nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Зьбіцьці ды катаваньні – адна з галоўных рыс “выбарчай кампаніі” ў Беларусі ў 2020-м годзе (частка 1)

15 верасня, 2020 | 3 каментарыя

Рэдакцыя.

Вось ужо больш за месяц працягваюцца масавыя пратэсты беларусаў-вялікалітвінаў супраць сфальшаваных Лу-кам і яго памагатымі т.зв. “выбараў”. Як і раней, недапушчэньне рэальных апанентаў беларусафобскага рэжыму да вылучэньня ў якасьці кандыдатаў (асабліва тых, хто гатовы біцца за аб’ектыўныя інтарэсы беларусаў на ўласнай зямлі), абмежаваньне магчымасьцяў для прэзентацыі сваёй праграмы (т.б. таго, што ў выпадку абраньня будзе рабіццца пасьля перамогі – а гэта самае галоўнае!), татальная фальсіфікацыя вынікаў галасаваньня і на гэты раз сталі характэрнымі рысамі “выбараў” у выкананьні Лу-кі й яго цяперскай “вертыкалі”. Абавязковым кампанентам тэхналогіі “пасьпяховага пераабраньня” Лу-кі на чарговы тэрмін таксама заўсёды было выкарыстаньне гвалту. Не засталіся бяз працы ягоныя оркі і на гэты раз. Тое, што адбывалася на вуліцах нашых гарадоў, многія беларусы бачылі на ўласныя вочы і напэўна могуць пабачыць яшчэ. Але зьвестак пра тое, што адбывалася і адбываецца ў аўтазаках і за сьценамі турмаў мала. Нашым людзям цяжка пра гэта апавядаць… Таму першыя сьведчаньні пайшлі ад іншаземных грамадзян, якім гэта рабіць значна лягчэй і бясьпечней. Іх успаміны выстаўляем ніжэй.

1.

ЯК ІЗРАІЛЬЦАЎ КАТАВАЛІ Ў ТУРМАХ БЕЛАРУСІ

Дар’я Кастэнка (16 жніўня 20202 г.; узята адсюль: https://detaly.co.il/povtorim-tebe-obrezanie-izrailtyan-istyazayut-v-tyurmah-belarusi/; нязначна адрэдагавана)

Як мінімум, трое грамадзян Ізраіля былі затрыманыя ў Беларусі ў апошнія дні лукашэнкаўскімі сілавікамі. Двое зь іх маюць і беларускае грамадзянства – не адмовіліся ад яго ў момант рэпатрыяцыі. Аб вызваленьні аднаго зь іх, Арцёма, «Дэталям» паведамілі за некалькі гадзін да публікацыі. Вядома, што ён падвяргаўся зьбіцьцю. Родным затрыманых забаранялі размаўляць з прэсай, пагражаючы, што ў гэтым выпадку зьняволеных падвергнуць яшчэ большым катаваньням. Яшчэ адзін ізраільцянін, які быў катаваны – 40-гадовы Аляксандр Фруман. Яго ўтрымлівалі ў засьценках тры дні. «Я лічу сваёй місіяй распавесьці ўсім, што там робіцца», – сказаў ён «Дэталям».

 

Менск. Унук жанчыны, выжылай у Катастрофе, падвергся катаваньням.

Аляксандр Фруман рэпатрыяваўся зь Менска ў 1998 годзе. Адслужыў тэрміновую службу ў брыгадзе «Гіваці», скончыў Габрэйскі ўніверсітэт, працаваў у «Бітуах леўмі» і Банку Ізраіля. Жыве ў Мадзіне, кіруе камандай дата-аналітыкаў буйной фінансавай платформы Investing.com.

«Мы год планавалі паездку ў Беларусь, – распавёў Аляксандр. – Я хацеў паказаць жонцы Менск – горад, дзе вырас. І хацелі зьездзіць на Палесьсе, адкуль родам мая сям’я. Мой дзед пайшоў у Чырвоную армію ў 1941 годзе і загінуў дзесьці пад Магілёвам. Мы нават ня ведаем, дзе ён пахаваны. У музеі «Яд ва-Шэм» ёсьць яго імя. Бабуля цудам ўратавалася ад немцаў. Многія яе родныя і стрыечныя браты загінулі».

Жонка і сын Аляксандра прыляцелі ў Беларусь яшчэ ў ліпені, калі ў ізраільскіх школах скончыўся навучальны год. Яны спыніліся ў родных Аляксандра. Сам Фруман прыляцеў у Беларусь 7 жніўня. Ён зьняў кватэру ў цэнтры Менска, каб паказаць жонцы сталіцу, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва.

 

10 жніўня муж і жонка выйшлі пагуляць, і гэтая прагулка скончылася жахам.

– Мы гулялі ўвесь дзень па парках: чысты, спакойны горад, ніякіх забурэньняў. Зайшлі ў вялікую кнігарню на прасьпекце Незалежнасьці, у цэнтры Менска, купілі сыну тры кніжкі на рускай мове – у асноўным, ён чытае на іўрыце.

Пасьля гэтага мы ўбачылі, што на прасьпекце Незалежнасьці стаіць жоўты аўтобус, а ля яго ляжыць куча шчытоў з надпісам “Міліцыя”. Мне падалося, што атрымаецца цікавы здымак, і я зрабіў фота.

Тут жа з аўтобуса выляцелі сем «амапаўцаў», скруцілі мяне і пачалі зьбіваць наўпрост на вачах у жонкі, а потым закінулі мяне ў аўтобус. Пачалі крычаць: «Навошта ты фатаграфаваў?». Я спрабаваў растлумачыць, што гэта – мастацкае фота, але ў адказ яны крычалі: «Ты фатаграфаваў аўтобус з мэтай спланаваць напад!».

Я сказаў ім, што я – грамадзянін Ізраіля, і каб яны патэлефанавалі ў амбасаду. У адказ пачуў у свой адрас дзікі мат і грубыя антысеміцкія жарты… Яны сказалі, што я не да канца прайшоў абразаньне, і трэба мне яго «паўтарыць». Пагражалі забойствам. «Калі будзеш працягваць пампаваць правы і патрабаваць тэлефанаваць у амбасаду – ты з гэтага аўтобуса ня выйдзеш».

Аўтобус стаяў на прасьпекце ў цэнтры Менска. Яны проста хапалі ўсіх, хто праходзіў міма, а я мог толькі сядзець і назіраць. Я бачыў, як хлопец выйшаў з прадуктовай крамы з авоськай – хоп! – і яго загрэблі.

Яны перакрылі ходнік і ўваход у метро, ​​але там былі людзі, якія проста жывуць побач. Яны вярталіся з працы. Яны падыходзілі да ланцуга АМАПу і пыталіся, як ім прайсьці дадому? АМАПаўцы адказвалі: «Вось палумачым». Хапалі гэтых людзей і пачыналі іх біць.

Пры мне арыштавалі аднаго пенсіянера за тое, што ў яго была белая бейсболка з нацыянальным беларускім арнаментам. Хто спрачаўся, таму зьвязвалі рукі пластыкавымі сьцяжкамі. А хто агрызаўся – моцна білі.

 

Дапамог досьвед службы ў ЦАХАЛе

У аўтобусе Аляксандр прасядзеў да 8-мі вечара. Пасьля гэтага арыштаваных зьбілі і перагрузілі ў аўтазак.

– Яны падагналі аўтазак і паставілі да аўтобуса такім чынам, каб з вокнаў бліжэйшых дамоў не было відаць, што з намі робяць. 9 жніўня я і сам бачыў такія затрыманьні з акна. Цяпер я ведаю, што там робяць з людзьмі.

Ты счапляеш рукі ў замок за сьпіной, нахіляешся ўніз, каб галава была як мага ніжэй. Табе крычаць, калі выходзіць. Па дарозе ў аўтазак ты праходзіш скрозь строй. Цябе зьбіваюць дубінкамі – па нагах, па жываце, пад дыхала каленам.

Я – чалавек армейскі. Служыў у «Гіваці» ў пачатку 2000-х, хацеў прызвацца ў 2006 годзе ў Ліван – у мяне там загінуў лепшы сябар… І тут мне дапамог армейскі досьвед. Я ўспомніў, як можна прымаць ўдары, каб паменшыць шкоду. «Амапавец» цэліўся мне пад дых, у сонечнае спляценьне, але я згрупаваўся так, што ўдар не атрымаўся. І тут жа атрымаў за гэта дубінкай.

Нас зьбілі і закінулі ў аўтазак. Там па баках зьлева і справа ёсьць «стаканы» – цесныя аддзяленьні, дзе зьмяшчаецца адзін чалавек. Ззаду – аддзяленьне на 4 чалавекі, але нас там стаяла 10, прыціснуўшыся адзін да аднаго. Я чуў, як побач са мной у «стакане» гучна-гучна крычала жанчына: «Мне дрэнна з сэрцам, адкрыйце!» – а «амапаўцы» сьмяяліся і адказвалі ёй матам.

З намі ў тым жа аўтазаку быў хлопец, які бачыў, як яе затрымлівалі. Яна – юрыст, былы выкладчык БДУ ва ўзросьце 51 год, якая на выбарах галасавала за… Лукашэнку. Яны з мужам валодаюць крамай у гандлёвым цэнтры непадалёк ад прасьпекта, ішлі туды. Убачыўшы ланцужок АМАПу, які перакрыў вуліцу, муж жартам спытаў у іх: «Почему туда нельзя, там коронавирус?». Некалькі «амапаўцаў» тут жа накінуліся на яго, пачалі зьбіваць, павалаклі ў аўтазак. Жанчына пабегла за імі, крычала, спрабавала абараніць яго. Тады некалькі курсантаў акадэміі МУС, якія дапамагалі АМАПу, кінуліся на яе і жорстка зьбілі. Білі ў твар, у жывот. Яны працягвалі біць яе нагамі, нават калі яна ляжала на зямлі…

 

Калі ёсьць пекла, «Акрэсьціна» – яшчэ горш.

Зьняволеных прывезлі ў Савецкае РАУС (райаддзел унутраных спраў) Менска. Па дарозе арыштаваныя, паводле слоў Аляксандра, маліліся, каб не патрапіць у іншае месца – сумна вядомы беларусам Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы ім. Акрэсьціна ў Менску. У прастамоўі яго называюць «Акрэсьціна» – у гэты ізалятар звычайна звозяць арыштаваных на акцыях пратэсту.

Вось што кажа пра гэтае месца Аляксандр: «Акрэсьціна – гэта катавальня. Ёсьць пекла, але Акрэсьціна, па аповедах, яшчэ горш. Я чуў гісторыі пра разарваныя заднія праходы ў мужчын. Мужчыны, якія адтуль выходзяць, нічога ня кажуць, проста плачуць. Я сабраў шмат такіх зьвестак».

У беларускіх медыя ўжо зьявіліся паведамленьні пра выпадкі сэксуальнага гвалту супраць арыштаваных. Так, 16-гадовы Цімур М., які ляжыць цяпер у рэанімацыі 3-га дзіцячага шпіталю Менска, распавёў родным, што аднаму з арыштаваных мужчын засунулі дубінку ў прамую кішку. Іншага арыштаванага, 14-гадовага падлетка, білі ў пах. Самому Цімуру дубінку засоўвалі ў рот, спрабавалі выціснуць вочы, моцна зьбілі – перадае выданне Tut.by.

Калі частку затрыманых, сярод якіх быў і Аляксандр, выгрузілі ў Савецкім РАУС, іх яшчэ раз зьбілі. Паставілі, нахіліўшы, тварам да сьцяны, з рукамі за сьпіной і працягнулі катаваць. Па словах Аляксандра, разам зь ім катавалі яшчэ 61 чалавека. Зьняволеных білі за найменшы рух, нават калі яны ўжо не маглі стаяць ад болю, стомленасьці або траўмаў.

– Мы стаялі, нахіліўшыся так, каб галава была на ўзроўні жывата. Рукі паднятыя і разведзеныя ў бакі, ногі расстаўленыя ў два разы шырэй плечаў. У такой позе праз 5 хвілін зацякаюць ногі, рукі, шыя, баляць сьпіна і хрыбет. Кіраваў катаваньнямі асабіста начальнік Савецкага РАУС. Ён сам з асаблівай стараннасьцю зьбіваў людзей. Побач са мной стаяў малады чалавек са зламанай і распухлай рукой. Ён больш ня мог яе ўтрымліваць. Начальнік РАУС падышоў да яго і з матам праз кожнае слова сказаў: «Табе што, незразумела, што трэба рукі падняць?». Хлопец адказаў, што ня можа, таму што рука зламаная. Тады начальнік схапіў яго за руку, рэзка тузануў уверх і ўдарыў аб плот. Я потым пазнаў яго на фота на сайце МУС, – сказаў Аляксандр.

«Дэталі» знайшлі дадзеныя і фота гэтага чалавека: начальнік Савецкага РАУС горада Менска Сяргей Леанідавіч Каліньнік [цяпер гэты сайт не адчыняецца. – рэд.].

 

«Ён закрычаў:«Ах, ты – грамадзянін Ізраіля! » – і ўдарыў мяне палкай у жывот».

Пасьля складаньня пратаколу ў арыштаваных адабралі дакументы й іншыя асабістыя рэчы. Увесь гэты час Аляксандар паўтараў, што ён – грамадзянін Ізраіля, і прасіў патэлефанаваць у амбасаду. Аднак адказам былі толькі насьмешкі і зьдзекі.

Пасьля гэтага арыштаваных перавялі ва ўнутраны двор РАУС, дзе прымусілі стаяць з рукамі за сьпіной, нізка схіліўшыся над калючым дротам. Той быў раскручаны па зямлі так, што любы ўдар мог кінуць чалавека на шыпы. А білі за найменшы рух.

– Ты стаіш каля плота ў нязручнай позе, а перад табой на зямлі – калючы дрот. Калі пачнеш падаць, упадзеш ў яго тварам. Мы баяліся рухацца. За спробу паварушыць зацёклай нагой ты атрымліваў удары дубінкай. Дзякуй богу, у нас ніхто ня ўпаў.

Адзін з супрацоўнікаў вялізнага росту быў у шлеме і ў масцы, так што яго немагчыма было ідэнтыфікаваць. Ён крычаў людзям, каб яны апускалі галовы яшчэ ніжэй, і біў кожнага. Я бачыў, як ён праходзіць, і стараўся апусціць галаву так нізка, як мог. Думаў, хоць бы не крануў, але не – ён усё роўна мяне ўдарыў.

На гэта я яму сказаў, што я – грамадзянін Ізраіля і патрабую, каб пра мяне паведамілі ў амбасаду. Ён закрычаў: «Ах, ты грамадзянін Ізраіля!» і ўдарыў мяне палкай у жывот. Калі б я прамаўчаў, то не атрымаў бы гэты ўдар. А потым ён павярнуўся да калегаў і сказаў: «Глядзіце, у нас тут грамадзянін Ізраіля! Прыехалі тут нам краіну бурыць!».

 

«Калі што – адкрываем агонь на паражэньне!»

У двары РАУС ім сказалі: «Вы знаходзіцеся на рэжымным аб’екце, калі што – адкрываем агонь на паражэньне».

– Так мы прастаялі да 4 гадзін раніцы. Прыкладна раз на дзьве гадзіны нам давалі адну бутэльку вады на ўсіх. Атрымлівалася, што я не магу напіцца, бо каму-небудзь іншаму не хопіць. Таму я прапускаў сваю чаргу – па-першае, каб было больш іншым, па-другое, каб не хадзіць у туалет.

Па словах Аляксандра, калі арыштаваных адводзілі ў туалет з канваірам, пачыналася гульня ў добрага і дрэннага паліцэйскага.

– Той, хто цябе адводзіць ў туалет, пачынае з табой ветліва размаўляць, пытацца, каму патэлефанаваць і паведаміць пра затрыманьне. Як быццам ён – добры і гатовы дапамагчы. Я папрасіў канваіра: «Патэлефануйце ў амбасаду, калі ласка». Ён мне адказаў: «Вядома, мы ж па законе павінны гэта зрабіць». Тады я настолькі расчуліўся, што сказаў яму: «Я за вас і вашу сям’ю запіску пакладу ў Сьцяну плачу». Але ён нікуды не патэлефанаваў, гэта была проста гульня. Я зразумеў, што ў мяне пачынаецца «стакгольмскі сіндром» што да яго, і адагнаў ад сябе гэтыя думкі.

 

«Было невыносна халодна».

У двары РАУС былі чутныя выбухі і гукі страляніны каля ўніверсама «Рыга», які знаходзіцца непадалёк – там быў адзін з цэнтраў пратэстаў у ноч з 10 на 11 жніўня. Але толькі былы салдат Цахала апазнаў гэтыя гукі, беларусам яны былі ў навінку.

– Мы чулі адтуль выбухі і чэргі. Я, як былы вайсковец, адразу зразумеў, што гэта – сьветлашумавыя гранаты, што страляюць гумовымі кулямі. Мы спрабавалі з хлопцамі ціхенька перашэптвацца. Яны дзівіліся таму, што адбываецца, я ім тлумачыў.

На сьвітаньні тэмпература ўпала да 10 градусаў, але арыштаваныя працягвалі стаяць у двары.

– Я быў у адной майцы і ў джынсавых шортах па калена. Тэмпература зьнізілася, мне было жудасна холадна. Потым яны дазволілі нам сесьці на асфальт і рукі за галаву. Але калі ты сядаеш на халодны асфальт пры тэмпературы +10, табе становіцца яшчэ больш халадней.

Я – мужчына, прайшоў рознае ў жыцьці, магу спраўляцца з падобнымі сітуацыямі. Але з намі стаяла гэтая 51-гадовая жанчына, Натальля, і выконвала усё тое ж самае, што і мы… Я ня ведаю, як яна гэта вытрымала…

Мы чакалі сьвітаньня, як прыходу Месіі. Нам усім было жудасна холадна.

Аляксандр распавядае, што зь імі ў двары знаходзіўся разумова адсталы інвалід другой групы, які паводзіў сябе, «як шасьцігадовае дзіця». Яго імя – Арцём Шыманскі, ён і цяпер, на момант публікацыі, застаецца ў турме.

– Калі яму загадвалі падняць рукі, ён усьміхаўся і казаў: «Я ня буду, я стаміўся, не магу так больш стаяць». За гэта яго зьбівалі дубінкамі і каралі яшчэ больш, чым нас. Усе вакол разумелі, што ён нездаровы, і з-за гэтага так сябе паводзіць. Чаму міліцыянты гэтага не разумелі, для мяне загадка.

Потым выйшла сонца, пачало цяплець, гэта была такая радасьць! Нам дазволілі зноў сесьці на асфальт, нават абаперціся рукамі, але загадалі глядзець толькі наперад. Мы расслабіліся. А гэты хлопец Арцём… Ён увесь час азіраўся і ўсьміхаўся. Ён як быццам патрапіў у нейкую прыгоду. І тады за яго непаслушэнства яны пакаралі нас усіх. Прымусілі зноў устаць, нагнуўшыся – і гадзіну так пратрымалі. Калектыўнае пакараньне за тое, што інвалід іх не паслухаўся.

Па словах Аляксандра, знаходзячыся ў двары, ён чуў, як у будынку РАУС катавалі людзей, арыштаваных той жа ноччу каля ўніверсама «Рыга», дзе яны спрабавалі будаваць барыкады.

– Я чуў жахлівыя крыкі, і ўдары, такія глухія, па целе дубінкай. На гэтых людзей АМАП перакінуў усю злосць – і, напэўна, гэта нас выратавала ад больш жорсткіх катаваньняў.

 

Жодзіна: «Гэта – сапраўднае гестапа»

Каля 11 раніцы арыштаваных пачалі перавозіць у турму, разьмешчаную ў горадзе Жодзіна Менскай вобласьці. Перавозілі ў двух аўтазаках. Афіцэры АМАПу, якія кіравалі пагрузкай, адбіралі ў адзін аўтазак тых, хто хоць чым-небудзь вылучаўся вонкава: людзей у вопратцы з нацыянальнай беларускай сімволікай, хлопцаў з доўгімі валасамі, з татуіроўкамі. Па чутках, у гэтым аўтазаку катавалі мацней. Але і тое, што перажыў сам Аляксандр пры этапаваньні, больш за ўсё нагадвае дзеяньні гестапа.

– Людзі ў аўтазаку ляжалі адзін на адным. Перада мной хлопец страціў прытомнасьць. Адбывалася гэта так: чалавек становіцца на калені, рукі за сьпіной, сьпіна сагнутая, галава ўткнтая ў падлогу. Я станаўлюся за ім, таксама на каленях, навальваюся на яго.

Мацнейшым мужчынам зьвязвалі рукі пластыкавымі сьцяжкамі – так моцна, што кісьці рук сінелі. У некаторых атрымлівалася іх расьцягнуць, але калі «амапаўцы» гэта заўважалі, чалавек атрымліваў неймаверную колькасць удараў па сьпіне.

Па словах Аляксандра, этапаваньне ў Жодзіна было самым цяжкім момантам за ўвесь час яго арышту.

– А яшчэ ў аўтазаку яны гулялі з намі ў «караокэ». Яны «заказвалі» песьню – а мы павінны былі яе сьпяваць. Яны «заказвалі» песню «Перамен» Цоя, або песьні Стаса Міхайлава. Але мы адмовіліся сьпяваць, сказалі, што ня ведаем слоў».

Тых, хто скардзіўся, спачатку пачыналі зьбіваць. Пры гэтым, калі «амапавец» не мог дастаць да чалавека, якога хацеў зьбіць дубінкай, ён станавіўся на сьпіны іншых зьняволеных, каб дацягнуцца.

– Ён станавіўся адной нагой на маю спіну, другой – на кагосьці іншага. І ня проста станавіўся – гэта было б ня так балюча – не, ён наўмысна ўціскаў бацінак мне ў сьпіну і пракручваў, каб было больш балюча. Я зразумеў, што лепш не выдаваць ні гуку, яшчэ гадзінку пацярпець. Але мы слухалі іх – і запаміналі. Часам яны рабілі памылкі – называлі адзін аднаго па прозьвішчах. Я з аўтазака ў Жодзіне запомніў адно прозьвішча: Шабуня.

Памятаеце, як у серыяле «Гульня прастолаў» Ар’я Старк ўвесь час паўтарала пра сябе прозьвішчы і імёны тых, каго яна павінна забіць? Я, вядома, не зьбіраюся нікога забіваць, але гэтую сістэму я засвоіў. Я ўвесь час паўтараў сам сабе гэтыя прозьвішчы, якія чуў. І некаторыя хлопцы тое ж самае рабілі. Я думаю, гэта вельмі важна…

 

«З вас зробяць”пеўняў”»

– Па дарозе нас запалохвалі, што ў Жодзіна – самая страшная турма на сьвеце. Казалі: «Вас кінуць да крымінальнікаў у камеры, і тыя зробяць з вас «пеўняў», «Вы адтуль ня выйдзеце, разьвітвайцеся з жыцьцём». «Тое, што мы з вамі робім – гэта яшчэ кветачкі. Там, у Жодзіна, вы ўвогуле аба***цеся…».

Маладыя хлопцы побач са мной плакалі ад страху… 20-гадовы хлопец шэптам мяне спытаў: як сябе паводзіць падчас катаваньняў, каб не было балюча? Я яму сказаў: «Галоўнае – ня бойся, таму што, калі баішся – яшчэ больш балюча. Пастарайся адключыцца ад усяго гэтага». Ведаеце, мне 40 гадоў, і я магу гэта зрабіць, а яму 20 – і ён ня можа.

Па словах Фрумана, на ўездзе ў Жодзінскае СІЗА расьцягнуўся паўтарагадзінны корак з аўтазакаў. Канваіры, нарэшце, дазволілі людзям у аўтазаку сесьці на падлогу, але Аляксандру было балюча сядзець у любой позе з-за таго, што ён быў моцна зьбіты. Ён распавёў, якую псіхалагічную «напампоўку» прайшлі супрацоўнікі АМАПу і як яны тлумачылі свае зьверствы.

– Мы селі і пачаліся размовы. «Амапаўцы» пачалі нам распавядаць, якія мы дрэнныя, і які Лукашэнка добры. Распавядалі, што нам плацяць па 150 даляраў кожнаму. Прычым я гляджу яму ў вочы і разумею: ён у гэты верыць!

Потым яны пачалі нам тлумачыць, чаму так зьверствуюць. Яны распавялі нам небыліцы пра тое, што ўжо больш за 100 «амапаўцаў» з праламанымі галовамі ляжаць у шпіталях, і за іх яны помсьцяць. Я думаю, гэта ім знарок распавялі, каб вызверыць мацней [ніякіх пацверджаньняў гэтых даных няма – заўв. «Дэталі»].

Я стаў пераводзіць размову на ізраільскую армію, думаў іх зацікавіць, каб яны менш лютавалі. Задаваў ім жыцьцёвыя пытаньні – якія ў іх зарплаты, колькі ім трэба для жыцьця. Спрабаваў адцягнуць іх увагу ад іншых, маладых хлопцаў – тыя пыталіся пра нешта, што магло канваіраў раззлаваць.

 

На «зоне» я ўпершыню пачуў чалавечы голас

Як распавёў Аляксандр, толькі па прыбыцьці ў СІЗА Жодзіна арыштаваныя здолелі выдыхнуць. Супрацоўнікі «зоны» для крымінальных злачынцаў паводзілі сябе значна карэктней, чым АМАП.

«Супрацоўнікі Жодзіна наогул нас ня білі, я ніводнага ўдару не атрымаў. Мы прабеглі па калідоры і апынуліся ва ўнутраным дворыку – зьверху ён быў накрыты кратамі. Наверсе быў наглядчык. Тут я ўпершыню за суткі пачуў чалавечы голас – без крыку. Ён спытаў нас: “Хлопцы, усё ў парадку, ёсьць скаргі? Зараз я прынясу вядро, калі хто хоча ў туалет, пацярпіце паўгадзінкі і мы расьселім вас у камеры – там вам будзе спакайней». Тут усе проста выдыхнулі».

У камеры Аляксандра, разьлічанай на 8 чалавек, сядзелі 16 мужчын. Усе – удзельнікі пратэстаў: крымінальнікаў адтуль перавялі. І, падобна, рабілася гэта ў сьпешцы: затрыманыя знайшлі ў камеры схованку, а ў ёй – лязо і заточка. Ад граху далей адразу змылі іх ва ўнітаз.

Удзень тэмпература ў камеры падымалася вышэй за 30 градусаў. Зьняволеныя дамовіліся выконваць гігіену, абмывалі цела вадой некалькі разоў на дзень. На 16 чалавек прыходзілася 4 двух’ярусныя ложкі. Каб усе маглі паспаць уначы, яны вымылі падлогу і заслалі яе ў коўдры.

– У нас была неверагодная салідарнасьць. У нашай камеры старэйшымі за ўсіх былі я і яшчэ адзін мужчына, 35-гадовы Андрэй. Мы намагаліся дапамагчы хлопцам усё арганізаваць. У першы ж вечар кінулі жэрабя, хто дзе будзе спаць. Васьмярым дасталіся койкі, астатнім – падлога. На наступную ноч мы мяняліся. Я быў самы невысокі – у мяне рост 1,70, таму адразу падахвоціўся кожны раз спаць на стале, каб іншым было больш месца.

З намі ў камеру трапіў той самы інвалід, Арцём Шыманскі. Мы яго кожны дзень мылі, каб яму не было горача – ад сьпёкі ён расчэсваўся ў кроў. Стала размаўлялі зь ім, каб адчуваў, што ён з намі. Мне здаецца, у яго за ўсё жыцьцё не было столькі сяброў…

У першы раз мы паелі 12-га чысла раніцай. Арцём вельмі шмат еў – можа, яго хвароба так ўплывала. Каб яму хапала, мы ўвесь час казалі наглядчыкам, што нас на аднаго больш – і тыя прыносілі дадатковую порцыю.

Зьляпілі шашкі і нарды з хлебу. Шмат размаўлялі: гаварылі пра гісторыю, пра філасофію. Я хлопцам байкі пра войска апавядаў… Там было мноства разумнейшых людзей. У камеры я пазнаёміўся з годнымі беларусамі, людзьмі розных прафесій.

Пазнаёміўся і з польскім журналістам з імем Касьпер. Ён – паліглот, выдатна ведае рускую і яшчэ некалькі моў. Зь ім казалі пра філасофію, культуру… Яго ў Фрунзенскім РАУС Мінска старанна зьбілі толькі за тое, што ён паляк: «Вы, палякі, прыехалі нам тут краіну бурыць. Вы там усе ў Еўропе геі, під**аcы. Чо вы сюды прэце?» – казалі яму.

Потым, ужо ў СІЗА Жодзіна, за Касьперам прыйшлі ў камеру двое мужчын з сакваяжамі. Адкуль, не назваліся, але было відавочна, што са сьпецслужбаў. Адвялі на размову. Казалі, што на самой справе беларусы любяць палякаў. Угаворвалі, каб ён не распавядаў, што бачыў. Але ён адказаў: “Не, я буду ўсё распавядаць!» – і яны завялі яго назад.

 

«Прымушалі крычаць: “Лукашэнка – самы лепшы прэзідэнт!”»

Самыя жорсткія катаванні перанесьлі якраз тыя суседзі Аляксандра, якія правялі ноч у Фрунзенскім РУУС.

– Я вось скардзіўся, што мы стаялі «ракам», а яны там ляжалі на падлозе, іх зьбівалі нагамі і прымушалі крычаць «Лукашэнка – самы лепшы прэзідэнт», – распавядае Аляксандр.

13 жніўня зьняволеных пачалі выводзіць на суды. Суддзі, па словах Аляксандра, «нікога ня слухалі, а проста штампавалі прысуды». Арыштаваныя атрымлівалі стандартныя тэрміны адміністрацыйнага арышту – ад 5 да 15 сутак. Аднак за Аляксандрам так ніхто і не прыйшоў. Між тым міналі 72 гадзіны, якія па законе можна трымаць пад арыштам замежнага падданага.

– Я аднаго міліцыянта паклікаў, кажу: «Слухай, а што са мной? Яшчэ 2 гадзiны – i мяне трэба выпускаць, па законе». Ён кажа: «З табой такая дзіўная гісторыя – згубілі твае дакументы». І тады я зразумеў, што хутка выйду…

Цяпер яны хочуць зрабіць выгляд, быццам мяне ў іх наогул не было! Мабыць, яны думалі, што ў мяне падвойнае грамадзянства – Ізраіля і Беларусі. У такім выпадку беларускія ўлады могуць сказаць: «Нічога ня ведаем, гэта – грамадзянін Беларусі» – і рабіць са мной, што хочуць. Але ў мяне толькі ізраільскае грамадзянства – ад беларускага я адмовіўся яшчэ ў 2002 годзе. Калісьці я шкадаваў аб гэтым, але цяпер мяне гэта выратавала.

У беларускіх турмах цяпер могуць знаходзіцца іншыя ізраільцяне, якія ад беларускага грамадзянства не адмовіліся.

– Я амаль ня ведаю ізраільцян зь Беларусі, якія адмовіліся б ад другога (беларускага) грамадзянства, – кажа Аляксандр.

 

«Знайдземся ў “Інстаграме”»

Калі стала зразумела, што ізраільцяніна выпускаюць, сукамернікі напісалі яму падрабязныя сьпісы са сваімі прозьвішчамі, тэлефонамі родных. Праз вентыляцыю можна было пагаварыць са зьняволенымі зь іншых камер – тыя таксама перадалі свае даныя.

Са сваімі сукамернікамі Аляксандр дамовіўся, што яны знойдуць адзін аднаго пасьля вызваленьня, праз «Інстаграм».

– Мы прыдумалі ўнікальныя хэштэгі, па якіх нас можна будзе потым знайсьці ў «Інстаграме». #PN27PN лацінкай – гэта хэштэг хлопцаў, якія былі са мной у аўтазаку. Хэштэг нашай камеры ў Жодзіна: #жодино26ожидайте. Нумар нашай камеры быў 26. Ну, а «чакайце» – гэта самае сьмешнае слова, якое мы там чулі.

Аляксандр Фруман дачакаўся вызваленьня, але, як ён і падазраваў, яму паведамілі, што яго пашпарт згубілі.

– Цяпер я без пашпарта. Заўтра ці пасьлязаўтра пасольства Ізраіля павінна выдаць мне новы пашпарт. Цікава, што я бачыў свой пашпарт на стале ў Савецкім РАУС, сярод кучы пратаколаў – ён адзін там быў такі, я здалёк пазнаў яго па вокладцы. Атрымліваецца, спачатку беларускія ўлады выкралі ізраільцяніна, а потым скралі яго дакумант.

Перад вызваленьнем Аляксандру давялося дзьве гадзіны шукаць свае рэчы сярод рэчаў іншых затрыманых.

– Шэсьць пакояў, а ў іх – горы рэчаў. Тэлефоны, шнуркі, абутак, куча грошай, крэдытныя карты… Што дзіўна – я знайшоў свае банкаўскія карты і грошы. Шмат купюр у розных валютах.

Усяго ізраільцянін прабыў у зьняволеньні 78 гадзін. Вызвалілі яго разам з польскім журналістам.

– Нас выводзяць за браму турмы. Касьпер побач. Я ўзяў яго за плячо, кажу: «Касьпер, свабода!». І бачу, што яго сустракае польскі пасол. А ізраільскага-та і няма!

Я зьдзівіўся. Хлопцам у камеры я ўвесь час казаў – я зь Ізраіля, мае за мяне ўсіх парвуць. Распавядаў ім пра Наам Ісасхар, і яны дзівіліся, як за дзяўчыну ўсе ўпрагліся. Але зь ізраільскага пасольства мяне ніхто не сустрэў.

За варотамі нас чакала каля 500 чалавек, выходжу – і ўсё цягнуць да мяне рукі з тэлефонамі. І на экране ў кожнага – фатаграфія іх зьніклага блізкага чалавека.

Беларускія [лукашэнкаўскія – рэд.] сілавікі не паведамлялі сваякам затрыманых, дзе знаходзяцца іх блізкія, не вывешвалі сьпісаў, і многія беларусы да гэтага часу ня ведаюць, дзе іх родныя. Такую інфармацыю зьбіраюць толькі праваабаронцы, але ўлады неахвотна ідуць на супрацоўніцтва зь імі.

– Я вырашыў, што абыду ўсіх, пагляджу на кожнае фота. І абышоў. Дваіх пазнаў.

На заканчэньне размовы Аляксандр падзяліўся з «Дэталямі» яшчэ адным вельмі асабістым назіраньнем.

– Я адслужыў у брыгадзе «Гіваці» тры гады, а потым яшчэ паўгода па кантракце. Я служыў у 435-м батальёне «Ротэм», усе тры гады правёў у Газе – Гуш-Катифе і месцах паблізу. Мы часта займаліся тым, што перавозілі арыштаваных палясьцінцаў. У мяне ў Газе загінулі камандзір узвода і радыст – а праз два месяцы мы злавілі тых самых тэрарыстаў, якія іх забілі, і этапавалі іх [наша стаўленьне да т.зв. “палестынскіх тэрарыстаў”, якія змагаюцца за сваю зямлю, ня цалкам адпавядае стаўленьню аўтара; але даная тэма патрабуе адмысловага разгялду – рэд.]. Але мы ніколі ў жыцці не дазволілі б сабе ў адносінах да тэрарыстаў нават долі таго, што на маіх вачах вырабляў беларускі [лукашэнкаўскі – рэд.] АМАП

Замест эпілогу

Аляксандр Фруман і яго сям’я ўсё яшчэ знаходзяцца ў Беларусі [так было на момант публікацыі. – рэд.]. Ён працягне кантактаваць са СМІ. Ён лічыць сваім абавязкам распавесьці сьвету, што адбываецца ў беларускіх турмах. Цяпер яго родныя перавезьлі Аляксандра ў бясьпечны прытулак.

Мы спадзяемся, што МЗС Ізраіля дапаможа ізраільцянам з падвойным грамадзянствам, якія па гэты дзень застаюцца ў беларускіх турмах.

(канец артыкула Дар’і Кастэнкі)

2.

Пазьней раскрываць таямніцы вязьніцаў ды аўтазакаў пачалі й пацярпелыя ад лукашэнкаўскіх “органаў” беларусы.

Аповед аднаго зь іх – Аляксея Новіка – можна паглядзець, напрыклад, тут: https://www.youtube.com/watch?v=uRVXo46rJFo (10 верасьня 2020 г.; назва: “АМАП дзейнічаў як гестапа”).

На жаль, для пераводу відэаверсіі гэтага інтэрвю ў поўны тэкставы варыянт патрабуецца час, якога ў нас не хапае. Таму падаем інфармацыю толькі тэзісна.

Прапануем зьвярнуць увагу на некалькі ключавых, на наш погляд, момантаў у гэтым інітэрвю:

– пацярпелы апавядаў, што АМАПаўцы былі ўпэўненыя, што людзям, якія выйшлі на вуліцы нашых гарадоў, плацяць даляры – відавочная прыкмета псіхічнай апрацоўкі лукашэнкаўскіх оркаў перад нацкоўваньнем на звычайных мірных беларусаў;

– адзін з пацярпелых быў з абедзьвюмя зламанымі рукамі – магчыма, супраціўляўся АМАПаўцам, а яны так яго “супакоілі”;

– “была кроў на сьценах”;

– але ня ўсе АМАПаўцы былі зьвярмі – прынамсі адзін зь іх рэальна бараніў схопленага ад зьбіцьця;

– пацярпелы не зьбіраецца забываць тое, што зь ім рабілі – ён будзе выяўляць злачынцаў і патрабаваць іх пакараньня.

Адразу адзначым: мы таксама лічым, што нэагестапаўцам ня месца на нашай беларускай зямлі…

3.

Перад гэтым, 9 верасьня 2020 г., была яшчэ адна перадача Белсату “з выдачай на гара” жахлівых фактаў (https://www.youtube.com/watch?v=gPnZAZAd_Ow).

Кожнаму беларусу трэба яе паглядзець, як калісьці патрабавалася прачытаць кнігу пра Другую сусьветную вайну на тэрыторыі Беларусі пад назвай “Ніколі не забудзем…”.

 

3 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    А што потым рабіць з гэтымі нелюдзямі-амапаўцамі?

  2. Антось кажа:

    Украінцы пасьля сотняў забітых чамусьці не пасадзілі аніводнага! Называецца лічба больш за тысячу забітых майданаўцаў, рэальна…
    Чаму?
    Як вы думаеце, сябры?
    Там жа кроў лілася не зраўнаць з нашай…Узьніклі новыя могілкі з пахаваных рэвалюцыянераў,а крэматорый працаваў за Кіевам, дзе палілі забітых…
    І не пасадзілі аніводнага беркутаўца. Чаму?

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы