nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Галоўнае пытаньне на 2017 год (частка 7: удакладненьні ад З.Пазьняка)

19 сакавіка, 2017 | 10 каментарыяў

Пазьняк 2У данай серыі матэрыялаў мы ўжо выстаўлялі меркаваньне лідара КХП Зянона Пазьняка (гл. частку 2). Тады, як кожны можа пераканацца, у цэлым прагучаў  добры аналіз сітуацыі, былі паданы неблагія парады. Сутнасьць сказанага можна сфармуляваць так: варта пратэставаць супраць дэкрэту Лу-кі №3 аб “лайдаках-дармаедах”, але памятаць, што расейская імперыякратыя сьпіць і марыць скарыстацца з правакацыяў, якія ў час такіх пратэстаў могуць адбыцца. Скарыстацца, натуральна, у сваіх злачынных мэтах – анэксія Беларусі ці замена апастылелага сатрапа №1 на сьвежага сатрапа №2. Аднак 13 сакавіка, даючы інтэрвю радыё “Свабода”, сп. Зянон дазволіў сабе сказіць акцэнты (http://www.svaboda.org/a/28365897.html; гэты тэкст мы падаем ніжэй пад лічбай 1). Пазьней у інтэрвю Белсату (https://www.youtube.com/watch?v=oOH0H1m_g_I  – час 6:40-19:10) Пазьняк, як на наша меркаваньне, у значнай ступені выправіў сітуацыю і ў цэлым вярнуўся ў правільную каляіну (гл. тэкст пад лічбай 2).

Рэдакцыя.

 

 

 

1.

ПАЗЬНЯК АДКАЗАЎ НА РЭПАРТАЖ БТ: «НЯ ВЕРЦЕ ЛУКАШЭНКУ,

ТРЭБА ПРАТЭСТАВАЦЬ, ВЫХОДЗІЦЬ НА ПЛОШЧЫ»

 

13 сакавік 2017, Дзьмітры Гурневіч

Старшыня КХП БНФ Зянон Пазьняк назваў хлусьнёй перадачу Беларускага тэлебачаньня, дзе была заяўлена пра ягоны, нібыта, заклік ня ўдзельнічаць у акцыі з нагоды Дня Волі 25 сакавіка.

Асноўнаю тэмаю галоўнай прапагандысцкай праграмы БТ «Главный эфир» у нядзелю (http://www.svaboda.org/a/28365123.html) стаў дэкрэт № 3.Таксама была паказаная відэацытата Зянона Пазьняка, які гаварыў пра правакацыі на акцыі 25 сакавіка ў Менску. За кадрам прагучалі словы вядучага пра заклік палітыка не ісьці на дэманстрацыю.

У камэнтары для Радыё Свабода ён абвергнуў словы БТ:

“Характэрнасьцю гэтай хамскай антынароднай улады ў Беларусі і яе халуйскай абслугі ёсьць прадажнасьць і хлусьня. Яны ўжо 22 з паловаю гады ілгуць народу і ўсяму сьвету. Няўжо яшчэ ёсьць людзі, якія вераць іхняму тэлебачаньню?!”

Пазьняк падтрымаў таксама акцыі ў беларускіх гарадах супраць “падатку на дармаедства”:

“Беларусы выйшлі на вуліцы й плошчы з пратэстам, таму што іх зьняважылі абразьлівым, паскудным словам «дармаеды» і хочуць садраць грошы з беспрацоўных. Тым, хто сумняваўся ў людзях, паглядзіце цяпер, які гэта прыгожы, адкрыты і разумны народ, як дакладна людзі фармулююць свае думкі і пратэсты, якая трапная лексіка бяз грубых словаў і зьняваг, якое вострае абурэньне! Але людзі не жывуць нянавісьцю, перажываюць за родную Беларусь, як жанчына ў Бабруйску, якая плакала за будучыню краіны.”

Палітык бачыць у вулічных пратэстах адзіную магчымасьць для людзей абмяняцца думкамі і адчуць сябе моцным народам:

Трэба пратэставаць, выходзіць на плошчы. Але нельга дапусьціць, каб нашых даверлівых людзей у чарговы раз ашукалі правакатары ды падставілі пад удар бандытаў, якія захапілі ўладу. Таму дзьве парады: быць уважлівымі, не паддавацца на правакацыі непатрэбных учынкаў. І другое: самаарганізоўвацца ў групы працоўных беларусаў і супраціўляцца антынацыянальнай палітыцы ўлады. Толькі арганізаваны народ ёсьць сіла. Мэтай змаганьня хай будзе вольная Беларусь. Гэта наша краіна, гэта наша зямля. І трэцяя парада: ня верце Лукашэнку і яго ілжываму тэлебачаньню, ні менскаму, ні, тым больш, маскоўскаму. Верце свайму сумленьню”, – заявіў Зянон Пазьняк.

(канец матэрыяла, узятага адсюль: http://www.svaboda.org/a/28365897.html)

 

 

Пазьняк 42.

ІНТЭРВЮ “БЕЛСАТУ”

 

Вядучая Белсату: Наколькі план Мікалая Статкевіча весьці людзей на Плошчу Незалежнасьці адпавядае той сітуацыі, якая сёньня складаецца ў нашай краіне?

 

З.Пазьняк: У мяне такое ўражаньне, што ў яго няма ніякага плану, таму што ня вызначана, а што ж гэта будзе: ці 25 Сакавіка – Дзень Волі [на справе Дзень Адраджэньня Беларускай Дзяржаўнасьці. – Рэд.], ці пратэст супраць “дармаедства”? Гэта ня вызначана.

 

– Хіба яны хочуць гэтае аб’яднаць…

– Гэтага не відаць. Я бачу тут чыста правакацыйны праект. Тут усё будзе залежаць, як павядуць сябе людзі.

 

– А ў чым гэтая правакацыя можа быць?

– Тут усё лёгка вылічваецца. Таму што тут ёсьць некалькі палітычных сіл, кожная зь якіх мае свае інтарэсы.

Самая важная сіла – гэта беларускі народ, які абураны гэтым усім, што творыцца, хоча выказаць сваё незадавальненьне. Ён неарганізаваны, а рэжым праводзіць сваю звычайную шаблонную палітыку па зьнішчэньні грамадскай супольнасьці. Спачатку даецца там нейкая вольнасьць, нейкая “лібералізацыя” – людзей выводзяць на вуліцы, высьвятляюць, хто яны. А потым усё зьнішчаюць.

Якраз у гэтай палітыцы найбольш задзейнічаны былі пэўныя людзі. Адпаведна Мікалай Статкевіч. Ня першы раз. У 1999 годзе быў так званы “Марш свабоды”. Тады жахлівае нешта было. Ён завёў людзей у тупік на вуліцу Першамайскую. Там усіх пабілі, разагналі, пасадзілі. Гэта абсалютна нелагічныя паводзіны былі. Потым проста злачынны факт: гэта 2010 год, 19 сьнежня. Ён абсалютна непасрэдна аператыўна ўдзельнічаў у гэтай правакацыі. Пабілі шмат людзей [тут варта было ўзгадаць гісторыю Беларускага Згуртаваньня Вайскоўцаў (БЗВ). – Рэд.].

Зараз тое самае – мітынг каля Акадэміі Навук, а потым “мы пойдзем па прасьпекце на Плошчу Незалежнасьці, а там паглядзем, што рабіць”…

Што гэта такое?! Той жа самы сцэнар…

Ведаеце, з гэтай асобай нам усё зразумела. Мы яго ўжо ведаем 30 гадоў…

 

– Зь іншага боку, ён адзіны, хто сядзеў найдаўжэй у турме КГБ…

– Гэта ня мае ніякага значэньня [гэта мае значэньне, і істотнае; асабліва так ня варта казаць Пазьняку… – Рэд.]. Іх ня толькі садзяць, але і страляюць. Літвіненку ўвогуле атруцілі палоніем 210-м [прыклад няўдалы, не адпавядаючы зьместу заўвагі вядучай. – Рэд.]. Ня мае значэньня, якія рэпрэсіі яны ўжываюць супраць залежных ад іх людзей.

У гэтай сітуацыі важна, як павядуць сябе людзі. У прынцыпе людзі могуць уплываць. Яны могуць выбраць супольнае кіраваньне мітынгам. Калі будуць актыўныя людзі, будуць усё добра разумець, яны могуць выбраць нейкую раду мітынгу і абмежаваць дзеяньні нейкай адной асобы [фантазіі; такіх Статкевіч тут жа аб’явіць правакатарамі… – Рэд.].

Гэта адзін момант. А другі момант вельмі важны. Пасьля мітынгу будуць бандыцкія напады на людзей, будуць затрыманьні й г.д. Гэтаму супраціўляцца можна толькі сілай. Ніякага закону няма ў гэтай [лукашэнкаўскай] краіне. Людзі ў цывільным нападаюць, б’юць, увальваюцца ў тралейбус. Гэта гестапа. Таму трэба, каб людзі арганізавалі самаабарону. І не на мітынгу арганізоўваць [трэба], а папярэдне.

 

– Так як вы рабілі ў 1990-я?

–  У нас была дружына ў 1000 чалавек [менш. – Рэд.].  У нас быў поўны парадак. Мы ведалі, якія задачы, мэты.

І самае галоўнае: людзі, якіх вывелі на мітынг, павінны атрымаць задавальненьне, сатысфакцыю. Пачуцьцё, што нешта адбылося. Тут жа ідзе суцэльны ўпадак. Людзей паб’юць, пасадзяць. І ў выніку адбываецца зачыстка – тое, што адбылося ў 10-м годзе, 99-м годзе. І ў 2011 годзе, калі нейкі смаркач выступіў з прапановай пляскаць у ладкі. Вывеў людзей, людзей выявілі, пахапалі… Цяпер выявілася – гэта чалавек “русского міра”, чалавек расейскіх сьпецслужбаў.

 

– Гэта Вячаслаў Дыянаў.

– Так. Гэта шаблон, па якім дзейнічае гэты рэжым.

 

– А што нам рабіць зараз? Вось ёсьць людзі, якія ў роспачы, незадаволены. Ім, што, не выходзіць на плошчу 25-га?

– Выходзіць. Імпэт народны павінны выліцца. Калі людзі выходзяць на плошчы, то яны салідарызуюцца. Паўстае пачуцьцё салідарнасьці. Яны абменьваюцца думкамі. Гэта вельмі важны момант. Таму трэба выходзіць, але трэба разумець, што ад іх шмат залежыць. Нельга паддаваца на правакацыі, быць асьцярожнымі, думаць і пастарацца ўзяць гэта ў свае рукі.

Ёсьць яшчэ тыдзень. Таму, калі ёсьць нармальныя талковыя людзі, то яны павінны зрабіць групы самаабароны. Так ва ўсім сьвеце робіцца, калі нападаюць бандыты.

Трэці момант найважнейшы. Неарганізаваны народ сілы не ўяўляе. Павінна быць арганізацыя. І самае добрае, калі гэта будзе самаарганізацыя. Трэба ствараць групы працоўных людзей, групы, якія не задаволены існуючым становішчам у краіне – пенсійным забесьпячэньнем, кантрактнай сістэмай. Гасла павінна быць “Вольная Беларусь!” [а што з «Жыве Беларусь!»? – Рэд.].

Усё гэта магчыма. Я гляджу – у правінцыі вельмі разумныя людзі. Вельмі разумна гавораць. Увогуле беларусы сябе паказалі ў гэтай сітуацыі зь вельмі добрага боку. Гэта вельмі талковая і разумная нацыя. Але яна не арганізаваная. Гэта пытаньне часу. І гэта трэба рабіць [што ж не рабіў? замала часу было? – Рэд.].

Тры моманты:

– самаарганізацыя, стварэньне групаў “Вольная Беларусь”;

– быць уважлівымі на плошчы; узяць у свае рукі мітынг і не паддацца на правакацыі;

– ужо цяпер стварыць групы самаабароны, каб не хапалі людзей, ня білі, не цягнулі па асфальце. Гэта недапушчальна. Ніхто ж не бароніць.

 

– Можа, вашыя людзі змогуць дапамагчы, якія былі ў 1990-я ў вашых дружынах?

– Можна, але там былі моцныя людзі па 30-40 гадоў [якімі кіраваў Крыварот. – Рэд.]. Ім ужо па 70. Разумееце, вырасла новае пакаленьне.

І яшчэ я хачу сказаць, што мы [КХП] будзем рабіць мітынг у Кіеўскім скверы [гэтая ідэя пярэчыць выказваньням Пазьняка, што варта перахопліваць ініцыятыву ў Статкевіча шляхам абраньня рады мітынгу. – Рэд.]. 12 гадоў нам не дазвалялі. Можа, і цяпер не дазволяць, але маё адчуваньне, што [улады] цяпер могуць і дазволіць…

 

– Каб разьбіць людзей, падзяліць на дзьве часткі?

– Справа ня ў тым. І там, і там людзі будуць заадно. Іншая справа, што мы ставім задачу адсьвятвакаць 25 Сакавіка. Туды могуць прыходзіць з жонкамі й дзецьмі.

Гэта наша вялікае сьвята, гэта Дзень Волі [Дзень Адраджэньня Беларускай Дзяржаўнасьці. – Рэд.]. Пра гэта будзе ўсё сказана. І там будзе аб’яўлена аб стварэньні руху “Вольная Беларусь”.

 

– Добра. Але пакуль мы маем 170 чалавек арыштаваных. І Лукашэнка ў той жа час інтэнсіфікуе сустрэчы з Захадам. Сустракаецца з палітыкамі. Чаму Захад так цынічна не заўважае ўсё тое, што адбываецца ў Беларусі? І што мусіць здарыцца, каб нас заўважылі?

– Па гэтых пытаньнях я асабіста пісаў і 10, і 15, і 20 гадоў таму [гэта ня так; 20 гадоў таму Пазьняк усім сябрам Фонту ўпарта намаўляў спадзевы на Захад – тады факсы Зянона на соймах БНФ зачытваў Папкоў; а вось 10 гадоў таму менавіта наша рэдакцыя пачала актыўна разьвейваць ружовыя мроі ды розныя іншыя аблудныя спадзявы на т.зв. “Захад”; больш за тое, аналіз суб’ектных сіл, якія стаяць за гэтым паняцьцем, у беларускамоўнай прасторы і да сёньняшняга часу рабілі толькі мы. – Рэд.].

Людзям уяўлялася, што [ёсьць] “Захад”, “дэмакратыя”, што тое, што яны гавораць, так і ёсьць. А аказваецца, што гэта зусім ня так [вось-вось… – Рэд.]. Што гэта “рэал-палітык”, што гэта абсалютна прагматычнае мысьленьне, што яны не зьмяніліся з 1930-х гадоў.

Людзі зьдзіўляюцца. Але зьдзіўляцца тут няма чаго [на гэтым аналіз Пазьняком “Захаду” закончыўся і тут… – Рэд.].

У сітуацыі, якая стварылася на Беларусі [“у Беларусі”, але “на Расеі”. – Рэд.] дзейнічаюць такія падыходы: для Лукашэнкі трэба захаваць уладу; каб захаваць уладу, трэба зьнішчыць галоўнага суперніка – народ. Яму трэба галовы абрэзаць, у балота [ўпіхнуць]. Вось ён гэта і робіць.

Што трэба Маскве? Маскве трэба добра трымаць на кароткім павадку Беларусь і свайго сатрапа. А той тут пачынае з Захадам нейкія [цёркі]. Значыць, яны зацікаўлены там, каб адбылася правакацыя, каб Захад адвярнуўся ад Беларусі, ад Лукашэнкі. Масква ў гэтым зацікаўлена.

Гэта адзін момант. А другі – каб падвесіць Лукашэнку, каб яму не было куды падзецца. Толькі ў Маскву… Вось іхная палітыка. І ўся гэтая палітыка – і з аднаго, і з другога, і з трэцяга боку [напэўна маюцца на ўвазе Лу-ка, Масква, Захад. – Рэд.] – яна антынародная, антыбеларуская.

 

Пазьняк 3– А праз каго Расея дзейнічае ў Беларусі? Праз Шуневіча, праз Лукашэнку? Ці праз апазіцыю таксама?

–  І праз апазіцыю, якая атрымлівае гранты з Захаду, не імкнецца да ўлады, а толькі робіць перформансы [ды флэш-мобы. – Рэд.] і выступае на мітынгах. Ёй лёгка Лукашэнка маніпулюе.

Праз каго? Найперш праз Лукашэнку. Гэты чалавек столькі шкоды зрабіў, столькі зла для беларускага народу, як ніхто. Гэта жахліва. І Масква празь яго дзейнічае, выкарыстоўваючы яго паталагічнае жаданьне быць ва ўладзе.

Далей. Няўзброеным вокам відаць, хто займае пасады ў Беларусі. Ёсьць такі Шуневіч. Дык ён форму НКВДыста нават апрануў. Ён задаволены… Што адбываецца?

Таму, праз каго дзейнічае Масква? Праз сваю агентуру-рэзідэнтуру, якая сядзіць на ключавых пасадах у Беларусі. А пасадзіў іх Лукашэнка…

 

– Спадар Зянон, што б вы хацелі сказаць уладам, якія вас слухаюць, напярэдадні 25 Сакавіка?

– Я магу ім усім сказаць: панове, вы яшчэ нейкі час у такой палітыцы праіснуеце. Але час ваш скончаны, і калі ваш скончаны час надыдзе – гэта будзе час расплаты. Вы столькі натварылі зла, столькі, што думайце цяпер пра сваю будучыню.

 

– Дзякуй вам вялікі.

 

10 каментарыяў

  1. Павел Біч кажа:

    З усімі заувагамі Рэдакцыі я згодзен, за выключэннем адной. Мне здаецца што сп. Пазьняк пачаў “паліваць” Захад адразу як туды перасіліўся..Як па мне гэта з яго выпірала “рускасць” (рускіе заўжды патрапіўшы на Захад, зауважаюць прыроднае жлобства заходніх людзей і пачынаюць фарсіць шыратой славянскай душы). А трэба была не ПАТРАБАВАЦЬ ад захаду дапамогі, а браць тое што яны нам даюць і падзякаваць.(калі Слабые нешта патрабуюць гэта выглядае смешна). Захад арганічна, біялагічна, фізічна зацікаўлены каб мы не апынуліся ў РФ. І гэтым ўсё сказана. Той жа Белсат на польскіе грошы. Не зауважаць гэтага гэта хамства. Сп. пазьняк мне здаецца больш культуролаг і публіцыст чым палітык і таму яго удзел ў палітыцы такі неадназначны і не канкрэтны. Неўзабаве Пуцін пачне дзяліць з Трампам Усходнюю Эўропу так каб бы мы апынуліся з таго боку мяжы які адыйдзе да Расеі ( а болей чым нас аддаць Расеі няма каго!) і вось тут талент сп. Пазьняка павінен праявіцца ў поўнай меры.

  2. Павел Біч кажа:

    Калі для высветлення стану беларускай апазіцыі ўзяць на дапамогу візуальную метафару, то вымаўлёўваецца наступная картіна. Існуе две ямы. Першае пачынаецца з паверхні землі, другая – з дна першай. Апазіцыя сядзіць на дне другой. Каб выбрацца з гэтай другой ямы апазіцыя павінна зразумець што ніякое жабрацтваі ніякое безпраўье населення не кіне народ ў абдымкі апазіцыі пакуль у яго не будзе знішчаны комплекс непаўнавартасці і не нарадзіцца салідарнасць. Гэта робіцца толькі праз нацыянальнае. Гледзячы на публікацыі незалежных журналістаў, палітолагаў (пры гэтым самых теленавітыў) яны гэтага не разумеюць. Тэма нацыянальнага іх не цікавіць. Яны як і уся апазіцыя маюць сацыял-дэмакратычные погляды. Адсюль і іх сантіменты да БНР,якая была дзіцем Левых. Правых яна (Левые) па рускай звычке якую яны перанялі ад сваіх бліжэйшых хайруснікаў рускіх бальшэвікоў, яны абазвалі палякамі, якія, дарэчы, захапілі уладу ва усіх гарадох Беларусі пасля адыходу Красных і да прыходу немцеў. Сацыял-дэмакратыя запанавала ў апазіцыі пасля раскольнага Зьезду ў 1996 г. і пануе там дагэтуль. Але працягваю . Так вось, калі апазіцыя зразумее што без нацыянальнага народ не будзе здольным на барацьбу, яны выберецца з першай ямы і апынёцца на дне першай ямы. А каб выбрацца з яе ёй трэба нарэшце прызнацца што беларусшчына не здольнае ані знішчыць ў людзях компл. непаўнаваратасці, ані нарадзіць салідарнасць. Інакш кажучы, стварыць Нацыю. Пасля таго як апазіцыя адрыне беларусшчыну як Тупік і Здрадніцтва адраджэнцаў і перойдзе на рейкі літвінства, яна праз пару гадоў выберецца і з першай ямы. і тады можа стаць Сілай і пачынаць палітычную барацьбу на роўных з уладай.. Сп. Пазьняк, упэўніцеся што каментароў за назвы ВКЛ і Літва ужо ў два разы боле чым за назву Беларусь Узначальце гэты рух..

    • Рэдакцыя кажа:

      Наша пазіцыя што да прапаганды чысьцюткага літвінства Біча даўно вядомая, таму адзначым два іншыя моманты:
      1. Раскольніцкі зьезд БНФ адбыўся ў 1999 годзе, а не ў 1996-м; і раскольнікам там выступіў… Пазьняк, які адкалоў частку БНФ (меншую), названую ім КХП;
      2. У апазіцыі сёньня запанавалі не сацыял-дэмакраты, а ліберасты. Галоўная прылада, з дапамогай якой гэта было зроблена – гэта сьпекулятыўны капітал (а па-простаму ГРОШЫ!) глабалісцкай фінансавай алігархіі (іначай, усе ліберасты – агенты глабалісцкай фіналігархіі). Іх грошы працягваюць граць ролю аднаго з найістотных чыньнікаў палітычных працэсаў у Беларусі і сёньня. Відавочны і асноўныя акторы ліберастыі – гэта найперш Лябедзька, Рымашэйскі, Саньнікаў (фінансавая дзіда), Статкевіч (наканечнік дзіды).

      • Мікола кажа:

        У сітуацыі, якая стварылася на Беларусі [“у Беларусі”, але “на Расеі”. – Рэд.]
        ======================
        рэдакцыя, вы ведаеце, што выраз на Русі, на Беларусі бытуе ў беларускай мове? На Беларусі Бог жыве (Караткевіч).

  3. Павел Біч кажа:

    Тлумачачы усё праз Грошы Рэдакцыя пераносе увагу з унутраных фактарах (тых што адбываюцца з нашым народам і апазіцыяй) на знешніе (тыя хто дае грошы заведама хоча разбурыць нашу краіну, даваючы грошы не тым каму следуе ( тым хто змагаецца за , напрыклад, за незалежнасць). А пасля такога”павароту” можна ужо сесьці на свайго любімага канька – усусветнага загавара ліберастаў супраць дарагой сіневокай Беларусі. Тэорыя Змовы гэта тое што павелічвае колькасць Зла. і мала што праясняе. Ну адкажыце мне чаму Захад дае грошы Лебедьку, і не дае іх С.Высоцкаму..? Тое што Захад і усе каму ён дае грошы кепскіе? Ну так гэтае тлумачэнне для дзяцей. Сядзіце з ім да канца Свету і лічыце сябе разумнымі палітыкамі.

  4. Павел Біч кажа:

    Падумаўшы крыху над сваім адказам Рэдакцыі павінен сказаць што Рэдакцыя права, але відаць неясна выражае свае думкі.(хавае свой страх перад абвінавачаннямі ў сімпатыях да нацыяналізму як і 25 гадоў таму) Лібералы якія да недаўнега часу панавалі на Захадзе бачылі ў Лябедзке такога ж як і яны самі ворага усяга Нацыянальнага, а ў асобе С.Высоцкага – бычылі нацыяналіста ім варожага. Цяпер будем чакаць калі да улады на Захадзе прыйдуць нацыяналісты. Можа тады яны пачнуць даваць грошу С. Высоцкаму? Але я баюся што нацыкі на Захадзе не будуць настроены прарасейскі і калі С Высоцкі аб’явіць сабе барацьбітам за беларускасць (рускасць) то яны наўрадці дадуць яму грошы. А вось будь ён літвінам грошы могуць даць. Тут ён ужо ў кампаніі трох балтскіх народаў. С. Высоцкаму раю высвабаждацца ад уплыву расейшчыны і украінства.

  5. Евгений Максимович кажа:

    Вообщем складывается устойчивое впечатление, что у Лукашенко имеется сговор с Москвой, и, вероятнее всего, готовится слияние РБ и РФ. Не нужны ему ни Запад, ни никакие переговоры, ни народ. Придётся рассматривать данный сценарий. Сегодняшние события на белорусско-украинской границе подтверждают, что в спешном порядке идёт активное создание фундамента под анонсированные через БТ провокации и теракты. А в совокупности с заявлениями и самого Лукашенко о том что за протестами дармоедов стоит Запад, также и то, что провоцируется очередной конфликт и противостояние с Западом. Я был всегда убеждён что этот человек не может выйти из под влияния Москвы, поэтому ничего хорошего ждать увы не придётся.

  6. Павел Біч кажа:

    А цяпер шаноўны Яўген Максімавіч рабіце наступны крок ў сваіх разважаннях і пастаўце сабе пытанне чаму такіх як Лукашенка у нас міліёны і за яго ў 1994 гаду прагаласавала большасць народа. Я мяркую што вы разумееце што ў серьёзнай палітыцы не карыстаюцца тэрмінамі “былі ашуканы” былі запуганы” і т.п. І чаму народ і з тых пор і дагэтуль галасуе за Лукашенку, а не за апазіцыю. Ці не ёсць Лукашенка квінтэсенцыяй, сімвалам і душой беларускага народа.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы