nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Расейцы пачалі патрабаваць ад Лукашэнкі тэрмінова прызначыць пераемніка (частка 3)

16 жніўня, 2016 | Каментары (1)

Пераемнік 3а

 

 

 

А цяпер выстаўляем меркаваньне што да вышэй паданай сеціўнай спрэчкі паміж двума прыхільнікамі “руского міру”, якое на старонках “Нашай Нівы” выказаў беларускі журналіст  Зьміцер Панкавец (http://nn.by/?c=ar&i=174973).

Рэдакцыя.

 

 

 

 

Regnum.ru: Макей на вуліцы Зыбіцкай рыхтуе Майдан…

 

Новае дно ў аналітыцы прабіў сайт REGNUM.RU і яго аўтар, кіраўнік прарасейскага сайта Імперыя.бай  Юры Баранчык. Ён доўгі час працаваў у… Акадэміі кіраваньня пры прэзідэнце Беларусі. Потым Баранчык зьехаў у Маскву, дзе займае пасаду выканаўчага дырэктара Інстытута інфармацыйных войнаў.

Юры Баранчык задаецца пытаньнем, хто будзе кіраваць Беларусьсю пасьля Лукашэнкі. Аналітык упэўнены, што другі дыктатар запар у еўрапейскай краіне немагчымы («еўрапейская цывілізацыя, да якой апошнім часам адносіць сябе Беларусь, практычна ня ведае прыкладаў, калі аднаго дыктатара зьмяняў іншы»).

«Лукашэнка можа пакінуць пераемніка, але дзе гарантыя, што яго ня зьесьць чынавенская эліта?» — задаецца пытаньнем аўтар. Сувымерных Лукашэнку па харызьме чыноўнікаў і палітыкаў у Беларусі Баранчык ня бачыць.

«Пасьля дыктатара прыходзіць альбо блазан, альбо здраднік», — упэўнены спадар Баранчык.

Далей ён разгортвае магчымыя падзеі як сапраўдны фантаст, палёту думак аналітыка маглі б пазайздросьціць многія пісьменьнікі. Кіраўнік Інстытута інфармацыйных войнаў пераходзіць да персаналій, якія маглі б заняць пасаду прэзідэнта.

«На сёньня я бачу толькі дзьве магчымыя кандыдатуры – гэта Віктар Лукашэнка і Ўладзімір Макей.

Калі ёсьць яшчэ надзея, што сын будзе рухацца ў рэчышчы палітыкі бацькі, то пра Ўладзіміра Макея гэта немагчыма сказаць. Асабліва разумеючы, што адбываецца ў замежнай палітыцы, і назіраючы за трансфармацыямі Менска, у якім, ужо не хаваючыся ад кіраўніка дзяржавы, рыхтуецца майдан», — кажа Юры Баранчык.

Аналітык упэўнены, што, калі параўноўваць апаратную вагу Віктара Лукашэнкі і Макея, то апошні ўпэўнена пераможа на выбарах.

«Практычна ўся рэспубліканская эліта знаходзіцца пад Макеем. Такая сістэма будзе, калі Лукашэнка не пасьпее перадаць уладу пераемніку яшчэ пры жыцьці — страх у чыноўнікаў зьнікне, і яны запраста лягуць пад Макея».

Баранчык лічыць, што праект Макея ўключае ў сябе «еўрапеізацыю Беларусі, каталіцызацыю, адрыў ад Рускага сьвету, пераўтварэньне Беларусі ў такую Швайцарыю, дзе чыноўнікі кіруюць спакойным народам». «У выніку гэтай мяккай гульні ў «суверэнітэт» Беларусь становіцца праз пару гадоў элементам польскай (насамрэч амерыканскай) канцэпцыі Міжмор’я».

Во напалохаў! Беларусь стане Швайцарыяй — гэта сапраўды сцэнар з фільма жахаў.

Пасьля гэтага Баранчык пераходзіць да разваг, як менавіта ў Менску рыхтуюць Майдан. Аказваецца, што робіцца гэта праз… вуліцу Зыбіцкую, тусовачнае месца ў сталіцы.

«У Менску адбываецца дэсакралізацыя цэнтра. Маецца на ўвазе плошча ля Ратушы і вуліца Зыбіцкая. Кожныя выходныя там ладзяцца канцэрты, масавыя мерапрыемствы, гуляньні моладзі да раніцы. Хтосьці скажа — што тут такога, ва ўсім заходнім сьвеце так. І гэта сапраўды так — уладу ў заходнім сьвеце даўно захапілі сатаністы і цяпер вядуць да ўлады ў ЗША Хілары Клінтан», — як вам? Макей, Зыбіцкая, сатаністы, аказваецца, зьвёны аднаго ланцугу.

Баранчык лічыць, што ў Кіеве Майдан пачынаўся гэтак сама, моладзь замест таго, каб піць у пад’ездах, пачала прыязджаць у модныя бары ў цэнтар. «А потым музычную частку пераакцэнтавалі на палітычную. Натоўп пачаў думаць, што ён прымае рашэньні».

«Праект Макея — гэта праект Беларусі не як навукова-прамысловага кластара (савецкая БССР і лукашэнкаўская Беларусь), а гэта праект Беларусі як гандлёва-забаўляльнага цэнтра для ўсёй Еўропы з усімі вынікаючымі высновамі», — лічыць Баранчык.

У прарасейскіх аналітыкаў, як Баранчык ці Сяргей Шыптэнка, пайшоў новы трэнд: яны баяцца, што Беларусь перастане быць індустрыяльнай краінай, а праз гэта непазьбежна зьнізіцца ўплыў Расеі на нашу краіну.

Юры Баранчык спрабуе пераканаць, што Расея не зацікаўленая, каб «задушыць Беларусь, скінуць Лукашэнку і паставіць свайго генерал-губернатара». «Расеі патрэбная моцная і стабільная Беларусь», — лічыць аўтар. Натуральна, што цалкам лаяльная да Расеі.

Такім чынам расейскія шавіністы [імперыялісты. – Рэд.] спрабуюць сёньня дыскрэдытаваць міністра замежных справаў Макея. Наступным крокам было б назваць кагосьці з прадстаўнікоў беларускай улады ці апазіцыі «рэптылоідамі», якім хочацца падпарадкаваць Беларусь іншапланетнікам.

Думаецца, што нават такое трызьненьне ў Маскве шчодра аплацілі б.

(канец артыкула Зьміцера Панкаўца)

P.S.

Для паўнаты карціны на ўсялякі выпадак варта азнаёміцца таксама зь меркаваньнем П.Якубовіча пра артыкул Ю.Баранчыка (гл. тут: http://nn.by/?c=ar&i=175292)

 

Каментары (1)

  1. Павел Біч кажа:

    А чаму б не абмеркаваць болей шырокую тэму – аб магчымых варыянтах будучыні Беларусі? Я спрабаваў гэта зрабіць год таму напісаўшы артыкул “Варыянты нашай будучыні”. Якавенка яго паставіў на сваім сайце. Але з-за таго што ён хавае каменты, абмеркавання не адбылося. Тое што у нас будзе залежыць не столькі ад асоб, сколькі ад свядомасці нашага народа і міжнароднай абстаноўкі ў нашым рэгіёне.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы