Рэдакцыя.
Пасьля аналізу сітуацыі вакол абраньня сп. Зяленскага прэзідэнтам Украіны, які мы зрабілі год таму (гл. тут: https://nashaziamlia.org/2019/04/18/9551/#more-9551), мы амаль не выстаўлялі на нашым сайце матэрыялаў пра вялікую суседнюю з намі дзяржаву. Далі магчымасьць людзям атрымліваць асалоду ад самастойнага сачэньня за тым, што там адбываецца, і ад самастойнага аналізу.
І вось прайшло больш за год часу. Таму нагадваем заканчэньне ўзгаданага вышэй артыкула: “У нас хоць Лу-ка, а ў вас… Прыйдзецца украінскім патрыётам і ўсяму ўкраінскаму народу атрымаць чарговы гістарычны ўрок, каб у будучыні лепш чуць і разумець сваіх братоў-беларусаў асабліва, калі тыя заклікаюць разам імкнуцца да агульных мэтаў і разам змагацца супраць агульных ворагаў”.
Напэўна многія з нашых чытачоў ведаюць, што з нагоды першай гадавіны знаходжаньня на прэзідэнцкай пасадзе Зяленскі даў прэс-канферэнцыю пэўнай частцы ўкраінскіх журналістаў (гл. фота зьлева).
Мы ня будзем з-за карэктнасьці ў дачыненьні да суседняга народу даваць уласны каментар гэтай падзеі. Затое нагадаем выказваньні двух украінскіх грамадзян.
Першы зь іх, на сёньня украінскі журналіст Яўген Кісялёў (гл. першае фота ўверсе). Вось тут – https://www.youtube.com/watch?v=mKOEoKVoOac – у інтэрвале часу 1:45-8:15 ён так паліткарэктна абставіў словамі сваё галоўнае пачуцьцё з нагоды адбылай прэс-канферэнцыі (падаем скарочана): “У мяне склалася адчуваньне, што ўсё – школьны настаўнік Галабародзька (зь серыяла “Слуга народу”) скончыўся <…> Засталіся толькі літары “Зе” з клічнікам <…> Сёньня ў нас ёсьць прэзідэнт па прозьвішчы Зяленскі, які <…> паводзіць сябе так, як звычайныя дасьведчаныя ўкраінскія палітыкі <…> Адзінае, што запомнілася, гэта заява аб жаданьні пайсьці на выбары прэзідэнта Украіны на другі тэрмін, хаця абяцаў, што пойдзе толькі на адзін”.
Аляксей Арэстовіч (гл. другое фота ўверсе) выказаўся значна больш адкрыта і канкрэтна (гл. тут – https://www.youtube.com/watch?v=3kacUg4kbCY). У інтэрвале часу 0:40-4:00 выказаўся так (падаем скарочана): “Я ня думаў, што ўсё будзе настолькі пагана. Тое, што было, гэта не ўзровень галавы дзяржавы, а <…> незьвязаная мова, супярэчнасьці самому сабе ў кожным выказваньні, намагаецца хаміць <…> Сёньня мы маем на прэзідэнцкай пасадзе нявыгласа, вульгарнага хама – чалавека, які ня ўмее сабе паводзіць і не жадае вучыцца сабе паводзіць <…> Яго атачэньне скандальнае, карупцыйнае, напаўкрымінальнае і з прарасейскім душком…”.
Пра сапраўднае жыцьцё ва Украіне большасьці грамадзян, у т.л. тых, якія “абралі” Зяленскага на прэзідэнцкую пасаду, пасьля году паўнаўладдзя апошняга можна атрымаць зьвесткі з розных крыніц. Напрыклад, тут – https://www.youtube.com/watch?v=lrbSLQJf59g – у часавым інтэрвале 0:10-1:20 вядоўца кажа: “Зь 1 ліпеня для насельніцтва даражэе газ, з 1 кастрычніка – электраэнэргія, з 15 кастрычніка пачнуць дзейнічаць новыя тарыфы на ацяпленьне, з 1 студзеня 2021 году падвышаюцца тарыфы на ваду і водаадвядзеньне. Трэба выходзіць на пратэсты супраць гэтага”. Далей ён прыводзіць шмат фактаў, датычных карупцыі і карупцыянераў сярод чыноўнікаў рознага калібру ў сёньняшняй Украіне.
Але чамусьці ўсе ўкраінскія каментатары пазьбягаюць нагадваць пра тое галоўнае, што вуснамі і паводзінамі свайго героя Галабародзька абяцаў Зяленскі перад прыходам на прэзідэнцкую пасаду. Змагацца з алігархамі! Нам чамусьці гэта запомнілася, і мы будзем за гэтым сачыць. Пакуль жа мы бачым толькі частковую замену адных алігархічных кланаў на іншых. І гэта, мякка кажучы, засмучае…
Але тое, што з Зе ўжо цалкам зьлезла “скура” Галабародзька і праступіла постаць “вульгарнага хама”, яшчэ паўбяды. Праблема ў тым, што расейская імперыякратыя, бачачы яго незразумелую нянавісьць да ўкраінскіх вайскоўцаў ды ўсіх іншых патрыётаў – абаронцаў Бацькаўшчыны, а таксама з-за нарастаючага грамадскага хаосу і пачуцьця адчаю сярод звычайных людзей, наважылася зноў напасьці на Украіну. Пра гэта найперш сьведчыць маштабнае ўзмацненьне ўзброеных сілаў так званых ЛНР і ДНР.
Хто жадае, можа паслухаць нядаўняе папярэджаньне на гэты конт (https://www.youtube.com/watch?v=cRcaS_AI6fk) з боку вядомага палітычнага аналітыка Андрэя Піянткоўскага (гл. трэцяе фота ўверсе).
Вось некаторыя яго выказваньні (скарочана перадаецца іх сэнс):
– час 0:40: “Сілы ОРДЛО прыведзены ў баявую гатовасьць”;
– 0:50: “Расейскія прапагандысцкія шоў 100%-ва заняты (распальваньнем) нянавісьці да Украіны”;
– 2:20: “Амерыканскія выведвальныя структуры зафіксавалі падвышэньне вайсковай актыўнасьці – новыя ўзбраеньні, новыя вайскоўцы”;
– 3:00: “Пуціну, які закрыты ў бункеры, трэба мяняць дынаміку падзей перад рэферэндумам”.
– 5:00: “Трамп ад Пуціна залежны, Макрон даўно ў яго кішэні, Меркель пад яго ж шантажом”.
– 8:30: “Трамп можа часова паралізаваць рэакцыю ЗША на агрэсію Расеі супраць Украіны”.
– 9:30: “Пуцін імкнецца да новай Ялты, каб уся Україна была прызнана “зонай інтарэсаў” Расеі”.
– 10:30: “У Пуціна на руках усе казыры”.
Ускосным пацьведжаньнем нарастаючай небясьпекі для Украіны можна лічыць развагі Гіркіна што да персьпектыў чарговай вайсковай агрэсіі расейскай імперыі супраць Украіны. Напрыклад тут – https://www.youtube.com/watch?v=f_ivApBljMk – у інтэвале часу 36:00-39:00 гэты спадар разважае над пытаньнем: “Ці паспрабуе РФ з дапамогай вайсковай сілы скарыстацца з сітуацыі ва Украіне?”.
Такія, вось, справы. Што ж, будзем сачыць за падзеямі.
–
Усяго лепшага, сябры.
Мяне здзіўляла вера людзей, што калі выбраць разумнага, чэснага кандыдаты і паставіць яго прэзідэнтам, то справы ў краіне пойдуць як па маслу і гэная краіна дасягне эканамічнага росквіту…
Каб быць прэзідэнтам — патрэбна каб прэтэндэнт абпіраўся на ўплывовую ідыялагічна выбудаваную з сваёй праграмай партыю, эліту ці частку эліты, меў сваіх моцных і падрыхтаваных паплечнікаў, добра разьбіраўся ў хітразаплеценых жыццёвых палітычных плынях… І шмат чаго іншага. Быў чэсны Еўдакімаў — губернатар Алтайскага краю, загінуў; быў Лебедзь — губернатар Краснаярскага краю, генерал — загінуў; можна яшчэ налічыць розных прэтэндэнтаў і кандыдатаў – і прыходзіць разуменне, што калі за кандыдатам ці прэзідэнтам няма яснай і жыццёвай праграмы, няма людзей, няма грошай і падтрымкі, то такі прэзідэнт — зеро!
Украіну шкада, яе зараз могуць пачаць мачыць з пэўнага боку. Для нас гэта вельмі кепска!
Пры выбарах Зе спрацавала “паліттэхналогія” і наіўнасьць украінцаў. Першыя крокі Зе накіраваны на ўзмацненне сваёй улады, а не на вырашэння рэальных украінскіх праблем на шляху да цывілізаванай еўрапейскай канкурэнтназдольнай дзяржавы. Чаму ўкраінцы не падтрымалі, напрыклад, Кашулінскага ад патрыятычнага блоку – для мяне загадка.