nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

САМААРГАНІЗАЦЫЯ – ГАЛОЎНАЯ ІДЭЯ РАЗВІЦЦЯ НАЦЫЯЎ (кБНІ; П пр-п 4, Д пр-п 3, 11, 19)

6 жніўня, 2006 | Няма каментараў

У гэтым артыкуле Алены і Васiля Жыбуртовiчаў мы дазволілі сабе дастаткова вялікія каментары. Тым самым мы хацелі падкрэсьліць важнасьць узьнятых праблемаў.
Рэдакцыя.

Вядома, што ў спаборнiцтве дзвюх сiстэм капiталiстычны свет дасягнуў большай вынiковасцi працы. Асаблiва ўражвае тое, што ў момант свайго распаду СССР адставаў ад ЗША ў абсталяванні камп’ютарнай тэхнiкай больш чым у 300 разоў! Аналiзуючы гэтыя акалiчнасцi, мы прыйшлi да высновы, што гэта адбылося не ў вынiку тэхналагiчнай перавагi, а ў вынiку складання ў заходнiм грамадстве новага светапогляду, пераходу ва ўяўленнях чалавека ад манiзму (ад грэцк. mónos – ‘адзiн, адзiны’) да плюралiзму (ад лац. pluralis – ‘множны’). У навуковым асяроддзi гэтаму адпавядае пераход ад дэтэрмiнiзму механiчных уяўленняў да статыстычных законаў. Ужо ў першай палове ХХ стагоддзя навукоўцы прыйшлi да разумення стахастычнасцi сусвету. СТАХАСТЫЧНАСЦЬ, як i плюралiзм, АЗНАЧАЕ СВАБОДУ, РАЗНАСТАЙНАСЦЬ, МАГЧЫМАСЦЬ ВЫБАРУ.

Апошнiм часам усё большую вядомасць атрымлiвае сiнэргетыка – тэорыя самаарганiзацыi, якая была заснавана ў 1973 годзе прафесарам Штутгарцкага унiверсiтэта Г.Хакенам. Паводле сiнэргетыкi, САМААРГАНIЗАЦЫЯ – ГРУНТОЎНАЯ ЎЛАСЦIВАСЦЬ МАТЭРЫI. КРЫТЭРАМ ЭВАЛЮЦЫI МАТЭРЫI З’ЯЎЛЯЕЦЦА ЯЕ СТАХАСТЫЧНАСЦЬ I (IНФАРМАЦЫЙНАЯ!) АДКРЫТАСЦЬ. Гэта ўнiверсальны тэрмадынамiчны (матэматычны) закон развiцця ўсёй жывой i нежывой прыроды, закон самаарганiзацыi i эвалюцыi ўсякай нераўнаважнай (адкрытай) сiстэмы: фiзiчнай, хiмiчнай, бiялагiчнай, экалагiчнай, сацыяльнай, эканамiчнай цi наогул iнфармацыйнай. Дэтэрмінаваныя сістэмы ўласцівасцю самаарганізацыі не валодаюць. Матэрыя ж у працэсе свайго развiцця заўсёды застаецца стахастычнай сiстэмай, адкрытай да абмену энэргiяй, рэчывам, але галоўным чынам – iнфармацыяй. Яна нібы пакiдае для сябе магчымасць выбару. Энэргiя, рэчыва i iнфармацыя ўзаемазвязаныя, карэлююць з энтрапiяй. Таму гаворку можна весцi нават аб адной iнфармацыйнай адкрытасцi сiстэм, матэрыi, сусвету.

Вядомая тэарэма Фішара аб большых патэнцыйных магчымасцях больш генетычна разнастайных відаў з’яўляецца прыватным выпадкам крытэра эвалюцыі, непасрэдна вынікае з яго. Генетычны код, як і розум чалавека, – гэта дысіпатыўныя (лятучыя) структуры. Духоўныя, маральныя, культурныя, гістарычныя каштоўнасці і мова нацыі, этнасу з’яўляюцца для апошніх своеасаблівым генетычным кодам.

Другім ВЫНІКАМ ГРУНТОЎНАЙ УЛАСЦІВАСЦІ САМААРГАНІЗАЦЫІ І КРЫТЭРА ЭВАЛЮЦЫІ МАТЭРЫІ З’ЯЎЛЯЕЦЦА НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ УСІХ ПРАЦЭСАЎ САМААРГАНІЗАЦЫІ Ў ГРАМАДСТВЕ АД… ВОЛІ ЛЮДЗЕЙ [рэдакцыя выказвае пэўную нязгоду з дадзеным палажэньнем аўтараў; людская воля (разам з розумам, пачуцьцямі й г.д.) – рэальны кампанент сацыяльных сістэм, а таму яе прысутнасьць у грамадскай рэчаіснасьці істотна ўплывае (ня можа ня ўплываць) на тэмпы, кірункі й вынікі – у тым ліку якасна істотныя, на ўзроўні чорна і белага, жыцьця і сьмерці – разьвіцьця сацыяльных працэсаў – Рэд.]. Ніжэй гэты вынік мы разгледзім на прыкладах. Цікава, што грунтоўнасць уласцівасці самаарганізацыі і крытэр эвалюцыі матэрыі прыводзяць да думкі аб неўнікальнасці жыцця на зямлі [гэта так – Рэд.] – на гэтым выніку сёння мы не будзем засяроджваць сваю ўвагу.

Sinergetikos (грэч.) – каапераваны, узгоднена дзейны. Людзi i iншыя жывыя iстоты, iх папуляцыi, калектывы, статкі, зграi, электроны, малекулы, нябесныя целы, усе элементы стахастычных сiстэм нібы ўзгоднена рэагуюць на ўздзеянне гравiтацыйных, магнiтных, электрычных i iншых (а наогул – iнфармацыйных) палёў. Нічым прынцыпова не адрозніваецца ўзгоднены рух электронаў у правадніку пад уздзеяннем магнітнага поля ад такіх жа ўзгодненых дзеянняў брокераў расійскіх біржаў па “скідванні” каштоўных папер пад уздзеяннем інфармацыі, да прыкладу, аб хваробе Б.Ельцына. Адтокi цi прылiвы капiталаў, розумаў, павелiчэнне цi змяншэнне плошчаў пасеваў сялянамi, выкарчоўка садоў i вiнаграднiкаў у савецкi час, адкрыццё цi закрыццё ўласнай справы прадпрымальнiкамi, гандаль, урэшце рэшт, семачкамi i цыгарэтамi каля гастранома – караценькi набор сiнергетычных працэсаў (флуктуацый), якiя ў грамадскiм жыццi адбываюцца спантанна. Ды i наогул, усе дзеяннi людзей залежаць толькi АД ТЫХ МАГЧЫМАСЦЯЎ ВЫБАРУ, ЯКIМI ЯНЫ ВАЛОДАЮЦЬ I АД ЯКАСЦI ДАСТУПНАЙ IМ IНФАРМАЦЫI, АД ДУХОЎНАГА, КУЛЬТУРНАГА, АДУКАЦЫЙНАГА I IНФАРМАЦЫЙНАГА ЎЗРОЎНЮ РАЗВIЦЦЯ ЯК САМОЙ АСОБЫ, ТАК I ГРАМАДСТВА ЦАЛКАМ.

У той час, як у краiнах сацыялiзму арганiзоўвалi, умацоўвалi кiраванне, змагалiся з рынкавай стыхiяй, капiталiстычныя дзяржавы правялi ў сябе дэмакратычную перабудову, прызвычаiлiся выкарыстоўваць (свядома!) у мэтах развiцця гэтую здольнасць самаарганiзацыi.

Дэмакратызацыя заходнiх краiн пачалася ў 60-я гады. Было заўважана, што НАЙБОЛЬШ ПАСПЯХОВА РАЗВIВАЮЦЦА ТЫЯ ПРАДПРЫЕМСТВЫ, КIРАЎНIКI ЯКIХ ДЭЛЕГАВАЛI ПАДНАЧАЛЕНЫМ, НАВАТ ПРОСТЫМ РАБОЧЫМ, НЕКАТОРЫЯ ПАЎНАМОЦТВЫ Ў КIРАВАННІ. Магчымасць выбару зрабiла сiстэму кiравання i прадпрыемствы ў цэлым здольнымi ўсiмi сваiмi звёнамi, быццам узгоднена, рэагаваць на ўсе iнфармацыйныя плынi, ЗАСВОЙВАЦЬ НЕАБХОДНУЮ IНФАРМАЦЫЮ БЕЗ ПРЫМУСУ. Дзякуючы такiм сiнергетычным якасцям прадпрыемствы становяцца больш рухомымi, лепей адаптуюцца да рынку. Але самае галоўнае тое, што дэлегаванне паўнамоцтваў супрацоўнiкам дазваляе збалансаваць iнтарэсы работнiкаў, калектыву з iнтарэсамi самiх прадпрымальнiкаў. Гэты баланс, якi дасягаецца самаадвольна, нават незалежна ад волi самога прадпрымальнiка – яскравы прыклад узнiкнення ў чалавечым калектыве ўстойлiвых дысiпатыўных структур. Вядома, што патрэбны час на прывыканне людзей i тых жа прадпрымальнiкаў да новых умоваў працы. Менавіта таму была распрацавана канцэпцыя: “Развiццё арганiзацыi – гэта развiццё людзей” [Дакладна так і ёсьць. Рэдакцыя цалкам падтрымлівае дадзеную тэзу. Больш за тое, мы гатовыя ўнесьці гэты пастулат у выглядзе чарговага прынцыпу нашай пераможнай дактрыны (П пр-п 4) – Рэд.].

Такiм чынам, капiталiстычны свет зрабiў заклад на адукаваную, iнфармаваную, iнiцыятыўную асобу, на раскрыццё яе патэнцыялу. Гэта i ёсць чалавечы фактар. У хуткiм часе з’явiлася думка перанесцi гэтыя якасцi самаразвiцця на ўсё грамадства. З гэтай нагоды на адным з Давоскiх форумаў таго часу прагучаў заклiк: “Прадпрыемствы павiнны стаць лабараторыямi грамадства будучынi!”

У далейшым працэсы дэмакратызацыi пайшлi ў напрамку развiцця грамадскiх формаў кiравання дзяржавай. У вынiку развiцця паўнамоцнага мясцовага самакiравання, незалежных прафсаюзаў i шматлiкiх iншых аб’яднанняў грамадзян, забеспячэння незалежнасцi СМI склаўся грамадскi фактар. Фактычна дзяржава [улада – Рэд.] дэлегавала самому грамадству многiя абавязкi кiраўнічых, сiлавых i кантрольных органаў, таксама абавязкi па сацыяльнай i прававой абароне грамадзян, iх духоўным, культурным i фiзiчным выхаванні ды многiя iншыя. У вынiку сiстэма дзяржаўнага кiравання i само грамадства становяцца больш рухомым, здольнымi рэагаваць на iнфармацыю i засвойваць неабходную частку яе. Чым менш дзяржава ўмешваецца ў такiя працэсы, тым лепей усё атрымлiваецца. Такiя сiнэргетычныя якасцi робяць грамадскi фактар здольным нейтралiзаваць негатыўнае ўздзеянне на людзей рынкавых адносiнаў, ПАСТАВIЦЬ НА МЕСЦА ЧЫНОЎНIКА ЛЮБОГА РАНГУ, збалансаваць iнтарэсы грамадзян з iнтарэсамi грамадства i дзяржавы [УСЁ збалансаваць такім чынам наўрад ці ўдасца – гэта першае; а, па-другое: якія інтарэсы могуць быць у “дзяржавы” акрамя як грамадскія? – Рэд.]. Менавiта гэты фактар [відаць маюцца на ўвазе ўмовы для праявы сінэргетычнах якасьцяў грамадства? – Рэд.], а не толькi СМI, стварае раўнавагу ўсiх галiн улады i, фактычна, з’яўляецца адной з яе галiн. ТАКУЮ МАДЭЛЬ ГРАМАДСТВА МЫ НАЗЫВАЕМ ЛIБЕРАЛЬНАЙ. Заўважым, што пры такой мадэлі грамадскі парадак усталёўваецца не згодна нейкаму загадзя распрацаванаму плану, а, як дысіпатыўная структура, – спантанна, самаадвольна, незалежна ад волі нават самых высокапастаўленых асоб [Калі ў Беларусі ўсе ВНУ, СМІ, начальства і далей будуць навучаць і размаўляць па-руску, грамадства цалкам “самаадвольна”, “спантанна”, “сінэргетычна” і “ліберальна” будзе аддаваць сваіх дзяцей у рускія дзіцячыя садкі й школы. Але такі “грамадскі парадак” – гэта па-сатанісцку, “да гары нагамі” перавернутая норма рэчаіснасьці. Калі ў Беларусі ўся інфармацыйная прастора, універсітэты, інстытуты, усё начальства будуць працаваць на нармальнай мове – г.зе. у Беларусі па-беларуску – усё грамадства таксама цалкам “ліберальна”, “самаадвольна”, “спантанна” і “сінэргетычна” павядзе сваіх дзяцей вучыцца, гадавацца і выхоўвацца ў беларускія школы і дзіцячыя садкі. Адсюль відавочна, што ўся гэтая здольнасьць грамадства да ліберальнай самаарганізацыі (прычым, у цалкам супрацьлеглых кірунках – ці так ці гэтак) нібы пад уплывам нейкага сілавога поля вызначаецца іншымі, “вышэйшымі” абставінамі. Хто іх вызначае – гэтыя абставіны? Хто “ўключае” ў Беларусі “сілавое поле” чорнай мёртвай ночы (як зараз), альбо белага жывога дня (як абавязкова будзе ў будучыні)? Вось яны, ключавыя пытаньні. Але тэорыя самаарганізацыі на гэтыя пытаньні адказваць не жадае, і ўсё таму, што яны за межамі яе кампетэнцыі. Ня хоча яна браць прад разгляд РЭАЛЬНА ІСНУЮ зьяву сацыяльнага паразітызму. Затое КІРУНКІ ГРАМАДСКАГА РАЗЬВІЦЬЦЯ, АБРАНЫЯ ГРАМАДСКІЯ МЭТЫ, ІХ АБАСНАВАНЬНЕ (ці правільна знойдзены, вызначаны, ці, магчыма, у нечым памыліліся?), КРЫТЭРЫ КАНТРОЛЮ ЯКАСНАГА ВЫКАНАНЬНЯ ёсьць і будуць ключавымі пытаньнямі працы нашай рэдакцыі. І яна – гэтая праца – будзе да той пары аб’ектыўна актуальная, пакуль у сьвеце будуць заставацца сілы зацікаўленыя ў тым, каб беларусы жылі ў цемры. А такіх сілаў у сёньняшнім сьвеце, як мы бачым, аж занад-та: і на Ўсходзе (расейская імперская бюракратыя і ўсе яе магчымыя ў бліжэйшай будучыні заступнікі актыўна жадаюць, каб у Беларусі была цемра сатанізму перавернутага сьвету), і “ліберальны” Захад у якасьці стратэгічнай плыні навязвае нам тое самае (нагадаем найбольш яскравыя прыклады: “Еўрапейскі гуманітарны ўнверсітэт” у Вільні фінансуецца захадам і працуе… па-руску; “Нямецкая хваля” фінансуецца ЕС і працуе… па-руску; актыўна фінансуюцца з Захаду ўсялякія… шводзеры, расцярушаныя ў шэрагах беларускай апазіцыі, і ніяк матэрыяльна НЕ падтрымліваюцца… беларускія патрыятычныя арганізацыі). Таму ніякі лібералізм і сінэргетыка, як яго нібы навуковая падкладка, ня могуць быць для нас ідэалогіяй і тэорыяй, якім мы мусім падпарадкоўвацца. Пры ўсіх абставінах СПАЧАТКУ нармалізацыя статусу сьвятых беларускіх каштоўнасьцяў – мовы, культуры, гісторыі, сімвалаў, дэмакрафіі, тэрыторыі, сьветагляду, улады і ўласнасьці, якія павінны стварыць ПРАВІЛЬНА СКІРАВАНАЕ сілавое поле грамадскага разьвіцьця – і ТОЛЬКІ ЗАТЫМ ліберальныя ўмовы для самаадвольнай, спантаннай, сінэргетычнай самаарганізацыі грамадства. Вось такая гіерархія (дарэчы, дадзеныя заўвагі ў значнай ступені адпавядаюць разгледжаным раней Д пр-пам 3, 11). Іншае ня слушна, злачынна і НЯ МАЕ СЭНСУ! Бо няправільны кірунак разьвіцьця, памылкова вызначаная мэта – гэта і ёсьць няправільна зьмест дзейнасьці, адсутнасьць у ёй усялякага сэнсу – Рэд.].

Аўтарытарныя кiраўнiкi спрабуюць пабудаваць кiраваную дзяржаву. Для гэтага яны ўстанаўлiваюць “жалезны парадак”, строгую дысцыплiну i адказнасць работнiкаў, усеагульны кантроль. Ва ўсiх грамадзян, а разам i ў чыноўнiкаў, звужаецца цi нават адсутнiчае магчымасць выбару. Таму сiстэма дзяржаўнага кiравання i грамадства становяцца цалкам iнэртнымi, ня здольнымi рэагаваць на iнфармацыю, губляюць свае сiнэргетычныя якасцi. Прызначэнне чыноўнiкаў па вертыкалi замест iх непасрэдных выбараў пагаршае становiшча: сiстэма кiравання губляе зваротныя сувязi з грамадствам, фактычна самаiзалюецца ад яго! Пры далейшым уцiску на яе яна сама па сабе, нават пры лагодным стаўленнi ўсiх грамадзян да сваiх кiраўнiкоў, пачынае аказваць супраціўленне ўсiм загадам, скiраваным на перамену яе становiшча, i, як вынiк, становiцца непадуладнай. Такую сiтуацыю мы называем “сiнэргетычнай пасткай”. У такой пастцы сядзела Еўропа ў сярэднявеччы “палявання на ведзьмаў”, знаходзіўся савецкі народ, ЗНОЎ ТРАПIЎ У ЯЕ БЕЛАРУСКI НАРОД.

Цiкава, што ў капiталiстычных краiнах ўсялякае абмежаванне магчымасцi выбару, нават стэрэатыпны, трафарэтны падыход людзей да сваiх абавязкаў разглядаюцца як непажаданая з’ява. З мэтай разбурэння такiх стэрэатыпаў праводзiцца ратацыя кадраў, якая, напрыклад, у ЗША мае самы высокi ў свеце ўзровень. Японская карпарацыя “Sony” для гэтых жа мэтаў выкарыстоўвае ўласную бiржу працы. Пашырэнне выбару, дэлегаванне паўнамоцтваў падначаленым – статутнае патрабаванне Узброеных Сiл ЗША. Да таго ж у гэтай краiне ўжо ў 1987 годзе рабочыя месцы ўсiх службоўцаў дзяржаўных i недзяржаўных установаў, прадпрыемстваў былi абсталяваныя камп’ютарнай тэхнiкай з магчымасцю выхаду ў Internet. Дзякуючы простай формуле: чалавек не сляпец, яму патрэбны не павадыр, а самастойнасць – капiталiстычны свет актывiзаваў чалавечы фактар i скарыстаў яго ў актывiзацыi працэсаў грамадскага жыцця. Не тэхналогii, а раскрыццё патэнцыялу асобы i самога грамадства зрабiла магутнымi развiтыя капiталiстычныя краiны, у першую чаргу ЗША.

Адной з галоўных дэмакратычных свабод з’яўляецца свабода прадпрымальніцкай дзейнасці – дэлегаванне дзяржавай сваім грамадзянам правоў займацца гаспадарчай дзейнасцю. Перайманне станоўчага вопыту, імгненная рэакцыя на патрэбы рынку, запаўненне ўсіх нішаў, знікненне дэфіцыту, наогул, дадатны эфект ад прадпрымальніцкай дзейнасці дасягаецца спантанна. І ў гэтым выпадку чым менш саноўныя асобы ўмешваюцца ў эканамічныя працэсы, тым лепей усё атрымоўваецца. Неабходна адзначыць, што з развіццём сінэргетычных уяўленняў за апошнія 20-30 гадоў памянялася стаўленне да прадпрымальніцтва, якое сёння на Захадзе разглядаецца як галоўная самаарганізавальная сіла грамадства. Менавіта прадпрымальнікамі ў 60-ыя гады нашага стагоддзя была ініцыявана дэмакратычная перабудова капіталістычнага грамадства. Цывілізаванасць краіны вызначаецца тым, як яна выкарыстоўвае сінэргетычныя якасці прадпрымальніцкай ініцыятывы людзей не толькі ў эканамічным, але і ў іншых абшарах жыццядзейнасці грамадства.

Нарастанне некаторых настрояў у грамадстве можа прывесцi да дыктату (дамiнавання) асобы, партыi, класа, клана, касты, праслойкi (элiтарызм, алiгархiзм, хрысцiянскi дагматызм, iсламскi фундаменталiзм ды iнш.); дзяржавы (iмперыялiзм, каланiялiзм, НАТАўскi дактрынiзм ды iнш.); нацыi цi народа (нацыяналiзм, у тым ліку і славянскі або РНА, фашызм, артадаксальны камунiзм, сiянiзм, антысемiтызм, сепаратызм); расы (расiзм, сегрэгацыя). Такiя флуктуацыi наблiжаюць грамадскiя сiстэмы да аўтарытарнай мадэлi, замаруджваюць развiццё, вядуць да застою, а ў некаторых выпадках i да знiшчэння дзяржаваў, народаў, нацыяў, этнасаў, расаў, як гэта адбылося, напрыклад, з iндзейскай (чырвонай) расай у Новым Свеце, прускім этнасам, ВКЛ. Дыктат цi дамiнаванне ўвасабляюцца праз манаполiю, у тым лiку і дзяржаўную, на ўладу, маёмасць, зямлю, фiнансы, iдэалогiю i iнфармацыю.

На наш погляд, хрысцiянiзацыя – магутная флуктуацыя, якая прывяла еўрапейскую цывiлiзацыю да адхiлення ў бок аўтарытарнай мадэлi, да ўзмацнення аўтарытарных рэжымаў i, як вынiк, да сярэдневяковага застою. Вялiкi раскол хрысцiянства на каталiцкую (заходнюю) i праваслаўную (усходнюю) галiны, узнікненне Арабскага Халіфату на міжземнаморскім узбярэжжы i супрацьстаянне ВКЛ хрысцiянiзацыi стварылi той пералом сярэдневяковай грамадскай думкi, з якога пачалася эпоха Адраджэння. Спачатку ябыякавасць да хрысцiянства князёў-заснавальнікаў ВКЛ, потым вымушанае стварэнне грэка-каталiцкай вунii прывялi да аб’яднання земляў нашай Бацькаўшчыны, да мiжрэлiгiйнага i мiжнацыянальнага прымiрэння, да нараджэння руху народаў да талерантнасцi. У той час, як ва ўсiм Старым Свеце палалi рэлiгiйныя войны, да тэрыторую нашай Бацькаўшчыны цягнулiся ўсе гнаныя каталiкi, пратэстанты, праваслаўныя, мусульмане, габрэi, ерэтыкі. Менавiта на беларускай зямлi ўпершыню ў гiсторыi чалавецтва статутна была абвешчана свабода волi, веравызнання, гарантаваны галоўныя дэмакратычныя правы i свабоды, царква фактычна была аддзелена ад дзяржавы. ПРАЗ СТАГОДДЗI ПРЫКЛАД I СТАТУТ ВКЛ З’ЯЎЛЯЮЦЦА ЭТАЛОННЫМI ДЛЯ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ДЗЯРЖАЎНЫХ ПАБУДОВАЎ I ЦЫВIЛIЗАВАНАГА ВЫРАШЭННЯ МIЖЭТНIЧНЫХ I МIЖРЭЛIГIЙНЫХ СУПЯРЭЧНАСЦЯЎ.

З усiх праблем развiцця чалавецтва сёння галоўнай з’яўляецца праблема мiжнацыянальных адносiнаў. Дасягненне “справядлiвага” рашэння яе, тым больш сiлавымi метадамi, немагчымае. Гаворку можна весцi толькi аб дасягненнi балансу мiжнацыянальных i мiжэтнiчных iнтарэсаў шляхам узаемнага дэлегавання паўнамоцтваў; пры гэтым, да ўзаемнай прыемнасцi супраціўных бакоў, абавязкова спрацуе ўласцiвасць самаарганiзацыi. Вiдавочна, што ў развiццi талерантнасцi народаў – будучыня чалавецтва [Мы лічым, што будучыня чалавецтва ў справядлівым (г.зн. прагрэсіўным, правільна ськіраваным) вырашэньні ўзьнікаючых супярэчнасьцяў, а неабходнасьць заклікаць да “талерантнасьці” лічым формай праявы таго ці іншага крызісу, у якім апынулася грамадства, і які нехта вырашаць не жадае (а то і адмыслова стварыў) таму, што ён яму патрэбны… У гэтым сэнсе мы за лозунг: “Ніякай талерантнасьці да грамадскіх крызісаў! Давайце грамадскія праблемы падымаць (а не заганяць у “талерантнасьць”) і канкрэтна вырашаць!”. Ужо відавочна настала пара такі падыход лічыць чарговым дактрынальным прынцыпам нашай працы (Д пр-п 19) – Рэд.].

Пабудова СНГ цi саюзу РБ i РФ – таксама сiнэргетычныя працэсы. Узаемным дэлегаваннем паўнамоцтваў бакі павiнны прыйсцi да балансу iнтарэсаў. Гэтым iнтэграцыйным працэсам, на нашу думку, перашкаджаюць аўтарытарызм большасцi постсавецкiх рэжымаў i iмперскiя амбiцыi РФ [вось, гэтыя розныя “перашкаджаюць”, “але”, “калі б” і ёсьць доказам адсутнасьці ўніверсальнасьці ў тэорыі; у рэчаіснасьці, бачыце, прысутнічаюць паразітычныя аўтарытарызмы, амбіцыі, дыктатуры – Рэд.]. А ДЫКТАТАРЫ, ЯК ВЯДОМА, НЕ АБ’ЯДНОЎВАЮЦЦА. ЯНЫ ГАНДЛЮЮЦЦА НАШЫМI IНТАРЭСАМI.

Галоўныя тэндэнцыi развiцця чалавецтва – дэмакратызацыя грамадстваў, рост талерантнасцi народаў, рэлiгiйныя расколы, дэманапалiзацыя эканомiк, наогул разбурэнне манаполii, у тым лiку i дзяржаўнай, на ўладу, маёмасць, зямлю, фiнансы, iдэалогiю, інфармацыю – патрабаванне часу. Многiя лiчаць гэтыя працэсы знiшчэннем парадку, маральных, культурных ды iншых духоўных каштоўнасцяў. На самой справе, парушаецца толькi “жалезны парадак”, панiжаецца дэтэрмiнаванасць грамадства, актывiзуюцца працэсы яго самаарганiзацыi, паскараецца развiццё, прагрэс усяго чалавецтва і, як дысіпатыўная структура, усталёўваецца новы дэмакратычны парадак. Відавочна, што гістарычны працэс – хвалевы. Пад уздзеяннем тых ці іншых флуктуацыяў адбываюцца ваганні працэсаў пабудовы грамадства то ў бок аўтарытарнай, то ў бок ліберальнай мадэляў.

Дзеля гiстарычнай справядлiвасцi адзначым, што заснавальнiкi марксiзму крытыкавалi ўсе механiчныя ўяўленнi, уключаючы i канцэпцыю “эканамiчнага дэтэрмiнiзму” – правобраз планавай гаспадаркi. Яны распрацавалi блiскучую тэорыю – дыялектыку развiцця – i паспяхова ўвасобiлi яе на практыцы ў выглядзе НЭПу. Разбураная, галодная маладая Савецкая Расiя за нейкiя 4-5 гадоў не толькi адбудавала гаспадарку, але нават пачала экспарт хлеба! Вядома, адбывалася гэта, у адрозненне ад сённяшняй сiтуацыi, у абставiнах адсутнасцi (натуральных) дзяржаўных манаполiй, у тым лiку i зямельнай. Неабходна нагадаць “господам”, падобным да камунiстаў, што ўвесь паслянэпаўскi перыяд пабудовы сацыялiзму ў СССР заходнiя iдэолагi крытыкавалi з пазiцый… марксiзму. Дыялектыка сёння мае навуковае, нават матэматычнае абгрунтаванне i далейшае сваё развiццё на аснове сiнэргетыкi. Дыялектычнае i сiнэргiчнае стаўленнi да эвалюцыйных працэсаў супадаюць.

У цывiлiзаваным свеце iдэя самаарганiзацыi ў лiтаральным сэнсе ўзятая на ўзбраенне. Яна ўсё больш пранiкае ў грамадскую думку дзяржаваў, што сталі на шлях развіцця, а таксама постсацыялiстычных. Вiдавочна, што яна адраджаецца як стрыжань нацыянальнай iдэi на Беларусi. Чалавецтва крочыць да талерантнасцi народаў, у якой, як вядома, беларускае паходжанне i мiлагучны акцэнт нашай Бацькаўшчыны!

Станоўчы ЭПАХАЛЬНЫ ЎПЛЫЎ БЕЛАРУСКАГА ЭТНАСУ НА ЎВЕСЬ ГIСТАРЫЧНЫ ПРАЦЭС БЯССПРЭЧНЫ. Сёння кожны з нас можа з гонарам абвясцiць: “МЫ ПЕРШЫЯ, А НАШЫЯ ПРОДКI – ЛЕПШЫЯ З ЛЕПШЫХ”.

Літаратура:
1. В.И.Купцов. Детерминизм и вероятность.- М.: Политиздат, 1976.
2. Н.Ю.Климонтович. Без формул о синергетике.- Мн.: Вышэйшая школа, 1986.
3. П.Эткинс. Порядок и беспорядок в природе.- М.: Мир, 1987.
4. Акио Морита. Сделано в Японии.- М.: Прогресс, 1990.
5. Философия. Основные идеи и принципы / Под редакцией А.И.Ракитова. – М.: Политиздат, 1990.
6. В.Зигерт, Л.Ланг. Руководить без конфликтов. – М.: Экономика, 1990.
7. М.Клайн. Математика. Поиск истины. – М.: Мир, 1988.

Ад рэдакцыі: на час правядзеньня канферэнцыі Алена Жыбуртовіч – вучаніца 11-га класа СШ №24 г.Гродна, актывіст харцэрскага руху ў Беларусі; Васіль Жыбуртовіч – прадпрыймальнік, сябра прафсаюзу прадпрыймальнікаў, матэматык (Гародня).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы