nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ПРА ДЗЬВЕ АДЭКВАТНАСЬЦІ

5 ліпеня, 2006 | Няма каментараў

Нашу размову пра інтэлігенцыю, гуманізм, іншае (гл. папярэднія матэрыялы, прысьвечаныя інтэрвю Л.Баршчэўскага) мы вырашылі праілюстраваць кароткім эсэ Яўгена Бяласіна. Ён берасьцеец. Працаваў выкладчыкам кафедры замежных моў Берасьцейскага дзяржаўнага універсітэта (высокакваліфікаваны выкладчык, добра валодае нямецкай і ангельскай мовамі), быў сябрам БНФ. Але, ужо некалькі гадоў, як пазбаўлены працы. Натуральна, за апазіцыйныя настроі й дзейнасьць. Вось ён  – тыповы лёс сучаснага беларускага інтэлігента-гуманіста…
Рэдакцыя.

Зь дзяцінства запомнілася показка. У вёсцы пра іншага казалі так: “Зь ім ня зьвязвайся. У яго спраўка – заб’е і нічога яму за гэта ня будзе”. Гаворачы  медыцынскай мовай, у чалавека неадэкватныя паводзіны, бо зрушаны альбо зусім зламаны парог маральных табу.

У крытычныя моманты жыцьця соцыюму статыстычна 100-адсоткава ўсплываюць гэтыя, як у народзе кажуць, “са спраўкай”. Толькі што ня ў кожнага яна фактычна ёсьць. Псіхапаты ЗУСІМ НАТУРАЛЬНА імкнуцца да ўлады, і зусім ненатуральна чалавецтва НЯ ВУЧЫЦЦА з гэтых сапраўды жахлівых памылак. І потым гісторыя мільёнамі ахвяраў, г.зн. крывёю, выпісвае ім тыя даведкі, не выпісаныя ў свой час лекарамі.

А ў наш цермаядзерны век вучыцца самы час. Аб’ектыўна складваецца так, што хочам мы таго альбо не, але тэхнічны прагрэс, зьвязаныя зь ім экалагічныя і маральна-этычныя праблемы патрабуюць свайго вырашэньня на больш высокім за нацыянальна-дзяржаўны ўзровень. Напрыклад, нацыянальны эгаізм ці эгаізм транснацыянальных карпарацый несумяшчальны з экалягічнымі рызыкамі, якія маюць глабальны характар. Таму пэўныя функцыі трэба ўжо сёньня перадаваць на НАДНАЦЫЯНАЛЬНЫ УЗРОВЕНЬ. Відавочна, так утворыцца ў нейкай будучыні ўрад планеты Зямля. І вось ГЭТАЙ НАТУРАЛЬНАЙ ІНТЭГРАЦЫІ сапраўды альтэрнатывы няма.

Відаць, час ужо настаў перадаць на гэты ровень і праблему “fool proof” – абароны ад дурняў – у грамадска-палітычнай сфэры. Дэмакратыя як найбольш адэкватная гуманістычнаму вобразу сьвету сістэма прынцыпова добрая, але рэальна яна пакуль што недастаткова добрая, бо заслабая, каб абараніць сябе у пэўных сітуацыях, і патрабуе ўбудаваньня мэханізму “fool proof”.

Гэты мэханізм  паспрабавалі  ў свой час увесьці артыкулам 20 сваёй Канстытуцыі немцы пасьля “ўрокаў” фюрэра. У гэтым артыкуле запісвалася, што ў выпадку ўзурпацыі функцыяў парлямэнту, судовай і выканаўчай улады адным чалавекам ён аўтаматычна аб’яўляецца па-за законам, і кожнаму грамадзяніну даецца права бараніць дзяржаву і дэмакратычную законнасьць любым даступным спосабам. Гэта, каб не было неразуменьня [як цяпер – Рэд.], хто на самай справе тэрарыст, а хто сапраўдны, нармальны грамадзянін (калі карыстацца ўжыванымі сёньня паняткамі).

Такая спроба абароны дэмакратыі адэкватная паводле ступені пагрозы, але відавочна неадэкватная, што да рэсурсаў: магчымасьці ўлады і асобнага грамадзяніна непараўнальныя. Але тут важны прэцэдэнт.

Выглядае на тое, што югаслаўскі ды ірацкі досьвед дае мадэль палепшанага, бо сістэмнага і рэсурсава адэкватнага мэханізму абароны сьвету ад дурняў.

Цяпер бачна, што будзе таму, хто ў сілу хворасьці ўбіўся ва ўладу і замест таго, каб займацца кіраваньнем (г.зн. разрашэньнем праблем, падвышэньнем узроўню грамадскай арганізацыі), ГОНІЦЬ ХВАРАВІТУЮ ГІСТЭРЫЧНУЮ ХВАЛЮ, плодзіць і выдумляе ворагаў ды пад узьняты шум распраўляецца з нармальнымі, але прывабнымі для ягоных садысцкіх схільнасьцяў безабароннымі людзьмі.

Такім чынам, варыянт “у-яго-спраўка-заб’е-і-ніц-ня-будзе” мае на сёньня на ўзроўні дзяржавы нейкі накід разрашэньня.

За тысячагодзьдзі “цывілізаванага” жыцьця людзі ненатуральна, затое дасканала навучыліся зьнішчаць адзін аднаго, але не распрацавалі дасканалага мэханізму абароны ад ГВАЛТАКРАТЫІ і гвалтакратаў, – псыхапатаў, узброеных дзяржаўнай уладай. Гэтая неадэкватнасьць, на мой погляд, з’яўляецца дамінантнаю, калі апісваць наш супольны сацыяльны наробак.

Скасаваньне гэтай неадэкватнасьці несімніўна паспрыяе ўсталяваньню на Зямлі МАРАЛЬНАГА КАМФОРТУ.

Яўген Бяласін

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы