Анатоль Астапенка
1. Што такое нацыяналізм?
Знакаміты рэлігійны філосаф ХХ стагодзя Мікалай Бярдзяеў сцвярджаў, што чалавек уваходзіць у чалавецтва праз нацыянальную індывідуальнасць як нацыянальны чалавек, а не абстрактны, як француз, немец, ці англічанін… Нацыянальны чалавек – больш, а не менш, чым проста чалавек. Менавiта ў адасобленым вобразе раскрываецца ўсё чалавецтва. Багацце чалавецтва менавiта ў разнастайнасцi i сталасцi нацый, як i багацце асобнага народу ў каларытнасцi, разнастайнасцi яго iндывiдуумаў. Толькi пры ўмовах iснавання раўнапраўных, творчых i сталых нацый магчымыя iх партнёрскiя стасункі, саюзы i аб’яднаннi. І таму шлях да касмапалiтызму – праз крышталiзацыю асаблiвасцяў. Іншымi словамi, усяленскае мае сэнс толькi праз iндывiдуальнае.
Выказаная ісціна вельмі простая. Здзіўляе ўпартасць процістаяння ёй, што працягваецца да нашага часу і асабліва ў Беларусі. А яшчэ ў 1857 годзе наш зямляк, паплечнік Кастуся Каліноўскага, рэвалюцыйны дэмакрат Сігізмунд Серакоўскі вельмі вобразна сказаў: «Думка, што розныя нацыянальнасці граюць тую ж ролю ў развіцці чалавецтва, як розныя інструменты ў аркестры, – вялікая думка. Няўжо першая скрыпка надумаецца выключыць і заняволіць флейту, кларнет і другую скрыпку, каб выключна самой разыгрываць усе п’есы?»
Рэдка войны памiж народамi ўзнiкалi па вiне нацыяналiстаў. Наадварот, часцей за ўсё iх развязвалi тыя людзi, для якiх не iснавала паняцця нацыi, духоўнасцi, культуры. I не толькi ў дачыненні да “малога” народа, якi яны заваёўвалi, але i свайго – “вялiкага”. Гэта былi тыя палiтыкi, якiя выражалi iнтарэсы “залатога цяльца” – капiталу. Такiмi войнамi былi безлiч заваёўчых войнаў Рымскай iмперыi, потым тое ж паўтарылася ў Вiзантыйскай iмперыi, а пазней мы бачым, як мапа зямлi перафарбавалася ў колеры, адпавядныя то французскiм заваёвам, то iспанскiм, то англiйскiм. Усе гэтыя iмперыi распалiся. Адной з апошніх iмперыяў, што захаваліся на пачатак ХХ стагоддзя, была Расiя. Угледзьцеся ў гiстарычныя карты: ад невялiчкага Маскоўскага княства яе насельнікі пашырылі свае ўладанні да непамернай велiчынi i дасягнулі Цiхага акiяну. Усю гэтую неабсяжную тэрыторыю рускiя саманазвалi Расiяй – нягледзячы на існаванне карэнных жыхароў – цi то гэта якуты, цi алтайцы, цi эвенкi, – паглынуўшы сотнi нацый i этнасаў. Затое цяпер Расiя ганарыцца “сваiмi” алмазамi ды нафтай. А паспрабуй не згадзіцца! Да слова, знакамітая Чачня не для ўсіх «бандыцкая» альбо «сепаратысцкая», для некаторых яна стала нават сiмвалам, прыкладам гераiзму ў абароне сваёй свабоды. У сваю чаргу, праімперскiя кіраўнічыя колы ў хаўрусе з айчынным капiталам не былi б самiмi сабой, каб упусцiлi такi важны стратэгiчны i прамысловы аб’ект, як Чачня.
Калi для капiталу галоўнае – памножыць гэты капiтал, для чаго мараль i этыка толькі замінаюць, то для “малых” народаў галоўнае – адстаяць свой гонар i незалежнасць. Iнакш кажучы, з пункту гледжання “малой” краiны вайна, што вядзецца супраць яе “вялiкай” краiнай, з’яўляецца агрэсiўнай, шавiнiстычнай. І наадварот, дзеяннi “малой” краiны, скiраваныя на абарону сваёй Айчыны, уяўляюцца “вялiкай” краiнай як выступленнi купкi нацыяналiстаў i тэрарыстаў.
