nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Руская пераробка: Нацыянал-дэмакратыя як праект (частка 2)

5 студзеня, 2008 | Няма каментараў

Аляксей Шырапаеў

 

“Горад Зэро”

Але ці хочуць рускія пайсьці з “калгасу” Імперыі?

З рэальных, не алегарычных калгасаў яны сыходіць не сьпяшаюцца, “архангельскіх мужыкоў” ня вельмі каб і шмат. Галоўны вораг рускіх – іх уласная імперская сьвядомасьць [!!! – Рэд.]. Гэта і ёсьць той самы Саўрон, які сядзіць у кожнай рускай галаве, прымушаючы нас атаясамляць бацькаўшчыну зь імперыяй, народ – зь дзяржавай, сябе – з уладай і яе вычынамі. Так мы пападаем у зачараванае кола ўласных уяўленьняў, у хімерычную працягласьць расейскай псеўда-гісторыі, у дэспатыю ілюзіі, якая патрабуе ад нас, рускіх, далёка не ілюзорных ахвяр [гэтае «зачараванае кола» ёсьць галоўнае пытаньне ў расейскай імперскай гісторыі, і яно ўжо даўно апісана многімі, у т.л. намі – гл. https://nashaziamlia.org/2006/04/16/50; найважней, што гэта нарэшце пачынае ўсьведамляцца і агалошвацца самімі рускімі! – Рэд.].

Ёсьць такі раньнеперабудовачны фільм К.Шахназарава, які сёньня паказваюць усё радзей: “Горад зэро”. У правінцыйны горад, недзе ў Цэнтральнай Расеі, прыязджае камандыровачны са сталіцы (бліскучая роля Леаніда Філатава) і пападае ў асаблівы прасторава-часавы катынуум, у безвыходную рэчаіснасьць, прасякнутую абсурдзісцкім магізмам. Адзін з цэнтральных герояў фільму – гарадскі пракурор, які разважае пра пабудову і ўмацаваньне Дзяржавы, як галоўную гістарычную місію рускага народу. Пуцінец да Пуціна, ён супрацьстаіць часовай адлізе, чакае свайго часу. Урэшце, пасьля безвыніковых спробаў зьбегчы ў ранейшае, больш значнае, жыцьцё герой Філатава назаўсёды застаецца ў фантасмагарычным горадзе, які выпаў зь гісторыі. Горад Зэро – у самім героі, а не звонку ад яго.

Можна сказаць, што алегорыя лёсу ў замкнёнай у кола псеўда-гісторыі дзяржавы Расейскай. У фільме яе – дзяржаву – сымбалізуе пяцісотгадовы рэліктавы дуб у гарадскім парку, цалкам ссохлы і мёртвы, і таму такі, што нібы мумія Леніна, харчуецца энэргіяй жывых, іх пакланеньнем і любоўю.    

Нацыянал-дэмакратыя – гэта імкненьне разарваць зачараванае кола з цыклічных “адлігаў” ды “замарозкаў” і вярнуцца ў гісторыю. Дакладней, пачаць нарэшце ўласную рускую гісторыю – пасьлярасейскую.

 

Пасьля Расеі

Мала вызваліцца ад ідэі Імперыі. Страшна сказаць: нам, рускім, трэба вызваліцца ад ідэі… Расеі.

Справа ў тым, што “Расея” – гэта той чароўны псеўданім, прыкрываючыся якім Імперыя пранікае ў рускую сьвядомасьць і авалодвае ёй. Расея – гэта салодкі гіпнатычны шэпт у нашай душы, песьня пра шырату і размах, безнадзейнасьць й прастору. Гэта той бязьмежны “паэтызм”, які лагічна заканчваецца бязьмежным этатызмам. Любоў да бязмежнай прасторы вяртаецца кантролем над гэтай прасторай, прычым настолькі ж бязьмежным, як і сама прастора. Вялікі Анарх перакульваецца ў Вялікага Манарха.

Любоў да прасторы пераўтвараецца ў любоў да сістэмы кантролю над прасторай, тым больш, што апошняя не пазбаўленая свайго роду размаху і шыры (невыпадкова баявым воклічам апрычнікаў было заліхвацкае “Гойда, гойда!”). Расейская дзяржава – гэта нібы люстра, у якім адбіваецца расейскі прастор.

“Прасторы адыходзяць у прасторы…” – так, здаецца, пісаў вядомы паэт сярэдняга веку. Хутка тэму працягнула знакамітая савецкая песьня сталінскай эпохі: “Шырака страна мая радная…”. Яна зноў жа пра прастор, пры шырыню, пра вольнае дыханьне чалавека. А “краіна шырокая” між тым уяўляла зь сябе суцэльны і непадзельны канцлагер. Зноў – дыалектычнае адзінства супрацьлегласьцяў: прастора і сістэма кантролю над ёй.

“Расея – гэта лядовая пустыня, а па ёй ходзіць ліхі чалавек”, – улюбёна вымавіў К.Пабеданосцаў. Ліхі чалавек – гэта той самы, які потым пачне “вольна дыхаць”. А хто такі Пабеданосцаў? Дый зь ліку кантралёраў. І ён чыноўна дабраслаўляе гэтае рускае хаджэньне, гэтую бязбытнасьць і няўкаранёнасьць, гэты анахізм, які ўзьбівае сьліўкі Імперыі.

Узяць хоць бы казакоў-перашпраходцаў, якія ўцякалі ад Масквы, ад Дзяржавы, а ў сапраўднасьці цягнулі яе за сабой “насустрач сонцу”, як шлейф. Сьледам за “ліхім чалавекам” на новыя землі прыходзіў Пабеданосцаў і перапісваў оныя. І сам “ліхі чалавек” таксама апынаўся ў рэестры, атрымліваў ад уладаў шырокія служылыя лампасы, захоўваючы, у лепшым выпадку, некаторыя вольнасьці. “… Прыбірала партыя да рук, накіроўвала, шыхтавала ў шэрагі”, – чаканіў пазьней Маякоўскі. Па частцы прыбіраньня і накіроўваньня з наступным шыхтаваньнем бальшавікі далёка пераплюнулі пабеданосцавых. Усялякая “ліхая хада” была адрэгуляваная ў правільныя плыні гулагаўскіх эшэлонаў. Кантроль над прасторай стаў сапраўды бязьмежным, усёпранікальным, як люты мароз. Сістэма ГУЛАГа – вось так гісторыя “пажартавала” над рускай любоўю да шырыні.

Настаў час рускай любові не да шырыні, а да сваёй рэгіянальнай Шырыні. Час нам, рускім, пераадолець зачараванасьць “вялікім стылем” у дзяржаўным будаўніцтве. Імперскі высокі дом пераўтварыўся для рускіх абсалютнай бяздомнасьцю. Час нам адчуць смак да “малых” дзяржаўных формаў, да грунтоўнага рэгіянальнага абжываньня.

Узяць хаця б “цэнтральную” Расею. Уявіце сабе прастору, скажам, ад Варонежа да Яраслаўля. Дый што там казаць: хаця б мапу Падмаскоўя з прылеглымі абласьцямі. Паспрабуйце праехацца, напрыклад, ад Растова Вялікага да Серпухава. Гэта ж вялікая краіна, выцягнуць яе на сучасны еўрапейскі ўзровень – ужо вялікая справа. Хопіць любіць Вялікую Расею, палюбіце свой рэгіён, абжывіце яго, вярніце годнасьць, росквіт і гісторыю сваёй рэальнай, “малой” радзіме, перафарматуйце свой нацыяналізм. У Імперыі мы ўжо жылі, прычым кепска; Імперыя так і ня стала ні праваслаўнай “дзяржавай праўды”, ні сацыялістычным “царствам Боскім на зямлі”. Так, можа быць, рускія рэгіёны здолеюць стаць простымі, без выдумак, рускімі Швецыямі? Ад імперскай гігантаманіі й месіянскіх амбіцый – да нацыянальна-буржуазнага ўладкаваньня “малых” радзімаў. З аблокаў “сусьветна-гістарычных місіяў” – на сваю канкрэтную рэгіянальную глебу.

Ці гатовыя да гэтага рускія? Адказ неадназначны.

 

Залесьсе супраць Масковіі

У “цэнтральнай” Расеі – пакуль яўна не гатовыя. Тут відавочна цісьне вялікадзяржаўная карма Масковіі. “Цэнтральны” рэгіён успрымае сябе менавіта цэнтрам “усея Русі”; “пачуцьцё бацькаўшчыны” ў “маскоўцаў” распаўсюджваецца на ўсю Імперыю. Калі, напрыклад, казакі й сібіракі традыцыйна ўспрымаюць Расею нібы збоку (у Сібіры здаўна кажуць “Паехаў у Расею”, г.зн. за Урал, “Прыехаў з Расеі”), дык жыхары “цэнтру” ўстойліва атаесамляюць сябе з Расеяй уцэлым, у іх паўсюль – Расея [асабліва там, дзе яны ніколі не былі… – Рэд.].

Гэты рэгіён для нацыянал-дэмакратыі самы праблемны. Ня будзем забываць, што менавіта ён адчуў найбольшы ўплыў Арды, стаў калыскай самаўладзьдзя, здушальнікам свабодаў і самабытнасьці іншых рускіх земляў. Масковія, рэгіён Залатога Пярсьцёнка – гэта асяродак культурна-дзяржаўнай паталогіі, адкуль распаўзаліся імперскія метастазы, якія атруцілі рускі лёс. Зусім невыпадкова гэты рэгіён у эпоху грамадзянскіх войнаў стаў бастыёнам бальшавізму, які аднавіў Імперыю. Тут яўна пануе нейкі цёмны “эргрэгар” тыраніі.

Таму ўзгадоўваньне рэгіянальнай самасьвядомасьці, рэгіянальнага міфу ў гэтай зоне падвышанай дзяржаўнасьці – задача найцяжкая і найважная. Дастаткова вывесьці зь імперскага “поля” толькі адну Масковію, каб “дэзактываваць” усю Імперыю зараз. Найперш неабходна перфараваць праваслаўна-дзяржаўніцкія, царскія стэрэатыпы, асабліва моцныя тут. Ім трэба супрацьпаставіць ідэю рускай дэмакратыі – падкрэсьлена сьвецкую, але ў язычніцкім дызайне. Самы час успомніць, што інстытут веча ведалі ня толькі Кіеў і Ноўгарад, але і Паўночна-Усходняя, Залеская Русь: Растоў Вялікі, Перыяслаўль-Залескі, Суздаль, Уладзімір – пакуль у ёй не сьцьвердзілася ўсяўладдзе князёў з палавецкай крывёй, якія заклалі падмурак маскоўскага самаўладдзя (упершыню ідэю Залесься ў асабістай размове са мной выказаў Ільля Лазарэнка ў лютым 2007 года).

Час вярнуць гэтаму рэгіёну яго зыходнае старажытнае імя, стварыць новы, сьветлы гістарычны міф гэтай зямлі, а таксама прывабны вобраз яе еўрапейскай, дэмакратычнай будучыні. Патрэбныя новыя архетыпы, ні больш, ні менш. Масковія павінна стаць Залесьсем. Гэта няпроста, паколькі нават рэгіяналізм, экстрапаляваны на гэтую глебу, аднаўляе архетып Маскоўскага княства з усімі вынікаючымі. Тым больш, што маскоўскі “эргрэгар” актыўна падаграецца такой вялікай фабрыкай, як РПЦ. Але бойка ўжо пачалася: пакуль на ўзроўні думкавобразаў, але вечавае белакаменна-раманскае Залесьсе ўжо супрацьстаіць Масковіі зь яе татарскай пугай і плахай.

Трэба “накачваць” залескі “эргрэгар” – і тут найшырокае поле для грамадскай і культунай дзейнасьці ў плане г.зв. краязнаўства. Неабходныя клубы краязнаўцаў Залесься, дзе б зьбіраліся гісторыкі, палітыкі, журналісты, выступалі прасунутыя музыкі. Патрэбныя навукова-практычныя канферэнцыі па залескім рэгіяналізме і язычніцкія фестывалі. Пара ўспомніць, што гэтая зямля некалі была краінай вольных вяцячаў, якія доўга супраціўляліся дзяржаўнай цэнтралізацыі й хрышчэньню. Белы і чырвоны – любімыя колеры вяцічаў – указваюць на іх балцкае паходжаньне (тыя ж колеры ў палякаў, латышоў і беларусаў). Так што Еўропа нашмат бліжэй Залесьсю, чым гэта здаецца на першы погляд.

Ну, а сама Масква? Масква-сталіца? [Масква-крывасмок. – Рэд.]  Яна сапраўды “дастала”, гэтая Масква – сваім нахабствам, нахрапам, замежным багацьцем напаказ. Маскоўскі дыктат, маскоўская “глабалізацыя” зьненавідныя ўсімі рэгіёнамі Расеі, у тым ліку і “цэнтральным”. Гэтая ўсенародная непрыязнасьць да сталіцы мае найглыбокія гістарычныя карані: нагадаем, што ў знакамітай Кіцежскай легендзе пад “татарамі” мелася на ўвазе Масква, “якая, захопліваючы горад за горадам, усталёўвала ў іх новыя парадкі, вельмі непрыемныя для апекуноў старажытнасьці” (Л.Гумілёў). Адкрыта крытыкаваць Маскву было вельмі небясьпечна ўжо і ў тыя часы [крытыкаваць трэба не Маскву – гэта проста горад, а расейскую імперыякратыю; калі ж усе вы гэта зразумееце?.. – Рэд.] (тым ня менш, захаваўся і нешыфраваны варыянт Кіцежскай легенды).

Чым хутчэй у самой Маскве зьявяцца ўласныя рэгіянальныя сілы, якія будуць усьведамляць, што імперскі лёс, накінуты Маскве яе ўладарамі, разбурае саму ж Маскву, пераўтвараючы яе ў моташны гібрыд храма-навароба і офіса – тым лепш. Цяперашняя Масква – гэта злаякасны горад, паразітны мегаполіс- паліп, які заслугоўвае толькі агідлівага стаўленьня і ўсенароднай нянавісьці. Дастаткова сказаць, што зарплата ў сталіцы, якая замкнула на сябе ўсю палітычную структуру краіны, усе эканамічныя сувязі й фінансавыя плыні, у 4 разы вышэй, чым у рэгіёнах!

Так працягвацца ня можа. Недалёкі той дзень, калі вакол сталіцы раскінуцца агні абложнага лагера. Трэба вярнуць Маскву ёй жа самой, пазбавіць яе ад страшнай гістарычнай адплаты [адплата – ня помста, пазбаўляць ад яе нікога ня трэба. – Рэд.]. Трэба вызваліць яе ад імперскага праклёну, ад чорнай кармы забойцы рускай свабоды. Час зрабіць яе горадам для людзей, а не для чыноўнага ўзбагачэньня. Менавіта нацыянал-дэмакраты павінныя ўзначаліць у Маскве рух за нармальную экалогію, а таксама народныя выступы супраць ушчыльняючай забудовы і разбурэньня гістарычнага цэнтру горада.

“МАСКВА СУПРАЦЬ СТАЛІЦЫ” – такім мог бы быць лозунг руху за пераўтварэньне Масквы з асяродка чыноўных і этнічных мафій ў нармальны рускі горад. Бо калісьці, у незапамятныя часы, веча было нават у Маскве. Дайце Маскве шанц!

 

“Індзейцы” з шашкамі

Здавалася б, інакш, чым у “цэнтральным” рэгіёне, павінны выглядаць справы ў казацкіх землях, заўсёдных антыподах “цэнтра”. А вось і не [прычына простая: ФСБ і яе агентура ня сьпіць… – Рэд.].  Замест таго, каб выкарыстаць распад СССР, успомніць сваю незалежнасьць, рэспубліканскія традыцыі XVI-XVII стагоддзяў, казакі начапілі царскія пагоны і ўцягнуліся ў малебны, банкеты, у аперэтачныя вайсковыя кругі з абавязковым “Люба!” і ў мары пра новую “царскую службу”. Зьявіліся нават казакі-манархісты, якіх не было дасёньня. Бо Дон прынес крыжовае цалаваньне царам толькі пасьля здушэньня паўстаньня Сьцяпара Разіна і служыў “цэнтру”, можна сказаць, па дамове, якую палічыў парванай пасьля Лютага 1917 года. У эпоху грамадзянскай вайны асноўным рухавіком казацкага антыбальшавіцкага супраціву быў тыповы абласьнічы сепаратызм, які з новай сілай успыхнуў ў гады Другой сусьветнай вайны. Так, атаман Красноў стаяў за вызваленьне казацкіх земляў з-пад улады Масквы і за ўтварэньне незалежнай Казакіі. Выступаючы на курсах прапаганды ў Патсдаме (1944 г.), ён казаў: “… Масква заўсёды была ворагам казакоў, ціснула іх і эксплуатавала. Цяпер настаў час, калі мы, казакі, можам стварыць сваё, незалежнае ад Масквы жыцьцё”.

Сёньняшнія казакі-манархісты з саўковым душком – гэта яўны постсавецкі “новароб”, які з жаданьнем заахвочваецца чыноўнікамі й папамі. У цэлым, сёньняшняе “адраджэньне” казацтва – гэта проста каляпалітычны кітч. Яркі прыклад яго –  нябачанае касьцюмаванае сьвята, у час якога аперэтачныя “запарожцы” высаджваліся на Тамань, а затым атрымлівалі грамату на валоданьне Кубаньню з рук пераапранутай “Кацярыны ІІ” (вучылка? прадаўшчыца? супруга мясцовага мэра?). Заканчвала шоў кавалерыйская рубка лазы, якая канчаткова стварыла атмасьферу этнаграфічнай падзеі ў індзейскай рэзервацыі.

Сцэнка з “царыцай” і “рубка лазы” – гэта ключавыя моманты для характарыстыкі сучаснага казацтва. Па-першае, цяперашнія казакі дэманструюць, што гатовыя вернападдана атрымаць свае землі з рук Дзяржавы, замест таго, каб усё браць самім, як гэта рабілі іх спраўныя самасційныя продкі. Па-другое, казакі, падобна, згодныя на ролю “індзейцаў” з шашкамі. А між тым сёньня сапраўднае казацтва павінна нагадваць хутчэй фермераў-афрыканераў у цяперашняй ЮАР, быць гэткай народнай мотапехотай. Магчымая нават лёгкая казацкая авіяцыя, верталётная. Што, грошай няма? Не сьмяшыце: тая ж Кубань – ня самы бедны рэгіён. Правоў няма? Казак, правы не даюць, іх бяруць. У барацьбе набудзеш ты права сваё.

 

Захад і Усход супраць “цэнтру”

У Сібіры ўсё нашмат цікавей. Ідэя сібірскага абласьніцтва, якая ідзе аж з пазамінулага стагоддзя, жывая. Зноў пачалі казаць аб праеце Сібірскай рэспублікі, які падсілкоўваецца не такой ужо даўняй гісторыяй: у красавіку 1918 года, на Прыморскім зьездзе сялянаў і казакоў, які адбываўся ў Нікольск-Усурыйску, эсэры выступілі за скліканьне Сібірскага ўстаноўчага сходу і аддзяленьне Сібіры ад Савецкай Расеі. Так што ідэя Ельцына пра Сібір як адну з сямі рускіх рэспублік магла б у свой час легчы на дастаткова падрыхтаваную глебу. Ды й цяпер яшчэ ня вечар.  

Далёкі Усход – там таксама вельмі цікава. Гэты рэгіён проста перагружаны гістарычным досьведам “сепаратызму”. Тут і памяць пра чырвоную Далёкаўсходнюю рэспубліку, і пра белы Прыамурскі Земскі Край. Уладывасток, прыгожы еўрапейскі горад на беразе цёплага мора – ён так і просіцца на ролю сталіцы гэткага рускага “Тайваня”. Пры чым тут нейкая Масква, далёкая, быццам Плутон?

А вось скрайне заходняя Калініградская вобласьць [а вось тут, прабачце: гэтая “вобласьць” некалі будзе часткай Беларускай Дзяржавы – па справядлівасьці й з шэрагу іншых прычын; гл. пр-пы Беларускай дактрыны. – Рэд.]. У свой час савок, “вызваліўшы” гэты старажытны еўрапейскі край, моцна яго спаганіў. У рыцарскіх замках ледзь не камуналкі рабілі. Ну, ладна, справы мінулыя. Урэшце, нам, рускім, Балція таксама не чужая [а нам – беларусам-літвінам – яна не чужая ўдвайне… – Рэд.]. Тут і наш востраў Руген зь яго Арконай, дзе стаяў знакаміты на ўсю Еўропу храм Сьветавіта; тут быў і прыгожы язычніцкі горад Рэтра. Рускім ва Усходняй Прусіі дадзены ўнікальны гістарычны шанец: ня проста быць паглынутымі Еўропай, а стаць самабытнай часткай Еўропы: Балтыйскай Русьсю [толькі што мы пабачылі рудымент рускага імперыялізму нават у аўтара – рускага імперыяліста; пра неабходнасьць выпраўленьня гістарычных вывіхаў ён нават не здагадваецца. – Рэд.].

Ня менш цікава на рускай Поўначы і Паўночным-Захадзе. Тутэйшы рэгіяналізм зьвернуты да сьвету Паўночнай Еўропы, ад якой гэтыя краі былі адрынутыя маскоўскай цэнтралізацыяй. Матор працэсу, вядома ж, Піцер, атрымаў у спадчыну харызму Вялікага Ноўгарада – маяка рускай ідэнтычнасьці. Гэтая харызма зьявілася адразу, як толькі Піцер быў вызвалены ад статуса імперскай сталіцы.

“Эргрэгар” Наўгародскай рэспублікі настолькі моцны, што працягвае ўзьдзейнічаць праз вякі нават на тых, хто да вольнасьці зусім ня мае прыхільнасьці. Так, у красавіку 1918 года (рамантычны перыяд бальшавізму) у Савецкай Расеі раптам зьявілася Паўночная камуна (Саюз камунаў паўночнай вобласьці), у якую ўвайшлі Петраградская, Наўгародская, Пскоўская, Аланецкая, Архангельская, Валагодская, Паўночна-Дзьвінская і Чарапавецкая губерніі. Амаль дакладны абрыс старажытнай Наўгародскай зямлі! Паўночная камуна мела свой ЦВК і сваю выканаўчую ўладу – Савет Камісараў. Зразумела, потым Паўночная камуна была ануляваная Масквой, якой на той час бальшавікі ўжо вярнулі статус сталіцы, выправіўшы заходніцкі вывіх Пятра. Гісторыя далучэньня Наўгародскай рэспублікі да “цэнтра” паўтарылася ў выглядзе пародыі.

Відавочна, не выпадкова, што непрыязнасьць Масквы да Піцера павялічылася менавіта ў савецкую эпоху. Бальшавікі, жадаючы таго ці не, зноў запусьцілі старыя архетыпы. Новая “наўгародская ерась” заявіла пра сябе нават у эпоху цяжкавагавага позьняга сталінізму – у выглядзе знакамітай “ленінградскай справы”, калі піцерскі партлідэр Кузьняцоў запрапанаваў зрабіць Ленінград сталіцай РСФСР і ўтварыць кампартыю Расейскай Федэрацыі, каб узмацніць у СССР рускі фактар. Бедны Кузьняцоў, неадбылы Ельцын таго часу, занадта паверыў сталінскім тостам за здароўе рускага народу. Але ў адрозьненьне ад Гарбачова, Сталін не захацеў стаць царом без дзяржавы. На “ленінградскай справе” праявілася ўсё сталінскае “русафільства”. У Піцеры была праведзеная вялікая чыстка, свайго роду новы антыноўгарадскі паход Івана Жахлівага (у гэтым кантэксьце распаўсюджаны тэрмін “сталінскія апрычнікі” набывае асабліва дакладны сэнс). Нягледзячы на тое, што тады ў СССР сьмяротнае пакараньне было адмененае, Кузняцова і яго каманду расстралялі (каля 200 чалавек). Выключэньне, зробленае для іх, з усёй відавочнасьцю паказвае, што самым небясьпечным для Імперыі было і застаецца рускае пытаньне, нават у такой, партыйна-савецкай, квазірускай трактоўцы.

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы