незалежнасьці Беларусі. Пра адзін мэтад ужо было ня раз паведамлена. Гэта неарганізацыйны спосаб малых груп (у ідэале дзьве асобы), якія рыхтуюцца да абароны Айчыны і збройнай барацьбы. Пры гэтым у ідэйна-палітычным плане выкарыстоўваецца плённы мэтад так званай “ланцуговай рэакцыі” (ад асобы да асобы), выкарыстаны беларусамі ў 1960-х гадах (супраць якога быў бясьсільны КГБ).

У плане змаганьня з арганізацыямі пятай калоны можа ўжывацца таксама класічная методыка “пранікненьня”, якую выдатна выкарыстоўвалі ў 1930-х гадах у Заходняй Беларусі супраць польскіх псэўдабеларускіх арганізацыяў, створаных польскімі спецслужбамі. Прынцып вельмі просты: беларусы масава ўступалі ў такую арганізацыю і забіралі яе ў свае рукі, пасьля чаго палякі зачынялі арганізацыю (бо яна ім ужо была не патрэбна).

З пятай калонай такога пакуль не атрымаецца па зразумелых прычынах, але заслаць туды сваіх патрыётаў і ўзяць пад кантроль эфэсбоўскую “забаўку” – гэта справа тэхнікі і наяўнасьці патрэбных людзей, якія могуць адыграць ролю ў час ікс.

Трэба змагацца, ёсьць шансы, мэтады, і магчымасьці. Але галоўнае ёсьць абавязковая неабходнасьць супраціўленьня.

У апошні час расейцы перадыслакавалі некалькі матарызаваных вайсковых брыгад да межаў Беларусі ў Смаленскай і Бранскай вобласьцях. Асаблівы розгалас атрымала зьяўленьне расейскіх войскаў у беларускіх акупаваных гарадах Клінцы і Навазыбкаў, якія часова яшчэ знаходзяцца ў межах Расеі. Ёсьць некалькі ацэначных вэрсій такіх паводзінаў пуцінскай ваеншчыны.

Расейскі палітычны афіцыёз сцьвярджае, што гэтая перадыслакацыя і базы зроблены супраць Украіны. Афіцыёзныя аналітыкі лукашысцкага рэжыму даводзяць, што тут расейцы супраць НАТО так стараюцца.

Усе гэтыя асьпекты могуць быць, але, на маю думку, галоўным зьяўляецца рэалізацыя часткі маскоўскага плану па верагодным захопе Беларусі. Такая верагоднасьць можа ўзьнікнуць у любы час і таму маскоўцам хочацца трымаць нашу краіну і свайго “хітрага” сатрапа на аптычным цалёўніку. Тут тыповыя паводзіны расейцаў пры планаваньні агрэсіі. Нядаўні правал дзяржаўнага перавароту ў Казахстане, які рыхтавалі расейцы, у каторы раз ілюструе іхныя “стандарты”. Такая вось цана іхняга “мытнага саюзу”, АДКБ і пацалункаў з Назарбаевым.

Варыянтаў захопу Беларусі шмат. Самы просты — арганізаваць сумесны парад у Менску ці сумесныя вайсковыя вучэньні ў Беларусі і пакінуць тут свае войскі, спаслаўшыся, скажам, на просьбу Лукашэнкі, якую ён падпіша пры пэўных абставінах. Зрэшты, могуць арганізаваць якую-небудзь правакацыю на беларуска-украінскай мяжы, альбо ў Гародні, Менску ці Віцебску (пятай калоны для гэтага хапае) і прыйсьці на дапамогу ў “навядзеньні парадку” (зноў жа “па просьбе Лукашэнкі”), альбо па сваёй “сяброўскай” ініцыятыве. (Успомнім маскоўскі “дэсант” Чарнамырдзіна і Строева па ратаваньні Лукашэнкі ад імпічманту ў 1996 годзе). Усё гэта агрэсіўная тактыка і мэтодыка, якая з боку беларусаў адразу і абавязкава мусіць спаткаць жорсткі адказ і супраціў.

Верагоднасьць захопу тэрыторыі Беларусі магчымая, калі прыняць пад увагу стратэгічныя абставіны маскоўскай агрэсіі. Няўдача з фантомам “Наваросіі”, цяжкасьці ў захопленым Крыме і на Данбасе не спрыяюць стабільнасьці Пуціна. А тут яшчэ і ў Сірыі правалы. Для крамлёўскага рэжыму прыдатнай была б пасьпяховая акупацыйная кампанія, каб узьняць папулярнасьць і давер да Пуціна ў варварскім грамадзтве. Гэта важна для крамлёўскай хунты. Эскалацыя вайны з Украінай бліцкрыгам для Масквы ня скончыцца. Тое самае ў Прыбалтыцы. Момант страчаны. Канфлікт там ужо ня стане лакальным. “Посьпех” у Сірыі існуе толькі ў прапагандзе. Трэба гарантавана ратаваць рэпутацыю Пуціна і яго палітыкі. Такім паратункам мог бы стаць якраз ціхі ўвод расейскіх войскаў у Беларусь і кантроль над беларускай дзяржавай. У выніку адбылася б рэзкая перамена геапалітычнай і стратэгічнай сітуацыі на карысьць Пуціна. У Расеі гэта выклікала б усплёск “патрыятычнага сіфілісу” (словы Герцэна пра Расею), а ў Еўропе перапалох і разгубленасьць. Дэградуючая левалібэральная Еўропа ня ў стане супраціўляцца Расеі. Яна будзе шукаць перамоваў з Пуціным. (І знойдзе на ягоных умовах). Выратаваньне Еўропы зноў, як і ў 1940-х, апынецца ў руках амэрыканцаў, якія хутчэй за ўсё, пагодзяцца на пуцінскую акупацыю Беларусі, калі ня будзе беларускага супраціўленьня маскоўскай агрэсіі.

(Пішу і зьдзіўляюся, як рэзка перамяніўся сьвет у выніку маскоўскай агрэсіі [і ў выніку самадэградацыі Захаду. – Рэд.]. Даводзіцца апэраваць катэгорыямі сярэднявечнай палітыкі, і гэта ўжо сёньняшняя рэальнасьць!)

Акрамя падрыхтоўкі адпору і збройнага супраціўленьня, вельмі важна цяпер інфармацыйная асьвета беларускага насельніцтва, якое пры садзеяньні антыбеларускага рэжыму амаль цалкам знаходзіцца пад уплывам маскоўскай тэлегёбэльсаўшыны. Сродкамі масавай інфармацыі ні беларускае грамадзтва, ні наша Народная Партыя не валодаюць. СМІ манапалізаваныя прамаскоўскім рэжымам і, фактычна, паўтараюць маскоўскую прапаганду. Магчымасьці беларускай інфармацыі ў гэтых абставінах невялікія, але яны, гэтыя магчымасьці, могуць быць істотна павялічаны і стаць дзесяцікроць больш эфэктыўнымі, калі арыентаваць інфармацыю на пэўныя групы людзей, здольныя яе ня толькі спажываць, але і рэтрансьляваць у асяроддзі. Сябры нашай адраджэнскай Партыі разумеюць, пра што ідзе гаворка. Мушу толькі заўважыць, што становішча разумее і кіроўны рэжым. Існуе пэўная спецыялізацыя прапагандыстаў, троляў, бесаў, правакатараў і агентуры, якія дзейнічаюць у розных сегментах грамадзтва, прытым выкарыстоўваюць перш за ўсё так званы “дэмакратычны” друк.

Паўтаруся, што галоўнае агульнае палажэньне маскоўцаў у антыбеларускай інфармацыйнай вайне – гэта пазбаўленьне народа волі да супраціўленьня. Такая пазіцыя памнажаецца і распрацоўваецца ў розных асьпектах, але накіравана найперш на дэскрыдытацыю Нацыянальнай ідэі, нацыянальнай гісторыі, змаганьня за волю і незалежнасьць. Таксама дэскрыдытуюць нацыянальных дзеячоў беларускай палітыкі і культуры.

Лукашысцкі рэжым, як толькі зьявіўся, агучыў вуснамі Лукашэнкі некалькі антыбеларускіх лапідарных тэзісаў, прыдуманых з патрэбаў маскоўскай прапаганды, менавіта: “Сувэрэнітэт – гэта ерунда”, “Незалежнасьць звалілася зь неба”, “без Расеі нам нікуды”, “у 90-я рускія сядзелі ў Менску на чамаданах”, “ва ўсім вінаватыя “сьвядомыя”. (Апошняе азначэньне ў форме лаянкі ўведзена Лукашэнкам; камуністычная прапаганда раней такога слова, практычна, не ўжывала).

Заходняя агентура ў асобах Ганса Віка, Адрыяна Севярына ды інш. увяла свой “нямецкі” тэзіс прапаганды: “дасягнуць дэмакратыі ў Беларусі трэба праз саюз і аб’яднаньне з дэмакратычнай Расеяй”. Гэты тэзіс “дэмакратыі без суверэнітэту” заходнія шкоднікі мусіравалі доўгі час ў Беларусі праз сваю псэўдаапазыцыю, якую аплочвалі. На сёньняшні дзень іхны тэзіс страціў прапагандысцкі сэнс. Спраўдзілася сьведчаньне Беларускага Адраджэньня, што Расея – гэта агрэсія і вайна. Яна ніколі не была і ня будзе дэмакратычнай краінай.

Тым часам маскоўскія сьхемы антыбеларускай прапаганды ў каравым лукашысцкім выяўленьні працягваюць паўтарацца з тупым пастаянствам. На гэтым полі ўжо шмат хто адзначыўся, не разумеючы, відаць, што зьдзяйсьняе акт грамадзкага суіцыду. Пад лукашысцкімі штампамі няма ніякай факталагічнай і рацыянальнай асновы (ніхто не сядзеў на чамаданах), але тым ня менш яны паўтараюцца і працягваюць сьмярдзець.

Зазначу, што з гледзішча каардынатараў гэтай гёбельсаўшчыны, падыход цалкам рацыянальны. У прапагандзе хлусьні (праверана на прыкладзе тэлебачаньня) грамадзкая маса найлепш засвойвае самыя прымітыўныя, простыя і абсурдныя палажэньні.

Ёсьць цэлы перапіс асобаў, якія па тых ці іншых прычынах засьвечваюцца на лукашысцкіх прапагандысцкіх штампах. Пастаянную ерась у нацыянальным пытаньні піша, напрыклад, Сяргей Дубавец.

Я ніколі не зьвяртаў на ягоныя выхадкі ўвагі, ведаючы прыроду зьявы. Але хто ня ведае і неразумее правакацыі часам хапаецца за галаву ад прачытанага славаблудзтва. Нядаўна Дубавец напісаў у Сеціве тэкст, фактычна, супраць Нацыянальнай ідэі, супраць гістарычных дасягненьняў Народнага Фронта, прыдумаў (цалкам у стылі лукашэнкаўскага “сядзеньня рускіх на чамаданах”) неіснуючую ў рэальнасьці зьяву супроцьстаяньня нейкіх “сьвядомых” і “несьвядомых” (тэрміналогія Лукашэнкі) і абвінаваціў усіх беларускіх змагароў ў ігнараваньні беларускага народа. Тут жа арганізуецца міні-абмеркаваньне ў Інтэрнэце і дзён 5-6 група чытачоў (збольшага тролі) «сьцябаецца» ў волю (зорны час для эгацэнтрыста).

Гучыць амаль камічна, але цынічны эпатаж дубавецкага опуса зьдзівіў нават прыхільніка “русского мира” лукашэнкаўскага ідэолага Валянціна Анціпенку. “Вачам сваім ня веру, — напісаў у Сеціве спадар Анціпенка, — “Наша Ніва” даўно не наша. Але, каб такое закруціць – “уму непостижимо”. “Сёньня дубейшыя за іншыя дубы, усё ж ёсьць”, — рэзюмаваў начальнік ідэалагічнай і арганізацыйна-кадравай працы Валянцін Анціпенка пра выхадку Дубаўца. Поўнае фіяска выходзіць. Усё ў пясок.

І каб закончыць пра гэты пэрманэнтны брыдкі выпадак, мушу першы і апошні раз сказаць пару слоў пра аўтара опусаў.

Калі ў 1989 годзе хутка і энэргічна фармаваўся Народны Фронт, я сярод іншых прапанаваў уключыць у першы Сойм БНФ маладога журналіста Сяргея Дубаўца. Яму і Алесю Сушу было даручана рыхтаваць газэту “Навіны БНФ”, якая была зарэгістраваная на маё імя. Пасьля першага нумара Дубавец ад працы… адышоў. Газкту цягнуў Алесь Суша. А Дубавец неўзабаве зьехаў у Вільню і больш на Соймах яго ня бачылі. Па маіх назіраньнях малады чалавек выявіў поўную няздольнасьць да палітычнай працы, схаластычнае неразуменьне працэсаў. Тым часам палітыка ёсьць калектыўная справа. Рашэньням арганізацыі трэба падпарадкоўвацца і рабіць тое, што ўсе разам вырашылі, нават калі хто з гэтым не пагаджаецца. Людзі з завышанай самаацэнкай, індывідуалістычным характарам і эгацэнтрычнай натурай рабіць агульную калектыўную (і часам жмудную) справу звычайна няздольныя. Ім трэба красавацца і рабіць не агульнае, а сваё. Яны альбо ствараюць праблемы ў арганізацыі, альбо адыходзяць. Дубавец адышоў, затаіўшы, відаць, вечную злобу з-за сваёй нерэалізацыі на ўвесь БНФ. Невытлумачальнае (для тых, хто не разумее) пакусваньне Фронта пачалося адразу як толькі Дубавец адышоў і ад’ехаў. Усё змаганьне, барацьба і здабыцьцё незалежнасьці адбылося без яго. Ён ня ўдзельнічаў у гэтым палітычным пераможным змаганьні, ня ведае як і што рэальна адбывалася. Працэс прайшоў міма яго, сябе любімага. Эгацэнтрызм ператвараецца ў паталогію духа, чалавек перастае часам кантраляваць свае словы і ўчынкі, пакутуе ад уласнай няздатнасьці і завышаных уяўленьняў пра сябе, адчайна стараецца ва ўсім быць непадобным на іншых і выяўляе хваравіты сальерызм.

Наша цяперашняя беларуская адраджэнская моладзь даўно па-максімалісцку запісвае такіх людзей у агентуру вядомай канторы, што зьяўляецца, аднак, вельмі сумніўным, бо такая публіка і для “канторы” не падыходзіць. Фактам ёсьць тое, што эгацэнтрызм асабліва ў перыяд міжчасься становіцца вельмі распаўсюджанай інтэлігенцкай хваробай. Дастаткова толькі азірнуцца вакол і шмат што ўбачыцца. Усё гэта грамадзкія выдаткі гнілога часу, якія выяўляюць глыбокую грамадзкую хваробу, імя якой лібеэральны крызіс нацыянальнай інтэлігенцыі. Гэта зьява цывілізацыйнага кшталту, якая ўзьнікае незалежна ад палітычнай сістэмы і, як правіла, у вельмі шкодным выяўленьні, бо падточвае нацыянальную кансалідацыю Беларускага Адраджэньня якраз у час, калі кансалідацыя патрэбна. Эгацэнтрысты абплявалі ўжо і Купалу, і Коласа, і магілы дзеячоў Рады БНР у сваёй прозе і  вершаплёцтве. Такое ёсьць збочанае аблічча праклятага часу.

Павінен падкрэсьліць, што антыбеларускі рэжым перажывае сістэмны эканамічны крызіс, які ахоплівае ўсё грамадзтва і фармальна зьяўляецца цяпер галоўнай праблемай, якая датычыць усіх людзей. Але асаблівасьць у тым, што паправіць эканамічны стан грамадзтва ўжо ў прынцыпе немагчыма без дэмантажу усёй рэжымнай сістэмы. Прапановы па эканоміцы робяцца бяссэнсоўнымі, бо ня могуць вырашацца эканамічным спосабам. Такі стан аб’ектыўна мусіць прывесьці да грамадзка-сацыяльнага канфлікту з уладай, і беларусы мусяць да яго рыхтавацца.

На 11 верасьня рэжым прызначыў выбары ў імітацыйны парламант (“палатку”). Наша Партыя ня будзе падтрымліваць псеўдавыбарчы фарс. Але кантроль над ім мусім ажыцьцяўляць, і фіксаваць парушэньні. Трэба ўлічыць, што калабаранцкі Захад будзе шукаць любой зачэпкі, каб легітымізаваць антыбеларускі рэжым. Трэба перашкодзіць яму ў гэтых намерах”.

 

10 каментарыяў

  1. Павел Біч кажа:

    М. Фуко раіў глядзець на палітыку як на працяг вайны. З.Пазьняк увесь час карыстаецца этычнымі паняццямі для аценкі тых ці іншых палітыкаў- таго ж Дубаўца. На вайне так не робіцца. Нікаго не цікавіць быў ці не быў эгацентрыстам Гудэрыян, Жукаў ці Де Голь. Калі ж паспрабаваць аналізаваць палітыку толькі ў палітычным дыскурсе, то трэба знайсці месца назоў-ідэалогіі якая цяпер распадсюджана сярод апазіцыянераў пасля паразы апазіцыйнага руху. У нас ў апазіцыі было два крыла – сацыял-дэмакратычнае (існавала аж некалькі партый гэтага напрамку) і нацыяналістычнага (БНФ). Даволі хутка перамог першы напрамак і вось вынік яго працы – Параза. Руху. Як што болей актуалізаваць і пашырыць цяперашнюю палітыку ў глыбь гісторыі, то сацыял-дэмакраты гэта ў мінулым русіны, а цяперашніе нацыяналісты гэта літвіны. Трэба ясна абазначыць гэты раскол ў палітычных партыях і нават ў народзе. Гэта цалкам тое што цяпер не адбываецца, калі на сацыял-дэмакратаў (Лябедьзку, Статкевіча і іншых) працуюць шэраговые нацыяналісты БНФ. “Трэба аб’яднацца” – крычаць як мантру сацыял-дэмакраты свядома разумеючы што рухаючай сілай перамен ў грамадзстве кшталту нашага ёсць толькі нацыяналізм. Крайняя ступень нашага нацыяналізма ёсць не мовацентрычнасць (якая апанавала нашу інтэлігенцыю пасля тэзы Бурачка-Багушэвіча – не пакідайце мовы каб не ўмерлі) а літвінства. Вось гэта і прыкмета па якой трэба спачатку вызваліць апазіцыйны рух з пад уплыву сацял-дэмакратыіі. а потым пачаць змаганне без іх.”Каўбаса” дэмакратаў моцна перашкаджае абуджэнню народа. Наш народ можа ажывіць толькі нацыяналізм. Іншага ён проста не разумее. І ў гэтым яго глыбокая мудрасць.Але яна у яго задушана яго новым назовам – белый рускі
    На жаль, я не ведаю дакладна што меў на увазе Дубавец калі казаў што апазіцыя з народам не працуе. Але фактычна так і ёсць. Нашые рабацягі як і ў часы Багдановіча засталіся цёмные быццам краты. Ніхто імі не займаецца. Усе хто працягвае называць наш народ белым рускім заганяе яго ў рускі палон. І ў тым ліку і З.Пазьняк.

  2. Толстокот кажа:

    Тут быў “Тоўстакот”. Яўна пасьля запою зь перапуду (пабачыў пакрышкі каля дзьвярэй сваёй працы ў Ольгіна), бо ўвесь ва ўласным г*, і ў стане, калі ён тыдзець ад двух месяцаў ня можа адрозьніць.

    Каментар Рэдакцыі на месцы слоўнай гнюсі “Тоўстаката”.

  3. Czhutq кажа:

    Зянон Пазьняк мае рацыю. Усё што ён казаў 30-10 гадоў таму збываецца і збылося. Гэта бяда. калі мы пачнем скідаць Луку – Расея будзе тут. І армія і міліцыя. Мы ў пастцы.

  4. Siarhiej кажа:

    “Мы ў пастцы.” ???
    Няма тупіковага становішча, а ёсць незнаходлівыя людзі.

  5. Толстокот кажа:

    Выдалена рэдакцыяй.

  6. Мандарын кажа:

    Сколько помню последние 20 лет Позняк все призывает к борьбе с режимом, гуртавацца вакол его партии- КХП БНФ. А на поверку членов его псевдопартии в Минске едва ли наберется 300 человек. Однако лжемессию это не смущает.

    Ну и ладушки. Няхай и далей “змагаецца”.

  7. Adash кажа:

    «Расея – гэта агрэсія і вайна. Яна ніколі не была і ня будзе дэмакратычнай краінай.»
    Так-яно-так, але дакладней сказаць: “Маскоўскае ўладарства — гэта агрэсія й вайна. Российская Федерация ніколі не была й ня будзе дэмакратычнаю дзяржаваю.”

  8. Мандарын кажа:

    Што рабіць беларусам? Падкрэсьлю тое, пра што даводзілася ня раз казаць і пісаць. Абавязкова мусім супраціўляцца агрэсіі, у якой бы форме яна ні пачалася.”

    А сам Позняк собирается воевать за Беларусь? Или думает отделать призывами из США…

    Выдалена рэдакцыяй.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы