nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ IДЭЯ і БУДУЧЫНЯ ЧАЛАВЕЦТВА (кБНІ)

4 жніўня, 2006 | Няма каментараў

Гэтым артыкулам Алеся Астроўскага рэдакцыя пачынае прадстаўленьне матэрыялаў  раздзела «Сістэмны падыход» (іх было тры) канферэнцыі «Беларуская нацыянальная ідэя» (Гародня, 18-19 красавіка 1999 г.).
Рэдакцыя.

Беларуская ідэя і сёньняшні ўзровень гуманістычнага разьвіцьця чалавецтва

Беларуская нацыя знаходзiцца цяпер на гiстарычным раздарожжы: альбо беларусы нарэшце пачнуць жыць па законах нармальнай нацыі,  альбо  будуць працягваць ганебнае iснаваньне,  даводзячы на кожным кроку, што яны таксама людзi…

У сувязі з гэтым у Беларусі сёньня шмат гаворыцца пра беларускую ідэю. Уяўленні пра яе,  выклікаючы сьветлыя прадчуваньні, многіх натхняюць і абнадзейваюць… Адна з найбольш верагодных фармулёвак  сутнасьці  беларускай  нацыянальнай  ідэі  можа  быць выяўлена наступным чынам:  гэта ідэя фармаваньня і разьвіцьця паўнавартаснай беларускай нацыі праз станаўленьне цывілізаванай беларускай дзяржавы на тэрыторыі пражываньня беларускага этнасу.

Такая пазіцыя знаходзіцца ў бясспрэчнай адпаведнасьці з натуральным правам любога  народа на існаваньне,  разьвіцьцё і на раўнапраўныя ўзаемадачыненьні зь іншымі народамі. Але гэтых аргументаў, як паказвае практыка, недастаткова для ўзбуджэньня міжнароднай грамадскасьці і накіраваньня яе на адпаведныя скаардынаваныя практычныя дзеяньні.  Прычына ў тым,  што чалавецтва ў сваім сёньняшнім стане яшчэ не знаходзіцца на такім узроўні,  каб гістарычная справядлівасьць  і  маральная  перавага  былі  дастатковай падставай для скаардынаваных практыных дзеяньняў на міжнароднай арэне. Што ўжо казаць пра магчымы пратэст міжнароднай грамадскасьці супраць  культурэтнацыду беларусаў  (сённяшняя тэхналёгія культурэтнацыду ўключае узурпацыю і адпаведнае выкарыстаньне праімперскімі  сіламі беларускіх сродкаў масавай інфармацыі, адукацыйнай сістэмы, эканомікі, палітычнай сферы і іншае), калі чалавецтва дэманструе малазацікаўленыя адносіны нават да збройнага змаганьня курдаў і чачэнцаў за сваю незалежнасьць…

Каб падняць  чалавецтва на нейкія дзеяньні,  яно павінна выразна ўбачыць свой уласны інтарэс. Таму на сёньня неабходны дадатковыя аргументы на карысьць беларускай ідэі з пазіцый агульналюдскіх каштоўнасьцяў, доказы таго, што яна арыентуе не на разбурэньне,  а на стварэньне,  супрацоўніцтва, разьвіцьцё, што ў ёй ёсьць практычная гістарычная персьпектыва, што яна мае пазітыўнае значэньне ня толькі для беларусаў, але і для прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў.

Аднак тут паўстае дадатковая праблема: на сёньня беларуская ідэя яшчэ ня можа  разглядацца  як  прыватны выпадак рашэньня агульнавядомай праблемы. Прычыны ў тым,  што чалавецтва яшчэ недастаткова цывілізаванае, што шмат сіл, якія супрацьдзеюць яго цывілізацыйнаму разьвіцьцю, што чалавецтва зьяўляецца “перадавым краем” разьвіцьця матэрыі на Зямлі,  а таму ніхто ня можа падказаць яму,  як найлепей арганізоўвацца… У гэтых абставінах актуальнай зьяўляецца задача фармуляваньня ўяўленьня пра “нармальную” арганізацыю  людскага  соцыюму.  Неабходна  распрацоўка пэўнага ўзору,  параўноўваючы зь якім можна было б бачыць недахопы канкрэтных грамадстваў (у тым ліку сучаснага беларускага).  У залежнасьці ад вынікаў такога вырашэньня можна было б далей гаварыць пра значэньне беларускай нацыянальнай ідэі для чалавецтва.

Магчымасьць пошукаў у азначаным кірунку можа быць аргумантавана плённай апрабаванасьцю падобнага падыходу ў іншых навуках, а таксама тым, што нас цікавяць толькі найбольш агульныя  грамадскія заканамернасьці. Суб’ектыўнае  жаданьне  сказіць “сацыяльную норму” можа быць абмежавана ўжо вядомымі  сацыяльнымі  заканамернасьцямі.

Чалавецтва як натуральная шматузроўневая сістэма

Чалавецтва зьяўляецца  складанай,  шматузроўневай  сістэмай. Аналагічна  таму,  як  “жывую” частку біясьферы можна прадставіць некалькімі галоўнымі ўзроўнямі арганізацыі (клетка,  шматклеткавы арганізм, від жывых арганізмаў, жывое рэчыва біясьферы), як арганізм чалавека можна разглядаць на клеткавым,  тканкавым,  арганным узроўнях, а таксама ўзроўнях сістэм органаў і цэласнага арганізму, – так і ў чалавецтве  як сістэме  можна ўбачыць некалькі галоўных арганізацыйных  узроўняў:  чалавек,  група блiзкiх людзей, грамадства, чалавецтва.

Як вядома,  існаваньне  і  разьвіцьцё кожнага больш высокага ўзроўню арганізацыі любой складанай сістэмы абумоўлена НАЯЎНАСЬЦЮ І ЎЗАЕМАДЗЕЯНЬНЕМ КАМПАНЕНТАЎ НІЖЭЙШАГА ЎЗРОЎНЮ.  Зыходзячы з гэтага, можна ўбачыць, што на пералічаных узроўнях арганізацыі людскага грамадства  паводзіны  асобнага чалавека вызначаюцца ўзаемадзеяньнем усіх разнастайных думак і пачуцьцяў,  якія ўзьнікаюць у  яго душы;  існаваньне сям’і ці якой-небудзь іншай шчыльнай групы людзей абумоўлена іх ўзаемадзеяньнем; існаваньне і развіцьцё народа, нацыі, грамадства (унутры адной дзяржавы) – існаваньнем і ўзаемадзеяньнем разнастайных больш дробных і шчыльна зьвязаных сацыяльных груп;  а існаваньне і разьвіцьцё чалавецтва – узаемадзеяньнем народаў (этнасаў) і іхных нацыянальна-дзяржаўных  утварэньняў.  ЧЫМ БОЛЬШ ШМАТУЗРОЎНЕВАЙ зьяўляецца любая натуральная сістэма, ТЫМ БОЛЬШЫЯ ФУНКЦЫЯНАЛЬНЫЯ МАГЧЫМАСЬЦІ ЯНА МАЕ, тым большы патэнцыял яе далейшага разьвіцьця. І наадварот. Так, напрыклад, функцыянальныя магчымасьці гіганцкай марской мядузы, масай большай за чалавека, ужо толькі з-за таго зьяўляюцца меншымі за людскія, што ў складзе яе цела адсутнічаюць альбо выразна недаразьвіты пэўныя ўзроўні структурнай арганізацыі, наяўныя ў целе чалавека.

Чалавецтва не зьяўляецца  выключэньнем з гэтага агульнасістэмнага прынцыпу. “Зьбядненьне” чалавецтва на ўзроўні “народ-нацыя-грамадства” у выніку,  напрыклад,  імперскай “інтэграцыі” ці таталітарнай касмапалітызацыі прывяло б ня проста да спрашчэньня чалавецтва як сацыяльнай сістэмы, а ДА АБМЕЖАВАНЬНЯ ЯГО РАЗЬВІЦЬЦЁВЫХ МАГЧЫМАСЬЦЯЎ!

Адсюль выснова: узровень “грамадства”, рэпрэзентаваны этнасамі й іхнымі нацыянальна-дзяржаўнымі ўтварэньнямі, такі ж важкі ўзровень структураванага чалавецтва, як і кожны іншы.

Разнастайнасьць нацыянальна-дзяржаўных утварэньняў – аснова разьвіцьця чалавецтва

Цяпер жыхароў Беларусі безупынна пераконваюць: “Увесь сьвет аб’ядноўваецца, а мы (рэспублікі былога СССР) раз’ядноўваемся”. Крывадушнасць такога сьцьверджаньня відавочная: варта нагадаць пра мірны падзел Чэха-Славакii ды напаўмірны падзел Югаславіі, пра барацьбу за аддзяленьне французскай Канады (Квэбэк) ад англiйскай Канады, баскаў ад Гiшпанii,  курдаў ад Турцыi, штата Кашмiр ад Iндыi, уйгураў і Тыбета ад Кiтая,  Чачэніі-Ічкерыі ад Расеі, Косава ад Сербіі, Эрытрэі ад Эфіёпіі, Істтымора ад Інданэзіі ды гэтак далей…

Ужо гэтых  прыкладаў больш  чым дастаткова,  каб зразумець, што ў сьвеце акрамя тэндэнцыяў на аб’яднаньне iснуюць i разьяднаўчыя працэсы. Мала таго, яны ў якойсьцi ступенi ўраўнаважаныя, бо, калi б,  напрыклад, пераважна адбывалася аб’яднаньне дзяржаў i народаў,  на Зямлi даўно б iснавала адна дзяржава i адзiны  народ. Але такога няма i (у адпаведнасьці з агульнасістэмнымі прынцыпамі) не павiнна быць. Колькi за час людскай гiсторыi нi ўтваралася iмперыяў, усе яны праз пэўны час распадалiся. Вiдавочна,  што  ШМАТЛІКАСЬЦЬ І РАЗНАСТАЙНАСЬЦЬ ЭТНАСАЎ I IХНЫХ ДЗЯРЖАЎНЫХ УТВАРЭНЬНЯЎ – ФОРМА НАРМАЛЬНАГА ІСНАВАНЬНЯ ЧАЛАВЕЦТВА СЁНЬНЯ І Ў БУДУЧЫНІ.

Гэтае меркаваньне  пацьвярджаюць прыклады разнастайнасьці на іншых узроўнях існаваньня матэрыі:  дзясяткі элементарных часьцінак,  сотні хімічных элементаў,  мільёны відаў жывёл і расьлін… Паколькі разьвіцьцё любой сістэмы дасягаецца за кошт узаемадзеяньня яе элементаў-складнікаў, РАЗНАСТАЙНАСЬЦЬ КАМПАНЕНТАЎ СІСТЭМЫ ЁСЬЦЬ ПАДСТАВА РАЗЬВІЦЬЦЯ.

На індывідуальным  узроўні кожнаму асобнаму чалавеку таксама патрэбная шматлікасьць грамадстваў, бо, калi яму з-за асаблiвасьцяў уласнага характару не падабаецца тое грамадства,  у якім ён жыве, у чалавека заўсёды будзе захоўвацца патэнцыяльная магчымасьць знайсьці тое грамадства, дзе ён найпаўней рэалiзуе сябе. У сувязі зь пералічанымі абставінамі наяўнасьць беларускай дзяржавы – гаранта захаваньня сьпецыфічна БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРНАЙ НIШЫ – патрэбная і асобным людзям (у тым ліку небеларусам), і ўсяму чалавецтву!

Цікава, што чалавецтва даўно прызнае прагрэсіўнае  значэньне ня толькі складанасьці, шматузроўневасьці сістэм, але і значэньне разнастайнасьці кампанентаў аднаго і таго ж узроўню сістэмы  для яе паўнавартаснага  існаваньня  і  разьвіцьця. Так, большасьць людзей з дастатковым разуменьнем ставяцца да тых, хто “змагаецца” за захаваньне  пры  жыцьці  чарговага выміраючага віду жывёл ці расьлін. Людзі таксама разумеюць шкоднасьць механічнага зьліцьця розных гатункаў культурных расьлін і парод хатняй жывёлы. Большасьць людзей разумее  прагрэсіўнае значэньне захаваньня розных жанраў жывапісу і музычных стыляў у агульналюдской культуры. У цывілізаваных краінах людзі дастаткова добра разумеюць значэньне антыманапольнага заканадаўства, якое забясьпечвае разнастайнасьць вытворцаў аднаго і таго ж віду прадукцыі, нават, у межах адной краіны. З гэтай нагоды выклікае пэўнае неўразуменьне шырока распаўсюджаная «недаацэнка» (альбо ацэнка, але толькі на словах) прагрэсіўнага значэньня  разнастайнасьці саміх народаў і іхных нацыянальна-дзяржаўных утварэньняў як адной з важных падстаў прагрэсіўнай будучыні чалавецтва.

Калi нацыя мае сваю дзяржаву – гэта забясьпечвае найлепшую магчымасьць баранiць нацыянальныя культуру i мову,  разьвiваць iх у адпаведнасьцi з iнтарэсамi нацыi, дае  магчымасьць  аб’ектыўна iнтэрпрэтаваць гiсторыю (у адносiнах да тых падзеяў, якiя мелi месца, напрыклад, на этнiчна беларускай тэрыторыi, разьвiваць ня москвацэнтрызм цi варшавацэнтрызм, а беларусацэнтрызм), дае магчымасьць так арганiзаваць сваю гаспадарку,  каб яна найлепшым чынам адпавядала iнтарэсам культурна-этнічнай бальшыні.

З-за асаблiвасьцяў псiха-эмацыянальнага ўспрыняцьця сьвету, абумоўленых генетычна і културна-гістарычна, менавiта сярод прадстаўнікоў адпаведнай этнічнай групы больш за ўсё такiх людзей, якiм патрэбна іхнае нацыянальна-культурнае асяродзьдзе. Гэта таксама зразумела,  бо стваралi нацыянальную культуру пакаленьні продкаў адпаведнага этнасу. Яны пакiдалі ў ёй тое, што было блiзка iм па духу. Кожнае чарговае пакаленьне генетычна блізкае да сваіх продкаў. Усё гэта разам зьяўляецца дадатковай прычынай таго, што прадстаўнікі  любога  этнасу  зазвычай  найбольш прыхiльна ўспрымаюць тыя культурныя нормы, якiя створаны папярэднімі пакаленьнямі іх продкаў. І наадварот, многiя формы паводзiн, якiя ў межах iншых культур могуць успрымацца  як нармальныя, нярэдка ня могуць так успрымацца ў адпаведным нацыянальным асяродзьдзi…

З усяго агаворанага ўзьнікае натуральнае права i абавязак кожнага  чарговага  пакаленьня  любой нацыянальна-этнiчнай групы (беларусаў у тым ліку) берагчы i захоўваць ад  пасягальнiцтва і звонку, і знутры дэмаграфічную і культурна-этнічную своеасаблiвасьць сваёй нацыянальнай групы як асяродзьдзя, у якiм найлепшым чынам будуць пачувацца наступныя пакаленьнi прадстаўнiкоў гэтага этнасу.

Пра гуманістычны абавязак з  боку  міжнароднай  супольнасьці падтрымліваць такія дзеяньні ўжо ўзгадвалася.

Пачуцьцё адказнага гаспадара на сваёй этнічнай тэрыторыі – аснова ўпарадкаваньня  жыцьця  на нацыянальна-грамадскім узроўні арганізацыі чалавецтва

Аналізуючы сучаснае  беларускае  грамадства,   можна   сьцьвердзіць,  што яно існуе ва ўмовах крызіснага стану, абумоўленага існаваньнем шматлікіх праблем. Такі стан можна было б лічыць натуральным, нават нармальным, бо беспраблемных грамадстваў няма. Мала таго, шырока прызнаецца станоўчае значэньне пэўных грамадскіх напружаньняў, праблем, бо яны рухаюць грамадскае разьвіцьцё. Аднак праблемы могуць быць рознымі. Так, кожны дарослы чалавек ведае,  што адна справа, калі людзі вымушаны змагацца за біялагічнае існаваньне, другая – калі іх турбуюць, напрыклад, абстрактныя філасофскія пытаньні (тыпу, ці ёсьць акрамя Сусьвету, дзе жывем мы, іншыя Сусьветы?). Таму сацыяльныя праблемы варта ранжыраваць у залежнасьці ад ступені іх грамадскай значнасьці.

Напэўна, да найбольш “павярхоўных” трэба аднесьці тыя праблемы, якія прысутнічаюць у стабільных, цывілізаваных грамадствах з высокім узроўнем жыцьця людзей. Гэта ЭСТЭТЫЧНЫЯ, ЭТЫЧНЫЯ, ЭКАЛЯГIЧНЫЯ праблемы,  а таксама праблемы ДУХОЎНАСЬЦI, МАРАЛI, ВЫХАВАНЬНЯ…

Зразумела, што гэтыя праблемы  могуць  быць  прызнаныя актуальнымі толькі тады, калі будуць вырашаны ЭКАНАМIЧНЫЯ праблемы, у выніку чаго будзе забясьпечаны належны ўзровень дабрабыту большасьці грамадзян. Сапраўды, калі чалавек, жывучы ў грамадстве, якое стаіць на мяжы біялагічнага зьнішчэньня, раптам стане патрабаваць вырашэньня, напрыклад,  далікатных этычных  праблем, гэта можа быць праявай ня толькі неадэкватнага ўспрыняцьця рэчаіснасьці, але і цынізму. У сувязі з гэтым можна сьцьвердзіць, што пералічаныя вышэй праблемы (ад этычных да экалагічных) зьяўляюцца залежнымі ад вырашэньня эканамічных праблем.

У сваю чаргу, для таго,  каб пэўная супольнасьць людзей, народ-нацыя, дасягнула дабрабыту, а краіна – росквіту, неабходна,  каб ва ўладзе дастаткова доўга знаходзіліся тыя, хто сапраўды жадае людзям дабра. Такім чынам, вырашэньне эканамічных праблем у сваю чаргу знаходзіцца  ў залежнасьці ад вырашэньня ПАЛIТЫЧНЫХ праблем.

А ад чаго ж залежыць вырашэньне галоўнай палітычнай  праблемы: каб кіраўнікамі над грамадствам максімальна часта аказваліся людзі з адзначанымі вышэй рысамі?

Агульнапрызнана, што вырашэньне гэтай праблемы магчымае толькі тады, калі само грамадства будзе дэмакратычным, бо толькі дэмакратычны рэжым можа забясьпечыць  зваротную сувязь паміж грамадствам і ўладай, паставіць уладу ў залежнасьць ад грамадства. Але, як  паказвае  гісторыя “унезалежненьня і дэмакратызацыі” былых рэспублік СССР,  гэтага агульнага прынцыпу аказваецца недастаткова, бо першапачатковае стварэньне аднолькава дэмакратычных умоў было выкарыстана імі з рознай эфектыўнасьцю. Чаму?

Аналіз паказвае,  што для таго,  каб кіраўнікамі краіны былі абраныя тыя,  хто сапраўды жадае зрабіць нешта добрае для сваіх грамадзян, дадаткова да дэмакратычных умоў трэба, каб самі  грамадзяне пачуваліся людзьмі адказнымі за свае дзеяньні (асабліва на далёкую персьпектыву),  пачуваліся сапраўднымі гаспадарамі. Наяўнасьць у большасьці людзей пачуцьця АДКАЗНАГА ГАСПАДАРА – вось тое галоўнае, базавае, што павінна быць дасягнута ў любым грамадстве, якое хоча стаць на шлях нармальнага цывілізаванага разьвіцьця! У іншым выпадку на падставе дэмакратычных працэдур у краіне можа лёгка ўсталявацца аўтарытарны рэжым (як у Беларусі).

Такім чынам,  праблемы нацыянальна-грамадскага ўзроўню арганізацыі  чалавецтва  можна  вобразна  выявіць у ранжыраваным выглядзе ў пасьлядоўнасьці запаўненьня нібы паверхаў  дому. Пры гэтым экалагічныя, этычныя і блізкія да іх праблемы зоймуць паддашша, эканамічныя – другі паверх, палітычныя – першы, а неабходнасьць разьвіцьця пачуцьця адказнага гаспадара ў большасьці грамадзян – падмурак-падваліны. Як вядома, будаваць дом без добрага падмурку бессэнсоўна…

Усё агаворанае вышэй прымушае паставіць пытаньне: за кошт чаго ў людзей узьнікае пачуцьцё адказнасьці за свае дзеяньні, у тым ліку на нацыянальна-грамадскім узроўні арганізацыі  чалавецтва?

У чалавека  пачуцьцё  гаспадара  існуе  найперш  адносна той часткі вонкавага асяродзьдзя,  якое яму “належыць” і на  якое  ён можа рэальна ўплываць – адносна яго ўласнасьці.  Аднак у чалавека акрамя  пачуцьця НЕПАСРЭДНАГА гаспадара таго,  што зьяўляецца яго ўласнасьцю,  існуе пачуцьцё, што ён зьяўляецца ПАТЭНЦЫЯЛЬНЫМ ГАСПАДАРОМ  НЕЧАГА  БОЛЬШАГА  – а менавіта той часткі вонкавага асяродзьдзя, якая можа быць сьферай яго  патэнцыяльнай  дзейнасьці (яго дзяцей, унукаў і г.д.). Часьцей  за ўсё ў якасьці апошняй выступае тэрыторыя дзяржавы,  у межах якой пражывае чалавек.  Таму  менавіта  адносна  тэрыторыі “сваёй  дзяржавы” ў чалавека можа прысутнічаць пачуцьцё на права “законнай” актыўнасьці.

Веды і павага да гісторыі, культуры, традыцыяў свайго народу – дадатковыя падставы пачуцьця адказнага  гаспадара,  важкія  ўмовы для натхнёнай стваральнай працы. Таму калі тэрыторыя дзяржавы будзе супадаць з этнічнай тэрыторыяй народа, да якога належыць чалавек,  гэта будзе толькі дадаткова спрыяць таму, каб згаданае пачуцьцё было больш моцным, устойлівым і, што вельмі важка, натуральным. Адсюль для разьвіцьця паўнавартаснага пачуцьця адказнага гаспадара патрэбная ня проста дзяржава, а  СВАЯ нацыянальная ДЗЯРЖАВА!

Пры гэтым, калі казаць пра ідэальныя ўмовы, варта:
– каб тэрыторыя дзяржавы супадала  з этнічнай тэрыторыяй расьсяленьня адпаведнага народу;
– каб дзяржава мела “рэалістычныя” памеры, якія б дазвалялі яе вобразу “ўмяшчацца ў сэрцы чалавека”;
– каб на тэрыторыі дзяржавы  адсутнічалі тэрыторыі пражываньня аўтахтонаў, якія належаць да іншай этнічнай групы.

Утварэньне на тэрыторыі разьмяшчэньня адпаведнага этнасу паўнавартаснай нацыянальнай дзяржавы ёсьць найбольш надзейны механізм забесьпячэньня на гэтай тэрыторыі стабільнасьці, дабрабыту, цывілізаванасьці… – усяго таго, што выгадна як гэтаму народу, так і ўсяму чалавецтву. Нармалiзацыя жыцьця беларускага грамадства (у палiтычнай, эканамiчнай,  этычна-эстэтычнай, экалягiчнай і іншых сьферах) таксама магчымая толькi пасьля таго, як яно будзе прасякнута беларускай нацыянальнай iдэяй. Бо, у прынцыпе, гэта ідэя найбольш ЭФЕКТЫЎНАГА жыцьця на адпаведнай частцы паверхні Зямлі.

Умовы прагрэсу чалавецтва і сiстэма людскіх каштоўнасьцяў

У сьвятле ўзьнятай праблематыкі цікавым зьяўляецца пытаньне: як агавораныя вышэй аб’ектыўныя каштоўнасьці чалавецтва (шматузроўневасьць арганізацыі, разнастайнасьць нацыянальна-грамадскіх утварэньняў, пачуцьцё адказнага гаспадара на тэрыторыі  разьмяшчэньня свайго этнасу), якія забясьпечваюць маштаб магчымасьцяў, персьпектыву прагрэсу і ўпарадкаванасьць жыцьця чалавецтва, суадносяцца  з прынцыпамі агульналюдской  маралі  ды  з  сістэмай індывідуальных людскіх каштоўнасьцяў?

Сістэма каштоўнасьцей асобных людзей таксама зьяўляецца шматузроўневай і выяўляецца каштоўнасьцямі, накіраванымі на самога сябе,  на сваю сям’ю, на свой працоўны калектыў ці больш шырокую сацыяльную групу, сваё грамадства, чалавецтва, усё жывое на зямлі, Сусьвет.  Усё залежыць ад таго, функцыянальным кампанентам ЧАГО адчувае сябе адпаведны чалавек, за ШТО ён гатовы ўзяць на сябе цяжар адказнасьці, а што ўспрымае як вонкавае асяродзьдзе…

Найвялікшымі каштоўнасьцямі кожнага чалавека як біялагічнага індывідуўму зьяўляюцца:  яго ўласнае жыцьцё, здароўе, магчымасьць задавальненьня іншых патрэб, зьвязаных зь яго індывідуальным біялагічным існаваньнем.

Каштоўнасьцямі чалавека  як  прадстаўніка пэўнай сацыяльнай групы (сям’і ці працоўнага калектыву) зьяўляюцца: любоў, каханьне,  свая сям’я, дом, уласныя дзеці і ўсё тое, што зьвязана з неабходнасьцю іх гадаваньня і выхаваньня, а таксама сяброўства, іншыя каштоўнасьці, агульныя для “свайго” працоўнага калектыву.

Каштоўнасьцямі чалавека як прадстаўніка адпаведнага народу-грамадства зьяўляюцца: свой народ, свая дзяржава, нацыянальная культура, мова, нацыянальныя сімвалы, гістарычная памяць, народныя традыцыі, патрыятычныя пачуцьці, адчуваньне агульнанацыянальнага адзінства і нацыянальнай адметнасьці.

Каштоўнасьцямі індывідуўму  як прадстаўніка чалавецтва зьяўляюцца: гонар за чалавецтва,  яго дасягненьні ва ўсіх  сьферах дзейнасьці, усьведамленьне каштоўнасьці прагрэсу чалавецтва і ўсяго таго,  што апошні зьбясьпечвае – навукі, адукацыі, правоў чалавека, дэмакратыі, падзелу ўладаў, рынкавых адносін, свабоды сродкаў масавай інфармацыі, прынцыпаў мясцовага  самакіраваньня і г.д.

Каштоўнасьцямі чалавека  як часткі Сусьвету зьяўляецца жаданьне бачыць безупынны прагрэс у Сусьвеце, жаданьне сталай перамогі ў ім Дабра над злом-благам.

Калі ўся сістэма каштоўнасьцяў і мараль чалавека абмяжоўваюцца толькі яго індывідуальна-біялагічнымі каштоўнасьцямі, а ўсё іншае ўспрымаецца як вонкавае асяродзьдзе, такога чалавека можна назваць эгаістам. Калі сістэма каштоўнасьцяў чалавека пашырана да каштоўнасьці сям’і  і ён успрымае сябе яе часткай, такога чалавека можна назваць сем’янінам.  Калі ўключае каштоўнасьці, агульныя для свайго працоўнага калектыву, – калектывістам. Калі пашырана да каштоўнасьцяў грамадства,  у якім ён жыве і кампанентам якога сябе адчувае, – грамадзянінам. Калі ўключае каштоўнасьці, якія неабходныя для забесьпячэньня прагрэсу чалавецтва, – гуманістам.  Калі ж сістэма каштоўнасьцяў чалавека ўключае каштоўнасьці прагрэсіўнага разьвіцьця Сусьвету (таму што чалавек адчувае сябе неад’емнай часткай Сусьвету, адказным за Яго разьвіцьцё), такога чалавека можна лічыць духоўна-сьветагляднай асобай.

Натуральна, што чым больш высокі ўзровень прагрэсіўных каштоўнасьцяў ёсьць сапраўднымі  каштоўнасьцямі чалавека, тым больш духоўна зарыентаваным зьяўляецца такі чалавек. Пры гэтым чалавек у такой ступені зьяўляецца, напрыклад, грамадзянінам, гуманістам, духоўна-сьветагляднай асобай, у якой каштоўнасьці адпаведнага ўзроўню напаўняюць яго душу. Але нават самы духоўны чалавек – гэта рэальны чалавек,  і для яго могуць быць уласьцівыя (мала таго –  павінны) каштоўнасьці ніжэйшых узроўняў.  Так,  напрыклад,  нават самы высокі гуманіст павінен быць грамадзянінам, сем’янінам, чалавекам, які бароніць інтарэсы свайго працоўнага калектыву ці сваёй прафесійнай групы.

Усё агаворанае азначае, што абарона чалавекам, асобай інтарэсаў свайго народа ці свайго нацыянальна-дзяржаўнага ўтварэньня ні ў якім разе ня можа прыніжаць яго годнасьці ці маральнасьці (напрыклад, чалавек ня стане меньшым гуманістам, калі будзе паводзіць сябе яшчэ і як сапраўдны грамадзянін). Наадварот, яго пазітыўнае сацыяльнае значэньне можа толькі ўзрасьці (напрыклад,  калі сем’янін пачне паводзіць сябе як грамадзянін). Больш затое, ЧАЛАВЕК НЯ МОЖА БЫЦЬ ГУМАНІСТАМ, КАЛІ ПРЫ ГЭТЫМ ЁН НЕ ЗЬЯЎЛЯЕЦЦА ГРАМАДЗЯНІНАМ-ПАТРЫЁТАМ!  [Па гэтаму крытэру гуманіст-канструктывіст як раз і адрозьніваецца ад сваёй альтэрнатывы – касмапаліта-разбуральніка. – Рэд.].

Чалавек-грамадзянін – гэта і маральна,  і годна,  і, у пэўным сэнсе, духоўна!

Замест высноваў

Відавочна, што асноўнай формай сучаснага этапу разьвіцьця чалавецтва зьяўляецца інтэграцыя, абумоўленая глабалізацыяй. Раней чалавецтва  як сістэма больш нагадвала жывую прыроду зь яе канкурэнтнымі, драпежніцкімі ды паразітычнымі формамі ўзаемаадносін паміж рознымі відамі жывых арганізмаў. Сёньня ж чалавецтва як сістэма ўсё больш пачынае нагадваць высокаразьвіты жывы арганізм, дзе розныя народы (аналаг тканак), складзеныя з людзей (аналаг клетак), усё больш супрацоўнічаюць і ўсё менш супернічаюць ва ўтварэньні адзінага арганізма – чалавецтва.

Аднак фармальны працэс інтэграцыі й глабалізацыі можа мець два кірункі – прагрэсіўна-разьвіццёвы і дэградацыйны. Першы – гэта калі паступовае пераўтварэньне чалавецтва ва ўсё больш цэласную, інтэграваную сістэму (з адзіным кіраўнічым цэнтрам, які набывае ўсё большую колькасьць паўнамоцтваў) суправаджаецца захаваньнем і разьвіцьцём складанасьці, дыферэнцаванасьці, шматузроўневасьці. Другі кірунак – гэта ПАСТУПОВАЕ СПРАШЧЭНЬНЕ АРГАНІЗАЦЫІ ЧАЛАВЕЦТВА, ПЕРАЎТВАРЭНЬНЕ ЯГО Ў МЯДУЗАПАДОБНУЮ МАСУ З РЭЗКА АБМЕЖАВАНЫМІ  ФУНКЦЫЯНАЛЬНЫМІ  МАГЧЫМАСЬЦЯМІ,  ЗЬНІКНЕНЬНЕМ  ПЕРСЬПЕКТЫВЫ РАЗЬВІЦЬЦЯ і пераўтварэньнем апошняй  у  персьпектыву  існаваньня.  Лакальнымі прыкладамі двух альтэрнатыўных шляхоў інтэграцыі зьяўляецца еўрапейская інтэграцыя (у яе лепшых ідэйных праявах) і рэваншысцкая  “інтэграцыя”  на  постсавецкай прасторы. СУТНАСЬЦЬ СЁНЬНЯШНЯГА ЭТАПУ ГІСТОРЫІ ЧАЛАВЕЦТВА ЯК РАЗ І ЗАКЛЮЧАЕЦЦА Ў ВЫБАРЫ ПАМІЖ ГЭТЫМІ ДВУМА ШЛЯХАМІ ЯГО РАЗЬВІЦЬЦЯ.

Пагроза “зьнікненьня” Беларусі сьведчыць пра тое, што перамога прагрэсіўнага кірунку разьвіцьця чалавецтва над дэградацыйнай альтэрнатывай яшчэ не відавочная.  Затое  відавочна, што лёс Беларусі зьяўляецца індыкатарам магчымай будучыні чалавецтва…

Ніхто не жадае, каб яна – гэтая будучыня – была кепскай. Але абыякавае чалавецтва пакуль амаль не рэагуе…

Алесь Астроўскі

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы