nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАША ГАЛОЎНАЯ ПРАБЛЕМА – ЭТНАЦЫД, НАША МЭТА – БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА! (Ч.7)

10 красавіка, 2006 | Няма каментараў

Частка 7. Арганізацыйная і ідэалагічная псеўда-альтэрнатыва.

Давайце прыглядзімся найперш да асноўнага арганізацыйнага прынцыпу “аб’яднанай апазіцыі”, які адпавядае лозунгу: “усе, хто ёсць, гэць у кучу!”
Відавочны недахоп такога падыходу ў тым, што “аб’яднаная апазіцыя” будзе ідэалагічна разнамаснай, насычанай людзьмі хваравіта амбітнымі ці з дамінаваным грашовым інтарэсам, а таксама прасякнута агентурай рэжыму. Асабліва апошняе ёсць надзейнай гарантыяй правалу любой справы. Па пытанні магчымай колькасці агентуры, нагадаю нядаўні факт. У час канфлікту з Саюзам палякаў улады зрабілі і паказалі дакументальны фільм, у якім вымушаны былі раскрыць частку сваіх агентаў у шэрагах гэтай арганізацыі (апошнім давялося даваць інтэрв’ю). І што мы ўбачылі? Ледзь не палова кіраўніцтва звычайнай грамадскай арганізацыі… – агенты. Якую ж долю складаюць яны сярод кіраўніцтва і сяброў апазіцыйных палітычных партый? Цяпер пра гэта можна казаць цвёрда: не меншую, чым у Саюзе палякаў.

Для тых, хто лічыць, што ад збірання ўсіх “апазіцыянераў” у адну кучу будзе станоўчы вынік, нагадаю элементарныя правілы арыфметыкі з праграмы ледзь не пачатковых класаў школы. Складанне станоўчага з адмоўным дае не прырост, а памяньшэнне. Так, памылкова лічыць, што, напрыклад, 3 + (-2) дае 5. Гэта не правільна. 3 + (-2) = 3 – 2 = 1.

У сувязі з асаблівасцямі складу “аб’яднанай апазіцыі” ў якасці найбольш блізкага сцэнару будучых падзей нагадаю сітуацыю 2002 г. Тады, пасля летняй “прапановы” Пуціна ўступаць у Расею абласцямі, у верасні быў створаны аргкамітэт па правядзенні масавай пратэстнай акцыі. У яго склад увайшлі амаль усе апазіцыйныя партыі і шэраг грамадскіх арганізацый (фактычна была створана такая ж “аб’яднаная апазіцыя”, як цяпер). Усе грамадска-палітычныя лідары выглядалі літаральна перапоўненымі “праведным гневам”. Аднак да часу правядзення акцыі, прызначанай на 17 лістапада, амаль усе яны пад розным прэтэкстам… разбегліся, як прусакі ад дыхлафосу, пакінуўшы для выканання “агульнай справы” амаль адну моладзь. Больш за тое, ужо ў кастрычніку АГП пачало дамаўляцца з расейскай СПС пра… “варыянты новай інтэграцыі” Беларусі з Расеяй. Сёння ні ў самой “апазіцыі”, ні ў яе “аб’яднанні” няма нічога якасна новага, каб спадзявацца, што ў выбарчай кампаніі 2006 г. адбудзецца нешта якасна іншае.

Калі ж адбудзецца нейкі цуд і “аб’яднаная апазіцыя” ў яе сённяшнім складзе прыйдзе да ўлады, ёй яе доўга не ўтрымаць…
У плане палітычнай перспектывы «аб’яднаная апазіцыя» шырока прапагандуе ідэю, што пасля прыходу да ўлады іх прэзідэнта, першае, што яму трэба будзе зрабіць – гэта рэзка абмежаваць магчымасці прэзідэнцкай улады на карысць парламенту. Можа, гэта было б правільна ў іншай, больш спрыяльнай сітуацыі, але ў канкрэтнай геапалітычнай і гістарычнай абстаноўцы, у якой знаходзіцца Беларусь сёння, гэтага катэгарычна нельга рабіць. Тым больш нельга падтрымоўваць ідэю Пазьняка аб адмене прэзідэнцкай пасады. Дэмакратычнаму прэзідэнту для пераходу да нармальных прынцыпаў арганізацыі і функцыянавання нашага грамадства асабліва ў першыя гады будуць патрэбны моцныя ўладныя рычагі. Так, як для ўпраўлення вывіхаў суставаў патрэбна вялікая фізічная сіла – часта не меншая, чым тая, якая вывіхнула косткі. Пілюлі парламенцкіх рашэнняў тут могуць быць недастатковымі. А ў нашым грамадстве панавывіхнута вельмі шмат пасля 200 гадоў панавання двух імперскіх і аднаго праімперскага рэжымаў. Дадатковыя аргументы захаванню вялікіх паўнамацтваў для дэмакратычнага прэзідэнта (дастаткова ў памеры тых, што ёсць на гэты час) хаця б на першыя гады пасля прыходу да ўлады прадаставіла нядаўняя «памаранчавая рэвалюцыя» ва Украіне. Хто сачыў за паводзінамі клана Кучмы, які імкнуўся максімальна абмежаваць магчымасці будучага прэзідэнта, разумее пра што ідзе гаворка. Аднак, як бачым, «аб’яднаную апазіцыю» нават самая блізкая гісторыя і геаграфія нічаму не вучыць… Таму, калі адбудзецца нейкі цуд і пераможа прадстаўнік апазіцыі, Беларусь з палітычна слабым прэзідэнтам будзе вернута да няўстойлівай сітуацыі пачатку 90-х, якая… і стварыла нам феноман лукашызму.
Дык што, нам зноў праходзіць усё гэтае кола?

Але найбольшую трывогу выклікае магчымая ідэалогія “аб’яднанай апазіцыі”, пакліканая сфармуляваць і абаснаваць мэты ўласнай палітычнай дзейнасці.
Вось пералік некаторых пытанняў, якія павінен паставіць перад самім сабой кожны, хто вырашыў удзельнічаць у кампаніі 2006 году ў складзе «аб’яднанай апазіцыі», але пры гэтым жадаў бы ўдзельнічаць у ёй не «ў цёмную»: Які вобраз будучай Беларусі малююць нам апазіцыйныя лідары? Якую праграму рэформаў рыхтуе «аб’яднаная апазіцыя» ў выпадку яе перамогі ў 2006 годзе? У чым канкрэтна змест гэтых рэформаў? Якую ўласнасць, уладу, свабоду, бясьпеку, гобнасьць і ў цэлым будучыню атрымае ўвесь беларускі народ і кожны беларус паасобку?
Дзе адказы?!

Да Дэмкангрэсу адказы на дадзеныя пытанні былі вялікай таямніцай – настолькі вялікай, што не задаваліся нават пытанні (!). Адбываўся продаж «ката ў мяшку», толькі наадварот – у мяшку сядзелі актывісты «апазіцыі», а каты былі навокал…

Цяпер сітуацыя праясняецца. І найперш, мушу развеяць ружовыя спадзяванні многіх. «Адзіны» – культурны і адукаваны чалавек. Вельмі верагодна, што ён сапраўды лепшае, што ёсць у шэрагах “аб’яднанай апазіцыі”. Але па сваіх ідэалагічных поглядах ён не змястоўны дэмакрат, а ліберал… Аднак, нават калі б Мілінкевіч і быў сапраўдным дэмакратам, гэта не мела б істотнага значэння. Нашмат важнейшае іншае: якія асобы ўвайшлі ў гэтак званы Нацыянальны камітэт (“караля гуляе світа”) і, такім чынам, якая праграма будзе прадстаўлена ад імя “аб’яднанай апазіцыі” для нашай Беларусі!
Дык вось, касцяк гэтай кампаніі складаюць людзі з выразнымі ліберальнымі поглядамі, характэрнымі для “демократов вообще”. Гэта значыць (вось мы і дайшлі да сутнасці), што ўвесь шум з абраннем «адзінага» быў толькі прыкрыццём аперацыі па навязванні «аб’яднанай апазіцыі» замест сістэмнай нацыянальна-дэмакратычнай праграмы, у якой мае аб’ектыўную і вострую патрэбу наша беларускае грамадства, эклектычнага набору ліберальных абстракцыяў, прызначаных ідэалагічна абслужыць інтарэсы толькі вузкай алігархічнай групы. Атрымліваецца, у якасці верагоднага “прызу” за перамогу над прамаскоўскай дыктатурай (імавернасць якой, нагадаю, знікома малая) нас і ўвесь наш народ чакае не тое, што чакаем мы, а… псеўда-альтэрнатыва!

Ліберальныя мэты, запрапанаваная “аб’яднанай апазыцыі”, гэта стварэнне для нас класічнай сітуацыі «выбару без выбару». Але паколькі «аб’яднаная апазіцыя» збіраецца абраць менавіта дадзеную ідэалёгію, неабходна, каб усе мы хаця б разабраліся, што такое лібералізм у яго сённяшнім выглядзе і наколькі ён адпавядае тым гістарычным задачам, якія стаяць перад нашым народам.

Як вядома, найвышэйшая каштоўнасцю ў ліберальнай ідэалёгіі аб’яўляюцца індывідуальныя правы і свабоды. Гэты прынцып стварае ўмовы для існавання вельмі важнай рэчы, якая неабходна для развіцця любога грамадства – яго ўнутранай разнастайнасці. У гэтым сэнсе лібералізм ёсць альтэрнатывай таталітарызму, дзе індывідуальнасць усяляк падаўляецца. Аднак разнастайнасць грамадства, узведзеная ў прынцып, разам з ігнараваннем неабходнасці натуральнай грамадскай арганізацыі, вядуць да касмапалітызацыі грамадства (да яго хаатычнага перамешвання). Гэта надае грамадству стан… сметніка. У выніку, скрайні лібералізм па сваёй здольнасці разбураць і амярцвяць жывое грамадства сыходзіцца з супрацьлеглага боку са сваім двайніком-супернікам – уніфармавана-шэрым, кандовым таталітарызмам.

Фармальна лібералізм не супраць і нацыянальнай разнастайнасці. Аднак сучасныя лібералы актыўна нідзе не гавораць аб прычыне нацыянальнай разнастайнасці – свабодзе народаў, і тым больш, не заікаюцца пра неабходнасць абароны гэтай свабоды! Таму сучасныя лібералы, у адрозненне ад сваіх папярэднікаў – гэта лібералы дэградаваныя – квазі-лібералы.

Праўда, на Захадзе яшчэ не ўсе атручаны сучасным беспрынцыпным лібералізмам. На фоне беспрэцэндэнтных рашэнняў Еўракамісіі і “Нямецкай хвалі” вяшчаць на Беларусь па-руску (варта, як мінімум аб’явіць татальны байкот гэтым дамам і “гаспадам”), мы пакуль бачым і іншыя прыклады. Дзярждэпартамент ЗША накіроўвае ў Беларусь беларускамоўнага амбасадара, Міністэрства інфармацыі Францыі звязвае перадачу Беларусі тэлевізійных фільмаў і праграм з іх перакладам на беларускую мову. Калісьці, у лепшыя часы мы знойдзем магчымасць, каб узнагародзіць ордэнамі Скарыны галоўных удзельнікаў гэтых выдатных учынкаў.
Але ў цэлым на сёння апошнія паводзіны і разуменне сітуацыі хутчэй выключэнне, чым правіла. Для прыкладу зноў працытую Інтэрнэт-сайт радыё “Свабода” ад 15.11.2005 г. “…Паводле назіральнікаў, у дакумэнце парлямэнтары НАТО, па сутнасьці, выказваюць да афіцыйнага Менску тыя ж патрабаваньні, што і парлямэнтары АБСЭ, Рады Эўропы, Эўрапарлямэнту: забесьпячэньне свабоды і празрыстасьці выбарчага працэсу, аднаўленьне дэмакратыі і прававых нормаў у Беларусі, гарантаваньне незалежнасьці судовай улады, неадкладнае вызваленьне з-пад арышту палітзьняволеных, паскарэньне расьсьледаваньня палітычных зьнікненьняў у Беларусі”. Як бачым зноў пра свабоду беларускага народу, пра этнацыд, пра сапраўдную беларускую дэмакратыю – ні слова, ні паўслова…

Усё гэта мне нагадвае сітуацыю канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя, калі беларускім грамадзянам, затурканым савецкай прапагандай, ледзь не на пальцах трэба было тлумачыць сувязь паміж станам беларускай мовы і ўзроўнем іх дабрабыту. Розніца толькі ў тым, што цяпер сувязь паміж беларускай мовай і, напрыклад, адсутнасцю вайсковай і іншай пагрозы з тэрыторыі Беларусі, трэба тлумачыць гаспадам з Еўропы. І ўвогуле трэба пільней прыглядзецца да іх дзейнасці. Так, у адным з вераснёўскіх інтэрвю для радыё “Свабода” П.Краўчанка паінфармаваў, што Еўразвяз за 10 гадоў выдаткаваў на дэмакратыю ў Беларусі 120 мільёнаў еўра! Як кіраўнік ГА “Таварыства беларускай вышэйшай школы”, публічна заяўляю, што на нашу арганізацыі для падтрымкі беларускамоўных выкладчыкаў у ВНУ мы не атрымалі ні воднага еўра за ўсе 10 гадоў яе існавання. Затое, напэўна, вялікія сумы пайшлі на фінансаванне, напрыклад, Еўрапейкага гуманітарнага універсітэту, рэктар якога, як вядома, варожа ставіцца да беларускай мовы… Так “Еўропа” падтрымоўвае ворагаў беларускага народу, а потым яна ж будзе казаць, што дапамагала “беларускай дэмакратыі”… Не трэба нам такой “дапамогі”! Лепш пакіньне свае грошы сабе. Карысці для нас будзе больш…

З першага погляду здаецца, што лібералы проста больш павярхоўна глядзяць на грамадства, як на простую суму грамадзянаў. Яны могуць любіць краіну, у якой жывуць, але любіць свой народ у іх ніяк не атрымліваецца. У выніку, у іх “дэмакратыя – гэта працэдура”, “палітыка – гэта гульня”, “людзі – чалавечы фактар”, “палітыкі – фігуры, акторы” і г.д. – спрэс некрафільныя вобразы.

