Многія напэўна пагодзяцца, што галоўнай палітычнай падзеяй апошніх дзён стала новая хваля санкцый, накінутых Расеі ўладамі ЗША (новыя санкцыйныя законы былі прагаласаваны абедзьвюма палатамі Кангрэсу, падпісаны прэзідэнтам ЗША Д.Трампам). Мы шукалі каментары на гэтую падзею, у якіх былі б патлумачаны важнейшыя моманты. На наш погляд, кароткі каментар расейскага палітолага і публіцыста Андрэя Піянткоўскага, які мы падаем ніжэй, адзін з лепшых (магчыма, у т.л. з-за таго, што спадар Андрэй сёньня вымушаны хавацца ад перасьледу за межамі Расеі). Узята адсюль: http://nv.ua/opinion/piontkovskiy/kak-sanktsii-ssha-udarjat-lichno-po-putinu-1583825.html.
Рэдакцыя.
“Амерыканцы падрыхтавалі сапраўды вельмі сур’ёзныя сектаральныя санкцыі, якія ахопліваюць у першую чаргу энергетычны і фінансавы сектар, у тым ліку і замежныя кампаніі, якія ўдзельнічаюць у вялікіх расейскіх праектах.
Але пры ўсёй сур’ёзнасьці гэтых рэчаў – гэта дробязі, у параўнаньні з раздзелам аб персанальных санкцыях у дачыненьні да практычна ўсяго расейскага кіраўніцтва. Пачынаючы персанальна са спадара Пуціна, які асабіста згадваецца ў законе некалькі разоў.
Закон патрабуе ад фінансавай выведкі Злучаных Штатаў на працягу 180 дзён падаць усе зьвесткі аб актывах расейскага кіраўніцтва, якія знаходзяцца на Захадзе. Па сутнасьці, усе гэтыя зьвесткі вядомыя фінансавай выведцы. Гаворка ідзе пра іх публічнае абнародаваньне, пра замарожваньне гэтых сродкаў і ўжываньне да іх уладальнікаў, нават ускосных (бо зразумела, што ні на якіх актывах няма імя Пуціна, але ў той жа час, усе разумеюць, што актывы выдатнага віяланчэліста Ралдугіна – і ёсьць актывы Пуціна), заканадаўства ЗША аб барацьбе з адмываньнем сродкаў, здабытых злачынным шляхам.
Вядома, яны абавязаны былі гэта рабіць даўно, такое амерыканскае заканадаўства. Але, па палітычных прычынах, яны не гатовыя былі такім чынам абвастраць адносіны з расейскай верхавінай. Гэта ўдар у самы асяродак расейскай палітычнай сістэмы. Гэта ня толькі пагроза актывам расейскай верхавіны са сьпісу Forbes 100 расейскіх мільярдэраў. Гэта пагроза актывам тых, хто ня згадваецца ў такіх сьпісах, пагроза ўсяму палітычнаму кіраўніцтву краіны.
Ня ўсе яшчэ зразумелі, што ж на самай справе адбылося. Усё палітычнае кіраўніцтва РФ абвешчана злачыннай групоўкай. Цяпер да іх ужылі формулу знакамітага савецкага пракурора Рудэнкі на Нюрнбергскім працэсе, калі ён сказаў пра верхавіну гітлераўскай Нямеччыны: «Злачынцы, які захапілі дзяржаву і якія ператварылі дзяржаву ў прыладу сваіх злачынстваў». Вось гэта і зрабіла расейская клептакратыя [яна ж – расейская імперыякратыя. – Рэд.].
Што цікава, гэта закон супраць новай «восі зла» – Расеі, Ірана і Паўночнай Карэі. Але супраць верхавіны Ірана і Паўночнай Карэі такія меры не прадугледжаны. Таму што хоць яны і закончаныя мярзотнікі, але не трымаюць свае актывы на Захадзе. І ўвесь іх лад жыцьця, медыцына, адукацыя дзяцей, нерухомасьць, жонкі, каханкі – усё гэта ня зьвязана з Захадам. Яны недасягальныя ў такой ступені, як расейская вярхушка. Гэта значыць, гэты закон аб’яўляе вайну ўсяму расейскаму кіраўніцтву, называючы іх злачынцамі, і падрывае саму аснову іх існаваньня, якая заключаецца ў тым, што яны рабуюць ў Расеі, а назапашваюць і карыстаюцца гэтымі рэсурсамі на Захадзе.
Што да адказаў Крамля, то яны проста сьмешныя. Вось гэтая гучная фраза Пуціна пра высылку 755 дыпламатаў – гэта лухта. З 1200 супрацоўнікаў амерыканскіх амбасадаў і консульстваў у Расеі, большасьць – расейскія грамадзяне. Атрымліваецца, як і з прадуктовымі санкцыямі – удар прыйдзецца на расейскіх грамадзян.
Што тычыцца магчымасьці далейшых санкцый, вельмі паказальным было ўчорашняе інтэрвю Пуціна Салаўёву. Спярша ён адкрыта прызнаў, што ў эканамічнай сьферы Расея нічога ня можа супрацьпаставіць ЗША, але затым ён недвухсэнсоўна пагражаў ускладненьнямі ў вайскова-палітычнай сьферы. Гаворка ідзе пра падвышэньне ўзроўню эскалацыі канфлікту з Захадам і ва Украіне, і на Блізкім Усходзе. Але рашучасьць амерыканскага істэблішменту, якая пацьвярджаецца аднадушным галасаваньнем і характарам персанальных санкцый супраць кіраўніцтва Расеі, паказвае, што падобная эскалацыя выкліча проста сакрушальны адказ.
Нельга таксама забываць пра прапагандысцкае выкарыстаньне карты незадаволенасьці Нямеччыны новымі амерыканскімі санкцыямі. Гэтая тэма актыўна абмяркоўваецца на расейскім тэлебачаньні. Але ясна, што Нямеччына і Злучаныя Штаты застануцца саюзьнікамі і ў працэсе перамоваў знойдуць рашэньне ўзніклых ускладненьняў“.
(канец меркаваньня А.Піянткоўскага)
=
Ад рэдакцыі:
Магчыма, мы ня ўсё ведаем, але нам да гэтага часу незразумела, чаму заходнікі вось ужо шмат гадоў чапляюцца да Ірана, уключылі яго ў новую вось зла, хаця ў распаўсюдзе ісламскага тэрарызму ў сьвеце некаторыя суніцкія манархіі напэўна вінаватыя ня менш за Іран, а яны ў санкцыйны сьпіс чамусьці ня трапілі…
Але гэта адзіная незразумеласьць, якая, на наш погляд, прысутнічае і ў новых санкцыях ЗША, і ў каментары на іх сп. Піянкоўскага.
Між тым, з нагоды адзначанай падзеі й каментара Піянткоўскага на яе мы дадаткова хацелі б зрабіць акцэнт на некалькіх найбольш істотных момантах:
– па-першае, як адзначае сп. Адрэй, “усё палітычнае кіраўніцтва РФ абвешчана злачыннай групоўкай”. Між тым, палітычнае кіраўніцтва РФ складае значную частку той соцыяпаразітнай групы, прысутнай унутры расейскай імперыі, якую мы завем расейскай імперыякратыяй і якую ўжо даўно абвясьцілі ворагам беларускай дэмакратыі №1 (гл. Д пр-пы 15, 15а). Зьяву, калі ў нас у змаганьні з такім монстрам нарэшце зьявіўся аж такі саюзьнік, як палітычны істэблішмэнт ЗША (а яго яшчэ нядаўна ў азначанай якасьці і блізка не было…), хутчэй за ўсё, варта ацаніць станоўча;
– па-другое, удар быў нанесены, як лічаць амерыканцы, па самым балючым месцы расейскай імперыякратыі – па яе… кашальку, які цяпер вымушаны будзе сьціснуцца з глабальнага маштабу да маштабу расейскага;
– па-трэцяе, варта зьвярнуць увагу, што Пуцін у адказ “недвухсэнсоўна пагражаў амерыканцам ускладненьнямі ў вайскова-палітычнай сьферы”. Ні мы, ні тым больш амерыканцы напэўна не забылі пагрозы расейскай імперыякратыі 2-3-гадоваў даўніны, неаднаразова агучаныя расейскім Кісялёвым (гл. фоты ніжэй), на конт магчымасьці, калі што, “ператварыць тэрыторю ЗША ў радыёактыўны попел”. Маштаб пагрозы ў амерыканскі бок, а тым больш яе паўтарэньне з вуснаў аж самаго прэзідэнта Расеі – гэта найвыразная прыкмета сур’ёзнасьці канфлікту, яго ўзроўню і эскалацыі…
– нарэшце чацьвёртае, на што мы хацелі б зьвярнуць асаблівую ўвагу – гэта значэньне для будучыні Беларусі новага глабальнага палітычнага кантэксту, які паўстаў у сувязі зь цяперашняй хваляй антырасейскіх санкцый. Паколькі мы ня любім эўфемізмаў, удакладнім: новы палітычны кантэкст паўстаў у Беларусі найперш перад цяперцамі на чале з Лукашэнкам.
Патлумачым. Справа ў тым, што многія заходнія і расейскія ліберальныя СМІ і дасёньня ня вельмі шанавалі Пуціна. Бывала, што яго рэжым называлі ня проста таталітарным, а і напаўфашыстоўскім, самаго ж Пуціна параўноўвалі зь Гітлерам (гл., напрыклад, тут: https://www.youtube.com/watch?v=4dMqDg70i8w ; https://www.youtube.com/watch?v=ru66iU08o_Q).
Сёньня ж канчаткова завяршыліся “пошукі любові” паміж ЗША ды Расеяй і надварот усім палітычным класам ЗША канчаткова выпрацавана адназначна-негатыўнае стаўленьне да Расеі й Пуціна. Апошні канчаткова стаў “таксічным” – т.б. такім, які раней ці пазьней ня проста будзе пакараны сам, а і будуць пакаранымі тыя, хто быў каля яго. Прычым, у такой ступені, у якой яны былі набліжаны да цела Пуціна…
Адсюль для цяперцаў-лукашыстаў сітуацыя выбару набыла сёньня канчатковую актуальнасьць і вастрыню. Таму мы вырашылі зьвярнуцца да іх з папярэджаньнем: спадарове, выбірайце, па які бок загародкі вы хочаце быць на будучым Нюрнбергу?
– на адной лаўцы разам з Пуціным ды яго памагатымі ў ролі, аналагічнай той, якая была ў здрадніка французскага народу ў час Другой сусьветнай вайны генерала Петэна? (гэта калі вы пасьля сумесных вучэньняў дазволіце расейскім войскам застацца на тэрыторыі Беларусі);
– на той жа лаўцы ў ролі Мусаліні? (гэта калі вы будзе і далей якшацца з пуцінскімі імперыякратамі і нават не дазволіце расейскім войскам застацца на тэрыторыі Беларусі);
– ці вы хочаце быць па іншы бок судовага бар’еру, напрыклад, у ролі генерала Франка? (гэта калі вы канчаткова аджагнецеся ад ролі праваднікоў расейскай імперска-этнацыднай палітыкі ў Беларусі і нарэшце хоць нешта пачнеце рабіць адэкватнае аб’ектыўным інтарэсам беларускага народу на яго ўласнай зямлі!)
Выбірайце, пакуль яшчэ застаецца трохі часу для вашага самастойнага выбару…
Жадаем не памыліцца…
Раю паглядзець: https://economistua.com/kitajskij-slon-v-iranskoj-lavke/
Сам гэты ўкраінскі сайт даволі цікавы.
Трошкі не па тэме: “Ядерное оружие России. Реальная боеспособность” https://www.proza.ru/2015/04/02/698
прапановы выдатныя ад рэдакцыи перапрэзидэнту – тольки прыклад фашыста Франка яго жыццё зробиць спакайнейшым …