Ёсць i iншая сiтуацыя, якая неаднаразова ўзнiкала пры распадзе Савецкай iмперыi ды i цяпер працягваецца. “Малыя” нацыi сутыкаюцца iлбамi, а “вялiкая” застаецца быццам бы i нi пры чым, хаця ў сапраўднасці з’яўляецца непасрэдным арганiзатарам бойкi. Прыкладаў шмат: гэта падзеi апошнiх гадоў у Грузii, Азербайджане, Малдове i iншых краiнах. Характэрна тое, што то тут, то там нам пастаянна “ненавязчиво” ўводзяць у вушы слова “нацыяналiзм”. “Вялiкая” нацыя, карыстаючыся неабмежаванымi магчымасцямi доступу да сродкаў масавай iнфармацыі, паспяхова даводзiць: “Вось які дрэнны нацыяналiзм!”
Жывёлы, як i людзi, таксама ўступаюць памiж сабой у бойку. Але яны ваююць толькi за ежу цi за права прадаўжэння роду. Для людзей жа вызначальным з’яўляецца фактар духоўны: рэлiгiя, традыцыi, нацыянальная гордасць. I гэтыя фактары часта бываюць мацнейшыя за само жыццё. Недзе ў 60-х гадах на Лайсвэс алеi (алеi Свабоды) у г. Каўнасе малады чалавек ажыццявiў акт самаспалення. Ён гэта зрабiў таму, што надта любiў сваю Лiтву i не мог мiрыцца з тым, што яго народ трапіў пад Савецкую акупацыю i страцiў незалежнасць.
Прыклады такiх самаахвярных учынкаў ёсць у кожным народзе. А калi iх ужо няма – то няма i народа.
Існасць i азначэнне iдэалагiчнага падмурку нацыi – нацыяналiзму найбольш выразна раскрытыя ў праграме Беларускай нацыянальнай партыi. Працытую наступны выраз з праграмы БНП, якi вельмi ёмка выражае існасць нацыяналiзму: “Нацыяналiзм – лепшая духоўная якасць асобы чалавека. Настаў час вярнуць гэтаму слову яго спрадвечны станоўчы сэнс. Нацыяналiзм – гэта змаганне нацыі за яе волю i незалежнасць, за яе духоўную i фiзiчную моц, за права нацыі быць роўнай сярод роўных”.
Не сумняваюся, прыйдзе час, i такое разуменне нацыяналiзму будзе не толькi партыйнай напрацоўкай, а прызнаным духоўным набыткам кожнага грамадзянiна i нават з часам знойдзе сваё адлюстраванне ў кожнай школьнай праграме.
Падсумоўваючы, мы прыходзiм да наступнай высновы: у аснове нацыяналiзму ляжаць паняцці дабра і любві. І найперш любоў да гiстарычнага аблiчча i творчага чыну свайго народу ва ўсёй яго своеасаблiвасцi, iмкненне да таго, каб ён – народ – жыў творча, вольна i мiрна.
Мы можам цяпер даць i азначэнне нацыяналiзму, вызначыць яго галоўныя рысы. Гэта:
– любоў да свайго народу;
– любоў да свайго краю;
– гордасць за гiсторыю свайго народу;
– павага i адчуванне адметнасцi i непаўторнасцi сваёй мовы;
– любоў да сваёй Айчыны цi патрыятызм;
– вера ў Божае прызначэнне свайго народу;
– боль за няўдачы свайго народу i радасць за яго поспехi.
Як бачым, такое вядомае паняцце, як патрыятызм, у нашым азначэннi ёсць толькi складовай часткай шырокай, каcмiчнай з’явы – нацыяналiзму.
У адрозненне ад свайго сучасніка М.Бярдзяева, знакаміты расійскі філосаф У.Салаўёў не бачыць у нацыяналізме жыватворнага пачатку, пэўнай стадыі ўсяленскай хрысціянскай любові і лічыць яго адцягненым паняццем, якое зацвярджае нацыянальнае як процілегласць універсальнаму (касмапалітызму). Аднак ў дачыненні да патрыятызму Салаўёў мяняе свае меркаванні на процілеглыя і сцвярджае, што сапраўдная ідэя патрыятызму выводзіцца з існасці хрысціянскага пачатку на падставе натуральнай любові і маральнага абавязку да сваёй Бацькаўшчыны. Тут мы бачым амаль поўнае супадзенне з прапанаванай намі канцэпцыяй, калі замяніць слова «патрыятызм» у Салаўёва на «нацыяналізм» і лічыць патрыятызм вытворным ад апошняга.
Пададзеная карэляцыя паміж нацыяналізмам і патрыятызмам адзначалася і іншымі даследчыкамі. Так, у артыкуле Е.Гейзінга «Нацыяналізм у сярэднявеччы» прааналізаваны паняцці patria (айчына) і natio (народ) і зроблена такая выснова: слова natio намнога шырэйшае, чым patria, хаця яны абазначаюць і блізкія паняцці. У XI ст. у Францыі, напрыклад, слова patria абазначала графства ці іх групу і было эквівалентнае слову terra (зямля). Слова ж natio не мела адміністрацыйнага значэння, а адносілася да сферы пачуццяў, што потым і перарасло ў тую з’яву, што мы завем нацыяналізмам.
Нацыяналiзм знаходзiць сваё канкрэтнае ўвасабленне ў нацыi, як i нацыя стварае сваю духоўную i iдэалагiчную абалонку – нацыяналiзм.
Адзначым, што мы гаворым аб нацыяналiзме як аб духоўнай з’яве, аднак хтосьці можа запярэчыць, што ёсць i iншыя праявы духоўнасцi – культура, мова, эстэтыка i iншыя. У дачыненні да гэтых паняццяў адразу можна сказаць: яны не iснуюць абстрактна. Культура, мова i ўсё iншае, што тычыцца духоўнай сферы, заўсёды нацыянальныя. Нацыя абуджае ў чалавеку найбольш моцныя пачуццi i творчыя сiлы, найбольшую гатоўнасць да вялiкiх учынкаў (успомнiм Кастуся Калiноўскага). Наогул, чалавек найбольш актыўны i творчы толькi сярод уласнага народу, якi яго найбольш разумее i для якога ён можа быць найбольш карысным.
2. Аб нацыi i народзе
Пасля найвышэйшай каштоўнасцi i бясконцага дабра – Бога
менавiта Нацыя ёсць найважнейшае дабро Чалавека.
Удзелам у жыццi свайго народу чалавек
вырашае сваё жыццё ва ўсяленскасцi, Боскасцi
i ўдзельнiчае ў жыццi Чалавецтва, як спалучнасцi народаў.
Колькi слоў аб рознiцы памiж словамi народ i нацыя. Найбольш аптымальнай мы лiчым наступную парадыгму: нацыя ўтварае народ толькi на той тэрыторыi, дзе яна дамiнуе над iншымi нацыянальнымi групамi, якiя завуцца ў гэтым выпадку этнасамi. Так, у дзяржаве Беларусь жыве толькi адзiн народ – беларускi. Беларусь не мае такiх народаў, як польскi, украiнскi i нават рускi. На Беларусi гэта звычайныя этнiчныя групы, а ўтвараюць народ яны адпаведна ў Польшчы, Украiне i Расii. Калi б было iнакш, то мы мелi б некалькi народаў польскiх, некалькi народаў украiнскiх, некалькi рускiх (у гэтым выпадку па два). Такое азначэнне «народа» ўносiць яснасць у гэтае пытанне, заблытанае “iнтэрнацыяналiстамi”. Я маю на ўвазе кангрэсы, што не так даўно праводзiлi беларускiя камунiсты i iншыя прадстаўнiкi левых i прарасійскiх арганiзацый. Памятаеце? Калi не, дык нагадаю. На пачатку 90-х гадоў левыя сiлы аб’ядналiся ў адзiную палiтычную арганiзацыю – ДСПС (Рух за дэмакратыю, сацыяльны прагрэс i справядлiвасць). Туды ўвайшлi: Камунiстычная партыя Беларусi, Партыя камунiстаў Беларусi, а таксама розныя прарасійскiя арганiзацыi накшталт Славянскага Сабора “Белая Русь” i Саюза афiцэраў. I вось надумалiся яны склiкаць грандыёзны кангрэс, як бы парад левых сiл. Спачатку меркавалася правесцi “Кангрэс народу Беларусi”. Потым “вырашылi”, што на Беларусi не адзiн народ, а некалькi, i пачалi ўжо склiкаць “Кангрэс народаў Беларусi”. Зразумела тут адно: у барацьбiтоў за светлую будучыню чалавецтва цалкам адсутнiчае разуменне такiх паняццяў, як нацыя i народ. А як яны збiраюцца рабiць славутае злiццё нацый, калi не ведаюць, што такое нацыя, а значыць i не ведаюць, што злiваць?
На заканчэнне адзначу, што прагрэс у разуменнi неабходнасцi распаду Савецкай iмперыi i станаўлення моцных нацыянальных дзяржаў iдзе цяпер iнтэнсiўна на тэрыторыi ўсяго былога СССР. З гэтай нагоды ў артыкуле Б.Лiўшыца “Долой империю” сказана наступнае: “В деле национальной консолидации Россия лет на сто отстаёт от Италии и Германии, лет на пятьдесят – от Турции. Наше время – это время распада имперского сознания русского народа и время становления сознания национального”. Гэта было напiсана яшчэ ў 1990 годзе, а ў 1991 годзе Савецкая iмперыя пала.
3. Тэорыя стадый
Сучасныя веды аб чалавеку i грамадстве даюць нам падставу лiчыць, што гiсторыя ёсць паступовае пашырэнне i паглыбленне чалавечай існасцi. Зазiрнем у тыя дагiстарычныя часы, калi толькi ўтваралiся першыя аб’яднаннi людзей, першыя плямённыя саюзы. У адрозненне ад жывёлы са статку, чалавек у сваiм племенi атрымаў вельмi важны атрыбут – сваё iмя. Спачатку гэта была адзiная, але iстотная якасць, якая азначала адметнасць, iндывiдуальнасць асобы з нейкай групы цi племенi. Трохi пазней у людзей з’яўляецца рэлiгiя. Першыя прымiтыўныя вераваннi атрымалi назву татэмiзму i былi выклiканыя звычайнай рэакцыяй на невядомыя, магутныя сiлы прыроды. З гэтых часоў заўважаецца другая фаза расшчаплення раней адзiнай супольнасцi першабытных людзей (старажытнага грамадства) – расшчапленне асобных плямёнаў па тым сонме багоў, у якiя кожнае з iх верыла, г.зн. па рэлiгii. Такiм чынам, яшчэ са старажытных часоў людзi пачалi адрознiвацца не толькi сваiмi ўласнымi iмёнамi, але i веравызнаннем.
Прычым усе народы свету прайшлі шлях ад веры ў многіх багоў – політэізму (паганства) да веры ў адзінага Бога – монатэізму (хрысціянства, іслам, будызм, іудаізм, індуізм і г.д.).
Наступная фаза эвалюцыi – утварэнне кастаў, класаў і іншых грамадскіх групаў. Касты, напрыклад, характарызуюцца ўжо жорсткай iерархiяй памiж рознымi пластамi грамадства, якое вызначае амаль усе стасункі памiж людзьмi. Такiм шляхам iшоў i Старажытны Егiпет, i Iндыя, i Еўропа – увесь свет.
I толькi многа пазней, як мы ўжо i падкрэслiвалi, утвараюцца народы, узнiкае паняцце нацыi як прыкметы агульнасцi людзей паводле мовы, тэрыторыi, гiсторыi, традыцыяў i звычаяў. Пры гэтым нацыянальныя асаблiвасцi сталi iстотна ўплываць на ўзаемадачыненні людзей толькi прыкладна з канца ХVIII ст. (фактычна з часоў французскай рэвалюцыi 1793 г.) і асабліва выразна праявіліся ў ХIХ ст. i ў наш час.
Аднак праявы нацыяналізму можна бачыць і ў больш старажытныя часы, хаця гэтая з’ява і не сфармавалася тады ў сучасным выглядзе. Першая праява – развал Рымскай імперыі. Потым у сярэднявеччы мы бачым праяву палітычнага нацыяналізму як рэакцыю на імперскую палітыку Гогенштаўфенаў (1137-1254 гг.).
Працэс фармавання нацый i росту нацыянальных рухаў найбольш актыўна ішоў на працягу ўсяго ХIХ стагоддзя. Гэта адзначалася многiмi мыслярамi таго часу. Так М.А.Славiнскi пiсаў, што векавыя намаганнi нямецкiх ордэнаў не змаглi дэнацыяналiзаваць эстаў i латышоў, а “усилия польской государственности разбились о стойкость литовских и белорусских народных элементов”. Славiнскi падкрэслiвае, што “на протяжении ХIХ века, особенно второй его половины, вместе с ростом политической свободы растёт и свобода национальная; вместе с укреплением прав и гарантий свободной личности укрепляются права и гарантии свободной национальности”. Такiм чынам, робiцца вывад, што будучыня за свабодным творчым развiццём чалавека ў нацыi.
ХХ стагоддзе яшчэ больш крышталiзуе нацыi. На пачатку ХХ стагоддзя мы бачым распад Аўстра-Венгерскай імперыі і ўтварэнне новых незалежных дзяржаў – Чэхіі, Аўстрыі, Германіі і іншых. Потым на працягу ўсяго ХХ стагоддзя працэс утварэння новых нацыянальных дзяржаў працягваўся і ў наш час дасягнуў кульмінацыі: ў выніку развалу СССР утварылася 15 новых дзяржаў – па ліку саюзных рэспублік, і відавочна працэс гэты будзе працягвацца. Акрамя гэтых пераўтварэнняў цяпер усё больш сур’ёзныя размовы вядуцца вакол праблемы Фландрыі ў Бельгіі, баскаў у Іспаніі і нават абмяркоўваецца магчымасць падзелу Канады на англамоўную і франкамоўную.
Iгар Шафарэвiч, вядомы як заўзяты абаронца “расійскай iдэi”, са здзiўленнем пiша: “Совершенно неожиданно ХХ век оказался веком неслыханно обострившегося национализма”, i працягвае: “Разрушение великих империй во все времена протекало параллельно обострению национального чувства отдельных входящих в них наций, обособлению этнических групп, стремлению их выделиться как самостоятельные нации”.
Каб выратаваць iдэю “бяскрыўднасцi” рускай нацыi, адгарадзiць яе ад ярлыка шавiнiзму, аўтар “Обособлений” робiць прыём, якi падчас пачатку распаду СССР i краху сацыялiстычнага лагеру быў бы i дзейсным. Існасць яго логiкi ў тым, што ён абвiнавачвае ў антынацыянальнай палiтыцы… сацыялiзм: “Национальная жизнь многих народов сейчас является жертвой именно той силы – социалистической идеологии”.
Сацыялiзм, бясспрэчна, нанёс вялiкую шкоду нацыянальнаму руху, але няхай бы спадар I.Шафарэвiч адказаў, чаму ўсё нацыянальнае душылася ў Расii яшчэ да 1917 г., калi сацыялiстычнай iдэалогiяй i не пахла? I наогул, праблема “малога” народу, што iснуе ў асяроддзi “вялiкага” народу, пастаўленая яшчэ Агюстам Кашэнам, даследчыкам французскай рэвалюцыi, актуальная i зараз ва ўсiм свеце. Iснуе праблема баскаў у Iспанii, фламандцаў у Бельгii i шмат iншых.
Усе гэтыя прыклады прыводзяць да лагiчнай высновы: такая з’ява, як нацыя, i яе iдэалагiчная аснова – нацыяналiзм ёсць з’явы пэўнай ступенi прагрэсу чалавечага грамадства, яго эвалюцыi. Нацыяналiзм – з’ява сучасная, з’ява духоўнага плану. Гэта iстотна якасны крок у бясконцым руху чалавека да Бога. Важнасць падзелу чалавечага грамадства на народы стала зразумелай фактычна толькi цяпер, хаця пра гэта сказана яшчэ ў Свяшчэнным пiсаннi: “I напоўнiлiся ўсе Духам Святым, ды пачалi гутарыць iншымi мовамi, так як Дух Святы даў iм прамаўляцi… I здумелiся ўсе i дзiвавалiся, кажучы адзiн аднаму: Вось усе гэтыя, што гавораць, цi ж не Галiлейцы? Дык як жа мы чуем кожны сваю гутарку, у якой урадзiлiся: Парфяне й Мiдзяне й Элямiты, i жыхары Мэзапатамii, Юдэi, Каппадокii, Понту, Фрыгii, Эгiпту, Лiвii, Кiрэнны, Рыму, Крыту i Арабii – але ўсе мы чуем, як яны гавораць нашымi мовамi пра вялiкiя цуды Божыя”.
Iдэолагi марксiсцка-ленiнскай фiласофii стварылi зручную для сябе класiфiкацыю перыядаў гiсторыi: першабытна-абшчынны лад, рабаўладальнiцкi, феадалiзм, капiталiзм, сацыялiзм i, нарэшце, камунiзм. Наш час паказаў штучнасць i несапраўднаць такога падзелу.
Зыходзячы з папярэднiх разваг, на мой погляд, гiсторыю чалавецтва больш правiльным было б падзялiць на тры перыяды, якiя вызначаюцца толькi адной галоўнай рысай – характарам рэлiгii. Я прапаную наступны ланцужок стадый эвалюцыi чалавецтва:
Трэцяя стадыя – нацыянальны монатэiзм цi, нацыятэiзм. Гэта стадыя, у якой мы з вамi цяпер жывем. Гэтая стадыя, дарэчы, хаця i вырасла з другой стадыi, мае шмат агульных рысаў з першай. Такой рысай з’яўляецца нацыянальная адметнасць народу. Менавiта ў эпоху полiтэiзму iснавала адрозненне памiж рознымi плямёнамi па прыкмеце свайго сонму багоў, i гэта з’яўляецца ў нейкiм сэнсе нацыянальнай прыкметай. Праз паганства прайшлi ўсе народы, i беларусы не з’яўляюцца выключэннем. Наадварот, не кожны народ можа пахвалiцца такой багатай народнай спадчынай, якую маюць беларусы. Сведчаннем таму – унiкальнае шматтомнае акадэмiчнае выданне “Народная творчасць”, якое выходзiць ужо каля 10 гадоў. Водгукi паганскiх вераванняў захавалiся ў беларусаў да нашых дзён, а такiя святы, як Купалле цi Каляды, адзначаюцца па ўсёй Беларусi штогод.
Мала таго, некаторыя рамантычна скiраваныя аматары беларушчыны лiчаць паганскiя традыцыi ледзь не адзiным нацыянальным багаццем. У некаторай ступенi гэта так, але не трэба забывацца на тое, што пра само iснаванне такiх багоў, як Пярун цi Ярыла, беларусы даўно забылiся, i ў свядомасцi многiх пакаленняў Бог вызначаецца трыадзiнствам Айца, Сына i Святога Духа – наш народ ужо 1000 гадоў хрысцiянскi. I, пра што мы будем i далей весцi гаворку, менавiта ў хрысцiянстве знаходзiць сваё выражэнне i сэнс існаванне нацыі.
Цiкава адзначыць яшчэ i такую з’яву. Як мы ўжо казалi, у Беларусi ды i iншых посткамунiстычных краiнах у нацыянальных рухах iснуе вялiкае iмкненне да адраджэння паганскiх традыцый. Ствараюцца з гэтай мэтай розныя таварыствы i аб’яднаннi, iдзе працэс вяртання народу яго традыцый. На мой погляд, такая з’ява зусiм натуральная i зразумелая, бо, калi гаварыць на мове дыялектыкi, трэцяя стадыя нашай класiфiкацыi павiнна вынiкаць з першай як дыялектычны вiток развiцця (адмаўленне адмаўлення паводле Гегеля). Па-другое, пасля амаль 80-гадовага панавання камунiстычнага рэжыму ў краiнах былога СССР як рэжыму атэiстычнага, якi прыпынiў натуральную эвалюцыю, iдзе працэс пазнання Бога, калi так можна казаць, з нуля, гэта значыць як i ў дзiцяцi – з самых першых уяўленняў. А гэтыя ўяўленнi i пакiнулi нам народныя традыцыi i звычаi, дзiвам не выкарчаваныя камунiстычным рэжымам з нашай свядомасцi.
4. Сувязь нацыяналізму з хрысціянствам
Падкрэслю выказаную асноватворную думку: кожны народ мае нацыянальны iнстынкт, якi дадзены яму ад прыроды, а дакладней, ад Бога. У беларусаў такi iнстынкт таксама ёсць, i праяўляецца ён у неўмiручасцi народных традыцый, фальклору, асаблiвасцях характару беларусаў, унiкальнасцю беларускай мовы.
I.Iльiн пiсаў, што нацыянальная асаблiвасць па-свойму ўяўляе Дух Божы i праслаўляе Госпада, таму думка патушыць гэтую разнастайнасць (што спрабавалi зрабiць бальшавiкi) можа нарадзiцца толькi ў духоўна мёртвай, хворай душы. Менавiта такая задума ёсць параджэнне душы злой i зайздроснай – усё роўна, цi iмкнецца гэтая хiмера вайной падмяць пад сябе ўсе народы (нямецкi нацыянал-сацыялiзм), цi растварыць усе нацыянальныя культуры ў бясколернасцi i адсутнасцi разнастайнасцi (мандыялiзм, савецкi камунiзм). Адзначу, што i першае, i другое не ўласцiвыя беларускай ментальнасцi. Наш народ, хаця й не меў працяглы час як нацыя нейкай вызначанай назвы (русiны-лiцвiны-тутэйшыя-беларусы), меў тым не менш свой твар: iмкненне да незалежнасцi, да захавання сваiх традыцый, сваёй рэлiгii i iншыя атрыбуты таго, што мы азначылi як нацыяналiзм. У сувязi з гэтым вельмi дарэчы прывесцi трапныя словы не ўсiм вядомага цяпер хрысцiянскага фiлосафа Н.А.Кляпенiна: “Нацыяналiзм – гэта дар, дадзены цэламу народу i таму звязуючы яго, нягледзячы на iндывiдуальныя адрозненнi людзей у адзiнае цэлае. Як для асобнага чалавека правiльны хрысцiянскi шлях увасабляецца ў развiццi агульнага ўсенароднага дару». Такiм чынам, падкрэслю: сапраўдны нацыяналiзм не супярэчыць усяленскасцi. Наадварот, шлях да ўсяленскага кладзецца толькi праз нацыянальнае. Касмапалiтызм – пазiцыя тых людзей, што лiчаць сябе па-за нацыяй, – у сапраўднасці магчымы толькi ў iндывiдуальным развiццi кожнай нацыi. А што ёсць хрысцiянства? Хрысцiянства – гэта любоў, якая пашыраецца да ўсiх людзей, зблiжае iх; яно ўключае ўсю паўнату ўсяленскай любовi. Самае каштоўнае ў хрысцiянстве тое, што яно сцвярджае iндывiдуальнасць асобы. А нацыяналiзм – гэта iдывiдуальнасць цэлага народу i любоў да гэтай iндывiдуальнасцi. Такiм чынам, калi мы звяртаемся да нацыяналiзму, то яго існасць багаслаўляецца менавiта рэлiгiяй як любоўю да iндывiдуальнасцi вышэйшага ўзроўню (па маёй класiфiкацыi). Як i звычайная любоў да бацькоў, да сям’i, да сяброў, нацыяналiзм ёсць пэўная ступень раскрыцця ўсяленскай любовi. Нацыяналiзм ёсць асобы дар, дадзены Богам цэламу народу, i ён, гэты дар, укладзены ў кожнага чалавека гэтага народу i таму сцвярджаецца хрысцiянствам – вось у чым рэлiгiйная існасць нацыяналiзму.
Са сказанага вынiкае i наш абавязак як iндывiдуальнасцi, непарыўна звязанай са сваiм народам. Кожны чалавек павiнен выявiць свой асаблiвы Божы Дар быць асаблiвай праявай Божай Праўды. У гэтым i ёсць рэлiгiйнае апраўданне нацыяналiзму.
Яшчэ раз падкрэслю i тое, што нацыяналiзм ёсць пэўная ступень (першы ўзровень) раскрыцця агульнай, усяленскай любовi. Як толькi мы адкiнем любую з iерархiчных ступеняў любовi, мы адразу адчуем непаўнавартасць жыцця. Таму нацыяналiзм ужо ад нараджэння натуральна ўласцiвы кожнаму чалавеку. Другая справа, што ў пэўных гiстарычных абставiнах пад уздзеянням розных грамадзскiх табу гэтыя ўласцiвасцi могуць не раскрывацца цi нават падаўляцца. Але гэта ўжо пытаннi iншага кшталту.
Відавочна, што развiццё нацыянальнага дару магчымае толькi ва ўсведамленнi непазбежнасцi сiнтэзу рэлiгiйнага з нацыянальным, усведамлення нацыяналiзму як дзяржаўнай палiтыкi, нацыяналiзму як падставы да ўсяленскай творчай iнiцыятывы, эканамiчных рэформаў i развiцця культуры. Галоўным у станаўленнi беларусаў як нацыi, як адметнай супольнасцi людзей з’яўляецца не толькі адраджэнне мовы, нацыянальнай свядомасцi ды гiстарычнай памяцi. Галоўнае – гэта абуджэнне Божага Дару, якi мы завем нацыяналiзмам.
Ад рэдакцы:
на час правядзеньня канферэнцыі Анатоль Астапенка – кандыдат фізіка-матэматычных навук, выкладчык Беларускага універсітэта культуры, старшыня Беларускай нацыянальнай партыі (Менск).