Яны любяць выдзяляць такую сферу агульнаграмадскага жыцця, як эканоміка. Пры гэтым яны прыніжаюць іншыя праявы грамадсткай жыццядзейнасці (чысціню асяроддзя, культуру, навуку, дэмаграфічныя пытанні, рэлігію, адукацыю, СМІ, зямлю і г.д.), а тым больш ніколі не імкнуцца звязаць іх у адзіную сістэму. Звычайна імі гаворыцца так: эканоміка – гэта галоўнае, і ў ёй павінна быць поўная недатыкальнасць (“священность”) прыватнай уласнасці і свабода канкурэнцыі. Усё іншае, маўляў, само стане на свае месцы. І кропка. Хоць шматлікія эканамічныя крызісы на мяжы гуманітарных катастроф, справакаваныя людзьмі з ліберальнымі поглядамі, ужо даўно абверглі дадзены тэзіс. Дайшло да таго, што чыста ліберальны падыход да грамадства крытыкуе нават фінансавы спекулянт Сорас…

Са сваім лёзунгам, што эканоміка і свабодны рынак вырашаюць усё, яны нагадваюць блізарукую муху, якую выпадкова праглынуў слон. Праз пару дзён, цудам выбраўшыся жывой (адкуль, можна здагадацца), тая з натхненнем і выглядам абсалютна дасведчанай асобы распавядае каму ні сустэне, што такое слон на самай справе…

Вузасць погляду на грамадства і чалавека выяўляецца ў лібералаў таксама ў тым, што яны лічаць, што ўсе каштоўнасці, якія патрэбны чалавеку, могуць быць вымераны ў грошах. Хоць усім вядома шмат чаго, што за грошы не купіш. Памятаеце? Яшчэ ў 60-я “Бітлы” спявалі “Любоў купіць нельга…”. Да любові можна дадаць праўду, сяброўства, самапавагу і павагу іншых, брацтва, чыстае сумленне, каханне, справядлівасць, радасць і паўнату жыцця, шчырасць, веру, гераізм і інш.

У лібералаў скажоная сістэма этычных норм. Так, яны лічаць (і навязваюць свой погляд грамадству), што, напрыклад, пра многія інтымныя справы казаць публічна можна, пытацца пра іх можна, а вось запытацца пра зарплату – катэгарычна нельга. Нельга пытацца і пра нацыянальную прыналежнасць чалавека. У палоне дадзенай “культуры” знаходзіцца цяпер увесь заходні свет. Напрыклад, перад Дэмкангрэсам на інтэрнэт-сайце радыё “Свабода” былі пададзены біяграфічныя звесткі пра найбольш верагодных кандыдатаў на “адзінага”. Яны ўключалі нават звесткі пра тое, у якім па ліку шлюбе знаходзіцца кандыдат і колькі ў яго дзяцей ад кожнай з жонак (здавалася, яшчэ трошкі і мы прачытаем усё пра каханак і пра магчымых пазашлюбных дзяцей). Не было адной інфармацыі – якая ў кандыдатаў нацыянальнасць і па якім з бацькоў яны сябе да яе прылічаюць!

На Захадзе з-за квазі-лібералаў сёння “квітнеюць”, як мінімум 4 крызісы: экалагічны, дэмаграфічны, маральна-этычны, ідэйны. Сітуацыя трымаецца з дапамогай піяр-тэхналёгій, аналагічных апісаным раней, а таксама на тым, што з эканомікай пакуль можна цярпець. Дапамагае таксама дэманстрацыя прыкладу дыктатарскіх краін тыпу Кубы, Паўночнай Карэі, Узбекістану, нашай Беларусі, дзе да пералічаных грамадскіх праблем дадаецца яшчэ цяжкі эканамічны, палітычны і культурны крызісы, з-за чаго людзі жывуць яшчэ горш…

Сённяшнія лібералы дэманструюць неразборлівасць у сяброўстве, якая мяжуе з беспрынцыпнасцю. Як вы думаеце: хто ў свой час дапамагаў “прафесійнаму росту” расейскіх прапагандыстаў, якія раней вучыліся ў ВПШ, а цяпер праз СМІ псіхічна катуюць і ўласных, і нашых грамадзянаў? Інфармую: у часы Еліцына гэта рабілі ліберальныя PR-шчыкі з Захаду… Ну, а наймілейшае сяброўства Пуціна і Шродэра нават пасля бесланскіх падзей, калі ўсім стала канчаткова зразумела “who is mr. Putin”, мы да апошняга часу бачылі на нашых тэлеэкранах…

Адносна моўна-культурнай сітуацыі ў Беларусі сучасныя лібералы разважаюць дакладна, як «демократы вообще». Вы ім пра этнацыд, генацыд, мову продкаў, гістарычную памяць, самапавагу, пачуццё гаспадара на ўласнай зямлі і г.д, а яны ў адказ: “Мы за русский язык потому, что большинство граждан Белоруссии разговариваюць по-русски”. Калі вы аргументуеце, што большасць грамадзян Беларусі па-руску яшчэ і мацюкаюцца (хто зрэдку, а хто – праз слова), дык давайце, маўляў, легалізуем тады і рускі мат ва ўсіх СМІ, у школах, садках, у царкве і г.д. Лібералы вам адкажуць: “Давайте…”. Калі вы будзеце гаварыць пра аб’ектыўныя інтарэсы людзей, пра тое, што грамадства трэба выводзіць з хворага стану, які з’яўляецца вынікам стагоддзяў імперскага панавання і праведзенай у гэты час этнацыднай палітыкі, што толькі тады народ можна павесці і ў будучыню, і ўверх – да прагрэсу, да значна больш высокай грамадскай нормы, і што пытанні пра мову, нацыянальную культуру і г.д. датычаць менавіта гэтага – у адказ яны будуць глядзець, як бараны на новыя вароты, і не разумець пра што ўвогуле ідзе гаворка. Чыста псіхааналітычна зразумела: гэтыя каштоўнасці немагчыма вымераць грошамі, ад іх немагчыма атрымаць матэрыяльнай карысці, а таму ў светаглядзе сучасных лібералаў яны не існуюць. З-за гэтага ж у канкрэтнай палітычнай практыцы сучасныя лібералы часта аказваюцца кампліментарнымі расейскай імперскай бюракратыі, з’яўляюцца фармальна, пасіўна салідарнымі з ўсімі рускімі шавіністамі-імперыялістамі (скрайнасці сыходзяцца)…

Пад уплывам ліберальнай ідэалогіі грамадства рассыпаецца (так, як і пад уплывам сучаснай імперскай прапаганды), пераўтвараецца ў простую людскую масу, маральна дэградуе. Рэчаіснасць некалькіх апошніх гадоў, нібы спецыяльна перасцерагаючы нас, дэманструе наступствы скрайняга лібералізму.
Нагадваю. Ірак, сакавік 2003 году. Войскі Кааліцыі ўваходзяць у Багдад. І адразу пад шумок натоўпы марадзёраў пачынаюць рабаваць крамы, гандлёвыя цэнтры і г.д… Зусім іншае месца і час. ЗША, лета 2005 году, Новы Арлеан. Ураган часткова разбурае горад. І назіраецца… тое самае: разбоі, згвалтаванні, крадзяжы, забойствы, марадзёрствы… Такім чынам, і ў першым, і у другім выпадках у здавалася б абсалютна розных грамадствах адбывалася адно і тое ж. Пад уздзеяннем вонкавых абставін, калі былі зрынуты некрафільныя механізмы навязанага зверху кантролю, мы ўбачылі, што па сваім змястоўным стане гэтыя грамадствы (таталітарнае ірацкае і ліберальна-касмапалітызаванае амерыканскае)… аднолькавыя! У іх абодвух не аказалася сапраўднага адзінства, у абодвух былі панішчаны нутраныя біяфільныя сувязі, якія ў складаных абставінах спрыяюць хуткай самаарганізацыі грамадства на аснове ўзаемаразумення, узаемапавагі, узаемадапамогі. Сапраўды, супрацьлегласці сышліся…

Відавочна, што дазволіць сабе ліберальную ідэалёгію могуць толькі краіны, якія ізаляваны марамі і акіянамі ад усяго іншага свету (напрыклад, Новая Зеландыя, ЗША), ды і то, калі там не надта ветранна… У геапалітычнай сітуацыі, у якой знаходзіцца наша Беларусь (паміж Еўропай, з якой пачаліся абедзьве Сусветныя вайны, і крывавай імперыяй, кіраўніцтва і грамадства якой цяжка хворае на комплекс непаўнавартасці), ліберальная ідэалогія практычна раўназначна другому шляху да самагубства (першы – імперскі) …

Для тлумачэння прадстаўлю сітуацыю вобразна.
Э.6.jpg
Уявіце сябе маленькае дрэўца, якое расце на лузе ў спрыяльных умовах. Яно можа дазволіць сабе расці (развівацца) адразу ва ўсе бакі і моцна не клапаціцца пра тое, дзе верх, а дзе іншыя кірункі. Аналагічныя абставіны (назавем іх прынцыпам лугу) прысутнічаюць у тых грамадствах, якім нішто не пагражае, якія знаходзяцца ў спрыяльных умовах. А цяпер уявіце сабе іншую сітуацыю. Тое ж дрэўца расце ў лесе ў вельмі складаных абставінах – ва ўмовах жорскай канкурэнцыі з іншымі дрэвамі за святло і зямлю. Натуральна, што ў такіх умовах дрэўца мае шанц выжыць толькі тады, калі яно будзе ўсе рэсурсы канцэнтраваць на галоўным і адзіна правільным кірунку развіцця – уверх. Калі ж яно няправільна вызначыць галоўны кірунак росту, альбо будзе растрачваць свае сілы адразу на ўсе кірункі, дрэўца проста загіне. Так, і ў аналагічных грамадскіх абставінах (назавем іх прынцыпам лесу), чым больш у жорскіх умовах знаходзіцца грамадства, тым большае значэнне набывае абранне галоўнага кірунку, на якім павінны канцэнтравацца ўсе высілкі, і яго адэкватнасць сітуацыі, правільнасць!

Беларусь знаходзіцца ў тыповых “лясных” умовах. Таму мы выжывем і пераможам толькі тады, калі сканцэнтруемся на адзіна правільнай мэце, якая ні на Захадзе, і тым больш ні на Ўсходзе, а ўверсе, над намі. І гэта мэта – змястоўная дэмакратыя. Прыбалтыйскія краіны, якім удалося вырвацца да святла, з усёй відавочнасцю прадэманстравалі гэта. Тое ж мела месца ў час памаранчавай рэвалюцыі ва Украіне. Галоўную ролю адыгралі там менавіта нацыянальна-дэмакратычныя сілы, а ніякая не “Пора”. Пішу гэта, як непасрэдны сведка тых падзей. У нас яшчэ больш складаная сітуацыя, таму ў нашых варунках ліберальная неадназначнасьць – гэта проста пагібель…

Ужо сто разоў вядома: норма, узважанасць, гарманічнасць, уладкаванасць заўсёды знаходзіцца бліжэй да “залатой сярэдзіны”. Не, некаторым падай скрайнасці і ўсё: дыктатуру альбо анархію, усё дзяржаўнае альбо ўсё прыватнае, фашызм альбо касмапалітызм, таталітарызм альбо лібералізм, ураўнілаўку альбо поўны эканамічны разбой, падай цара-імператара альбо “ліберум вета”. У чым справа? Чаго гэта людзей так цягне, напрыклад, да скрайняга лібералізму, які для Беларусі ў яе цяперашнім стане смяротна небяспечны?

Сённяшніх лібералаў можна было б проста лічыць недасведчанымі асобамі, калі б не вынікі іх рэальнай палітычнай і эканамічнай практыкі. А гэтыя вынікі добра бачны на прыкладзе Расеі. Найбагацейшая краіна, якая штогод атрымлівае сотні мільярдаў даляраў ад “сваіх” недраў, фактычна ні за што (!), у выніку рэалізацыі ліберальнай палітыкі забяспечыла на практыцы толькі тое, што ў дадатак да класа паразітычнай імперскай бюракратыі там з’явіўся клас паразітычных алігархаў. Народы Расеі як былі ні з чым, так і засталіся (сярэдні заробак настаўніка, лекара, інжынера, малодшага афіцэра каля $100)!
Вось, аказваецца, для чаго патрэбна ліберальная скрайнасць! Справа ў асабістым інтарэсе ўсіх гэтых энергічных хлопчыкаў, пасля “гаспадарання” якіх на зямлі застаецца засмечаная пустыня, а ў душах людзей цяжкая пустэча…

У нашай Беларусі ліберальная ідэалогія і праграма патрэбна таксама толькі для таго, каб у неразбярысе паслярэвалюцыйных падзей маленькая алігархічная купка, як у мутнай вадзе рыбку, магла палавіць свае будучыя “казачныя капіталы”…

Але і гэта яшчэ кветачкі. З іх (кветачак), напрыклад, у Расеі пачалі стварацца ўмовы для завязвання і выспявання ягадак… рускага фашызму. Некаторыя больш паінфармаваныя асобы ўжо змотваюць вуды і з’язджаюць разам са сваімі капіталамі (напрыклад, Р.Абрамовіч з 13,5 мільярдамі даляраў. Грашовыя патокі – вось што інфарматыўна, вось за чым трэба сачыць…). Дарэчы, гэта звычайны спосаб вырашэння лібераламі іх уласных праблем – сабраў манаткі (прабачце, мільёны-мільярды) і з’ехаў.
Аднак мы – беларусы – нашу краіну як дыванік не скруцім, і за мяжу не звязём…

Акрамя стварэння перадумоў для развіцця рускага фашызму, на сумленні квазі-лібералаў Расеі і Захаду стварэнне перадумоў для развіцця радыкальнага ісламу, у прыватнасці, на Паўночным Каўказе.

Для лепшага пранікнення ў сутнасць праблемы, давайце спярша акунемся ў атмасферу, калі была яшчэ жывая памяць пра апошнюю Сусветную вайну і калі кіраўнікі краін не смелі дазволіць сабе ні цынічных выказванняў, ні цынічных паводзінаў. Вось тады, у снежня 1952 году Генеральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыя №637 (VII), дзе запісана: “Права народаў і нацый на самавызначэнне з’яўляецца папярэдняй умовай поўнай рэалізацыі правоў чалавека”! Усё проста, ясна і звязана. Лепш не скажаш…
Праз некалькі гадоў (у снежні 1960 г.) ААН прымае чарговую рэзалюцыю за №1514 (XV), у якой, у прыватнасці, запісвае: ”Генеральная асамблея … заяўляе што:
– усе народы маюць права на самавызначэнне;
– у адпаведнасці з гэтым правам яны свабодна ўсталёўваюць свой палітычны статус і здзяйсняюць сваё эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё;
– недастатковая палітычная, эканамічная ці сацыяльная падрыхтаванасць альбо недастатковая падрыхтаванасць у галіне адукацыі ніколі не павінны выкарыстоўвацца як надуманая прычына для затрымкі дасягнення незалежнасці;
– любыя ваенныя дзеянні альбо рэпрэсіўныя меры якога б ні было характару, скіраваныя супраць залежных народаў, павінны быць спынены, з тым, каб прадаставіць ім магчымасць здзейсніць ва ўмовах міру і свабоды сваё права на поўную незалежнасць, а цэласнасць іх тэрыторый павінна паважацца”.
Ідэя права народу на самавызначэнне была ўключана таксама ў іншыя дэкларацыі Генасамблеі ААН, у Міжнародны Пакт аб правах чалавека, прыняты ў 1966 годзе, у шэраг дакументаў міждзяржаўных і міжнародных неўрадавых арганізацый.

Які быў цудоўны час. Здавался, умовы для стабільнага развіцця чалавецтва забяспечаны на стагоддзі наперад… Аднак, не прайшло і трох дзесяцігоддзяў (1994-95 гг.), як расейская імперыя на вачах усяго свету зноў пачала выкарыстоўваць розныя тэхналогіі імперскай анэксіі (этнацыдную – для Беларусі, генацыдную – для Чачні), а ўвесь афіцыйны свет маўчыць нібы нічога не бачыць. А між тым, напрыклад, у Чачні па некаторых дадзеных за 11 гадоў вайны загінула ўжо каля чвэрці мільёна чалавек (з іх 42 тысячы дзяцей)! Дзесяткі тысяч людзей сталі псіхічнымі і фізічнымі інвалідамі, сотні тысяч – бежанцамі. Усе мы бачылі, як расейская імпербюракратыя забіла трох легітымных чачэнскіх прызідэнтаў – Дудаева, Яндарбіева, Масхадава. Пра Беларусь нам і так усё вядома.
І што? А нічога. Замест дзеянняў у адпаведнасці з прынцыпамі міжнародных дамоўленасцяў, якія забяспечвалі мірнае і прагрэсіўнае развіццё чалавецтва, цяпер на кожным кроку мы бачым поўную беспрынцыпнасць і абыякавасць да лёсу народаў. Нафта, газ ды іншыя рэсурсы, а таксама страх перад агрэсарам (“хай з ім іншыя разбіраюцца”) важней – лічаць лібералы. Дзеля грошаў яна гатовыя здраджваць любым прынцыпам, прыкідвацца сябрамі, хоць самаго д’ябла…

Камісія ААН па правах чалавека – адзіная ў сваім родзе ўстанова, пакліканая бараніць правы чалавекам ва ўсім свеце. І вось гэта камісія ўжо тройчы (у 2002 – 2004 гадах) праваліла рэзалюцыю па парушэннях правоў чалавека ў Чачні. У апошні раз за резалюцыю, прадстаўленую краінамі Еўрасаюзу, прагаласавала 12 дзяржаў, супраць было 23, устрымалася – 18. Праўда, у 2004 годзе тая ж камісія ўхваліла рэзалюцыю, якая асуджае парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Сітуацыя была амаль люстраная: прагаласавалі за – 23 краіны, супраць – 13, а устрымаліся – 17. Але, гэта не рэабілітуе ААН, бо, па-першае, парушэнні ў Чачні на парадкі большыя, а, па-другое, пра галоўную беларускую праблему – этнацыд – у гэтай рэзалюцыі няма ні слова…

Вось ён – сённяшні свет… Канешне, не ўся віна ў яго цяперашнім непрывабным выглядзе на лібералах. Значная віна на расейскай, еўрапейскай і сусветнай бюракратыях, але сённяшнія квазі-лібералы дзейнічаюць у згодзе з гэтымі монстрамі…

Дык што параіце рабіць у такіх умовах народам, якія апынуліся на мяжы фізічнага ці духоўнага вынішчэння?!
А ніхто нічога не раіць і раіць не збіраецца! Колькі не крычы, у адказ – ні падтрымкі, ні спагады. Толькі маўчанне і… сяброўскія публічныя абдымкі з крывавымі злачынцамі.

Гэтыя абставіны (хоць якія гэта абставіны, усе грамадскія “абставіны” ствараюцца самімі людзьмі) вымусілі каўказскіх змагароў прыняць свае рашэнні. Цяпер, здраджаныя Захадам, яны ідуць да будучай перамогі не толькі пад сцягам нацыянальна-вызвольнай барацьбы, а і пад сцягамі радыкальнага ісламу… Была калісьці нармальная ідэя стварэння Канфедэрацыі горскіх народаў – не падтрымалі, а цяпер у некаторых еўрапейскіх краінах высвятляюць: ці мелі чачэнцы дачыненне да таго, што ў “арабскіх тэрарыстаў” з’явіўся ракетны комплекс “Ігла”? Ці могуць з’явіцца ў “міжнародных тэрарыстаў” перанасныя ядзерныя бомбы? І г.д.

Дзякуючы падтрымцы лібералаў, еўрапейская бюракратыя спакусілася спляжыць ідэю сапраўднай еўрапейскай інтэграцыі – утварэнне садружнасці еўрапейскіх нацый (патэнцыйны прыклад сапраўднай інтэграцыі, так патрэбны для ўсяго свету), і паспрабавала стварыць супермонстра – саюз еўрапейскіх бюракратый. Добра, што гэты шлях быў спынены грамадствамі Францыі і Галандыі ў час апошніх рэферэндумаў.

Лібералы з мэтай касмапалітызацыі падклалі пад шэраг еўрапейскіх нацый дэмаграфічна-этнічныя міны. Некаторыя з іх ужо выбухаюць на нашых вачах. Пры такім развіцці падзей хутка хайдары ды лепэны ў Еўропе, а ў Расеі жырыноўскія ды рагозіны, будуць набіраць у час выбараў не па 10-30% галасоў, а значна больш.

Дзякуючы лібералам, у свеце, асабліва ў Лацінскай Амерыцы, распаўсюджваецца левацкі альтэрглабалізм.

Лібералы, якіх вяла іх уласная хцівасць, разбудзілі і выкармілі кітайскага камуністычна-імперскага дракона (з аднаго боку далі інвестыцыі, тэхналогіі, а з другога – прабачылі Тыбет, уйгураў)… Колькі бяды цяпер яшчэ і гэтая пачвара прынясе свету.

Такім чынам, сучасныя квазі-лібералы з’яўляюцца непасрэднымі гістарычнымі саўдзельнікамі (па прынцыпу раскачвання лодкі, што лягчэй рабіць сінхранізавана з двух супрацьлеглых бартоў) не толькі найцяжэйшых злачынстваў супраць чалавечнасці (этнацыд і генацыд народаў), а і такіх непрыемных і небяспечных з’яў, як фашызацыя Расеі, ісламская радыкалізацыя Каўказу, пашырэнне шавіністычных настрояў у Еўропе, развіццё левацкага альтэрглабалізму ў свеце, разбурэнне ідэі сапраўднай еўрапейскай інтэграцыі, узрастанне небяспекі кітайскага шавінізму і імперыялізму…
Трагічна і камічна назіраць, як некаторыя спрабуюць абхітрыць аб’ектыўныя законы развіцця свету. Гэта немагчыма. Затое вялікія людскія страты і пакуты ў выніку такіх спроб становяцца ледзь не штодзённым элементам нашай рэчаіснасці.

І апошняе. Нядаўна шырока вядомы аўтар “Канца гісторыі” Ф.Фукуяма ў сваім інтэрвю газеце “Suddeutsche Zeitung” прагаварыўся, што тым, каго ён прадстаўляе, патрэбна, каб на постсавецкай прасторы была не проста дэмакратыя большасці, а менавіта ліберальная дэмакратыя (усё, дэмакратыя і лібералізм аб’яўлены альтэрнатывамі).

Але, як мы высветлілі, галоўныя праблемы беларусаў – улада, уласнасць, годнасць, дабрабыт, бяспека, самапавага, павага іншых, стан гаспадара на ўласнай зямлі, сэнс і радасць жыцця – сучасныя лібералы не вырашаць. І таму, што не здольны, і таму, што вырашаць не збіраюцца – не для таго дадзеную ідэалёгію “аб’яднанай апазіцыі” навязвалі.
А нам-та патрэбна зусім іншае – змястоўная дэмакратыя, і толькі яна! Бо ў сённяшніх умовах, як мы ўжо высветлілі, без яе нам проста не выжыць. Гэта ж інтуітыўна прадчувае і наша беларускае грамадства. Тут закладзены галоўны патэнцыял для прагрэсіўных змен. А тое, што “ліберальная прапанова” не ёсць сапраўднай альтэрнатывай для Беларусі, яно таксама будзе інтуітыўна прадчуваць. Бюракратычная “стабільнасць” (хай сабе і ў форме застою) – гэта для сучаснай грамадскай масы рэч больш зразумелая і каштоўная, чым эфемерныя, абстрактныя прынцыпы лібералізму. Для сённяшняга грамадства тут альтэрнатывы няма. Няма чым спакушацца. Не будзе напругі паміж палюсамі будучых магчымасцяў, значыць не будзе патрэбнай энэргіі і ў хвалі грамадскай актыўнасці! А гэта яшчэ адна прычына (дарэчы, самая галоўная), з-за якой выбарчая кампанія сучаснай “аб’яднанай апазіцыяй” будзе правалена.

Ясна, як дзень, чаму ўсяго гэтага не хочуць разумець мясцовыя квазі-лібералы. Не да канца вядома, чаму гэтага не разумеюць нашы заходнія добразычліўцы. Але гэта павінны разумець усе беларускія сапраўдныя патрыёты і дэмакраты! Вобразна кажучы, які сэнс згаджацца ехаць, напрыклад, у Маскву (нават, у добрых умовах), калі вам трэба ехаць толькі ў Вільню?!

Заклікаю ўсіх, хто любіць не толькі Беларусь, а і беларускі народ (!), яшчэ раз падумаць: а можа варта заняцца больш патрэбнай справай, чым удзел у зараней правальнай кампаніі, аддаленая мэта якой усяго толькі змяніць на карку беларуса тупога, нахабнага і сквапнага расейскага бюракрата-шавініста на больш цывільнага алігарха-ліберала, але не менш чужога, эгаістычнага і сквапнага.
Мы ж ведаем, задача ў тым, каб на нашым карку ўвогуле ніхто не сядзеў!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы