nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Такія інтэрвю трэба чытаць уважліва – 2 (Д пр-пы 65 і 67)

8 жніўня, 2007 | Няма каментараў

РаÑ�.JPG 

Расейскі “Газпрам” заявіў аб намеры скараціць амаль удвая пастаўкі газу ў Беларусь быццам з-за запазычанасьці па аплаце. Відавочна, што гэты ціск мае ня столькі эканамічную, колькі палітычную кампаненту. Якія ставяцца дадатковыя ўмовы адмены такога рашэньня, калі грошы ня будуць пераведзеныя “Газпраму” – прыхватызацыя беларускіх прадпрыемстваў расейскімі алігархамі ці ўвядзеньне расейскага рубля? – беларускаму грамадству не паведамляюць. Але для тых, хто ведае звычкі ўсходняй імперыякратыі, відавочна: нейкія дадатковыя ўмовы напэўна ёсьць і ўрадавыя перамоўшчыкі, якія езьдзяць у Маскву, іх ведаюць. Зноў “над беларускім лесам закружыў чорны крук”, прычым дакладна той самы, што і зімой (гл. https://nashaziamlia.org/2007/01/20/513). Пры гэтым паўтараюцца практычна тыя ж феномены, якія мы адзначалі тады. А гэта значыць, што феномены набываюць ранг заканамернасьцяў. На фоне дадзеных падзей найбольш цікавым зьяўляецца каментар ужо вядомага нашым чытачам кіраўніка Аддзелу Расеі ды СНД Нямецкай Рады вонкавай палітыкі Аляксадра Рара. Перад тым, як прачытаць яго цяперашняе інтэрвю, якое мы ўзялі з сайта радыё “Свабода” і якое прысьвечана чарговаму беларуска-расейскаму крызісу, варта прачытаць інтэрвю папярэдняе (гл. https://nashaziamlia.org/2006/12/16/449). Можа тады вам будзе лягчэй пагадзіцца з нашымі высновамі.

Рэдакцыя.  

 

1. АЛЯКСАНДР РАР: “ЛУКАШЭНКА БУДЗЕ ВЫМУШАНЫ ВЫБІРАЦЬ ПАМІЖ РАСЕЯЙ І ЭЎРАЗЬВЯЗАМ”

Радыё Свабода: “Cпадар Рар, якую ролю, на ваш погляд, адыграў у гэтым крызісе эўрапейскі фактар?”

А.Рар: “Лукашэнка зразумеў, што Эўразьвяз у крызісе з Расеяй яму надта дапамагаць ня будзе. Па рэакцыі беларускага лідэра, які ўсклаў частку віны за правал перамоваў на ўласны ўрад, можна было меркаваць, што ён не хацеў гэтым разам сур’ёзна сварыцца з Расеяй. Але ўсё паказвае, што ніякай дамоўленасьці паміж Беларусьсю і Расеяй няма і крызіс працягваецца”.

Радыё Свабода: “Шмат каго з экспэртаў і ўдзельнікаў палітычнага працэсу зьдзіўляла, чаму Беларусь [так у тэксьце. – Рэд.] да апошняга моманту ўпарта адмаўлялася пагасіць запазычанасьць за газ, пры тым, што паводле некаторых зьвестак грошы ў Беларусі былі. У рэшце рэшт Лукашэнка 2 жніўня завіў, што Беларусь сапраўды заплаціць. Чаму ж не заплаціла адразу?”

А.Рар: Я мяркую, што ў беларускай дзяржавы проста няма грошай. Лукашэнка пасьля зімняга крызісу з Расеяй хацеў правесьці буйную прыватызацыю, чакаў, што Захад прыйдзе на беларускі рынак, чаго не адбылося. Ён меркаваў, што здолее дамовіцца з Расеяй, што яна ў апошні момант возьме на сябе маральныя абавязкі забясьпечваць Беларусь таннымі энэрганосьбітамі, як гэта было на працягу 15 гадоў. Але і гэтага не адбылося. Я мяркую, што Лукашэнка мае вялікія цяжкасьці. Ён разумее, што такую вялікую дапамогу, якую хоча, ён можа атрымаць толькі ад Расеі. Магчыма, Лукашэнка спадзяваўся на канфлікт паміж Расеяй і Захадам, які ўзьнікае, на якім Беларусь можа атрымаць пэўныя дывідэнды. Але гэтага таксама не адбылося”.

Радыё Свабода: “Пасьля зімовага раўнду беларуска-расейскага крызісу Лукашэнка дэманстраваў гатоўнасьць наладзіць адносіны з Эўропай, адной зь яскравых праяваў гэтага жаданьня было інтэрвію, якое ён даў вам для “Die Welt”. Як вы мяркуеце, пасьля цяперашняга крызісу пэрспэктывы такога дыялёгу палепшацца ці пагоршацца?”

Рар: “Мне здаецца, што Лукашэнка зрабіў занадта мала для таго, каб зблізіцца з Захадам. Пэўны шанец у яго быў, але ён яго не скарыстаў. Захад ставіў пэўныя ўмовы палітычнага характару. Я ня думаю, што яны былі такімі ўжо невыканальнымі. Уладу Лукашэнкі гэта, здаецца, не пахіснула б. Размова ішла пры вызваленьне некаторых палітвязьняў і пэўныя крокі ў бок дэмакратызацыі. Тады ён атрымаў бы іншую дапамогу, прынамсі не стаяў бы перад санкцыямі з боку Эўразьвязу. А зараз сытуацыя тая ж, што была паўгода таму: сур’ёзныя эканамічныя праблемы з Расеяй і моцны ціск, ледзь не ўльтыматумы, з боку Захаду з патрабаваньнем мяняць палітычную і эканамічную сыстэму краіны. Лукашэнка павінен рабіць нейкія рашучыя крокі. Апошняе паўгодзьдзе ён чакаў. Я ня ведаю, на што ён спадзяваўся, бо галоўныя крокі з крызісу Беларусь павінна зрабіць сама”.

Радыё Свабода: “Існуюць такія канспіралягічныя вэрсіі, што цяперашні крызіс – вынік негалоснага пагадненьня паміж Масквой і Брусэлем па вырашэньні беларускай праблемы? У гэтым ёсьць рацыя?”

Рар: “Не, я так гэта ня бачу. Я мяркую, што адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй вельмі крытычныя. І Беларусь ніколі ня будзе разьменнай картай Эўразьвязу ў адносінах з Расеяй, як і наадварот – разьменнай картай Расеі ў адносінах з Брусэлем [пажывем – пабачым… – Рэд.]. Канфлікт ня ўзьнік на пустым месцы. Ня ведаю на што спадзяваўся беларускі бок, бо “Газпрам” клаў карты на стол і выразна казаў, чаго ён хоча за працяг паставак таннага газу. Зразумела, Расея хоча [так у тэксьце. – Рэд.] транспартныя сеткі на тэрыторыі Беларусі, Расея  хоча скупаць беларускую эканоміку, яе стратэгічныя структуры [! – Рэд.]. Дарэчы, ЗАХАД ХОЧА ТАГО Ж САМАГА [!!!; усё выдзелена намі. – Рэд.]. Лукашэнка будзе вымушаны выбіраць паміж Расеяй і Эўразьвязам. Яму патрэбныя грошы, каб ратаваць эканоміку і сваю будучыню. У яго ёсьць вельмі кароткі запас часу, але рашэньне павінна быць прынятае. Я мяркую, што яму лягчэй будзе дамовіцца з Пуціным, чым зь Івановым ці любым іншым чалавекам, які можа прыйсьці да ўлады ў Расеі напачатку наступнага году. Я мяркую, што ўсе аналітыкі ў беларускім ўрадзе гэта разумеюць. Гаворачы з боку Эўразьвязу, я павінен канстатаваць, што за апошняе паўгодзьдзе Беларусь зрабіла надзвычай мала, каб адкрыць для сябе экзыстэнцыяльна важныя каналы ў бок Брусэлю, Бэрліну, Парыжу і Лёндану”.

 

2. Наш каментар.

Камусьці можа падасца, што галоўнае ў гэтым інтэрвю – гэта апісаньне сітуацыі абсалютна непазьбежанага выбару, перад якім стаіць Лукашэнка. З тактычных меркаваньняў, можа гэта і так. Але з пазіцый стратэгічнага бачаньня сітуацыі нам падалося ня менш важкім тое, што прагучала зноў і цяпер ужо абсалютна адкрыта: “Захад хоча (з Расеяй і раней было ўсё зразумела) скупіць транспартныя сеткі на тэрыторыі Беларусі, беларускую эканоміку, асабліва яе стратэгічныя структуры”.

Нам не вядома, зыходзячы зь якіх мэтаў гэтую надзвычай важную інфармацыю падаў нам сп-р Рар: ці ён, як сумленны чалавек пажадаў нам паведаміць усё гэта, ці ён, як агент пэўных колаў Захаду хоча прывучыць нас да дамукі, што беларускія  каштоўнасьці, якія сярод іншага маюць і эканамічную вартасьць – зямля, лясы, вадаёмы, фабрыкі, заводы, транзітная інфраструктура і г.д. (якія, дарэчы, каштуюць сотні мільярдаў даляраў па цяпершнім курсе!), усё роўна будуць належыць, калі не маскалям, дык заходнікам.

Зь інтэрвю таксама ня бачна, што хаваецца пад словам “Захад”. Гэта Еўразьвяз ці ЗША, альбо Еўропа + ЗША, а можа Германія, ці пэўныя заходнія фінансавыя колы. Што ці Хто? Гэта пытаньне пакуль застаецца адкрытым. Будзе магчымасьць, мы яго зададім.

Але, пры ўсёй той неадназначнасьці, якая застаецца, прагучала адназначна: “Захад хоча нашае!”   

Праблема ў тым, што мы – беларускія дэмакраты – у адрозьненьні ад “Захаду” хочам, каб усё азначанае вышэй сталася ўласнасьцю ці было перададзена ў арэнду нашым беларускім людзям – наму беларускаму народу (гл. Д пр-п 51). Менавіта беларусы на сваёй уласнай зямлі павінны атрымаць тую долю ўласнасьці, якая ня меншая за долю беларусаў сярод усіх грамадзянаў Беларусі (а гэта ад 85 да 90%). Бо ўсё, што ёсьць на сёньняшні дзень на нашай зямлі (ці амаль усё) – гэта ўласнасьць беларускага народу, створаная яго цяпершнім і мінулымі пакаленьнямі!

Таму такое наша патрабаваньне зьяўляецца абсалютна легальным, справядлівым, гуманістычным, заканамерным і, што самае галоўнае, абсалютна неабходным, з пазіцый усталяваньня ў Беларусі ў будучыні сапраўднай дэмакратыі, як галоўнай мэты нашай грамадска-палітычнай дзейнасьці!

Ня ўсе нашыя беларускія людзі з-за 70 гадоў панаваньня камуністычнай сістэмы расейска-імперскага разьліву і 13 гадоў таталітарнага сацыялізму імя А.Г.Лукашэнкі могуць выразна асэнсоўваць, штó напраўды яны маюць у патэнцыяле, які капітал, якія эканамічныя магчымасьці. Але такія магчымасьці аб’ектыўна ёсьць.

Таму, паўтарымся, мы, як сапраўдныя беларускія дэмакраты, якія нацэлены на рэалізацыю аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народу, маем наступныя планы што да прыватызацыі ў Беларусі:

1. Тым беларускім людзям, якія хочуць набыць капітал ці ўзяць нешта ў арэнду і ўжо цяпер могуць набытым вынікова карыстацца (ведаюць як гэта рабіць, маюць навыкі), мы плануем дапамагчы усё гэта зрабіць.

2. Тым беларусам, якія хочуць набыць капітал, але пакуль ня могуць ім вынікова карыстацца (ня ведаюць як гэта рабіць, ня маюць адпаведных навыкаў), мы плануем даць адпаведныя веды, а затым дапамагчы набыць і капітал.

3. Тым прадстаўнікам беларускага народа, якія могуць вынікова распараджацца ўласнасьцю ў эканамічнай сьферы, але ня хочуць набываць капітал, мы плануем распаліць адпаведнае жаданьне і дапамагчы набыць капітал.

4. У тых беларусаў, хто ня можа і ня хоча, але патэнцыйна можа захацець і можа навучыцца, мы плануем распаліць і адпаведнае жаданьне, і даць адпаведныя веды, і дапамагчы набыць капітал.

І толькі ад тых, хто ня можа і ня хоча ды ня зможа і не захоча (а гэта таксама значная частка нашага народу), мы гатовыя адчапіцца. Але, на сваёй зямлі беларусы пры нашай уладзе будуць валодаць ня менш, як 85-90% капіталаў. Давайце лічыць гэта чарговым прынцыпам нашай дактрыны (Д пр-п 65). 

Карацей, у нас вялікія планы што да прыватазыцыі беларускай маёмасьці на  беларускай зямлі ў інтарэсах беларускага народу (натуральна, у межах, зафіксаваных раней у Д пр-пе 51).

Але, што ж аказваецца. Ня толькі алігархі ды імперыякраты Расеі, але і значныя сілы на Захадзе бачаць сітуацыю інакш. ЯНЫ ХАЦЕЛІ Б ВЫКАРЫСТАЦЬ той стан дэзарыентаванасьці, разгубленасьці, няўпэўненасьці, няведаньня, недасьведчанасьці, апатыі, абыякавасьці, які цяпер у значнай степні ўласьцівы беларусам у адносінах да іх сацыяльных, палітычных, культурных і эканамічных (!) правоў, дарэчы, не па іх віне (а па прычыне шматгадовага імперскага панаваньня). Аказваецца, гэтыя сілы таксама мараць залезьці на наш беларускі карак! У іх, аказваецца, аж сьлінка цячэ на тое, што павінна належыць беларускаму народу – на адно з тых, набыўшы што кожны беларус і ўвесь беларускі народ у цэлым нарэшце могуць стаць сапраўднымі гаспадарамі на сваёй уласнай зямлі (нагадаем, такое пераўтварэньне і ёсьць падмуркам, стратэгічнай мэтай усіх дэмакратычных зьмен).

Аказваецца тое, што зьяўляецца нашымі сьветлымі дэмакратычнымі марамі, пэўная магутныя сілы (як у Расеі, так і на Захадзе) бачаць наадварот, як нешта абсалютна непажаданае для іх.     

Вось гэта навіна дык навіна!

Калі яе прыняць за аснову (а так паступіць нас прымушаюць факты – яшчэ раз прачытай інтэрвю) і дадаць да яе такія ж неаспрэчныя факты таго ж парадку (напрыклад, развал “Захадам” нацыянальна-дэмакратычнай апазіцыі і замена яе недзеяздольнай безнацыянальнай камуна-ліберальнай хімерай, якая цяпер хáпае заходняе бабло наўзамен за магчымы ў будучыні продаж нацыянальна-эканамічных інтарэсаў беларусаў; катэгарычнае нежаданьне “Захаду” патрабаваць ад цяперцаў-лукашыстаў спыніць этнацыд беларускага народу на фоне блюзьнерскага педаліраваньня тэмы правоў нацыянальна-рэлігійна-сексуальных мяньшыняў; адсутнасьць якой бы там ні было дапамогі сапрадным беларускім дэмакратам; рускамоўнасьць ЕГУ, “Дойча вэле” і да т.п.) атрымліваецца сістэмна зьвязаны комплекс апорных кропак, на падставе якіх можна сфармуляваць дзьве наступныя гіпотэзы:

1. Дэмакратызацыя Беларусі і яе стратэгічная прычына – станаўленьне беларускага народу як гаспадара ўласнай зямлі, не зьяўляецца мэтай “Захаду”;

2. Беларусафобскі аўтарытарны рэжым Лукашэнкі выгадны “Захаду” і, фактычна, падтрымліваецца ім, паколькі ўсяляк разбураючы, аслабляючы беларускае грамадства з кожным годам стварае ўсё лепшыя ўмовы для будучай прыхватызацыі беларускай маёмасьці расейскай альбо заходняй фінансавай алігархіяй (дарэчы, заходнія алігархі, як больш дасьведчаныя і арганізаваныя, могуць не баяцца, што спачатку ўласнасьць беларускага народу будзе захоплена расейцамі; яны могуць разьлічваць пазьней усё перахапіць…).

Дарэчы, дадзеныя гіпотэзы добра тлумачаць, як шэраг “незразумелых” паводзін заходніх “дэмакратаў”, так і той факт, што дыктатарска-аўтарытарны рэжым Лукашэнкі спакойна пануе ў самым сэрцы Еўропы вось ужо 14-ы год!

Давайце прымем іх як чарговы прынцып Беларускай дактрыны (Д пр-п 67).

Застаецца нявысьветленым, але з-за гэтага ня менш важным, пытаньне пра тое, што ўсё ж такі мае на ўвазе Аляксадр Рар, калі выкарыстоўвае паняцьце “Захад”. Магчымыя версіі мы пералічылі раней. Але паколькі гэта гаворыць эксьперт Нямецкай Рады вонкавай палітыкі, цалкам магчыма, што ён мае на ўвазе і адстойвае інтарэсы найперш Германіі. Няўжо сапраўды правы Зянон Пазьняк, калі вось ужо шмат гадоў папярэджвае нас пра ўзгодненую Расейска-Германскую палітыку ў адносінах да Беларусі дый усёй Усходняй Еўропы ў цэлым?!

Па крайней меры, вышэй пададзенае інтэрвю гэтаму погляду аніяк не пярэчыць…

����+�е�кел�.JPG

  

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы