nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Браўдэр супраць Пуціна (частка 1)

жнівень 10, 2017 | Каментары (1)

Браўдэр 1Падаем ніжэй тэкст прамовы Ўільяма Браўдэра (гл. фота), зробленай ім пару тыдняў таму на слуханьнях перад юрыдычным камітэтам Сенату ЗША і, найверагодней, апрацаванай для СМІ. Ён амерыкана-брытанец, міжнародны фінансіст-інвестар, які больш за чвэрць стагоддзя быў шчыльна зьвязаны з эканамічна-бізнесовымі працэсамі ў Расеі, дзе ён бараніў інтарэсы заходніх “інвестараў” і дзе паралельна набываў рэалістычныя, а не рамантычныя веды пра Расею і яе “эліту”. З 2007 года Ўільям Браўдэр рэгулярна прыязджае на Давоскі эканамічны форум, дзе на выступленьнях буйных расейскіх дзяржслужбоўцаў задае пытаньні пра лёс яго былога супрацоўніка Сяргея Магніцкага. У 2013 годзе Браўдэр быў завочна асуджаны расейскім судом да 9 гадоў калоніі. Лічым, што Браўдэра варта паслухаць ня толькі чальцам Сенату ЗША, а і ўсім, хто жадае глыбей разабрацца, што такое “Расея”, і што такое… “Захад” (узята адсюль: http://ruspolitics.ru/article/read/pokazanija-braudera-v-senate-ssha.html ; дакументальнае відэа са слуханняў можна паглядзець, напрыклад, тут: https://www.youtube.com/watch?v=S-RsAGjUXtg ці тут: http://ru.aravot.am/2017/07/31/246948/; падборка фота, якія суправаджаюць тэкст, наша).

Рэдакцыя.

 

 

“Старшыня [Чак] Грасьлі, старэйшы сябра камітэту [Дыяна] Файнстайн і сябры камітэту. Дзякую вам за прадстаўленую мне магчымасьць даць сёньня паказаньні пра спробы ўраду Расеі адмяніць закон Магніцкага ў Вашынгтоне ў 2016 годзе і пра тых, хто праводзіў гэтую кампанію ў парушэньне Закона аб рэгістрацыі замежных агентаў, не раскрываючы пры гэтым сваёй ролі ў якасьці агентаў замежных інтарэсаў. Перш, чым я пачну гаварыць аб дзеяньнях агентаў, якія праводзілі кампанію супраць Акта Магніцкага ў Вашынгтоне ў інтарэсах расейскай дзяржавы, дазвольце мне трохі распавесьці пра Сяргея Магніцкага і пра мяне самога.

Я зьяўляюся заснавальнікам і генеральным дырэктарам Hermitage Capital Management. Я вырас у Чыкага, але за апошнія 28 гадоў я доўга жыў у Маскве і Лондане, і цяпер я зьяўляюся грамадзянінам Вялікабрытаніі.

З 1996 па 2005 год мая кампанія Hermitage Capital была адным з найбуйнейшых інвестыцыйных кансультантаў у Расеі і кіравала актывамі на больш чым 4 мільярды даляраў, укладзенымі ў расейскія акцыі.

Браўдэр 2

Вядомая рэпутацыя Расеі як карумпаванай дзяржавы. На жаль, я адкрыў, што сітуацыя была нашмат горш, чым многія думалі. Працуючы ў Маскве, я даведаўся, што расейскія алігархі зьдзяйсьняюць крадзяжы ў акцыянераў, у тым ліку ў фонду, які быў сярод маіх кліентаў. Такім чынам, у мяне зьявіўся прамы інтарэс да барацьбы з гэтай эндэмічнай карупцыяй, таму мая фірма пачала дэталёва вывучаць, як менавіта алігархі зьдзейсьнілі крадзеж гэтых велізарных сум. Вынікі нашых рассьледаваньняў мы меркавалі апублікаваць ў нацыянальных і міжнародных СМІ.

Пачатая намі кампанія па выяўленьні карупцыянераў і нанясеньня ім рэпутацыйнай шкоды працавала вельмі добра і прывяла да памяншэньня карупцыі і павелічэньня цэн на акцыі ў кампаніях, у якія мы інвеставалі. Чаму? Таму, што тады сьпіс нашых праціўнікаў і праціўнікаў Уладзіміра Пуціна супадаў.

Калі Пуцін быў упершыню абраны ў 2000 годзе, ён выявіў, што алігархі прысвоілі большую частку прэзідэнцкай улады. Яны кралі ў яго ўладу, а акрамя таго кралі грошы маіх інвестараў. У Расеі вораг вашага ворага – ваш сябар, і хоць я ніколі не сустракаўся з Пуціным, ён часта выкарыстоўваў мае бітвы з алігархамі, каб атрымаць над імі верх.

Усё зьмянілася ў ліпені 2003 года, калі Пуцін арыштаваў найбуйнейшага расейскага алігарха і найбагацейшага чалавека Міхаіла Хадаркоўскага. Пуцін загадаў зьняць Хадаркоўскага зь яго прыватнага самалёта, завезьці яго ў Маскву, падвергнуць суду і дазволіць тэлекамерам здымаць Хадаркоўскага, які сядзіць у клетцы наўпрост пасярод залы суда. Гэта было надзвычай моцным ходам, таму што ні адзін зь іншых алігархаў не хацеў бы апынуцца ў такім становішчы.

Пасьля асуджэньня Хадаркоўскага іншыя алігархі зьвярнуліся да Пуціна з пытаньнем, што ім трэба зрабіць, каб не сядзець у той жа клетцы, што і Хадаркоўскі. Наступныя падзеі паказалі, што адказ Пуціна быў “Пяцьдзесят адсоткаў”. І гэта не былі 50% для расейскага ўраду ці для прэзідэнцкай адміністрацыі Расеі. Гэта былі 50 адсоткаў для Уладзіміра Пуціна асабіста.

З гэтага моманту Пуцін стаў найбуйнейшым алігархам у Расеі і самым багатым чалавекам у сьвеце, і мая антыкарупцыйная дзейнасьць перастала адпавядаць яго інтарэсам.

Вынікі гэтых пераменаў выявіліся вельмі хутка. 13 лістапада 2005, калі я вяртаўся ў Маскву пасьля выходных, мяне спынілі ў аэрапорце Шарамецьева, затрымалі на 15 гадзін, а затым дэпартавалі і аб’явілі пагрозай нацыянальнай бясьпецы.

Праз 18 месяцаў пасьля майго выгнаньня ў Маскве прайшлі два сінхронныя ператрусы. Больш за 25 супрацоўнікаў МУС увайшлі ў маё маскоўскае прадстаўніцтва і офіс амерыканскай юрыдычнай фірмы, якая прадстаўляла мае інтарэсы. Гэтыя службовыя асобы завалодалі ўсімі карпаратыўнымі дакументамі, зьвязанымі зь інвестыцыйнымі холдынгавымі кампаніямі, якія я кансультаваў. Я не разумеў мэты гэтых ператрусаў, таму я наняў самага здольнага расейскага адваката, якога я ведаў – 35-гадовага Сяргея Магніцкага. Я папрасіў Сяргея высьветліць мэту ператрусаў і паспрабаваць прадухіліць любыя незаконныя дзеяньні, да якіх яны маглі прывесьці.

Браўдэр 3

Сяргей правёў рассьледаваньне. Ён прыйшоў да высновы, што гаворка ідзе пра спробу захопу правоў юрыдычнай асобы: дакументы, канфіскаваныя МУС, былі выкарыстаныя для ашуканскай перарэгістрацыі нашых расейскіх інвестыцыйных холдынгавых кампаній на чалавека з імем Віктар Маркелаў, вядомага злачынцу, асуджанага за ненаўмыснае забойства. Пасьля больш глыбокага рассьледаваньня Сяргей выявіў, што выкрадзеныя даныя кампаній былі выкарыстаны злачынцамі для неправамернага вяртаньня падаткаў у памеры 230 мільёнаў даляраў, якія нашы кампаніі заплацілі ў расейскі бюджэт у папярэднім годзе.

Тады я думаў, што Пуцін зьяўляецца нацыяналістам. Здавалася неспасьціжным, што ён можа ўхваліць крадзеж яго чыноўнікамі 230 мільёнаў даляраў у расейскай дзяржавы. Мы з Сяргеем былі ўпэўнены, што гэта была аперацыя некалькіх прайдзісьветаў, і варта толькі прыцягнуць да яе ўвагу расейскіх уладаў, як “добрыя хлопцы” павязалі б “дрэнных хлопцаў”, і на гэтым гісторыя бы скончылася. Таму мы падалі паведамленьні аб крымінальным злачынстве ва ўсе расейскія праваахоўныя органы, а Сяргей даў пад прысягай паказаньні ў Расейскім дзяржаўным сьледчым камітэце (расейскім аналагу ФБР) аб удзеле чыноўнікаў у гэтым злачынстве.

Аднак замест арышту людзей, якія ўчынілі злачынства, быў арыштаваны сам Сяргей. Кім? Тымі ж дзяржслужачымі, супраць якіх ён даваў паказаньні. 24 лістапада 2008 года яны прыйшлі да яго дадому, надзелі на яго кайданкі на вачах у яго сям’і і адправілі яго ў папярэдняе заключэньне. На Сяргея тут жа пачалі аказваць ціск, каб ён адмовіўся ад паказаньняў. Яго зьмяшчалі ў камеру з 14 зьняволенымі і васьмю ложкамі, з кругласутачна ўключаным сьвятлом, каб ён ня мог заснуць. Яго саджалі ў халодную камеру, дзе ён ледзь не замёрз да сьмерці. Яго саджалі ў камеру без туалета, замест якога была дзірка ў падлозе і змыў. Яны перамяшчалі яго з камеры ў камеру пасярод ночы без папярэджаньня. На працягу 358 дзён утрыманьня пад вартай ён быў гвалтоўна перамешчаны некалькі разоў.

Усё гэта рабілася для таго, каб ён адклікаў свае паказаньні супраць карумпаваных чыноўнікаў МУС і падпісаў фальшывую заяву, што менавіта ён скраў 230 мільёнаў даляраў, і што зрабіў ён гэта па маім даручэньні. Сяргей адмовіўся. Нягледзячы на ​​пакуты, якія ён адчуваў, ён ня стаў прымаць на сябе чужую віну й ілжэсьведчыць на іншых.

Пасьля шасьці месяцаў такога жорсткага абыходжаньня здароўе Сяргея сур’ёзна пагоршылася. У яго разьвіліся моцныя болі ў жываце, ён страціў 20 кілаграмаў, яму паставілі дыягназ панкрэатыт, жоўцевыя камяні і прызначылі аперацыю на жнівень 2009 года. Аднак аперацыя так і не адбылася. За тыдзень да тэрміну, на які аперацыя была прызначана, яго перавялі ў турму строгага рэжыму пад назвай Бутырка, якая лічыцца адной з самых суворых турмаў Расеі. Горш за ўсё было тое, што пры ёй не было медыцынскіх устаноў для лячэньня яго захворваньняў.

У Бутырцы яго здароўе было цалкам падарвана. Ён адчуваў пакутлівыя болі. Ён і яго адвакаты напісалі 20 адчайных просьбаў аб медыцынскай дапамозе, падаючы іх у кожную інстанцыю расейскай сістэмы крымінальнага правасуддзя. Усе гэтыя запыты былі альбо праігнараваны, альбо наўпрост адпрэчаныя ў пісьмовай форме.

Пасьля больш за тры месяцы, на працягу якіх яго панкрэатыт і жоўцевых камяні заставаліся без медыцынскага ўмяшаньня, Сяргей Магніцкі запаў у крытычны стан. Улады Бутыркі не жадалі адказваць за яго, таму яны пасадзілі яго ў машыну хуткай дапамогі й адправілі ў іншую турму, дзе былі медыцынскія ўстановы. Але калі яго туды прывезьлі, замест таго, каб адправіць яго ў аддзяленьне неадкладнай дапамогі, яго пасадзілі ў ізалятар, прыкавалі да ложка, пасьля чаго восем ахоўнікаў зьбілі яго гумовымі дубінкамі. У тую ж ноч яго знайшлі мёртвым на падлозе камеры.

Сяргей Магніцкі памёр 16 лістапада 2009 года ва ўзросьце 37 гадоў. У яго засталіся ўдава і двое дзяцей. Пра яго сьмерць я даведаўся наступнай раніцай. Гэта была самая абуральная, прарэзьлівая і жыцьцезьмяняльная навіна, якую я калі-небудзь атрымліваў. Сяргей Магніцкі быў забіты, таму што быў маім прадстаўніком. Калі б Сяргей не быў маім адвакатам, сёньня ён быў бы жывы.

Той раніцай я даў клятву памяці Сяргея, клятву яго сям’і й сабе, што я буду дамагацца справядлівасьці й перасьледаваць людзей, якія яго забілі. Наступныя сем з паловай гадоў я прысьвяціў гэтай справе ўсяго сябе.

Нягледзячы на ​​тое, што гэты выпадак характарызаваўся беззаконьнямі на ўсім працягу, абставіны катаваньняў і сьмерці Сяргея былі настолькі значнымі, што я быў упэўнены, што хоць бы хтосьці з вінаватых будзе прыцягнуты да адказнасьці. У адрозненьне ад іншых сьмерцяў у расейскіх турмах, якія ў значнай ступені недакументаваныя, Сяргей запісваў усё

За 358 дзён утрыманьня пад вартай Сяргей напісаў больш за 400 скаргаў, у якіх падрабязна апісваліся ўчыненыя ў дачыненьні да яго злоўжываньні. У гэтых скаргах ён апісаў, хто і што зь ім рабіў, а таксама дзе, як, калі й чаму. Ён змог перадаць гэтыя пісьмовыя скаргі сваім адвакатам, якія ў поўнай адпаведнасьці з законам падалі іх расейскім уладам. Хаця яго скаргі былі альбо праігнараваны, альбо адпрэчаныя, іх копіі былі захаваныя. У выніку мы маем самы падрабязна дакументаваны за апошнія 35 гадоў выпадак злоснага парушэньня правоў чалавека ў Расеі.

Калі я пачаў барацьбу за справядлівасьць, маючы такія доказы, я лічыў, што ў расейскіх уладаў ня будзе выбару, акрамя як пачаць перасьлед прынамсі некаторых з чыноўнікаў, зьвязаных з катаваньнямі і забойствам Сяргея Магніцкага. Падзеі паказалі, што большай памылкі зьдзейсьніць было немагчыма… Замест судовага перасьледу расейскія ўлады занялі поўную кругавую абарону і вывелі з-пад адказьнасці ўсіх саўдзельнікаў. Яны нават дайшлі да таго, што сталі выплачваць бонусы і выдаваць дзяржаўныя ўзнагароды ўдзельнікам рэпрэсій супраць Сяргея.

Стала відавочна, што, калі я зьбіраюся дамагчыся справядлівасьці для Сяргея Магніцкага, мне давядзецца шукаць яе за межамі Расеі. Але як можна на Захадзе дамагчыся правасуддзя за забойства, якое было зьдзейсьнена ў Расеі? Крымінальнае права заснавана на юрысдыкцыі: ніхто ня можа перасьледваць каго-небудзь у Нью-Ёрку за забойства, зьдзейсьненае ў Маскве. Я ўспомніў, што забойства Сяргея Магніцкага было зьдзейснена, каб схаваць крадзеж 230 мільёнаў даляраў зь бюджэту Расеі.

Я разумеў, што людзі, якія скралі гэтыя грошы, не пакінуць іх у Расеі, таму што выкрасьці ў іх гэтыя грошы там будзе гэтак жа лёгка, як скралі іх яны самі. Гэтыя людзі захочуць засьцерагчы свае незаконна атрыманыя актывы на Захадзе, дзе правы ўласнасьці абараняюцца і ёсьць вяршэнства закона. Гэта прывяло мяне да ідэі ініцыяваць замарожваньне іх актываў і забарону выдачы ім віз для паездак за мяжу. Гэта, вядома, не было справядлівай адплатай, але гэта было б нашмат лепш, чым поўная беспакаранасьць, якой яны карысталіся.

У 2010 годзе я адправіўся ў Вашынгтон і распавёў гісторыю Сяргея Магніцкага сенатарам Бенджаміну Кардзіну і Джону Макейну. Яны былі шакаваныя і ўражаныя, і прапанавалі законапраект пад назвай “The Sergei Magnitsky Rule of Law Accountability Act”. Праект меркаваў замарожваньне актываў і забарону на ўезд [у ЗША] усім тым, хто забіў Сяргея, а таксама іншым расейцам, якія ўцягнутыя ў сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека.

Нягледзячы на ​​жаданьне Белага дома аднавіць дачыненьні з Расеяй у той час, выпадак Магніцкага зь відавочнасьцю выявіў злачыннасьць і беспакаранасьць рэжыму Пуціна і пераканаў Кангрэс, што з гэтым трэба нешта рабіць. У лістападзе 2012 года Палата прадстаўнікоў 364 галасамі супраць 43 прыняла “Закон Магніцкага”, а затым Сенат падтрымаў яго 92 галасамі супраць чатырох. 14 сьнежня 2012 года прэзідэнт Абама падпісаў закон Магніцкага і той уступіў у сілу.

Пуцін прыйшоў у лютасьць. Шукаючы спосабы ўдарыць па амерыканскіх інтарэсах, ён абраў самы садысцкі й нялюдскі варыянт: забараніў усынаўленьне расейскіх дзяцей-сірот амерыканскімі сем’ямі.

Гэта было асабліва агідна з-за наступстваў, якія закон меў для саміх сірот. Расея і раней не дазваляла ўсынаўляць здаровых дзяцей, толькі хворых. Нягледзячы на ​​гэта, амерыканскія сем’і з адкрытым сэрцам і распрасьцёртымі абдымкамі ўсынаўлялі дзяцей зь ВІЧ, сіндромам Дауна, расшчапленьнем хрыбта ды іншымі сур’ёзнымі захворваньнямі. Яны прывозілі іх у Амерыку, даглядалі іх, клапаціліся пра іх і любілі.

Паколькі ў расейскай сістэме дзіцячых дамоў не было рэсурсаў для дагляду за такімі дзецьмі, многія з тых, хто застаўся ў Расеі, асуджаныя на сьмерць яшчэ да свайго 18-годдзя. На практыцы гэта азначала, што Пуцін прысудзіў самых уразлівых і хворых расейскіх сірот да сьмерці, каб абараніць карумпаваных чыноўнікаў свайго рэжыму.

Чаму ж Уладзімір Пуцін пайшоў на такі рашучы і злосны крок? На тое былі дзве прычыны. Па-першае, у 2012 годзе высьветлілася, што [менавіта] Пуцін быў бенефіцыярам выкрадзеных 230 мільёнаў даляраў, крадзеж якіх раскрыў Сяргей Магніцкі. Нядаўнія адкрыцьці ў “Панамскі архівах” паказалі, што найбліжэйшы сябар дзяцінства Пуціна, саліст-віяланчэліст Сяргей Ралдугін, атрымаў ад расейскіх алігархаў і расейскай дзяржавы сродкі ў памеры 2 млрд. даляраў. Прынята лічыць, што пан Ралдугін атрымаў гэтыя грошы ў якасці агента Уладзіміра Пуціна.

Даныя з “Панамскхі архіваў” таксама даюць магчымасьць зьвязаць з Ралдугіным частку актываў ад злачынства, якое рассьледаваў Сяргей Магніцкі. Калі кіравацца логікай Закона Магніцкага, гэта ставіць [нас] перад магчымасьцю накладаньня прадугледжаных ім санкцый асабіста на Пуціна.

Браўдэр 4Гэта сур’ёзна турбуе Пуціна, таму што ён зьяўляецца цяпер адным з самых багатых людзей у сьвеце. Па маіх падліках, ён зарабіў незаконнымі аперацыямі 200 млрд. даляраў ЗША за 17 гадоў знаходжаньня ва ўладзе. Ён трымае свае грошы на Захадзе, і ўсе яго грошы на Захадзе патэнцыйна сьхільныя да замарожваньня актываў і канфіскацыі. Таму ў яго ёсьць значны і вельмі асабісты інтарэс да пошуку спосабу пазбавіцца ад санкцый Магніцкага.

Другая прычына, па якой Пуцін так рэзка адрэагаваў на прыняцьце Закона Магніцкага, заключаецца ў тым, што гэты закон зьнішчае гарантыі беспакаранасьці, якія ён забясьпечыў для ўсяго свайго карумпаванага атачэньня.

У Расеі ёсьць прыкладна дзясятак тысяч афіцыйных асоб, якія працуюць на Пуціна, задачай якіх зьяўляюцца забойствы, катаваньні, выкраданьні, вымагальніцтвы грошай у людзей і захоп іх маёмасьці. Да прыняцьця Закона Магніцкага Пуцін мог гарантаваць ім беспакаранасьць, і гэтая сістэма незаконнага назапашваньня багацьця працавала гладка. Аднак пасьля прыняцьця Закона Магніцкага гарантый Пуціна больш няма. Закон Магніцкага зьнішчыў для іх бясьпеку за межамі Расеі, і гэта стала сур’ёзнай праблемай для Пуціна і яго клептакратычнай сістэмы.

Па гэтых прычынах Пуцін публічна заявіў, што ў ліку яго прыярытэтных зьнешнепалітычных задач – адмена закона Магніцкага і недапушчэньне прыняцьця яго аналагаў у іншых краінах.

Пасьля аднаўленьня сваіх паўнамоцтваў у 2012 годзе, рэжым Пуціна пачаў перасьледваць усіх, хто падтрымліваў Закон Магніцкага.

Адным з маіх галоўных партнёраў у гэтай справе быў Барыс Нямцоў. Барыс сьведчыў перад Кангрэсам ЗША, Еўрапейскім парламентам, парламентам Канады ды іншымі, падкрэсьліваючы, што Закон Магніцкага зьяўляецца “прарасейскім” заканадаўчым актам, паколькі ён накіраваны супраць карумпаваных чыноўнікаў, а ня супраць расейскага народу.

У 2015 годзе Барыс Нямцоў быў забіты на мосьце перад Крамлём.

Паплечнік Барыса Нямцова Уладзімір Кара-Мурза таксама выступаў у заканадаўчых установах па ўсім сьвеце з аналагічных пазіцый. Пасьля таго, як кіраўнік Расейскага сьледчага камітэту Аляксандр Бастрыкін быў даданы ў сьпіс Магніцкага ў сьнежні 2016 года, Уладзімір быў атручаны. Ён перанёс множную адмову органаў, запаў у кому і ледзьве выжыў.

Адвакат, які прадстаўляў маці Сяргея Магніцкага, Мікалай Гарохаў, апошнія шэсьць гадоў вёў барацьбу за справядлівасьць. Гэтай вясной, напярэдадні свайго выступу перад судом, дзе ён зьбіраўся сьведчыць аб дзяржаўным прыкрыцьці забойства Сяргея Магніцкага, ён быў скінуты з чацвёртага паверху свайго жылога дома. На шчасьце, ён выжыў і працягнуў барацьбу за справядлівасьць.

Я атрымаў шмат пагроз з Расеі. Самая вядомая зь іх – ад прэм’ер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе, Швайцарыя, у 2013 годзе. Калі журналісты спыталі яго аб сьмерці Сяргея Магніцкага, Мядзведзеў адказаў: “Вельмі дрэнна, што Сяргей Магніцкі памёр, а Біл Браудэр ўсё яшчэ жывы і на волі“. Я атрымаў мноства іншых пагроз забойства з расейскіх крыніц праз тэкставыя ды галасавыя паведамленьні й праз электронную пошту.

Урадавыя крыніцы ў ЗША папярэджвалі мяне аб запланаваным расейскім замаху на мяне. Гэтыя пагрозы сталі фонам шматлікіх беспасьпяховых спроб, зробленых расейскім урадам, каб арыштаваць мяне з выкарыстаньнем Інтэрполу альбо іншых фармальных каналаў прававой дапамогі…

Расейскі ўрад таксама выкарыстоўвае свае рэсурсы і актывы, каб паспрабаваць адмяніць Закон Магніцкага. Адна з самых адкрытых спробаў была распачатая ўвесну і ўлетку летась, калі група расейцаў вяла лабісцкую кампанію ў Вашынгтоне, каб паспрабаваць адмяніць закон Магніцкага, фальсіфікаваць гісторыю сьмерці Сяргея.

Браўдэр 5

Па іх словах, Сяргей ня быў забіты, і ён ня быў крыніцай даных аб карупцыі, а таму Закон Магніцкага заснаваны на ілжывым наборы фактаў. Яны выкарыстоўвалі гэтую гісторыю, каб паспрабаваць прыбраць імя Сяргея з Global Magnitsky Act, які быў прыняты ў сьнежні 2016 года. Іх намаганьні не ўвянчаліся посьпехам.

Хто ўваходзіў у гэтую групу расейцаў, якія дзейнічалі ад імя расейскай дзяржавы? Двое мужчын – Пётар і Дзяніс Кацыв, – жанчына з імем Натальля Весяльніцкая, і вялікая група амерыканскіх лабістаў, пра якіх ніжэй.

Пётр Кацыв, бацька Дзяніса Кацыва, зьяўляецца высокапастаўленай службовай асобай ураду Расеі і верным прыхільнікам рэжыму Пуціна; Дзяніс Кацыв быў абвінавачаны праваахоўнымі органамі ЗША ў выкарыстаньні даходаў ад злачынства, якое раскрыў Сяргей Магніцкі, для куплі элітнай нерухомасьці на Манхэтэне (выпадак быў нядаўна ўрэгуляваны выплатай Кацывым 6 мільёнаў даляраў ЗША). Натальля Весяльніцкая прадстаўляе іх як адвакат.

Акрамя юрыдычнага прыкрыцьця для адмываньня грошай Кацыва, пані Весяльніцкая таксама арганізоўвала вышэйзгаданую лабісцкую кампанію па адмене Закона Магніцкага. Яна наняла некалькіх лабістаў, сьпецыялістаў па сувязях з грамадскасьцю, юрыстаў і сьледчых, для дапамогі ў вырашэньні гэтай задачы.

Яе першым крокам было стварэньне падробленай НДА, якая нібыта спрыяла б ўсынаўленьню [дзяцей] з Расеі, хоць неўзабаве стала ясна, што адзінай мэтай гэтай НДА зьяўляецца адмена Закона Магніцкага. Гэтая НДА была названая [Глабальным ініцыятыўным фондам] падсправаздачнасьці ў галіне правоў чалавека (Human Rights Accountability Global Initiative Foundation, HRAGI). Фонд быў зарэгістраваны як карпарацыя ў штаце Дэлавэр з двума супрацоўнікамі 18 лютага 2016 года. HRAGI выкарыстоўвалася для выплат [грошаў] вашынгтонскім лабістам ды іншым агентам для арганізацыі кампаніі супраць Магніцкага. (Цяпер HRAGI, падобна, зачынена, з выплатай усіх належных падаткаў).

Праз HRAGI Рынат Ахметшын, былы афіцэр савецкай выведкі, цяпер натуралізаваны як амерыканскі грамадзянін, быў наняты, каб арганізаваць адмену закона Магніцкага. Пан Ахметшын уцягнуты ў цэлы шэраг падобных кампаній, яго падазраюць у розных неэтычных і патэнцыйна незаконных дзеяньнях, такіх як ўзлом кампутараў.

Весяльніцкая таксама даручыла амерыканскай юрыдычнай фірме Baker Hostetler й іх партнёру ў Вашынгтоне Марку Кімро (Marc Cymrot) пераканаць сябраў Кангрэсу падтрымаць папраўку аб выдаленьні імя Сяргея Магніцкага з Global Magnitsky Act. У рамках выкананьня гэтай задачы ў ходзе “анты-Магніцкай” кампаніі пан Кімро ўступаў у кантакт з Полам Берендсам (Paul Behrends) – супрацоўнікам апарату Кангрэсу ў Камітэце па замежных справах.

Весяльніцкая, праз Baker Hostetler, наняла Глена Сімпсана зь фірмы Fusion GPS для правядзеньня кампаніі, якая ганьбавала мяне і Сяргея Магніцкага перад разглядам Кангрэсам Global Magnitsky Act. Ён зьвязаўся зь некалькімі буйнымі газетамі ды іншымі выданьнямі, каб распаўсюджваць ілжывую інфармацыю аб тым, што Сяргей Магніцкі ня быў забіты, ня быў выкрывальнікам карупцыі, а быў… злачынцам. Яны таксама распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю аб тым, што мае выступы перад заканадаўцамі па ўсім сьвеце не адпавядаюць рэчаіснасьці.

У рамках лабіраваньня Весяльніцкай быў наняты былы рэпарцёр Wall Street Journal Крыс Купер з Potomac Group, каб арганізаваць у Вашынгтоне прэм’ерны паказ фэйкавага “дакументальнага” фільма пра Сяргея Магніцкага і пра мяне. Гэта быў адзін зь лепшых прыкладаў прапаганды Пуціна.

Яны таксама нанялі Говарда Швэйцара з Cozzen O’Connor Public Strategies і былога кангрэсмэна Рональда Делсума, каб лабіраваць сярод сябраў Кангрэсу на Капіталійскім ўзгорку адмену закона Магніцкага і выдаліць імя Сяргея з Global Magnitsky Act.

13 чэрвеня 2016 г. пры іх фінансаваньні было арганізавана буйное мерапрыемства ў Newseum, на якім быў паказаны іх фэйкавы дакументальны фільм. Для ўдзелу ў паказе былі запрошаныя прадстаўнікі Кангрэсу і дзярждэпартамента.

Пры правядзеньні гэтых мерапрыемстваў у Вашынгтоне, акруга Калумбія, яны нідзе і ні разу не паказалі, што дзейнічаюць у інтарэсах расейскага ўраду, а таксама не публікавалі інфармацыю ў адпаведнасьці з Законам аб рэгістрацыі замежных агентаў.

У заканадаўстве Злучаных Штатаў цалкам выразна паказана, што асобы, якія дзейнічаюць ад імя замежных урадаў і ў іх інтарэсах, павінны зарэгістравацца ў FARA, каб забясьпечыць яснасьць што да іх інтарэсаў й іх матываў.

Паколькі ні адзін з гэтых людзей не зарэгістраваўся, мая фірма адправіла заяву і прадставіла неабходныя факты ў Міністэрства юстыцыі ў ліпені 2016 года.

Спадзяюся, што выкладзенае мною дапаможа вам разабрацца ў метадах расейскіх эмісараў у Вашынгтоне і ў тым, як яны выкарыстоўваюць амерыканскія кампаніі для дасягненьня асноўных мэтаў зьнешняй палітыкі, не раскрываючы сваіх інтарэсаў. Я таксама спадзяюся, што гэтая гісторыя й іншыя падобныя ёй могуць прывесьці да зьмены рэжыму захаваньня FARA ў будучыні”.

(канец выступу Баўэра)

 

Каментары (1)


  1. Warning: Illegal string offset 'front_end_comment_add' in /home/content/87/7180387/html/wp-content/plugins/comment-ip-trace/fn/front-end.php on line 35
    Siarhiej кажа:

    Выдатны артыкул! Бліскуча паказана ўся крамлёўская кухня!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы